Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел дваццаць трэйці

Некалькі гадкоў пралятаюць у краіне, нават у герцагстве Шлезьвіг, і вось ужо робіцца так, што з auctoritas прыходзіць reputatio, ці, як на нашай прыземленай мове, з годнасьцю прыходзіць і слава, і прыходзіць адусюль: ад гесэнскіх ландграфаў і зь цюбінгскага факультэта, з гамбургскага сэната й ад саксонскіх курфюрстаў, і ўсім патрэбен гер супэрінтэндэнт Паўлюс фон Айцэн зь ягоным меркаваньнем у сьвятых справах, і ў яго цяпер самы спрыяльны момант, каб стацца арбітрам і судзьдзёю ва ўсіх справах, дзе гаворка ідзе пра правільнае тлумачэньне слоў Хрыста альбо Аўгсбургскага веравызнаньня альбо ўсяго таго, што можа быць ерасьсю, а што не; ягоныя пасланьні разыходзяцца па землях і ўспрымаюцца, як калісь пісьмы апосталаў цэрквам; і больш таго, калі было трэба, ён асабіста зьбіраўся і выпрўляўся ў інспэкцыі, аб'езьдзіў усё аж да Наўмбурга, завітваў і ў больш далёкія мясцовасьці, і заўсёды з дабраславеньнем Яго сьветласьці герцага, як пасланец Бога й адвакат адзіна правільнага й шчасьцедайнага вучэньня, як яно распрацавана й выкладзена нашым доктарам Марцінусам Лютэрам; і толькі там, дзе грунт самы цьвёрды й трывалы й дзе павінна быць узьведзена царства божае на добрым падмурку й моцных палях, там, ва ўласнай епархіі, там яшчэ ўсё вагаецца й хістаецца й асыпаецца ў кроквах і бэльках, варта толькі растапырыць вуха й прыслухацца да нашэптаў дысідэнтаў і запанявернікаў тайнасьцяў і эўхарыстыі; і самае горшае, што падобнае заглытваецца герцагам Адальфам, які вярнуўся з паходу ў Галандыю і за недахопам пераможных лаўраў на полі бою жадае зыскаць іх у веравызнаўчых спрэчках, а яго супэрінтэндэнт павінен яму дзеля гэтага муштраваць ягоныя духоўныя войскі, каб яны брава крочылі ў нагу, вучыць іх паваротам направа, налева, кругом, як таму й належыцца быць.

Тайны радца Лёйхтэнтрагер, які як заўсёды дакладна ведае, дзе цісьне бот, гаворыць зь ім на гэты конт і кажа:

- Яшчэ мудры Арыстотэль, у якога й хрысьціянін можа навучыцца шмат чаго карыснага, лічыў, што сапраўдная даброць вырастае ня з сэрца людскога, бо яно поўнае ўсякіх пахібаў і часта падупадае спакушэньню, а толькі з закона: таму ўсё, што мае ў сабе законную дапушчальнасьць, павінна быць кадыфікавана, і чалавек павінен быць прывязаны да гэтага, калі трэба, дык і жалезнымі ланцугамі.

- Ах, - адказвае яму гер супэрінтэндэнт, - на наш вялікі жаль людзі шануюць запаведзь Божую больш тады, калі парушаюць яе, чым калі трымаюцца яе, і Бог карае іх недастаткова, і найперш не па сьвежым сьледзе, як павінна было б быць, з доўгай цярплівасьцю, і дае ім убачыць і пераканацца, так што яны думаюць, што, калі той на небе ня ўмешваецца адразу з громам і маланкамі, дык усё было правільна, тым часам, як і духоўнае ведамства, далёкае ад месца падзей, не пра ўсё даведваецца адразу.

- Гэта, Паўль, - кажа яго сябар Лёйхтэнтрагер, - толькі таму, што ты глядзіш двума зенкамі й слухаеш двума лапухамі; гэтага недастаткова. Ты павінен іх мець дзьве сотні альбо дзьве тысячы, каб і прыглядвалі й слухалі, тады пойдзе лепш і лацьвей; бо твае геры пастары й прапаведнікі няўжо толькі дзеля таго, каб кволіцца й дабрашчасьціцца?

- Ня так проста гэта зрабіць, Гансе, - кажа Айцэн, - бо геры пастары й прапаведнікі - гультаі й схіляюцца да таго, каб лепей быць добранькімі даражэнькаму Богу, дык як жа мне раскласьці агонь пад іх тоўстымі дупламі?

- Ты павінен іх абавязаць, - кажа сябар, пяшчотна пагладжваючы па галоўцы крошку Маргарэту, якая, кавыляючы ножкай, увайшла ў пакой са сваім горбікам на сьпіне, падносячы госьцю віно: з запасаў герцага, бо царкве заўсёды нешта перападае. - Звязаць абавязкам праз прысягу й подпіс, - кажа тайны радца, - ці ж бо не прысягае жаўнер сьцягу й ці ж пасьля ня слухаецца свайго камандзіра?

У Айцэна ўсё роўна як шоры спадаюць з вачэй, як бы нябеснае прасьвятленьне находзіць, што, калі ягоныя пастыры й прапаведнікі будуць запрысягнутыя на догматах веры й сьвята паабяцаюць строга давесьці іх да сваіх вернікаў, каб і зь іх ніхто ня ўхіліўся, ніхто не спатыкнуўся, інакш на іх будзе данесена вышэйшым начальствам, дык царства божае хутка дабярэцца й да Шлезьвіга, герцагу на ўцеху й Богу на ўпадабаньне. І ён думае, як жа глыбока пранікае яго сябар у душы людзкія наогул і ў душы пастараў і прапаведнікаў у прыватнасьці, бо пасьля такой прысягі нікога больш ня трэба будзе пераконваць, бо чалавек можа лёгка страціць свае прыбыткі й прывілеі, калі завінаваціцца альбо палезе на ражон; так ці інакш вядома будзе, чым усё можа скончыцца.

І паколькі сябар, засьцерагаючы гешэфты, пасьля гэтага жартаўліва дае крошцы Маргарэце пад срачку й разьвітваецца з фраў Барбарай, Айцэн яшчэ таго ж вечара садзіцца за пульт і сьвежа завостраным пяром накідвае на паперы, што кожны, хто хоча ў герцагстве Шлезьвіг пасьвіць божых авечачак, павінен будзе ўрачыста пацьвердзіць прысягай, як ён будзе верыць і за што трымацца: па-першае, за сьвятое біблійнае пісаньне й за сьвятое апостальскае веравызнаньне, далей - за сапраўдны symbola і за ўстанаўленьні, да таго - за непадзельнасьць яднаньня боскай і чалавечай прыроды ў асобе Хрыста й за Аўгсбургскае веравызнаньне, і за абодва катэхізісы Лютэра. І падпісвацца гер кандыдат павінен ня толькі ўнізе ў канцы паперы, а пад кожным абзацам асобна, каб пазьней ня мог сказаць, што нечагась там выпадкова недагледзеў.

Перачытваючы пасьля свой сьпіс, Айцэн думае, што там яшчэ не хапае духу рупнасьці й строгага адмежаваньня ад ерасі й што ён зусім не павінен баяцца называць імёны й гаварыць адразу пасьля хрысьцінаў і прычасьця, бо ці ж не пакоіцца ўся будоўля сьвятой царквы й яе службітоў на тым, што толькі яны адны, у сілу свайго пакліканьня, могуць ставіць перад сабою задачу ачышчэньня дзетак ад спадчыннага грэху й расказваць пра ператварэньне хлеба й віна ў іншае, Божае цела й кроў? Інакш бо любы ератык мог бы дайсьці да таго й кожны парафіянін, ня прысьвечаны ў тайнасьць і не рукапаложаны, мог бы адчыніць сваю кірху.

І піша: Але ў сувязі з тым, што нашым часам хітры сатана ўзбуджае ўсемагчымыя агідныя і аблудныя кламствы пра найвышэйшыя ўстанаўленьні нашага хрысьціянскага вучэньня і рэлігіі, я (імя так і так) прысягаю; па-другое: фальшывыя дактрыны ўсіх тых, што ўхіляюцца ад ісьцінаў вышэйназваных сьвятых пісаньняў, сымболя веры, confessiones і Catechismi, асабліва ж ілжэвучэньні богаадступных цьвінгліянаў, кальвіністаў, фанатыкаў тайнасьцяў і перахрышчэнцаў, якія адмаўляюць неабходнасьць і сілу сьвятога хрышчэньня й прысутнасьці Хрыста пры выдзяленьні й прыманьні ягоных сапраўдных дзейсных цела й крыві ў сьвятой эўхарыстыі й якія такім чынам разбураюць адзінства веры й ўводзяць у аблуду простых людзей, я абавязуюся з сапраўдным дбаньнем ненавідзець, асуджаць і праклінаць.

Гэта, радасна думае ён, ёсьць мова, якую яшчэ яго настаўнік, добры доктар Марцінус, так магутна скарыстаў і яна, як удар плёткай, для леных сэрцаў і прыдатная, каб навучаць гераў pastores, як сёньняшніх, так і будучых, баяцца; таму абавязвае й гэтых прысягнуць таксама, што яны будуць ахоўваць давераныя ім парафіі ад такіх аблудаў і не пацерпяць, каб хоць адзін хто з даверанага статку прыляпіўся да богамярзотнага гурту ці сэкты.

І калі цяпер, рупліва ўсё гэта запісаўшы, ён перачытвае ўсё яшчэ раз, здагадваецца раптам, якую сілу дасьць гэтая прысяга яму як судзьдзю, які вырашае, каму належаць да праведнікаў, а каму да ліхамысьнікаў; і каб гэта таксама занатаваць дакладна, дадае яшчэ адно ўказаньне сьвецкім уладам што да падтрымкі духоўннага пастуха, і піша, дробненькімі літарамі, бо ўжо й месца мала на аркушы: У заключэньне я прысягаю, што буду ў поўнай вернасьці й паслушэнстве хрысьціянскаму загаду й мандату Яго сьветласьці князя герцага Адальфа, нашага літасьцівага валадара, і буду кіравацца разам зь Сьвятым Пісаньнем і Аўгсбургскім веравызнаньнем толькі хрысьціянскімі царкоўнымі парадкамі княства Шлезьвіг-Гольштэйн. І ў якасьці маргіналіі ўнізе на полі ліста надрапаў: На ўсё гэта прысягаю бяз усякага фальшу й хітрыны з добрым сумленьнем, і хай дапаможа мне Бог. Аман.

Герцаг, высокапастаўленай асобе якога тайны радца Лёйхтэнтрагер складае новую прысягу, у вышэйшай меры задаволены ёю і распараджаецца без адкладу абвясьціць яе ў герцагстве Шлезьвіг і ўсюды, куды сягае яго валоданьне, і гер тайны радца тонка ўсьміхаецца й кажа свайму прыяцелю Паўлю, што будаўніцтву царства божага ў Шлезьвігу пад дабрадайнай дыктатурай яго супэрінтэндэнта больш нічога на дарозе не стаіць. І як што выяўляецца фактычна, што геры pastores і такія, якія імкнуцца да пасады, усе разам прысягнуць новай прысягай, надрукаваныя formularia з пячаткай і подпісам трэба тэрмінова адаслаць назад супэрінтэндэнту, каб вернасьць і вера былі зарэгістраваныя афіцыйна. І толькі пры гэтым сапраўды пачнецца здаровае суперніцтва сярод духавенства: хто верне больш заблудных авечак у статак альбо хто хутчэй дасьць належным органам патрэбнае ўведамленьне пра таго, хто яшчэ трывае ў богамярзотных вучэньнях, каб начальствы маглі прыняць строгія меры ў адпаведнасьці з законам. Асабліва ў Эйдэрштэдшэне, дзе ў вялікім мностве асяліліся нідэрландцы, бо дома яны перасьледаваліся б папістамі, наладжваецца вясёлае паляваньне; была й ёсьць старая ісьціна, што, як лісы й ваўкі хвалююць быдла ў хляве, так і чужынцы прыносяць у дом неспакой; і праслухоўваюцца ўсюды заезды й рынкі й нават дамы, ці не вядуцца там мудроныя гамонкі, ці не завяліся там кніжкі Давіда Ёрыса альбо Мэна Сіманса й ім падобных пярэхрыстаў-ератыкоў і ілжэпрарокаў, ці не праводзяцца там тайныя зборні іншадумцаў; і гер пастар старанна ўсё натуе й піша даклад, хто па добрай волі хрысьціць сваіх дзетак, а хто не, як часта той ці іншы ходзіць у кірху, як слухае там казані, ці рэгулярна прычашчаецца ад цела Хрыстовага. Але сярод людзей шырацца страхі, бо колькі таго часу прайшло, а ўжо ўсплываюць жывыя ўспаміны пра тое, як палілі на попел пярэхрыстаў-ератыкоў, некаторых нават прывязвалі да слупоў і падсмажвалі альбо рвалі распаленымі абцугамі, а каторых душылі й расьсякалі альбо вешалі на дрэвах, альбо кідалі ў глыбокія ямы да пацукоў і нечысьці, дзе ў іх адгнівалі ногі.

Дзе рупнасьць з аднаго боку й страх з другога, там ня можа ня быць посьпеху. Як трусы ўвосень, так у Шлезьвігу будуць выкураны зь іх нораў мэнаніты й давід'ёрыты; геры пастары й пробашчы дакладваюць тут пра аднаго, там пра другога й пра самых зацятых спрэчнікаў сярод іх, сьвятар Мумзэн з Ольдэнворта й ягоны cоnfrаter Молер зь Цёнінга выганяюць кожны тузінамі тых, якія ня хочуць прызнаваць, што чорт сядзіць ужо ў толькі што народжаных і таму іх трэба хрысьціць як мага хутчэй; яны ў адзін голас заявілі, што праз добрыя ўгаворы й застрашэньне вечным пракляцьцем яны вярнулі многіх грэшнікаў да правільнай веры, а рэшта зацінаецца ў д'ябалькіх ілжэвучэньнях, і тут трэба, каб самы моцны з нас, сам гер супэрінтэндэнт прыйшоў парахавацца зь імі.

Гэта, прызнае Айцэн, знак неба. Будзе дадзены добры прыклад, будзе й духоўны суд, вядома, зь сілай сьвецкіх начальстваў на заднім плане, але цяпер справа гэтая будзе праходзіць інакш, чым колішняя дыспутацыя з жыдамі, тут ўжо ніякі Агасфэр ня стане ўпоперак, тут адразу, прыпаўзуць ератыкі да крыжа ці не, а справа будзе боская, і будзе знак усім у герцагстве й далёка за яго межамі, што ёсьць тут нехта, менавіта ён, супэрінтэндэнт Паўлюс фон Айцэн, які захісьне Лютэрава слова такім, якім яго прапаведаваў добры доктар, аслоніць яго ад любых ухілаў і цкаваньняў.

Калі ён дакладвае план свайму прыяцелю, тайнаму герцагскаму радцу Ёганэсу Лёйхтэнтрагеру, той пачэсвае гарбок, той як заўсёды лёгенька ўсьміхаецца, крыху мо больш коса, і кажа, што гэта была б капітальная штука - зладзіць такі працэс, уключаючы абвінавачваньне, допыт і асуджэньне вінаватых, гэта быў бы йстотны ўклад у стварэньне таго парадку, які патрэбен для працьвітаньня дзяржавы, і ён сам перагаворыць з высакародным і шматшаноўным Каспарам Гоерам, шталерам і прэфэктам герцага ў Эйдэрштэдшэне, каб ён ўсё падрыхтаваў, каб слуханьне магло адбыцца неўзабаве ў горадзе Цёнінгу, дзе, дарэчы, падаюць вельмі смачных крабаў і выдатнае піва.

З Шлезьвіга да Цёнінга вядзе прыгожая, хоць і калдобістая дарога, і сонца сьвеціць на павясноваму чыстым небе, і Айцэну, хоць ужо й ператрэсла ў карэце ўсе вантробы, але вельмі премна на душы, як толькі можа быць прыемна чалавеку, на чыім баку разам з адзіна правільным і шчасьцедайным вучэньнем яшчэ й паліцыя. І герцагаў шталер і прэфэкт, шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер, які чакае яго ў двары Цёнінгскага замачка, таксама чалавек, зь якім можна зварыць кашу, хоць геру шталеру менш за ўсё абыходзіць, як хрысьцяць і прычашчаюць дзяцей, але калі ўжо яго начальнік, герцаг, здаецца, аднаго разу паверыў, што чалавечае шчасьце й дабрабыт дзяржавы залежаць ад падобнага роду царкоўных штучак, і паколькі ён, Каспар Гоер, хацеў бы ў будучым спакойна спажываць сваіх вугроў і смажаную сьвініну, да таго ж і шкляначку добрага віна ці хоць бы й піва, дык ён загадаў увязьніць у Цёнінгскай вежы Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзірыха Петэрса й Сіверта Петэрса, гэтаксама як і Вопа Карнэліуса й Мартэна Петэрса й Карнэліуса Сіверса, большасьць іх з Ольдэнворта, астатнія з Тотэнбюля і Гардзінга, і дзеля асьцярогі на ўсякі раз канфіскаваў іхняе быдла й барахло, каб, калі яны будуць асуджаны, было нешта, на што герцаг мог бы накласьці руку.

Усё гэта й тое, што ён, шталер і прэфэкт Іх герцагскай мосьці, уласнай пэрсонай будзе сядзець на судзе над ератыкамі, Айцэн дазнаецца ад шматшаноўнага й высакароднага Каспара Гоера падчас іхняга шпацыру да гавані, а было іх двох гераў саліднага ўзросту, у поўным суладзьдзі паміж сабою і зь сьветам, дзе яны глядзелі, як рыбакі выцягвалі на бераг улоў, - прыгожыя тоўстыя рыбіны ўсіх відаў і цэлая плойма розных сьлімакоў і крабаў, якія, добранька пачышчаныя і вылушчаныя, пад адпаведна моцным соўсам - чыстае разьядзеньне.

Прыемны настрой трымаецца яшчэ й на раніцу, калі Айцэн выпраўляецца ў штатгальтарства, дзе павінен засядаць суд; занач ён глыбока і ўсмак выспаўся, часткова ад віна й вострай вадзіцы, сервіраванай яму шматшаноўным Каспарам Гоерам, а часткова і галоўным чынам таму, што яго добрае й чыстае сумленьне - гэта лепш за ўсякія мяккія падушкі. Не, ён не ненавідзіць усіх гэтых Катэ й Шыпераў і Петэрсаў, і як там яны яшчэ завуцца, хутчэй за ўсё, калі толькі яны акажуць згоду вярнуцца на дарогу правільнай веры, а ён глядзіць на іх вачыма пастуха, які знайшоў сваіх згубленых авечак на небясьпечным схіле, ён ставіцца да іх зь любоўю, але ж і з клопатам і спагадай, бо вось жа яны ў два рады пад аховай узброеных шталеравых галаварэзаў-паліцыянтаў, а справа й зьлева ад іх, адкінуўшыся на зручных крэслах, pastores Мумзен і Молер і іншыя духоўныя геры, якія прыйшлі, каб павучыцца ў свайго супэрінтэндэнта абыходжаньню зь ератыкамі. Абвінавачаныя, праўда, выглядаюць менш уміратворана: цёмная вежа прыбледніла ім твары, здаецца, яны нават мерзнуць, паціраюць сабе локці, нацёртыя занадта кароткай вяроўкай.

Шматшаноўны шталер і прэфэкт на сваім судзьдзёўскім крэсьле нахіляецца да Айцэна, які ў якасьці інквізытара сядзіць леваруч і крыху ніжэй пад ім, і шэпча яму, што, калі дойдзе да допыту, хай ён, калі хоча, крыху падцісьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасіна найперш, такая далікатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянінай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пісару, загадвае агалошваць імёны абвінавачаных, ці на месцы кожны, і ці ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвінавачаньне. У рэдагаваньні яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й відаць з тэксту, які кішыць рознымі пабожнасьцямі і ў якім абвінавачаным пастаўлена ў віну ня толькі ўхіленьне ад чыстага вучэньня Аўгсбургскага веравызнаньня, але й прыналежнасьць да змустоўнай сэкты перахрышчэнцаў без намеру й жаданьня адмежавацца ад яе, хоць усіх іх пастаянна падобраму й прыязна й пахрысьціянску сур'ёзна папярэджвалі іхнія душарадцы; яны, аднак, тым больш упарціліся і заціналіся ў сваіх заблудах і адмаўлялі сьвятое хрысьціянскае хрышчэньне дзяцей.

Як толькі закончылася чытаньне, шталер пытаецца, ці ня выкажацца каторы альбо каторыя з абвінавачаных што да сутнсьці абвінаваўчага акта, можа, нават хто хацеў бы выказаць сваё раскаяньне; калі хоча, калі ласка, зрабіце гэта да таго, як пачнецца апытаньне. Падымае руку Клаўс Петэр Катэс, які быў як бы галоўны сярод іх, і заяўляе, што ўсе яны простыя людзі, а менавіта сяляне й рамесьнікі, нават адзін зь іх майстар-шпалернік, таму не такія ўвішныя ў прамовах і аргумэнтацыях, як вучоныя геры, хоць ужо ж такі ведаюць слова Бібліі, але лепей было б, каб за іх сказаў слова нехта зь іхніх прапаведнікаў, калі ўжо заходзіць пра сэнс і значэньне апошняй вячэры Хрыста ці пра спадчынныя грахі; а таму яны сьпісаліся са сваімі братамі менанітамі ў Галандыі, каб прыслалі каго такога, хто паслужыўся б ім тут адвакатам у духоўных справах, і ім было абяцана, што пашлюць такога ім на падтрымку; вучоны муж яшчэ ўчора меўся прыбыць, але самае позьняе - сёньня; таму яны просяць некалькіх гадзін адкладу да прыбыцьця іхняга абаронцы.

- Што! - абураецца Айцэн, бо ўжо адчувае, што шэрсьць на ім закурэла, як тады ў Альтоне. - Ці не дастаткова гэтых ухілак і выкаўзак абвінавачаных, якія хочуць ў асьвечаных і ардынаваных службітоў царквы й высокіх начальстваў адабраць права, на якім трымаецца ўся боская пабудова, такімі сваімі субверсіўнымі намерамі? Яны яшчэ маюць прывалачы нам сюды ў герцагства галоўнага й вярхоўнага ератыка, каб дыспутам і цяжкасьцям канца ня было? Альбо, можа, яшчэ загадаеце прывесьці яго ў суд як expertum legis divinae. Мы самі тут разьбіраемся дастаткова ў справах Божых і нам не патрэбна нікога адкуль бы там ні было збоку, каб павучаў нас, а ўжо зь Нідэрландаў, дзе праклятая ерась цьвіце й пахне, стакроць не й не.

Аднак шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер кладзе палец на тоўсты падбародак і рашае, што, зрэшты, ня будзем пазбаўляць абвінавачаных права й зь іхняга боку запрасіць сьведак; калі тыя сьведкі вызнаюць такія самыя аблуднасьці, што й абвінавачаныя, яны павінны быць гатовыя трактавацца судом з такой самай строгасьцю, як і гэтыя; ва ўсім астатнім тэрміны працэсу цьвёрда ўстаноўлены й ня могуць быць перасунутыя, пакуль там недзе паміж Амстэрдамам і горадам Цёнінгам перакоўваюць закульгалага каня альбо мяняюць восі ў калёсах.

- А цяпер шаноўны гер superitendent, - завяршае ён, - задавайце Вашыя пытаньні абвінавачаным, каб гэтыя сваімі адказамі маглі выявіць, ці трымаюцца яны сваіх ілжывых вераваньняў альбо ці не хацелі б яны лепей вярнуцца да вучэньня Лютэра, як яно выкладзена ў Аўгсбургскім веравызнаньні, і да гольштайнскага царкоўнага парадку.

У поўным даверы да сілы Гасподняй, якая коней робіць кульгавымі й ламае восі ў калёсах галандзкіх ілжэпрапаведнікаў, пачынае Айцэн свой допыт, хітра плануючы пры гэтым паступова перайсьці ад агульнага да спэцыфічнага, так што ў канцы няшчасныя ератыкі павіснуць-такі ўсе на вострых круках лютэраўскай дыялектыкі. Але гэтыя выяўляюць сваю цьвёрдахрыбетнасьць, адказваюць на ягоныя добра аргумэнтаваныя словы дзёрзка альбо зусім не адказаваюць і нават заяўляюць, што ніхто не саштурхне іх убок зь іхняй веры, нават гер супэрінтэндэнт не саштурхне, як бы на іх ні напіраў.

Такога роду супраціў, прызнае Айцэн, прыняты высакародным і шматшаноўным шталерам у дрэнны бок, супроць абвінавачаных, але й супроць яго, які гэта церпіць. І ён рашае не ўдавацца больш у дыспуты й добранькія ўмаўленьні; яго прапаведнікі мусяць сагнуцца, як і гэты ератычны зброд; а ён, Бог сьведка, і так зрабіў для абвінавачаных многа, калі павёў іх, зыходзячы з тэкстаў Сьвятога Пісаньня і сутнасьці нашага Госпада Ісуса Хрыста, да чыстых крыніц веры; цяпер яны будуць мусіць альбо напіцца, альбо ўтапіцца. Яны павінны будуць прызнаць і згадзіцца з хрышчэньнем і тайнасьцю эўхарыстыі, як і іншыя, альбо прыняць на сябе наступствы, зь якіх высылка за межы герцагства, бадай, самае лагоднае. А таму падыміся, наморшчы лоб і пытайся ў абвінавачаных, ad primum, ці ўсе людзі, за выключэньнем Хрыста, зачатыя і народжаныя ў спадчынным грэху і, вынікам, ці ўсе яны дзеці зла, - так альбо не?

Катэс адчувае, што ўсё пастаўлена на руб і што той у сваёй чорнай хабіце ўчапіўся і больш ня выпусьціць з лап сваіх пытаньняў. Таму кажа:

- Мы не разумеем, чаму мы ад Адама павінны быць грэшныя, і мы ня можам прызнаць, што былі зачатыя ў грэху. На дзетках няма ніякага грэху, каб яны мелі ўшчэрб у сваёй шчаснасьці. Таксама й тое, што хвароба й сьмерць павінны йсьці ад грэху, застаецца нам незразумелым; гэта так у прыродзе, а чалавек пастаўлены ў прыроду як Адам і Ева.

- Ерась, праклятая ерась, - заяўляе Айцэн і чакае, пакуль судовы пісар надзейна запіша гэта на паперу. Пасьля, на бэнэфіс шматшаноўнаму геру шталеру й каб ён, як недасьведчны парафіянін, таксама зразумеў, пра што тут ідзе, ён пытаецца, ad secundum, ці ня прызнаюць усё-такі абвінавачаныя, што малых дзяцей трэба хрысьціць і што хрышчэньне ім карыснае й патрэбнае, - так альбо не?

- Напісана, - кажа Катэс, - што мы жывём толькі па веры. Іtem, толькі той, хто верыць і дзеля веры гэтай хрысьціцца, той будзе шчасны. А дзетак, якія пакуль яшчэ ня ведаюць ні дабра, ні зла, нельга хрысьціць.

- Чартоўшчына, пахібная і заганная, - дыктуе Айцэн пісару й пасьля гэтага хоча ведаць ад абвінавачаных, ad tertium, ці Хрыстос праз пакуту, якую ён прыняў дзеля нас, ці праз сваю ахвяру ўзяў на сябе й нашу віну, так што мы цяпер адзіна празь веру ў яго ачышчаны ад грэху й можам быць шчаснымі, - так альбо не?

- Калі мы ўсё валім на Хрыста, - кажа Катэс, - дык гэтым адкрываем дарогу грэху. Мы павінны рабіць нешта й ад сябе, каб стацца шчаснымі, і чалавек павінен гэтаксама шукаць Бога, як Бог шукае чалавека.

- Блюзьнерства, асуды вартае, - канстатуе Айцэн, і пакуль пісар і гэта акуратненька заносіць на паперу, патрабуе сказаць, ad quartum, ці лічаць абвінавачаныя, што Ісус Хрыстос на сьвятой вячэры сапраўды карміў нас сваім целам і паіў крывёю, - так альбо не?

- Хлеб і віно, - кажа Катэс, - мы прымаем у памяць пра Хрыста, яны застаюцца хлебам і віном. Усё астатняе толькі прымхі й папізм.

- Ерась, д'ябальская ерась! - голас зрываецца ў Айцэна. Але тым ня меней ён яшчэ хоча прадэманстраваць шматшаноўнаму й высакароднаму Каспару Гоеру, куды вядуць гэтыя агідныя ўхіленьні ад адзінашчасьцедайнага вучэньня in praxi, бо зусім такі яшчэ не асьветлена, як адно залежыць ад другога, сьвецкая ўлада ад сапраўднай веры, і таму пытаецца ў абвінавачаных, зусім ахрыпла ад пабожнай руплівасьці, ці ad quintum, паводле іх сапраўдны хрысьціянін можа дзейнічаць і як сьвецкае начальства й са спакойным сумленьнем займаць высокую пасаду і ў гэтым сваім стане ці можа быць шчасным і, ad sextum, ці хрысьціяне ва ўсіх справах, якія паводле слова Божага належаць начальствам, павінны праявіць ім паслушэнства й ці, ad septimum, духоўнае царства Хрыста стаіць у супярэчнасьці з царствамі сьвецкімі й сьвецкімі ўладамі, - так альбо не?

Залегла такая цішыня, што здавалася, стала чуваць, як шашаль точыць бэлькі штатгальтарства, і ўсе вочы скіраваліся на Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзірыха Петэрса й Сіверта Петэрса й на Вопа Карнэліуса й Мартэна Петэрса й Карнэліуса Сіверса; а ў іх серабрыстыя кропельку поту выступілі на тварах, бо яны ведаюць, што з усіх пытаньняў гэтае найцяжэйшае, яно - выпрабаваньне, і цяпер будзе вынесены вырак і зламана палачка.

- Ну? - кажа Айцэн. - Так альбо не?

І, паколькі ніхто яму не адказвае, ужо хоча прыступіць да вялікай пагромнай прамовы, якая павінна стацца для Катэса й яго прысьнікаў толькі першым форшмакам перад тым, што яны пачуюць на Страшным судзе перад нябесным судзьдзёй, калі раптам як бы самі сабою адчыняюцца дзьверы суда і ў залу ўваходзіць хадайнічаны абвінавачанымі ератычны прапаведнік з Галандыі ў суправаджэньні захінутай вуалем жанчыны, якая нават пад сваімі вуалямі й захінамі выдае ў сабе выдатныя формы. Айцэну адразу робіцца так, быццам памяшканьне з усімі асобамі ў ім пачынае павольна, а тады ўсё хутчэй і хутчэй закручвацца, і толькі нянаджаны госьць застаецца ў цэнтры непарушны, тым часам як ягоная суправодніца адкідае вуалю, і на яго, супэрінтэндэнта, глядзяць нахабныя вочы, і пры гэтым грыбаты пунсовы раток зьбіраецца ў трубачку, быццам хоча сказаць: Ба, ты жывы яшчэ, стары кныр!

А прапаведнік-ератык роўным крокам кіруецца да крэсла шталера, пачціва кланяецца яму й заяўляе:

- Маё імя, Ваша высакародства, Агасфэр, Ахаб Агасфэр, і я прыбыў сюды ў Цёнінг з горада Амстэрдама, даць Вам даведку адносна ўсіх пытаньняў, якія тычацца веры гэтых мужчын, што стаяць перад Вамі як абвінавачаныя, каб быць ім для суцяшэньня і дапамогі, наколькі гэта ў маіх сілах.

Шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер разглядвае чужынца, які ў сваім цёмнакарычневым галандскага крою сурдуце выглядае дастойна й дастаткова годнасна, і яму робіцца крышачку як бы несамавіта, і кажа:

- Мэйнгеер, для суцяшэньня і дапамогі яно яшчэ ня позна, а што да апытаньня, дык яно ўжо закончылася.

Агасфэр зноў кланяецца.

- Ваша дастойнасьць, - кажа ён, - добра, пасьля таго як апытаньне закончана, як абвінаваўцаў так і абвінавачаных, ці нельга, каб кожны з бакоў падсумаваў і выклаў casus? Наколькі я ведаю, вучоны superintendent быў за тое, каб гэта зрабіць; я толькі прашу дазволіць мне адказаць яму, пасьля таго, як ён закончыць.

- Мэйнгеер, - кажа шталер і запінаецца, шукаючы трапнай рэплікі, і ягоны позірк просіць дапамогі ў Айцэна.

А той толькі што нарэшце апамятаўся. Ён падымае рукі як прарок Сьвятога Пісаньня, калі той запрашае Бога ў сьведкі, і крычыць:

- Мэйнгеер сапраўды! Мэйнгеер Агасфэр! Гэты дзяцюк ня што іншае, як прайдзісьвет і ашуканец, рыначны блазан, які выдае сябе за Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, і яшчэ горш за тое, злачынны дэзертыр з палка Пуфэндорфа, што на службе ў герцага. Хапайце яго! Вяжыце яго! І ягоную шлюху, каб не ўцякла! Шталеравыя паліцыянты - не зь лянівых, адразу кідаюцца на ілжэгаландца, і як што гэты адразу хапаецца за кароткую шпагу, высьвіствае яе з скураной похвы, і пачынаецца шум і гвалт перад спалоханымі вачыма гераў pastores, сыплюцца іскры, як гэта й бывае, але перад зграяй не ўстаіць самая высакародная дзічына, і вось ужо здаецца, гер Агасфэр, шмат разоў паранены, павінен быў бы ўпасьці на падлогу, калі паміж імі кідаецца Маргрыт, і меч самага дужага з банды, і ўдар, назначаны яму, дастаецца ёй. Айцэн бачыць кроў, якая цячэ па яе белай шыі, рыхтык як тады ў Вітэнбэргу чырвонае віно, і ў жудасьці засланяе твар.

Падняўшы вочы пасьля ўсеагульнага гармідару й гвалту, бачыць: ляжыць перад ім тое, што засталося ад жанчыны, якую звабіў і спакусіў яго любімец: драўляны шар, з гусіным крылом на ім замест валасоў і дзіркі замест вачэй і носа й рота, а побач расшкумутаная вязанка саломы, як гэта іх сяляне ставяць у полі, каб палохаць птушак. Але ж і мы з вамі ці ж у канцы таксама ня робімся толькі попелам і пылам і марнасьцю й д'ябальскім страшыдлам?

А Агасфэра паліцыянты ўжо вывелі.