Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы


Ад перакладчыка

Недзе, здаецца, у 1958 годзе, калі я быў студэнтам і куды разумнейшы, чым сёньня, мне пашчасьціла зь летнімі заробкамі “па лініі маладзёжнага турызму”. Я суправаджаў групу варшаўскіх студэнтаў і асьпірантаў у паездцы па маршруце Брэст – Масква – Лазараўскае (Чорнае мора).Дзесяць дзён незабыўных уражаньняў, гутарак, сустрэч, дыскусій, каўказскай прыроды, мора. Да мозгу касьцей я быў – савецкі, а маладыя равесьнікі з Польшчы – палякі, а таму вельмі незразумелыя.

Сярод студэнтаў была групка (чалавекі тры-чатыры), якая трымалася наадасобку, не спрачалася, а дыспутавалі яны толькі паміж сабою. “Гэта наша будучае кіно”, сказалі мне. Гэта – той, гэта - той, гэта – Кшыштаф Занусьсі. Цяпер сьмела магу паўтарыць – о, Гэта Кіно! А тады мы нават пагаварыць не пагаварылі як сьлед, толькі пазнаёміліся. І Кшыштаф папрасіў мяне згадзіцца прыняць у падарунак кнігу, якую ён дашле мне па прыезьдзе ў Варшаву. Мы абмяняліся некалькімі лістамі. Кніга прыйшла.

Гэта была аповесьць Ежы Анджаеўскага “Ciemności kryją ziemię”. Пра часы іспанскай інквізіцыі, пра Вялікага Інквізітара Тарквемаду. Я прачытаў яе. І гэта быў першы ўдар па маёй савецкасьці, пазьней былі ўдары іншыя, але гэта быў самы першы, самы адчувальны і, мабыць, зь яго і пачаўся сур’ёзна ўсьвядомлены аналіз нашага савецкага жыцьця, нашага родненькага сталінізму. У 1961 годзе я пераклаў кнігу на беларускую мову, даў пачытаць сябрам. “Ці ты малы, хто ж гэта надрукуе!?” – сказалі мне. Але надрукавалі, праўда, толькі ў 1994 годзе ў зборніку замежных аповесьцяў зь дзіўнай назвай “Гісторыя каханьня” (Мінск, Мастацкая Літаратура, 1994), дзе яна і была пахаваная ў агульнай труне, нікім не заўважаная, нікім не адпетая.

А ў прамежку паміж гэтымі датамі я сачыў за творчасьцю і грамадскай дзейнасьцю пісьменьніка. Было там усяго, але найбольш ганеньняў, пакуль, нарэшце, аўтара назусім ня выгналі з Польшчы, дзе ён і памёр, пакінуўшы па сабе ў Małej Encyklopedii Powszechnej PWN такі кароткі запіс: “Анджаеўскі, Ежы (нар. 1909), пісьменьнік; навелы “Неўнікнёныя дарогі”, аповесьць пра маральную праблематыку “Лад сэрца”, зборнік апавяданьняў пра часы акупацыі “Ноч”, раман “Попел і дыямант” пра лёсы моладзі з АК і фармаваньне новага грамадска-палітычнага ладу ў вызваленай Польшчы, метафарычныя раманы “Цемра зямлю ахінае”, “Брамы раю”, гратэсковы раман “Ідзе, скача па горах”.

Дазволю сабе дадаць “Карны тыдзень” – пра жахлівыя падзеі падчас паўстаньня ў Варшаўскім гета. Роля чалавека ў гісторыі яскрава асьвятляецца аўтарам у кнігах апавяданьняў “Залаты ліс” і “Нібыта гай”. Але лепей – прачытайце пераклад…