ІХ
Непадалёк ад гораду я ўзьлез адпачыць на вялікія трубы. Бактэрыі, якія разводзіліся ў іх, забясьпечвалі людзей электраэнэргіяй і цяплом. Трубы праходзілі праз усе паверхі, нібы зьядналі народы і плямёны, а самі калёніі бактэрый лічыліся прыродным багацьцем. Іх яшчэ у старажытнасьці разьвялі нашы агульныя продкі.
Спаць на трубах было ўтульна. Мяккая абалонка служыла добрым матрасам.
Але заснуць я не пасьпеў. Злосны сабачы брэх абудзіў мяне. Унізе стаяла дзяўчына, над касьмічнымі вачамі якой, квітнелі заплеценыя ў вянок чорныя ружы.
– Вось ты дзе! Што ж так хутка ўцёк, нават мяне не прыхапіў... Ад Берсара не схаваесься. Дый не хвалюйся, я адна.
– І што табе трэба?
– Мне трэба! Табе мала, што я прыйшла сама?
– Паслухай, я для вас – ідыёт зь нізу, ня ведаю вашых законаў і звычаяў. Я іду сваім шляхам...
– Куды?
– Вышэй.
– Выдатна! Там наш народ. А мне, як і табе, нязручна заставацца ў горадзе. Я ня выканала просьбу самога бургамістра. Пойдзем разам. Калі ты яшчэ захочаш на “арэлі”, я з задавальненьнем пазмагаюся за цябе.
– Мне нармальна і аднаму, – сказаў я і адчуў, што зусім не хачу, каб яна сыходзіла.
– Берсар, хадзі дамоў, – Руата нібы не пачула маіх слоў, спусьціла сабаку з павадка.
Пёс журботна паглядзеў на гаспадыню.
– Гэта для маці, – дзяўчына зьняла з рукі бранзалет, – па ім яна здагадаецца, што са мною нічога кепскага. Ну, хадзі!
Разумны пёс, апусьціўшы хвост, пайшоў па цьмяным тунэлі.
– Бывай!
Дзяўчына спрытна ўзьнялася на трубы, лягла побач са мною.
– Я стаміўся і хачу спаць,– буркнуў я, сам не жадаючы таго.
– Прабач, я таксама вельмі хачу спаць.
Мы разам цудоўна выспаліся.
***
Па чорнай стальной лесьвіцы мы падняліся на наступны паверх і борзда пакрочылі па прасадзе невялічкіх пальмаў, што расьлі ў плястыкавых вёдрах.
– Руата, – сказаў я, – а ты не баісься ісьці разам зь незнаёмым чалавекам?
Яна засьмяялася.
– А хіба ты чалавек? Цябе ўстырнулі на шыбеніцы – ты жывы. Ты прагнеш мяне, але адмаўляесься кахаць. У цябе хоць ёсьць імя?
– Ты ж была маім катам! Магла чуць, як зваць злачынцу.
– Калі абвяшчалі прысуд, мне было не да таго. Увогуле, якая розьніца як клічуць шыбеніка?
Я сумяўся, а потым прамовіў:
– Я – Даляшорзах Ін-Йорм.
– Руата Наяроч Першая. Вельмі прыемна.
– Чаму Першая?
– Першая дзяўчына-спартсмэнка ў нашым родзе. Калі ў мяне будзе дачка – і яна стане спартсмэнкай, то будзе Наяроч Другая.
Мы моўчкі прайшлі некалькі мэтраў. Наперадзе пераліваўся штучным сьвятлом басэйн – не, дакладней, штучнае возера зь пясочнымі пляжамі.
Столь над ім была яскрава-блакітная.
– Даляшорзах... Цікавае імя. Яно нешта азначае.
– А што, імя абявазкова павінна нешта азначаць?
– Даляшорзах...– Зорныя вочы бліснулі хітрынкай, – хай тваё імя азначае: пацалуй мяне!
Просьба засьпела мяне, мякка кажучы, зьнячэўку. Я ніколі не цалаваўся! Я спыніўся. Нашы погляды сустрэліся. Мы не маглі адвесьці іх. Вусны самі навучылі мяне...
Руата цалавала прагна, яна запаляла мяне. Я цалаваў яе аксамітныя шчокі, шыю, чульлівыя, дрогкія павекі. Я забаўляўся імі.
Яна была шчасьлівая. Яе рукі абвівалі мяне цёпла-малочным плюшчам.
Мы апусьціліся на белы пясок.
Яе губы... яны выпівалі мяне!
Мае далоні... яны пяшчотна абалочвалі ўсю дзяўчыну хвальнымі рухамі. Руата, нібы імклівы дэльфін, песьцілася ў ласкавай плыні, створанай маімі рукамі...
***
Стома, ласкавая і мяккая.
Я раскінуўся на пляжы, усьцішаўся адпачынкам. Мне нічога, нічога-нічога не хацелася. Лянота і плёск хваляў. Там, у возеры, купалася мая каханая. Я глядзеў, глядзеў, глядзеў... Фаервэрк з кветак распускаўся ў розуме замест думак.
Руата выйшла на бераг, накінула туніку.
Па яе твары я здагадаўся, што нешта зьмянілася!
– Усё. Я іду дамоў.
Кветкі імгненна ператварылася ў попел...
– Я іду дамоў, – паўтарыла дзяўчына тым жа тонам і пайшла ад мяне гордай і прыгожай хадою.
Я сапраўды бачыў, як яна аддалялася, але не ўсьведамляў гэта. Я ня ведаў, што рабіць? Прасіць! Маліць: застанься! Крычаць: кахаю! Кахаю! Але я ня ведаю яе, ня ведаю звычак яе народа. Магчыма такіх дзяўчат можна цалаваць толькі адзін раз...
Руата спынілася, паглядзела ў мой бок, быццам у апошні раз...
І раптам пабегла да мяне.
Яе кулачкі небалюча ўдарылі мяне ў грудзі.
– Чаму!? Чаму ты ня можаш сказаць: “Застанься! Ідзі са мной!!!” Ну чаму ты такі!
Яна зарыдала ў маё плячо.
А пагладзіў яе па чорных са срэбным адлівам валасах і на мяккую мушлінку прашаптаў:
– Застанься. Ідзі са мной.
Руата надзьмула губкі, яшчэ з большым замахам, але лягчэй, гарэзьліва, ударыла мяне падушачкамі кулачкоу, а потым абняла.
– Даль! Далік! Даляш! Пацалуй мяне!
Х
Мы прайшлі некалькі гарадоў. Жыцьцё ў іх сноўдала аднастайнае, шэрае, як сьцены калідораў. Здавалася, квадратныя вочы жыхароў з квадратнымі зрэнкамі запальваюцца і гаснуць, не перадаючы ні думак, ні пачуцьцяў.
Руату з-за вянка чорных ружаў прымалі як вялікую спартсмэнку. І дзе праходзілі пакараньні, яе запрашалі выступаць у спаборніцтвах. Яна заўсёды згаджалася, яе крэда простае: Руата Наяроч Першая заўсёды павінна быць першай, – і перамагала. У асноўным яна выбірала сьмерць ахвяры, бо стаўкі былі высокія, слава вялікая, перамога салодкая. У рэдкім выпадку ад уласнага пачуцьця жалю да малалетняга злачынцы, ці яўнай невінаватасьці асуджанага, ці адчуваючы пажаданьне большасьці публікі (што бывала вельмі рэдка) – літавала.
Вось тут, на гэткіх відовішчах і яшчэ на баляваньнях пасьля перамогі, вочы бэтонных людзей цяплелі, ненадоўга ажывалі.
Ці мучыла мяне, што дзявочыя пальчыкі спачатку бязьлітасна зацягваюць пятлю, а потым лашчаць мяне?
Не, хутчэй – не, бо то былі іх звычаі, а калі б не яна, то знайшлася б іншая карніца. Змагацца – яе прафэсія, забіваць – складнік гэтай прафэсіі. Прысуд жа выносіла не Руата!
І яна забівала, а потым кахала мяне.
Яе жарсьць пасьля перамогі ўскіпала, паглынала мяне. Тады стогны Руаты нагадвалі крыкі параненай у бойцы, але здолеўшай загрызьці свайго ворага, пантэры.
Каханьне было страшэннае і асалоднае. Корсткі, ласкава-пакутны дурман!
Усё ж такі падсьвядома я адчуваў, як з кожнай перамогай дзявочае абаяньне Руаты паступова зьнікае, і ў ёй агаляюцца, як вада вымывае зь пяску белыя іклы тыгрынага чэрапу, злосьць і нястрыманая прага шаленства...
***
На пастамэнце, на ўслончыку стаяў туга зьвязаны заплаканы юнак. Нябога скраў нейкую каштоўнасць у заможнага гараджаніна.
Перад ім – пажылая жанчына на яе плячах, сьцёгнах, каленях цямнелі вялікія сінякі, што засталіся пасьля першага бою. Яна гістэрычна атакавала Руату: штурхала, біла і кідалася наперад у безразважнай дзікай роспачы, быццам да яе сьпіны шточас прыціскалі распаленую да чырвані дзіду. Азызлае ад гадоў цела непрыемна-жахліва пацёпвалася з кожным рухам.
Руата ледзь вытрымлівала моцны націск. Яе губы ўжо былі разьбіты да крыві, на шыі пунсавелі шырокія рысы драпін.
Здавалася, сам д’ябал усяліўся ў жанчыну. Яна жорстка нападала, безь перадыху нападала, нападала. І раптам, калі Руата ўжо знаходзілася на самым краі і ёй проста не было куды дзецца, апроч як упасьці – прайграць, ногі сталай жанчыны падкасіліся, апусьцілі яе на падлогу, яна цяжка захрыпела... Уласныя сілы здрадзілі ёй.
Руата хутка скарысталася гэтым, пераскочыла спаборніцу, схапіла за валасы.
– Аддай мне сына. Аддай! – узмалілася жанчына.
Позна, Руата адпрацаваным прыёмам кінула бездапаможную спаборніцу за край.
Тая ўпала, шырока расплюшчаныя вочы застудзянелі ў просьбе.
Праз стогны натоўпу да мяне прарваўся хрыплы, поўны жалю крык:
– Не забівай!
– Трэба было адразу прасіць, на каленях! – віскнула Руата, яна была разьюшаная ад таго, што ёй, непераможнай чэмпіёнцы, давялося на вачах у столькіх сьведкаў перажыць ганебнае імгненьне, калі яна ледзь не прайграла.
Руата з усёй сваёй хуткасьцю падбегла да зьвязанага юнака, накінула пятлю і хутка выбіла з-пад ног няшчаснага ўслончык. Той два разы ўздрыгануўся і, схіліўшы галаву на бок, ціха захістаўся ў паветры.
Яго маці страціла прытомнасьць.
– Прыбярэце яе! Прыбярэце старую выродзіну, каб ня рэзала крывым тварам нам вочы. Я пераможца, я маю права літаваць і караць!
Яна крычала, і кроў пырскала з разьбітых вуснаў. Дробны чырвоны дождж закрапіў пастамэнт.
А натоўп надрыўна вітаў пераможцу.
Я прадраўся праз загусьцелую масу людзей.
Ліпкі мярзотны натоўп сутаргава курчыўся. Я пакінуў людзечу самой сабе.
ХІ
Калідоры-трубы ці трубы-калідоры хісталіся ў такт маёй хады.
Я ішоў.
Кожны наступны крок даваўся мне цяжэй, чым папярэдні. Быццам нябачная рука пасьля чарговага дакрананьня ступні да падлогі накідвала ўсё новыя і новыя кайданы.
Неўзабаве я ня мог рухацца і пляснуўся ў калідорны кут.
Гэтак мне кепска. Я не магу, не хачу ні ісьці, ні варушыцца.
А мая мэта!
Якая мэта! Вар’яцкая і нікчэмная...
Калі няма ЯЕ побач!
Так, Руата жорсткая, бязьлітасная, але да мяне яна ж не такая. Звычаі людзей разбэшчваюць яе душу! Заліваюць камянеючай плястмасай яе сэрца. Зьмяняюць да непазнавальнасьці! Яна ня можа за іх адказваць!
Я наўмысна шукаў для Руаты апраўданьні. Я шукаў іх, каб прымірыць свае думкі са сваімі пачуцьцямі.
Вір каханьня...
Я ж ніколі не кахаў яе!
Падман!
Яе вочы, рукі, вусны лагодныя і шалёныя!
Вір каханьня не адпускаў мяне.
А ці заўважыла яна маю адсутнасьць? Можа сярод сваіх прыхільнікаў ёй усё роўна, дзе я, што са мной?
Мабыць, радуецца: нарэшце вольная...
Апошняя думка балюча працяла мяне.
Я ўскочыў і пабег назад.
***
Па гуках музыкі, калі тое можна назваць музыкай, я знайшоў месца пагулянкі. Руата ўзвышалася на чырвоным троне. Яна была сумная, вочы неспакойна аглядалі прысутных. Яны зазьзялі – напаткалі мяне. Руата ўзьнялася мне насустрач. Пры ўсіх мы, не саромячыся, абняліся.
– Дзе ты быў? Я не знаходзіла сабе месца ад хваляваньня!
– Я... я шукаў дарогу далей.
– Праўда?! – Руата адчувала тое, што я хацеў схаваць.
І раптам:
– Ты будзеш на роўных з усімі змагацца за мяне!
Руата ўскочыла на стол.
– Мусім наканаванасьці! – крыкнула яна.
То быў выклік мне.
– Ах, так, – выбухнуў я. – Ты будзеш маёю!
Я біўся, як паранены леў, як зьнішчальная ўсё навокал машына! Ніхто, нават велізарны асілак – тутэйшая знакамітасьць, – ня здолеў мяне спыніць. Каханьне і гнеў дапамагалі мне.
Руата мая!
І калі мы былі ўдваіх, я чуў шэпт яе вуснаў:
– Больш не зьнікай. Я хачу быць заўсёды з табой. Я і ты разам...
Шчасьце – быць разам зь ёй. Можа ў гэтым і ёсьць найгалоўнейшы сэнс жыцьця. А мая мэта, мой народ? Усё аддалялася, рабілася няважным. Узьнікалі думкі: гісторыю нельга спыніць і павярнуць назад. А Шлях? А ці ён увогуле існуе?
Магчыма гэта прыгожая легенда адсталага народа.
– Каханы, а ты можаш быць цалкам маім? – спытала Руата.
– Я і так цалкам твой.
– Не, ты часта зьнікаеш у далёкім закутку розуму. Ты хаваеш ад мяне свае таямніцы. Раскажы мне.
– Ты ж ведаеш, што я з самага нізу, мы людзі долу. У нас свае звычкі...
– Я хачу зразумець.
– Мы капалі дол, каб знайсьці Шлях да зор. Але народ вымірае. Нарадзілася легенда, што ёсьць іншы Шлях, які ляжыць праз вашыя землі.
– І ты яшчэ верыш у гэтую легенду?
– Так. Мая мэта – знайсьці Шлях.
– Шчасьлівы чалавек, які мае мэту, – задумліва сказала яна.
– Але з табой я таксама шчасьлівы!
– Значыць адно шчасьце перашкаджае другому! – у яе на вачах хацелі наліцца сьлёзы.
– Не, не, мы ж ідзем разам.
– Так, ідзем... – яна абняла мяне.– Але ж я ня з вашага народа.
– Знойдзем Шлях, я цябе прывяду да нашых. Мы разам іх вывядзем з долу.
– Я для вас, іх чужая.
– Са мной не!
Гэта быў самы доўгі і самы гарачы пацалунак.
– Каханы, а як ты здолеў тады выжыць?
Я ўсьміхнуўся, паглядзеўшы ёй у вочы.
– Чаму ты ўсьміхаесься? Я спытала штосьці забароненае?
– Калісьці даўным даўно жыла прыўкрасная жанчына, якая выведала тайну моцы свайго мужа, і прадала яе яго ворагам.
– Я не такая! – яна вырвалася з маіх абдымкаў.
– Я ведаю.
– Праўда?
– Праўда.
Яна сама абняла мяне.
– У чым жа была тайна яго моцы?
Я занурыў далоні ў яе валасы.
– У валасах.
– У валасах?
– У тваіх валасах таксама шмат моцы, іх бліск асьляпляе ворагаў, робіць мужчын сьмелымі і ў той жа час пакорлівымі...
– А ў чым твая тайна? – я прачытаў гэтае пытаньне па яе вуснах сваімі вуснамі.
Я зноўку ўсьміхнуўся, міжвольна прымушаючы яе губы паўтараць маю ўсьмешку.
– Толькі пабываўшы ў вашых краінах, я штосьці змог сабе растлумачыць. У нас ёсьць старажытны звычай: кожнага нованароджанага аддаюць на тры дні вешчунам-настаўнікам. Яны выконваюць над дзіцём абрад Сьпіральнай Замовы Замоў. У час сьмяротнае небясьпекі ў маёй галаве пачынае раскручвацца тая Замова і цела як бы дранцьвее, робіцца непашкодным. Дзіўныя адчуваньні.
Руата пачырванела ад самага інтымнага пачуцьця – даверу.
– Даляшорзах, я ня выдам твой сакрэт!
– Руата, я кахаю цябе!
***
Я зрабіўся самым фанатычным прыхільнікам Руаты. Пасьля перамогі я нёс яе на руках. Мы заўсёды былі разам і, здавалася, шчасьлівейшых за нас не існавала людзей. Мы зрываліся ў каханьне, як птахі зь піку стромкай скалы. І разам разьбіваліся аб пляж зьнясіленьня.
А потым, калі новая хваля моцы прачыналася ў нас, я казаў:
– Ідзем!
– Куды? – пыталася яна.
– Вышэй!
– Пачакай? Тут так хораша... Давай трошкі затрымаемся.
– Ідзем, ідзем! Там мая мэта!
Мы непрыкметна пакідалі горад, каб патрапіць у наступны.
Мы ішлі, ішлі. Цягнуліся лесьвіцы, сьцены, нізкарослыя лясы, штучныя азёркі, вадаспады, вёскі з аранжарэямі, пасёлкі з рамеснымі цэхамі, гарады з шырокімі праспэктамі, запоўненымі электрамабілямі і павозкамі, запрэжанымі карлікавымі восьлікамі.
Але ў самой сталіцы, пасьля цудоўнага трыўмфа Руаты, калі сам Вялікі Канцлер узнагародзіў яе залатым вянком ружаў, яна цьвёрда сказала:
– Я адсюль нікуды не пайду. Я хачу тут жыць! Мы ня можам бясконца бегаць за міражамі.
І я паддаўся ёй.
“Сапраўды, – падумаў, – навошта сьпяшацца. Пойдзем заўтра.”
А назаўтра я зноў сказаў, што пойдзем заўтра.
Бясконцы пусты ланцуг: заўтра – заўтра, заўтра – заўтра...
Мы былі разам, побач, нас ахоўвалі і пакрывалі лаўры славы непераможнай Руаты. І нашыя, цяпер рэдкія падарожжы, залежылі толькі ад спаборніцтваў, дзе жадала браць удзел вялікая чэмпіёнка.
У ружовай бестурботнай імгле праходзілі тыдні.
А як жа мая мэта?! Мой Шлях?
Паўставала вельмі простае пытаньне – навошта?
Яна і я, больш нічога ня трэба! Яе прыгажосьць, адданасьць, каханьне і захапленьне, – і гэта заўсёды побач са мною! Мы на грэбні хваляў задавальненьня і шчасьця! Няўжо гэтага недастаткова?!
А мой народ, што вымірае на самым доле? Я магу яго вывесьці да гэтых узроўняў, але ж ён са сваімі старажытнымі звычаямі ня змог бы ўжыцца з больш разьвітымі народамі. Іх маглі проста зьнішчыць. А легенда пра Шлях пакуль заставалася толькі легендай.
Мэта – амаль недасяжная, мабыць зусім нерэальная, ці патрэбная!?
Імкненьне памірала.
Мэта заплывала тлушчам.
ХІІ
Аднойчы на сьвяточнай бяседзе ў гонар чарговай перамогі Руаты я сярод шматлікіх гасьцей прыкмеціў знаёмы твар. Яго ўладальнік мала частаваўся і болей прыглядаўся да маёй каханай.
Я пазнаў, гэта быў мой “вызвольнік” Упляйк. Аднаго разу нашы погляды скрыжаваліся, і па тым, як бліснула лязо ў яго зрэнках, я зразумеў, што яму добра вядома, хто я такі. І, безумоўна, ён лічыць мяне ворагам.
Я чакаў, калі ён падыдзе, хоць павітаецца, каб праверыць мае нэрвэйкі. Але ён ня толькі не падыйшоў, а неўзабаве зусім зьнік.
У сьвядомасьці пачаў трывожна зьвівацца вусень пытальніка, я насьцярожыўся. Прадчуваньне ліха наплыло і праз хвілю адкацілася ў далёкі кут, калі я ўбачыў, як да Руаты нялоўка заляцаецца дробны начальнік паліцыі. Пакуль на пагулянцы ўсё было як звычайна, я мог супакоіцца, але весяліцца разам з усімі ўжо не хацелася.
І маё пачуцьцё мяне не падманула!
Калі вельмі пекная дзяўчына з русай доўгай касой ускочыла на стол, за яе распачалася такая дзікая непрадказальная бойка, што амаль усе прысутныя, нават брухатыя чыноўнікі і надзьмутыя шляхцюкі з бліскучымі званочкамі ў вушах, былі ўцягнуты ў яе. Разломваліся і ўзьляталі крэслы, пераварочваліся сталы. Крык, віскат, праклёны.
Двум добра выпіўшым дзецюкам не спадабаліся мае карыя вочы, дзецюкі сумесна наваліліся на мяне. Я быў ня вельмі гатовы да абароны, таму яны лёгка падмялі мяне пад сябе. Давялося дужа якасна папрацаваць лакцямі, каб глынуць сьвежага паветра.
Прайшло даволі часу, пакуль я цалкам вызваліўся ад іх і паглядзеў на трон Руаты. Але яе там не было.
Я абышоў усе закуткі чортавай карчмы, разварушыў усе “куча-малы”, якія сваімі тулавамі ўтваралі госьці, раскідаў паламаную мэблю. Нідзе!
Мне стала зразумела, што дзікая, бязглуздая бойка была справакавана, каб выкрасьці Руату. І зьяўленьне Ўпляйка было не выпадковым!
Я ня ведаў, што мне рабіць, я тузаў людзей, якія тут жа, на падлозе, засыналі, пытаўся, ці ня бачылі Руату. Сонным голасам кожны цягнуў: “Не-ее”. А начальнік паліцыі нават ня змог паварухнуцца – ён хроп пад сталом сярод раструшчаных памідораў.
Ніхто. Ніхто не памкнуўся мне дапамагчы. Праўда, праз колькі хвілін я сам зваліўся ў зьнямозе.
У віно было падмешана снатворнае.
Я прачнуўся, ня ведаю праз колькі часу, на трохкутным кавалку ад былога стала. Нада мной стаяў дырэктар карчмы, яго чырвонае тварападабенства вішчала аб кампэнсацыі.
– Руата вам заплоціць, – сказаў я.
– Руата! Дзе цяпер тая Руата!
Я здагадаўся, што ён нешта ведае пра яе, і хоча дадаткова адхапіць куш зь мяне, я ўскочыў:
– Дзе яна?
Ён адхіліўся
– Эй, хутчэй сюды! Выкіньце яго адсюль! – закрычаў ён ахоўнікам.
Тры грамідлы ня вельмі ветліва выпхнулі мяне з карчмы.
Я застаўся адзін на непрыгляднай вуліцы.
Людзей амаль не было. Ніхто не хацеў са мной размаўляць.
Становішча было адчайнае. Ніякіх сьлядоў супраціву. Напэўна Руата таксама была ў сьне.
Дзень я кружляў вакол карчмы, біў у дзьверы, патрабуючы размовы з гаспадаром – безвынікова. Пасьля шныраў па бліжэйшых раёнах, але – аніякай зачэпкі.
Нарэшце я пайшоў на кірмаш – там заўсёды пачуеш апошнія плёткі.
Сапраўды, людзі гаманілі пра бойку ў карчме, сьмяяліся. Я спытаў ці ня бачылі яны Руату.
– А што, Руата зьнікла?
Я даў добрую тэму для плётак, і пакуль дайшоў да процілеглага краю кірмашовай плошчы, Руату тры разы гвалцілі, восем разоў застрэльвалі і бясконцасьць разоў разразалі на часткі і засоўвалі ў мяшок. Кожны з радасным хваляваньнем шаптаў, што Руату выкралі і кінулі ў трубу з бактэрыямі, альбо яе задушыла і схавала палюбоўніца асуджанага злачынцы, альбо прыдумвалі настолькі жудасныя гісторыі, што сінім інеем пакрываўся мой пазваночнік.
Я ня ведаў, што і падумаць. Сапраўды, у Руаты павінна быць шмат ворагаў – сваякі ахвяр, пераможаныя ёю спаборніцы, іх прыхільнікі, дый самі злачынцы. Але пры чым тут Упляйк? А можа, ні пры чым, можа ён быў у сталіцы і выпадкова, завітаў да нас?
Раптам хтосьці таргануў мяне. Я азірнуўся. Старая жабрачка ўсьміхнулася, паказаўшы адзін плястыкавы зуб.
– Вы шукаеце Руату?
– Так,– узрадаваўся я.
– Дайце пяць рутобаў, і я скажу вам, дзе яна.
Я дастаў з кішэні грошы.
– Яна і колькі мужчын на электрамабілі паехалі па чырвоным калідоры. Больш нікому ня вер!
– Там быў такі блакітнавокі, статны з русымі валасамі?
– У спраўнасьць, паночку, паведаць ня можу, але, здэцца, сядзеў тамака такі.
Я даў старой грошы, яна адразу ж скрывілася:
– Вох, якая я неразумная, трэба было болей папрасіць.
Божа ж ты мой, мае неасьцярожнае дзеяньне заўважылі ратазеі, і, нібы галодныя мухі на цукар, накінуліся на мяне.
– Ня верце гэтай пляткарцы! Я адзін толькі бачыў Руату і скажу ўсяго за тры рутобы.
– Не, я ведаю, дзе яна!
– Ды каго вы слухаеце! Паслухайце мяне!
Я ледзьве вырваўся са шчыльнага кола карысьлівых дарадчыкаў і хутка пайшоў да паўднёвага выйсьця з горада.
Праз два кварталы мяне дагналі чатыры-пяць хлопцаў у чорным, у масках. Без папярэджаньня іх кулакі абрушыліся на мяне. Хоць я не слабы, але сілы былі няроўныя.
– Прывітаньне ад Руаты!
– Забудзь пра яе! – апошняе, што пачуў я, перад тым як наступіла малінавая цемра.
Апрытомнеў я, калі на столі ўспыхнуў твар Галоўнага Інфарматара, які і паведамляў, што вялікая спартсмэнка Руата Наяроч Першая па просьбе ўраду адправілася ў Заходнія Тунэлі, для спаборніцтва з тамтэйшымі спартсмэнкамі. Я падняўся да экрана паведамленьняў – каля яго быў наклеены скотч імітацыі. Як толькі я яго сарваў, твар Інфарматара перастаў паведамляць пра Руату, і пачаў несьці нейкую лухту пра эканамічнае гадаваньне сьвіньняў.
Зьнянацку да мяне прыйшоў боль ад гузакоў і выцятых месцаў. Дзесьці гадзіну давялося адлежвацца. За гэты час у падсьвядомасьці зноў гучалі словы Вешчуна-настаўніка.
Калі боль трошкі сьціх, і я мог рухацца, упарта пайшоў да чырвонага, як казала старая, а значыць, да паўднёвага калідора. Мабыць сьмешна і жаласна было глядзець збоку на маю хаду: цела не жадала падпарадкоўвацца, – я нагадваў вялікую марыянэтку ў руках няўмекі, бо ня стаў выконваць патрабаваньне Сьпіральнай Змовы Замоваў – пачакаць содні да поўнага выздараўленьня.
Нарэшце дадыбаў да паўднёвай брамы горада, але яна была зачынена.
– Гэй,– крыкнуў брамніку, – адчыняй, трэба ісьці.
– Сам ідзі адсюль, дохлю, – вылаяўся ён.– Загад ня чуў? Тры дні нікога не выпускаць! Шукаюць вінаватых у пагроме карчмы.
“Значыць, шукаюць мяне? – спачатку падумаў я. – Але ж мяне ўжо адшукалі... Няўжо папраўдзе ловяць зачыншчыка бойкі? Нешта ня вельмі верыцца.”
– Слухай, братку, адчыні, надта сьпяшаюся, маці ў вёсцы хворая.
– Не магу. Чуў?
Усё ж такі я змог прайсьці праз браму, а вось мае грошы – не. Апошнія рутобы, што ціха пабразгвалі ў кішэні маіх штаноў, перасяліліся ў скураны мяшочак, што вісеў на поясе брамніка. Дадаткова я змог выпатрабаваць, каб ён мяне добра пакарміў: мой унутраны лекар, што шаптаў Сьпіральную Замову Замоваў, вымагаў добра падсілкавацца.
Ад брамніка ж я пачуў, што сапраўды Руата і яе выкрадальнікі праяжджалі тут на электрамабілі.
Я памахаў службоўцу рукою, ён шчыра зьдзівіўся, што я ўжо кульгаў ня так моцна, але адзначыў, што і бегма ня можна дагнаць электрамабіль...