Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць
Брэхт Бэртальт
Сцэна 13
Пад царкоўны звон за труною, якую нясуць у маўзалей горада Цыцэра, iдуць Б э ц i Д о л ь ф i т у жалобе, К л а р к; У i, Гi р ы i Д ж ы в о л а нясуць кожны вялiкi вянок. Уi, Гiры i Джывола, перадаўшы вянкi, застаюцца каля ўваходу ў маўзалей. Адтуль чуецца голас святара.
Г о л а с с в я т а р а
Заўчасна стрэўшы смерць, Iгнацiй Дольфiт
Спакой тут знойдзе. Пройдзена дарога,
Не барышамi складзеная,-- працай,
Той працай, што прыносiла багацце,
Ды не таму, хто памнажаў яго
I хто дачасна адышоў ад свету.
Каля нябеснай брамы сам архангел
Руку ўскладзе прышэльцу на плячо
I скажа: "Гэты чалавек пранёс
Цяжар вялiкi". Ў гарадской управе,
На пасяджэннях моўчкi пасядзяць,
Чакаючы, што слова скажа Дольфiт.
Ахвотна грамадзяне йшлi за iм.
Ён быў сумленны. Сёння з iм памерла
Сумленне горада. Ён быў патрэбны,
Найбольш цяпер, i ён пайшоў ад нас,
Пайшоў ад нас той чалавек, якi
Умеў iсцi дарогаю наўпрост,
Якi грамадскiя законы ведаў.
Ён ростам быў малы, вялiкi духам.
Зрабiў сваю газету ён амбонам,
I гэты гучны голас чуўся ўсюды,
Прастору i гранiцы перамогшы.
Iгнацiй Дольфiт, спi спакойна. Аман.
Д ж ы в о л а
Тактоўны пастар наш: пра тое, як
Сканаў газетчык, -- анi слова.
Г i р ы (на iм Дольфiтаў капялюш)
Мае
Ён не тактоўнасць -- семярых дзяцей.
З маўзалея выходзяць К л а р к i М а л ь б э р ы.
К л а р к
Вы, свалата, пастойце над труною,
Каб iсцiна не выпаўзла наверх?
Д ж ы в о л а
Ах, Кларк, навошта груба так? Цi можна
Так лаяцца ў святынi? Ды i шэф
Не любiць жартаваць.
М а л ь б э р ы
Ах, душагубы!
Iгнацiй Дольфiт слова не парушыў,
I ён маўчаў.
Д ж ы в о л а
Заслугi мала ў тым -
Дапамагаць маўчаннем. Хочам мы
Падтрымкi не маўчаннем, а высокiм
I гучным словам.
М а л ь б э р ы
Ён адно сказаў бы:
Вы -- душагубы!
Д ж ы в о л а
Дольфiта прыбраць
Была патрэба. Ён быў тая пора,
Якая выдзяляла пот усiх
Спалоханых зеляншчыкоў. Запахла
Крывавым потам баязлiўства.
Г i р ы
Вам
З капустай вашай цi патрэбен рынак?
Цi не?
М а л ь б э р ы
Нам не патрэбныя забойствы!
Г i р ы
Чысцюлi, бач! Вам рэжам быдла мы,
А ростбiфы ясце са смакам вы!
Крычыце: мяса! Лаеце пасля
На кухнi кухара, што вострыць нож!
Вы -- ёлупы, на нас малiцца трэба,
А не крычаць! Ану дамоў!
К л а р к
Ах, Кларк,
У чорны дзень ты iх прывёў да нас.
К л а р к
Я ведаю.
Абодва панура выходзяць.
Г i р ы
Не паступайся, шэф! Хай не азмрочаць
Нам гады свята нашага!
Д ж ы в о л а
Ша!-- тут Бэцi!
З маўзалея выходзiць Б э ц i Д о л ь ф i т, яе падтрымлiвае пад руку ж а н ч ы н а. У i робiць некалькi крокаў ёй насустрач.
З маўзалея чуецца арганная музыка.
У i
Прымiце, мiсiс Дольфiт...
Яна моўчкi праходзiць мiма.
Г i р ы (крычыць)
Эй, пастой!
Яна спыняецца, паварочваецца. Вiдаць, што твар у яе белы.
У i
Прымiце спачуванне, мiсiс Дольфiт!
Ваш муж пакiнуў гэты грэшны свет,
Але гароднiна жыве. Хай нават
Забылiся вы пра сваю капусту,
Хай слёзы слепяць вашы вочы, толькi ж
Трагедыя няхай вас не прымусiць
Забыць, што кулi подлых тэрарыстаў
Грузавiкi з капустаю цаляюць,
Што газа льецца на капусту вашу,
На мiрную капусту. Толькi ж я,
Я побач з вамi, нашу абарону
Прашу прыняць. Што скажаце на гэта?
Б э ц i (узвёўшы вочы ў неба)
О Божа! Дольфiт не астыў яшчэ!
У i
Смуткую разам з вамi я па сябры,
Забiтым хцiва з-за вугла рукою
Падступнаю.
Б э ц i
Так, Дольфiта забiла
Рука, якую ён з даверам пацiскаў.
Дык цi не ваша?
У i
Гэта зноў паклёпы,
Цкаванне, закiды, лiхiя чуткi,
I нежаданне зразумець мяне,
I недавер да шчырасцi маiх пачуццяў,
Фальшывая iнтэрпрэтацыя
Маiх найлепшых парыванняў сэрца
Як дзеянняў варожых, адхiленне
Маёй працягнутай рукi!
Б э ц i
Рукi,
Якая душыць.
У i
То была праява
Маёй з iм дружбы!
Б э ц i
Як удаў хацеў
Быць сябрам трусiку!
У i
Вы чулi гэта!
Вось так мяне стараюцца прывецiць!
I Дольфiт гэтак вось лiчыў iмкненне
Маё сардэчнае, парыў мой шчыры
Сухiм разлiкам, а вялiкадушнасць
Праявай слабасцi. На ўсё, што я
Прапанаваў, ён адказаў маўчаннем.
Не цёплаю падтрымкай сэрца,
А я ж надзею меў, што на мае
Амаль унiжаныя просьбы-мольбы,
За дружбу,-- узаемнасцю адкажа!
Але дарма! Мне кiнулi пагарду
У твар. I нават гэтае маўчанне,
Нам абяцанае з панурым жалем,--
Парушыць радыя з нагоды першай!
Крычаць пра жахi, распускаюць плёткi
Пачварныя!.. Вазьмiце пад увагу --
Цярпенне лопнуць можа!
Б э ц i
Слоў не маю.
У i
У сэрцы словы ёсць.
Б э ц i
Дык гэта сэрца
Гаворыць з вас так красамоўна?
У i
Я
Кажу, што адчуваю.
Б э ц i
I няўжо
Так можна адчуваць? Я веру, веру!
Вы забiваеце са шчырым сжрцам!
Вы шчырыя ў той самай меры, як
Хтось iншы шчыры ў цноце i даброцi!
Падману верыце, як вераць праўдзе!
Нязменна ж любiце заўсёды -- здраду!
Сумленныя ў падмане! У карысцi--
Вы бескарыслiвы! I не падкупiш
Высакародным парываннем вас!
Адно звярыны пал натхняе вас!
I кроў! I гвалт! Вы дыхаеце iмi
З найбольшай асалодай! Подласць вас
Да слёз расчульвае. А дабрыня
Вам ненавiсная i выклiкае
Ў вас прагу помсты!
У i
Прынцып, мiсiс Дольфiт,
Такi ў мяне, што апанента я
Нiколi не перапыняю, нават
Калi мяне ён бэсцiць. Так, я знаю:
У вашых колах я -- вялiкi нелюб,
Маё паходжанне -- а я, я сын
Кварталаў Бронкса -- лiчаць мне вiною.
"Ён ахламон вясковы, ён не знае,
Якi вiдэлец выбраць для дэсерту!
Ну, цi ж яго ў камерцыю пускаць?
Як толькi мова зойдзе пра тарыфы,
Ён хап! за нож адразу! Не, так справы
Не робяцца! Ён непатрэбны нам!"
Я, мiсiс Дольфiт, просты, называю
Усё назовамi сваiмi, толькi ж
I гэтага нiколi не даруюць.
Са мною варагуюць толькi прымхi,
Перамагчы магу iх я рукамi
I справамi сваiмi. Мiсiс Дольфiт,
Вы звязаныя з гандлем зелянiнай.
I я. I гэта памiж намi мост.
Б э ц i
Яго не перакiнеш цераз прорву,
На дне якое -- труп!
У i
Мой горкi вопыт
Падказвае, што з вамi гаварыць
Павiнна я па-дзелавому: я --
Палiтык уплывовы, вы -- у гандлi
Кароль капусты. Адкажыце мне:
Што вы намыслiлi ў тым гандлi? Бо
Жыццё iдзе, не заўважаючы
Няшчасцяў нашых.
Б э ц i
Так, жыццё iдзе,
Якраз таму я i хачу сказаць
Усiм пра пошасць, пра пагрозу людзям!
Нябожчыку я прысягну: свой голас
Узненавiджу я, калi ён скажа:
"Хачу абедаць", "Добры дзень!", "Дабранач!",
А не найбольш патрэбнае "Забiце
Артура Уi!"
Г i р ы (з пагрозай)
Дзетачка, цiшэй!
У i
Вакол магiлы. Для пяшчотных слоў
Яшчэ не час. А я ж кажу пра справы,
Не пра нябожчыкаў.
Б э ц i
Ах, Дольфiт, Дольфiт!
Нашто мяне пакiнуў?
У i
Праўда ваша.
Вы зразумейце, Дольфiта няма.
Хто ў Цыцэра падыме голас супраць
Тэрору, здзекаў, гвалту i насiлля?
Нiчым вам страту не кампенсаваць!
Няма апоры вам у дзiкiм свеце,
Няма вам абароны. Шанец ваш
Апошнi -- я!
Б э ц i
Вы кажаце такое
Ўдаве таго, каго ж вы i забiлi?
Пачвара! Ведала я i чакала,
Што прыйдзеце сюды, каб звiнавацiць
Кагосьцi iншага за подласць вашу.
"Не я, а ён!", "Не ведаю нiчога!",
"Я згвалчаны",-- крычыць сам гвалтаўнiк,
"Забойства! Помста!"-- ўсiм крычыць забойца.
У i
Мой план адзiн: абараняць вас трэба.
Б э ц i (слаба)
Не пройдзе ён!
У i
А мы пабачым.
Б э ц i
Божа,
Абаранi ад абароны нас!
У i
Якi ж дасце вы мне адказ?
(Працягвае ёй руку.)
На дружбу
Цi будзе згода ваша?
Б э ц i
Не i не!
(З жахам выбягае.)
З'яўляецца надпiс.