Ёнасу
Берэнбаўма хавалi на Панкаўскiх могiлках, на той дзялянцы, якую назвалi Гаем гонару i ў зямлi якога быць упакоеным праху такiх знакамiтых асоб як Берэнбаўм проста наканавана. Я рашыла нягледзячы на холад не ехаць аўтобусам, а тыя два, сама большае тры кiламетры ад маёй кватэры да будучай магiлы Берэнбаўма прайсцiся пеша. Я дастала з вады купленыя кветкi -- кволенькi букецiк фрэзiй, iншых я проста не гадавала,-- абсушыла сцеблюкi i, каб не памерзлi, загарнула ў некалькi столак газеты. Я любiла фрэзii, цi любiў iх Берэнбаўм, не ведаю. Я рашыла крыху збочыць i пайсцi вулiцай, якая была метраў за дваццаць ад Берэнбаўмавага дома, гэта была тая мая дарога, якою апошнiя паўгода я хадзiла па два разы на тыдзень.
Дом, у якiм жыў Берэнбаўм, стаяў у Панкаўскiм квартале вiлаў, званым у народзе "гарадок", што гучала неяк мiлей, чым было напраўду. У Рондалi, з якога жылкавалiся невялiкiя вулкi i дарогi, да канца пяцiдзесятых гадоў за платамi i бар'ерамi, пад аховаю армii i палiцыi, жылi ўрадоўцы, пакуль яны з прычын, пра якiя шмат чаго шапталася i балбаталася, не перабралiся за гарадскую гранiцу Берлiна. Толькi лiчаныя ўдовы былых членаў ураду ды некаторыя былыя ўплывоўцы, як Берэнбаўм, заставалiся тут, жылi амаль каля самага Нiдэршонгаўзенскага замка. На некаторых дамах шыльдачкi ўказвалi на ранейшых, тым часам ужо-такi ранейшых жыхароў: першы прэзiдэнт дзяржавы, першы прэм'ер-мiнiстр, першы мiнiстр культуры. Дом Першага генеральнага сакратара пасля ягонай смерцi, хоць i быў яшчэ ў добрым стане, знеслi па самы падмурак i на ягоным месцы збудавалi новы, анi ў якiм жа разе не прыгажэйшы, што таксама дало зачэпку чуткам i пярэшаптам. Павядалася мiж iншым, што ў муры тыя было панатыцкана столькi рознага прыладдзя для падслухоўвання, што нiхто з добрай пэўнасцю не мог яго адтуль павыкалупваць i таму дом любому новаму жыхару прыдаўся б не дужа каб. Большасць вялiкiх дамоў у "гарадку" абсталявалi пад гасцей урада, малыя дамы былi заселены гаспадарамi, якiя маглi ўтрымлiваць вялiкiя.
У некаторыя днi, калi "гарадок" быў даступны грамадскасцi, я хадзiла туды на шпацыр. Нейкая тагасветная цiшыня панавала сярод вiлаў, пастаянным альбо часовым жыхарам якiх службовая рэгулiроўка давала неабыякую палёгку ад гарадскога траспарту. Але толькi цiшыня, толькi яна вабiла мяне туды. Нейкай дражлiвай нерэальнасцю несла ад старых i новых дамоў, ад стэрыльных, усюды аднолькавых рабатак з кветкамi у гародчыках, ад голых мачтаў пад сцягi каля ганкаў. А нямногiя прахожыя гаварылi неяк прышаптам. Жыхароў не вiдаць, толькi сюд-туд зрэдзь часу стрэнеш каторага, i тое калi выязджае на машыне з гаража альбо наадварот -- калi заязджае; i нiколi -- каб дзiця якое бавiлася ў садку. Кожны, хто тут жыў, заставаўся безымянны старонняму воку; i толькi iмёны на бронзавых плiтах былi тымi iмёнамi, якiя раней след было шукаць на дамах. Адно некалькi ўкормленых, даверлiвых катоў сям-там шукалi знаёмства з чужымi людзьмi, якiя тут тусавалiся. Сядзiць сабе на якiм каменным выступе цi на плоце i лянiва, нудотлiва чакае, даецца пагладзiць, а то нават iдзе за чалавекам колькi там метраў ягонай дарогi. Месца, здзiчэла-пустое, як горад залатых магiльнiц. Толькi бразнуць сяды-тады ветрам якая фортка цi дзверы. Парадак трымаўся як бы рукою духа, быццам тыя, каго тут ужо не было, быццам яны ўсё-такi былi.
***
Пераходзячы вулiцу Цiхую, я заўважыла каля Берэнбаўмавага дома дзве машыны: вялiкую, чорную, каля якое стаяў шафёр i курыў цыгарэту, i кармазынава-чырвоную, сына Берэнбаўма. Мiхаэль Берэнбаўм з бледным аскетычным тварам, на якiм мяне заўсёды ўражвалi шэрыя вочы, якiмi ён заўсёды глядзеў проста на субяседнiка i нiколi не наўскаса, не адводзiў, i якiя кожны раз, калi ён акiдаў мяне нерухомым, застылым позiркам, змушалi мяне думаць пра невiдушчыя альбо ўстаўленыя вочы. Я сустракала яго каля Берэнбаўмавага дома чатыры - пяць разоў, не больш, не больш i ведала, а толькi таго i ведала, што ён быў армейскi афiцэр, што бацька зваў яго Мiшам i што ў яго самога быў вельмi падобны на яго маўклiвы сын, якога звалi Штэфан. Мiхаэля Берэнбаўма я нiколi не бачыла ў форме i, сустрэнь ён мяне на вулiцы, хутчэй прыняла б яго за патолага цi святара, чым за вайскоўца.
Я павольна пайшла далей, павярнуўшы галаву направа, дзе стаяў дом Берэнбаўма, якi цяпер ужо не быў ягоны дом, вулiца Цiхая нумар шэсць. Я нiчога не адчувала. Я магла думаць, што смерць Берэнбаўма дасць мне палёгку; што нейкая простая жывая справядлiвасць была ў ягонай смерцi i ў тым, што выжыла я,-- я магла думаць пра гэта, нiчога не адчуваючы. У мяне замерзлi рукi, бо я забылася дома пальчаткi i таму што сцяблiны фрэзiй былi ўсё яшчэ мокрыя. Можа, ён зусiм i не любiў фрэзiй. У яго раслi ружы. Усе старыя людзi гадуюць ружы, калi толькi маюць якi гародчык. Чаму, думала я, чаму гадуюць i чаму канечне iм ружы.
З аматарам ружаў Берэнбаўмам я пазнаёмiлася ў кавярнi, дзе гарачымi днямi часта сядзела на тэрасе, лепей за ўсё калi познiм папалуднем, гэта ўжо калi аўтобусы i трамваi звозiлi людзей з кантораў i фабрык. Кавярня была паблiзу адразу некалькiх прыпынкаў, i дарогi многiх пасажыраў вялi якраз цераз палосы на бруку перад тэрасай. Многiх за шмат гадоў я так добра ўведала, што пазнавала здалёк па паходцы, па вопратцы. Кожнае вясны я з цiкаўнасцю шукала перамены, якую можна было б адкрыць у маiх тайных знаёмых: жанчыны цяжаралi, тая-iншая вось ужо вядзецца пад ручку другiм мужчынам; сем'i за зiму завялiся сабачкамi. Некаторых я ўжо больш i не бачыла-- альбо папераязджалi, альбо ж i паўмiралi, а можа, каторы ў турме.
Берэнбаўма я ўжо некалькi разоў бачыла, не ведаючы, хто ён. Ён глянуўся мне сваёй хадою -- такi кароткi крок, як бы выкiнуты толькi з калена i на ўвесь ступак, так ходзяць, як я часта зазначала, старыя мужчыны, пра якiх думала, што яны так прызвычаiлiся хадзiць з маладых гадоў, упэўнена i, як казала мая мама, хадзiць васпанам; мужчыны-- начальнiкамi над iншымi людзьмi, начальнiкi-ўрачы, альбо шэф-касiры, альбо шэф-iнжэнеры, увогуле начальнiкi, шэфы, якiх так называюць падначаленыя цi ў сям'i. Мужчынам, якiя ў веку, калi хадзьба iм даецца цяжка, не дужа хочацца шаркаць нагамi па бруку, яны з апошнiх сiл сваiх спруцянелых касцей гнуць каленi, каб падняць нагу i паставiць яе на зямлю на некалькi сантыметраў далей.
Гэтакiм вось крокам, якi наводзiў на падазрэннi пра яго мiнулае, Берэнбаўм павольна наблiзiўся, з газетай падпахай, да кавярнi, калi я летась познiм летам сядзела там, пiла чай з лiмонам, робячы выгляд, што чытаю кнiгу. Ён спынiўся ў дзвярах, агледзеўся i падышоў да мяне, хоць у правым кутку быў вольны столiк, i папрасiўся падсесцi. Яшчэ да таго я некалькi разоў змецiла, як ён шукаў зачэпкi пагаварыць з незнаёмымi людзьмi. Мабыць, таму толькi ён i зайшоў у кавярню, каб пагутарыць з кiм-небудзь, прычым я адзначыла, што часцей за ўсё сваiх юных субяседнiкаў ён за некалькi хвiлiн рабiў слухачамi i тыя з бездапаможнай усмешкай абшалопаных дурняў аддавалiся нястрымнай плынi яго настойлiвых, энергiчных жэстаў i слоў.
Мне было цiкава, якiм жа пад'ездам ён паспрабуе завесцi гутарку са мною, i рашыла, як змагу, ускладнiць яму задачу, дэманстратыўна водзячы вачыма па радках кнiгi, якую я нiбыта чытала, гартала старонкi, не ўспрымаючы нiчога, апрача мiльгатання лiтар. Усю сваю ўвагу, апрача вачэй, я скiравала на мужчыну за столiкам, якi хватка трымаў мяне ў полi зроку, каб, як толькi я адвяду вочы, тут жа i застукаць мяне.
Ён заказаў у кельнера порцыю яблычнага торту з узбiтай смятанкай, ягоная газета ляжала на стале нечапаная. Чым даўжэй трывала памiж намi маўчанне, тым настойлiвей чулася мне ягонае пытанне,-- чаму я ўхiляюся гаварыць з iм, аж пакуль нарэшце я i сама перастала разумець, чаго я так зацялася перад старым чалавекам, калi мяне i самую разбiрала цiкаўнасць. Мне ён здаўся несiмпатычным з яго рэзкiмi, як бы загнутымi куточкамi вуснаў, ад чаго губы здавалiся заключанымi ў коскi, з кусцiстымi брывамi над вачыма, выраз якiх мне здаўся непранiкальным i няздольным на здзiўленне, адразу, як толькi я ўбачыла гэтага чалавека.
Таму, што чалавек мне не спадабаўся, я не надала вялiкага значэння--ат! Усе стырыя былi мне амаль заўсёды несiмпатычныя, i з тых нямногiх ласкаўцаў, якiх я сустракала ў сваiм жыццi, я ўспамiнала толькi асобных. Мая антыпатыя падагравалася пэўнымi аптычнымi i акустычнымi сiгналамi, да якiх адносiлася i гэтая тупаткая паходка, якая ўскосна ўказвала на колiшнюю значнасць гэтага чалавека, шумная жыццярадаснасць у абыходзе з абслужнымi групамi прафесiй, такiмi як прадаўшчыцы, кельнеры, якiм, як дварнякам костка, падкiдаецца фальшывым голасам востранькi жарцiк, пра ягоную жонку i пра многа грошай, якiх яна са сваёй транжырскай пахапнасцю яму, хто так дабрадушлiва i ахвотна плацiць, цэлае жыццё каштавала; нядбалая даверлiвасць, да якой сцiшаўся голас, калi я жанчына казала "ну добра-такi", а ён, той даверлiвец, адвёўшы ўбок вочы, клаў на край стала вялiкую банкноту. Мая агiда да такiх i падобных сiмптомаў мужчынскай старэчасцi перарастала ў варожасць, калi вуха чула скрыпучы, бурклiвы тон, у якiм мяшалiся дзiцячая разнюненасць з "законным" правам на раздражненне. Гэтакi тон мог выклiкаць у мяне пачуццё неакiлзальнай нянавiсцi. Нават калi яго прычыннiк быў мне варожы i тон ягоны не пасаваў мне, я павiнна была стрымлiвацца, каб па-дзiцячы не перадражнiваць яго. I ўсё-такi адзiн раз такое здарылася. У нейкiм трамваi адзiн стары чалавек пагаўкаўся са сваёю старою жонкаю, якую ён вiнавацiў за дарожныя мардаваннi. I ўсё ныў i ныў i ўсё нечагась бурчаў i сьлiнiў скрыпучым перацiснутым голасам як бы сам сабе пад нос, тым часам як жонка тупа стаяла каля яго, таропка зiркаючы з-пад паўапушчаных павек па баках -- цi чуюць пасажыры ягоныя варызгi. А мужчына ўсё нудзiў i нудзiў сваё, пакiдаючы памiж сказамi столькi месца i часу жонцы ўтачыцца са сваiмi ўпоперкамi, калi б яны былi дома на кухнi i калi б пiкантнасць сiтуацыi не замкнула старой жанчыне рот. Але мужчына, здавалася, ведаў , чым жонка магла б яму падшпiлiць у iншых умовах, i таму прымаў замоўчаныя агрызаннi як прамоўленыя, што яшчэ больш падбухторвала ягоны запал i гнеў.
Я стаяла за iм i ясна адчувала, як яго набрынялае шалам цела скаланала паветра памiж намi, i хвалi яго спачатку краналi маю скуру, пасля пранiкалi ў плоць, даставалiся аж да сэрца, якое ад раптоўнага абурэння падвоiла свае штуршкi, расшумiла кроў i пагнала яе па жылах, аж я магла пачуць, як яна забрадзiла, заброiла за барабаннымi перапонкамi. I як толькi чужая злосць прасачылася ў мяне, яна ж i памкнулася з мяне вонкi скрыпучым звяглiвым голасам мужчыны. Каб жа ж я ведала, каб жа ж я ведала, як папугай, паўтарала я апошнi ягоны сказ, спалохалася свайго чужога голасу i схавала, як толькi мужчына i жанчына недаўмёна азiрнулiся на мяне, толькi што сказаныя словы за натужаны кашаль.
Кельнер прынёс яблычнага торту i каву. Я закурыла цыгарэту, на хвiлiну нейкую як бы выпадкова i вымушана вызвалiўшы свае вочы ўчэплiваму старому. Як я i чакала, гэтага беглага позiрку яму хапiла, каб адарваць мяне ад далейшага чытання.
Ён адразу спытаўся, цi цiкавая кнiга, якую я чытала, i калi я адказала адмоўна, яму закарцела дапытацца, чаго ж я так уелася ў яе. Я адказала, што не люблю гэтага аўтара, i тым самым як бы ўхiляюся ад канстатацыi, што чалавеку зноў такi трошкi не патрафiла, -- не люблю за недастатковую эстэтычную асалоду ад чытання.
Не паспела я па ягоным твары пазнаць, цi падзяляе ён маю ацэнку аўтара, як ён пачаў са смакам спажываць свой торт, прычым мне кiнулася ў вочы, што карыстаўся ён толькi левай рукой, тым часам як правую звесiў, так што рука была схавана ад мяне за абрусам.
Цi не займаюся я лiтаратурай прафесiйна, спытаўся.
Не, адказала я.
Цi не мог бы ён пыпытацца, чым жа я займаюся прафесiйна.
Папытацца можаце, сказала я, i нават намерылася сказаць яму праўду, толькi наўрад цi дагадзiла б яго цiкаўнасцi. У гэтым сэнсе я цяпер без прафесii, а жыла з друкавання i iншых службовых умельстваў, якiя не патрабавалi ад маёй галавы спецыяльнай разумовай працы. Гэта, здаецца, зацiкавiла яго. Альбо разварушыла ягоны недавер. Ен глытаў свой яблычны торт i пры гэтым сачыў за мною. Я чакала, што ён зноў задасць пытанне, а як што ён усё ж маўчаў, пачала я сама, нават таго не жадаючы, тлумачыць, што было закладзена ў маiх словах. Пэўныя падзеi ў маiм жэыццi, сказала я, пераканалi мяне, што гэта ганьба, мыслiць за грошы, а ў больш высокiм сэнсе гэта нават забаронена.
***
Недзе з паўгода таму назад ува мне сапраўды ўзышло з начы маё веданне i стала ранiцай неаглядна, як сонца на небе майго банальнага iснавання, i я пыталася самая ў сябе, дзе яно было раней, дзе магло хавацца; усведамленне, бачанне таго, што я кажнюткi божы дзень насiла маё адзiнае жыццё ў Барабасаву даследчую кантору, як кухонныя адкiды ў бачок са смеццем. Увечары я сустрэла адаго з тых катоў, якiя жывуць у садовым квартале нашых блочных дамоў, iх там шэсць--сем, чорна-белых плямаватых катоў, чыя недагледжаная здзiчэласць абвастралася ў той меры, у якой чорныя плямы на iх мордах асацыiравалiся з маскай злосцi. У аднаго была пляма над вокам, i кот быў падобны на вулiчнага панажоўшчыка. Кот быў худзюшчы i палахлiва-насцярожаны, поўсць запылена жоўтым попелам з бачкоў, дзе ён шукаў сабе пракорму; у другога плямы над абодвума вачамi, i кот нагадваў мядзведзя панду. Гэты быў любiмец вулiцы i больш вылежваўся пад адчыненым акном кухнi ў пiўнушцы-кнайпе на рагу вулiцы, адкуль кухар час-парою выкiдаў кавалак мяса цi рыбы. Ката, падобнага на мядзведзя панда, я сустрэла, калi вярталася дахаты з Барабасавай даследнi. У кнайпе быў выхадны, i кот, яўна галодны, iшоў за мною аж да самай кватэры. Я дробна нарэзала некалькi сасiсак, налiла ў мiсачку малака i ўсё гэта выставiла яму на кухнi. Ён спакойна з'еў, выхлябтаў малако, некалькi разоў удзячна пацёрся аб мае ногi i потым сеў перад дзьвярмi i не зводзiў вачэй з клямкi, пакуль я не адчынiла.
Сасiскi былi мне на вячэру. У халадзiльнiку ляжалi яшчэ толькi два лiмоны i завязь лiвернай каўбасы. Хлеб зацвiў, а крамы ўжо пазачыняныя. Я знайшла кубiк бульёну i макароны, з чаго i згатавала сабе суп. Хутчэй з легкадумнай прывычкi чым сур'ёзна я падумала, што лепш бы я была кошка. Так думала-мроiла, гатуючы суп: лепш бы я была сапраўдная кошка, чым жыла гэтым занудным сабачым жыцём, прамышляла б сабе ежу, ветлiва дзякавала б, а тады iшла б да сваiх i рабiла б, што набяжыць пад ахвотку. Я выглянула ў кухоннае акно. Шэсць чорна-белых катоў сядзелi кружком на газоне i глядзелi адзiн на аднаго. Мабыць, у гэтым быў нейкi iхнi сэнс.
Яны сядзелi там дзеля нiчога. Калi я сядзела ў сваiм васьмiметровым пакойчыку ў Барабасавай канторы i пераконвала сябе, што цiкаўлюся другой партыйнай канферэнцыяй саксонскiх камунiстаў у 1919 годзе, дык жа я сядзела там за грошы. За грошы партыйная канферэнцыя мусiла мяне цiкавiць, а як жа; грашмi ж я плацiла за сасiскi, якiя скармiла кату, каб ён мог пасля пасядзець увечары на газоне дзеля нiчога, толькi за само гэта сядзенне, тым часам як я сядзела за кухонным акном адна, хлябтала перасолены суп, а заўтра ранiцай, роўна пяць хвiлiн на восьмую, зноў выйду з гэтага дома, каб ад без чвэрцi восем да семнаццацi ў Барабасавай канторы пад наглядам самога Барабаса i ягоных кнэхтаў мыслiць за грошы. Усё тое, што я напачатку думала сама сабе неўсвяломлена, неахвотна i безуважна -- трэбы быць кошкай,-- аказалася, як толькi я аддалася поцягу гэтага ўяўлення, шчырай праўдай абуральнай абсурднасцi. Кожны дзень я замыкала сябе дабравольна ў памяшканнi, якое сваiмi памерамi больш нагадвала турэмную камеру, якую мне выдзелiлi гэтак сама, як i сферу, якой я павiнна была прысвячаць восем гадзiн маёй мазгавой дзейнасцi штодня. Яны, калега Палькоўскi, адведзены вам на асэнсаванне развiцця пралетарскага руху ў Саксонii i Цюрынгii, сказаў Барабас, калi я пятнаццаць гадоў таму назад упершыню ссядзела перад iм за ягоным пiсьмовым сталом. Так яно было: не мне была выдзелена сфера дзейнасцi, а я ёй i памяшканню. Калi б я памерла, дык i тая сфера i пакой засталiся б, як яны былi i да мяне; iм быў бы адведзены нехта iншы, якi, як i я, меў бы адну толькi здольнасць, якая адрознiвала б яго ад ката, здольнасць да абстрактнага мыслення ў абмежаванай сферы, каб за грошы, якiя яму за гэта плацiцьмуць, забяспечыць сваё крэатурнае, толькi вельмi малачым адметнае ад кацiнага жыццё.
Калi б я магла не належаць да тых, каму гэта наканавана ў сне воляй Божай, я б хацела, каб пры мне захавалася хоць бы тое, што мяне адрознiвала. Як я дайшла, свабодна народжаны чалавек, да таго, каб падпарадкаваць сябе на ўсё жыццё менавiта нейкаму Барабасу, звычайнаму, шэрага памолу бацьку сямейства, паклiкаць якога на функцыянаванне мог толькi яго недаразвiты дух супярэчлiвасцi, звязаны з дэспатычнай педантнасцю. Я нiбыта адначасова глядзела два фiльмы па тэлебачаннi: вестэрн i крымiнальтную серыю, папераменна, зноў i зноў; калi па экране прабягаў звер, я думала пра ката i пра тое, якiя перавагi i выгоды давала яму ягонае кашэчае жыццё ў параўнаннi з маiм. Усё гаварыла за ката, на яго карысць. Ноч абняла мяне як гуканепранiкальны бункер. Нiхто не хацеў загаварыць са мною да ранiцы, i нiхто не хацеў каб я загаварыла з iм. Мяне чакалi мой пакой i мая сфера ў мораку Барабасавай даследчай канторы. Анiшто ў маiм жыццi не здавалася мне разумным.
Ранiцай я не ўстала. Засталася ляжаць, глядзела, як сонца падымалася над нашай вулiцай i прадзiралася праз густое лiстоўе дрэў за акном, аж да маёй падушкi. Я пасунулася галавою на сонечную пляму i заплюшчыла вочы. Я бачыла сваю кроў у павеках, такую чырвоную, як кроў кацiную. Павольна, як бы знехаця, ў маёй галаве сфармулявалася рашэнне: я больш не буду мыслiць за грошы. Рэшту дня я правяла ў ложку.
***
Стары чалавек заблакiраваў сабе рот кавалкам яблычнага торту, што мяне дужа здзiвiла, бо ж я пакуль што ўспрымала яго толькi як гаваруна, а не як слухача. Я зазлавалася, так хутка страцiўшы перавагi сваёй пазiцыi, хоць i ведала небяспеку, якая iдзе ад такiх старых катоў, як гэты. Я заўсёды рэзка адсякала ўсё тое, чаго яны ад мяне спадзявалiся, раней чым яны знаходзiлi нагоду i зачэпку падступiцца з прапановамi. Гэта была адна з прычын, вiдаць, самая важная, чаму яны мяне цуралiся. А гэты адкiнуўся назад, прыплюшчыў павекi, нiбы хацеў пагрэцца. Гэта была поза, у якой ён разважаў, гэта я зразумела пазней. Я ўзялася за кнiгу.
Пачакайце, сказаў ён i зноў павярнуўся да мяне, я ўжо гаварыў з многiмi маладымi людзьмi, але такой нязвыклiны мне яшчэ не казалi.
Я не маладая, сказала я.
Можа яно i так, сказаў ён, але ў параўнаннi са мною Вы маладая.
Усё праўда, i ў ягоным узросце, лiчыла я, ён смела мог бы не зважаць на мае несамалюбныя самаацэнкi.
Вы, значыцца, мыслiце не за грошы, але ж Вы мыслiце. А да таго Вы зараблялi свае грошы мысленнем, спытаў ён i, хоць пастараўся надаць свайму голасу абыякавасцi, не здолеў прыхаваць, што ўсё-такi раптам пацэлiў.
Я кiўнула, i, перш чым ён паспеў запярэчыць, спыталася ў яго, чым жа ён сам зарабляў свае грошы. Альбо, можа, усё яшчэ зарабляе, дадала я з ветлiвасцi.
Ужо сорак гадоў, як толькi працай, сказаў ён, i пры апошнiх словах некалькi разоў моцна пастукаў костачкамi пальцаў сабе па лобе.
Я давярала сваёй здольнасцi чытаць па рысах твару i жэстах людзей. Што да гэтага чалавека, у мяне даўно ўжо выспела падазрэнне, яшчэ раней падагрэтае ягонай адмысловай паходкай i нейкай неспатольнай прагай загаворваць з маладымi людзьмi. Яго рукi -- я ўжо зазначыла, што правая была не падобная на левую, якая ляжала на стале,-- умацавалi мяне ў маiм падазрэннi: вялiкiя рукi давалi магчымасць дапусцiць, што яшчэ ў фазе росту яны каменне варочалi i сякерай працавалi, але iм ужо даўным даўно не даручалi нiякiх грубых функцый, так што iх сiлавая, мышачная анатомiя стварала для мяне прыкметны, правакацыйны для фантазii кантраст з далiкатнай, хай сабе i прывялай скурай. Найперш мяне iнспiраваў яго твар, а на iм даверлiвы i гэтакi ж падазроны выраз, якi, калi пагадзiцца з думкай, што носьбiт гэтага твару чалавек добры, горды, самаўпэўнены i валявы,-- з другога боку сведчыў за чалавека грунтоўнага i абмежаванага. Да таго ж стомленасць памiж вачыма i падбародкам, якая, здавалася, была памечана не так старасцю, як агiдай i ўпарцiстай зацятасцю.
Людзей з такiм тварам я сустракала на кожнай фазе свайго жыцця. Такi самы твар быў i ў майго бацькi. Я была амаль пэўная за сябе i сваю праўду. Гэта падбадзёрвала мяне, скарыстаўшыся маiмi падыспаднымi ведамi пра старога, зняпэўнiць яго i такiм чынам без барацьбы прымусiць здаць свае перавагi ў нашай гаворцы, якiя дала яму мая заўсёдная няёмкасць у паводзiнах i гутарках са старымi людзьмi, i ўжо на такiх роўных умовах няхай будзе зноў ваяўнiчы. Можна, я адгадаю вашу бiяграфiю, спыталася я. Ён здзiвiўся. Але ж, калi ласка, калi Вам даспадобы дазволiць сабе гэта.
Калi збольшага, сказала я, магчыма, дзiця рабочага, мацi -- хатняя гаспадыня. Народная школа. Набытая прафесiя токара альбо муляра, магчыма, нават цесляра. У васемнаццаць альбо дзевятнаццаць гадоў уступiлi ў камунiстычную партыю. Пасля 33-га -- эмiграцыя альбо канцлагер. Не, канцлагер не, падумала я, у ягоным твары няма канчатковай iрытацыi, якую я заўважала ў тварах iншых, што выжылi. Магчыма эмiграцыя, сказала я. Ён не здаваўся мне падобным на тых, якiя ператрывалi ўсё ў Францыi цi Амерыцы, тыя глядзяцца iнакш. Альбо яны яшчэ раней выглядалi iнакш, альбо гэта ў iх праз iхняе ўнутранае трыванне. Чалавека з-за майго столiка я сялiла ў Маскве, магчыма, нават у слынным гатэлi Люкс, якi стаўся сiмвалам маскоўскай гасцiннасцi камунiстам з усяго свету, а многiм з iх i смяротнай пасткай. Эмiграцыя ў Савецкi Саюз, сказала я, часовае размяшчэнне ў гатэлi Люкс. 1945 год -- вяртанне. Пасля гэтага важныя функцыi, дзеля якiх Вы былi патрэбны партыi.
Калi я згадала пра гатэль Люкс, ён усмiхнуўся, нiбыта заспеў мяне на махлярстве. Вы ведаеце, хто я такi, сказаў ён ганарлiва альбо расчаравана.
Я пабажылася, што не ведала i не ведаю пра яго нiчога, апрача таго, што ён паведамiў мне сам сваiм з'яўленнем, але, як што ён не мог даць веры аж такой маёй празорлiвасцi, не здолела прытушыць ягонага сумненя. Зрэшты, я памылiлася ў адным пункце, сказаў ён, не ў васемнаццаць альбо дзевятнаццаць гадоў стаў камунiстам, а ў семнаццаць.
Неяк зласнавата ён узяўся за вiдэлец, каб прыбраць з талеркi апошнiя кавалачкi яблычнага торту. Альбо ён думаў, што я прымала яго за дурня, альбо пачуўся несамавiта з таго, што не мог растлумачыць сабе майго сцiплага ведання ягонай бiяГрафii. Але хоць я цяпер мела над iм неаспрэчную перавагау, мне не ўдалося, вызначыць правiлы гульнi. Яму было прыкра, i я мусiла зрабiць нейкi крок да прымiрэння, калi толькi хацела даведацца, чаму гэты чалавек загадзя дапускаў магчымасць сваёй вядомасцi. Я адважылася на адкрытае пытанне, заклiкаўшы сабе ў падтрымку шчырую ўсмешку i шчыры настрой. А цi не мог бы ён, будучы яўна асобай шырокавядомай, зрабiць ласку i раскрыць сваю iдэнтычнасць, спыталася я, як што ў магii я тупая дылетантка, якой сапраўдныя таямнiцы недаступныя.
Ён адклаў вiдэлец, адкiнуўся i сказаў, не без пераможнага бляску ў вачах: мяне завуць Берэнбаўм, Герберт Берэнбаўм.
Прафесар Герберт Берэнбаўм, перапытала я.
Замест адказу, ён працягнуў мне вiзiтоўку. Ён шукае на два днi штотыднёва пiшучую рабочую сiлу, гарантуе поўную адсутнасць працы мазгавой, плацiць можа пяцьсот марак у месяц. Ён быў бы рады, калi б я згадзiлася. Ён мае заданне напiсаць мемуары, i я сама ўбачыла б... Ён дастаў сваю правую руку са схову, яна бязвольна дрыжала ў суглобах. Пасля адлiчыў на стол грошы за яблычны торт, смятану i каву i выйшаў. Што яго штурхнула зрабiць мне такую прапанову, можа, мая заява, што я не хачу больш мыслiць за грошы, альбо, можа, маё загадкавае веданне пэўных акалiчнасцяў ягонага жыцця, гэтага я i пазней не магла нiчым патлумачыць.
Адных толькi грашовых цяжкасцяў было недастаткова, каб здаць сябе пад юрысдыкцыю Берэнбаўму ў якасцi замены яго дрыгатлiвай правай рукi i служыць яму, гэтаму прафесару Берэнбаўму, якi яшчэ тры гады таму назад быў магутным чалавекам у лагеры iншых магутаў, пра якога пошаптам казалi, быццам ён сваiм часам -- i то быў сапраўды ягоны час -- вызначыўся як блiскучы рыторык i непахiсны сталiнiст. Хоць я i дапускала, што ўзрост i бег часу злагодзiлi ягоныя погляды, што як рыторыка, так i слiзiстая ягонага горла тым часам добра падсохлi, а непахiснасць разам з прасалелым хрыбетнiкам стала крохкая i паддатная, так i вялiкая ўлада па меры вымiрання яго непахiснага пакалення паступова адыходзiла ў нябыт. Але тым не меней ён заставаўся Берэнбаўмам, i я пыталася ў сябе, што ж такi рухала iм, калi ён наважыўся даверыць такую адказную працу менавiта мне. Ясна ж, нiякiх праблем з пiсальнай рабочай сiлай у яго не было, ён мог узяць сабе з любога iнстытута каго хацеў, нават аплачваць мог не сам. Чаму ж акурат я, якая канчаткова адышла ад свету карыснасцi i мэтазгоднасцi, чаму я павiнна сваёй рукою запiсваць ягоныя ўспамiны.
Магчыма, гэта была натура палемiчная, чалавек, думкi якога артыкулявалi не па яго волi, а толькi ў сутыкненнi з думкамi iншых людзей i ён спадзяваўся, што я паслужуся яму люстрам ў яго фехтавальнай зале, такiм, ведаеце, тарэра, якi, памахваючы чырвонай мантыльяй, будзе выбрыкваць, вытанцоўвацца перад iм i развярэджваць у iм бычыную ятру; i ён, калi заўважыў, што я не мерылася нi люстраваць яго, нi выдыгацца перад iм, мог бы з большай карысцю прыстроiць свае пяцьсот марак i абысцiся фiнансаванай за дзяржаўны кошт сакратаркай. Альбо ж на чалавека найшло, i ён хацеў быць добрым. Але нават не прававерны хрысцiянiн, якi спадзяецца на збавенне праз добрыя чыны, а тым больш не такi атэiст, як Берэнбаўм, мог дапусцiць, што гэта будзе добры чын, калi ён за пяцьсот марак у месяц зафрахтуе мяне, якая ў ягоных вачах была нiхто i нiшто анiякае.
***
Пахаванне Берэнбаўма было назначана на дзве гадзiны дня. Было холадна i я пайшла подбегам i ўжо за чвэрць гадзiны да часу стаяла каля брамы могiльнiка. Групкi старых людзей з вянкамi са штучных кветак цi букецiкамi ў руках, сцякалiся па алеi да каплiцы. Стомленае, старанемачнае шэсце ў гонар Берэнбаўма. Я была б радая правесцi рэшту часу за могiлкамi, каб уберагчыся ад датклiвага прыгнечання, якое сыходзiць ад людзей, што чакаюць жалобы. Дарога жальбы ў нiвеч, на якой не ўгледзiш нiчога апрача доўгага мура, якi канчаўся толькi там, дзе сама дарога правiльным вуглом паварочвала ў Шэнгольц i дзе кавалак другога, адзiнага, сапраўднага мура рэзка падымаўся абапал i праз некалькi сотняў метраў губляўся за фасадамi дамоў. Я доўга думала, цi iсцi мне на пахаванне, цi не можа быць успрынята мая прысутнасць там як недарэчнасць альбо нават як правакацыя, i якiя ёсць на тое падставы, каб мець да мяне такiя падазрэннi.
Яшчэ год таму назад я не ведала гэтага чалавека, толькi яго iмя, як i iншыя iмёны, якiя часта мiльгалi ў газетах. А потым ён уварваўся ў маё жыццё, як пошасць якая. Трэба было развiтацца. Я нават у бальнiцы наведала яго, бо спадзявалася, што хоць у апошнюю хвiлiну ўдасца згладзiць памiж iм i мною жахлiвае, патушыць як непаразуменне. Берэнбаўм жыў у спецквартале, яго i пахавалi на спецдзялянцы могiлак, i ўжо ж натуральна ляжаў ён у адмысловай, зачыненай для звычайных людзей спецбальнiцы, у якой нават не смярдзела бальнiцай. Вакол яго ложка паставiлi на паўроста рашотку. За ёю, як у дзiцячым манежыку, ляжаў высахлы, скамячаны Берэнбаўм; ужо i не так чалавек, як яго зношаны матэрыял: жэлепадобная субстанцыя запалых вачэй, пергаментная скура, ужо адсталая ад плоцi, сiнiя жылы на празрыстых скронях, косцi чэрапа, якiя выпiралi пад завялай скурай i ўжо больш удавалi твар самой смерцi, чым той, што належаў Берэнбаўму пры жыццi. У яго дасталi штучную скiвiцу, магчыма, каб ён у выпадку магчымай страты прытомнасцi не ўдавiўся ёю. Ён спрабаваў усмiхнуцца сваiмi запалымi ў рот губамi, калi я паклала кветкi на начны столiк. Ён ледзьве ўжо жыў, i было немагчыма ненавiдзець яго.
Я хацела прысесцi на крэсла каля яго ложка, але ён паляпаў далоняй па краi ложка i прабулькатаў горлам фразу, якая магла азначаць толькi адно: падыдзi сюды. Я падумала, што i ён хацеў развiтацца ў замiр'i, i адчула палёгку. Баючыся спрычынiць боль гэтаму хвораму целу хай самай нязначнай неасцярожнасцю, я падсела на краёк ложка. Мне вельмi шкада, сказала я, што я так моцна дачынiлася да клопатаў ягонага жыцця за тыя месяцы, калi мы былi знаёмыя. Колькi ночаў не спала, перажываючы, што i я нечым вiнаватая ў ягоным iнфаркце. Але тут я схлусiла. Бо анi хвiлiны не няспала праз яго. У гэты момант мне было сорамна за гэта. У гэтую хвiлiну я забрала назад усё, што з садысцкай асалодай i зацятасцю закiдала яму раней -- разню ў гатэлi Люкс, ачмурэнне ўладаю высока ўзнесеных пралетарскiх чадаў, iх страх перад усiм, чаго яны не маглi зразумець i таму забаранялi. Кожны дакор, кожны закiд цяпер, калi ён памiраў, я забрала б назад дзеля прымiрэнчага развiтання. Калi б раптам не Берэнбаўмава рука, якая пацягнулася да мяне, як прагны беласкуры звер.
З акна ахоўнай вежы, што ўзвышалася за мурам, салдат глядзеў у бiнокль у мой бок. Я адчула, што за мною назiраюць, i адвярнулася. А перад могiлкамi тым часам прыпаркавалася нешта з дваццаць-трыццаць машын, сярод iх некалькi чорных лiмузiнаў i камазынава-чырвонае аўто Мiхаэля Берэнбаўма. Я забаранiла сабе думаць пра Берэнбаўмаву руку. Я была тут, бо мне трэба было развiтацца, бо я хацела ведаць, што ён сапраўды пахаваны i дэматэрыялiзаваўся з гэтага свету. Я павiнна была ведаць, цi паплача хто па iм, i хто б гэта быў, хто па iм паплача.
***
На лета я сабе шмат чаго запланавала, але нi ў чым не паспела. Пiянiна стаяла ў куце, грацыёзна i без толку. А кожны ж дзень я садзiлася за яго, падымала века, iграла "сабачы" вальс, у дзве рукi, але толькi першую трацiну, i зноў зачыняла века. Гэта было пiянiна, якое Граф у думках сваiх падараваў сваёй нявесце Цугiко i якое вось ужо пяць гадоў, захутанае ў простынi, аддадзенае ўладзе тэмпературных i вiльготнасных перападаў вугальнага склепа, пакуль Граф, два гады без вестак з Кiота, а таму i без усякай надзеi на прыезд Цугiко i на свой шлюб з ёю, не рашыўся перадаць iнструмент мне ў карыстанне. Толькi на той выпадак, калi Цугiко з добрага дзiва ўсё-такi азавецца,--пры гэтаў думцы Графу перахапiла голас,-- цяпер, я б ужо ведала, толькi ў гэтым выпадку ён мусiў бы папрасiць мяне, аддаць яму пiянiна назад.
Да вялiкiх няспраўджаных хаценняў майго дзяцiнства належала пiянiна, але, праўда, не так само, як найперш здольнасць iграць на iм. Паколькi я, з таго часу як назаўсёды пакiнула iнстытут Барабаса, ужо мела поўную волю над часам майго жыцця, дык паставiла сабе за мэту навучыцца на пiянiна, наколькi мне мой узрост i мой, як я апасалася, мiзэрны талент дазволяць гэта. За два паверхi над мною жыла Тэкля Фляйшэр, дзяржаўна праэкзаменаваная настаўнiца-пiянiстка, жанчына няпэўнага ўзросту i гэтакай самай няпэўнай, бо ўвесь час задрапiраванай шырокiмi палотнамi, гiстарычнай элегантнасцi i карпуленцыi. За дзесяць гадоў, якiя я ведала яе, Тэклiн твар не панёс нiякiх страт, не прывяла яе манаская маладосць, толькi шкельцы акуляраў на вечна вiльготных вачах з гадамi патаўшчэлi. Але гэтым летам Тэкля Фляйшэр дзiвосным чынам змянiлася. Калi я сустрэла яе ў прысадах каля нашага дома, яна пад пралiўным дажджом крыкнула мне: якi сёння цудоўны дзень -- i кароткiм подбегам, як здавалася, у такт нейкай ранiшняй песеньцы праскакала мiма мяне. Тэкля Фляйшэр раптам пачала насiць вузкiя спаднiцы i нават джынсы, нiбыта ёй нехта сказаў, што самае прыгожае ў ёй -- шырокая тазабедранасць. Неўзабаве пасля гэтага яна зафундавала хiмiчную андуляцыю сваiм гладкiм валасам, якiя яна, колькi я ведала яе, заўсёды насiла безгустоўнай куклай, а цяпер вось русыя валасы ўздыбiлiся вакол галавы, як распушаны дзьмухавец. Тэкля Фляйшэр рабiла ўсё самае бязглуздае, што робяць людзi ў закаханасцi. Хоць я i не магла сабе ўявiць, якi такi кавалер мог бы спакусiцца панаднасцямi позняй дзявоцкасцi Тэклi Фляйшэр, усё ж яе пацешная, але i кранальная перамена магла быць растлумачана не чым iншым, як толькi тым, што нейкi рызыкант устрэмiўся ў яе жыццё, i я лiчыла нетактоўным засцiць яе шчасцю, калi адважуся папрасiць у яе навучыць мяне пачаткам iгры на фартэпiяна. Калi б я хацела толькi ўдасканалiцца i калi б магла сваёй iнтэрпрэтацыяй Бэтховенскай "Элiзы" альбо Лiставай "Крозы кахання" умацаваць яе ў светлых пачуццях, дык такая просьба магла б здацца мне нялiшняй. Але "Крошка Гансiк" альбо "Лiска, ты украла гуску" для кахання Тэклi Фляйшэр, якое, вiдаць, ёй першы раз перапала ў жыццi, былi б сапраўднай пыткай.
Акрамя таго гэтым летам я хацела заняцца рэчытатывамi з "Дона Джыаванi". Па радыё я чула, што "Дон Джыаванi" даецца на спевы толькi па-iтальянску, бо не было на той час добрага нямецкага перакладу, а рэчытатывы якраз i былi найбольшай праблемай, лiчылiся абсалютна неперакладнымi ў зададзеным музычным рытме. Гэта навяло мяне на iдэю самой звярнуцца да праблемы. Я не ведала iтальянскай мовы, не пераварвала опер, а пра рэчытатывы ведала толькi тое, якiя часткi оперы так называлiся. Дапусцiўшы, што ўсе людзi, якiя марна высiльвалiся ў перакладах рэчытатываў з "Дона Джыаванi", па-iтальянску ўсё-такi нешта ўмелi, былi экспертамi па операх Моцарта i ведалi ўсё чыста, што да рэчытатываў i iх неперакладальнасцi, мая непрадузятасць здалася мне шчаслiвай перадумовай да таго, каб, iдучы нязведаным шляхам, дамагчыся немагчымага. Пры гэтым я разлiчвала на свой талент дакладна улоўлiваць мелодыю мовы iншых людзей i вельмi пазнавальна пераймаць iх. Калi мне ўдасца зразумець iтальянскiя рэчытатывы у iх моўнай i музычнай увязцы як гукавае адзiнства, дык я, нягледзячы на ўсе правiлы i ўзоры, здолею знайсцi нямецкую адпаведнасць. Ну, а калi, як i мае папярэднiкi, пацярплю няўдачу, дык тады, прынамсi, буду прысвечана ў толькi нямногiм знаўцам даступную таямнiцу неперакладальнасцi рэчытатываў з "Дона Джыаванi". Як поспех так i няўдача здавалiся мне аднолькава вабнымi, тым болей што мая цiкавасць была выключна iгравой прыроды, несапсаваная прафесiйным славалюбствам альбо прымусам.
Яшчэ з ранняй вясны я пачала збiраць матэрыялы да працы, куды ўваходзiла гукавая пласцiнка ўсёй оперы, двухмоўнае лiбрэта, партытура i iтальянскi слоўнiк. Пад канец лета мне бракавала толькi партытуры, слоўнiка, iтальянскай рэдакцыi лiбрэта, нямецкае выданне я набыла ў букiнiста. Я магла б спытацца ў Бруна, ён ўсё ведаў пра Моцарта, ён мог нават амаль забытыя кампазiцыi, калi чуў iх па радыё, iдэнтыфiкаваць па некалькiх тактах, уключаючы рэгiстрацыю ў iндэксе Кёхэля. А як што Бруна трываць не мог "Дона Джыаванi" ў нямецкiм перакладзе, дык ён адразу ж, каб не параўноўваць тэксты, Фэльзэнштайн жа некалькi гадоў таму назад паставiў "Дона Джыаванi" на нямецкай мове i Бруна некалькi разоў пабываў на прадстаўленнi, з вялiкай верагоднасцю дапусцiў, што ў яго ёсць усё, што да гэтага твора, патрэбнае мне.
Але я не спыталася ў Бруна. Я не хацела псаваць сабе прыемнасць, а Бруна яе сапсаваў, гэта я ведала дакладна. Хоць ён i разумеў па-iтальянску, "Дона Джыаванi" ведаў напамяць, умеў чытаць партытуры i змалку граў на фартэпiяна, сам ён нiколi не адважваўся замахвацца на рэчытатывы з "Дона Джыаванi". Ён не толькi пагарджаў дылетантамi, ён лiчыў iх небяспечнымi. Баючыся зрабiцца дылетантам, Бруна абмежаваўся ў сваiх асалодах толькi ўспрыняццем i разуменнем. Ён пазбягаў нават пiсаць пiсьмы, бо кожнае напiсанае слова, як толькi i паколькi яно пераступае мяжу, устаноўленую для тэлеграм i анкетных графаў, патрабавала ў разуменнi Бруна лiтаральнага iх ужывання, гэта было патрабаванне, пакланяцца якому ён саромеўся, чым сам сябе i асудзiў на пiсальную паўстрымлiвасць. Акурат гэтак сама Бруна i не спяваў, нiколi не скакаў, i на ягоных нататных цэтлiках я нiколi не знаходзiла нiякiх пазнакаў, як гэта звычайна машынальна, пры поўнай адсутнасцi любых думак крэмзае большасць людзей падчас нудных паседжанняў альбо тэлефонных перамоваў.
Як толькi я ўдасведчыла Бруна ў свой план навучыцца iграць на фартэпiяна, ён схiлiў галаву на правы плячук i доўга глядзеў на мяне, нiбыта хацеў лепш спазнаць мяне сваiмi цяпер ужо вертыкальна пастаўленымi адно супроць другога вачыма. Тады зноў падняў галаву i ўздыхнуў: ах, Роза, шкада, што i ты такi чалавек, якi не разумее таго, чаго не спазнаў на сваёй скуры. Чаму ты проста не слухаеш фартэпiянныя канцэрты з Рубiнштэйнам цi Гленам Голдам, дык не ж, табе мусова самой ва ўсiм трэба пакалупацца. Табой завалодала чыстае жаданне ўласнiка. Чалавеку належыць толькi тое, што ў ягоных руках. Мей, замест разумей. Шкада, Роза.
Я магла сабе ўявiць, як Бруна пракаментуе мой наскок на рэчытатывы з "Дона Джыаванi", i рашыла лепей пачакаць спрыяльнага моманту, якi якраз патрэбен, каб пачаць маю працу.
Як што з фартэпiяннасцi i з рэчытатывамi з "Дона Джыаванi"ў мяне нiчога не скляпалася, я магла сканцэнтравацца на сваiм трэцiм праекце. На кнiжнай палiцы агнём гарэў чырвоны томiк твораў Эрнста Толера. Але не было таго дня, каб я адчула сябе дастаткова моцнай паставiць сабе нарэшце пытанне, якое я шмат гадоў таму назад вычытала ў Толера i якое тады, непрыкметна, як кухонны прусак, працiснулася ў звiлiны маiх мазгоў, дзе яно з таго часу, устiойлiва супроць усiх спробаў затруцiць яго, ўвесь час размнажалася.
Цi можа дзейная асоба стаць вiнаватай, заўсёды i ўсюды? Альбо, калi яна не хоча зрабiцца вiнаваатай,-- памерцi?
Я напаролася на Эрнста Толера, калi ў Барабасавай даследчай iнстытуцыi мелася пiсаць працу пра Баварскую савецкую рэспублiку. Менш за ўсё ягоная паэзiя была тым самым, што асляпiла i зачаравала мяне, а хутчэй за ўсё ягоны лёс, якi, здавалася, быў у яго ад роду i ад прыроды, i якому ён быў аддадзены, без магчымасцi выслiзнуца, да самай смерцi ў гатэлi "Mayflower" у Нью Йорку, дзе Толер павесiўся на паяску ад свайго ваннага халата. Я не ведала, чаму менавiта гэтай жыццёвай гiсторыi я аддала перавагу перад маёй уласнай, але было яно так. Бруна лiчыў, што маё ўпадабанне да Толера -- праява маёй асабiстай прагi да дзейнасцi..
Гэтак сама я магла б зацiкавiцца Робiн Гудам, адказала я.
Ён бы цябе не суцешыў, сказаў Бруна. А вось Толер -- суцешнiк, бо ён няўдачнiк.
З таго часу, як я канчаткова пакiнула Барабасаву ўстанову, усё ўва мне перавярнулася. Я адчувала сябе адначасова вылечанай i хворай, як чалавек, якому выразалi з мазгоў распоўзлую пухлiну i якi цяпер пакутуе ад паўсталай пустаты ў сваёй галаве. Без аперацыi ён памёр бы напэўна, але ўсе сiмптомы хваробы, якiя ён адчуў пасля аперацыi,-- галавакружэнне, цяжкасцi з каардынацыяй руху, парушэнне арыентацыi,-- усё гэта развярэдзiла менавiта аперацыя, i ў чалавека, калi яго добра-такi прыцiскала, паўставалi сумненнi -- а цi сапраўды патрэбен быў той скальпель, калi да яго ён пачуваўся куды лепей.
Я дапускала, што Бруна меў рацыю са сваiм падазрэннем, я шукала ў жыццi Толера толькi суцехi супроць бяздзеяння, на якое я сама сябе выракла, але мяне раздражняў абачлiвы тон, у якiм ён гаварыў мне пра маю прагу да дзеяння, нiбыта гаворка iшла ўсяго толькi пра нейкае трэцяе вока альбо скалечаную нагу, у кожным разе пра прыродную ненармальнасць.
Збор твораў Эрнста Толера застаўся нечапаны на кнiжнай палiцы. Амаль цэлае лета я правяла ў вёсцы. Дамок у цi не вымерлай вёсцы паблiзу польскай гранiцы Бруна i я купiлi шэсць гадоў таму назад i пакiнулi яго сабе нават пасля разводу.
***
Калi я сустрэла Берэнбаўма ў кавярнi, было гэта якраз праз некалькi дзён пасля, як вярнулася ў горад. I каля дома я адразу спаткала Тэклю Фляйшэр, з дурнаватай усмешачкай на вуснах, калi яна садзiлася ў таксi, шафёр якога, нiбыта ведаючы, што гэта ён заслужыўся ў Тэкля-Фляейшэрынай душэўнай злагадзе, з вiсклiвым сковытам стартаваў i стрэлiў з вузенькай вулкi. Я ўявiла сабе, як Тэкля Фляйшэр з разгрукатаным сэрцам i ўсiмi астатнiмi атрыбутамi узбуджанага чакання сядзела ў таксi i з хуткасцю ў шэсць- семдзесят кiламетраў у гадзiну наблiжалася да аб'екта свайго кахання. Як яна асцярожна зняла з носа запацелыя ад нерваў i хвалявання (хоць хваляванне -- гэта таксама нервы) акуляры i працерла iх лiловай абшытай каруначкамi хустачкай. Пры гэтым яна ўсмiхалася, i па ёй вiдаць было, якой сiлавой намогi ёй каштавала змоўчаць таксiсту пра сваё шчасце. Пасля яна пакапалася ў сумачцы, знайшла там маленькi флакончык, яшчэ раз памачыла пахучай вадкасцю за вушамi, мабыць, ужо трэцi цi чацвёрты раз, флакончык быў паўпусты. Дрыготкiмi пальцамi зноў завiнцiла i тады ўжо нядбала ўкiнула яго назад у сумачку.
Я шчыра зычыла Тэклi Фляйшэр шчасця, дзеля якога яна так бяздумна аддалася смяхоццю, хоць гэта i заступала дарогу майму жаданню навучыцца iграць на фартэпiяна.
***
Жанчына ў блузоне з лiпава-зялёнымi рукавамi-крылцамi, якая адчынiла мне дзверы, i з голасам, падобным на шкрабтанне па бляшаным вядры, гукнула гера прафесара, налiла Берэнбаўму кавы, памяшала ў ёй два кавалачкi цукру i паклала кавалак яблычнага торту на талерку. I моўчкi выйшла з пакоя.
Частуйцеся, сказаў Берэнбаўм.
Пакой Берэнбаўмаў быў падобны на такi самы ў маiх бацькоў. Цёмна фурнiраваныя сценкi шафы з люстранымi дзверцамi, за якiмi паблiскваў посуд, абцягнены сiнтэтычным аксамiтам мяккi гарнiтур, грубатканая ваўняная накiдка на прамакутным стале, вытрыманы ў цёмначырвоных тонах персiдскi дыван, чорныя парт'еры са стылiзаванымi кветкамi, усё мне было знаёмае, свойскае. Балгарскi кiлiм быў такога ж самага ўзору як i ў маiх бацькоў, але большы. Хiба што да стракатай лакiраванай рускай драўлянай лялькi, у тоўстым жываце ў якой гадавалiя меншыя, а ў тых яшчэ меншыя лялькi, тут было яшчэ дзевяць iншых, якiя шнурам стаялi на палiцы шафы-сценкi. У ляльку, якую падарылi майму бацьку, калi ён незадоўга да смерцi ездзiў у Ленiнград, ўлазiла толькi чатыры.
I яшчэ над канапай не вiселi, як дваццаць гадоў таму назад у маiх бацькоў, сланечнiкi ван Гога, а нейкi постiмпрэсiянiстычны пейзаж, на якiм можна было разгледзець восеньскi, як бы заржавелы бярэзнiк пад бясхмарным блакiтным небам.
З дня смерцi жонкi я тут нiчога не мяняў, сказаў Берэнбаўм.
Я спыталася, думаючы, што абавязана з далiкатнасцi спытацца, калi памерла ягоная жонка.
Тры гады таму назад, сказаў ён; сам якраз ляжаў з сардэчным прыступам i нават не змог пахаваць яе, пасля пяцiдзесяцi гадоў, калi яны належалi адно аднаму.
Ён так i сказаў: належалi адно аднаму, i я падумала была, што яго жонка, мусiць, ужывала менавiта гэтыя словы. Ён насiў вiнна-чырвоную вязаную кофту, пад якой добра выдзялялiся яго крывая спiна i абвiслыя плечы, як косцi пад скурай старой жывёлiны, i я ўпершыню ўбачыла, якi ж ён злядашчаны ў гэтым свеце. Мне адразу падумалася, што i мой жа бацька насiў такую саму кофту i падобныя пантофлi, бардовыя скураныя пантофлi, i яшчэ падумала, што такую самую хвiлiну я ўжо перажывала, так вось сядзела i што я павiнна ведаць, як павядзецца гаворка далей, бо была ўжо такая гаворка аднаго разу, але я сядзела i не ведала, я ўвогуле не ведала, што мне сказаць.
Яго правая дрыготкая рука пакоiлася на сцягне так сказаць, прысутнiчала, як трэцяя асоба. Я паспрабавала не зважаць на светлы, як бы трэсены ў працяглай агiдзе кавалак мяса, доўга размешвала малако ў каве i чакала, рашуча, каб не гаварыць нi пра што, пра што буду спытаная. Ён сказаў звычайнае: ён упэўнены, што мы спрацуемся, абыдземся адно адным, што патрэбен толькi спрыт маiх пальцаў. Але, само сабой зразумела, калi я заўважу нешта сумнiўнае, вартае крытыкi, дык калi ласка, можна гаварыць, ён будзе толькi ўдзячны за кожную падказку, зрэшты бо ён жа нiякi не пiсьменнiк, i толькi абавязак пакiнуць будучым пакаленням сведчанне змушае яго ўзяцца за пяро, ха-ха, сiмвалiчна, вядома, я ж сам разумею.
Ага, значыцца яму ўсё-такi патрэбна была i мая галава. Мая думка яму менш крывавая, чым фраза, у якўю ён слiзгануў. Усё адно ён прагне маёй галавы, хай так хай гэтак, дзе трушком дзе подбегам верне да свайго, --i я зрабiла выгляд, што не заўважыла нiчога.
Пасля кавы мы пайшлi ў кабiнет, квадратнае памяшканне, асуджанае на вечны змрок магутным букам па той бок акна. Ён сеў за пiсьмовы стол каля акна. Вельмi цьмянае святло i раннi прысмерак надвячэр'я рэдукавалi Берэнбаўма ў цёмны контур, падобны на кардонную мiшэнь на стрэльбiшчы. Мне ён паказаў месца за невялiкiм круглым столiкам, на якiм стаяла машынка, пачварына, ад якое струменiлася сiвая гiсторыя, маркi "Rheinmetall".
Ён пачаў, як я i чакала. Берэнбаўм быў з Рура, бацька гарняк, дзед гарняк, мацi прававерная каталiчка, бабка прававерная каталiчка. Берэнбаўм нарадзiўся ў 1907 годзе, у беднай сям'i. Усе пралетарскiя сем'i былi тады бедныя, мая таксама. Мяне не дужа цiкавiла, што там дыктаваў Берэнбаўм i што я ўрэшце мусiла занатоўваць рукою, каб прачытаць пасля яму дзеля паправак. Хоць я i не магла бачыць ягонага твару, але была ўпэўненая, што Берэнбаўм назiрае за мной. Я спрабавала прыхаваць сваю нецiкавасць, не прыкiдваючыся зацiкаўленай.
Пайшло так, што Берэнбаўм пачаў распытвацца, якому, гэтаму цi гэтаму слову аддаць перавагу, на што я адказвала заўсёды нерашуча. Што, ведаеце, сама не ведаю, альбо што, думаю, можна i так i так. Ён усё прымаў.
З таго часу два разы на тыдзень папалуднi, у аўторак i ў пятнiцу, я працавала ў Берэнбаўма. Роўна ў тры гадзiны я званiла ў дзверы, якiя кожны аўторак адчыняла ахмiстрыня, а кожнае пятнiцы сам Берэнбаўм, бо ахмiстрыня па пятнiцах сыходзiла дамоў ужо а першай гадзiне.
Наша супрацоўнiцтва, калi так можна назваць маю з iм працу, фармавалася амаль гарманiчна. Калi не зважаць на тое, што Берэнбаўм увесь час назiраў за мною, дык у астатнiм ён карэктна трымаўся нашай дамоўленасцi. Я павiна была пiсаць, i больш нiчога. Аднаго разу ён прадыктаваў мне пяць старонак, з чаго я зрабiла выснову, што ўсе астанiя днi тыдня з дысцыплiнай мужчыны, якi прывык лiчыць сваю працу важнай, ён рыхтаваўся да нашых пасядзелак. Зрэшты я была радая, што прыняла прапанову Берэнбаўма.
Хоць нiкому пра гэта i не гаварыла, але прывыкала я да жыцця па той бок прыдатнасцi i абавязку даволi цяжка. Я ўсё яшчэ прачыналася кожнае ранiцы апалове сёмай, а калi ўвечары заседжвалася позна, дык мне вельмi рэдка ўдавалася, заснуць адразу. Усё ў маiм жыццi пачыналася а восьмай ранiцы: дзiцячы садок, школа, нават унiверсiтэт, праца ў iнстытуцыi Барабаса. Нягледзячы на гэта гадоў дзесяць-пятнаццаць да таго у адпачынку альбо ў канцы тыдня да абеда я магла паспаць. Потым гэтая прывычка ўзвялася ў закон, якi, калi парушаўся, нязменна цягнуў за сабою пакаранне ў выглядзе кашмарных сноў. Адразу пад самай паверхняй сну прабiвалася я праз свае альпiйскiя мроi, як тапелец праз ваду. I ледзь толькi мой балючы мозг вымыкаўся з блытанiны падзейнасцi ў ратавальнае пазнанне таго, што няма чаго па- сапраўднаму баяцца толькi што саснёнай небяспекi, як ужо наплывала новая хваля сну, якi адразу замыкаў мне рот i нос i не даваў дыхаць. Я гэтаму не супрацiўлялася ( хай будзе што будзе), пакуль праз пэўны час, працягласць якога не я сама вызначала, разамлелая i вычарпаная да дна не вынырвала ў дзень.
Цяжар сноў навальваўся на мяне тым цяжэй, чым менш я iх запамiнала. Нават калi ўдавалася, прачнуўшыся, неяк уратаваць у памяцi самы апошнi, ад папярэднiх заставалася нейкае дыфузнае прыгнечанне, якое часта не адставала ад мяне цэлы дзень як цень, я нават больш хацела ўставаць а палове сёмай цi самае позняе ў сем i пераносiць увесь дзень ва ўсёй яго працягласцi. Часам я сядзела да палудня за сталом i са сняданкам i разважала, што б такое з сэнсам зрабiць. Што я павiнна вывучаць мовы i чытаць сусветную лiтаратуру, гэта разумелася само сабой. Але найперш мяне цягнула да дзейнасцi, я толькi не ведала, да якое. Прага да дзейнасцi iснавала ўва мне супроць маёй волi i не сцiхала. Я лiчыла яе смеху вартай, а часам прыпiсвала ёй сакральную значнасць, быццам аднаразовае дзеянне магло надаць цэльнасцi ў галаве таму, што раней бясформна адклалася з безлiчы выпадкаў i цяпер лажала ўва мне вялiкаю часткай бiяграфii. Мая першая думка пра дзейнасць была заўсёды звязана з вобразам уздыбленага белага каня, падшпоранага верхаўцом на скачок цераз прорву, якое ён баяўся. Карцiна была з маёй кнiгi казак, якую мне нехта, я думаю, што гэта была мая цётка Iда, падарыў для разглядвання.
Два разы на тыдзень папалуднi я была занятая, не маючы патрэбы думаць пра тое, чым жа мне заняцца. Думка пра раўнамерны, хоць i сцiплы прыбытак, таксама супакойвала.
***
У цiшынi могiлак гулка гучалi мае тупаткiя крокi па цвёрдай пясчанай дарожцы. Людзi каля каплiцы былi ў руху. Малыя групкi, у якiх яны дагэтуль былi размеркаваны на плошчы ў дваццаць-трыццаць метраў i, агляданыя здалёк, здавалiся амаль нерухомымi, разбеглiся i цяпер, павольна сфармаваныя ў вялiкую чорную грамаду, з якое яны ператварылiся ў шматзвенны ланцуг i паводле рангу i ступенi iх адносiн да нябожчыка, зноў выплылi, каб, нiбы пацягнутыя нябачнай рукою, пазвенна знiкнуць у адчыненым партале каплiцы. Я пайшла шпарчэй, iдучы разгарнула фрэзii з газеты, бездапаможная, не ведаючы, што мне рабiць з паперай. Я скамячыла яе, наколькi добра гэта можна было зрабiць адной рукой, i сунула ў кiшэню палiто. Чалавек, якi меў зачыняць дзверы каплiцы, з настойлiвым позiркам прытрымаў iх рукой напалавiну адчыненымi, што змусiла мяне да не адпаведнаму гэтаму месцу спеху. Усе крэслы былi занятыя. Я мусiла стаяць. Акрамя мяне стаяў толькi брамнiк, але ён, мабыць, пры любых умовах не меў права сесцi, так што не хапала толькi аднаго крэсла, крэсла пад мяне, i я падумала, што гэта, вiдаць была мая памылка прыйсцi сюды, што я, чыя смерць мне была больш жаданай, чым каб я аддавалася жальбе, не належала да тых, якiя мелi права на развiтанне з Берэнбаўмам.
Каплiца абагравалася. У куце справа ад уваходу стаяла невялiкая жалезная печ, распаленая да чырвонага труба з якое на сярэдзiне сцяны свiдравалася праз муроўку вонкi, на двор. Паблiзу печы уладзiлiся музыкi, квартэт смычковых i арганiст. На ўсiх пяцёх былi зацухмоленай свежасцi смокiнгi, туга напятыя на жыватах. З усёй сур'ёзнасцю, з адной якой вiдаць было, што за яе заплачана, яны ўзiралiся ў свае ноты, на брамнiка i на мяне. Мне падалося, што ў iх вачах можна-такi знайсцi згоду са мною, бо яны ведалi, што я была хутчэй iхняй кампанii шарлатанка i экспанентка, чым засмучаная журботнiца. На сцяне насупраць дзвярэй вiсеў партрэт Берэнбаўма, усмешлiвы Берэнбаўм у галубiна-блакiтным гарнiтуры. Яго белыя валасы фатограф ператварыў у срабрыстыя. Нешта светлае струменiлася ад партрэта, нейкая мiраносная светласць, якая яшчэ больш памацнялася жалобным крэпам, наўскасяк у куце. Пад партрэтам, на памосце, аздобленая чырвонымi гваздзiкамi i белымi каламi, раскашавала труна. Але ўсё выглядала банальна зацяганым i замшэлым, нават аздоба труны з яе безфантазiйнай сiмволiкай смерцi i класавай барацьбы, хоць кветкi i былi самыя сапраўдныя, жывыя. Я ўявiла сабе, як Берэнбаўм ляжыць у гэтай дамавiне пад векам сярод шаўковых падушак. Я не ведала, цi мёртвых усё яшчэ апранаюць у новае, нябожчыцкае, цi Берэнбаўма апранулi ў адзiн з яго гарнiтураў, можа, якраз у той галубiна-блакiтны, з партрэта. Берэнбаўм у галубiна-блакiтным гарнiтуры сярод шаўковых падушак у зачыненай труне ўжо больш не быў Берэнбаўм. Так, як Iда на маiх вачах перастала быць Iдай. Яе рука ў маёй руцэ заставалася тою самаю рукою i аднак жа, з хвiлiны на хвiлiну, ужо не рукою Iды. Яна пакiнула Iду, знiкла, без следу, без вобраза, i пакiнула ад Iды толькi шчэнты. Я павiнна была шчэнты Iды ператварыць у попел, бо яна так таго пажадала. Целаспаленне гэта прагрэсiўна, сказала яна. Я заўсёды падазравала, што вырашала не вера Iды ў прагрэс, а яе страх перад чарвякамi, Калi б я, як Iда i мая мама, магла ўспомнiць пра пахаванне маёй бабулi па бацькавай лiнii, дык бы ж безумоўна iдыёцкi страх перад магчымым апошнiм болем на агнi напэўна ўразiў бы менш.
Бабуля памерла праз некалькi тыдняў пасля вайны, у чэрвенi, цi то ў лiпенi, было вельмi горача, расказвала мама, лета 45-га было ўвогуле вельмi гарачае лета. Дзед i баба жылi ў вёсцы пад Берлiнам, там бабулю i пахавалi. Труна, расказвала мама, два цi то тры днi памiж смерцю i пахаваннем стаяла ў каплiцы на могiлках, мабыць, самым халодным месцы, якое можна было знайсцi. Ужо перад жалобаю дзед, з венiчкам i шуфлiкам у руках, бегаў вакол труны, усё нiжэй нахiляўся i моўчкi без пркметнага хвалявання нешта вымятаў, што Iда i мая мама лiчылi нiчым. Яны думалi, што гэта вайна i смерць яго жонкi скруцiлi старому мазгi. Толькi калi iм кiнулася ў вочы, што святар падчас казанi трымаўся неналежнай дыстанцыi ад труны i пазбягаў глядзець у бок нябожчыцы i яе блiзкiх, яны пачалi здагадвацца, што iм пры цяпер ужо разбуджанай цiкаўнасцi адразу зрабiлася задушлiвай пэўнасцю: з труны ўвесь час падалi тлустыя, укормленыя белыя чэрвi. Пазней мама сказала, што яна нiколi не разумела, як маглi чэрвi за некалькi дзён, якiя жанчына была мёртваю, так распладзiцца i павырастаць.
Квартэт смычковых зрыхтаваў iнстррументы ў пазiцыю пачатку iгры, арганiст лянiва паклаў пальцы на гармонiум. Тады першая скрыпка дала знак: "Несмяротная ахвяра, узнеслася ты" заiгралi яны. Ага, несмяротная ахвяра Берэнбаўма. Чыя ахвяра? Сярод шаўковых падушак пад векам дамавiныы ў галубiна-блакiтным гарнiтуры ляжалi смяротныя шчэнты несмяротнага. Плечы i спiны тых, што сядзелi перад мною, выказвалi скрушлiвы экстаз, сям там рука-другая падносiла да твару хустачку. Хто тут плакаў, аплакваў сваю ўласную смерць. Кожны другi з жалобнiкаў Берэнбаўма мецьме такое ж самае пахаванне, як i ён. Усе, хто ў спецбальнiцах пакутлiва выводзiлiся ў жыццi за межы статыстычнага сярэдняга ўзросту смерцi, усе яны, васьмiдзесяцiгадовыя, сыдуць у магiлу ахвярамi. Я здзiўлялася, што смерць устойлiва трымалася з iм супроць любога смяховiска нашага абыходу.
Я была радая, што стаяла за гэтымi людзьмi, а не сярод iх сядзела. Хоць я не магла бачыць iхнiх твараў, ад мяне не маглi ўтоiцца нiякiя зрухi iхнiх целаў i галоў. Апрача таго мне было б дужа балюча, калi б не я, а нехта любы iншы ўвайшоў у каплiцу апошнi i мог бачыць усё гэта. Нiхто не мог бы так мала належаць да гэтага кола, як я. Нягледзячы на гэта, думала я, нягледзячы-такi на гэта я мела поўнае права быць тут. Я не проста выкрэслiвала развiтаннем Берэнбаўма са свайго жыцця, у якiм ён, доўга, перш чым мы сустрэлiся, займаў месца, быццам гэтае жыццё было ягонае.
Берэнбаўм сядзеў, пазнавальны толькi контурна, за пiсьмовым сталом i дыктаваў. Некалькi тыдняў ён захлынаўся раскошаю свайго дзяцiнства, тым часам як я спрабавала даўмецца, чаму ён лiчыць гэта вартым паведамiць свету. Ён урачыста звеставаў пра галечу сваёй сям'i, нiбыта хацеў перапрасiцца за позняе дабрадзенства сваё; мне ўвогуле здавалася, што кожную дэталь з маладосцi ён паведамляў як бы з ракурсу свайго позняга паклiкання: яго ранняя цiкавасць да палiтыкi, яго прага да ведаў, настаўнiк, якi распазнаў яго дараванне, яго ўпор на справядлiвасць i натуральна ж класавы iнстынкт, якi, як сказаў Берэнбаўм, быў пакладзены "ў калубель" простаму рабочаму хлопцу з Рура.
Жахлiвыя словы "класавы iнстынкт", смертаносная зброя майго бацькi, калi ён спрабаваў абгрунтаваць, чаму Кафкавы кнiгi, з якiх ён, падобна на тое, не прачытаў нi радочка, былi дэкадэнтнай i шкоднай лiтаратурай, калi толькi ўвогуле былi лiтаратурай. Ужо гэта яму падказаў ягоны класавы iнстынкт. Ён жа, яго класавы iнстынкт, падказаў таксама, што джаз гэта музыка, якая нiяк не дапасуецца да сацыялiстычнага адчування жыцця, бо гэта музыка рабоў, i што мой сябар Ёзэф, худы, даўгалыгi хлопец з вялiкiмi ступакамi i iнтэлiгентнымi вачыма, выраз нязгоды i супрацiву ў якiх часам мой бацька лiчыў фанабэрыяй, быў мне зусiм не кампанiя. Словам "iнстынкт" мой бацька прэтэндаваў на беспамылковасць. Iнстынкту не патрэбны нiякiя аргументы i яго нельга было абвергнуць нiякiмi аргументамi.
Мая прапанова, паслужыцца Берэнбаўмаваму мемуарнаму шэдэўру нiчым iншым як толькi рукамi, абярнулася супроць мяне, стала самай вялiкай перашкодай. Пакуль Берэнбаўм раўнадушна ўспрымаў мае iнтэлектуальныя непрыманнi, неўзабаве нават перастаўшы прыцягваць мяне да выбару таго цi iншага слова, мне з кожнай чарговай сустрэчай рабiлася ўсё цяжэй не пярэчыць яму. Накладзенае мною самою на сябе маўчанне турзала мяне такiм чынам, што я сяды-тады не магла ўтрымацца ад мiжвольнага лёгкага стогну, што адразу ж падсцёбвала Берэнбаўма пытацца, чым не падабаецца мне ягоны расказ. Я перапрашалася, адчуваючы крыжавую пакуту, альбо спiсвала злосць на нiбыта прыкрую памылку ў напiсаннi. Хоць Берэнбаўм, здавалася, цалкам задавальняўся такiмi тлумачэннямi, але кожнага разу, як я, не стрымаўшыся, дазваляла сабе такiя выпады, ён дыктаваў мне сказы, якiя, стагнi не стагнi, пераплёўвалi сваёй агiднасцю ўсё ранейшае. Аднаго разу гэта быў сказ: яшчэ малым карапузам я ведаў, што сэрца пасаджана злева, а вораг стаiць справа. Пакуль я гэта пiсала, у мяне пачала нервова пацепвацца i тузацца дыяфрагма. Спачатку таму, што распiрала ад смеху, а пасля, як што я здолела прыдушыць гэты смех, дыяфрагма пачала з роўныi iнтэрваламi сутаргава сцiскацца, пакуль у мяне не зрабiлася моцная iкаўка, а Берэнбаўм сказаў фраў Карле, так звалi ахмiстрыню, прынесцi шклянку падсалоджанай вады, ад якое мне, калi iкаўка нарэшце адпусцiла, зрабiлася зусiм нядобра. Вядома, мая рэакцыя была неадэкватная. Сэрца сядзела злева, вораг стаяў у 1914 годзе справа, а Берэнбаўм быў тады яшчэ малое хлапчо. Мабыць, калi б Берэнбаўм быў якi-небудзь любы iншы стары чалавек, а не гэты прафесар Берэнбаўм, я абачлiва i спагадна перапусцiла б такi жалю варты, нiкчэмны пафас. Калi ж Берэнбаўм, азiраючыся, саладжава згорнутымi i завостранымi вуснамi назваў сябе малым карапузам, мяне агоўтала агiда. Я нiяк не магла ўявiць сабе Берэнбаўма малым хлопчыкам. Бо колькi нi спрабавала, усё адно на хлапечым целе Берэнбаўма сядзела старая галава з цяжкiмi слёзнымi мяшкамi пад вачыма i стомленай, уладарнай рысай каля рота. Пакуль Берэнбаўм жывапiсаў сваё дзяцiнства, мне мала далягалi факты, пра якiя ён паведамляў i якiя былi альбо агульнавядомыя, альбо бяскрыўдныя банальнасцi. Амаль заўсёды галоўнае было ў тоне, у самаўпэўненасцi, неаспрэчнасцi сказанага, у замiлаванасцi сабою i ў кранальнай прастадушнасцi ягонай метафарыкi, быццам у тым сказе, якi вывеў з-пад кантролю маю дыяфрагму.
На гэтай мове я вырасла. На ёй гаварылi мае бацькi, калi аддавалiся больш высокiм тэмам, чым хатняя гаспадарка альбо выхаванне дзяцей. Гранiца памiж бытавой i iншымi мовамi пралягала не вельмi дакладна. Бывала, што мацi расказвала бацьку, як у яе маладой калегi Б. з'явiўся новы хахаль, i, расстаўляючы ў шафе талеркi, дадавала: праўда ж бо, добры таварыш, сапраўды, што гучала, як бы яна хацела сказаць: праўда ж бо, мiлы хлопец.
Альбо ж бацька вяртаўся дамоў i сварыўся, бо злаваўся на засраныя станцыi метро, на "нашых людзей", якiя нiяк не хацелi зразумець, што барацьба за камунiзм пачынаецца з цукерачных фанцiкаў.
Перад мною бацькi выдурнiвалiся ў гэтай ненатуральнай мове, бо я падлягала выхаванню. А як што бацька гаварыў са мною выключна з педагагiчнымi мэтамi-- звыш таго ён нiчога i не мог,-- я звязвала гэтую алюрную тарабаршчыну толькi з iм самiм, а калi ўжо я была досыць дарослая для выхавання, бацька звёў свае вербальныя кантакты са мною толькi да формулаў вiтання i развiтання. Апрача таго ён раз у год вiншаваў мяне з днём нараджэння i зычыў усяго добрага на Новы год. З таго часу мы больш не спрачалiся, i мама сказала, як яна радуецца, што мы нарэшце паразумелiся.
Я падазравала, што Берэнбаўм наўмысна правакаваў мяне, каб змусцiць мяне да пярэчання i такiм чынам за свае пяцьсот марак слугавацца не толькi маiмi рукамi, але i галавою. Захаваўшы парадак нашай рассадкi -- я за невялiкiм круглым столiкам, ён каля адзiнага акна за машынкай, -- ён заўсёды хаваўся ад мяне ў свой цень, таму падазрэнне маё нельга было нi пацвердзiць, нi абвергнуць чытанымi з яго твару зрухамi рысаў, яны проста не чыталiся. З голасу часам, як мне здавалася, я ўлоўлiвала нейкую фарсiраваную лёгкасць, але поўнай пэўнасцi не было. Толькi зрэдзь часу, калi ён адкiдваў назад галаву альбо схiляў яе на плячко, па яго твары прабягаў прамень святла i вырываў са схаванасцi то лоб, то шчаку. Вачэй ягоных я не бачыла нi разу, бо Берэнбаўм, калi думаў, заплюшчваў iх. Мiгатлiвае святло на колькi секунд скажала ягоны твар i ператварала яго ў нейкую гратэскавую храпу, на якой нос раптам падвойваўся альбо падбародак з нiжняй губой прападаў, альбо паяўляўся рот як дзiрка ў мёртвым чэрапе. Бывалi такiя разы, калi нiяк не ўдавалася прыгадаць Берэнбаўмаў сапраўдны твар пад храпай. Тады я прыдумляла iншую храпу замест тае, якую бачыла. Чым больш сканцэнтравана шукала я сапраўдны Берэнбаўмаў твар у контурах ягонай галавы, тым мацней дзейнiчала на мяне гэтае, нажнiцападобнае, аблямаванае звiслымi букавымi галiнамi цела за пiсьмовым сталом. Як цень, якi з наблiжэннем крынiцы святла набывае пагрозлiвыя памеры, сiлуэт Берэнбаўма расшыраўся перад акном да гiганцкiх памераў, што, канечне, было iлюзiяй, бо асвятленне ў пакоi не мянялася.
Калi я ўвечары, пасля чатырох-пяцiгадзiннай працы на Берэнбаўма, праз нерэальнасць "гарадка" вярталася дамоў, у мяне часта ўзнiкала жаданне паглядзецца ў люстэрка i праверыць, цi падобная я яшчэ сама на сябе, цi, можа, я ўжо далучылася да свету духаў Цiхай вулiцы i навакольных вулiчак. Я запальвала цыгарэту, як гэта рабiла заўсёды, калi начною вулiцай вярталася з кiно, нiбыта гэтым самым магла даказаць сабе, што вось ужо жыццё ў чужой гiсторыi закончана i пачалося жыццё сваё, сапраўднае. Завярнуўшы на сваю вулiцу i ўбачыўшы Тэклю Фляйшэр, як яна палiвала маленькiя елачкi, якiя гадавала на балконе замест кветак i якiя яна, калi яны рабiлiся завялiкiя для скрынак, раздарвала на каляды, я раптам падумала, што, зрэшты, я ж хацела навучыцца на фартэпiяна i што Герберт Берэнбаўм у маiм жыццi быў толькi эпiзод, якi мусова закончыцца, як толькi той дадыктуе апошнi сказ мемуараў.