Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць
Брэхт Бэртальт
Сцэна 8
Працэс падпальшчыкаў. П р э с а. С у д д з я. П р а к у р о р.
А б а р о н ц а. М а л а д ы Д о г с б а р а. Г i р ы.
Д ж ы в о л а. Д о к д э й з i. А х о ў н i к i. У р а ч.
Г а н д л я р ы г а р о д н i н а й i падсудны Ф i ш.
А
На лаве сведкаў Э м а н у э л е Г i р ы; ён паказвае рукою
на падсуднага Фiша, якi ў поўнай апатыi.
Г i р ы (крычыць)
Вось чалавек, якi рукой злачыннай
У порце падпалiў i знiшчыў склад.
Калi застаў яго я, той якраз
Трымаў бiдон! Устань, устань, паскуда!
Фiша сiлком падымаюць. Ён стаiць, хiстаючыся.
С у д д з я: Падсудны, вазьмiце сябе ў рукi. Вы стаiце перад судом. Вас абвiнавачваюць у падпале. Падумайце, што пастаўлена на карту!
Ф i ш (мармыча): Арларларл.
С у д д з я: Дзе вы ўзялi бiдоны з газаю?
Ф i ш: Арларларл.
На знак суддзi пануры ўрач, апрануты звышэлегантна, схiляецца
над Фiшам, потым пераглядваецца з Гiры.
У р а ч: Сiмуляцыя.
А б а р о н ц а: Абарона патрабуе выклiкаць iншых урачоў.
С у д д з я (усмiхаецца): Спадар Гiры, як-такi сталася, што вы апынулiся як рыхтык на месцы здарэння у той самы час, калi на складзе ў спадара Хука выбухнуў агонь, якi знiшчыў дваццаць два дамы?
Г i р ы: Я якраз быў на шпацыры, дзеля мацыёну.
Некаторыя ахоўнiкi смяюцца. Гiры таксама пачынае смяяцца.
А б а р о н ц а: Цi вядома вам, спадар Гiры, што падсудны Фiш -- беспрацоўны, што ён за дзень да падпалу пеша дабраўся да Чыкага, дзе ён раней нiколi не бываў?
Г i р ы: Што? Дзе? Калi?
А б а р о н ц а: Нумар вашай машыны нiбыта ХХХХХХ?
Г i р ы: Ну, вядома.
А б а р о н ц а: Здаецца, гэта самая машына за чатыры гадзiны да пажару якраз стаяла каля рэстарана Догсбара на Восемдзесят сёмай стрыт, а з рэстарана вынеслi падсуднага Фiша ў стане беспрытомнасцi?
Г i р ы: Чаго б я меў гэта ведаць? Я цэлы той дзень прабыў у Цыцэра, дзе сустракаўся з пяцюдзесяццю дзвюма асобамi, i ўсе яны могуць прысягнуць, што мяне бачылi.
Ахоўнiкi смяюцца.
А б а р о н ц а: Здаецца, вы толькi што сказалi што былi на шпацыры дзеля мацыёну, у Чыкага непадалёк ад докаў?
Г i р ы: А вам што да таго, што я абедаю ў Цыцэра, а пераварваю ў Чыкага?
Ахоўнiкi доўга рагочуць; да iх далучаецца i суддзя. Святло тухне. Чуюцца гукi аргана, у тэмпе скочнай музыкi -- жалобны марш Шапэна.
Б
Калi зноў загараецца святло, на сцэне--гандляр гароднiнай
Х у к; ён сядзiць на лаве сведкаў.
А б а р о н ц а: Спадар Хук, цi сварылiся вы калi-небудзь з падсудным? Цi бачылi вы яго калi-небудзь увогуле?
Х у к: Нiколi.
А б а р о н ц а: А спадара Гiры цi бачылi?
Х у к: Так, у канторы трэста "Цвятная капуста", якраз таго самага дня, як у мяне згарэў склад.
А б а р о н ц а: Да пажару?
Х у к: Перад самым пажарам. Ён прайшоў праз кантору, а за iмя -- чацвёра дзецюкоў, яны валаклi бiдоны з газаю.
У ложы прэсы i сярод ахоўнiкаў неспакойны рух.
С у д д з я: Цiхаце там, прэса!
А б а р о н ц а: Спадар Хук, чыя тэрыторыя мяжуе з вашым складам?
Х у к: Тэрыторыя параходства, якое належала Шыту. З майго склада ёсць ход у двор параходства.
А б а р о н ц а: Цi вядома вам, спадар Хук, што спадар Гiры жыў у доме параходства, што належала Шыту, i, значыцца, меў доступ на тэрыторыю параходства?
Х у к: Так, як упраўляючы склада.
У ложы прэсы моцнае хваляванне. Ахоўнiкi робяць "бу-бу-бу" i становяцца ў пагрозлiвую пазiцыю перад Хукам, абаронцам i журналiстамi. Догсбара-сын падбягае да суддзi i нешта шэпча яму ў вуха.
С у д д з я: Цiха! Пасяджэнне адкладваецца з прычыны таго, што падсудны занямог.
Святло тухне. Арган зноў iграе жалобны марш Шапэна
у тэмпе скочнай музыкi.
В
Калi святло загараецца зноў, Х у к сядзiць на лаве сведкаў. Вiдаць, што ён знясiлеў, побач з iм стаiць палка, галава яго
забiнтаваная, на вачах таксама павязка.
П р а к у р о р: Хук, вы кепска бачыце?
Х у к (з цяжкасцю): Кепска.
П р а к у р о р: Цi можаце вы пацвердзiць, што вы здольныя разгледзець i пазнаць чалавека?
Х у к: Не.
П р а к у р о р: Вы не можаце сцвярджаць, што калi-небудзь бачылi яго?
Х у к: Не.
П р а к у р о р: Цяпер я вам задам вельмi важнае пытанне. Падумайце як след, перш чым адказваць. Вось маё пытанне: Цi мяжуе ваш склад з тэрыторыяй параходства, якое належала Шыту?
Х у к (пасля паўзы): Не.
П р а к у р о р: У мяне ўсё.
Святло тухне. Арган iграе зноў.
Г
Калi зноў загараецца святло, на лаве сведкаў сядзiць
Д о к д э й з i.
Д о к д э й з i (абыякава): Я вельмi добра пазнаю падсуднага па вiнаватым выглядзе ягонага твару, а таксама таму, што рост яго метр семдзесят сантыметраў. Я чула ад нявесткi, што ў той дзень, калi муж мой па дарозе ў гарадскую ўправу быў забiты з рэвальвера, гэтага чалавека бачылi каля будынка гарадской управы. Падпахай ён трымаў аўтамат сiстэмы Вэбстэр i рабiў вельмi падазронае ўражанне.
Святло тухне. Арган iграе далей.
Д
Калi святло загараецца зноў, на лаве сведкаў сядзiць
Д ж у з э п э Д ж ы в о л а. Непадалёк--ахоўнiк Г р ы н в у л.
П р а к у р о р: Тут было заяўлена, што незадоўга да падпалу некалькi чалавек вынеслi з управы трэста "Цвятная капуста" бiдоны з газаю. Што вы пра гэта ведаеце?
Д ж ы в о л а: Гаворка можа iсцi толькi пра спадара Грынвула.
П р а к у р о р: Спадар Грынвул -- ваш службовец, спадар Джывола?
Д ж ы в о л а: Ну так.
П р а к у р о р: Спадар Джывола, хто вы па прафесii?
Д ж ы в о л а: Я гандлюю кветкамi.
П р а к у р о р: Вашаму гандлю патрэбна шмат газы?
Д ж ы в о л а: Не, толькi тлю труцiць.
П р а к у р о р: Што рабiў спадар Грынвул у канторы трэста "Цвятная капуста"?
Д ж ы в о л а: Ён спяваў песню.
П р а к у р о р: Значыцца, ён не мог адначасова пераносiць бiдоны з газаю да склада Хука?
Д ж ы в о л а: Гэта выключаецца. Ён чалавек зусiм не такога складу, каб падпальваць склады. У яго барытон.
П р а к у р о р: Прашу суд прапанаваць сведку Грынвулу паспяваць тую цудоўную песню, якую ён спяваў у канторы трэста "Цвятная капуста" якраз у той самы момант, калi быў падпалены склад.
С у д д з я: Суд не бачыць у тым анiякай патрэбы.
Д ж ы в о л а: Я заяўляю пратэст. (Устае.)
Не чуў, каб так, як тут цкавалi. Ганьба!
Тут у хлапцах крывi чысцюткай самай
За тое, што той-сёй там-сям страляе,
Без анiякае прычыны бачаць
Суб'ектаў цёмных, падазроных. Ганьба!
Рогат. Святло тухне. Арган iграе.
Е
Калi святло загараецца зноў, вiдаць, што суддзя зусiм змучаны.
С у д д з я: Прэса дазволiла сабе пэўныя намёкi, што на суд з боку пэўных асобаў робiцца цiск. Суд заяўляе, што нiхто нiякага цiску на яго не робiць i што ён функцыянуе цалкам незалежна i свабодна. Лiчу, што гэтая заява дастатковая, каб задаволiць усiх.
П р а к у р о р: Вашэцi суддзя! Беручы пад увагу, што падсудны Фiш усё яшчэ далей сiмулюе страту памяцi i разумення, пракурор лiчыць, што дапытваць яго далей няма нiякага сэнсу. Таму мы прапануем...
А б а р о н ц а: Вашэцi суддзя! Падсудны прыходзiць да памяцi!
Хваляванне.
Ф i ш (мусiць, апамятаўшыся): Арларлвадарларлдавадарл!
А б а р о н ц а: Вады. Вашэцi суддзя, абарона просiць працягваць допыт падсуднага Фiша!
Моцнае хваляванне.
П р а к у р о р: Пратэстую! Нiшто не дае падставы думаць, што падсудны ў ясным розуме. Усё гэта хiтрыкi абароны, бегатня за сенсацыямi, гульня на публiку!
Ф i ш: Водарл.
Абаронца падтрымлiвае яго, той устае.
А б а р о н ц а: Фiш, вы можаце адказваць?
Ф i ш: Дарл.
А б а р о н ц а: Фiш, скажыце суду: Цi падпалiлi вы дваццаць восьмага апошняга месяца склад гароднiны ў раёне порта? Так цi не?
Ф i ш: Аннне.
А б а р о н ц а: Фiш, калi вы прыбылi ў Чыкага?
Ф i ш: Выыдда.
А б а р о н ц а: Вады!
Хваляванне. Догсбара-сын падыходзiць да суддзi
i зноў нешта шэпча таму ў вуха.
Г i р ы (устае на ўвесь рост i гарлае): Махлярства! Хлусня! Хлусня!
А б а р о н ц а: Цi бачылi вы раней гэтага чалавека? (Паказвае на Гiры.)
Ф i ш: Дарл. Вадарл.
А б а р о н ц а: Дзе? Можа, у рэстаране Догсбара каля порта?
Ф i ш (цiха): Там.
Моцнае хваляванне. Ахоўнiкi дастаюць пiсталеты i робяць "бу-бу".Урач падбягае са шклянкай. Перш чым абаронца паспявае выхапiць
у яго шклянку, урач вылiвае з яго ў рот Фiша.
А б а р о н ц а: Я пратэстую! Патрабую экспертызы гэтай вадкасцi!
С у д д з я (пераглядваецца з пракурорам): Хайдайнiцтва абароны адхiляецца.
Докдэйзi (крычыць у бок Фiша): Забойца!
А б а р о н ц а:
Вашэцi! Рот iсцiне, якой тут немагчыма
Заткнуць зямлёй, заткнуць паперай хочуць,
Спрабуюць ашукаць вашэцi вас
З разлiкам, што не гонар вы, а ганьба.
I тут крычаць закону: "Рукi ўгору!"
Няўжо-такi наш горад, што ваюе
Ўжо цэлы тыдзень з гэтым дзiкiм збродам,
Пасля усiх прынесеных ахвяраў,--
Няўжо цяпер ён бачыць гiбель права?
I каб жа толькi гiбель! Бачыць ганьбу
Суду, якi паддаўся сiле, гвалту!
Спынiце ўсё, вашэцi...
П р а к у р о р: Пратэстую!
Г i р ы
Сабака! Ты падкуплены сабака!
Ты хлус, паклёпнiк! Атруцiцель душ!
Выходзь сюды --адкiнеш ногi, здраднiк!
А б а р о н ц а
Наш горад ведае яго...
Г i р ы (ашалела)
Маўчаць!
(Суддзi, убачыўшы, што той хоча яго перапынiць.)
I ты заткнiся! Калi хочаш жыць!
Захлёбваецца ад лютасцi, i суддзя, улучыўшы гэты момант,
устаўляе слова.
С у д д з я: Прашу ўсiх супакоiцца! Абаронца будзе прыцягнуты да адказнасцi за непавагу да суду. Абурэнне спадара Гiры суду зразумелае. (Абаронцу.) Гаварыце.
А б а р о н ц а: Фiш! У рэстаране Догсбара вас чым-небудзь паiлi? Фiш! Фiш!
Г i р ы (лямантуе)
Ну клiч яго! Ну клiч! Няма боль газы!
Пабачым, хто ў Чыкага гаспадар!
Моцнае хваляванне. Святло тухне. Арган iграе жалобны марш
Шапэна ў тэмпе скочнай музыкi.
Ж
Калi апошнi раз загараецца святло, с у д д з я стаiць за сваiм
сталом i бязгучным голасам чытае прысуд.
Падсудны Ф i ш збялеў як смерць.
С у д д з я: Чарльз Фiш за падпал склада я прыгаворваю вас да пятнаццацi гадоў турмы.
З'яўляецца надпiс.