Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць
Брэхт Бэртальт
Сцэна 4
Летнiк Д о г с б а р а. Д о г с б а р а з с ы н а м.
Д о г с б а р а
Няварта мне было браць гэты летнiк.
Мне акцыi ўручылi, ну i што?
Тут не прычэпiшся.
Д о г с б а р а-с ы н
Тут чыста ўсё.
Д о г с б а р а
Я дамагаўся займу, бо на скуры
Сваёй адчуў, як лёгка можа трэст
У поўным росквiце, калi ў яго
Не хопiць грошай, ляснуцца умомант.
Але, што стаўшы шэфам параходства,
Я летнiк гэты ўзяў, а ўжо тады
Пачаў змагацца за пазыку, тайна
Пазыку ўзяў сабе, -- дарма, дарма.
Д о г с б а р а-с ы н
Такi дарма.
Д о г с б а р а
Сынок, благi учынак.
Не трэба мне было браць летнiк гэты,
Каб ён згарэў!
Д о г с б а р а-с ы н
Такi было не трэба.
Д о г с б а р а
У пастку ўлезлi мы.
Д о г с б а р а-с ы н
Такi улезлi.
Д о г с б а р а
Ты бачыў, як, бывае, хiтры, спрытны
Тракцiршчык воблаю бясплатнай часам
Бярэ на шворку госця? Трата -- дробязь,
Затое рыба просiць пiць. Вось так
Мяне злавiлi на пакунак акцый.
(Паўза.)
Праклятаю пазыкаю ва ўправе
Ўжо зацiкавiлiся, грошай бо
Ужо няма. А бралi Кларк i Батчэр,
Браў Флэйк, Карузэр, я таксама браў,
Тым часам не было й няма цэменту!
Яшчэ няблага, што па просьбе Шыта,
Нiкому я нiчога не казаў,
I анiхто не ведае нiчога,
Што я да параходства нешта маю.
С л у г а (уваходзiць)
Тэлефануе мiстэр Батчэр.
Д о г с б а р а
Сын,
Пагавары з iм.
Догсбара-сын выходзiць са слугою.
Чуваць далёкi звон.
Што там Батчэр хоча?
(Глядзiць у акно.)
Люблю я гэтыя таполi, выгляд
На возера, дзе хвалi серабрацца.
I тое, што не пахне пiвам тут.
Прыгожыя вяршалiны ялiн,
Зялёна-шэрыя. А iх камлi
Нiбы з цялячай скуры, без якое
Калiсьцi сцэджвалi мы з бочак пiва.
Галоўнае ж, вядома, што таполi!
Таполi. Гм! Нядзелька сёння ў нас.
Званы гудуць. О, колькi ў гэтым свеце
Затоiлася зла! Што Хоча Батчэр?...
Чаго хацець ён можа у нядзелю?..
Не, гэты летнiк...
Д о г с б а р а-с ы н
Батчэр мне сказаў:
Пастанавiла гарадская ўправа,
Каб сёння ноччу глянуць на будоўлю
Прычалаў для "Цвятной капусты". Тата,
Ты?..
Д о г с б а р а
Камфару!
Д о г с б а р а-с ы н (падае лякарства)
Вось.
Д о г с б а р а
Чаго там хоча Батчэр?
Д о г с б а р а-с ы н
Прыбыць.
Д о г с б а р а
Сюды? Я не прыму яго.
Я хворы. Сэрца.
(Устае. Велiчна.)
З гэтай бруднай справай
Я звязвацца не буду. Ўсё жыццё
Iшоў я роўнаю дарогай, горад
Пра гэта ведае.
Д о г с б а р а-с ы н
Сапраўды так.
Слуга (уваходзiць)
Там нейкi мiстэр Уi у прыходжай
Чакае вас.
Д о г с б а р а
Той гангстэр?
С л у г а
Так, я бачыў
Патрэт ягоны у газеце. Кажа,
Што Кларк яго прыслаў.
Д о г с б а р а
Ганi ў каршэнь!
Дык кажа, Кларк прыслаў? Пашлi яго...
Бандытаў шлюць?.. Я iм...
Уваходзяць А р т у р а У i i Э р н э с т а Р о м а.
У i
Вы мiстэр Догсбара.
Д о г с б а р а
Iдзiце прэч!
Р о м а
Не трэба нерваў! Сёння ў нас -- нядзеля.
Д о г с б а р а
Вы чулi? Прэч!
Д о г с б а р а-с ы н
Вам бацька кажа -- прэч!
Р о м а
Пляваць, хай кажа, мы яго не чуем.
У i (не кранаючыся з месца)
Мiстэр Догсбара.
Д о г с б а р а
Дзе слугi? Клiч
Палiцыю!
Р о м а
Сынок, не бегай марна,
Унiзе хлопцы там,-- а што, калi
Цябе не зразумеюць правiльна?
Д о г с б а р а
Насiлле? Гвалт?
Р о м а
Не гвалт, а угаворы!
Маўчанне.
У i
Догсбара, вам яшчэ я не знаёмы,
Хiба што нешта чулi краем вуха.
Догсбара перад вамi тут няшчасны,
Недаацэнены усiмi скрозь.
Яго клялi зайздроснiкi лiхiя.
Я -- сын кварталаў Бронкса, беспрацоўным
Пачаў свой шлях жыццёвы у Чыкага,
I не скажу, што шлях няўдалы быў!
Амаль пятнаццаць год таму назад
Са мной было сем хлопцаў, як i я,
Рашучасцi i светлай прагi поўных
Зарэзаць на абед сабе карову
Любую, што пад небам ходзiць. Сёння
Нас дваццаць пяць, а потым будзе болей.
Спытаеце: што трэба ад мяне
Артура Уi? Аднаго: прызнання.
Я не хачу лiчыцца прайдзiсветам,
Авантурыстам i лаўцом удачы!
(Пракашлiваецца.)
А больш таго хачу, каб ува мне
Палiцыя не памылялася,
Бо я цаню яе. Таму прашу
(А я прасiць не звыклы), ды прашу
Закiнуць за мяне слаўцо-другое,
Калi патрэба выпадзе.
Д о г с б а р а (не верачы вушам)
Каб я
За вас даваў зарукi?
У i
Пры патрэбе.
Залежаць будзе ад таго, наколькi
Паладзiм з гандлярамi зелянiнай...
Д о г с б а р а
А вам што да iх гандлю?
У i
Я скажу.
Хачу узяць iх пад сваю апеку,
Пад абарону. Калi трэба будзе,
I зброяю абараняць.
Д о г с б а р а
Пакуль
Нiхто, здаецца, iм не пагражаў.
У i
Дагэтуль -- так! А я гляджу наперад,
I я кажу: а цi навечна так?
Чыкагская палiцыя была
I ёсць прадажная,-- цi ж доўга тут
Гароднiнаю гандляваць спакойна?
Зладзеi заўтра абяруць i крамы,
I касы... Дык няўжо ж нiхто не схоча
Нам за ахову заплацiць?
Д о г с б а р а
Наўрад.
У i
Ну, можа, й не. А гэта ж толькi значыць,
Што гандляры сваёй карысцi ў тым
Не бачаць. А тым часам ён, гандляр,
Прыстойны, дробны, блiзарукi-- ён
Патрэбу мае ў моцным кулаку.
Ён трэсту абавязаны усiм,
Ды гэтага не ўсведамляе толькi.
I ў гэтым бачу я свой абавязак,
I трэст патрэбу мае ў абароне.
Дастань кашэль! Плацiць не можаш? Што ж --
Дык гандаль зачыняй! Слабому -- смерць!
Такi закон прыроды. Карацей --
Патрэбен трэсту я.
Д о г с б а р а
Што мне да трэста,
I што мне да "Цвятной капусты"? Мне
Здаецца, пераблыталi вы адрас.
У i
Пра тое потым. А пакуль скажу:
"Цвятной капусце" кулакi патрэбны.
Даю вам дваццаць пяць маiх арлоў.
Д о г с б а р а
Магчыма, што замест канторскiх кнопак
Гарматы хоча трэст купiць, магчыма,--
Ды не ўваходжу я ў яго.
У i
Пра тое
Пасля. Вы скажаце: як дваццаць пяць
Хлапцоў па трэсце швэндацца пачнуць,
Хто можа паручыцца, што на гэтым
Не прагарым? Адказ мой вельмi просты:
Хто плацiць, той i сiлу мае!
Хто раздае канверты з платай? Вы.
Дык як жа я магу на вас напасцi?
Апроч таго я вас цаню высока,
Тут веры дайце! А цi шмат у нас
Хаўруснiкаў, прыхiльнiкаў. Прыходзяць,
Сыходзяць, засталося, можа, з дваццаць
Тых рызыкантаў, што са мною. Вы --
Мой ратаўнiк. Без вас -- хана i мне.
Па-чалавечы сёння вы павiнны
Ад ворагаў уратаваць мяне.
I, шчыра кажучы вам,-- ад сяброў.
На карту я паставiў, што ствараў
Пятнацццаць год! Дык будзьце ж чалавекам!
Д о г с б а р а
Ну што ж, я буду чалавекам, добра,
I клiкну палiцэйскiх.
У i
Палiцэйскiх?
Д о г с б а р а
Так, палiцэйскiх.
У i
Значыць, чалавекам
Не хочаце вы быць, дапамагчы?
(Крычыць.)
Тады я не прашу, а патрабую...
Зладзей! Пра вас я ведаю усё!
I выкрыю! Вы -- аферыст! Махляр!
Вы ўхляпалiся ў брудную афёру
З прычаламi! I параходства Шыта --
Не Шытава, а ваша! Не змушайце
Мяне на меры крайнiя! Праверка
Ужо назначана...
Д о г с б а р а (увесь збялелы)
Яе не будзе.
Мае сябры...
У i
Сяброў ужо няма.
У вас ужо няма сяброў, а заўтра
Не атрасеце ворагаў. Уi,
Адзiн Уi уратаваць вас можа!
Д о г с б а р а
Праверкi мне не зробяць, Можа так
Абразiць хто мяне захоча? Я--
Сiвы старэча...
У i
Так, сiвы i белы,
Ўсярэдзiне ж -- суцэльна чорны, ўвесь.
Паслухайце сюды, Дагсбора!
(Спрабуе ўзяць таго за руку.)
Вы ж --
Разумны чалавек! Дазвольце вас
Уратаваць! Скажыце толькi слова--
I знiшчу кожнага, хто вас кране.
Прашу ў вас дапамогi, заклiнаю!
Бо як што не згаворымся мы з вамi,
Дык як вярнуся да маiх малойцаў?
(Плача.)
Д о г с б а р а
Нiколi! Я не зблытаюся з вамi,
Хай лепей смерць!
У i
Вядома, лепей. Знаю.
Мне сорак год i я -- пустое месца.
О, памажыце!
Д о г с б а р а
Не!
У i
Апошнi раз
Прашу! Бо знiшчу вас!
Д о г с б а р а
Пакуль жыву,
Вам рэкет на гароднiне не ўдасца.
Вы чулi? Не! Гатовы пабажыцца!
У i (з годнасцю)
Мне сорак год, вам -- восемдзесят. Значыць,
Дасць Бог, перажыву вас, Догсбара,
I гандлем апаную!
Д о г с б а р а
Бог не дасць!
У i (Эрнэста Рому)
Хадзем.
(Ветлiва пакланiўшыся, выходзiць з Ромам.)
Д о г с б а р а
Мне душна! Вой, якая морда!
Якая морда! Не, навошта я
Прыняў быў гэты летнiк. Не, яны
З праверкаю яўляцца не пасмеюць!
Уваходзяць Г у д в i л i Г э ф л з.
Г у д в i л
Хэло, Догсбора!
Д о г с б а р а
А, Гудвiл, Гэфлз!
Што новага?
Г у д в i л
Нiчога добрага...
Сустрэўся ў холе нейкi экземпляр,
Хто ён? Цi не Артура Уi?
Д о г с б а р а (натужлiва смеючыся)
Ён.
Не дужа каб прыемны джэнтльмэн.
Г у д в i л
Зусiм не джэнтльмэн. Догсбора, даруй!
Хацелася б пагаманiць з табой
Пра выдадзеную пазыку трэсту
Для параходства.
Д о г с б а р а (з каменным тварам)
Што ж такога з ёю?
Г э ф л з
Учора на паседжаннi ва ўправе
Яе назвалi -- толькi не сярдуй --
Афёраю.
Д о г с б а р а
Афёрай?
Г у д в i л
Не хвалюйся!
Мы большасцю адверглi гэты тэрмiн.
Спрачалiся -- ледзь не дайшло да бойкi.
Г э ф л з
Махлюе Догсбара!-- усе крычалi.
А як вам Бiблiя? Яна таксама
Махлярства вам, падман, ашука? Зрэшты,
Той дыспут наш тваiм трыумфам стаў.
Твае сябры адразу абвясцiлi,
Што на рэвiзii настойваюць,
Паклёпнiкаў адразу збiлi з тропу,
А тыя, ўбачыўшы, якiм даверам
Ты карыстаешся, лямантавалi:
Не трэба, не, мы не дазволiм! Толькi ж,
Нас большасць не хацела, каб хоць цень
На рэпутацыю тваю упаў,
Усе крычалi мы: "Наш Догсбара --
Iмя i чалавек, закон маральны,
Наш Догсбара -- наш лад жыццёвы! Хочам
Праверкi, калi ўжо пайшло на тое!"
Перамагло рашэнне -- правяраць,
Д о г с б а р а
Праверка?
Г у д в i л
Весцi будзе мiстэр Кейсi.
Нам жа ў "Капусце" заявiлi, што
Пазыка вызначана параходству,
I ўсе кантракты будзе заключаць
Кантора параходства Шыта.
Д о г с б а р а
Шыта.
Г у д в i л
Паслаў бы ты каго надзейнага,
Каму ты давяраеш цалкам, хто
У горадзе павагу мае,-- хай
Ён разбярэцца ў блытанiне.
Д о г с б а р а
Добра.
Г э ф л з
Са справамi ты скончыў, Догсбара,
Дык пакажы цяпер свой новы дом,
Мы столькi чулi пра яго!
Д о г с б а р а
Хадзем!
Г у д в i л
Якi прыгожы сад, якi пейзаж!
Д о г с б а р а
Такога чалавека я знайду.
Павольна выходзяць.
З'яўляецца надпiс.