Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць
Брэхт Бэртальт
Сцэна 15
Сiцi. Сход чыкагскiх г а н д л я р о ў гароднiнай.
Яны вельмi бледныя.
П е р ш ы г а н д л я р
Шантаж! Забойства! Гвалт! Рабунак! Рэкет!
Д р у г i г а н д л я р
А тут пакора! Рабалепства! Страх!
Т р э ц i г а н д л я р
Не, не пакора! Ў студзенi да нас
У лаўку пруцца двое: рукi ўгору!
Я iх адразу спапялiў пагардай
Ды так спакойна iм кажу: панове,
Я саступаю сiле, -- паказаўшы,
Што з iмi нават знацца не хачу
I не ўхваляю iхняга ўварвання.
Я строгi быў. Мой непахiсны ўпор
Iм гаварыў: ну, што ж, бярыце касу,
Але, калi б не зброя ваша...
Ч а ц в ё р т ы г а н д л я р
Слушна.
А я ўмываю рукi! Так сказаў
Я жонцы.
П е р ш ы г а н д л я р
Вось, што значыць баязлiвасць!
Ды не -- разлiк! Здавалася, аддаць
Iм моўчкi касу, душагубы тыя
Узяўшы пойдуць. Аж -- зусiм не тое!
Шантаж! Забойства! Гвал! Рабунак! Рэкет!
Д р у г i г а н д л я р
А з намi так i трэба! Без хрыбта
Мы ўсе!
П я т ы г а н д л я р
Ды не -- без зброi! Морквай я
Гандлюю. Я не гангстэр.
Т р э ц i г а н д л я р
Спадзяюся,
Сабака гэты на такiх нарвецца,
Якiя iклы iм свае пакажуць.
Няхай паткнуцца толькi дзе яшчэ.
Ч а ц в ё р т ы г а н д л я р
У Цыцэра, напрыклад!
Уваходзяць г а н д л я р ы га р о д н i н а й з Ц ы ц э р а.
Яны белыя як снег.
Г а н д л я р ы з Ц ы ц э р а
Хэло, чыкагцы!
Г а н д л я р ы з Ч ы к а г а
Хэло, сябры з Цыцэра! Хэло!
Што прывяло вас?
Г а н д л я р ы з Ц ы ц э р а
Выклiкалi нас.
Г а н д л я р ы з Ч ы к а г а
А хто?
Г а н д л я р ы з Ц ы ц э р а
Ды ён жа.
П е р ш ы г а н д л я р з Ч ы к а г а
Як ён можа вам
Даваць каманды?
П е р ш ы г а н д л я р з Ц ы ц э р а
Ён узвёў курок!
Д р у г i з Ц ы ц э р а
Прыйшлося гвалту саступiць.
П е р ш ы з Ч ы к а г а
Пракляцце! Баязлiўцы! Не мужчыны!
Суду няма у Цыцэра?
П е р ш ы з Ц ы ц э р а
Няма.
Т р э ц i з Ц ы ц э р а
Ужо няма.
Т р э ц i з Ч ы к а г а
Змагацца трэба, людзi!
Спынiце пошасць i чуму спынiце!
Не дапусцiце, каб пажэрла вас
Там саранча.
П е р ш ы з Ч ы к а г а
Другi, дзесяты горад,
А там ён -- цэлы горад праглыне.
Дзеля краiны ўсёй -- змагайцеся!
Д р у г i з Ц ы ц э р а
За ўсю краiну -- мы? Хай iншыя.
А мы ўмываем рукi...
Ч а ц в ё р т ы з Ч ы к а г а
Мы, галганы,
Мы верым, быццам на такiх нарвецца,
Якiя iклы iм свае пакажуць.
Пад гукi фанфараў з'яўляюцца А р т у р а У i i Б э ц i
Д о л ь ф i т (уся ў жалобным), за ёю -- К л а р к, Г i р ы,
Д ж ы в о л а i а х о ў н i к i. Уi праходзiць наперад.
На заднiм плане становяцца строем ахоўнiкi.
Г i р ы
Хэло? З Цыцэра ўсе тут?
П е р ш ы з Ц ы ц э р а
Усе.
Г i р ы
Чыкагцы тут?
П е р ш ы з Ч ы к а г а
Усе.
Г i р ы (Уi)
Усе сабраны.
Д ж ы в о л а
Ласкава просiм, гандляры! Наш трэст
"Цвятной капусты вам перадае
Сардэчнае вiтанне.
(Кларку.)
Мiстэр Кларк, прашу.
К л а р к
Паведамляю навiну: пасля
Перагавораў доўгiх, што iшлi
Не так ужо i гладка (выдам тайну!),
Аптовы гандаль Бэцi Дольфiт стаў
Партнёрам нашае "Цвятной капусты".
Цяпер усiм пачне рабiць пастаўкi
Мной памянёны трэст. Тут вiдавочны
Ваш поўны выйгрыш: у надзейнасцi!
Мы ўжо зацвердзiлi усе расцэнкi --
Крыху павышаныя. Мiсiс Дольфiт,
Вы сталi сябрам трэста, дык дазвольце --
Я вам руку пацiсну.
Кларк i мiсiс Дольфiт пацiскаюць адно аднаму рукi.
Д ж ы в о л а
Мае слова
Артура У i.
У i (падыходзiць да мiкрафона)
Гандляры Чыкага
I Цыцэра! Сябры! Суграмадзяне!
Калi сумленны мiстэр Догсбара
Мяне паклiкаў год таму назад
I папрасiў узяць пад абарону
Чыкагскi гандаль зелянiнай, я
Расчулiўся, хоць не зусiм быў пэўны,
Цi апраўдаю я яго давер.
Памёр Дагсбора. Завяшчанне старца
Вядома вам. Нябожчык пасылае
Падзяку мне, як названаму сыну,
За ўсё, што я зрабiў з тае гадзiны,
Калi згадзiўся на ягоны заклiк.
А гандаль зелянiнай -- морквай,
Капустай, буракамi -- у Чыкага
Ад сёння пад надзейнай абаронай.
А потым я прыняў i iншы заклiк:
Iгнацiй Дольфiт упрасiў мяне
Пад абарону Цыцэра прыняць.
Згадзiцца мусiў я. Але паставiў
Адну умову: хай мяне папросяць
Самыя гандляры. Забаранiў
Рабiць на Цэцэра любыя ўцiскi!
Ваш горад можа сам абраць мяне!
Я не хачу, каб паблажалi мне,
Праз зубы цэдзячы: "ну добра, хай!"
Цi моршчылiся каб, крывiлi губы,
Згаджаючыся на мяне. Хачу,
Каб радасна крычалi ўсе: "Яго!".
I вось, калi сказаў, чаго хачу,,
Чаго ж хачу,-- хачу у поўнай меры,
Я зноў звяртаюся да вас, чыкагцы.
Мяне вы добра ведаеце: веру,
Што па заслугах цэнiце мяне.
Дык вось: хто за мяне? Зазначу ў дужках,
Што хто не за, той супраць i няхай
Пасля шкадуе сам. Усё, я скончыў.
Вы можаце свабодна выбiраць.
Д ж ы в о л а
Паслухайце спачатку, мiсiс Дольфiт,
Чый муж адстойваў вашы iнтарэсы!
Б э ц i
Сябры! Цяпер, калi заступнiк ваш,
Мой незабыўны муж, Iгнацiй Дольфiт,
Сышоў...
Д ж ы в о л а
Пад покрыў Бога!
Б э ц i
I не можа
Вас падтрымаць -- я раю: абярыце
Заступнiкам сваiм Артура Уi,
Як я яго абрала ў цяжкi час,
Яго блiжэй i лепш спазнаўшы.
Д ж ы в о л а
З Богам!
Г i р ы
Хто за, падымем рукi!
Некаторыя адразу падымаюць рукi.
А д з i н з Ц ы ц э р а
Выйсцi можна?
Д ж ы в о л а
Любы свабодны, хай што хоча, робiць.
Гандляр з Цыцэра нерашуча выходзiць. За iм -- два ахоўнiкi.
Чуецца стрэл.
Г i р ы
Так. Вы цяпер! Якi свабодны выбар?
Усе падымаюць рукi, кожны цягне ўгору абедзве рукi.
Д ж ы в о л а
Шэф, рэферэндум скончаны, усе:
I з Цыцэра, таксама ж i з Чыкага
Усхвалявана дзякуюць табе
За тое, што бярэш пад абарону.
У i
Падзяку вашу горача прымаю.
Пятнаццаць год назад, калi я, сын
Кварталаў Бронкса, беспрацоўны, лёсам
Паклiканы, пачаў свой шлях у горад
Чыкага разам з вернымi сямю
Таварышамi,-- марыў моцны мiр
Заваяваць для гандлю зелянiнай,
Было ў той час нас мала, хто натхнёна
Iмкнуўся забяспечыць гэты мiр.
Цяпер нас шмат! I моцны мiр у гандлi
Не мара, а рэальнасць. Доўгi мiр
Каб забяспечыць вам, я загадаў
Сюды даставiць новыя прылады:
Браневiкi, гранаты, кулямёты
I сотняў пяць дубiнак эластычных:
Бо абароны нашай сёння просяць
Усе -- не толькi ў Цыцэра й Чыкага,
Але i ў iншых гарадах: Дэтройт,
Таледа, Бостан, Вашынгтон, Нью-Йорк!
I там капусту любяць. Флiнт, Атланта,
Лiнкольн! Дыега! Санта-Фэ! Сэнт-Пол!
Шайен! Чарлстон! Калумбiя! Лас-Вэгас!
Усiм адно: "Абаранi, Артура!"
I абаронiць, i паможа Уi.
Б'юць барабаны, фанфары.
Падчас прамовы з'яўляецца надпiс.