Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць
Брэхт Бэртальт
Сцэна 11
Гараж. Ноч. Чуваць шум дажджу. Э р н э с т а Р о м а
i малады I н а. На заднiм плане г а н г с т э р ы.
I н а
Ужо другая!
Р о м а
Уi затрымаўся.
I н а
А можа, ён вагаецца?
Р о м а
Магчыма.
Ён да сваiх прыхiльнiкаў прыхiльны,
Ён сам лепш згiне, а людзей не скрыўдзiць.
Даўно пара прыбраць тых пацукоў --
Джыволу, Гiры. Ён вагаецца,
Марудзiць, сам з сабой ваюе. Гэтак
Яно зацягнецца да трэцяй ночы...
Але ён прыйдзе. Прыйдзе ён, я знаю.
(Паўза.)
Калi пабачу труп ублюдка Гiры,
Тады палегчае, нiбыта я
Цярпеў, цярпеў i вось -- адлiў!
I н а
А дождж
Па нервах б'е! Якая ноч!
Р о м а
Люблю
Такiя ночы. I з усiх найбольш
Цямнотныя. З усiх машын люблю
Я хуткiя. З усiх сяброў люблю
Рашучых.
I н а
Цi даўно знаёмы?
Р о м а
Дваццаць
Гадоў.
I н а
Даўно.
Г а н г с т э р (выходзiць наперад)
Дай выпiць хлопцам.
Р о м а
Не.
Цвярозыя павiнны быць.
А х о ў н i к i ўводзяць нiзкарослага ч а л а в е к а.
Н i з к а р о с л ы (задыхаючыся)
Трывога!
Там два браневiкi з палiцыяй!
Р о м а
Спусцiце жалюзi! Не наша справа,
Але нам лепей перасцерагчыся.
Сталёвыя жалюзi, павольна апускаючыся, зачыняюць дзверы ў гараж
А выхад вольны.
I н а (кiвае)
Тытунь -- рэч дзiўная. Вось чалавек,
I ён здаецца ўсiм такiм спакойным.
А будзеш, як спакойны чалавек,
Закурваць, i спакойным станеш сам.
Р о м а (усмiхаючыся)
Дай руку, пакажы!
I н а (выцягвае руку)
Дрыжыць. Ах, дрэнна!
Р о м а
А што благога? I быкi такiя.
Без пачуцця. Нiшто iх не трывожыць.
А рукi хай дрыжаць. Яны -- як компас,
Хай стрэлка компаса дрыжыць сабе,
Пакуль не стане. I рука жадае
Уведаць, дзе той полюс. Вось i ўсё.
К р ы к (з вулiцы
Палiцыя!
Р о м а (рэзка)
Спынiлiся?
Г о л а с
Ды не!
Г а н г с т э р (уваходзiць)
Спынiлiся машыны, фары ў iх
Патушаны!
Р о м а
Яны Артура ловяць!
Джывола з Гiры ставяць пастку. Пойдзем
Сустрэць яго!
Г а н г с т э р
Самазабойства гэта!
Р о м а
Самазабойства? Хай самазабойства!
Мы дружым цэлых васемнаццаць год!
I н а (зычным голасам)
Цi зрыхтавана зброя?
Г а н г с т э р
Так!
I н а
Эй, штору!
Сталёвае жалюзi павольна падымаецца, iмклiва ўваходзяць
А р т у р а У i i Д ж ы в о л а з а х о ў н i к а м i.
Р о м а
Артура!
I н а (цiха)
I Джывола!
Р о м а
Што такога?!
Артура, мы баялiся...
(Голасна смяецца.)
Э, чорт!
Ну, ўсё ў парадку!
У i (хрыпла).
А чаму б i не?
I н а
Мы ж думалi,-- бяда,,, Падайце руку,
Шэф, сябру вашаму -- ён толькi што
Нас клiкаў у агонь за вас, Артура.
Уi падыходзiць да Ромы i падае яму руку. Рома, смеючыся, бярэ яе. У той момант, калi ён не можа працягнуць руку да рэвальвера, Джывола маланкава выхоплiвае браўнiнг, прыцiснуўшы яго
да сцягна, страляе. Рома падае.
У i
Загнаць усiх у кут!
Людзi Ромы стаяць разгубленыя; усiх, на чале з iх начальнiкам Iнам, заганяюць у кут. Джывола нахiляецца над Ромам.
Д ж ы в о л а
Ён дыхае.
У i
Дабi!
(Звяртаецца да тых, што стаяць каля сцяны.)
Раскрыта ваша змова, вашы планы
Адносна Догсбара таксама. Я
Нанёс удар апошняю хвiлiнай.
Супрацiўляцца позна. Пакажу
Як здраджваць мне! Гняздо прадажнiкаў!
Д ж ы в о л а
Усе пры зброi!
(Зiрнуўшы на Рому.)
Во, заварушыўся!
Ён ажывае... Не пашанцавала!
У i
Сустрэнемся на летнiку ў Дагсбора.
(Iмклiва выходзiць.)
I н а (стоячы каля сцяны)
Вы гады! Вы прадажнiкi!
Д ж ы в о л а (вельмi ўсхвалявана)
Агонь!
Кулямётная чарга косiць усiх каля сцяны.
Р о м а (ачуняўшы)
Джывола, чорт!
(Цяжка паварочваецца, твар яго белы.)
Што тут было?
Д ж ы в о л а
Няважна.
Двух-трох лягавых трахнулi.
Р о м а
Ты сволач!
Што ты зрабiў з людзьмi маiмi?
Джывола не адказвае.
Што
З Артура?.. О, я так i знаў! Забойцы!
(Падымае галаву, азiраецца, шукаючы на падлозе труп Артура.)
Дзе ён?
Д ж ы в о л а
Пайшоў!
Р о м а (пакуль яго падцягваюць да сцяны)
Сабакi! Эх, сабакi!
Д ж ы в о л а (холадна)
Кульгавы я? Дык ты, брат, -- безгаловы?
Iдзi цяпер к чарцям сабачым, падла!
З'яўляецца надпiс.