Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць
Брэхт Бэртальт
Сцэна 1
А
Сiцi. Уваходзяць п я ц ь д з я л к о ў, сяброў Капуснага
трэста.
Ф л э й к
Пракляты час!
К л а р к
Здаецца, наш Чыкага,
Нiбы старая дзеўка, iдучы
Па малако, знайшла ў сваёй кiшэнi
Заместа грошай -- дзiрку, усе манеты
У лужыне.
К а р у з э р
У той чацвер Тэд Мун
Мяне i каля сотнi iншых склiкаў
На смажаных фазанаў. I калi б
Прыйшлi мы, ўбачылi б, як з малатка
Iдзе ўся мэбля Тэда Муна. Сёння
Усё так проста. Ты -- мiлiянер,
А праз хвiлiну -- галадранец. Морам
Яшчэ плыве сюды твая капуста,
А ўжо купляць няма каму ў Чыкага.
Б а т ч э р
Як гром у чыстым небе!
М а л ь б э р ы
"Клайв i Робэр"
Ужо ледзь дыхаюць!
К л а р к
Кармiў Уiлер
Усiх з часоў патопу i -- банкрут!
Ф л э й к
Кантора Дзiка Хавэлока -- спруцянела.
К а р у з э р
А Ш ы т? Куды падзеўся Ш ы т стары?
Ф л э й к
Няма калi яму сюды хадзiць.
Па банках бегае.
К л а р к
Ды ну? I Шыт?
(Паўза)
Мне ясна ўжо: капуснаму гешэфту
Цяпер у нашым горадзе -- хана!
Б а т ч э р
Сябры, не трэба ляманту i слёз,
Хто не памёр -- жыве!
М а л ь б э р ы
У дамiвiне
Жывы таксама можа паляжаць.
Б а т ч э р
Не вешай носа! Гандляваць капустай--
Надзейны i здаровы бiзнес. Горад,
Амаль пяцiмiльённы, галадаць
Не можа, будзь тут крызiс цi не крызiс,
А есцi хочацца, гароднiна
Патрэбная.
К а р у з э р
I як той гандаль?
М а л ь б э р ы
Слаба.
Адзiн качан капусты на дваiх,
I тое -- у крэдыт!
К л а р к
Згнiе капуста.
Ф л э й к
Дарэчы, за дзвярыма там чакае
Прыёму нейкi тып, завуць -- Уi.
К л а р к
Ён гангстэр?
Ф л э й к
Ну, вядома. Падлы пах
Унюхаў i прыбег урваць кавалак.
Памочнiк спадара Эрнэста Рома
Бажыўся даказаць зеляншчыкам,
Што ўсякая, не нашая капуста,
Здароўю шкодзiць. Абяцае нават
Падвоiць абарот, бо ён, гандляр,
Хутчэй капусту купiць, чым труну.
Нявесела смяюцца.
К а р у з э р
Нахрапiсты нахаба!
М а л ь б э р ы (рагоча на ўсё горла)
Бомбы Мiлса,
Гарматы Томпсана!-- вось вам i новы
Струмень крывi у гандлi! Бiзнес наш
Адродзiцца i расквiтнее зноў!
Прабеглi почуткi, што спiм мы кепска,
I вось спадар Артура Уi прыходзiць
Да нас i прапануе нам паслугi,
А мы яшчэ капылiць губы будзем?!
Што ж, будзем выбiраць памiж Уi
I Армiяй ратунку -- дзе смачней?
К л а р к
Я думаю, ў Уi суп -- гарачэйшы.
К а р у з э р
Ганiце прэч!
М а л ь б э р ы
Не, толькi далiкатна!
Хто ведае, што будзе з намi ўсiмi?
Рагочуць.
Ф л э й к (да Батчэра)
А як там з Догсбара? Далi пазыку?
(Да астатнiх.)
Мы з Батчарам шукалi выйсця, як нам
Без грошай пратрымацца хоць бы год?
I вось пастанавiлi: мы заўсёды
Плацiлi гораду падаткi спраўна,
Чаму ж бы горад нам цяпер не мог
Дапамагчы нейк выграбцiся з ямы
I даць пазыку -- скажам, на будоўлю
Прычалаў новых? Мы iх пабудуем,
Тады й гароднiна таннейшай будзе.
Павагу Догсбара пасюдна мае
I мог бы ўладзiць... Так, а што ж ён кажа?
Б а т ч а р
Не хоча лезцi ў гэту калатушу.
Ф л э й к
Не хоча? Чорт вазьмi, стары Дагсбора
Не хоча ў доках нам дапамагчы?
К а р у з э р
А я ж фiнансаваў яго дарма
На выбарах.
М а л ь б э р ы
Нягоднiк! Ён у Шыта
Служыў тракцiршчыкам! Яшчэ не стаўшы
Палiтыкам, ён еў хлеб трэста. Флэйк,
Вось вам удзячнасць! Вось яго мараль!
Без долараў не можа быць маралi!
Усе бягуць, як пацукi, на здраду
Гатовы сябар, прадае слуга
Гаспадара свайго,-- i наш тракцiршчык,
Такi усмешлiвы, адверне нос
I карабель пакiне! А мараль?
О, дзе ты, дзе ты ў крызiсе мараль?!
К а р у з э р
Я думаў, што Дагсбора не такi!
Ф л э й к
А што сказаў стары?
Б а т ч э р
Што ўсё -- афёра.
Ф л э й к
Афёра? Будаваць прычалы ў порце?
Мы тысячам людзей дамо занятак,
Дамо iм хлеб...
Б а т ч э р
А ён не ўпэўнены,
Што будзем будаваць.
Ф л э й к
Якая ганьба!
Б а т ч э р
Што -- ганьба? Наш падман?
Ф л э й к
Яго сумненне!
К л а р к
Тады вазьмiце iншага, якi
Пазыку выб'е нам.
М а л ь б э р ы
Такiя ёсць!
Такiх, як Догсбара, няма. Адзiн,
Адзiн ён сама ў акурат.
К л а р к
На што?
Б а т ч э р
Сумленны ён, i гэтым славiцца.
Ф л э й к
Пустое!
Б а т ч э р
Iмя сваё стары высока ставiць...
Ф л э й к
Пляваць! Найперш патрэбен нам крэдыт,
А на iмя пляваць!
Б а т ч э р
А не скажы!
Iмя патрэбна. Пад iмя -- i грошы.
Адно сумленнаму калi даюць,
Нiякiх лiшнiц не пытаюць, у яго
Патрабаваць няёмка i гарантый.
Наш Догсбара такi. Ён -- наш крэдыт!
Ён возьме на прынаду. У яго
Усе павераць. Нават той, хто ў Бога
Не верыць, Догсбара прымае сэрцам.
Праныра-бiржавiк ужо й сабе
Не давярае, да юрыста йдзе
З сваiм юрыстам, а апошнi цэнт
Нясе на захаванне Догсбара,
Чый на цвiку ў тракцiры фартушок.
Сумленны ён. Пуд праўды ў iм. Дажыў
Да старасцi, а слабасцi не мае.
Я паўтараю, ён для нас -- знаходка,
Тым больш, калi будуеш докi, i
Далей iх будаваць намеры маеш.
Ф л э й к
Яму цаны няма. Яго падтрымка--
Усiм зарука ўдачы ў кожнай справе,
Але, баюся, нас не падтрымае.
К л а р к
Ён скажа: "Горад наш не мiска з супам".
М а л ь б э р ы
I: "Ўсе-- за горад, горад-- за сябе!"
К а р у з э р
Стары без пачуцця гумору.
М а л ь б э р ы
Думкi
Мяняе не часцей, чым порткi. Горад
Яму не проста пабудовы, дзе
Жывуць i б'юцца людзi за бiфштэксы,
За хлеб, за грошы, горад -- гэта кнiга,
Як тая Бiблiя. Ён мне агiдны.
К л а р к
Нiколi сэрцам з намi ён не быў.
Дык што яму капуста? Транспарт наш?
Няхай усё згнiе,-- не варухне
I пальцам. Дзевятнаццаць год, а мо
I цэлых дваццаць, ён у нас бярэ
На выбары багата грошай. Толькi ж
Капусту бачыў на талерцы. Вокам
Не глянуў у гараж нi разу.
Б а т ч э р
Праўда.
К л а р к
К чарцям сабачым!
Б а т ч э р
Не чарцям, а нам!
Ф л э й к
Навошта нам ён? Кларк сказаў, што нас
Ён не прымае.
Б а т ч э р
Так, i Кларк сказаў
Прычыну гэтага.
К л а р к
Стары Догсбора
Не ведае, дзе Бог жыве, стары
Жыве на iншым свеце.
Б а т ч э р
Так. Не знае,
Не ведае, чым мы жывём, нiколi
Не быў у нашай скуры. Што ж -- пытанне:
Як нам яго прымусiць пабываць
У нашай скуры i на нашым месцы?
Шкада. Але хай вучыцца пархаты.
Паслухайце сюды, я маю план!
З'яўляецца надпiс, якi нагадвае пра падзеi нядаўняга
мiнулага.
Б
Каля ўваходу на таварную бiржу. Ф л э й к i Ш ы т.
Ш ы т
Ад Понцiя я лётаў да Пiлата.
Пiлат паехаў. Понцiй мыўся ў лазнi.
Цяпер сваiх былых сяброў мы бачым
Са спiны толькi -- ўсе бягуць ад нас.
Цяпер i брат, каб не спаткацца з братам,
Па боты да старызнiка бяжыць --
Каб толькi не абрабавалi iх.
Партнёры так баяцца, што не могуць
Па iменi адзiн аднога зваць
На людзях. За кiшэнi ўсе баяцца.
Ф л э й к
Ну што вы скажаце на прапанову?
Ш ы т
На вашу прапанову? Прадаваць?
Я -- не! За чаявыя вам падай
Абед пад чарку ды яшчэ й падзяку
За ўсё прапiтае. А што пра вас
Я думаю, -- лепш не скажу!
Ф л э й к
Ды хто ж
Вам на дурнiцу грошы дасць?
Ш ы т
Я пэўны,
Што на сяброў разлiчваць сёння нельга.
Ф л э й к
Так, грошы сёння дарагiя.
Ш ы т
Таму,
Каму найбольш патрэбныя яны.
Найлепей ведае пра гэта сябар.
Ф л э й к
Ты параходства не ўтрымаеш.
Ш ы т
Што ты?
Я маю жонку,-- цi ўтрымаю? Ты
Мне сябар, ведаеш усё!
Ф л э й к
Калi
Ты прадасi...
Ш ы т
Дык патану не сёння...
Але... ну што ты маеш з параходства?
Ф л э й к
Няўжо ты не падумаў, што табе
Паможа трэст?
Ш ы т
А не падумаў нават.
Ды што я? А i ў голаў не прыйшло,
Што вы працягнеце руку, але
Абы каб толькi не абрабаваць?
Ф л э й к
Ў бядзе -- не сябар злосць, не дапаможа.
Ш ы т
Не горшы сябар за другiх, мой Флэйк.
Праходзяць трое -- гангстэр А р т у р а У i, яго памочнiк Э р н э с т а Р о м а i яго а х о ў н i к. Уi пiльна глядзiць на Флэйка, быццам чакаючы, што той загаворыць, а Рома, ужо прайшоўшы
мiма, злосна абарочваецца.
Ш ы т
Хто гэта?
Ф л э й к
Гангстар Уi. Што ж бо, Шыт,
Цi прадасi нам параходства?
Ш ы т
Ён
Хацеў з табой пагаварыць.
Ф л э й к (злосна смяецца)
Нам гэты
Шалёны гангстар не дае спакою.
Ён прапануе прадаваць капусту
Пад рэвальверам. Так, цяпер такое
Усюды ў нас; наш горад гiне, горад
Гнiе ад пошасцi дурной праказы.
Адкуль прыйшло ўсё гэта? На якой
Памыйнiцы расплоджвалася лiха?
Шантаж, забойствы, гвалт, разбой, насiлле,
Iх "рукi ўгору!", iх "Ратуйся!". Гэта
Ўсё выпалiць агнём!
Ш ы т (востра зiрнуўшы на яго)
Але хутчэй,
Каб нам самiм не заразiцца.
Ф л э й к
Ну,
Дык прадасi нам параходства?
Ш ы т (адступiўшы i гледзячы на субяседнiка)
Так!
Тут падабенства ёсць. Бадай што з тым,
Хто толькi што прайшоў. Хай не адразу
Яно вiдаць, але ўсё ж пазнаецца.
На дне у сажалцы мы бачым вецце
Зялёнае i коўзкае, як змеi.
Што гэта -- змеi цi там толькi вецце?--
Не разбярэш. Ты, Флэйк, не дужа крыўдуй,
Ты на Эрнэста Рому так падобны,
Нiбы галiна на змяю. Цяпер,
Цябе й яго пабачыўшы, мяркую,
Што падабенства заўважаў раней,
Але яму не надаваў значэння.
Флэйк, паўтары мне: "Прадасi цi не?".
Той самы голас... Не, ты лепей крыкнi:
"Стой, рукi ўгору!" Гэтага ж ты хочаш?
(Падымаючы абедзве рукi.)
Флэйк, я здаюся. Тут ты перамог.
Я параходства трэсту прадаю.
А плата?-- дай мне выспятка пад зад!
Ф л э й к
Цi ты здурэў?
Ш ы т
Хоць не, а быў бы рады!