Выбранае
Рыльке Райнэр Марыя
Выбранае
***
Мы --толькі рот. А сэрца як апець
у рэчах? Той магутны ўдар, які
на кволыя падзелены штуршкі
у нас? Яго вялікі боль сцярпець
і веліч радасці -- не маем сіл.
І вырываемся з яго зусім; --
мы ж -- толькі рот.
А той вялікі ўдар --
сардэчны наш узломвае спачын --
і мы крычым...
Тады мы -- сутнасць, новы твор і твар.
Шонэк, верасень 1923
Напісана пані Агнес Рэнальд для больш шчырага
і сардэчнага ўспрыняцця ёю гэтай кнігі.
Райнэр Марыя Рыльке
З кнігі “Ахвяры ларам”
1895
Народны напеў
Сэрцам тужу,
слухаю і знемагаю:
песня багемскага краю
томіць душу.
Чуецца мне
голас дзіцячы на полі --
ён не змаўкае ніколі,
нават у сне.
Дзе б ты ні меў
потым прытулак на свеце --
вечна ўспамінам звінецьме
гэты напеў.
З кнігі “Увянчаны марамі”
1896
І як да цябе каханне прыйшло...
(З цыкла “Кахаць”)
І як да цябе каханне прыйшло?
Як замець пялёсткаў, як з цемры святло,
як боль малітоўны? Сказала:
Адкрыла каханне ў нябёсаў акно,
і, крылы згарнуўшы, упала яно
мне ў сэрца і закрасавала...
З “Кнігі вобразаў”
1902, 1906
Ініцыял
Аддай сваю нам прыгажосць,
не разважаючы, што будзе.
Маўчы. Яна адкажа: “Ўсё, што ёсць
вялікае ўва мне, у кроў і ў плоць
няхай ульецца людзям”.
Поступ
І зноў жыццё маё шуміць; глыбока
у берагі паток яго адзеты.
Зноў роднымі мне робяцца прадметы,
зноў бачыць свет мяне сваім прарокам.
Бязмоўнае ўспрымаю я шырока:
калі ў святло завоблачнага краю
у мроях птушкаю сягаю,
калі прынадаю ў раку ныраю
і, рыбкай схоплены, жыву.
Сур’ёзная гадзіна
Хто галосіць цяпер недзе ў свеце,
без прычыны галосіць у свеце, --
галосіць па мне.
Хто смяецца цяпер недзе ў свеце,
без прычыны смяецца ў свеце, --
смяецца з мяне.
Хто вандруе цяпер недзе ў свеце,
без прычыны вандруе ў свеце
ідзе да мяне.
Хто канае цяпер недзе ў свеце,
без прычыны канае ў свеце, --
той бачыць мяне.
Вусцішнасць
У звялым лесе крык, птушыны крык,
бяздумным ён здаецца ў звялым лесе.
І ўсё ж угрунтаваны круглы крык
у мігу тым, з якога ўзнік,
шырокі, нібы неба ў звялым лесе.
Усё ўвабралася ў птушыны крык:
увесь абсяг зямлі і ветру ўзмах,
спакой бязгучнасці ў паветры,
кароткі міг, што сам -- працяг,
што сам -- прыціх і спрах, нібыта знае,
чаму жывое памірае,
прайшоўшы крыку нетры.
Цішыня
Чуеш, каханая, ўскрыліў я рукі...
Чуеш ты шолахі іх...
Можа, прадметы падслухалі рухі
скрухі ў самотных сэрцах людскіх?
Чуеш, каханая, веек шолах,
у шэлесце іх -- ты сама,
чуеш, каханая, чуйны іх сполах...
... толькі цябе тут няма...
Кожнага руху адлюстраванне
ў цішы шаўковай відно; застыў
несакрушальна, навек, на экране
далечы немай -- мой кожны парыў.
Подых мой кожны ўздымае, калыша
зоркі.
Водар я п’ю, што прыйшоў з цішынёю.
Бачу я вобраз далёкі --
анёлкі.
Думаю я пра цябе. Толькі
ты не са мною.
Сузіральнік
Па дрэвах бачу, іх вятры
сякуць без жалю. Завіруха
брынчыць у шыбы: нешта глуха
вяшчае з далечы мне скруха.
А што? -- не зразумець без друга,
не палюбіць мне без сястры.
Ператваральная навала
праз бор і час ідзе здаўна,
нібы прыродзе веку мала,
нібы, як слова ў псальме, стала
жыццём і вечнасцю яна.
Мы скрышым дробныя няшчасці,
вялікія -- пакрышаць нас!
Калі б у сэрца буру ўкласці,
мы сталі б волатамі страсці,
Нічым і і Ўсім у гэты час!
Перамагаючы малое,
малееш сам -- нікчэмны плён.
А Вечнае, а Небылое
не йдзе самохаць у палон.
Вось так анёл, біблейскі волат,
з праціўнікам вёў гожы бой:
ён сціснуў ворага штосілы
і, нібы струны арфы, жылы,
іх металічны востры холад,
іх тонкі спеў адчуў рукой.
Каго анёл адольваў, той
выходзіў прасвятлелы з бою,
удасканалены душой,
магутны, ўсцешаны сабою.
Ён не абражаны зусім,
бо ён навучаны змагацца
і моцы мужнага скарацца --
і ў гэтым рост ягоных сіл.
Восеньскі дзень
Паспела лета, ўпёкся хлеб. Пара,
мой божа, ўкрыць ад сквару дар прыроды
і даць разгону восеньскім вятрам.
Дай трошкі сонца на даспеў; яно --
каб пырскаў сокам кожны плод румяны,
яно -- каб слодыччу быў кожны п’яны,
каб цяжка-цягкае было віно.
Бяздомны не агорае жытла,
разлучаны не выб’ецца з самоты,
пісаць пачне ці будзе без ахвоты
бдзяцца між прсадаў ля святла
па залацістых россыпах лістоты.
Кахаць
Без цябе мне так тужліва, слёзна --
я плыву, як з рук жывы пясок,
мне працівіцца ўжо стала позна
звабнасці, што ўладна і сур’ёзна
падхапіла ў свой мяне паток...
...час маўклівасці. Усё ў ім строга --
ён не здраджваў мне і не крычаў;
мой спакой, нібы спакой парога,
па якім струменіцца ручай.
А цяпер прадвесне ўзварушыла
зноў мяне, ад часу адкрышыла,
ад таго, што ўжо -- здабытак тла.
Цёплую душу маю на мукі
нехта выдасць у чыесьці рукі --
знаць душа не будзе, што жыла.
Адзінота
Як дождж, як мроіва, як слота,
назойлівая наша адзінота.
Ўстае з раўніны, з мора і з балота,
згушчаецца ў нябёсах і тады
ліецца з хмар, імжыць на гарады,
на золку сочыцца яна, цярусіць
на вуліцы маўклівыя, на целы
расчаравана-млявыя, што, мусіць,
знайсці не здолелі, чаго хацелі,
бо ўжо, абняўшыся ў адной пасцелі,
нянавісцю расплачваюцца ўпотай...
...І ў рэкі зноў сплывае адзінота...
Pont du Carrousel
Сляпы жабрак на мосце. Ён адзін,
нібы памежны слуп, стаіць забыта
і без надзей на лепшае, нібыта
вартуе плынь азораных гадзін,
што па-над ім цякуць у вышыні, --
навокал тлум віруе, шум, агні...
Ён тут суддзя над светам спрахла-душным,
пастаўлены на ростані вякоў,
ён -- брама чорная ў свет мерцвякоў
перад натоўпам, пышным і бяздушным.
Самотнік
Як мараход, прыгнаны воляй бур,
сярод тубыльцаў я -- жабрак прыблудны.
Іх дзень, як слуп адгаблявана-нудны,
а мой -- як далеч, поўная фігур.
Мой свет пустэльны, воку непрывычны,
як неабжыты Месяц. На Зямлі
іх свет утульны і аднааблічны,
ў ім словамі пачуцці абраслі.
Прадметы, мною ўзятыя сюды,
прымаюцца ваарожа, незнаёма:
яны, як жэўжыкі, скакалі дома,
а тут змарнелі ад нуды.
Цары
Нізка вершаў
І.
У той былінны час жылі асілкі,
адвечны бор стагнаў, глухі і дзікі,
і рэкі паўнаводныя цяклі;
паклікалі вандроўныя калікі, --
і ён устаў з нямогласці, вялікі
Ілья, асілак мурамскай зямлі.
Бацькі ўраблялі ляды і выжары,
цягалі з расцяробаў валуны,
а выйшаў сын і разбудзіў абшары,
і разгарнуў аралам дзірваны.
Ён сек дубы, раскідваў камянюкі,
што вартавалі нерушы здаўна,
і з тых камлёў дрыготліва на рукі
карэнішчы спаўзалі, як галзюкі,
угледзеўшы святло пасля цямна.
Расой падсілкаваўшыся, кабыла
адчула моц і пругкасць у нагах
і радасным іржаннем абвясціла,
што верхаўцу не здрадзіць у баях.
Спасціглі разам: казачная сіла
іх на падзвіжніцкі паслала шлях.
І скачуць... праз вякі, як праз хвіліны
(а хто сядзеў бязвольна, той спачыў),
бо хто, калі і як той час лічыў,
калі ў суцэльнасці ёсць свет адзіны.
І ёсць сапраўдная на свеце мера,
тысячагоддзе ў ім -- не шлях, а крок.
І пойдуць тыя ў далечы наперад,
каго дачасна ўкрыў глыбокі змрок.
ІІ.
Яшчэ страшыдлы й вогненныя цмокі
былі на варце вотчын гадаўя,
яшчэ не вырас, не ўзмужнеў Ілья,
а смельчакі ішлі ўжо ў свет шырокі
з мячом і булавой на Салаўя.
Агнездаваўся злыдзень той крывавы
на дзевяці галінах -- трох дубах:
ад жудаснага свісту жухлі травы,
і ад яго паганскае забавы,
як пошасць, панаваў усюды страх.
Вясновы досвітак аж коле ў вочы,
злавесна ўсё прымоўкла да відна --
ды тлумяцца навокал патароччы,
і прыцішак застылы -- што мана;
а волаты ідуць праз гэту цемру
дрыготкім поступам у глухамань,
правальваюцца ў вычварную зеўру
бясследна, як у багністую твань.
І толькі найдужэйшыя мужчыны
прайшлі жывыя посвіст салаўіны,
што з горла-жарала па ўсёй зямлі
шугаў і ледзяніў душу. Ішлі
яны ў лясы, сталеючы памалу,
насустрач красавіцкаму прагалу
вясны, цяпла... Яны перамаглі
жывёльны страх і вось ужо на ўзлессі
пабудавалі гарады і весі
і знішчылі свой страх, сваю хімеру.
І давялося ўжо лясному зверу
самому ратавацца ад аблогі:
пакінуць лежні, норы і бярлогі,
скарыць свой нораў і прасіць даверу,
заступніцтва і шчырай дапамогі --
і пакланіцца чалавеку ў ногі.
ІІІ.
Часцей а часцей прыбліжэнцы цара
карміліся крошывам з дзікіх чутак,
а чуткі былі пра Яго, ўладара...
Аблашчанцы ўпрочкі беглі з двара...
Жанчыны шапталіся... ў кожны закутак
ён моўчкі заглядваў, напружліва слухаў,
і чулася часам пужліваму вуху
то слова жахлівае “нож”, то “атрута”...
Ні скрыняў ля сцен, нз ўслонаў; панура
туліліся цені забойцаў да мура,
з сябе чарнарызнікаў выдаючы.
У вусцішнай моўчы адно не ўсачы
злавеснага зірку ці рыпу маснічын,
адно не ўцікуй асцярог таямнічых,
не сцісні злавесна цяжкога жазла --
і смерць... Ды трошкі яшчэ берагла
парчовая рыза (пад ёй кіпцюрамі
старэчае цела драў холад кудлаты).
Каму можна верыць? Калі з-за вугла
накінецца страх, прапахлы мурамі,
што гоніць яго праз глухія палаты,
праз строй ненавісных баяраў паганых,
у морак захутаных, недапытаных,
праз рукі абвіслыя...
адна з якіх... --
І ён на бягу часам вырве з іх
маўклівага строю якогась манаха,
і люта пад ногі сабе шпурне...
Задумліва прывід стыне ў акне:
Хто сёння за ката? Каго прыме плаха?
Хто сам я? Хто ён? Што ён мне?..
ІV.
Вось час, калі аслепля краіна
у люстры славы ўгледзела свой твар.
Атожылак апошні, званнем цар,
да ўшанавання звыклы, да фанфар,
душой трымціць на троне, як трысціна,
і ў оой бязвольнасці несамавітай
рука паўзе з пурпурных аксамітаў
у вір ілюзій, голых мар.
Нібыта ўдзельную грызню татары
у кажухах, нацягнутых на латы,
яго маўчанне слухюць баяры,
і нецярплівасцю гараць пагляды...
Шаноўнай пыхі -- поўныя палаты.
І ўспамінаюць іншага, кашмары
яго буянстваў і суровай кары,
калі ён лобам іх аб мур гваздаў.
І помніцца, як той, калі сядаў
на гэты самы аксамітны трон, --
падушкі задам падмінаў ямчэй.
Бо змрочнай мерай рэчаў стаўся ён,
і доўга крылася ад іх вачэй,
якога ж колеру ядваб цячэ
з-пад царскай рызы залатой.
І думалі яны, што пышнасці такой
нашчадак не ўтрымае на плячах.
Бо хоць і свечкі ўсе гараць наўкола,
але жамчужны бляск нібы ачах,
і, як таму, былому, арэолам
не асвятляе царственную голаў
рубінамі абшытая парча, --
ўся веліч голая глядзіцца квола...
Іх памяць не патухла...
Яны лісліва туляцца да трона,
ды блякне, меркне царская карона,
і волю царскую з’ядае ржа;
памазанік, ён верыць іх паклонам, --
а ў тым халопстве ўжо крыху прымглёна
нібы праблісквае лязо нажа.
V.
Самотай ахаваны ад каварства,
бяссільны цар не згіне ад нажа,
ўрачыстасць прыме ў спадчыну і царства --
па іх баліць пяшчотная душа.
Ужо цяпер з акна сваёй святліцы
ён далечы дзяржаўнае сталіцы
праглядвае праз чорны змрок начны,
і ў першы дзень вясны кладуцца гулка
на дух бярозавы крывых завулкаў
прызыўнай ютрані званы.
Званы вялікія гудуць сурова --
яны цары мінулага, якія
з часоў татаршчыны прайшлі жывыя
праз кроў і смерць, праз рэкі агнявыя,
узнікшы з крыўды, з гневу паступова.
І зразумеў ён, хто яны такія,
што авалодалі яго душой,
што ті яго, манарха з божай волі,
хто прагне ад людзей патолі,
завуць увысь з прастольнае юдолі
высакароднай мараю сваёй.
І цар самотны ў грыдніцы пустой
душэўна дзякуе званам за клічы,
што надзяць дух яго й жывую плоць
вантробнай прагай -- продкаў пабароць,
чыё жыццё -- як росхрыст таямнічы,
раскошна мгліцца з фрэскі залатой.
Нібы ў парчовай тканцы серабро,
ён сам сабе ў мінулых дзеях сніцца,
якім наканавана паўтарыцца, --
каб мудрасцю яго магло зацьміцца
былых цароў дзяржаўнае дабро.
VI.
Яшчэ гараць сапфіры і рубіны,
нібы затоіўшы ў сабе прынаду
дзявочых воч, і ў вязі вецця саду
відны звяроў вясельныя гадзіны
і паціна разьбёнае карціны,
жамчужыны на золаце акладу
хаваюць полымя яе пагляду.
У мігатлівым руху са сцяны
зіхціць карона, скарбы даўніны
пераліваюцца, нібыта хвалі,
нібы на сонцы мора збажыны.
У бляску іх цямнеюць тры авалы:
глядзіць аблічча Маці праз узор,
абапал рукі ў міласэрным жалі,
нібы міндаліны, і на дэкор
кладзецца скрухаю нямы дакор.
І абвяшчаюць цёмныя далоні,
што царства спеліцца ў старой іконе,
якім запоўніцца блакіту ўлонне
ў адзінаісным Сыне, што ў сутонні
зару запаліць з вечна ясных зор.
Пра гэта рукі сведчылі, а твар --
шырокай брамай вабіў на абшар
журботных вуснаў мілажальнай дзевы,
дзе ўсмешкі лёгкай цёплыя павевы
згасалі ў бліках кволага святла.
І, паклніўшыся, прамовіў цар:
“Няўжо не чуеш ты, чыё аблічча
душу адчаем роспачным казыча,
як прагну я любві? Куды знік твар,
што вечна кліча нас? Куды ён кліча?
Так недаступны нам святы алтар!”
У цяжкай рызе цар зусім скалеў,
Ён знаць не знаў, даведацца не смеў,
як блізкі ён яе нямой журбоце,
як прыкра венцаносцам на самоце.
Цар думу думае ў турме палат,
схаваўшы ў пасмах валасоў той спрат,
дзе, скіраваны ў спрахлае, пагляд
прыціх; а твар, як той другі, ў авале,
у залаты агорнуты аклад.
(Каб зблізіцца з яе паглядам).
Дзве рызы золатам гарэлі ў зале
і прасвятляліся ў святле лампад.
Тытульны ліст
З цыкла “Галасы”
Добра жыць моўчкі шчаслівым і сытым;
хто яны -- ведаць не трэба людзям.
Плакацца ўголас павінен прыбіты,
мусіць казаць: я асколак жыцця, ці: я сляпы, ці: я слепну ў галечы,
ці: дай мне, божа, лёс чалавечы,
ці: захварэла маё дзіця,
ці: я качуся няспынна ўніз...
Можна бясконца дапісваць спіс...
Ці не таму, што натоўп мінае,
кожны з іх вымушана спявае...
Ах, -- той голас! Шчыры, душэўны!
Дзіўныя людзі: ідуць захапляцца
ў хоры дзяцей галаском пакладанца.
Явіцца бог, не дапусціць падмены
ісціны звонкай скуглой абразанцаў...
З кнігі “Новыя вершы”
1907
Спеў жанчын паэту
Глядзi: усё адкрыта ў нас; даброць
i шчырасць -- яўнасць нашага аблiчча.
А ўсё жывёльнае: кроў, поцьма, плоць --
з душой зраслося нашай, яно клiча
цябе, паэт, не на духоўны баль.
Ты нас бярэш, як вобраз пекнаты,
без ценю пожадзi, праз мiлажаль.
Таму здаецца нам, што ты -- не ты,
каго мы клiчам. I няўжо ж не той,
хто сутнасць нашу лепей апяе?
А ў кiм бы мы яшчэ былi сабой?
Бо мы ж бясконцасць, мiмацечнасць мы,
а ты наш голас, каб нам чуць яе,
ты рупар наш; дык будзь жа над людзьмi.
Смерць паэта
Ляжаў прыўзняты на падушках ён.
I бледны твар на беласцi сурвэты,
i свет, адсечаны ад помыслаў паэты,
i ўсё, што ведаў ён пра сутнасць свету,
патухлi ў абыякавасцi дзён.
Хто знаў яго, не ўгледзеў аднаго:
наколькi з Гэтым быў ён нераз'емны,
бо Гэта -- глыбiня i свет праменны,
вада, святло -- быў iсны твар яго.
Яшчэ жыў свет у iм, яшчэ ў прыроду
панада еднасцi яго вяла.
А маска мёртвая ужо была,
як свежы зрэз даспеленага плоду,
пяшчотная -- апошнi мiг жыла.
Iспанская танцорка
Распырскаецца iскрамi, перш чым
агнём успыхне, бы ў руцэ запалка,
акруглы танец, вiхрам летучы,
красае зырка,-- церпнуць гледачы,
калi ўся зоймецца iмклiва, палка.
I раптам ярка -- ўся агонь i жар.
Гараць адразу валасы i твар,
у вогнiшча ляцiць сукенка, ўбор,
ажно трашчыць ахвярнiцкi касцёр,
i ўся яна ў агнi, ўся палымнее,
i толькi рукi з полымя, як змеi...
Тады: нiбы ў агнi ёй цесна, ўраз
яго страсае пад тугi абцас --
уладна, велiчна, ў нямой пагардзе.
А полымя бушуе ў грозным гарце,
шугае ўгору языкi свае.
Ды ў пераможным рытме звонка, шпарка,
вiтаючы усмешкай, такты б'е
i ножкай топча шал агню iспанка.
Пантэра
(У батанічным садзе. Парыж)
Хада, хада паўз драцяныя краты
стаміла зрок яе; і ўжо сама
ўжылася ў свет замкнуты і стракаты,
за кратамі і свету больш няма.
А лапы мякка, скрадліва паволі
кладуцца ў вузкім коле, акурат
як танец сіл вакол магутнай волі,
аглушанай, зняволенай між крат.
І толькі часам, як расплюшчыць вока,
адбітак свету ў змрок яго нырне,
па целе пругка пройдзе і глыбока
у сэрцы сцішана засне.
Арфей. Эўрыдыка, Гермес
Там быў руднік дзівосны, душ капальня,
што срэбнымі пражылкамі цяклі
праз цемру несусветную. Карэнне
крывёй крынічыла, і да людзей
парфірам цяжкім кроў плыла. І больш
чырвонага нічога.
Там скалы
і неабжытыя лясы, масты
над пустатой.
І сажалка была,
вялікая, сляпая, нібы ноч,
навіслая над пломкім дном глыбокім,
як неба хмарнае -- над краявідам.
Сярод лугоў самотна ўдаль вілася
дарога доўгая палоскай белай.
Дарогай гэтаю ішлі яны.
І першы быў мужчына статны ў сінім;
ступаў маўкліва, гледзячы наперад,
дарогу прагна мераў ён нагамі,
са складак вопраткі звісалі рукі
панура, цяжка, нібы ўжо забылі
пра лёгкасцць ліры, што сама ўрастала
пад левы локаць струнамі, як ружа
ўрастаецца шыпамі ў сук алівы.
Раздвоены былі яго пачуцці,
бо позірк, як сабака, бег наперад,
вяртаўся і, спыніўшыся, чакаў
на бліжнім павароце ўзбоч дарогі,
а слых і нюх ад следу адставалі,
і часам падавалася яму,
як быццам чуе крокі тых дваіх,
што мерна недзе там за ім ступалі.
І цішыня.
Хіба што шоргат крокаў,
шум ветру за плячыма, шалахценне
плашча. “Ідуць”, -- сказаў ён сам сабе,
каб чуць, як нікне, аціхае голас.
А тыя двое ўсё ідуць, хоць, праўда,
зусім павольна і няспешна.
Калі б адважыўся ён азірнуцца
( а гэтым ён разбурыў бы прыгоду,
якой цяпер адданы), ён бы ўгледзеў,
што моўчкі следуюць абое:
бог вестак і вандровак -- ён ідзе,
над светлымі вачыма цень ад шапкі,
і роўна тукае аб дол дарожны посах,
і на сандалях крылечкі трымцяць, --
а леваю рукой вядзе яе.
Яе, каханую ўсім сэрцам, ліра
аплакала за плакальшчыц усіх,
і з плачу гэтага явіўся свет:
лугі, палеткі, рэкі, лес і горы,
дарогі, сцежкі, жыўнасць і паветра,
і ў свеце цемрадзі зноў ззяла сонца,
і неба зорыла наўсцяж слязьмі --
Каханая...
І вось ужо яна йдзе поплеч з богам,
хоць рухі скоўваў доўгі белы саван, --
цярплівая, пяшчотна-трапяткя,
забытая ў сабе, як пры надзеі,
не думала пра мужа, што ішоў
наперадзе, не думала пра шлях,
які вядзе яе ў жыццё зямное.
Замкнулася ў сабе:
заглыбленая ў смерць сваю,
ў жыццё паверыць не магла.
Як плод на дрэве слодыччу і змрокам,
была напоўнена сваёю смерцю,
такою новай, што й не зразумець.
У новай цноце незямной яна
нявінная была, і нібы кветка
вячэрняя, цвіла тут чысціня,
і рукі ўжо адвыклі ад любоўных
крананняў мужа, так што нават бога
бясконца далікатны, лёгкі дотык,
як блізкасць, груба зневажаў.
Яна ўжо не была бялявая жанчына,
калісь апетая ў чароўных песнях,
на востраў водару на шлюбным ложку,
і больш не ўласнасць гэтага мужчыны.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Расплеценая, што каса тугая,
пралітая, нібы залётны дожджык,
зямлі адданая без сіл жыццёвых.
І коранем яна ўжо стала.
Калі раптоўна
спыніў яе і ў роспачы прамовіў
бог словы горкія:
“Ён азірнуўся”, --
яна спыталася няўцямна:
“Хто?”
Далёка там, дзе цьміўся светлай плямай
на сонца выхад з царства мёртвых, нехта
стаяў паныла, і яго аблічча
не апазнаць было.
Стаяў і бачыў,
як на пабляклым пыле той дарогі
журботназоры бог і пасланец
бязгучна павярнуўся і пайшоў
за постаццю ў свет цемрадзі і ценяў, --
ёй рухі скоўваў доўгі белы саван, --
цярплівая, пяшчотна-трапяткая.
Паэт
Адлятаюць гадзіны і сэрца
крыллем ранілі мне, летучы.
Я адзін: і няма куды дзецца,
часе горкі, ні ўдзень, ні ўначы.
Дзе каханне? Дзе дом? Дзе паэт
адпачне ад ганення людскога?
Я аддаў сябе свету самога,
а цяпер прадае мяне свет.
У зале
Якая гожасць навакол! -- паны
у камергерскіх фраках і жабо!
Як ноч вакол сузор’я, ўсе яны
сабой зацьмілі бляск свяціл. Або
ў карунках дамы млявыя, іх ручкі,
нібы наішыйнік у балонскай сучкі,
прабліскваюць праз аксамітны змрок;
тут кожны -- меламан, бібліяфіл,
ад нас не адыходзяць ні на крок --
крыніца мудрасці, здаровых сіл...
У іх свой лад, жыццёвы свой зарок,
ды не стасуецца з ім наша мэта:
ім хочацца цвісці: каб малады --
прыгожы быў; мы ж хочам жыць, а гэта --
расці, састарыцца і даць плады.
Ваза з ружамі
Ты бачыў хлопчыкаў, якія, злосна
счапіўшыся імгненна, у запале
нянавісці ўзаемнай, па зямлі
качаюцца, як звер пад роем пчол?
Ці помніш ты прытворшчыкаў-актораў,
шалёных коней сплецены клубок,
ашчэраных, з крывавымі вачыма --
нібы вылузваецца чэрап з храпы?
Цяпер ты знаеш, як забыць пра гэта:
перад табою ружы, ружы ў чашы,
у незабыўнай, бо да краю поўнай
занадтасцю быцця, амаль надмерам,
ніколінеспатольнасцю бясконцай,
нікомуненалежнай існасцю
і дасканаласцю, амаль як нашай!
Бязгучнасць і бясконцасць расхінання,
патрэба шырыні, але не той,
якую рэчы заціскаюць і звужаюць;
ледзь-ледзь-акрэсленасць, нібы прачыстасць,
суцэльная пяшчота-сарцавіна
і самаапрамененасць да дна --
што ёсць яшчэ падобнае на гэта?
Што ёсць падобнае на дакрананне
пялёстка да пялёстка? Пачуццё?
Глядзі: павекамі растуляцца пялёсткі,
а там -- суцэльныя павекі спяць,
какб непрабуднасцю сваёй паслабіць,
суцішыць сілу ўнутранага зроку?
Глядзі: калі праз гэтыя пялёсткі
святло ліецца з тысячы нябёсаў,
што кроплю цемры кожную працэдзіць,
як ззяннем вогненным прамыты, пругка
устаў разбуджаны пучок тычынак.
Глядзі: якое трапятанне ў ружах!
Такі малы ў іх вугал адхілення,
што нерухомымі здаюцца, быццам
іх промняў не рассейвае сусвет.
Ты бачыш белую ў шчаслівым цвеце --
адну сярод разгорнутых лісткоў,
нібы Венеру ў ракавіне бачыш;
альбо чырвоную, што сарамліва
к суседцы быццам хіліцца, а тая,
як холад, адхіляецца і зябне,
замкнутая ў паныласці сваёй
сярод разгорнутых, сярод паніклых.
Што ж ападае з іх так лёгка-лётка,
як цяжкі плашч, як мяккае крыло,
як маска з твару? Як з сябе скідаюць? --
Як лішак вопраткі перад каханым.
У ружы -- ўсё! Вось жоўтая, хіба ж
расхрыстана-пустая гэта чаша
не завязала плод, не зберагла
у ім аранжава-чырвоны сок?
Другой цвіценне з цяжкасцю далося,
бо невымоўная ружовасць цвету
ліловай горычы ўзяла з паветра?
А вось баціставая, як паненка,
сагрэтая пяшчотнаю кашулькай,
якую скінула з сукенкай разам
у золка-сцішанай лясной купелі?
А гэта -- як апалавы фарфор,
празрысты, крохкі, як кітайскі кубак,
як матавае крылца матылька, --
няўжо яна напоўнена адной сабою?
Усе яны напоўнены сабою,
бо іх саманапоўненасць і ёсць
іх знешні свет, іх дождж, іх вецер,
выспельванне вясны і вінаватасць,
і неспакой, і прыхаваны лёс,
і цемрыва вячэрняе зямлі --
і ўсё: да хмар, да зменлівасці хмар,
да наплывання хмар і расплывання,
да ўплыву ледзь улоўных зорак
усё бясконцае ператварэнне
змяшчаецца суцэльна на далоні.
Усё мы бачым у цвіценні ружаў.
Алкестыда
І тут з’явіўся між гасцей вястун.
Быў кінуты сюды ён, як акраса,
на шлюбны пір, што ўжо астыць паспеў.
Але вясельнікі не адчувалі
нячутных крокаў бога. Ён святыню,
як мокры плашч, праносіў асцярожна,
і, пэўна, кожнаму з гасцей прысутных
памроілася нешта, бо ён раптам
угледзеў на другім канцы стала
гаспадара: ускочыўшы з падушак,
уздыбіўся ад жаху той, і твар,
і ўся пастава жудасць выяўлялі.
Ды раптам зноў настала цішыня,
нібы на дно асеў увесь асадак
глухой, незразумелай гаманы...
Аднак адразу ўсе смурод адчулі
пратухлага, бо нежывога, смеху.
І ўсе адразу тут пазналі бога,
фатальнага пазналі вестуна,
і зразумелі сэнс яго з’яўлення...
І ўсё-такі навінаю жахлівай,
як самае няўцямнае на свеце,
здалося ўсё. што статны бог сказаў.
Адмэт памрэ. Калі? Цераз гадзіну.
І той пачаў аб сцены жаху біцца,
на друз раскрышваючы тоўсты мур,
да бога рукі працягнуў з мальбою,
выпрошваючы каліўца жыцця,
хоць год, хоць месяц, тыдзень, -- не! --
не дні, а ночы -- не, хай толькі ноч,
адна-адзіная, вось гэта ноч.
Адмовіў бог. І закрычаў Адмэт,
прарэзліва, нястрымна, як крычала,
яго раджаючы ў пакутах, маці.
І паявілася старая маці,
і падышоў стары, нямоглы бацька --
збянтэжаныя, сумныя старыя.
Упершыню іх блізка ўбачыў сын,
і, крык суняўшы, раптам ён прамовіў:
мой бацька,
няўжо ты гэтак рэштай даражыш,
асадкам прахлым, што не лезе ў горла?
Аддай яго! А ты, старая маці,
матрона,
чаго сюды прыйшла? Ты ж нарадзіла,
Ён іх схапіў, трымаючы аберуч,
нібы жывёл ахвярных. Потым раптам
іх адштурхнуў, працяты новай думкай,
і, ўвесь прасветлены: “Крэон!” -- усклікнуў.
І больш ні слова, толькі-толькі гэта.
І твар яго асветлены быў Іншым --
не сказаным уголас, безназоўным,
запаленым, як лямпа над сталом,
яго любімым сябрам, маладым:
Ты ж бачыш, мне старыя -- не замена,
яны -- нішто ўжо, старасць, парахня.
А ты, а ты -- краса і свежы сок...
І тут з вачэй яго знік добры сябар,
затое бачыць ён -- ідзе яна.
(Здавалася, што паніжэла ростам,
маркотная была ў вясельных строях.)
Астатняе... -- вось вуліца, якою
ідзе яна, ідзе... (вось падыходзіць,
непаслухмянымі рукамі ён...)
Чакае ён... Яна загаварыла
не д яго -- да бога. Слухаў бог,
і кожны ў богу мог пачуць яе:
“Ніхто яму заменай быць не можа,
а толькі я. Ніхто тна белым свеце
не паміраў так. Што ж сабе вазьму
з мінулага? У гэтым -- смерці сэнс.
Няўжо ты ад яе, сюды йдучы,
пра ложак наш нічога не дазнаўся,
што ён таксама (ложак) -- з царства тлену?
Развітваюся я.
З сабою ўсё бяру. І я пайшла,
каб растварылася, прапала ўсё,
што пад маім каханнем пахавана...
Вядзі мяне! Замест яго памру!”
Як вецер, што мяняе свой кірунак,
так падыходзіць да змярцвелай бог,
і стаў адразу бог далёкі мужу,
якому непрыкметна ён шпурнуў
пад ногі сто гадоў жыцця зямнога.
А той, узрушана прасцёршы рукі,
да абаіх іх кінуўся, бы ў сне.
Яны пайшлі да выхаду, ў якім
жанчыны плакалі. І ўсё ж яшчэ
паспеў разгледзець ён яе аблічча
з прасветленай усмешкаю надзеі
і абяцаннем -- зноў сюды вярнуцца
да мужа з царства ценяў, да яго,
яшчэ жывога...
Ён на каленях
стаяў, рукамі вочы засланіўшы,
каб з той усмешкаю пабыць сам-насам.
Песня кахання
Як утрымаць душу мне, каб яна
не рвалася к тваёй? Куды ёй збегчы,
як пасяліць яе ў другія рэчы,
каб там з забытасцю сярод цямна
жыла адчужана, зусім адна,
у тым прадмеце, што тне памаўчыць,
калі сама яна з глыбінь крычыць?
Ды ўсё, што нас хвалюе, -- спалучае,
як смык, які ў суладнае гучанне
зліў гласы дзвюх струн адзіным скерца.
Хто нас наладзіў так? Хто так сумеў
сыграць на струнах нашых душ і сэрцаў! --
Салодкі спеў!
З кнігі “Новых вершаў другая частка”
1908
A mon grand Ami Auguste Rodin*
Леда
Калі пачаў увасабляцца бог
у лебедзя, -- зачараваны птахам,
ягог красу прымаючы са страхам,
ён адступіцца ад свайго не змог, --
так вабіла зямная прыгажосць
адпіць з быцця глыток любві адзіны.
Але яна праз вобраз лебядзіны
яго пазнала, -- знала: прагне госць,
каб знемагла ад любасных прынук...
Бог апусціўся і, лагодна крылы
струменячы вакол аслаблых рук,
ён рстварыў яе і сам растаў.
І сам адчуў прылівы новай сілы --
на лоне лебедзем сапраўдным стаў.
Заклінанне змей
Калі на рынку прыкладзе да вуснаў
свістульку-флейту заклінальнік змей, --
то рэзкая, то мяккая ігра індуса,
бывае, што з мурашніка людзей
прывабіць слухача бліжэй да дудкі,
якая квола, ціхенька спярша,
змушае потым рытмам палка-гнуткім
рэптылію ўспружыніцца з каша,
пасля ігрой пагрозаў, ласкі -- гада
змякчае зноў... Нарэшце, самахоць,
без флейты здольны ўжо факір паглядам
табе рэптылію ўсяліць у плоць,
тугу смяротную. Як з неба замець
агнём акрые. І няма ўжо сіл.
Грымаса -- твар. Прыправай вострай памяць
паўночную індус прыцерусіў.
Нішто цябе ўжо не ўратуе -- позна!
І больш няма табе дарог назад --
ствалы наўкол выпростваюцца злосна,
трымцяць залозы змей, іскрыцца яд.
З кнігі “Рэквіем”
1908
Вольфу графу фон Калькройту
Няўжо цябе не ведаў я? На сэрцы
маім ляжыш ты, як пачатак ціхі,
але адгорнуты. Аднак пачеу
сказ пра цябе, хто так ахвотна, палка
жадаў і стаў нябожчыкам нарэшце.
Ці ты знайшоў уцеху і палёгку
у нежыцці, ці ёсць у ім спакой?
Ці ты знайшоў там свой набытак,
дзе ўся маёмасць вартасці не мае?
Т прагнуў край наведаць той, чый вобраз
яшчэ ў жыцці насіў перад вачыма,
хацеў пранікнуць звонку ў мілату
і лётка ўсцяж знутры яе абмераць.
О, каб цяпер узніклую з дзіцячых
ілюзій ты не давяршыў памылку;
о, хай бы ты цяпер у плыні скрухі,
у вір захоплены і несвядомы
у лёце горкім да далёкіх зорак
здабыў нарэшце радасную ўцеху,
што ў паслямерці марыў ты знайсці!
Так блізка быў ты да яе ў жыцці, той мары
тваёй тугі, вялікай і суровай,
калі капаўся ты расчараваны
у шчасці і няшчасці непамысным
і ледзьве падымаўся пад цяжарам
сваіх знаходак: ты ж яе ў руках
трымаў, нязнаную дагэтуль радасць,
сваю выратавальніцу і ўцеху,
цяжар якой праз кроў ты нёс і вынес.
Чаго ты не чакаў, не спадзяваўся,
дык гэта -- што цяжар такі вялікі:
гняце магутна, бо цяжар сапраўднай
уцехі ён. І, пэўна, быў наступны
ён міг твой, што ў вянку каля парога
твайго стаяў, а ты дзвярыма бразнуў.
І ўдар, як прасякае ён сусвет,
калі замкі накіне на адкрытасць
сухі скразняк людскога нецярпення!
Хто можа прысягнуць, што семя ў глебе
дарогу не праб’е; хто дасць заруку,
што хоць на міг у прыручоным зверы
не блісне раптам позва да забойства,
калі маланкай мозг пратне жаданне?
Хто ведае, якоб б’юць маланкай
у шпіль учынкі нашы; хто удар
прасочыць гэты з вынікамі разам?
Ты знішчыў гэта. І цяпер давеку
так пра цябе і будуць гаварыць.
Хай нават прыйдзе той герой, што з рэчаў
сарве, як маску, іхні знешні сэнс
і нам адкрые існыя абліччы,
з якіх за намі ўсюды цікавалі
бязгучна вочы з дзірак патаемных, --
і ўгледзім мы сапраўдны твар нарэшце,
які змяніць ніколі немгчыма! --
Ты знішчыў гэта! Там ляжалі глыбы,
і рытм будоўлі дыхаў у паветры,
а ты хадзіў навокал і не бачыў
парадку ў іх: нібыта засланялі
адна адну, здавался табе,
што кожная ў зямлю ўрасла карэннем,
калі хацеў ты, міма ідучы,
падняць іх, і не верыў, што падмеш.
Але ж ты іх падняў усе ў адчаі,
ды толькі каб пасля шпурнуць у пашчу
каменаломні; а яны не ўлазяць,
бо шчодрым сэрцам ты іх перабольшыў.
Калі б на гэты гнеў, пачатак гневу
далонь жанчына мякка апусціла;
калі б надарыўся ў хвіліну тую
маўклівы і задумлівы прахожы,
як ты ішоў да вызначанай рысы;
калі б твая тады пралегла сцежка
каля майстэрні, дзе куюць мужчыны
сваю будзёншчыну; каб толькі ў зрэнку
тваім хапіла месца для адбітку
руплівае казуркі, што настырна
адольвае цяжар і першкоду, --
тады б і ты ў відушчым прасвятленні
змог прачяытаць таемныя пісьмёны,
што ў памяці з дзіцячых год аселі
і час ад часу надзілі спакусай --
заглыбіцца ў іх с.нс, пакласці ў фразу;
але не здолеў ты спасцігнуць сэнсу!
Я знаю, знаю: ты ляжаў і мацаў
пісьмёнаў рысы, быццам на грабніцы.
І ведання свайго святло падносіў,
нібы паходню, да радка-загадкі,
але згасала полымя раней,
чым прачытаць ты мог, альбо, магчыма,
ад хвалявання дрогкае рукі,
як сам сабой агонь згасае часта.
І ты не прачытаў. А мы не можам
праз далеч прачытаць, праз горыч страты.
Мы бачым толькі вершы; слоў падбор
даносіць нам святло тваіх пачуццяў.
О не, не ўсе ты словы браў, --часамі,
за цэлае прмаючы пачатак,
ты паўтараў яго, як запавет
журботны. О, няхай бы гэтых слоў
не чуў ніколі са сваіх ты вуснаў!
Цяпер зусім інакш чытае іх
на небе твой анёл, яго чытанне
мяне табой бясконца напаўняе,
бо гэта ты, бо твой мне кажа вопыт,
што дарагое ўсё павінна знікнуць,
што ў пільным угляданні адмаўленне
ад усяго спасціг ты і адчуў
у смерці поступ свой далейшы. Гэта --
усё тваё, мастак; усе тры формы
былі ў руках тваіх, былі адкрыты.
Вось першая: ліццё -- тваіх пачуццяў
жывых прастора; а другая форма --
для светапогляду тварца, які
нічога не жадае і не прагне;
у трэцяй жа, якую ты сам знішчыў
паспешліва, як толькі з сэрца першы
струмень паліўся сплаву, -- там была
сапраўдная сапраўднай варкі смерць,
якой найбольш патрэбны мы ў жыцці,
якая тут да нас найболей блізка.
Вось чым валодаў ты. Вось твой ратунак,
які ты часта адчуваў міжволі,
але баяўся пустаты халоднай
тых дзейсных формаў, чэрпаў з паражнечы
і скардзіўся. О біч стары паэтаў,
што ныюць, жаляцца, калі павінны
па праве гаварыць на поўны голас;
што вечна судзяць пра свае пачуцці,
калі павінны іх у твор закласці;
што лічаць усур’з дагэтуль, быццам
журбу і радасць ведаюць сваю,
а твора абавязак -- толькі славіць
ці ганіць гэта вытанчанай рыфмай;
яны -- як хворыя, гавораць слёзна
пра набалелае ў душы і ў целе
замест таго, каб словам стаць суровым
і ў слова боль і радасць пераплавіць,
як будаўнік сабора, што ў каменне
свае пачуцці ўкладвае -- і ў творы
сваім жывы навекі застаецца.
Такі ратунак быў. Калі б хоць раз
ты ўбачыў, як у верш заходзіць лёс,
каб стаць, застаўшыся ў ім назаўсёды,
падобным вобразам ці падабенствам,
што раўназначны гэтаму партрэту
у рамцы на сцяне, дзе продак твой
падобны да цябе і не падобны --
і вытрымаў бы ты. Але дарэмна
і дробязна было б пра тое марыць,
што не збылося. Нават цень дакору
хай на цябе не падае. Усё,
чым радуе жыццё, ідзе хутчэй
за думкі і загадкі уяўлення;
ні дасачыць, ні ацаніць не здольны
мы ўсіх праяваў нашага жыцця.
Не бойся, не саромейся, калі
цябе крануць нябожчыкі знянацку,
што колісь выстаялі да канца,
калі жылі. (А што лічыць канцом?)
Глядзі спакойна ў вочы ім, не бойся,
што па табе жалоба наша можа
у іх вачах цябе абвінаваціць,
бо словы гучныя з часоў былых,
калі сам твор відочны быў, -- не нам!
Што -- перамога нам!? Перамаганне -- ўсё!
Выбраныя вершы
1897 -- 1925
Ты гаварыла мне, і смутна...
Ты гаварыла мне, і смутна
журба таілася ў вачах --
як спеў любові шматпакутнай:
вось ён разліўся, вось ледзь чутна
самотнай нотаю зачах.
Прайшлі гады, прыйшла і ўдача,
у Лету кануў твой адчай --
душа пяе, і сэрца скача,
ды бачу я, што моўчкі плача
і рвецца, рвецца ў родны край.
1897
Сутонне -- кніга залатая...
Сутонне -- кніга залатая,
аклад пурпурны. І з замка
няспешна спражачку здымае
мая халодная рука.
Старонку першую чытаю,
і шчырасць радуе мяне,
з другою ціха засынаю
і ўжо аб трэцяй мару ў сне.
1897
Баюся людскіх я дакладных слоў...
Баюся людскіх я даклдных слоў.
Усё людзі днаюць, усё ім відно:
вось гэта -- сабака, а гэта -- гумно,
тут бачаць канец, тут пачатак асноў.
Усёлюдзі знаюць: што ёсць і было.
Бянтэжаць мяне іх кепікі, злосць,
ні бруд іх не здзівіць, ні прыгажосць --
ад бога ў іх нават сад і жытло.
Ганю я нячыстыя помыслы прэч,
хай грае, спявае кожная рэч!
А вы безразважна, з нахрапам тупым,
і рэчы, і песні затопчаце ў пыл.
1897
***
Альфрэду Вальтэру Хаймелю
Дні, уяўна плывучы ад нас,
к нам вяртаецеся адчувальна;
мы, ператвараючы свой час,
прагнем быць у часе-днях рэальна.
1907
***
Зноў мы і зноў, хоць і знаем сакрэты кахання,
хоць помнім жаласны водгук імён на магілах,
і жахліва раз-зяўленай прорвы прадонне, ў якое
іншыя рухнулі, --
зноў мы і зноў удваіх выпраўляемся з хаты
пад векавечныя дрэвы на мяккую посцілку траў --
кветкі цвітуць там навокал, там неба над намі...
1914
Пачатак кахання
О ўсмешка, пеершая ўсмешка, наша --
твая, мая. Ўдыхаць духмянасць ліп
і слухаць парк маўклівы... Раптам глянь
у глыбіню вачэй і... усміхніся.
Ва ўсмешцы гэтай успамін пра зайца,
што там, на ўлонні, бегаў па траве, --
тады было яшчэ маленства ўсмешкі;
о ўсмешка рухаў лебедзя, якога
угледзелі мы ў шэрані вячэрняй --
на сажалцы прыцішанай, прымоўклай...
І верхавіны ў небе чыстым, вольным,
яшчэ пакуль што не начным, не чорным,
усмешкай цепляць вусны на абліччы
зачараванай будучыні нашай...
1915
***
Пані Фанэт Клавэль
Той, хто душэўна замоўк,
мовы карэнне кранае;
кожны гук, вырасшы, мае
сілу для перамог:
выліць маўчання гром,
выкасаць кпіны злога
і з дапамогай слова
зло асудзіць на злом.
1924
***
Вернаму і дзейснаму пасрэдніку
Вітальду Гулевічу (Ольвіду)
з удзячнасцю
Райнэр Марыя Рыльке
Шчасце -- ўсвядоміць, што невыказнасць
пазамоўна жыве,
што тнепасрэдна ў нашую яснасць
веліч адтуль плыве!
Так разнастайна ўсе мы наводзім
паразумення масты,
што ў захапленні агульным знаходзім
радасны свет паўнаты.
1924
На вуліцы, сонцам абжытай...
На вуліцы, сонцам абжытай, з калоды,
з прадзёўбанай куксы камля, што даўно
стала карытам, -- празрыстай вадой
сілу ўзнаўляючы, смагу спатольваю,
свежасць і сутнасць вады ў сябе
прыгаршчамі пераліваючы. Піць --
слова не тое, будзённае вельмі;
рух маіх рук запытальны, чакальны --
чыстаю ваадкасцю студзіць мяне.
Ты ж бы прыйшла, я спатоліў бы прагу
гэтак жа -- дотыкам лёгкім рукі:
ці то да плеч, іх акругласці юнай,
ці то да пругкіх грудзей.
1924
***
Цэлы свет быў у абліччы мілай --
раптам выліўся й разліўся ён:
не сабраць яго, не ахапіць.
Што ж не піў яго я з поўнай чары? --
гэты свет любімага аблічча,
блізкі, і духмяны, і салодкі!
Ах, я піў. Піў свет я неспатольна.
Толькі перапоўнены быў светам,
і, п’ючы, раліўся з берагоў.
1924
Ідал
Бог ці багіня кашэчага сну,
ласае боства, што ў цемрыве-рота
спелыя ягады-вочы трушчыць,
сок ссаладзелы з бачання гронак,
вечна-святло ў паднябенных крыптах.
Не, не сон-песня. -- Гонг! Гонг!
Тое, што тіншых таймуе багоў,
гэтага хітрага бога вядзе
да яго ўлады, што падае ў цела.
1925
Гонг
Не для вушэй ужо...: Звон,
што, нібы вуха глыбінь
чуе уяўнасцю нас.
Выкрут прастораў. Эскіз
светаў з нутра напаверх...,
храм да-народжвання іх,
канцэнтраваны раствор
з нерастваральных багоў...: Гонг!
Сума маўклівага, што
толькі сябе вызнае,
зычны зварот у сябе
самазнямелага -- і
вечнасці з руху выгнёт,
пера-літая зорка...: Гонг!
Ты, каго век не забыць,
плод разбурэння і страт,
неспасцігнення трыцмф,
вуснам нябачным віно,
бура ў апорах калон,
звергласць дарожніка ў шлях,
нашая здрада ўсяму...: Гонг!
1925