ХІІІ
Чалавек ішоў мне насустрач. Вопратка яго адразу кідалася ў вочы сваёй незвычайнасьцю. Чорны, старога пакрою, фрак, жоўтыя ў сінія і зялёныя колцы брыджы, сучасныя лёгкія сандалі пад валасатымі лыткамі, на галаве чалма, што нагадвала скручаную малінавую зьмяю, у руцэ лякіраваны сакваяж. Усе складнікі адзеньня былі прыстойна чыстымі і калісьці з гонарам вытрывалі спробу прасаваньня.
Мы павіталіся.
Ён казаў з правільнай сталічнай вымовай, хаця вопратка выкрывала, што чалавек доўга адсутнічаў у сталіцы і пасьпеў назаўжды адстаць ад тамтэйшай моды.
Яго твар суправаджаў кожнае слова дужа незвычайнай – пакуль не прывыкнеш – тэмпэрамэнтнай мімікай, уздымы махнатых броваў мелі такую вялікую амплітуду, што адразу пераконваесься – перад табой шчыры аптыміст. Пад правым вокам у яго была радзімка ў выглядзе павука, што яшчэ больш ажыўляла яго фізіяномію – быццам шчака, раз-пораз пацопваючы, імкнулася скінуць нахабнага інсэкта.
Мы разгаварыліся.
– І цяпер, бадай, ужо месяц бадзяюся па розных узроўнях, распытваю людзей пра Руату,– скончыў я свой сумны аповед.
– Прыемна пазнаёміцца з вашай інфармацыяй. Я – Оярэт-С Кіфандоарвай-Міц, вольны маг і філёзаф. Апошнім часам жыў на сьметніку і думаў над пабудовай сьвету. Я, бязь лішняй сьціпласьці скажу, што раскрыў тайну стварэньня вас... Мяне. Сусьвету! – пры тым галава яго моцна захісталася, напэўна каб зацьвердзіць справядлівасьць сказанага. – А вы, шаноўны спадару, – працягваў ён, – першы, хто зьвярнуўся да мяне, і я вас узнагароджу...
– Як? Узнагародзеце? – мне вельмі-вельмі спадабалася гэтая ідэя.
– Так, я ўзнагароджу вас сваёй тэорыяй. Вы будзеце першы, хто цалкам дазнае яе! Хай мае здагадкі жывуць у людзях!
Мая радасьць імгненна зачаўрэла. Мне ня вельмі “усьміхалася” слухаць нудныя філязофскія разважаньні, мне трэба было толькі спытаць, ці сустракаў ён на сваім шляху Руату, альбо Ўпляйка, але зь ветлівасьці я ня мог перапыніць яго.
Філёзаф зьняў чалму, раскруціў, дастаў зь яе кавалак хлеба:
– Жуйце, слухайце, разумейце... а падчас жаваньня ўсё запомніце...
Я зьдзівіўся ягоным словам і дзеяньням, але ежу ўзяў.
– Адмаўляць разьвіцьцё проста неразумна, хаця б таму, што раней людзі хадзілі толькі пешкі, потым езьдзілі на конях, а цяпер на элекрааўтамабілях. А раз ідзе разьвіцьцё, то, значыць, безупынна адбываецца працэс формаствараньня матэрыі і абагачэньня душы. Ад простай, беднай інфармацыяй формы да больш складанай і больш багатай інфармацыяй...
Філёзаф яшчэ доўга расказваў мне пра эвалюцыю Сусьвету.
– А што штурхае да разьвіцьця? У чым палягае тая ўнутраная энэргія. Дык вось, матэрыя і душа – гэта набор пэўных інфармацыйных зарадаў. Прасьцей іх можна падзяліць на прысутнасьць і адсутнасьць пэўнай інфармацыі, такія сабе інфачасьціцы “Так” і “Не” альбо “Плюсікі” і “Мінусікі”. А іх спалучэньне стварае набор кодаў якія кіруюць усімі працэсамі Сусьвету. І мы таксама плён тых выпадкова складзеных кодаў. Нават вучэньне старажытнай рэлігіі амаль наўпрост даказвае гэта. У сьвяшчэннай кнізе нашых продкаў напісана: “СПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА, СЛОВА БЫЛО Ў БОГА, БОГ – ЁСЬЦЬ СЛОВА.”
– Ну, гэта я таксама чытаў, – сказаў я.
– Так слова – ня што іншае, як код інфармацыі! Вось такі складаны і просты сьвет!
Я з цяжкасьцю разумеў сказанае філёзафам, але адчуваньне, што ўсё залежыць ад кодаў інфармацыі, усё ў Сусьвеце створана інфармацыяй і ёю кіруецца, цьвёрда ўмацавалася ўва мне. Тым больш у маім розуме была закладзена Сьпіральная Замова Замоваў, па тэрміналёгіі дзіўнага філёзафа – сваеасаблівы набор інфармацыйных зарадаў, што мог на час перакадаваць маё цела.
– А якая практычная карысьць ад вашае тэорыі?
– Практычная карысьць... Па-першае, гэта яшчэ адзін крок да запаветнай мары чалавека: усё ведаць і ўсім кіраваць. Фактычна мы можам знайсьці філязофскае слова – той унівэрсальны код інфармацыі, які адкрывае ўсе тайны мінулага і будучага. Па-другое...
Ён дастаў з сакваяжа яйка, паклаў на падлогу і крутануў.
– Бачыш, ня круціцца. Сьвежае.
Пасьля ён дастаў невялічкі бонг, і пачаў далонямі выбіваць дзіўны сінкапаваны рытм. Пры гэтым ён штосьці мармытаў, пыр-ркаў губамі ці пасьвістваў. Рытм паімклівеў. Па скронях старога пацяклі кроплі поту. Празь дзесяць хвілін гэтага напружанага дзеяньня, стары адкінуўся і хвіліну ляжаў нерухома.
– А цяпер пакруці, – сказаў філёзаф, калі адкрыў вочы.
Я крутануў яйка – яно было гарачым і хутка круцілася.
– Ну як. У крутую!
Я паглядзеў на зьняможанага старога:
– Навошта так мучыцца, калі на кожным рагу ёсьць мікрахвалёвыя печкі.
– Ня ўсё на сьвеце павінна мець практычную карысьць, – сказаў стары. – Яйка – дробязь. Калі трэба, можна прыдумаць вялікую сурму, у якую як сьлед падзьмеш, і разваляцца гарадзкія сьцены! А ўзьдзейнічаць на коды чалавека можна робячы напоі з траваў, можна вырошчваць спэцыяльна замоўленыя фруктовыя плады і даваць іх зьесьці, можна абкурваць чалавека адмысловым дымам – гэтым усім карыстаюцца розныя ведзьмакі і клерыкалы, а можна проста складваць песьні ці вершы, пра гэта добра ведалі старажытныя трубадуры. Сілай паэзіі яны ўнушалі каханьне жанчынам. Трэба толькі ўкласьці свой набор інфачасьціцаў “Так” і “Не” такім чынам, каб яны траплялі ў рэзананс зь інфачасьціцамі абранай асобы. Трэба вялікае майстэрства і талент. Хочаш, зараз я засьпяваю прыдуманую мной песьню, і твая правая нага будзе танчыць?
– Не, не!
– Ой-ля-па-та-ну-ра-ко-о-о-са... – зацягнуў тонкім рыпучым голасам стары.
Я адчуў як у мяне дранцвее левая каленка.
– Ай, – я хлопнуў далоняй па левай назе.
– Так, трэба песьню падрэдагаваць і яшчэ пераправерыць... – сказаў філёзаф і ўсьміхнуўся. – А вам я скажу: пішэце вершы, мой малады сябру, і йдзеце сваім шляхам.
Вершы? Я ніколі не пісаў вершаў і нават ня ведаў для чаго людзям патрэбны гэты занятак. Аднак мне падалося, што стары філёзаф добра ведае маю гісторыю. Яго словы распалілі ў мяне, пацьмянелы было, далёкі пульсар мэты. А потым яго захіліў твар Руаты. Я знайду яе, і мы разам адшукаем легендарны Шлях!
– Шаноўны Оярэт-С, а вы ня бачылі юную, прыгожую дзяўчыну, – я апісаў Руату, – і статнага блакітнавокага мужчыну.
Філёзаф падумаў:
– Ах, так, я помню, такі чалавек быў на сьметніку.
– На сьметніку?
– У атрадзе асэнізатараў. Ён у іх кіраўнік, здаецца. Так, так, а дзяўчына сядзела ў ягоным электрамабілі.
– На сьметніку!
Не, мне нешта зусім ня верылася. Упляйк служыў у гарадзкой паліцыі і раптам асэнізатар на сьметніку... Руата на сьметніку! Шаноўны філёзаф зьехаў з глузду!
– Асэнізатары абслугоўвалі пераапрацоўчую машыну! І калі блакітнавокі і яго людзі зьявіліся там, зусім нядаўна, жыхароў сьметніка разагналі. Праўда самога сьметніка таксама, здаецца, ужо няма. За той час, пакуль я іду, яго, мабыць, пасьпелі ліквідаваць.
– Не, вы гаворыце праўду?! – я ўважліва паглядзеў у карыя вочы стомленага сталага чалавека.
Ні ценю падману. Спакойны, трохі насьмешлівы погляд.
– А навошта мне хлусіць? Вы, спадару, мне грошы ня плаціце.
– Калі ласка, скажыце, дзе той сьметнік?
– Далёка на паўднёвым усходзе.
– Дзякуй! – я схапіў яго руку і моцна патрос. – Мяне вельмі ўзрушыла ваша тэорыя! Я абавязкова запомню яе.
О-гэй! Я іду на паўднёвы ўсход!
Філёзаф па-сяброўску таргануў мяне за плячо.
– Посьпехаў табе, юны дружа... Помнеце пра коды.
Я абняў дзіўнага чалавека.
– Паслухайце, Даляшорзах, апошняе пытаньне, вы, выпадкова ня ведаеце іншага прыстойнага сьметніка, ці яшчэ нейкага даволі ціхага месца, каб можна было пажыць і падумаць старому, змучанага сэнсам жыцьця чалавеку.
– Ціхага месца?...
І я ўспомніў закінутую, жудасную турму, дзе была агідная жаба.
– Турма! О, гэта тое, што патрэбна прафэсыйнаму філёзафу! – узрадаваўся Оярэт-С.
– Толькі асьцярожна, жаба можа стрэльнуць.
– Нічога, мы зь ёй дамовімся, тым больш у мяне будзе цярплівы слухач.
– Яшчэ просьба: пахавайце вязьняў.
– Не турбуйцеся. Я знайду спосаб прымусіць яго зрабіць усё як сьлед.
– Добра. Калі я выканаю сваю мэту, я знайду вас там і пазнаёмлю з нашымі Вешчунамі. Вам ёсьць аб чым зь імі паразмаўляць.
– Ах, так, ледзь не забыў, – ён дастаў з сакваяжа стос паперак, пакорпаўся ў іх, нарэшце выбраў невялікі папяровы пакунак, – за тое што ты мяне цярпліва выслухаў, я падарую табе адну рэч. Калі табе будзе вельмі самотна, разгарні гэта.
Мы цёпла разьвіталіся. Кожны пайшоў у свой бок.
ХІV
Авальная пустэльная заля. Чыстая, бліскучая. Тут раней была ўсекраінная звалка. Чаму была? Яна і ёсьць, толькі яе добра пачысьцілі. Пад адтулінамі сьмецьцеправода ўжо зьявіліся новыя, малыя яшчэ, гурбы адкідаў.
Жоўтаскуры гарбун уважліва разварушваў іх крывым кіем.
– Добры дзень.
Гарбун спалохаўся, замахнуўся сваёй прыладай на мяне.
– Што трэба? – прашапялявіў ён бяззубым ротам.
– Я шукаю атрад асэнізатараў.
Востры канец кія ўдарыўся аб падлогу ў пяці сантымэтрах ад мяне. Добра мець хуткую рэакцыю.
Я імклівым выпадам выхапіў кій:
– Гэй, дзеду, так не жартуй. Лепей па-добраму скажы, і мы разыдземся.
Ён паглядзеў, як мой кулак сьціскае яго кавеньку. Выгляд сьцятых да белі пальцаў, што надзейна трымаюць дрэўка, падзейнічаў на яго.
– Там, за аркай, са сваёй чортавай машынай палезьлі ў шахту.
– А смуглявая дзяўчына была зь імі?
Ён выплюнуў каскад лаянкі, што ў ягонае мове азначала “так”.
– Дзякуй, – я кінуў яму кій.
За аркай была глыбокая круглая шахта. Я чуў пра такія, яны служылі для хуткага паветранага спуску.
Я стаў ля краю.
Зноў мільгануў маяк маёй мэты. Я столькі падымаўся, ішоў, а зараз павінен прымусіць сябе перакрэсьліць свае намаганьні – кінуцца долу.
І я зразумеў. Я перакрэсьліў сваю мэту ўжо тады, калі пакахаў Руату!
Яна мой кат, мой лёс.
Я ступіў у бездань.
ХV
Перахапіла дыханьне. Некалькі сэкунд праносіліся паўз мяне аркі паверхаў, успалыхвалі і зьнікалі ў цемры іх агні.
Я ляцеў у пекла!
А можа, яшчэ ніжэй?..
Паветраны струмень, што ўзьняўся мне насустрач, запаволіў падзеньне. Я мякка апусьціўся на падлогу.
На гэтым узроўні не было аркі, а зеўрала нейкая дзірка, над якой люмінсцэнтнай фарбай былі напырсканы крывыя літары:
“УВАХОД ЗАБАРОНЕНЫ!”
Я пралез у дзірку.
Калідор – чысты, сьветлы, што не стасавалася з “парадным уваходам”, дзе замест аркі зеўраў пралом.
Празь пяць-шэсьць мэтраў калідор завяртаў направа і потым разыходзіўся на тры асобныя калідорчыкі. Нядоўга думаючы, я пайшоў проста.
Мяне ўразіла рэзкая перамена ляндшафту. Адразу за ростанямі асьвятленьне абранага мною калідорчыка рабілася настолькі цьмяным, што на чатыры крокі ад мяне я ўжо нічога ня мог разгледзець. Вялікі слой пылу пакрываў лямпы на столі, а пад нагамі храбусьцелі пліткі, тынкоўка, шкло, кавалкі растурзаных плястыкавых скрыняў.
Увесь вэрхал і бруд мне нешта нагадваў. Ну, так, я ўспомніў узровень, дзе жылі лемуры-звонгі і карлікі-апраханцы. Дык вось дзе я апынуўся! Кола майго падарожжа замкнулася. Трохі ніжэй і будзе самы глыбокі паверх, дзе жыве мой народ.
А чаму ж калідор да ростаняў быў такі чысты!
Палыснула здагадка! Калідор чысьцілі асэнізатары.
Цяпер па чыстым шляху я хутка іх даганю. Я вызвалю Руату! Яна зноў будзе са мною!
Я пабег назад, да ростаняў. Левы калідорчык зіхацеў чысьцінёй! Цяпер усё стала на свае месцы.
Упляйк накіроўваўся ў экспэдыцыю па дасьледваньні і ачышчэньні сутарэньняў. Але каханьне да Руаты не давала яму спакою. Упляйк адпраўляецца ў сталіцу, там выкрадае Руату і звозіць з сабою.
Я пайшоў па сьледзе, зь якога зьбіцца проста немгчыма – чысьціня і бліск, роўная дарога выведзе мяне!
Але эўфарыя спачатку непрыкметна сьціхла, а затым зьмянілася трывогай.
Іх там чалавек дзесяць, як мінімум, усе ўзброеныя, а я адзін, галодны, стомлены, супроцьпаставіць ім магу толькі свае белапалыя кулакі. Трэба быць вельмі асьцярожным, але спачатку добра адпачыць.
Каб выпадкова мяне не прыкмецілі людзі з экспэдыцыі – раптам хтосьці будзе адпраўлены на “цывілізаваныя паверхі” з данясеньнем, – я зноў вярнуўся ў забруджаны калідор, залез на трубы з бактэрыямі.
Я праспаў прыкладна каля паўгадзіны. Мяне абудзіў тупат. Ля маёй схованкі прабеглі – я пазнаў іх – звонгі. Яны стрымгалоў уцякалі ў накірунку шахты.
“Што, чысьціня не падабаецца?” – усьміхнуўся я.
Заснуў спакойна, мне сьнілася яна, мы пяшчотна абдымалі адно аднаго. А потым, я апавядаў ёй тэорыю пабудовы сьвету Оярэт-Са Кіфандоаpвай-Міца, дзіўнага філёзафа са сьметніка. “Як незвычайна і цікава, – захаплялася яна, – мы з табой “плюсікі” і “мінусікі” інфармацыі, і як нам пашанцавала, што табе і мне дадзена жыць у адзіным сьвеце і нашы коды аднолькавыя, мы разумеем адзін аднаго. Як цудоўна, што хітрыя “плюсікі” і “мінусікі”, нашы “так” і “не” дазваляюць нам кахаць”.
ХVІ
За авальным выгінам калідора я заўважыў чалавека і прытаіўся. Ён поркаўся ля ўльтрагукавай печкі і насьвістваў сабе пад нос вясёлую песеньку. Печкі сустракаліся на паверхах праз пэўную адлегласьць. Любы падарожнік мог закласьці ў яе сваю ежу і згатаваць. Наверсе, у “цывілізаваным грамадзтве” за іх карыстаньне бралі невялікія грошы для чысткі і рамонту, а тут у сутарэньнях можна было гатаваць бясплатна, праўда, паспрабуй яшчэ адшукаць несапсаваную.
Повар экспэдыцыі, а без сумненьня то быў ён, адышоў ад печкі, адшукаў у сьценцы дзьверкі, зайшоў у больш вялікую нішу. Дзьверкі грамадзкай прыбіральні зачыніліся.
Я ціхутка падпоўз да печкі. Трохі далей сядзеў, прытуліўшыся да сьценкі, вартаўнік, дзякуй лёсу, ён мяне не заўважыў. Я хутка адчыніў заслонку. Ба, абед на чалавек сто, ня меней! Было б снатворнае!
Я набраў у сваю туніку бутэрбродаў, каўбасы, яек, штучнай салаты і адпоўз.
Першы раз за той час, што пакінуў сталіцу “цывілізаванага грамадзтва”, я, нарэшце, як сьлед паеў.
Потым залез на трубы з бактэрыямі. Невядомы шум даносіўся зь іх. Не зьвяртаючы ўвагі, я хутка па іх прабраўся да лягера асэнізатараў.
Мне было добра бачна, як асэнізатары працавалі.
Вялікімі гумова-мэталічнымі плітамі яны гермэтычна перакрывалі ў дзьвюх месцах калідор, затым у адной пліце адчынялася вялікая брама, да яе пад’яжджала машына з пузастай цыстэрнай, і агромністая пашча, што была сьпераду жахлівага агрэгата, дакладна ўстаўлялася ў браму. Мэханічны монстар усмоктваў усё, што знаходзілася ў закрытым адрэзку калідора. Вялікія зубчаткі перамолвалі сьмецьце, а магутныя прэсы, прамочаныя жоўтай вадкасьцю, нібыта сьлінай жудаснай пачвары, разрэджвалі масу. Потым вадкае месіва з агіднымі клякатаньнем праглыналася ў жалезнае чэрава. Як толькі цыстэрна напаўнялася, яна пачынала варочацца як бэтонамяшалка. Праз пару гадзін з дапамогай вялікіх шлянгаў зьмесьціва “жалезнага пуза” выпампоўвалі ў бактэрыйныя трубы.
Добрая падкормка для маленькіх выпрацоўнікаў энэргіі!
Вакол вялізнага сьмецьцясмока з драбільным прыстасаваньнем стаяла ўзброеная ахова.
Там я ўбачыў Руату. Яна побач з Упляйкам – гэта быў ён! – сядзела ў электрамабілі.
Мярзотнік! Ён зусім не адпускае яе ад сябе!
Руата выглядала заклапочанай, а ён рэзкім і грубым... Але мне ня надта добра было назіраць за імі з майго месца.
Трэба прасачыць, дзе яе шацёp, і калі ўсе лягуць спаць і выключацца сьвятло, я падману варту і прабяруся да яе.
Я вызвалю сваю каханую!
***
Я спусьціўся з трубаў.
Бліжэйшы вартаўнік заўважыў мяне. Але асэнсаваць, што адбываецца, ён не пасьпеў. Я падскочыў да яго – рабром далоні ўдарыў па карку. Вартаўнік абмяк і непрытомны асеў на падлогу. Я схіліўся, зьняў з яго пояса лязэрны корцік, якім “цэнтральшчыкі” ўзбройвалі толькі элітныя вайсковыя злучэньні, і пабег да шатра Руаты.
Ціха прасьлізнуў у чатырохкутны змрок. Руата не спала. Яна заўважыла мяне, узьнялася, абняла:
– Гэта ты?
Я прагна пацалаваў яе ў вусны.
У галаве, замест пляна ўцёкаў, закружыліся ласкавыя словы: мая мілая... мая каханая...ты чакала... ты мая... мы разам...