Іншы сьвет

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Частка другая - Апавяданьне Б.

„22 чэрвеня ўночы я ня мог заснуць. Нары здаваліся мне яшчэ больш мулкімі, чым звычайна. Я не пераставаў думаць пра зьмены, якія можа прынесьці пачатак вайны. Толькі на сьвітанку я ўпаў у нэрвовы сон.

Ледзь я заснуў, як адчуў, што нехта мяне будзіць нашмат раней за штодзённы „пад’ём”. Каля маіх нараў стаяў намесьнік Самсонава, ён загадаў мне хутка апранацца. Аднак нават ня даў мне нармальна апрануцца, абяцаючы, што я адразу ж вярнуся ў барак.

Усе яшчэ спалі, вакол была ціша. У канцылярыі НКВД мяне чакала Струміна ў суправаджэньні двох узброеных жаўнераў. Я ўсё яшчэ быў сонны, але мяне адразу ж абудзіў падсунуты акт абвінавачаньня, зь якога вынікала, што я паўторна арыштаваны за здраду Савецкаму Саюзу. Нягледзячы на ціск, акту я не падпісаў. Струміна загадала двом салдатам адвесьці мяне ў цэнтральны ізалятар. Мне не дазволілі ўзяць з бараку астатняе вопраткі, абяцаючы прынесьці яе ў ізалятар. Камэра, у якую мяне ўкінулі, была памерам 3 на 5 мэтраў і мела аднапавярховыя нары. Вакенцы з грубымі жалезнымі кратамі былі яшчэ й звонку абабітыя дошкамі. У невялікай нішы над дзьвярыма стырчэла закратаваная лямпачка. Я быў адзін. Я пачынаў усьведамляць, што адбылося, але яшчэ ня ведаў, за што й навошта мяне арыштавалі. Так ці інакш, — падумаў я, — я падвойны вязень.

Праз гадзіну дзьверы адчыніліся, і зайшлі новыя пяць вязьняў зь Ерцава. Яны былі зьніякавелыя. „Вайна, — увесь час паўтаралі яны, — нас усіх расстраляюць”. „Завошта?” — запытаў я. „Для постраху”, — быў адказ. На сьвітанку ў камэры было ўжо 22 вязьні, астатнія зь іншых „лагпунктов”. Я выбраў на нарах месца ля вакна — меў на гэта права першапасяленца. Сьмерць зазірала мне ў вочы, але інстынкт самазахаваньня яшчэ працаваў.

Дзень мы правялі ў супольным разважаньні наконт магчымых прычынаў арышту. Я быў у камэры адзіным палякам. Каля мяне ляжаў украінец Селязёнка, адвакат з Польшчы. Зь іншых „лагпунктов” прыгналі двох нямецкіх генэралаў, чатырох юрыстаў— адзін зь іх, прафэсар права маскоўскага ўнівэрсытэту Гросфэльд, лічыўся „настаўнікам Сталіна” — чатырох студэнтаў, вышэйшага службоўца НКВД, былога камэнданта лягеру й былога гаспадарчага чыноўніка лягеру. Сярод астатніх пяці былі маскоўскі цырульнік, які больш за ўсіх бедаваў са сваёй нядолі й зь лёсу сям’і, што засталася ў Маскве.

Атмасфэра ў камэры рабілася з кожным днём горшая. Цёплае архангельскае лета, тысячы камароў, што ўляталі ў камэру праз маленькую адтуліну, званую вакном, статкі клапоў на нарах — усё гэта напаўняла нас пачуцьцём іррэальнага й адначасна рэальнага кашмару.

Пачалося сьледзтва. Штоночы двох або трох вязьняў выклікалі ў НКВД. Яны вярталіся пад раніцу зьбітыя й разгубленыя. Іх змушалі да фальшывых прызнаньняў і падпісаньня ўжо гатовых пратаколаў. Напрыклад, ужо згаданы цырульнік з Масквы галіў у першы дзень вайны вязьня-габрэя, які пажартаваў, што цяпер лягеры стануць рэкрутацыйнымі пунктамі Чырвонай Арміі. Цырульнік са сьмехам адказаў: „Так, але цябе ня возьмуць, бо трэба было б даць табе крывую вінтоўку, каб ты мог страляць з-за рогу. Але, зрэшты, у нас і такіх вінтовак хапае, таму, можа, і ты пойдзеш у войска”. За тыя словы яго абвінавацілі ў здрадзе сваёй айчыне. Іншы вязень пракамэнтаваў памяншэньне порцыі хлебу з пачаткам вайны: „Што ж з намі будзе празь месяц, калі й цяпер ужо не хапае хлебу?” Яго таксама вінавацілі ў здрадзе Савецкаму Саюзу.

Прыйшла мая чарга. Уночы мяне завялі ў сядзібу НКВД, што была за кілямэтар ад цэнтральнага ізалятару. У пакоі, куды мяне ўвапхнулі, не было ніякай мэблі, апрача стала й двох крэслаў. Зайшоў капітан НКВД з тэчкаю дакумэнтаў, як пазьней высьветлілася — актам майго папярэдняга сьледзтва. Ён дазволіў мне сесьці й пачаставаў папяросаю; я адмовіўся, бо не палю. Прагляд дакумэнтаў доўжыўся дзьве гадзіны, я перажыў іх як вечнасьць. Маўчаньне перарваў сьледчы, распачаўшы доўгі выклад на тэмат вайны зь немцамі, моцы Савецкага Саюзу й бясхібнасьці Сталіна. Калі ён скончыў, то падаў мне прачытаць і падпісаць ужо гатовы пратакол. Мяне вінавацілі ў тым, быццам я, сын селяніна, згадзіўся быць чыноўнікам у буржуазна-капіталістычнай Польшчы (Б. быў настаўнікам гімназіі) і да таго ж апавядаў таварышам пра жыцьцё на Захадзе, тым самым зьдзяйсьняючы здраду Савецкаму Саюзу. Я не падпісаў. Сьледчы падняўся й раптам ударыў мяне так моцна, што я зваліўся з крэсла. Пасьля чаго загадаў мне зрабіць прысяданьне й пачаў сьледзтва наноў. Я не паддаваўся. Ён зноў выцяў мяне нагой, гэтым разам пагражаючы рэвальвэрам. Сьледзтва цягнулася да сёмай раніцы, і ўвесь гэты час мне забаранялася сесьці або падняцца з прысяду. Ранкам сьледчы загадаў правесьці мяне на вартоўню й не даваць мне спаць. Я праседзеў на вартоўні да дзясятай вечара бязь ежы й вады. Зноў выклікалі да сьледчага, я адмовіўся падпісаць пратакол, і паўтарылася тая самая гісторыя, што й папярэдняй ноччу. Сьледчы нястомна біў мяне нагамі й даваў поўхі. Ранкам мяне завялі ў камэру зусім зьнямоглага.

Мяне пакінулі ў спакоі на два тыдні. Усе мае таварышы па камэры ўжо прайшлі сьледзтва.

Па тых двох тыднях мяне зноў выклікалі для падпісаньня пратаколу. Тым разам у пакоі сьледчага я пабачыў чатырох сьведкаў (таксама вязьняў), зь якіх двох ніколі ў жыцьці ня бачыў у вочы. Іхныя паказаньні былі безнадзейна абвінаваўчыя, але я не паддаваўся й надалей. Мой інквізытар страціў над сабою ўсялякі кантроль, люта біў і гразіўся, што й без падпісаньня пратаколу „застрэліць мяне як сабаку”.

Мінула колькі дзён. Некаторыя таварышы па камэры раілі мне падпісаць абвінаваўчы акт, іншыя намаўлялі трымацца. Якраз пачаліся судовыя расправы. З камэры ўночы выклікалі па двох. Асуджаныя не вярталіся, іх вялі ў камэру насупраць. Калідор у ізалятары быў вельмі вузкі, і мы маглі паразумецца праз вузенькую адтуліну, у якой была закратаваная лямпачка. З камэры насупраць увесь час несьліся крыкі пра асуджэньне на сьмерць. Праз пару дзён нас у камэры засталося толькі пяцёра: савецкі генэрал, Гросфэльд (той самы „настаўнік Сталіна”), студэнт, адвакат Селязёнка й я. Аднойчы ўночы забралі й іх. Я застаўся адзін. Аднак на сьвітанку яны вярнуліся ў камэру, поўныя надзеі. „Нашую справу адклалі, — сказалі яны, — нам яшчэ далі трохі пажыць”. Праз тыдзень нас абудзіў незвычайны рух на калідоры. Адчыніліся дзьверы камэры сьмяротнікаў, і нашым суседзям загадалі выходзіць. Хто ўпіраўся, таго выцягнулі гвалтам. Я чуў плач і крыкі. Наш знаёмы цырульнік гучна закрычаў: „Хто мяне чуе й застанецца жывы, хай скажа маёй сям’і ў Маскве, што мяне застрэлілі”. Праз пару хвілінаў на двары ізалятара прагучалі адзіночныя стрэлы й крыкі. Ці можаце вы ўявіць, што са мной адбывалася? Сэрца перастала біцца, і ў мозгу я адчуваў кожную жылку. Праз пару дзён забралі й астатніх. Я застаўся адзін.

Прайшло пару тыдняў. Аднойчы ўначы мяне разбудзілі й адвялі ў ерцаўскую школу на судовы разгляд. Судовая камісія складалася зь дзьвюх кабет. Пракурорам таксама была кабета. Я чакаў сьмяротнага прысуду. Аднак пракурор устала й заявіла, што на падставе дамовы, заключанай польскім урадам з савецкім урадам у Лёндане, мяне ўвогуле ня будуць судзіць. Я адразу ня мог уцяміць, што адбываецца. На аркушы календара, што ляжаў на стале судзьдзі, я прачытаў дату: 29 жніўня. Я падазраваў падман. Мне яшчэ раз паўтарылі вырак і зноў адвялі ў камэру.

Толькі там я ўсьвядоміў, што падчас майго двухмесячнага сядзеньня ў ізалятары на свабодзе адбыліся нейкія зьмены. У першыя дні верасьня мне сказалі праз вочка, што празь дзесяць хвілінаў я мушу быць гатовы ў дарогу. На двары нас чакала ўжо шэсьць вязьняў і пяць жаўнераў НКВД. Мы рушылі ў невядомасьць.

Увечары наш канвой дабраўся да Другой Аляксееўкі. Карны лягер у Аляксееўцы разьдзялілі на дзьве часткі. У адной, г. зв. вольнай зоне, вязьні жывуць супольна ў бараку. У другой, г. зв. ізаляцыйнай, за высокай агароджай і дратамі перабываюць карныя брыгады. Нас, натуральна, скіравалі ў ізаляцыйную зону.

Раніцай, калі нас вывелі на працу, я меў магчымасьць лепш зарыентавацца ва ўмовах жыцьця ў Аляксееўцы. Нягледзячы на вялікі мароз, вязьні былі абдзёртыя, амаль босыя й ледзь варушыліся ад слабасьці. На маіх вачох два вязьні зваліліся й сканалі каля брамы. Згодна з загадам камэнданта лягеру Сарокі, выхад на працу суправаджаўся гармонікам. Адразу ж, у першы дзень, у нашай брыгадзе на працы памерлі тры вязьні. У ізаляцыйнай зоне больш моцныя беспакарана катавалі слабых і адбіралі ў іх хлеб. Праз два тыдні мне ўдалося атрымаць дазвол на пераход у вольную зону. Гэтая частка маёй гісторыі ўжо, мабыць, вас меней зацікавіць. Можа, будзе дастаткова, калі я скажу, што ў вольнай зоне я знайшоў барак, дзе жылі выключна палякі — 123вязьні. Неяк мы пастанавілі не выходзіць на працу, патрабуючы вызваленьня на падставе амністыі. Гэтая справа з амністыяй была ў гісторыі савецкіх лягероў нагэтулькі беспрэцэдэнтнай, што Сарока заміж таго, каб — як звычайна ён рабіў у такіх выпадках — паслаць у барак узвод салдат зь лёгкімі вінтоўкамі й вынішчыць ягоных жыхароў усіх да аднаго, сьпешна адаслаў нас у Кругліцу. Адтуль мяне адзінага паслалі пад канец верасьня этапам у Ерцава. Пра астатніх нічога ня ведаю. Паверце, — закончыў сваю аповесьць Б., і ягоны голас задрыжэў ад хваляваньня, — я вяртаўся ў Ерцава, як дадому”.

*

Трупярня павольна плыла да пункту свайго прызначэньня. У студзені я зноў пачаў пухнуць і ўсё радзей спускаўся з нараў, еў толькі тое, што мне прыносіў Дзімка. Аднак голаду я не адчуваў. Цэлымі днямі я нерухома ляжаў на нарах, атрымоўваючы адзіную ласку, што дадзеная чалавеку, які памірае, — ласку ўспамінаў. Найчасьцей мне сьнілася (бо гэта быў менавіта паўсон), што позна ўвечары я вяртаюся дадому са станцыі ў Келецкім ваяводзтве. І хоць была ноч, я дакладна бачыў, быццам у чорным сьвятле, спачатку пяшчаную дарогу ля чыгункі, потым гаёк, вялікую паляну з апусьцелым лецішчам, ручай каля пагорку, на якім падчас апошняй вайны хавалі забітых артылерыйскіх коней, і нарэшце шлях, што вёў да нашага старога, зарослага трысьнягом стаўка. Я сыходзіў да павольнай рэчкі, пераскокваў пару камянёў і грэбляю, абсаджанаю высокімі вольхамі, павольна ішоў дадому. Вечар быў халодны, але высушаны дзённай сьпёкаю, поўня вісела над нашым старым млынам, бы зіхоткі дукат, лёгка накалоўшыся на іголку громаадводу, з лугоў далятаў крык дзікіх качак і плюскат карпаў. Ля дзьвюх лістоўніц, якія некалі ў маім дзіцячым уяўленьні былі месцам спатканьня духаў, удзень прываленых вялікім млыновым каменем, я пачуў даўні страх і пабег. Асьцярожна адчыніў брамку саду й узьлез на выступ падмурку пад вакном; пры стале сядзелі бацька, наша аканомка, абедзьве сястры, брат з жонкаю й іхная дачка. Я стукаў у шыбу, і ў тую хвіліну, калі яны ўсе зрываліся ад стала, каб мяне павітаць праз гэтулькі гадоў, я з рыданьнем абуджаўся на нарах, моцна прыціснуўшы рукі да сэрца. Гэты сон вяртаўся так дакладна й абавязкова, што я знайшоў новую радасьць у пакорлівым чаканьні яго падчас шарай гадзіны ў бараку.

Але па дарозе да апошняга прыстанку Трупярня перажыла яшчэ нямала бураў. Неяк увечары стары „колхозник” з-пад Калугі зьлез з нараў і, звонячы з усяе моцы ў пусты кацялок, прарочыў нам „канец усіх пакутаў” — свой, „Хрыста ў лахманох вязьня”, уласны надыход. Сустрэты сьмехам, ён стаў тварам да нараў, а сьпіной да печы й з хвіліну глядзеў на нас — грозны, ганарлівы, амаль прыўкрасны, з шырока разьведзенымі рукамі, з зацятым тварам вар’ята — пасьля чаго адвярнуўся й вокамгненна кінуўся ў агонь. Яго забралі ў шпіталь тым жа вечарам.

А потым Садоўскі, які ўжо некалькі дзён ні з кім не размаўляў, паставіў стол упоперак бараку, сеў за ім, як за бюро, і, выкрыкваючы нейкія чужыя прозьвішчы, суправаджаў іх аднастайным і лютым загадам: „ЭТО РЕВОЛЮЦИЯ! РАССТРЕЛЯТЬ! К СТЕНКЕ! К СТЕНКЕ!” Гэта доўжылася ня больш за чвэрць гадзіны, але — можа, таму, што ён быў маім сябрам, — ягоны жудасны крык, у якім зьмясьцілася ўсё ягонае жыцьцё — ад мінуўшчыны праз сучаснасьць і да будучыні, — глыбока закараніўся ў маёй памяці, як апошні вобраз майго побыту ў Трупярні.