Злодзей

навэла

Гайм Геарг


Злодзей

Aux sots je préfère les fous
Dont je suis, chose, hélas! certaine.
Baudelaire

“Божа, я прысягаю Табе, я буду праўдзіць волю Тваю. Бо Ты Госпад, Госпадзе, а я прыладзьдзе Тваё, ад сёньня і давеку. Аман. Гэта азначае, так, так, гэта павінна адбыцца. Я на каленях маліўся Табе, Ты ведаеш гэта, ноч у ноч, тут у Гефсэманіі ў каморцы: калі можна, хай абыдзе мяне чара гэтая. Але не мая, а Твая хай будзе воля на тое. А цяпер я хачу аперазацца і выправіца ў дарогу, як сьветлай памяці Ільля выступіў супрaць ілжэсьвятароў, альбо як Майсей выступіў супраць гурту танцораў. Хай ня будзе больш ніводнай такой начы, як сёньня, Госпадзе, інакш пазбавіш мяне майго розуму, а ён мне патрэбен, бо ўсклаў Ты на плечы мае дзею вялікую.”

Ён упаў на калені і пакланіўся Гасподняму анёлу, якi ў запечку, там, дзе вісела яго апранаха, там, дзе ён цяпер увесь час стараўся паяўляцца.

А тады ўстаў, узяў пакунак і пайшоў.

Ён ня ведаў, з чаго яно ўсё пачалося. Ужо каторы год, як у прыпадку раптоўнай агіды ён адцураўся сяброў. І яго хутка забылі. Сябры нічога больш ня ведалі, як ён жыў, як пачуваўся. Убачыць яго каторае, праходзячы міма, і ўжо больш нават не пазнае.

Ён бавіў час рознага роду навуковымі заняткамі, каб неяк суцішыць пакуты ад меланхоліі. Па чарзе перабыў біёлагам, астраномам, ахеолагам, ды ўсё зноў жа і запускаў у нівеч. Нічога яго не задавальняла, нічога ня цешыла. А ўсё толькі перапаўняла яшчэ большай пустотай. Цяпер вось адбываў сябе ў вялікім пансіёне, жыўцом пахаваны ў маленькім пакойчыку ў мансардзе, адзінокі, нікому не патрэбны, нікім ня прызнаваны, сам з сабою, адзін сярод безьлічы самотнікаў у гэтым вялікім горадзе.

А вечарамі са свайго глыбокага фатэля ён сачыў за мігатлівымі пробліскамі сьвятла і чародамі аблокаў, якія летам кіруюць чырванаватымі кілямі на захад і плывуць у новыя, поўныя таемнасьці краіны. Альбо позьнім летам, калі ўдзень паўночна-заходнія вятры пачынаюць тварыць на небе вялікія дзівосныя выявы, ён глядзеў на нябесных жывёлін, якіх восень выганяла на зялёныя пашы, на кітоў, на велізарных драмедараў і касякі пропадзі рыбнай драбноты, што расплываліся і зьнікалі ў бясконцым блакіце нябеснага акіяну.

Пра самыя дзіўныя праявы рабіў сабе занатоўкі. Так аднаго разу ён бачыў на вінна-чырвоным фоне д’ябла над сьціжмай чорных целаў, якія маліліся яму; другога разу згледзеў велізарыну-кажана, які, здавалася, быў прыбіты расьцягненымі крыламі да неба, як гэта іх, кажаноў, сяляне прыбіваюць цьвікамі на дзьвярах хлявоў; альбо ж вялізарны трохмачтавік, альбо дрэвы на гарах, альбо магутных ільвоў, пачварных зьмеяў, узбатаваных на плечы неба, альбо вялізнага манаха у даўжэзнай сутане, альбо мужчын з дзіўна падоўжанымі профілямі, а аднаго разу вогненнага анёла, які з агромністай паходняй узыходзіў па лесьвіцах эфіру.

Часам усе відзежы абвалакала дзівосная, амаль нячутная музыка, як шум акіяна ў цемры бясконцых гротаў і падземных сьвяцілішчаў.

Воблакі былі яго апошняй навукай, апошняй спакусай, самым небясьпечным д’ябальскім вычварэньнем.

Аднаго вечара ён спаліў кнігу, і, калі цяпер чуў буру, якая вечарамі гнала па гарызонце пурпуровага буцэнтаўра хмараў, зачыняў аканіцы, у дадатак занавешваўся сьсярэдзіны чорнымі хустамі і цалкам зьліваўся зь цемрай і моўчай.

І тады паўставалі гаманлівыя галасы, зь нейкай далёкай закуці, быццам з трубы, здушаныя і стомленыя, як скаржныя нараканьні мёртвых, што там, унізе, плывуць па зямных жылінах.

Першыя тыдні ён не разумеў іх, але спакваля, чым больш галасы забіралі над ім уладу, асвоіўся зь іхняй мовай. А пасьля таго, як аднойчы чатыры дні папасьціўся і чатыры ночы ня спаў, яму і адсланілася першая прымара, і тады ж ён першы раз перажыў пачуцьцё бясконцай сьвятасьці і бясконцай пакутлівасьці.

Павольна, як Хрыстос, калі меўся два гады пранэндзіць сярод жахаў пустыні, рыхтаваўся ён да сваёй вялікай выправы. Якія пакуты, якія жудасьці, якія бяссонныя ночы, але ж і якія надзеі, якія экстазы, якія фантастычныя ўявы. Пасьля таго, як яго цела зусім адвыкла ад плоці і як кроў ягоная ачысьцілася ад апошніх рэштаў жывёльнасьці, ён аднаго разу сярод ночы пачуў ад голасу, што громам пракаціўся над морам, пасланьне.

Так, жанчына была першародным злом. Місія Хрыста пайшла намарна. Бо як бы ж ён мог выбавіць людзей, калі яны зноў і зноў мусілі адпадацца назад у грэх з неабходнасьці, як тое камень падае назад, будзь ён шпурнуты аж за самыя хмары. Мусілі! Сапраўды, яны падобніліся няшчасным мухам, якія рупяцца выцерабіцца з горшчыка мёду, яны калупаюцца і месяцца, ды не патрапляюць свайго дамагчыся, яны зноў і зноў адпадаюць назад у грэх, у салодкі грэх. І ён уголас прачытаў з Марка, разьдзел пятнаццаты, вэрсэт 34:

«На дзявятай гадзіне ўcкрыкнуў Іcуc моцным голаcам: “Элоі, элоі! ламма савахфані!”, што азначае: “Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?”.

Вэрсэт 37:

«А Іcуc, уcкрыкнуўшы моцна, выпуcьціў дух. Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?”

Такія, значыцца, былі апошнія словы Хрыста, і імі пахаваў ён усю сваю веліч. У жудасьці сьмерці ўведаў ён апошнюю праўду. Яго місія была марная, ягоны ўезд у Ерусалім, яго крывавае бічаваньне, ягоныя цярпеньні, пакутны шлях і доўгія гадзіны на цёмным крыжы. Бог пакінуў яго, і ягоная місія пайшла намарна.

І пацямненьне неба, разьдзіраньне храмавай заслоны, паўстаньне мёртвых з магілаў -- усё гэта было ня што іншае, як жалю вартыя рэквізіты кепскай і бессэнсоўнай камедыі.

Так, і «ўскрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.»

І ён прачытаў далей, раздзел 17 з Адкрыцьця Яна:

«1. І прыйшоў адзін зь cямі анёлаў, што мелі cем чараў, і, гаворачы cа мною, cказаў мне: падыдзі, я пакажу табе cуд над вялікаю блудадзейкаю, што cядзіць на водах многіх;

2. зь ёю блудадзеялі цары зямныя, і віном яе блудадзейcтва ўпіваліcя наcельнікі зямлі.

3. І павёў мяне ў духу ў пуcтыню; і ўгледзеў я жанчыну, якая cядзела на зьверы барвовым, поўным назоваў богазьняважлівых, зь cямю галовамі і дзеcяцьцю рагамі.

4. І жанчына адзетая была ў парфіру і ў пурпуру, аздобленая золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і трымала залатую чару ў руцэ cваёй, напоўненую мярзотамі і поcкудзьдзю блудадзейcтва яе.»

«8. Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бездані і пойдзе ў пагібель; і зьдзівяцца тыя наcельнікі зямлі, імёны якіх ня ўпіcаны ў кнігу жыцьця ад пачатку cьвету, убачыўшы, што зьвер быў, і няма яго, і зьявіцца.»

«Зьвер, які быў, і няма яго», як такое можа быць? І глыбінны сэнс гэтых слоў спалохаў яго.

Ён бачыў перад сабою карак д’ябальскага зьвера ў жахлівай скрушлівасьці, і на яго рагах падвешаны твар жанчыны, на яе лобе пячатку сьмерці, і на вуснах у яе страшную душаўвярэдлівую ўхмылку як адбітак пякельнай бездані.

Значыцца, усё павінна быць зроблена яшчэ раз, бо зьвер усё яшчэ не адолены.

Зло павінна быць выдрана з коранем.

Адам быў добры, пакуль быў адзін, але калі сатана пралез у мроі Бога і падбухторыў яго стварыць жанчыну, гадзіна грэхападзеньня была ўжо ўцелена ў будучыню полаў. Калі чалавек мусіў упасьці, хай тое празь першую жанчыну, хай толькі празь яе дачок, ня было вызначана; але што ён павінен быў упасьці – гэта як божы дзень ясна.

І месія прайшоў міма жанчыны. За тое Бог і пакінуў яго ў апошнюю гадзіну.

Быў і сімвал: заўсёды зьбіраліся жанчыны, альбо проста толькі праходзілі каля яго і смакталі зь яго сьвежую сілу, як гадзюкі, якія часам вяртаюцца ў свае таямнічыя падземныя гарады-норы, каб назапасіцца сьвежым ядам.

І гэты сімвал вісеў там, уніз па вуліцы, празь дзьве вуліцы, у ягоным храме, а ўсё іншае, што там яшчэ паразьвешвана, было толькі дзеля таго, каб прыхаваць азнаку і ўтоіць ад мужчын таямніцу. Так, так, таму жанчыны заўсёды так сьмяюцца, здаючы ў гардэробе свае парасоны. Бог сказаў яму гэта сам.

Першы раз ён наведаў яе недзе перад палуднем, акружаны многімі-многімі з тых, што прагнулі пакласьці свае сэрцы на алтар д’ябаліцы. Таго разу яна не магла пасачыць за ім як сьлед, не магла адразу вызнаць у ім свайго ворага. І ён паступова здолеў прывыкнуць да яе вачэй. Кожнага дня ён заставаўся крыху даўжэй, кожнага дня ён рабіўся больш цярплівым і мацаваў сябе крыху больш новай сілай для апошняй бітвы з драконам, падобна таму Мітрыдату, які кожнага дня прымаў усё большыя дозы атруты, каб загартаваць сваю кроў.

На пачатку ён яшчэ заўжываў разнастайныя сродкі абароны ад ліхога позірку, скажам, на ўваходзе ў залу прасоўваў вялікі палец левай рукі паміж указальным і сярэднім альбо трымаў пры сабе срэбны фалус. Але памалу змог адмовіцца ад гэтых сродкаў і ўжо без апаскі глядзеў жанчыне ў твар.

І аднаго разу яна скеміла, каго мае перад сабою. Па яе твары раптам як бы прабег цень таго, што вось -- пазнала. На нейкае імгненьне яна адвярнулася, але тут жа спахапілася і прыняла барацьбу з ім. Праз усіх людзей наскрозь яна бачыла толькі яго ў ягоным закутку. Іх вочы сустрэліся ў прасторы як два кінжалы, што ляцяць адзін у аднаго, альбо як дзьве прорвы ў пустым сусьвеце, што хочуць пажэрці адна адну. Хто каго праглыне, якая вечнасьць будзе большай, каб пракаўтнуць другую?

Хто тут пераможа, той выйграе апошнюю бітву, -- у яго больш няма ворагаў, і вакол пераможцы альбо прасьціраецца неабдымная яснасьць сьвятла і харалы сонцаў, альбо чорнае неба, поўнае безуцешнае моўчы, і на гары дамавінаў чорны трон Веліяфа і расьцяжыстыя сьцягі пекла.

І вось у поўнай зале ён пачаў першую бітву, першую маўклівую барацьбу, ніхто ня бачыў яго, ніхто не сачыў за ім, ніхто ім не захапляўся. З гэтых жалю вартых дурняў ніхто ня ведаў, што тут рабілася, што тут тварылася і які лёс чалавецтва на гэтым страшным бяскроўным полі змаганьня вырашаўся. Было б яму калі ў часе гэтай барацьбы, ён загнаў бы ў храм іх усіх, гэтых ліхвяроў, гэтых ідалапаклонцаў. Але ён ня мог агнацца ад іх.

Вочы пачалі джаліць яго да болю, ён бачыў жанчыну толькі як бы праз чырвоны агонь, яму было так, быццам ён вось-вось перакуліцца. Яго аж павяло абаперціся на крэсла, але стрымаўся.

І паволі-павалютку прыходзіла адчуваньне, што ён павінен адужаць. Яе вочы былі ўжо не такія жорсткія, больш не такія вялікія, больш ня так упэўненыя ў перамозе. Як бы цень прабег па яе лобе, і ён убачыў, што яна стамілася і паступова саступала яму. Здавалася, яна спакваля зьнікала зь пярэдняга плана, яе абрысы пацямнелі, яе твар стуліўся. І яму падалося, быццам яна нырнула ў таямнічы краявід, што быў за ёю, як у смугу зялёнай і ціхай вады.

І раптам яна як бы абярнулася звычайнай Монай Лізай Джыакондай, міма якое штодня праганяліся орды англічан і амерыканцаў, як гурты сьвіней.

Першая бітва нябеснай вайны была выйграна. Ён апусьціўся ў фатэль.

Пазьней, ужо выходзячы, ён яшчэ раз з дзьвярэй азірнуўся на яе. Іх вочы сустрэліся апошні раз, і ён перахапіў яе позірк, у якім павінна было быць нешта пакеплівае, але насамрэч было як бы тонкае мроіва над морам лютасьці. І ён зноў змусіў яе і адпрэчыў назад у яе скальную пустэльню. Ідучы празь дзьверы, ён ведаў, што яна глядзела яму ўсьлед, і адчуваньне пры гэтым было такое, быццам за плячыма ў яго стаяў пануры, злавесны забойца. Але забойца ня ўдарыў кінжалам, ён зьбязмужніўся.

Ён апынуўся на вуліцы ў бляску горада і павінен быў стрымацца, каб ня кінуцца ў скокі, не засьпяваць, ня выкрычаць ў згуслую гарач неба сваё найвышэйшае шчасьце.

Папалудні ён забаўляўся тым, што, высунуўшыся з акна, сузіраў людзей, якія праходзілі ўнізе. Пры гэтым еў сьлівы з кулька і пстрыкаў костачкі ў малюсенькія галовы людзей. «Каб жа яны ведалі, -- думаў ён, -- гэтыя праклятыя мяшчане, каб жа толькі ведалі гэтыя ідыёты», -- і яго ўсклычаная барада аж трэслася ад рогату.

З таго часу ён пачаў наведваць сваю супраціўніцу таксама і ў тыя гадзіны, калі ў Луўры было бязлюдна, калі карціны прачыналіся ад дзённай дрымоты, надвячоркам, у тыя таямнічыя гадзіны, калі сьвятло пакідае пасьляпалудне і ў цьмянасьці апусьцелых залаў кожная галава ў турме сваёй рамы робіцца глыбейшай і чужэйшай.

Ён паняў за звычку, падслухоўваць яе здалёк, калі яна думала, што яе ніхто ня бачыць, а ўжо толькі пасьля выступаў наперад.

Ніколі ня была яна такой прыгожай, як калі агонь закатнага сонца ў пыле пакоя дрыготліва клаўся ёй на лоб і яе цёмныя валасы пачыналі сьвяціцца як бы ад свайго ж сьвятла. Тады здавалася, быццам яна вырастае з цёмнага фону, набывае плоць і сонечніць сьвятлом сваёй бессаромнасьці. Магчыма гэта была рыхтык тая самая гадзіна, калі душа таго пахібнага мастака цалкам раскрывалася перад д’яблам, каб прыняць яе. Бо то ж на твар яе часам як бы клаўся ўспамін пра далёкую-далёкую гадзіну цалкам таямнічай пажады.

Так, кожны іншы кінуўся б на яе, часам нават ён падупадаў такой спакусьлівай слабасьці. Але тут жа ў душы клікаў Госпада, і Гасподзь напаўняў яго сэрца нянавісьцю і нябесным гневам.

І тады ён выступаў наперад. Ён адчуваў яе ўспалошанасьць, бачыў, як знобка ёй рабілася, як на яе лобе праступала агіда да яго. І тут зноў закіпала барацьба. Моўчкі і тупа, дзень у дзень. Часам ён ужо думаў, нібыта аж так дастаў яе, што яна больш не адважыцца прынаць бой. І тады яна вісела ў сваёй раміне як звычайная карціна, у яе вачах ня было бляску, над ёю плаваў як бы глыбокі чад скрухі і каяньня. І тады ён шкадаваў яе, ня мучыў больш. Разглядваў яе вачыма ўрача, які прыйшоў выратаваць. Трэба зрабіць глыбокі надрэз, нясумненна аперацыя не на жыцьцё, а на сьмерць, яе трэба было б асьляпіць, але калі яна пойдзе на гэта, дык магчыма здабудзе божую ласку; трэба было б змусіць яе, прынамсі, да споведзі, бо небу большая радасьць ад каяньня грэшніка, чым ад дзевяноста дзевяці праведнікаў, якім няма ў чым каяцца.

Але раптам яна зноў заўсьміхалася, і ён хоч-ня-хоч убачыў, што яна толькі пакпіла зь яго, што ўсё было толькі дзёрзкім сьпектаклем.

Вартаўнікі больш не зважалі на яго.

Яны паблажалі вар’ята, і больш не рабілі сабе лішняга клопату з прыглядам за ім. Ён заўсёды вітаўся зь імі вельмі ветліва, час ад часу даваў ім добрыя чаявыя, калі хацеў застацца даўжэй, чым тое дазвалялася рэгламентам. І тады каторы зь іх выводзіў яго праз чорны ход.

У жніўні найчасьцей здараліся самагубствы маладых людзей. Газеты ва ўсіх выпадках падавалі матывам любоўную незлагадзь. На ўсё воля божая. Ён прымаў гэта за прыахвотку дзейнічаць больш энергічна.

Анёл, які рупіўся дастаўляць нябесныя пасланьні, ужо каторы дзень намякаў яму, што набліжаецца гадзіна дзеяньня, а сёньня сказаў яму, што нябеснай радай назначана дата – 17 жніўня.

Аднаго разу ён цэлы дзень ня быў у музеі, каб занепакоіць яе, каб штуршком у яе прызвычаенасьць зьбянтэжыць яе пачуцьці. Ён сьледаваў добрай тактыцы, прынамсі, паспрабаваў пераканаць сябе. На самай справе яго раптам апанаваў страх пасьля таго, як анёл падаў яму знак. Ён выбег са сваёй кватэры, каб быць сярод людзей, ён хацеў схавацца ад Бога. Але Бог ішоў за ім сьледам. Ён бачыў яго усюды: за аўтобусам, сярод людзей. Усюды, куды ён бег, на шыльдах, у трамваях, усюды бачыў лічбу 17, якраз тую, якую дужа хацеў бы выкрасьліць з ліку лічбаў. Яшчэ не падымаючы вачэй, ён ужо ведаў, што ўбачыць перад сабою лічбу 17, і бачыў яе.

За сабою ён пачуў абрыўкі размовы: «Калі трубы выходзяць з брамы… але гэта было б толькі заўтра… ах так, заўтра ж семнаццатага…»

Гэтым вырашалася ўсё. Мілы Бог усюды насылаў за ім сваіх паліцыянтаў, і ад яго нікуды не ўцячы. У душу запалі словы: «І калі б я прыйшоў да зьнешняга мора, Ты быў бы ўжо там.» Так, ад аблічча Бога немагчыма схавацца нідзе, нават калі б ты ўшыўся ў геенскае горла сатаны.

Словы пра трубы гэта выразны намёк на страшны суд і кару, якая вызначалася яму за непаслушэнства. І ён павярнуўся і аддаўся на волю свайго лёсу.

Папалудне, ноч і раніцу правёў у малітве. Ляжаў ніцма перад Богам у пыле, прыніжаў сябе, рваў на кавалкі душу сваю і ўпускаў у яе боскасьць як дым, як флюідум. Апоўначы яго лямпа патухла. Далей маліўся ў цемрыве. І на кончыках пальцаў, якімі варушыў у цемнаце, заблішчала слабенькае блакітнае сьвятло, як агні сьвятога Эльма, быццам у яго ўлівалася сіла Божая, каб запоўніць яго захапленьнем.

Як ваяр, ён пухнеў ад моцы, ён мог бы загіпнатызаваць цэлы горад, ён мог бы мусам паставіць перад сабою на чорныя калені начны гарызонт і мог бы паслаць за сабою, як вялізарны разбушаваны плашч, нават цёмны акіян, калі б пайшоў адгэтуль.

Чым больш ён аддаваўся Богу, тым больш мацнела жаданьне падужацца з князем пекла, вельзевулам, магутным левіяфанам бездані. Бо, натуральна, яны таксама ж рыхтаваліся.

Бо, можа, яны, сотнямі тысяч, ужо цікавалі з-паза карціны, бо, можа, яны ўжо павыграбалі ў загадкавых горах за плячыма ў багіні пачварныя штольні і сядзелі там у агністых панцырах, каб напасьці на яго, як толькі ён паткнецца дакрануцца да карціны. Тады воінствы пекла з яглою і сковытам, са смуродам, зь цемрай начною і полымем вырвуцца, тыя кагорты сатанінскія, што прыйшлі сюды, каб спапяліць і праглынуць яго, Луўр, Парыж, Францыю, сьвет, усё чыста.

А заўтра, гэтым самым часам, тут ужо будзе ўсё зноў хаосам, бяззорным небам, і вялізарны напасьвены дракон на канцы свайго хваста будзе блюзьнерыць і выдыгацца над полымем.

І вось гадзіна прабіла.

Больш дарогі назад ня было.

Бог сказаў слова.

Ён стаяў унізе перад дзьвярыма, яго калені трымцелі так жудасна, ён аж так ужо больш не валдодаў сваімі нервамі, што мусіў абаперціся на мур.

Каб прадумаць усё яшчэ раз, каб супакоіцца самому, ён рашыў крыху прагуляцца. Ды так і згубіў сябе праз колькі там вуліц, поўных народу. Але яму не ўдалося нырнуць у натоўп, зацерціся. Бо ў тлуме, у яго бязмэтнасьці і мінушчасьці ўвесь час прамянілася ягоная веліч і самота, як агонь вечнай лямпы нябачнага Бога, які вандруе па вуліцах гарадоў. Некаторыя людзі азіраліся на яго. Здавалася, яны дзіву даваліся зь яго. Але ён за вялікімі акулярамі схаваў свае вочы, каб ня выдаць іх бляску. Яго вусны варушыліся ў малітвах. Растрапанае крысьсе яго чорнага каптана разьвяваліся за ім, а вялікі капялюш з кожным крокам усё больш напаўзаў на лоб. Калі ён праходзіў скрыжаваньне вуліц, усьлед яму прыгледзеўся ахоўнік парадку.

Унізе на Сене ўжо павінна была распачацца бітва, бо пекла далёка наперад пасунула свае фарпосты. Нейкі чалавек пілаваў сукі на дрэве, адна галіна ўпала якраз на галаву. Ён зірнуў угору

І ўбачыў там поўнае неба дэманаў, сотні і сотні іх, верхам на аблоках, д’ябал зь вялізным рогам на лобе, другія з трубамі, магутныя хобаты грувасьціліся на небе, луналі валатоўскія дзіды, рагаціны, і грамападобная ягла шырока перапаўняла паўночна-заходні край неба над дахам Луўра. Кроў адліла ад твару. І хоць стаяла папалуднёвая гарач, яго цела сьцінаў страшэнны холад. Яго жылы былі, як скурчанае карэньне, яго мозак кругла перакочваўся ў цясьніне чэрапа.

У страху ён пачаў маліцца ўголас. Некалькі дзяцей, што бавіліся на вуліцы, пабеглі за ім. Ён паспрабаваў зноў здабыць самавалоданьне, падышоў да будкі з сэльтэрскай вадой, папрасіў ліманаду. Пасьля спакойна і сабрана рушыў далей сваёй дарогай. Дзеці адсталі.

Гэта была яго апошняя слабіна, з гэтага моманту пры ім быў Бог.

Ён увайшоў у Луўр з пакункам падпахай. Парцье павітаў яго, ён даў таму чаявых. Наверсе ў залах было ўжо пуста, і толькі гнятлівая маўклівасьць усіх карцін ў прызмрочаных пакоях нагадвала прыцішаную людскую гаману. Ён падышоў бліжэй, гамана раптам аціхла. Але злыя пярэшапты гэтых нікчэмных чарцей, гэты прысьмерк і мёртвыя, здавалася, усё яшчэ луналі ў паветры і гудам аддаваліся ў ягоных вушах.

Цьмяна асьветлены на крэсьле спаў вартаўнік. Пачуўшы крокі, прачнуўся; глянуў на гадзіньнік, пара зычыняць.

Позьні заблуда падышоў да яго, даў яму пяць франкаў на чай, папрасіў выпусьціць з памяшканьня празь дзьве гадзіны. Вартаўнік узяў грошы і, шырока пазяхаючы, адышоўся.

Цяпер ён быў зусім адзін, самотнік у дальніх прадгор’ях жыцьця, сярод жахаў апошніх і нябачных таямніц. Усе мёртвыя вочы людзей адышлых стагодзьдзяў з высокай пагардай глядзелі на яго зь цемры сваіх рамаў, калі ён праходзіў міма. А за сабою ён увесь час чуў шэлест і пярэшапт, быццам там толькі чакалі, калі ён пройдзе, каб тады ўжо ўдосталь пазбыткаваць зь яго. І, здавалася, быццам з кожнага кутка нехта чакаў яго, нешта вялікае і цёмнае, і калі ён падыходзіў, гэтая нешта выходзіла ды ішло паперадзе яго. Ён пачуў крокі за сабою, што б гэта было такое? Ён спыніўся. Спыніліся і крокі. Рушыў далей, яно таксама. Раптам ён уцяміў, што гэта было толькі далёкае водгульле ягоных крокаў.

Пацямнела, на небе, здавалася, пачынала брацца на навальніцу. Моцны гуд на вуліцы поўніў сабою паветра. За адным акном прамяло цэлую хмару лісьця і пылу. Недзе ўгары ў залах пранеслася як бы цурчаньне, недзе-такі вецер прадраўся, працерабіўся праз шчыліну, чулася нейкае шапаценьне, кроў у жылах стыла ад жудасьці.

Перад уваходам у залу Джыаконды стаяла вялікае крэсла. Ён апусьціўся на кукішкі, на рукі, і так, рачком, як жывёла папоўз празь перадпакой, борзьдзенька празь дзьверы, і схаваўся за шырокімі поручамі крэсла.

Мужнасьць пакінула яго, магутным кулаком скаланаў страх. Самае лепшае, калі б было наадварот. Але калі ён цяпер будзе слабы, чэрці напэўна нападуць на яго і як бачыш скруцяць яму вязы. Ён застанецца ляжаць тут, як пусты мех, а людзі будуць яшчэ тысячы гадоў чакаць збавеньня. Яму трэба паспрабаваць падумаць, яму трэба захацець вызваліцца з кіпцюроў страху. Ён зьбярэ сілу, каб авалодаць сабою. Ён паспрабуе думаць пра што-небудзь нязначнае. Пералічыў кутасы на крэсьле, пачаў маліцца, і нарэшце, як што ніхто ня прыйшоў, ягоная ўзбуджанасьць пачала ападаць. «Хай будзе воля Твая», -- ціха сказаў ён яшчэ раз і асьцярожненька высунуў галаву з-за крэсла.

І вось яна, вісела.

Яна дзівілася на яго, яна заставалася спакойная, яна нават не спалохалася. Значыцца, ужо была паінфармаваная, можа, нават бачыла, як ён запаўзаў сюды.

У цемрыве затканага хмарамі неба яе твар, здавалася, аж сьвяціўся ілжою і зласьлівасьцю. Якая ж прычына таго, што яна выглядала такою злою? На яе ж твары ані маршчынкі. А на яго страх было глянуць, быццам увесь ён быў сьпісяжаны злосьцю. І раптам ён здолеў сузіраць яе зусім спакойна. Ён абмацваў яе вачыма з чыстага лоба, які, здавалася, пачынаў сьвяціцца нейкай сьвятасьцю, і ўніз да рук, якія ведалі толк у грахах блуду і распусты, у любой здрадзе, у гульні з вострым кінжальчыкам і падмесах белай, нявіннай атруты. Ён абсьледаваў яе твар. Ён хацеў разгледзець, дзе ж такі, зрэшты, агнездавалася яе подласьць, але не дамогся адказу. Ён устаў з крэсла і чакаў. Яму здавалася, быццам вусны яе дрыжаць ад ціхіх слоў, як матылькі над вечаровым лугам.

Чорт, яна была вельмі прыгожая у сваёй юрлівай пахібнасьці.

Яна маўчала, гаварыла? О, яму хацелася б мець лепшыя вушы, каб змагчы даведацца пра ўсе яе гнюсоты, каб пасьля праклясьці іх па двайной справядлівасьці.

Якія мудрагошчы бездані, якія намыслы апраметнай маглі жыць пад яе лобам. У якія глыбіні ён заглянуў бы, калі б адчыніць срэбныя чашы гэтых скроняў. О Божа!

У цішыні ён чуў, як кроў бушуе ў ягонай галаве, ён чуў гэта як шум падземных водаў у сваіх вушах, стоячы ў разьлеглай цішыні гэтай залы, у якой, мусіць, пратрымцела на яе вуснах яшчэ некалькі слоў, нібы кроплі, што ўпалі ў срэбную чашу.

Цень прабег па яе абліччы, як жалоба. Яе вусны, здаецца, самкнуліся, і яна маўчала.

Але маўчаньне, якое зыходзіла зь яе, было як вечны сьпеў, як пошум далёкага неабсяжна блакітнага мора.

Навальніца звонку перастала. Толькі зрэдзь часу нейкі адсталы парыў ветру яшчэ блытаўся ў вяршалінах дрэў. Вечаровае сонца ўжо рассыпала агністыя снапы промняў, і ціхія ламбардскія фарбы карціны ажыўляліся ў пурпуры, строі шалясьцелі і ўспыхвалі, чырвонае сьвятло падымалася ўгору па твары і зьнікала ў залацістай сетцы яе ціхай усьмешкі. І паступова, здавалася, яна растваралася ў змроку, як водар, як дыханьне, горы за ёю, яе лоб, яе валасы, усё хацела спакваля пераплавіцца ў блакітныя цені, але ўсьмешка яе заставалася плыць у сьвятле, ціха, як срэбны гук пякельнае арфы, яе ўсьмешка, як глыбокі і залаты водбліск пацалункаў Арымана, як вялікая пячатка пекла, якая навекі пахавала на яе губах агонь абдымкаў сатаны.

І вось цяпер яна павінна была загінуць. Так, павінна была, гэта было ёй загадана. І ўрэшце ж ня мог ён супрацівіцца Богу. Бо ў Бога быў ня хто іншы, а ён.

Яна павінна быць разадрана на шматкі. Так, яна была чорт якая прыгожая. Але нічога не паможа, яе гадзіна прабіла. І апошняя бітва павінна пачацца.

Ён павярнуўся, укленчыў, дастаў сваю Біблію і яшчэ раз перачытаў словы з Апакаліпсіса:

«І ўгледзеў я жанчыну, якая cядзела на зьверы барвовым, поўным назоваў богазьняважлівых, зь cямю галовамі і дзеcяцьцю рагамі.

І жанчына адзетая была ў парфіру і ў пурпуру, аздобленая золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і трымала залатую чару ў руцэ cваёй, напоўненую мярзотамі і поcкудзьдзю блудадзейcтва яе.»

Так, чара напоўненая мярзотамі…

Яго валасатая сівая грыва ападала яму на твар, яго акуляры спаўзьлі яму на шэры нос, і тое, як ён кленчыў, было падобна, як калі старая-старая малпа у кутку сваёй цёмнай пячоры кукішкуе перад наедкам.

І ён прачытаў з шостага раздзела Пасланьня да габрэяў, ад чацвёртага вэрсэта: «Бо немагчыма -- тых, што адзін раз паcьвечаныя і паcпыталі дару нябеcнага, і зрабіліcя cупольнікамі Духа Cьвятога, і паcпыталі добраcнага cлова Божага і cіл будучага веку, і адпалі, -- нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у cабе Cына Божага і паглумляюць Яго».

Так, калі ён адпаў, калі ён, каму адкрылася неба, адмовіў Богу ў паслушэнстве, дык гэтым самым ён зрабіўся пасьмешышчам і ўкрыжаваў самога сябе, сябе, сапраўднага месію і Божага весьніка. І ён пайшоў на дно ляжаць там, у найглыбейшай бездані і вантробах пекла. А там жа ня было ніякага выбару.

Ён схаваў кнігу, устаў, яшчэ раз прайшоўся па залах, усюды было пуста.

Ён вярнуўся назад, яшчэ раз стаў за крэсла, яшчэ раз сабраў у сабе ўсю сваю сілу.

Ці пераможа ён, ці будзе разадраны?

Але ён быў спакойны, ніякага страху больш ня было. Хай нападае, хай разарве яго.Ён пакланіўся яшчэ раз Богу, на верхняе акно, ён адсылаў яму сваю душу, пасьля павольна прайшоў наперад, пры кожным кроку ўголас заклікаючы неба спрыяць яму.

Ён падышоў амаль да самай карціны. Ніхто ані не варухнуўся. Ён агледзеўся па баках. Толькі ў змроку сутоньня ў адным кутку, здалося, нешта варухнулася, як бы вялізарны бясформны цень.

Ён усё яшчэ не адважваўся дакрануцца да яе. Але стаяў перад ёю і глядзеў на яе. Ён утапіў свае вочы для апошняй бітвы ў яе вачах. І яна адказала. Пекла прыняло выклік.

І вось яны стаялі адно перад адным, апантанец і жанчына, разадраная бура і вечная цішыня.

Яго твар быў цёмны, як сьвечка перад сьмерцю, а на лоб жанчыне як бы наклаўся ранішні золак пазачасавай вечнасьці. І пакуль ягоны твар усё яшчэ, здавалася, мяняўся далей, нават у застыласьці змаганьня, як цяжарнае хмарамі неба над штармавым морам, яе твар быў, як калодзеж, над якім плывуць і плывуць цені і вобразы, але сама вада ў якім застаецца ў вечным спакоі.

Нічога ня было. Нікога ня было. А час ішоў. Урэшце трэба было нешта рабіць, інакш сталася б позна. Трэба было напасьледак зрабіць апошняе -- крануць яе. І ў наступную хвілю хай настане цемра, хай уздыбіцца зямля і прарвецца неба, хай будзе начны лямант, агонь і грукат, хай акіян шалёным ураганам узбурыцца на гэты вечар, хай пагаснуць агні зорак. Можа, яны ўжо трымаюць яе руку над ім. І ён яшчэ раз крадком зірнуў угору.

Пасьля варухнуў левай рукой і растапыранымі пальцамі пацягнуўся да яе, сьціснуўшы ў кулак правую для адпору.

Ён дакрануўся да яе рукі, нічога не варухнулася. Ён дакрануўся да яе галавы,-- нічога, анічога ж.

Ён дакрануўся да яе правай рукой, нічога не варухнулася, усё было ціха, усё было цёмна.

Тады ён узяўся за раму, зьняў яе з шарніраў, паклаў на падлогу, загарнуў у паперу з прынесенага з сабою пакунка, і цяпер усё гэта ўжо выглядала, як сам пакунак. Нейкі момант пастаяў, прыхіліўшыся да сьцяны. Тады ўзяў карціну падпаху і пайшоў уніз. Вартаўнік адчыніў яму, яны разьвіталіся на дабранач, і ён зьнік у начы.

На раніцу ўсе газеты пісалі пра выкраданьне Моны Лізы Джыаконды.

Адразу ўзяліся за вартаўнікоў, але, натуральна, тыя асьцерагаліся прызнавацца ў нядбаласьці. Яны проста нічога ня бачылі, яны проста анічога ня чулі, яны проста анічагуткі ня ведалі.

Панаскладалі сотні пратаколаў, на вуліцах і дарогах Францыі паназатрымлівалі процьмы няшчасных валацугаў і падверглі іх пакутлівым дапыткам. Пропадзь дэтэктываў парасьсядалася на ўсіх акіянскіх параходах, сотні тысяч паліцэйскіх вынюхвалі сотні тысяч самых розных сьлядоў. Настала залатая пара для ўсіх забойцаў і злодзеяў, а ўсе мастацтвазнаўцы пачалі ў шалёным тэмпе зарабляць і зарабляць. Увесь Парыж быў у дзікай ліхаманцы, кожная будка-лавачка ў самым захлюпаным прадмесьці выстаўляла на прылавак партрэт Моны Лізы.

Фларэнтыйская веснавая раніца. Над акруглымі і цёмнымі этрускімі горамі ўнізе на чорным небе дрыжыць далікатнае сьвяцельца, як зьмярканьне. І над імі ўгары выплывае месяц.

Раптам усе дарогі, што зьбягалі з гор, апынаюцца ў яго бялёсым сьвятле, і ўсе дахі і вежы горада пад ім выплываюць з начы, раствораныя, без абрысаў, як гарады зачараванага царства. Срэбныя чатырохкутнікі ракі ляжаць у бляску паміж згусткамі цемры мастоў.

Ён абярнуўся, -- у яе вачах залатою кропляй зьзяў прамень месяца. Яна праглядалася нявыразна, над яе абліччам варушыўся цень занавескі. Свабодная была толькі паласа ад падбародка да лоба, яна сьвяцілася ў месячным сяйве. Мусіць, яна плакала.

Ах, калі б яна плакала, хоць бы адна сьлязінка, адна-аднюткая сьлязінка раскаяньня.

Ён адсунуў занавесь з акна да канца перш чым яна магла зьвярнуць увагу на ягоныя рухі. Ён слушна падумаў, што ёй і ў галаву прыйсьці не магло плакаць. Пад гэтым грахоўным лобам проста не адважылася б зьявіцца ніякая пакаянная думка. Яна ўсё яшчэ красавала ў сваім нахабстве, якое адвяло б руку сьмерці ад яе вуснаў.

Яна зусім не палепшылася, не раскаялася з таго часу, як ён замкнуў яе тут, яна стала толькі яшчэ больш зласьлівай, гэтая вось шлюха. Мусіць, сам сатана бываў тут зь ёю штоночы, пакуль ён абягаў паўсьвету, спрабуючы забыць сваю да яе любоў.

Колькі праплаканых ночаў, чорт, Мона Ліза Джыаконда, Бог.

Прыехаўшы ў Фларэнцыю, ён здымаў гэты дамок над горадам. І ўжо ў першую ноч хацеў забіць яе. Так, тады, тры гады назад, тады ён яшчэ быў дужы. Ах, так, а цяпер? Усе людзі на вуліцы сьмяюцца зь яго ў вочы.

Адзін раз ужо ён трымаў нож перад яе вачыма, але ня здолеў закалоць. Бо адзін горкі ўспамін зьнясіліў яго, ён раптам усьвядоміў, што кахае яе. О, Госпадзе Божа, гэта было самае жахлівае, гэтая роспачная барацьба, якая тады пачалася, трываючы цэлымі тыднямі наскрозь. Кожнае ночы, калі ён не баяўся яе вачэй, лязо нажа падымалася да яе твару, але і кожнага ж разу ён апускаў руку, і кожнага разу сядзеў там у тым закутку, стуліўшыся сам у сабе, як пабіты сабака, не асьмельваючыся больш зірнуць на яе.

Аднаго разу ён схаваў і замкнуў яе тут. І сышоў, хто ведае, праз колькі гарадоў гнаны ўраганам каханьня з Фларэнцыі празь Іспанію, Туніс, Грэцыю, праз Альпы, увесь час кружляючы вакол Фларэнцыі, як малая камета, якая ніяк не магла вырвацца са сферы звышмагутнага сонца.

Нарэшце ён ужо больш ня мог. Бог пакінуў яго. І вось цяпер ён ляжаў тут абломкам, выкінутым бурай на рыфы.

Бога зь ім ня было. Можа, Бог памёр і быў пахаваны недзе на небе. На яго троне, магчыма, цяпер сядзелі зусім іншыя боствы.

Але ён хацеў зрабіць яшчэ толькі адну спробу, бо яму не патрэбная была каханая, якая ляпілася сёньня да аднаго, заўтра да другога. Калі б яна адкінула сваю фальшывасьць, калі б яна захацела перастаць насьміхацца, добра, за такую цэну ён бы памяняўся месцам з чортам і сядзеў бы каля яе ног цэлую вечнасьць пекла, як дробны дэман альбо ж, як маленькі крылаты матылёк, вечна пырхаў бы над вялікім садам яе шыі.

Месяц цалкам заплыў у пакой.

Усе рэчы паадсоўваліся назад і скурчыліся ў яго блакітным сьвятле.

А аблічча Моны Лізы, наадварот, распрасторылася, як возера.

Ён падышоў да яе і сказаў: «Хачу дараваць табе, я хачу кахаць цябе, але ты не павінна больш сьмяяцца.» І каб даць ёй часу перамяніцца ў твары, адвярнуўся.

На крэсьле ўбачыў сваю Біблію. Ён шпурнуў яе з акна, пачуў, як яна пляснулася ўнізе. Тады падышоў да акна і высалапіў язык – Богу.

Калі ён зноў павярнуўся да яе, нішто не зьмянілася ў лепшы для яго бок ані на ёту. Ён рашыў заўжыць мацнейшых сродкаў, бо не павінен быў паказваць сваю слабасьць наравістай кабеце.

І раптам зразумеў, што на вуснах у мужчыны такая ўсьмешка была б блюзьнерствам перад Богам, немагчымасьцю.

Ах, ён пагарджаў ёю, але кахаў яе. І пагарджаў сабою за тое, што кахаў яе, гэтую курву, якая ведала, як яго, Божага сьвятога, упэцкаць у бруд.

Але цяпер усё было ўжо абы што, ён менавіта ж кахаў яе, і зрабіць нешта супроць гэтага ня было чаго.

Але ўсьмешка павінна зьнікнуць, гэты яе пракляты рогат, трываць яго далей было немагчыма. І ён пачаў свой заклён.

Як сатана, ён скокнуў і стаў перад карцінай, тры крокі наперад, тры крокі назад, ягоныя рукі акругла абдымалі паветра, яго сагнутыя рукі, як пара дзюбаў, падымаліся над галавою, раскудлачаныя валасы танцавалі на кволых плячах. Пры кожным скачку ён згінаў і стуляў калені, і яго вялікі чорны цень скакаў побач на сьцяне, кожны раз тры крокі наперад, тры крокі назад, як вялізарны кенгуру.

Ён запаліў сьвятло перад ёю, трымаў яго ёй перад носам, каб крыху эратычна падражніць яе. Можа, хоць цяпер яна нарэшце закрычыць. І яна, здалося, скрывіла твар, але толькі калі яе вусны расьцягнуліся на ўхмылку, якая выстаўляла на здзеклівы паглум яго марныя намогі.

Тут ён адкінуў сьвечку. «Што я нарабіў», -- падумаў і кінуўся перад ёю на калені, ён плакаў перад ёю, і рыданьне скаланала ягоныя плечы.

І тады раптам пачуў, як яна ўголас засьмяялася.

А вытрываць гэтага ня мог бы ніводзін чалавек.

Усё яго каханьне прайшло. Ён раптам як усё роўна скамянеў. Ён устаў, зноў знайшоў сьвечку, і, засланяючы маленькае полымца далоняй, спусьціўся па лесьвіцы. Водбліск падаў на ягоны твар, твар быў чырвоны, застылы.

Унізе на кухні знайшоў вялікі нож, доўгі і шырокі, ну, такі, як каб рэзаць мяса. І падняўся зноў угору. Увайшоўшы ў дзьверы, высока падняў у руцэ сьвечку, асьвятляючы ёй твар.

Разважліва выбраў сабе месца, дзе мог бы спыніцца. Вочы былі – самае ліхое і найгоршае, гэта ясна. Можна было б ўзяць і сэрца, забіць яе адразу, але гэта была б няпоўная помста.

Ён падышоў да яе, прыставіў кончык нажа да ўнутранага куточка яе правага вока, крыху пракалоў і пачаў выразаць. І меў пры гэтым пэўны клопат, бо старая палатніна была цвёрдая і тугая. Нарэшце вока павісла на адной нітцы. Ён вырваў яго, кінуў на падлогу і растаптаў нагою, быццам яно яшчэ трапятала.

Зь левым вокам зрабіў тое ж самае, але яно было яшчэ цьвярдзейшае, і ён ня мог зь ім управіцца адразу, вырваўшы. Калі ж нарэшце здолеў, дык толькі з палоскай лоба на ім.

Але гэта было яшчэ далёка ня ўсё. На чарзе быў рот. Ён ня мог адмовіць сабе пагладзіць яго яшчэ раз, яшчэ раз пяшчотна правесьці ўказальным пальцам па губах.

Тады, дзе ўсьмешка была самая зласьлівая, на правым куточку, ён уваткнуў нож.

Ён прарэзаў рот зьверху і зьнізу да сярэдзіны і дастаў гэты кавалак. Пасьля адышоўся на пару крокаў назад і агледзеў сваю працу вокам мастака. І аж засьмяяўся, упершыню за вечнасьць. Больш з нажом ня было чаго рабіць, ён схапіў кавалак палатна ў кулак і вырваў яго, наўскасяк праз увесь твар, аж жывот надрываючы ад сьмеху.

Страх было глядзець на яго, гэтая галава, зь якое зьнянацку вырвалася сьмерць, як вязень зь цёмнага лёха. Барацьба з гэтымі пачварнымі вачніцамі, падобнымі на вокны, за якімі тоілася цемра. І гэты вялікі, пусты рот, які сапраўды больш не сьмяяўся, але вышчарыўся на страшлівы сьмех сьмерці, сьмех, нячутны але і зычны, нябачны, але ж вось ён, стары і цёмны, як тысячагодзьдзе.

І раптам ён здолеў, акінуўшы вачыма ўсё, што зрабіў, уцяміць сутнасьць рэчаў, і ён ужо ведаў, што ня было нічога, ні жыцьця, ні існаваньня, ні сьвету, анічога, толькі вялікі чорны цень вакол яго самога. І ён быў зусім адзін угары на скале. І зрабі ён цяпер хоць адзін крок, дык абрынецца ў вечную бездань.

Страшэнная стома нагарнулася на яго. І што тут было яшчэ рабіць. Ён прысеў на кукішкі ў кутку пад ветравым люкам, як чорны зьвер у чатырохкутніку блакітнага месячнага зьзяньня.

Ён заснуў. І такі, які ён цяпер сядзеў, прыхіліўшыся да сьцяны, зьвесіўшы галаву паміж ног, вяла апусьціўшы рукі, быццам яны хацелі аддзяліцца ад яго, ён быў, як вялікая чорная купіна згрэбенага попелу, у якой праблісквалі рэшткі жару.

Сьвечка, якую ён адкінуў, упала на анучы, яны паступова пачалі тлець. Доўжылася гэта нейкія хвіліны, пасьля іскры прагрызьлі сабе дарогу да купкі саломы. Пацягнула ветрам, і з сухіх саломін прабілася маленькая чырвоная зьмейка агню.

Празь нейкі час некалькі заблудлых п’яніц на вуліцы ўжо ўбачылі ўгары вялікага чырвонага вогненнага цмока, які сядзеў на даху і сваімі размашыстымі крыламі хлястаў па разгарэлых кроквах.

Усё ішло, як ішло. П’яніцы закрычалі, распахнулася некалькі акон, выпала некалькі начныў каптуроў, адчынілася некалькі дзьвярэй, дзьве ці тое тры постаці кінуліся ўніз па вуліцы да жоўтай лямпы паліцэйскага пастарунка.

Вуліца запоўнілася людзьмі, шум, вэрхал, лаянка, дзіцячы галас, паліцыя. Усе разьзявіліся ўгору на пажар. Зрываецца ў агні бэлька і з трэскам падае ўніз. Зноў лямант. Выносяць некалькі параненых ці, можа, нават мёртвых.

Пад’язджае пажарніца, струмяні вады ў агонь, у ноч падымаюцца вялікія клубы жоўтай пары ў тых месцах, куды дастала вада. Угары ў паветры паварочваецца, быццам кран, вялікая драбіна, туды, дзе зь ветравога люка зьвесілася галава старога чалавека.

Драбіну прыстаўляюць да мура, і некалькі пажарнікаў у вялікіх касках жвава, як малпы, лезуць па шчэблях угору.

Калі ўжо яны былі амаль каля, галава зьнікае ў акне, цяпер можна бачыць, як пажарнікі перабягаюць сярод палаючых крокваў, за чорным ценем, які ўцякае ад іх, пераскокваючы туды-сюды праз агонь і бэлькі, а яны, як пара чарцей, што ўгоньваюцца за мышкай. Дзікая пагоня раптам зьнікае ў воблаку пары і дыму.

Калі пажарнікі праз агонь і чад прабіліся да старога чалавека ў куток, той сядзеў на кучы барахла. Ён трымаў перад сабою нешта вялікае, карціну, без вачэй і рота, але вочы старога чалавека глядзелі на іх з пустых разрэзаў вачніц, вялікія і дзікія, а яго доўгі язык лахатаў у пустым роце партрэта.

Яны хацелі адабраць у яго партрэт. Той трымаў яго з усёй моцы. Яны хацелі вынесьці бедалагу разам з карцінай, той пачаў адбівацца нагамі ў жывот.

Палова даху абвалілася, і людзі былі блізка, каб задыхнуцца. Яны паспрабавалі яшчэ раз выцягнуць яго, але стары адпусьціў адну руку з карціны, вырваў палаючую дошку з распаленымі цьвікамі над галавой і ўдарыў ёю пажарніка ў твар, аж той упаў.

Страх напаў на астатніх, яны пакінулі абодвух ляжаць, мёртвага і параненага, і памкнуліся назад, дзе было паветра. Яны нырнулі ў сустрэчны дым, але ўжо не знайшлі дарогі, яны адкінулі свае каскі, каб лепей бачыць, беглі назад, міма старога, на другі бок, пераскоквалі вогненныя абломкі, назад, назад, зноў міма старога, і зноў летучы міма яго, да іх роспачы дадаўся пачуты гучны рогат ззаду.

Полымя праглынула іх. Яны біліся голымі рукамі, усё яшчэ бегаючы, Усё яшчэ махаючы і махаючы, і раптам ператварыліся ў два вогненныя слупы, і зноў пабеглі назад, але там гарэла драўляная сьцяна, направа, але там быў мур, яны не маглі далей, яны крычалі і біліся палымянымі рукамі ў каменную сьцяну, нічога, нічога, агонь пажыраў іх валасы, іх чарапы. Полымя выела ім вочы, яны былі сьляпыя, яны больш нічога ня бачылі, агонь пажыраў іх твары, мяса кавалкамі рвалася на іх руках, але і ў сьмерці яны ўсё яшчэ малацілі абвугленымі галавешкамі кулакоў у мур.