Сад замкнёных гор

фантастычны раман

Мінскевіч Серж


часткі XV - XVIII

XXV

Як мог я пераймаў агранамічную дзейнасьць Раншая. Як мог даглядаў свой Сад.

Але ж, нягледзячы на ўсю прыгажосьць і шчодрасьць наземнай прыроды, я неўзабаве адчуў, тую бяздонную самоту, пра якую казаў Раншай.

Сад увасабленьне зямнога рая, дзе бясьпечнае лагоднае жыцьцё можа быць вечным. Але я заўсёды адчуваў вялікае падступства Саду Замкнёных Гор. Ці можа быць рай для аднаго чалавека?

Толькі спадзяваньне на прылёт з зораў продкаў, трошкі суцяшала горыч і нудную боль адзінокага існаваньня.

З прытоеным жахам і насьцярожанасьцю чакаў прыходу госьця. Я ня ведаў, як паступлю. З аднаго боку мяне б узрадавала зьяўленьне яшчэ аднаго чалавека, а з другога, я ўжо бачыў дзеяньне сурокаў. Магчыма наступная чарга “згаснуць” мая.

Але праходзілі дні нікога не было.

Самота дзікая, глыбокая, бясконцая, бязьмежная. Толькі ў сьне я зноў быў спаміж людзей. І часта побач са мною была мая каханая Руата.

У адзін дажджлівы дзень, пасьля моцнага прыступу самоты, я ўспомніў пра падарунак старога філёзафа і яго словы: “Разгарні, калі будзе вельмі адзінока”.

З патаемнай кішэні я дастаў папяровы пакунак. На ім былі напісаны тры дробныя літаркі ЗСВ. Я ня ведаў, што яны азначаюць, магчыма Оярэт-С штосьці для сябе занатаваў.

Там было семя яблыка.

Я ўспомніў легенду пра запаветны плод пазнаньня. Магчыма філёзаф закадаваў гэтае зернейка на штосьці, што вылячыць мяне ад самоты, што дасьць магчымасьць жыць разам зь іншымі людзьмі?

Зернейка прарасло, дало парастак.

Я зразумеў, што проста, даглядаючы дрэўца, падоранае табе знаёмым, прыяцелем ці лепей сябрам, ты, нібы зноўку сустракаесься з тым чалавекам, зноўку размаўляеш зь ім, нават спрачаесься, крыўдзісься на яго, даруеш яму капрызы...

***

Прайшло чатыры гады, яблыня сталася даволі моцненькім саджанцам.

Я паліваў яго зь вялікай гарбузнай бутлі і раптам пачуў, што птушкі насьцярожана ціўкаюць у заходнім баку Саду. Не адразу прыйшла думка, што Брама, якая якраз і была на Захадзе маёй зялёнай краіны, закінула мне канкурэнта.

З трывогай і цікаўнасьцю я пайшоў да пячоры гасьцей.

Гэта быў, як ён сам пра сябе казаў, вандроўны паэт з Усходніх Галерэй. Звалі яго Мазей. Яшчэ малады, курчавы, зь вялікімі карымі вачыма і пухнатымі губамі. Ён яўна падабаўся паненкам. А зайшоў на Мост толькі дзеля экзотыкі. Я кінуў яму пас самаробнай тканіны, каб ён абматаўся вакол пояса.

Забіваць мне яго не хацелася. Я адразу вырашыў для сябе прынцып: хай будзе як будзе. Было шкада аднаго, што я ня ўбачу пладоў сваёй яблыні, калі, усё ж такі, суджана паміраць мне.

Я расказаў Мазею пра “закляцьце”. Наказаў гадаваць яблыню.

Ён засумаваў, але праз тыдзень, калі аніякіх прыкмет “паміраньня” ні ў мяне, ні ў яго не было, ён павесялеў і пачаў безупынку балбатаць пра сваю творчасьць, чытаючы па начах даўжэзныя паэмы. Змаўкаў ён пад ранак, калі я выпраўляўся на працу. Я дзіка не высыпаўся, і ужо ледзь не захацеў насамрэч раз і назаўсёды “прыдушыць” яго, бо, мала таго што ён не даваў спаць і нічога не дапамагаў у Садзе, ён аказаўся рэдкасным самаўлюбёным графаманам.

Я нават затужыў па самотным жыцьці.

У паўзах паміж дэклямацыямі сваіх шэдэўраў, Мазей распавёў мне, што пад зямлёй ідзе вайна. Мой народ трымае абарону, а ўзначальвае яе нейкі шалёна разумны філёзаф. Таму “цэнтральшчыкі” ніяк ня могуць “выкурыць” вемасутаў зь іх долаў. Я ў думках падзякваў старому Оярэт-Су.

Дзіўна, што пра Руату Мазей нічога ня чуў.

На трэці тыдзень, у паўдзённую сьпякоту мы пайшлі купацца на возера. Мазей проста быў у захапленьні ад няроўных берагоў прыроднага вадаёма.

– Такое ўзрушальна крываўгольнае возера

Ня зробіць пастух электрабульдозэра... –

ён з патасам прадэклямаваў загатоўлены экспромт.

– Як табе пачатак першай паднябеснай паэмы нашай плянэты? – спытаў ён мяне.

– Нічога, толькі чаму пастух, а не кіроўца, – зьдзівіўся я.

– Ах, мой сябру, табе ня дадзена зразумець усю глыбіню літаратурнага працэсу! Для прыроднага пэйзажу “кіроўца” не пасуе. Схілы гор, Сад... Толькі пастаральныя настроі прыгодныя для паэмы надземнага сьвету!

– А бульдозэр пасуе?

– Калі ня дадзена чагось, дык ня дадзена цалкам... – прамовіў ён. – Бульдозэр – гэта, разумееш, антытэза, кантраст, які падкрэсьлівае ўсю невыказальную прыгажосьць возера... Возера без бульдозэра проста лужына.

Ён скінуў зь сябе вопратку і плюхнуўся ў цёплую пяшчотную ваду.

Я зьняў свае штаны, разаслаў іх на траве. Я ўявіў бульдозэр, агромністую машыну, што крамсае глыбы гор, потым успомніў лязэрныя рыдлёўкі, якімі мае продкі пакрысе ўгрызаліся ў жалеза-каменны грунт плянэты, шукаючы Шлях да зор. Я горка ўсьміхнуўся, бо калі яны і дасягнуць паверхні, іх стараньні засыпе пыл пустэльні. А трапіць у Сад, які можа знаходзіцца за тысячы кілямэтраў ад падзямельля, амаль неверагодна, тым больш для шалёнага ўшчыльненьня грунту, што стварылася на дне кратэра пасьля падзеньня нябеснага цела, моцнасьць рыдлёвак замалая. Іншае справа для навакольных гор... Але Брама нас распранае і абязбройвае.

Ступіўшы ў ваду, я зрабіў пару крокаў па чыстым пяшчаным дне. Вада была даволі прахалоднай.

– Ай-яяй! – раптам закрычаў Мазей – ён ужо даволі далёка заплыў. – Я не магу паварушыць ні рукой, ні нагой, – слабым голасам паспрабаваў ён мне апісаць сваё становішча.

Я кінуўся ў ваду, паплыў з хуткасьцю на якую быў здатны. Паэт сінеў проста ў мяне на вачах.

– Захавай мае творы... І запішы словы першай паднябеснай паэмы! Я павінен хоць пасьля сьмерці адкрыць новы напрамак літаратуры.

– Добра! Толькі трымайся!

На бераг я выцягнуў яго бездыханным.

Закляцьце дзейнічала.

Мне заставалася толькі пахаваць паэта. Пад камень на яго магіле, як ён завяшчаў, у плястыкавай скрыначцы я паклаў сшытак зь яго бесьсьмяротнымі, хоць і графаманскімі, творамі. Доўга мучыўся, запісваючы ягоны апошні твор, пакідаць “пастуха бульдозэр”, ці адрэдагаваць на “кіроўцу”... Пакінуў “пастуха” – хай будзе аўтарскі вобраз.

Я шчыра плакаў.

***

Прайшло тры гады, яблыня пакрылася белымі кветкамі. Пчолы прынялі іх, як быццам заквітнела звычайнае пладаноснае дрэва зь Саду. Праз два тыдні я заўважыў зялёную завязь.

Зноў райскія птушкі мне паведамілі, што прыйшоў госьць.

“Божа мой! Зарана, як зарана!” – у думках усклікнуў я.

Спачатку я хацеў схавацца ў далёкі кут Саду, але, потым рашыўся паглядзець хто гэта быў.

Праз гушчар, зьдзіўлена азіраючыся, ішла, цёмнавалосая танклявая прыгажуня. Я залюбаваўся яе грацыёзнымі рухамі і далікатнай постацю. Яна ўжо зрабіла зь шырокіх лісьцяў невялічкі станік і кароткую спадніцу. Сонечныя манэты, што прасыпаліся празь лістоту дрэваў, залацелі на яе белых плячах. “Ёй трэба хавацца ад сонца, а то згарыць”, – міжволі падумаў я.

Госьця падышла бліжэй, я пазнаў у ёй тую маленькую дзяўчынку зь сінім вачамі. Якая яна стала сымпатычная! Нічога сабе паненка!

Сэйна, так звалі яе, убачыла мяне, узрадавалася, хацела абняць.

Але я ня змог схаваць сваёй горычы, мякка адхіліў яе.

– Ты ўсё яшчэ любіш Руату! Табе горка, што я прыйшла да цябе, а не яна?

– Так... – толькі і здолеў выдыхнуць я.

– Ведай, Даляшорзах! Усе гэтыя годы... – яна казала так, быццам словы даўно завучыла на памяць, – я кахала толькі цябе. Я шукала Шлях, па якім ты прайшоў. І я знайшла цябе! – зь гонарам завяршыла яна.

– Не! Не! – адзін толькі жах быў у маім крыку.

– Не праганяй мяне! Я ўжо маю права цябе кахаць!

– Не! – толькі і казаў я.

– Я ўжо дарослая! І як цябе ня цяжка гэта пачуць – Руаты няма! Яна загінула! Дай мне шанц спадабацца табе!

– Не! – хутка прамовіў я, хаця вестка пра гібель Руаты апякла мне сэрца.

– Ты зможаш мяне пакахаць!

– Не! Ніколі!

Карціна нашай стрэчы, якую яна сабе колькі разоў у думках абрысоўвала, насамрэч, выглядала не зусім так, а дакладней, зусім ня так, як яна сабе ўяўляла. Яна разгубілася і шчыра спытала:

– Чаму?

“Госпадзі, што ж рабіць, – ліхаманкава думаў я. – Да сьпелых яблыкаў як мінімум два месяцы. За гэты тэрмін хтосьці зь нас пасьпее памерці”.

– Мы ня можам жыць разам, – цьвёрда сказаў я. – І не таму, што я цябе не кахаю, а кахаю Руату. Гэта не прычым. Нам нельга жыць разам!

Яна нічога не разумела, але была гатовая заплакаць.

Я расказаў ёй усё, што ведаў пра Сад Замкнёных Гор і закляцьце.

– Я заб’ю сябе! – выкрыкнула яна.

– І ня думай рабіць глупства! – спалохаўся я, – нам трэба працягнуць каля месяца, толькі месяц! Я ўпэўнены, што яблыкі Оярэт-Са нам дапамогуць. Стары філёзаф ведаў усё наперад, калі казаў мне пра адзіноту. Магчыма ён знайшоў філязофскае слова! Ты будзеш жыць тут, а я пайду ў горы. Магчыма я знайду перавал, спушчуся ў пустэльню, – сказаў я ў адчаю, бо цьвёрда верыў у словы Раншая, што горы непраходныя. – Магчыма ў гарах узьдзеяньне Саду меншае... Толькі месяц! Пакуль мы разам, у нас ёсьць шанс. У нас ёсьць яшчэ час. Ты дапаможаш мне.

ХХVІ

Я сплёў зь ліянаў вялікі кош, які можна было насіць як заплечнік. Папрасіў, каб Сэйна потым сабе спляла такі ж. Мы набралі фруктаў, гарэхаў, булак зь хлебнага дрэва, напоўнілі вадой гарбузовыя бутлі. Неўзабаве кош стаўся даволі цяжкі.

У час збораў, Сэйна расказала, што адбылася ў падзямельлі за апошнія гады.

***

“Адзін перабежчык зь атрада асэнізатараў распавёў нам як загінула Руата. Яна, Упляйк і некалькі жаўнераў, у ліку якіх ён якраз і трапіў, пайшлі за табой. Паветраная шахта іх вывела на шлях над прорвай. Нарэшце яны здалёк убачылі цябе – ты якраз ішоў па Мосьце. Усе бачылі што зь табой адбывалася, як цябе агортвалі рознакаляровыя сьмерчы. Упляйк папрасіў паклікацца дабраахвотнікаў. Але такіх не знайшлося. Ніхто не хацеў ісьці на Мост, той асэнізатар, які пасьля перабяжаў да вемасутаў, сказаў, што па легендзе толькі праведнікі могуць пайсьці па каменным Мосьце. Упляйк завішчаў, што гэта ўсё дурноцьце і забабоны і загадаў яму ісьці за табой. Але ён ня выканаў загад, за што ледзь не атрымаў лязэрным корцікам пад сэрца. Упляйка спыніла Руата.

– Чаму ты сам ня можаш пайсьці па гэтым Мосьце! Ты ж сьмяяўся зь Даляшорзаха! Казаў, што ён жыве толькі за мой кошт! Што ён не герой. А сябе ты лічыў героем! Даказваў, што ты больш годны і варты мяне.

Упляйк пабарвавеў.

– Я тут камандзір, я мушу загадваць і патрабаваць выкананьне загадаў.

– Ты проста баісься ступіць на каменныя прыступкі, – крыкнула яму ў твар Руата.

– Маўчы, жанчына! – перабіў Упляйк.

Руата ўся ўспыхнула:

– Я сама пайду за Даляшорзахам!

– Стой! – Упляйк паспрабаваў затрымаць яе, але яна адточаным прыёмам вывернулася і скокнула на першую каменную прыступку.”

– Яна йшла на скон! – сказаў я Сэйне. – Трэцяга Брама не прапускае!

“Яна загінула на трынаццатай прыступцы, – працягвала Сэйна. – Прымхлівыя жаўнеры пападалі ніцма. Застаўся стаяць толькі Ўпляйк. Руата ўпарта змагалася зь ветрам. Але ж гэта не спаборніца, якіх Руата навучылася скідваць зь пастамэнту. Вецер узмацняўся і паступова выціскаў Руату зь прыступкі. Яна чаплялася рукамі і нагамі за край. Струмень паветра настолькі быў моцным, што вырываў зь яе валасы.

– Колькіх няшчасных я магла б выратаваць! – крычала яна празь вецер. А апошнія яе словы былі, – Сэйна зрабіла паўзу, – Даляшорзах! Даруй мне!”

– Яна йшла за мной, таму што я ўклаў код-просьбу ў свой верш. Я хацеў каб яна была са мной... Але я нічога ня ведаў...

– Даляшорзах, я таксама чула і запомніла твой верш, але кахаю цябе не з-за яго.

Я паглядзеў на яе і ўсьміхнуўся.

“Упляйк, звар’яцелы ад гора – ён вельмі кахаў Руату – пакляўся адпомсьціць усім вемасутам, якіх лічыў шаманамі, і якія на яго думку вінаватыя ва ўсіх людзкіх бедах. Ён сабраў вялікае войска і рушыў на ваш народ. Вемасуты на чале зь вольным філёзафам Оярэт-Сам мужна абараняліся. Яны забарыкадаваліся ў закінутай турме, якая была насамрэч добрай крэпасьцю зь антылязэрнымі шчытамі на дзьвярах і сьценах. Некалькі год доўжылася аблога. Таму да цябе я прыйшла так позна.”

Я зноў усьміхнуўся, і зразумеў, што капірую ўсьмешку Раншая.

“Усе тыя гады Оярэт-С нешта вылічаў. Пад турмой нашы выведнікі яшчэ перад самай аблогай адкрылі вялізную трубу, заваленую розным хламам. Калі Оярэт-С закончыў свае вылічэньні, мы зрабілі так, што асенізатары перахапілі – схему падкрэпасных камунікацый. Паводле яе, можна было скласьці плян захопу турмы. Плян выходзіў ідэальны, бо ён быў праўдзівы. Насамрэч тая труба была вельмі небясьпечная для турмы, бо ішла пад падлогай, дзе не стаялі антылязэрныя шчыты. Можна было прарвацца ўнутр крэпасьці, прарэзаўшы адначасова і трубу і турэмную падлогу.

Кожны дзень і ноч мы ўважліва праслухоўвалі, што робіцца ўнутры жалезнага чэрава. І нарэшце пачулі, як туды пракралася шмат людзей. Мы тут жа заварылі ўсе ўваходы і выхады зь трубы. Войска Ўпляйка апынулася ў замкненьні. Але ў іх былі даволі моцныя лазэр, што проста ўспаролі б трубу, зрабілі б зь яе рэшата.

Тады Оярэт-С загадаў усяму народу ўзяць мэталічныя пруты, раздаў напісаныя на паперы значкі, падобныя да нот для бубнаў, і загадаў усім выконваць нейкую дзікую музыку. Звон быў даволі моцны. Труба дробна задрыжала і сама пачала сьпяваць. Народ толькі падпраўляў ударамі яе сьпевы. Оярэт-С па-майстэрску дырыжыраваў ударным аркестрам, які складаўся амаль зь усяго народу вемасутаў.

Хтосьці зь нашых ваяроў стаяў на самой трубе, баючыся, што вось-вось іх ногі прарэжуць чырвоныя промні. Але зь трубы лязэраў так і не зьявілася.

Нарэшце Оярэт-С даў знак аркестру спыніцца. Ён выбраў самых моцных і сьмелых ваяроў. Наш невялічкі атрад выразаў люк і зайшоў унутр трубы.

Гэта была неверагодна! Замест грознага войска, нашыя ваяры ўбачылі дарослых дзецюкоў і самога некалі бязьлітаснага Ўпляйка, якія седзячы на падлозе забаўляліся старымі паўзламанымі дзіцячымі цацкамі, відаць труба служыла турэмным дзіцячым садком.

– Ну вось, я хацеў зрабіць зь іх добрых, ветлівых людзей, а яны ўпалі ў глыбокі інфантылізм, – сказаў Оярэт-С, пасьля ён зьняў свой рэмень і бацькоўскім голасам сказаў. – Ану марш дадому!

Былых асенізатараў пашыхтавалі папарна, загадалі ўзяцца за ручкі, як бяруцца дзеткі ў садочку, і правялі да самой сталіцы Цэнтральных Скрыжаваньняў. Там усе так былі здзіўлены перамене злосных ваякаў, што бяз розных прамаруджваньняў і агаворак падпісалі вечную, мірную дамову.”

Мабыць, каб я цяпер быў у краінах падзямельля, уволю пасьмяяўся б зь “няшчасьця” асенізатараў, але ў мяне зноў атрымалася толькі тая сумная ўсьмешка.

– Пасьля вемасуты самі добраўпарадкавалі старую турму і ніжнія калідоры. Цяпер гэта даволі прыстойная краіна, – Сэйна завяршыла свой расказ.

– А што здарылася зь той жабалюдзінай, што самааддана ахоўвала турму? – спытаў я.

– Менавіта празь яго мы “падкінулі” асенізатарам рысунак зь трубой. Оярэт-С паправіў яму зрок, адправіў вартаўніка-доўгажыльца на пэнсію ў роднае сяло. Пасьля Оярэт-Са выбралі старшынёй Вышэйшага Сойма вемасутаў. А я, – сказала Сэйна, – пайшла шукаць Шлях. І вось цяпер я... тут...

“Заразная гэтая ўсьмешка, – падумаў я. – Вунь і Сэйна ўжо так усьміхаецца.”

Аднак час не шкадуе нас...

Мой Шлях не адпускае мяне...

XXVІІ

Бадзёра падхапіўшы лазовы заплечнік, я рушыў да найбліжэйшых гор. Чым бліжэй я падыходзіў да шчыльнага ланцугу ўздыбленай скальнай пароды, тым выразьней разумеў, наколькі дзёрзкай, калі не сказаць, шалёнай была мая задума. За першай градою больш-менш пахілістых гор паўставала другая, што роўнай стромкай сьцяною ўзвышалася над самім небасхілам. Быццам агромністы глыжак, кінуты ў акіян, выклікаў колцавыя хвалі, якія ў адно імгненьне застылі, зрабіліся жалеза-каменнымі.

Станавілася халадней. Паступова зьнікла ўсялякая расьліннасьць, пад сандалямі час ад часу пракатваліся аплаўленыя жалезныя катылькі, пад’ём станавіўся цяжэйшы. З маіх вуснаў вырывалася белая пара. На піках стромай сьцяны я заўважыў срэбнае зьзяньне, быццам сьцяну зьверху пасыпалі крупінкамі цукру. Я здагадаўся, што гэта застылая вада. Там-сям са сьцяны ў Сад беглі тонкія зьмейкі ручайкоў. “Значыцца ваду ўжо не абавязкова браць зь сабою, яе можна набіраць тут,” – адзначыў я для сябе.

Адсюль, зь вышыні Сад выглядаў смарагдавым возерам, над якім узьнімаліся рознакаляровыя пырскі – райскія птушкі, што ўспырхвалі над вершалінамі дрэваў.

Але ж холад узмацняўся і я павярнуў назад. Я пабег уніз, зразумеўшы, што мая вопратка і абутак зусім не падыходзяць для горнага клімата.

– Сэйна, – крыкнуў я, запыханы, – мне неабходна твая дапамога!

Сонца ўжо сядала. Я мог заблукаць.

– Даляшорзах! Я тут, – пачуў я за сваёй сьпінай.

Мы шчыра і шчыльна абняліся. Хаця ненадоўга, памятаючы пра закляцьце продкаў.

Наступнай раніцай Сад, напэўна, упершыню зьведаў такую бойню. Мне трэба была шкура і мех. Камянямі і палкамі мы забівалі яшчэ ня пужаных чалавекам бурундукоў, выдраў, трусаў.

Тупая праўда – выжыць значыць кагосьці забіць, – не давала нагоды сэнтымэнтам. Калі я палічыў, што для маёй вопраткі – курткі, шапкі, штаноў і мехавых ботаў мы забілі дастаковую колькасьць няшчасных зьвяркоў, я зрабіўся краўцом, а Сэйна поварам – абсмажвала асьвежаваныя тушкі на вогнішчы.

Так прабег яшчэ адзін дзень.

Але адной цёплай вопраткі было не дастакова. Я ўяўляў, якая халодная ў гарах ноч. Я вырашыў узяць зь сабою дровы і алейныя дыні. Перавагай апошніх было тое, што яны доўга гарэлі, хоць цяпла давалі ня шмат. Ноша была непад’ёмнай, і Сэйна пагадзілся дапамагчы мне паднесьці дровы да ўзножжа гор. Там мы павінны былі вызначыць месца, куды яна будзе прыносіць правіянт.

Такое месца мы знайшлі каля невялікага ўцёсу. Паблізу цурчэў раўчук. Лепшага разьмяшячэньня для “базы” знайсьці было немагчыма. Тым больш я стараўся каб дарога ад Саду да “базы” для Сэйны была як мага паспадзісьцей.

Пачаліся настойлівыя пошукі праходу ці перавала цераз горы. Я браў запас ежы і дроваў, уздымаўся да стромай сьцяны і ішоў уздоўж яе, выглядаючы магчымасьць пад’ёму, спрабуючы ўскараскацца па выступах. Калі ўсе шанцы пераадолець сьцяну былі вычарпаны, я рабіў на пэўнай адлегласьці ад асноўнай “базы” дадатковую, і ўжо ад яе рабіў новыя экспэдыцыйныя вылазкі.

На асноўнай “базе”, мяне заўсёды сустракала Сэйна. Яна рабіла выгляд, што стрэча адбывалася выпадкова. Хаця я ведаў, што Сэйна вельмі перажывала, ці ня здарылася што са мной, ці змагу я прыйсьці за чарговай порцыяй правіянту. Мне здавалася, што яе жаночая інтуіцыя падказвала дакладны час, калі я спушчуся зь гор, і яна спэцыяльна прыгадвала свой прыход да месца стрэчы. Мне таксама было прыемна бачыць сярод пустынных скалаў жывую душу.

Праз тыдзень я даведаўся як Сэйна вылічвае мой прыход.

Падчас адной такой пяшчотнай стрэчы, яна абняла мяне, дала напіцца са сваёй біклагі. І раптам я заўважыў на яе шчаках, на ілбе і шыі сьвежыя, быццам парэзы, язвачкі, зь якіх вось-вось павінна былі пырснуць кропелькі крыві.

“Значыць зь нас дваіх Сад выбраў мяне”, – зь жахам падумаў я.

– Скажы мне – сказаў я Сэйне, – Што ты адчуваеш, калі я спускаюся сюды?

Яна закруціла галявой.

– Скажы!

Яна моўчкі ўсьміхалася. Кроплі крыві ў язвачках наліліся.

– Табе баліць!

– Не!

– Не хлусі мне!

– Не, не баліць!

– А што ў цябе на твары.

Сэйна спалохалася, адскочыла, закрылася далонямі:

– Ужо вельмі заўважна?

– Не, але...

Яна заплакала.

– Ты ніколі ня будзеш мяне кахаць! Ты ня зможаш кахаць такую страшную!

Яна пабегла ўніз.

Я спалохаўся за яе, вялікімі крокамі дагнаў.

– Я кахаю цябе, Сэйна! – прашаптаў, пацалаваў шчокі, рукі.

– Гэта праўда? – таксама шэптам спытала яна.

– Так, – адказваў я. – Так!

Яна паглядзела мне ў вочы, доўга, у самую глыбіню, і стараючыся як мага сур’ёзьней, па-даросламу сказаць (але адчувалася як у яе шалёна б’ецца сэрца):

– Будзь маім!

– Не, – спалохаўся я.

– Іншага разу ня будзе!

– Трывай! Мы пераможам!

– Ты жорсткі! – яна адхілілася. – Заўтра мяне ня будзе, – халодна і страшна роўна прамовіла яна.

– Не кажы так.

– Я ведаю. Я адчуваю!

– Не кажы так.

Яна маўчала.

Ці мог я насамрэч ведаць, што яна адчувае, які боль, якую пакуту ўтойвае ад мяне?

Я раскрыў яе рукі.

– Паслухай... – пачаў я, але словы, якія я хацеў сказаць зьніклі, замест іх, я падняў яе на рукі – яна была такой лёгкай!..

***

Мая горная вопратка сталася нам пярынай. Адзін боль на кароткую, але бясконцую хвілю замяніў іншы боль. Каханьне прамчалася залатым метэорам над краінай зялёнай сьмерці...

Сэйна выглядала вясёлай, шчасьлівай, яна жвава зьбірала пажыткі ў мой кош.

“Можа гэта найлепшы сродак супраць пракляцьця? Колькі ліхіх чараў разьбіла моц каханьня, – падумаў я.”

Раптам зь рук Сэйны выпаў плод хлебнага дрэва, яе ногі падкасіліся. Яна пабялела, па яе спалатнелым твары ад лопнуўшых язвачак пабеглі чырвоныя струмяні.

Я пасьпеў падхапіць яе.

Сэйна была ў прытомнасьці, сінія вочы, як два нябесныя келіхі, глядзелі на мяне, кажучы, даруй, я не змагла прыхаваць слабасьць.

Я паклаў яе на зямлю.

– Ніколі! Чуеш, ніколі не сустракайся са мною! Я не падыду, пакуль ты будзеш тут!

Я падхапіў кош і хутка, як мог пабег да гор.

***

Прайшоў тыдзень. Маё сэрца кожнага разу балюча сьціскалася ў грудзях, калі я падыходзіў да “базы”. Я жахліва баяўся – раптам там ня будзе новай порцыі дроваў і ежы.

Але пакуль, слава Богу, правіянт спраўна зьяўляўся на ўмоўленым месцы.

Яшчэ праз тыдзень, у некалькіх днях шляху ад асноўнай “базы” я нарэшце знайшоў на сьцяне расколіну, па якой магчыма было ўзьняцца і перабрацца на той бок, за мяжу Саду.

Я, насьвістваючы вясёлую песеньку, бадзёра спускаўся да “базы”. Ад радасьці і новай надзеі я ледзь не запамятаваў прытрымацца на горнай сьцежцы, трошкі паназіраць за тым што адбываецца ўнізе, каб незнарок не спаткацца зь Сэйнай.

Ад убачанага я рэзка спыніўся. Сэйна, мая бедная Сэйна! упіраючыся локцямі, як чалавек зь перабітымі нагамі, марудна паўзла ўверх да “базы”. На доўгай лямцы, перакінутай праз плячо яна цягнула цяжкі кош. Да вялікіх чырвона-чорных струпоў на яе твары, на яе руках і нагах, на круглых як дзіцячая галоўка каленках, дадаліся парэзы ад гострых камянёў. За ёй па зямлі цягнулася шырокая чырвоная стужка. Чырвонымі былі пасмы яе валасоў. Яна задыхалася, але ўпарта, мэтар за мэтрам уздымалася.

Я адразу рвануўся быў ёй на дапамогу, але са сьлязамі злосьці і жалю разьвярнуўся і штосілы пабег назад, у горы – як мага далей, бо я, сваёй блізкай прысутнасьцю мог забіць яе.

Без супынку бег пакуль не пацямнела, і толькі ў поўнай цемры, крадучыся, я дазволіў сабе спусьціўся да базы, забраў увесь прывіянт.

Я цвёрда вырашыў сюды больш не вяртацца.

ХХVІІІ

Цяпер мой Шлях ішоў вэртыкальна, да самых зор. Яны былі так блізка, падобныя да бліскучых пэрлінаў, падвешаных у цямрэчы.

Я не кранаў іх, мабыць баючыся незнарок зьбіць. Я чапляўся за выступы скальнай сьцяны, шукаў для ног трывалага апірышча і ўзьнімаўся вышэй і вышэй.

Сьцяна аказалася нашмат большай, чым можна было меркаваць, аглядаючы яе зьнізу. Ноч агарнула мяне неспадзявана. Мне пашанцавала, што яна выдалася бязьветранай. І хоць холад імкнуўся абняць мяне сваімі ільдзянымі абдымкамі, я даволі ўпэўнена караскаўся наверх.

Кожная хвіліна майго знаходжаньня ў натуральных межах Саду, (а яны, хутчэй за ўсё вызначаліся акружнасьцю сьцяны кратэра) набліжала сьмерць для мужнай Сэйны. Я ня мог дазволіць сябе адпачынак. З аднаго боку злосьць на свой лёс, і пачуцьцё віны, што Сэйна з-за мяне трапіла ў сьмяротную пастку, зь іншага боку – блізкасьць мэты і прыгажосьць прасторы, у якой я апынуўся, паміж Малочным Шляхам і зямлёй, – узбуджалі у мяне дадатковыя, пры- хаваныя да той пары, сілы. Я не адчуваў стомы.

І ўсё ж, чым вышэй я паднімаўся, тым цяжэй было дыхаць. “Калі так пойдзе далей, – падумалася мне, – я проста загіну ад недахопу паветра”.

Ружовыя промні маладога сонца афарбавалі контуры скалаў, што засталіся ніжэй. Скальная сьцяна нагадвала краі вялізарнай чорнай бочкі, на тры чвэрці закопанай у зямлю. На дне яе, жоўта-зялёным півам ціха калыхаўся Сад. Над ім, нібыта маладая піўная шумка, плаваў негусты туман.

Чырвонае сонца забіралася ў цэнтар нябесных скляпеньняў, жаўцела, памяншалася. Цяплелі скалы, і мае цягліцы ўсё лепей і лепей пачыналі слухацца мяне. Але ж праблема недахопу паветра пераўтварылася ў небясьпечную пагрозу. Перад вачыма паплылі апельсінавыя кругі, што як вадзяныя дзьмушкі лопаліся ў садовым напоі...

Шляху назад няма. Я зрабіў выбар: жыць будзе Сэйна. І калі мае рукі зараз аслабеюць, і я сарвуся на гострыя скалы, то гэта будзе ўсё роўна лепей, чым спусьціцца назад нікчэмным баязьліўцам і жыць далей за кошт сьмерці іншага. Я не безь цікаўнасьці адзначыў, што мой скон будзе такім жа, як скон Руаты. Магчыма ў нас адно і тое ж перадсямротнае выпрабаваньне і, пэўным чынам, ідзе спаборніцтва?

Тры мэтры вышэй над маёй галявой (спачатку я думаў што гэта вялізны цень ад краю расколіны), у сонечным сьвятле праступіла чорная трэшчына, што вяла ў глыб сьцяны.

Калі працягласьць трэшчыны будзе даволі вялікай, то дзесьці ўнутры скалаў яна зможа выйсьці за межы ўздзеяньня Саду! Там можа адшукаць выдатную схованку-пячорку і ня трэба ісьці ў пустэльню. Давядзецца зрабіцца аскетам, падобна да нашых фанатыкаў-шаманаў, што ў долах выкопваюць пячоркі – спасьцігаюць у поўнай адзіноце тайны Сусьвету. А я – пячорнік пад самымі нябёсамі! Сэйна будзе прыносіць мне ежу да ўзножжа скалаў, я ёй буду прыдумваць вершы-замовы. Ці ж мала на зямлі было выгнаньнікаў-самотнікаў!

Пэрспэктыва жаласнага, але існаваньня, дадала маім рукам новы прыліў моцы. Я падцягнуўся на краі скалы і праз хвіліну стаяў перад вузкай трэшчынай, што праразала каменнае цела кратэрнай сьцяны. Я запаліў паходню і пачаў прабірацца ў глыб.

Неўзабаве расколіна пераўтварылася ў своеасаблівы лёх і пайшла рэзка ўніз. Перад цёмным спускам скальная парода была пакрытая ільдом, бліск якога на імгненьне асьляпіў мяне. Я пасьлізнуўся, паходня выпала зь рук і згасла. Выбухнула цемра.

Ад удару аб каменную падлогу лопнула лямка, на якой вісеў заплечны кош. Высыпаліся рэчы, ежа, дровы. Штосьці засталося ляжаць перад правалам, штосьці, зьнікаючы ў цемры, паляцела ўніз. Я таксама не ўтрымаўся і, не жадаючы таго, зь усё большай і большай хуткасьцю паехаў у глыбіню.

Нядоўгі чорны палёт, і я цяжкім кулем выпаў на каменную нішу, пры тым даволі моцна пабіў нагу. Зьверху на мяне пасыпаліся дровы, алейныя дыні, смажаныя тушкі грызуноў, фрукты. Самыя балючыя былі сукаватыя паленцы, – я ледзьве пасьпяваў прыкрываць рукамі голаў. Нарэшце мяне накрыў растрапаны кош.

Відавочна я апынуўся зь іншага боку кратэрнай сьцяны. Далягляд шырокім паўколам агінаў макаўку шэрай, лысай плянэт. Дзе-нідзе яе гіганцкі чэрап быў пазначаны шчарбінамі вельмі старых кратэраў, нашмат меншага памеру за той, зь якога я так імкнуўся выбрацца. Колькі ставала зроку – распасьціралася суцэльная пустэльня, ніводнай прыкметы расьліннасьці.

Я азірнуў места свайго прыстанку. Карціна жахлівай катастрофы, што адбылася сотні, а можа і тысячы гадоў таму паўстала перад маімі вачамі. Вялізарная мэталічная птушка, па рэштках якой можна было здагадацца пра яе вытанчаную форму, унурылася ў скальную сьцяну і ўзарвалася, утварыўшы агромністую выбаіну, трэшчыны ад якой разьбегліся ва ўсе бакі.

“На такіх птушках нашыя продкі лятаюць да зораў”, – падумаў я, успомніўшы аповеды Раншая.

Чыясьці даўняя сьмерць ратавала мяне і Сэйну!

Праўда пакуль што можна было казаць толькі пра Сэйну. Маё становішча было даволі пагражальным.

Магчыма пераломаная нага распухла. Да вечара я не варушыўся, чакаў калі пачне дзейнічаць Сьпіральная Замова вешчуна-настаўніка. Аднак, колькі я не стараўся сябе ўвесьці ў транс, каб пачуць яе і аддацца ёй ва ўладу, акрамя далёкага, тагаіснага мармытаньня нічога не пачуў і не адчуў. Відаць фізычнай і духоўнай энэргіі за апошні месяц было выдаткавана столькі, што яе проста не ставала для замовы. “Ёсьць ліміт усім чарам,” – сумна адзначыў я. Чакаць болей не было сэнсу. Набліжалася ноч, што пагражала холадам.

Кульгаючы я назьбіраў параскіданыя пасьля падзеньня рэчы, пасьля выбраў зручнае месца для вогнішча – у глыбі выбаіны быў утульны грот. Я прыкрыў уваход у яго вялікім мэталічным шчытом – абломкам “зорнай птушкі”. Больш нічога прыдатнага для майго побыту зь разьбітага карабля я не знайшоў. Праўда я паклаў сабе ў кішэню плястыкавы шарык, вельмі падобны да тых, якія захоўваюцца ў нашых відэатэках. Калі іх прасьвяціць, то можна ўбачыць прыгожыя фотаздымкі. Але ў Садзе я ня меў патрэбнага прыстасаваньня. Мяне турбавала болей важнае пытаньне – як працягнуць чатыры-пяць дзён, пакуль Сэйна трошкі ачуняе, каб я мог хаця б на пару гадзін вярнуцца ў Сад, для збору прадуктаў, паліва, і сказаць ёй, каб перанесла “базу” бліжэй да расколіны. А пасьля можна было і на гэтых дзікіх схілах пасадзіць трывалыя да марозу расьліны. Тут, хоць нямнога, але была вада. Можна прынесьці глебы. “Каланізацыяй зьнешніх схілаў пачнецца ажыўленьне ўсёй плянэт”, – паўставалі перада мной грандыёзныя плян будучыні.

Усю ноч я прымушаў сябе шкадаваць дровы і алейныя дыні. Мароз прабіраў настолькі, што я глухнуў ад стукату ўласных зубоў. За ўсю ноч ня змружыў вачэй. Ледзьве дачакаўся раніцы, каб выпаўзьці на сонца. На адагрэтай каменнай нішы я падсілкаваўся халоднай тушкай труса і імгненна заснуў, расьпешчаны цяплом і сытасьцю. У сьне я пачуў ужо прывычны голас майго настаўніка-вешчуна, які шаптаў Сьпіральную Замову.

Пад вечар, калі я прачнуўся ад холаду, убачыў, што пухліна на назе спала, хаця цалкам устаць на гэтую нагу ня мог.

Усю наступную ноч я ўжо змагаўся ня толькі зь марозам, але і зь няўтольным голадам. Пасьля дзеяньня Сьпіральнай Замовы, я заўжды, да сьмерці, хацеў есьці. І ня мог сябе стрымаць. Амаль увесь астатні, разьлічаны на тры дні, запас ежы быў мною зьнішчаны. Дзіва-Замова, што павінна ўсюды і заўсёды ахоўваць нашых супляменьнікаў, – сакрэт і вынаходніцтва нашых шаманаў, якое выклікала жах і ўнушала вялікую павагу ў іншых народаў, цяпер саслужыла мне мядзьведжую паслугу – застаўшыся без правіянту, я мусіў рушыць назад на некалькі дзён раней, што магло кепска адбіцца на здароўі Сэйны.

Але ня так проста было падняцца па заледзянелай каменнай штольні, па якой я “зьехаў” колькі дзён таму. Я не разьлічваў, што слой ільда будзе не дастаткова тоўсты для таго, каб выкрамсаць зь яго прыступкі, а камень быў настолькі цвёрды, што ніяк не хацеў паддавацца лязу. Раз за разам я настойліва спрабаваў выбіць нажом кавалак скалы, але ня мог зрабіць добрую зачэпку ні для рук, ні надзейнае апірышча для ног. Зрываючыся, я зноў і зноў калаціў нажом па чорным чэраву “штольні”. Я не жадаў прызнаваць безвыходнасьць свайго становішча.

Неўзабаве скончыліся дровы, пасьля згасла апошняя алейная дыня. Па начах я цярпеў страшэнны холад. З кожным днём адчуваў, што слабею.

Праз тыдзень фізычных і душэўных сілаў мне хапала толькі для таго, каб адкрыць вочы і выпаўзьці на сонца.

Затым я перастаў усьведамляць, дзе знаходжуся, шэпт старэйшага вешчуна стаў бясконцым. Я часта назіраў зь боку сваё цела. Скурчанае, скарчанелае яно доўга, нерухома ляжала ў глыбіні грота.

Аднойчы я ўбачыў сябе распластаным на краі нішы. Сонца ўсьміхалася маёй жа сумнай усьмешкай і, зьбіраючы ў малінавы мяшок бэзавыя калосьсі, сядала за шэрую пустэльню.

На імгненьне мяне сагрэла думка: Сэйна дачакаецца новага госьця, зь якім яны падзеляць яблык Оярэт-Са...

***

Нада мною – чорнае бязьмежжа. Там, у сусьветнай глыбіні ўспыхвае брукаванка Вечнага Шляху.

І, можа, анікога не было?

Не было Руаты.

Не было Ўпляйка.

Не было Оярэт-Са Кіфандоарвай-Міца, філёзафа са сьметніка і яго тэорыі.

Не было вузкавокага карліка.

Не было ні злоснага Раншая, ні закаханага ў свой почырк Мазея.

Не было Сэйны.

Не было Саду...

Не было Сонца...

Толькі сьцены, сьцены, шэрыя сьцены.

Я ішоў па сутарэньнях.

Я ішоў зь сутарэньняў.

Я ішоў да зор...