Вершы

Канапніцкая Марыя


Вершы

Родны мой краю

І даўняй славай роднага краю
Я ганаруся. Сэрцам кахаю
Поўныя жыта нівы, палеткі,
Рэкі, што пояць на лузе кветкі,
Ніў каласістых жытнія хвалі,
Чыстае неба, сьветлыя далі,
Горы і пушчы. Крынічак вачыма
Сьвеціш, айчына,
Кроў мая, сьлёзы, любая ў жалі.
Толькі ў табе я жыць пачынаю,
Любасны, мілы, родны мой краю.


Кліча хтось мяне

Пошум дрэў у ціхім змроку,
Лугам пахне, налятае
Вецер зь песьняю здалёку…
-- Кліча хтось мяне! Чакае!
Грудзі поўныя трывогі…
Сэрца б’ецца таямніча…
Дык бывайце ж, лес, разлогі!
Прызначэньне мяне кліча.

У пурпуры дзень прыходзіць,
Птушка весела сьпявае…
Кроў бруіць у жылах, бродзіць…
--Кліча хтось мяне! Чакае!
Сьніцца ўсьмешліва і жорстка
Мне далёкая дарога…
Дык бывай жа, мая вёска!
Я хачу жыцьця другога!

Стынуць травы ў чыстых росах…
Ружа кветку расхінае…
Дрогкі месяц у нябёсах…
-- Кліча хтось мяне! Чакае!
Страшна… Шчокі, не палайце!
А на сэрцы жаль, маркота…
Сны сасьнёныя, бывайце!
Ах, каханьне там, любоў там!

Даль вясёлкамі красуе,
За гаямі ўжо сьвітае…
Маладая кроў пульсуе…
-- Кліча хтось мяне! Чакае!
Бура ў сэрцы, як на моры…
Бляскам дух упіцца можа…
Крылы ўзносяць на прасторы…
--Радасьць там мая, раскоша!

Ці спатоліць, што я прагну,
Дух мой, чара залатая?
Ці ў маркоце вечнай спрахну?..
-- Кліча хтось мяне! Чакае!
У блакіце гаснуць зоркі,
З рэхам песьня аціхае…
Дык бывай жа, лёсе горкі!
Чорная зямля чакае!


Шкада вам, што размыта ў плыні часу…

Шкада вам, што размыта ў плыні часу
Аздоба ідэалаў і куміраў,
Што страціла паэзія акрасу,
Што ў саване ляжыць з разьбітай лірай.
Шкада, што песьні вашы – не малітвы,
Што сьвет аглухлы марна вабіць мэта,
Што ў бурнай велічы крывавай бітвы
Ня ўторць рэхам пошлы сьпеў паэта…
--Дзе ж тая песьня, што, нібы прысяга,
Нібы алтар сьвяты, яднае сэрцы
Адважных воінаў пад слаўным сьцягам,
Гатовых верыць нават паняверцы?
Дзе ж тая песьня ў мармуры, ў граніце,
Як белы бог. Што цень адолець дужа,
Дзе песьня, што каронаю ў блакіце,
Нібы зара вянчае голаў мужа?..
Дзе песьня, што як молат ударае,
Душу ўдзімае ў стылы мармур твору,
Што праўды скіпетр у руках трымае,
Што громам б’е, агнём шугае ўгору?
Дзе ж тая песьня, што – вышынь царыца,
Ў якія марна пнецца дух замглёны?
Дзе песьня-іскра, што ў крыві ўзгарыцца,
Дзе песьня-кліч, што страсяне мільёны?
Дзе песьня, каб праз час ляцела сьмела,
Каб жытам праўды ў полі красавала?..
Каб, маючы душу жывую, цела,
Вялікім гімнам чалавецтву стала
Ах, засьпявайце ж, лірнікі-няверы,
Такую песьню ў буднішчы гароты,
Дзе прахлай чэрні тлум віруе шэры
І жменька іх жрацоў у храме псоты…
Няхай арлом лунае песьня ваша,
Уздрыгнуць трупы хай! Скажу я вам,
Што сэрца пульс і тон жыцьцё падкажа,
А я мільёны чуйных сэрцаў дам.

Чаго ты ржэш, мой конік…

Чаго ты ржэш, мой конік,
Чаго ты ржэш, мой сівы?
Ня буду ўжо я ў коскі
Сьплятаць шаўковай грывы!
Гэй, доўгай грывы!

Ня будзеш красавацца
Ў прыгожым кармазыне;
Вяровачныя шоры
Табе, мужыцкі сыне!
Гэй, бедны сыне!

Ня будзеш ганарыцца
Пад гунькай залатою,
А смутна зьвесіш голаў
Над пашаю пустою…
Гэй, пашаю пустою!

А з плугам, бараною
Змардуешся на полі;
Цябе ў сьвет вольны вецер
Не панясе ніколі!..
Гэй, аніколі!

Ня выкую, мой косю,
Я з золата падковы,
Каб ты хадзіў пыхліва,
Нібы той пан карбовы,
Гэй, пан карбовы!

Ня будуць мяккай сечкай
Табе дагоджваць панны,
І на крывавым полі
Ты не памрэш ад раны!
Гэй, страшнай раны!

А гаспадар зацягне
У яр да прахлай бросьці –
Раса там выесьць вочы,
Адбеліць сонца косьці…
Гэй, косці, косьці!

Музыкі не зайграюць,
Ня ўчуе труб нябожчык –
Пяском засыпле вецер,
Аплача толькі дожджык!


Альбо вы мне, птушкі…

Альбо вы мне, птушкі,
Свае крылы дайце,
Альбо каля хаты
Ночкай не сьпявайце!..

Ні ў журбе глуміцца
Больш ня маю змогі…
Ні сабрацца з вамі
У бяскрай-дарогі!

Ой, цень чалавеку
Не такі ўжо ўверад,
Як яго журбота,
Што бяжыць наперад!..

Я хадзіў за плугам
І за бараною,
У душы сумоту
Носячы з сабою,

Ведаў бы на сьвеце
Я такое месца,
Дзе туга сьлязамі
Ах, не разальецца,

Як бы лета ў лета
Там я пасьвіў коні
І вясёлай песьняй
Славіў тыя гоні.
Гэй!..


Там, на радзіме…

Там, на радзіме, ў старонцы апальнай
Сто зорак згасла ў кароне сьвітальнай,
Сто зорак згасла над жытняй пожняй,
Нібы сто рыцараў бітвы апошняй.

Там, на радзіме, ў старонцы дольнай
Сто палкіх сэрцаў у скрусе юдольнай,
Сто палкіх сэрцаў у клетках цесных
Б’юцца, як душы, аб панцыр жалезны.

Там, на радзіме, ў старонцы далёкай
Ста бураломамі гай адгалёкаў,
Ста перунамі гасьцінец адгракаў
Пад капытамі ста аргамакаў.

А як сто дзён і сто ночак мінецца,
Рыцары ўстануць, як моц жывых сэрцаў,
Рыцары ўстануць, пасядуць на коні –
І зазалоцяцца зоркі ў кароне.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Як ішоў кароль вайною…

Як ішоў кароль вайною,
Гром фанфар стаяў сьцяною –
Трубы ўкручвалі бадзёру! –
Алілуя!.. Шапкі ўгору!..

А як бралі Стаха ў войска,
Жыта плакала палоска,
Ды крынічанька на лузе
Зажурбоцілася ў скрусе…

На вайне снарады рвуцца,
Як снапы, кладуцца людцы,
Славай цешацца манархі,
І, як мухі, гінуць Стахі.

Там штандар з арлом лунае,
А тут крыж рыпіць вясковы…
Стах ад раны ўжо канае,
А кароль жывы-здаровы…

Як пад’ехаў ён да брамы,
Залатой зарою ўбраны,
На сто вёрстаў ад сталіцы
Звон разьлёгся са званіцы.

А як Стаху дол капалі,
Толькі дрэвы шапаталі,
Ды званіў яму з дубровы
Квет-званочак
той ліловы…

Ой ночка, ночка…

Ой ночка, ночка, чорны саколе!
Чорнымі крыламі ўкрыла ты поле;
Поле ты ўкрыла і нашу дарогу,
Толькі ня ўкрыла смутак-трывогу.

А ці ты пёркі пусціла па моры,
А ці спалілі іх позьнія зоры,
Ці не даволі ўжо мораку люду, --
Што ж са сьлязамі хавацца я буду?..

Урывак

Не салавейкам уторыць сьпяшыла
І ня цьвісьці пры дарозе шыпшынай,
Міма якое гароту бясконца
Бура прыносіць спрадвеку…

Не зіхацець з табой, сьветлае сонца, --
Ты прамянішся ціха і ясна,
Хай палымнее душа, хай пагасла –
Плакацца йду – чалавеку!..

О, чаму нашы дубы…

О, чаму нашы дубы ў поўнай сіле
Не перунамі пачэсна пабіты…
О, чаму слаўных карон не злажылі
На магільны курган забыты!

Па лісьціначцы бура абскубла
Іх веснавую цудоту з гольля.
Мёртвая ціша застыла ў дуплах –
Змоўклі лясы нашы, змоўкла поле…


Ой, у полі на падоле…

Ой, у полі на падоле
Кружыць сокал сівы…
Калі ўзыдзе табе сонца,
Краю нешчасьлівы!

Запалала ды зайграла
Зоранька ў нябёсах;
Залатое сонца ўсходзіць
Не над тваім лёсам.

Залатое сонца ўсходзіць,
Калінавы ранак,
Над табою ноч цямнее –
Калі ж той сьвітанак?..

Ой, чаму гэта Вісла…

Ой, чаму гэта Вісла, белая Вісла
Да мора вадою сплывае?
Ой, чаму гэта сэрца, чаму маладое
Крывавіцца, з жалю канае?

Ой, плыве тая Вісла, белая Вісла,
Бо сьлёзы сплываюць у воды…
Ой, крывавіцца сэрца, ой, маладое,
Бо волі ня мае, свабоды!


І магілы памерці могуць…

І магілы памерці могуць.
І сьмерць таксама
Сьмерцю забіта быць можа…
Вось каменнае ложа,
Пусты саркафаг, адчынена брама,
Празь якую павеяла, быццам адвеку,
Ціша дыханьнем, грукатам грому,
Выдзьмула прах чалавека
З таго, дзе навек пасяліцца зьбіраўся, -- дому.

І магілы ажыць могуць.
І сьмерць таксама
Сьмерцю забіта быць можа…
Вось квяцістае ложа,
Пусты саркафаг, адчынена брама,
Празь якую павеяла, быццам са змроку,
Ціша дыханьнем, грукатам грому,
Жыцьцёвым пасевам дыхнула здалёку,
К таму, што памечан пячаткаю сьмерці, -- дому.



Больш у акенцы тваім…

Больш у акенцы тваім ня ўбачу
Сьвечкі, запаленай добрай рукою…
Ведаю, недзе дрыжыць і плача
Рэха ад песьні з тваёю тугою…

Ведаю, больш ня ўбачу на сьценах
Ценю твайго ў пакойчыку белым…--
Што ж тады я так гляджу задуменна
На дом самотны твой, асірацелы?..

Прывіднасьць

І прыйдзе вясна, кветка крылы раскіне,
А з вачэй маіх аніколі ня згіне
Бязьмежнае, белае поле…

І лецейка прыйдзе, ўстане колас у звоне,
А ў вачах маіх будзе як на далоні
Бязьмежнае, белае поле…

І пройдзе жыцьцё, прыйдзе час мой урочы,
Але і ў дамавіне я расплюшчу вочы
Ў бязьмежнае, белае поле…

І поўнач настане, і з магілы я ўстану,
І вольна прайдуся, і зь любасьцю гляну
Ў бязьмежнае, белае поле…


Выйду, пайду я дальняю сьцежкай...

Выйду, пайду я дальняю сьцежкай,
Па горах ветрам, па нізінах рэчкай,
Па хатах песьняй, па нівах цішай,
Дзе цёплы ветрык жыта калыша.

Выйду, пайду я шумам баровым,
Яснасьць я зранку, цень вечаровы,
Лугам пайду я раніцай золкай,
Дзённай пагодай, яркай вясёлкай.

Выйду, пайду я па сёлах, вёсках,
Струджаных працай, ды ў ласцы боскай,
І, як знаёмы, шэранькі пташак,
Гляну у кожны ўбогі паддашак.

Па сэрцах ціха скрадуся снамі,
Па думках зоркай, што ў небе з намі,
І па зямельцы блізка-далёка --
Ўгору высока, ўшыркі шырока.

І зьбяру сьлёзы-росы на гонях,
Іх панясу я ў поўных далонях
Да тых далёкіх промняў сусьвету,
Што нясуць ранак на землю гэту.

Можа, застану сонца дзён прыйшлых,
Што на магілы шле Усявышні,
Можа, нап’юся яснасьці гэтак,
Як расы з келіхаў кветак.


Ой, ня цяжкая дарога...

Ой, не цяжкая дарога,
Што гуляе з доляй нашай,
Тая ж цяжкая дарога,
Што з гнязда выводзіць пташак!

Ой, ня цяжкая так хвіля,
Як прымае нас магіла,
Тая ж цяжкая нам хвіля,--
Расставацца з тым, што міла!

На Куявах

На Куявах скрыпка рэжа:
На абэрак -- дзеўка перша!
Падхаплю ж я ця за станік,
Закручу, аж горка стане.

Ай, бо ўсенька відна зь неба,
Ай, бо ладны бохан хлеба,
Ай, бо звонкі талер грошай,
Ай, бо бусенькі харошай!

Хлопцы, ўшыр скачыце, ўдоўжкі,
За парог! Бо трэснуць дошкі!..
На Куявах любяць бога --
Скачуць толькі да парога.

На Куявах, мой галубе,
Сёньня ў дзеўках, заўтра ў шлюбе;
Ясна сонца колам ходзе,
На што гляне, тое ўродзе!

Колам, колам -- гнуцца дошкі,
Стужкі ўюцца, сьцёгны, ножкі,
На лоб шапка, як паўстога, --
Не баяцца ў хаце бога!

Колам, колам -- дошкі гнуцца,
Кошаль поўны -- добра людцам,
У кашэлі -- кот наплакаў,
Шусь! бяда на куявякаў!

Гора ўлева мне на пару,
Я направа дробна шпару,
Гора ўправа, я налева
І кручуся, як халера.

Гора хапне за чупрыну ,
Я ўпрысядкі, чуб адкіну --
Не сурочыць каб -- цьху! лямся!
Хто як хоча, я ж ня дамся!

Галасьней, басы гудзеце --
Час прыйшоў! Часы, прыйдзеце!
Што мне доля, як няволя?
Хто ўжо з поля, мне ж на поле!

З правай ножкі, зь левай ножкі,
Сьвят-сьвятыя, збочце трошкі!
Сьвят-сьвятыя, ўбок з дарожкі --
Куявяк адтопча ножкі!

Сам пан Езус бача зь неба,
Як нам сёньня пляцу трэба.
Сам пан Езус зь неба бача,
Як куявяк куявяча!

Ой, утні, Пятро-музыка,
Не шкадуй ні струн, ні смыка!
А ўжо дзеўка ўецца ў танцы,
Нібы рыбка ў мокрай траўцы.

На падгібку, на падгнутку --
Улаўлю ж я ця на вудку!
На падгнутку, на падгібку --
Улаўлю ж ця, маю рыбку!

Ай, бо ўсюлькі плот і хата,
Ай, бо ўсюлькі хват да хвата,
Ай, бо ўсюлькі -- тра-та-та-та!
Хай ты трэсьні -- наша сьвята!


Шумуе лес...

Шумуе лес, шумуе лес
Ад плачу горкай песьні...
Па шатах дрэў лунае сьпеў,
Птушыны голас весьні.
Крынічны звон, крынічны звон
Ад скрушлівага жару,
І просінь лоз, і срэбра сьлёз
Блішчаць у ценях яру.

І ветру сьвіст, і ветру сьвіст
Як жальы маёй рэха.
І вабіць шум жалобных дум
Далей ад родных стрэхаў.
Ударыў звон, ударыў звон,
Нібы ў трывозе сэрца,
А сонных хат, дзе люд, дзе брат,
Збудзіць мне не ўдаецца.


Песьня скрухі

Калі песенька ад сэрца,
Як з душы яна,
Нам зь яе і радасьць льецца,
І сьляза відна.

Гэту песьню памятае
Кожны польны квет,
Чарадзейна ў ёй лунае
Радасьць даўніх лет.

Як сіротка песьня тая,
Як самотны дух,
І вароты адмыкае
Там, дзе брат, дзе друг.

Песбня сэрцы ад сну будзіць,
Гоніць з сэрцаў цень,
І вітаюць шчасна людзі
Прамяністы дзень.

Зь ветрам рэхам дасягае
Роднай стараны,
Крыжам над магілай грае
Ў срэбныя званы.