Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць

Брэхт Бэртальт


Сцэна 9

А

Цыцэра.З разбiтага грузавiка выпаўзае акрываўленая
ж а н ч ын i з цяжкасцю iдзе наперад.


Ж а н ч ы н а
Ратуйце! Людзi, памажыце! Людзi!
Ратуйце! Муж забiты у машыне!
Рука мая прапала... i машына!
Хутчэй мне дайце бiнт... Нас б'юць, як мух,
Што лётаюць над куфлем пiва! Божа!
Няма нiкога! Памажыце ж! Муж!..
Забойцы! Ведаю забойцу мужа! --
Ты, Артура Уi!
(Шалёна.)
Звер! Пачвара!
Падонак, гной, смярдзючая пачвара!
Ты бруд з апошняй ямы бруду! Вош! --
Ты --гнiда, горшая за гнiду!
I ўсе маўчаць! Забойца Уi! Людзi,
Забойца ён!

Паблiзу трашчыць кулямёт, жанчына падае.

О божухны! Чаму
Дагэтуль не звялi чуму!

Б

Летнiк Догсбара. Свiтае. Д о г с б а р а пiша завяшчанне
i перадсмяротны лiст.

Д о г с б а р а
Я, Догсбара, сумленны i пачцiвы,
Пражыўшы цэлых восемдзесят год
Дастойна, годнасна, ў людской павазе,
Цяпер -- агiдны аферыст. О людзi!
Усе, хто ведае мяне даўно,
Гавораць, што не ведаў я; каб ведаў--
Не дапусцiўся б век. Але ж я ведаў.
Я ведаў, хто спалiў капусны склад,
Я ведаў, хто ўкраў Фiша, ведаў я,
Хто абпаiў яго дурманам, ведаў,
Што Рома быў у Шыта ў дзень, калi
Сканаў з бiлетам ён у Сан-Францыска;
Я ведаў, кiм забiты быў на плошчы
Няшчасны Боўл за тое, што зашмат
Даведаўся пра старца Догсбара;
Яго забойца -- Гiры, той, той самы,
Якi забiў i Хука. Бачыў я,
На iм пасля i Хукаў капялюш.
Я ведаў i пра тыя пяць забойстваў,
Якiя на Джыволе -- iх пасля
Я ўсе пералiчу. Я ўсё пра Уi
Сказаць магу, пра тое, што i ён
Ад Шыта да забойства Джыволы,
I да праклятага пажару -- ведаў.
Я, ваш сумленны Догсбара, трываў
Праз прагу да багацця, цi ад страху,
Што страчу ўсё. Я варты лютай смерцi.


Б


Гатэль "Мамот". Нумар Артура Уi. У i, утаропiўшыся ў адну кропку, развалiўся ў глыбокiм фатэлi. Д ж ы в о л а нешта пiша;
два а х о ў н i к i, выскаляючыся, глядзяць праз яго плячо.


Д ж ы в о л а
Я, Догсбара, тракцiр свой завяшчаю
Руплiваму i добраму Джыволу,
Адважнаму ж, запальчываму Гiры--
Адпiсваю свой летнi дом, а Рому
Я завяшчаю сына. Прашу аддаць
Судзейскую пасаду -- Гiры, шэфам
Палiцыi пастаўце Рому, Джыволу--
Апекуном усiх убогiх. Шчыра
Сваiм рэкамендую пераемцам --
Артура Уi, гэтае пасады
Ён цалкам варты. Верце Догсбара.
Усе. Такi наказ мой забяспечыць
Нам поўны поспех. Ну, цяпрер, напэўна,
Ён капыты адкiне спраўна. Трэба
З усёй пашанай пахаваць яго.
I трэба на яго магiльны помнiк
Прыдумаць надпiс. Крумкачы даўно
Жывуць старой амаль забытай славай,
Што iм ад белае сястры далася.
Стары Дагсбора -- белая варона,
Так, белая сярод чародаў чорных.
Ды вось што, шэф. Ваш Гiры шмат таўчэцца
Вакол Дагсбора. Гэта непрыгожа.

У i (ускоквае)
Што? Гiры? Дзе?

Д ж ы в о л а
Шэф, я сказаў, што Гiры
Навокал Догсбара таўчэцца.

У i
Я
Яму не давяраю.

Уваходзiць ў новым капелюшы -- гэта капялюш Хука.

Д ж ы в о л а
Я таксама.
Мой мiлы Гiры! Як там у Дагсбора
Яго кандрашка?

Г i р ы
Ён не дапускае
Нiякiх дактароў.

Д ж ы в о л а
Таго таксама,
Умельца, што так спраўна карыстаў
Нябогу Фiша?

Г i р ы
I другога я
Не падпушчу. Стары балбоча многа.

У i
А можа, i пры iм балбочуць лiшне...

Г i р ы
Што гэта значыць?
(Джывалу.)
Ты, трапло, ты зноў
Чагосьцi набрахаў?

Д ж ы в о л а (заклапочана)
Мой мiлы Гiры,
А прачытай нам лiст!

Г i р ы (вырывае ў чго з рук паперу)
Эрнэста -- шэфам
Палiцыi? Ды вы павар'яцелi!

Д ж ы в о л а
Ён патрабуе. Я ж -- таксама супраць.
Ды з Ромам не жартуюць!

Уваходзiць Р о м а з ахоўнiкамi.

Мiлы Рома!
Чытай тастамант.

Р о м а (вырывае ў Гiры паперу)

Дай сюды! А, Гiры --

Суддзёй! А дзе апошняе пiсьмо?

Г i р ы
Яго схаваў ён, хоча перадаць.
Я тры разы застукаў сына ў спробе...

Р о м а (працягвае руку)
Аддай. Ну!

Г i р ы
Што? Няма яго ў мяне!

Р о м а
Ты хлусiш, псiна.

Яны ў лютасцi стаяць адзiн насупроць аднаго.

Раскусiў цябе!
Там справа Шыта, -- i яна мяне
Цiкавiць дужа!

Г i р ы
Там пра справу Боўла,
Яна датычыцца мяне!

Р о м а
Вядома.

Р о м а
Вядома.
Але вы махляры, а я мужчына.
Цябе я знаю, Гiры! Ты, Джывола,--
Кульгавы, што само ўжо падазрона.
Чаго вы тут? Якiя вашы планы?
Артура, што яны табе шапталi?
Глядзiце ж вы, далёка не заходзьце.
Даведаюся што, сатру на пыл.

Г i р ы
Ты на сваiх крычы мардаваротаў!

Р о м а (сваiм ахоўнiкам)
Во, гэта ён пра вас! У нашым штабе!
Пра вас, як пра мардаваротаў плешча!
Пазасядалi у "Цвятной капусце",
(паказвае на Гiры)
Кашулi шыюць у краўцоў звышмодных,
Пакуль вы працай бруднаю заняты.
(Звяртаецца да Уi.)
А ты ўсё патураеш iм i церпiш.

У i (нiбы прачнуўшыся)
Што я цярплю?

Д ж ы в о л а
А тое, што страляў
Ён па машынах Карузэра, хоць
Сам ведае, што Карузэр член трэста.

У i
Вы што, стралялi па грузавiках
Карузэра?

Р о м а
Ды не, мае малойцы
Пацэлiлi знянацку ў нешта там...
Ды хлопцам часта i няўцям бывае,
Чаму адно малыя лаўкi ў шкодзе,
А багацеi, гандляры буйныя
Жывуць спакойна без турбацый лiшнiх.
Шэф, я i сам тут нештачкi таго...

Д ж ы в о л а
А трэст шалее.

Г i р ы
Кларк мне ўчора кажа:
Няхай хоць раз паўторыцца такое...
Ён дават у Дагсбора быў...

У i (змрочна)
Эрнэста,
Не трэба так!

Г i р ы
Шэф, дай iм па руках,
А то й табе яны на карак сядуць.

Д ж ы в о л а
А трэст шалее!

Р о м а (дастае рэвальвер,-- да абодвух)
Нуце, рукi ўгору!
(Iхнiм ахоўнiкам.)
I вы таксама! Рукi ўгору -- ўсе!
Даволi жартаў! Да сцяны!

Джывола, ягоныя людзi i Гiры падымаюць рукi i павольна
адыходзяць да сцяны.

У i (абыякава)
Ану,
Што там такое? Рома, не палохай.
Чаго так лаяцца? Разок-другi
Там стрэлiлi у грузавiк з капустай!
Чорт з ёю -- неяк утрасецца! Справы
У нас iдуць выдатна, чыста, гладка.
Пажар удаўся. Лаўкi плацяць трыццаць
Працэнтаў за ахову. Чым жа блага?
Праз тыдзень на каленях будзе цэлы
Раён. Нiхто не пiкне. А пакуль
Я маю больш сур'ёзны план.

Д ж ы в о л а (паспешлiва)
Якi ж?

Г i р ы
На планы я паклаў! Пакуль што рукi
Няблага б апусцiць.

Р о м а
Артура, лепей
Няхай трымаюць рукi так.

Д ж ы в о л а
А што,
Калi Кларк зойдзе? То ж бо дзiву дасца!

У i
Эрнэста, прыхавай свой рэвальвер.

Р о м а
Не, шэф. Прачнiся. Цi ж не бачыш ты,--
Яны табой гуляюць i цябе ж
Падпiхваюць да гэтых Карузэраў,
Да Кларкаў i Дагсбораў? Бачыце:
"Калi Кларк зойдзе!" Грошы параходства
Куды падзелiся? Мы iх не бачым.
А нашы хлопцы лупяць па машынах,
Па лаўках, цёгаюць канiстры з газай
I наракаюць: "Уi забыў пра тых,
Каму ён абавязаны усiм!
Задраў ён нос высока, ў панства пнецца".
Адумайся.

Г i р ы
Усё выкладвай -- з кiм ты?

У i (ускоквае)
Вы хочаце мне рэвальвер прыставiць
Да скронi? А трасцы вам! Сiлком
Хваробу што дастанеце з мяне!
Са мной не выйдзе так! А папярхнуцца
Не хочаце? Са мною -- добрым ладам!
Бо то ж пагрозаў я не пацярплю!
Не хочаш слепа верыць? -- пацалуй мне!..
К чарцям сабачым! Я тут гаспадар!
А ты выконвай, што табе сказалi,
I не высоўвайся. Вось мой закон.
А што ты заслужыў -- пасля пабачым.
Спачатку паслужы. Я патрабую
Ад вас даверу, тры разы даверу!
Вам не хапае веры, а без веры
Усё прапала. Бо чаму ж я столькi
Паспеў зрабiць? Таму, што верыў сам.
Я фанатычна верыў справе нашай;
Апранены у веру, толькi верай
Чыкага я паставiў на каленi.
I толькi верай перамог Дагсбора
I перамог О'Кэйсi. Цвёрда верыў--
I перамог iх!

Р о м а
З рэвальверам!

У i
Ёсць
I ён, гарачанькi,-- як у людзей.
Але ў людзй няма жалезнай веры,
Што быць павiнна ў лiдэраў народных.
Якраз таму павiнны верыць вы
Ў мяне, -- не разважаючы, а верыць
I толькi верыць, што хачу я вам
Дабра, што ведаю, у чым яно,
Што толькi я знайду шляхi-дарогi
Да перамогi. А памрэ Дагсбора,
I я адзiн скажу, каго куды
Прыстроiць варта... Ведайце адно:
Ваш правадыр не падвядзе!

Д ж ы в о л а (прыцiскаючы руку да сэрца)
Артура!

Р о м а (змрочна)
Вольна!

Гiры, Джывола i ахоўнiкi Джыволы, не апускаючы рук,
павольна выходзяць.

Г i р ы (выходзячы, Рому)
Мне падабаецца твой капялюш.

Д ж ы в о л а (выходзячы)
Мой мiлы Рома...

Р о м а
Прэч з вачэй маiх!
Той блазен Гiры хай сабе рагоча!
Ты злодзей, Джывоала, сваю кульгавасць
Вазьмi з сабою -- ты ж яе украў!

У i (пасля таго як яны выйшлi, зноў упадае ў самнамбулiчны стан)
Пакiнь мяне!

Р о м а
Калi б, Артура, я
Не верыў так жалезна у цябе,
Не мог бы я глядзець у твары хлопцам!
Нам трэба дзейнiчаць! Адразу! Гiры
Надумаў нешта подлае!

У i
Эрнэста,
Я намыслы вялiкiя гадую.
Забудзь пра Гiры! Ты -- стары мой сябар,
Памочнiк мой адданы, i з табою
Хачу я падзялiцца новым планам.

Р о м а (ззяе)
Выкладвай! Тое, што хацеў сказаць
Пра Гiры я -- не спех.
(Сядае побач з Артура Уi.)

Ягоныя людзi чакаюць яго, стоячы зводдаль у куце.

У i
Чыкага наш,
Ды гэтага мне мала.

Р о м а
Мала?

У i
Хiба
Гароднiнай нiдзе больш не гандлююць?

Р о м а
Чаму ж бо не! Ды як туды пралезцi?

У i
Як -- як? Хай заднiм ходам. Хай парадным.
А хай акном. Цi ў фортку. Цi праз комiн.
Цi просьбай, грозьбай, цi слязьмi, усмешкай.
Хай нават гвалтам далiкатным, хай
Абдымкамi сталёвымi, як тут.

Р о м а

Усюды розныя умовы.

У i
Во!
I я пра тое думаю, Эрнэста,
Пра рэпетыцыю спектакля на
Малой, пакуль што, сцэне. I пабачым,
Цi многа рознiцы у розных месцах.

Р о м а
А дзе ты хочаш свой спектакль паставiць?

У i

У Цыцэра, вядома.

Р о м а
Там жа Дольфiт
З ягонай маралiсцкаю газеткай
Для гандляроў -- мяне ў ёй штосуботы
Ён палiвае як забойцу Шыта.

У i

Заткнуць ёй пашчу!

Р о м а
Гэта трэба й можна!
Шмат ворагаў пiсака мае. Многiх
Даводзiць ён да шалу. I мяне...
Магу спынiць я лаянку, Артура.

У i
Валяй, Эрнэста! Трэст ужо вядзе
Перагаворы з Цыцэра. Мы ж будзем
Капусту мiрным гандлем прадаваць.

Р о м а
А хто вядзе перагаворы?

У i
Кларк.
Але яму не проста. Мы -- завада.

Р о м а
Дык, значыць, Кларк вядзе гульню. Я Кларку
Не веру нi на шэлег.

У i
А там кажуць,
Што прысмакталiся да трэста мы,
Як п'яўкi. Iм капуста, а не мы
Патрэбны. Гандляры баяцца нас.
А жонка Дольфiта ва ўправе фiрмы
"Зялёны iмпарт", увайшла б яна
I ў трэст "Цвятной капусты", толькi мы
Яе палохаем.

Р о м а
Дык значыць, план
Iсцi вайной на Цыцэра не ты
Прыдумаў нам, а трэст "Цвятной капусты"?
Я зразумеў усё, Артура. I цяпер
Я разумею iх гульню.

У i
Чыю?

Р о м а
Ну, -- трэста! Завяшчанне Догсбара
Заказана Капусным трэстам! Ён
Iмкнецца Цыцэра заваяваць.
А ты ў iх на дарозе. Як адпрэчыць
Цябе? Яны яшчэ ў тваiх руках.
Патрэбен ты iм толькi на махлярствы,
Яны цябе дагэтуль збольшага трывалi.
Куды цябе падзець? Ану, Дагсбора,
Давай пiшы апошняе пiсьмо.
Вакол яго стаiць Капусны трэст,
Пасля яны расчулена знаходзяць
Канверт з лiстом; i са слязьмi пасля
Чытаюць на вачах у журналiстаў:
Стары раскаяўся i просiць-молiць
Расправiцца з чумой, якую сам
Наклiкаў быў, i зноў усiм вярнуцца
У чысты i сумленны гандаль. План
Такi у iх. Замешаныя ў iм
I Гiры,-- Догсбара ён тэстамент
Прымусiў напiсаць,-- ён сябар Кларка,
Якi у Цыцэра перагаворы
Вядзе, i "мае цяжкасцi", якi
Лапатай хоча грошы заграбаць,
А рук не пэцкаць. Джывола таксама,
Адразу чуе падлу. Догсбара -- дык ён,
Сумленны ёлуп Догсбара, якi
Адразу пiша завяшчанне-здраду,
Дзе ты абхляпаны да самых пят
Памыямi,-- дык вось, Дагсбора мусiць
Даць дуба без адкладу, бо iнакш
Дасць дуба план твой хiтрамудры!

У i
Рома,
Ты думаеш, што тут пляцецца змова?
I насамрэч, да Цыцэра мяне
Яны не падпускаюць. Я заўважыў.

Р о м а
Артура, я наладжу гэту справу,
Дазволь мне, слухай: сёння я ўначы
З дзясяткам добрых дзецюкоў яўлюся
На летнiк да старога Догсбара,
Яго ў машыну ўкiну ды скажу --
Да доктара i-- з ходу ў маўзалей.

У i
На летнiку ж -- Эмануэле Гiры...

Р о м а
Ён можа там застацца...

Яны глядзяць адзiн на аднаго.

Чыстка!

У i
А Джывола?

Р о м а
Наведаюся, едучы назад,
Куплю вянок старому Догсбара,
А Гiры заплачу гатоўкаю.
(Паказвае на свой рэвольвер.)

У i
Эрнэста, брыдкi i ганебны план
Дагсбора -- Кларкаў -- Дольфiтаў мяне
Прыбраць з дарогi, выцiснуць з гешэфту
Павiнны мы сарваць. Я давяраю
Адно табе.

Р о м а
Прымаю гэты гонар.
Але спачатку ты павiнен хлопцаў
Крыху натхнiць i падбадзёрыць, я ж --
Прамоўца кепскi.

У i (пацiскае яму руку)
Згода.

Р о м а
Ведаў я,
Артура! Разам, толькi цесна разам
Мы пераможам. Бо адна ў нас мэта!
Мы разам! Як было калiсьцi ў нас.
(Сваiм людзям.)
Ну, што я вам сказаў? Артура -- з намi!

У i
Прыйду.

Р о м а
У адзiнаццаць.

У i
А куды?

Р о м а

Ў гараж. Ура! Мы падымаем сцяг!
(Выходзiць са сваiмi людзьмi.)

У i (ходзiць туды-сюды, рэпецiруючы прамову, якую ён скажа перад ахоўнiкамi Ромы)
Сябры! З вялiкiм жалем я дазнаўся,
Што за плячмi ў мяне даўно сплялася
Гнюсотлiвая змова-здрада. Гэта --
Мае блiжэйшыя спаборцы тыя,
Якiм я давяраў найбольш, нядаўна!
Аддаўшыся ў палон любвi да славы
I прагнасцi, схаўрусавалiся
Супроць мяне з Капусным трэстам... Не,
Не з трэстам, а з палiцыяй, каб нас
Лiквiдаваць. Са мной расправiцца.
Нясцерп трываць! Я вам загадваю,
Вас павядзе Эрнэста Рома ноччу,
Яму я веру...

Уваходзяць К л а р к, Г i р ы i Б э ц i Д о л ь ф i т.

Г i р ы (таму што ў Уi разгублены твар)
Гэта мы.

К л а р к
Артура,
Прымiце мiсiс Дольфiт. Просьба трэста
Дайсцi да з годы з мiсiс Дольфiт.

У i (змрочна)
Добра.
Сядай.

К л а р к
У перамовах пра злiццё,
Якiя мiж чыкагскiм трэстам i
Зеляншчыкамi Цыцара вялiся,
Зеляншчыкi, як ведаеш ты сам,
Пярэчылi супроць цябе, як супраць
Акцыянера. З цяжкасцю ўдалося
"Цвятной капусце" iх пярэчанням
Супроцьстаяць. Вось, мiсiс Дольфiт тут...

М i с i с Д о л ь ф i т
Каб непаразуменнi пагасiць.
Спачатку я павiнна, з просьбы мужа,
Сказаць вам, што кампанiя ў газеце
Была не супраць вас.

У i
Не супраць нас?

К л а р к
Скажу вам шчыра: "самагубства" Шыта
Усiх у Цыцэра да смерцi гiдзiць.
Якi б нi быў той Шыт, суднаўладальнiк
Не проста нехта, пра каго нiхто
Сказаць не скажа слова. Карузэр
Дадаў, што па яго грузавiку
З засады бiлi. I што кожны раз
Замешаны, Артура, вашы людзi.

М i с i с Д о л ь ф i т
Вядома ў Цыцэра: капуста ваша
Крывёю пахне.

У i
Гэта ўсё паклёп!

М i с i с Д о л ь ф i т
Вы чыстыя! Калi сам мiстэр Кларк
За вас ручаецца, мы толькi супраць
Эрнэста Ромы.

К л а р к (хутка)
Будзь спакойны, Уi!

У i
Не буду слухаць! Што я вам, блазнюк?
Даволi! Годзе! Рома -- мой памочнiк.
Хто будзе мне рабiць указ, каго
Мне да сябе зблiжаць! Не пацярплю
Такога сораму!

Г i р ы
Мой шэф!

М i с i с Д о л ь ф i т
Скажу:
Iгнацiй Дольфiт будзе да канца
З такiмi, як Эрнэста Рома, весцi
Вайну.

К л а р к (холадна)
I мецьме рацыю. Яго
Ў пачэснай справе падтрымае трэст.
Уi, прашу -- разважны будзь: наш гандаль
I дружба -- рэчы розныя. Ну, як ты?

У i (гэтак сама холадна)
Дадаць няма чаго мне, Кларк.

К л а р к
Шкада!
Спадарыня, па вынiках сустрэчы
Смуткую шчыра.
(Выходзячы, да Уi.)
Глупства гэта, Уi!

Застаўшыся сам-насам, Уi i Гiры не глядзяць аддзi на аднаго.

Г i р ы
Пасля абстрэлу той дурной машыны
Вайны пазбегнуць нам не ўдасца.

У i
Я--
Вайны не забаюся.

Г i р ы
Што ж, не бойся!
I прэсе, i прыхiльнiкам Дагсбора,
I гораду Чыкага... Слухай, шэф!
Спрабуй тут быць разумным,-- гэта ўсё...

У i
Я абыдуся без тваiх парадаў.