Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць
Брэхт Бэртальт
Сцэна 14
Спальня Артура Уi ў гатэлi "Мамот". У i, якога мучаць кашмары,
варочаецца ў ложку. На крэслах сядзяць ягоныя а х о ў н i к i,
трымаючы рэвальверы на каленях.
У i (у сне)
Прэч! прэч, крывавыя! Спагаду майце!
Сцяна за iм робiцца празрыстай.
З'яўляецца д у х Э р н э с т а Р о м ы; у лобе рана ад кулi.
Р о м а
I гэта ўсё табе не дапаможа --
Разня, падступства, лютасць i пагрозы --
Усё дарма, Артура. Бо гнiлы
Ў тваiх зладзействаў корань. I яны
Не расцвiтуць! А здрада -- гной! Хлусi
I рэж тых Дольфiтаў i Кларкаў, а--
Сваiх не руш! Ты чуў, Уi! Не руш!
Хоць апляцi сваёю змовай свет,
А змоўшчыкаў не руш! Усю тапчы,
Усё драсуй, а ногi беражы!
Усiм у твар хлусi, а той вунь твар,
У люстры вунь, не мерся падмануць!
Ты мне нанёс удар, але, Артура,
Нанёс удар сабе. Я сябрам быў
Табе яшчэ тады, калi цябе
Ўсе вышыбалы зналi. Я цяпер--
У небыццi, а ты на "ты" з усiмi
Гаспадарамi вашага жыцця.
Ты ўзвышаны быў здрадай, будзеш здрадай
I скiнуты. Як ты прадаў свайго
Памочнiка Эрнэста Рому, так i ўсiх
Ты прадасi, i прададуць цябе.
Зямля сырая пахавала Рому,
А не твая, Артура Уi, здрада.
Яна стаiць, яе хiстае вецер,
Над цiхiмi магiламi, i людзi
Глядзяць i бачаць. Прыйдзе, прыйдзе дзень,
Калi ахвяры ўсе твае паўстануць,
Усе, каго забiў ты i заб'еш,
I пойдуць на цябе сцяной суцэльнай,
I ты, акружаны нянавiсцю,
Шукацьмеш абароны... Як i я
Шукаў яе, як я крычаў, i кляў.--
Крычы, клянi! Зямля маўчыць, не чуе...
У i (ускоквае)
Згiнь, гад! Страляйце! Згiнь! Вы там паснулi?
Ахоўнiкi страляюць у тое месца сцяны, на якое паказвае Уi.
Р о м а (знiкаючы)
Страляйце, кулi не бяруць мяне