Вершы латышскіх паэтаў


Вершы

Ад перакладчыка

Увосень 1986 года я з сынам гасцяваў у Рызе ў сям’і Візмы Бэлшавіцы; кніга перакладаў яе паэзіі “Белы алень” якраз выйшла ў Мінску. Паездка ў Курзэмэ – у Кулдыгу, Талсы, Тукумс – на радзіму паэтэсы. Страшэнная Візміна крыўда на туман, шэрую імжаку, што вось нічога госць і не пабачыў, а як што і пабачыў, дык яно зусім не тое, не ў яркім святле, не ў бляску хараства, нібыта Латвія ў тумане ўжо і не Латвія. Я разумеў Візмін клопат, як мог суцяшаў яе, -- і тады і нават сёння той туман – самае незабыўнае з успамінаў пра Курзэмэ…

Вечарам сабраліся ў Візмы, частаваліся беларускім бальзамам, латышскімі арэхамі і бульбай, спечанай па-латышску, а як аказалася – чыста па-беларуску, а ў нас, палешукоў, яна такая называецца – сухопэрка. І тут мне сын нішчачкам шапнуў: “Глядзі, бацька, такія людзі, такія людзі, а ў саміх пад раялем – яблыкі!” Пад вялікім раялем пасярод пакоя, на голай падлозе, быў высыпаны, ці тое каб абветрыцца, ці тое каб не загнілі, добры кош яблыкаў. Ну і што? А нішто. Людскасць і прастата, шчырая бяседа за сталом, да якога падсеў Клаўс з дачушкай Эвіняй і сынком Мацісам, падсеў не госцем, бо ён Візмін старэйшы сын, а дзеткі – яе ўнукі. Спакваля Эвіня на бацькавых каленях абвыклася з чужымі людзьмі, а і нават крыху пасмялела – і круціцца і круціцца, не вытніся, дзіця, аб кантаваты стол. Клаўс весела пасмейваецца, добра яму, толькі-толькі стаў лаўрэатам, лаўрэату і бульба лепей смакуе, гневаецца, што вось да яго прыходу паспелі ўжо выкаштаваць палавіну таго бальзаму, “балткрэўскага” трунку, -- а рука, сама рука асланяе Эвіню ад вострага краю стала: разбушавалася малая, а жыццёвага вопыту няма яшчэ… Бацька… Святы інстынкт аховы роду…

Згадваю “Литературную газету” ў дні працы пісьменніцкага з’езду. У газеце здымак Клаўса з Максімам Танкам. Самы малады дэлегат і, хай не самы стары, але ж – Танк! Клаўс у паставе Рабэсп’ера, рукі крыж-накрыж на грудзях, сам аж заходзіцца ад смеху, Танк такі, якім мы яго ведалі ў хвіліны хітрай гарэзлівасці: смяецца толькі куточкамі вуснаў і вочы зусім, зусім не масцітыя. Нешта расказвае. Што? Пытаюся ў Клаўса, што спрычыніла гэтую адмысловую жанравую сцэнку. Насіліся, кажа, з маёй наймалодшасцю, як няма ладу з чым. Гэта ж падумайце: толькі 25 гадоў хлопцу, а ўжо паэт, ужо дэлегат з’езду! А ваш Танк сыпаў і сыпаў жарты, выдумшчык і дасціпнік, адкуль у чалавека бярэцца, як не на наш латышскі тэмперамент, ужо і сам не ведаю толкам, каму з нас тады было 25! Добра вам, беларусам, -- любіце ўсіх, усіх суцешыць можаце, душу ўзвесяліць.

Гэта яму так здавалася. Бо халодны чалавек нават з латышскім тэмпераментам не мог бы так шчыра смяяцца, бо халодны чалавек не мог бы так далікатна асланяць гарэзу Эвіню. Гэта ўсё – як тыя яблыкі пад раялем, як туман над Курзэмэ, тое хараство і дзівосная кудзеса, якіх яны самі ў сабе не заўважаюць. Мне было добра сярод іх, з кім не лёс звёў, а іх душэўная паэзія, шчырая да поўнай раскрытасці, аж страшна, каб хто каменем не папусціў, -- як у Візмы, іранічна-філасофская, крыху блазнаватая, і такая ж, як у маці, трывожная – у Клаўса, якому я заўсёды зычыў большай славы, лепшай долі… Бо вой як цяжка быць самабытным паэтам, калі кожны твой радок прымерваюць да Візмінага – а ці дастаў, а ці не горш, а ці не лепш, а хто каго… а чаму піша без косак, а ці не каб адрознівацца?..

Цяпер усю гэта лішняе. Разгортваю газету “Літэратура ун Максла”; 5 лютага 1987 года – трагічна загінуў Клаўс Элсбергс. Загадкавая трагічнасць? Кім і як спланаваная. Папусцілі-такі каменем. Паэт, якога любіла моладзь, паэт, які ўзляцеў імкліва, знянацку заспеўшы равеснікаў і старэйшых сталым разуменнем нашага часу, яркасцю, як Курзэмэ ў сонечны дзень, простай, нявыдуманай праўдай свайго жыцця і верша, як тое яблычка пад раялем…

Я хачу, каб вы ведалі пра Клаўса Элсбэргса, мае чытачы.

Васіль Сёмуха

сёння туману няма

сёння туману няма на маяк
я гляджу мы паперы рабы ўмеем так
караблю ці істоце падаць дапамогу
у гавань знайсці альбо ў творчасць дарогу
увайсці у жыццё у свабоду а можа і ў смерць

альбо рукі крыж-накрыж з балкона глядзець.


* * *

Вяду на паперы лінію,
----------------------------- .
Цягну на паперы лінію.
----------------------------- .

Лінія гэта простая: -------- .
Лінія гэта прыгожая: ----- .

Цягну на паперы лінію,
лінія вядзе да цябе.
Я шапчу і шапчу малітву,
малітву за цябе.

Нічога другога не ўмею,
вяду на паперы лінію.

Я чакаю і чакаю,
---------------------------------- ,
каля палаты чакаю
---------------------------------- .

Можа, сонечнага часу?
Чакаю і чакаю.

Хай будзе добра каханай маёй.
Так многім на свеце хай будзе добра.


* * *

я ў дубулцкім цёмным бары
з яго лёгкім няўпэўненым рухам
вячэраю спехам
утаропіўшы вочы
праз вялікую шыбіну
у завіруху

“ува мне скача сонечны зайка
а на дварэ сцюдзянее зюзя”
вось так сабе маракуючы валакуся
у пакоік
пасвіць сваіх французаў

і сярод душаў нябожчыкаў-галаў
мне зрабілася так самотна
як той зорцы
што выліла сэрца
прамянямі ў сусвет незваротна.


* * *

я хваляю зноў да цябе падымуся
ды мора што за цвёрдасць зараз цвярдзей
глядзі даспадобы мядзьведзікамі куляцца
глядзі колькі радасці ў нашых дзяцей

няхай і па мне пакуляюцца трошкі
няхай стануць коўзанкаю мае вочы
калі ж і табе здамся я ледзяным
калі ўвесь застыну – коўзайся й ты дасхочу…


* * *

як чорная здань падпаўзае нудота
і непрыкметна падступна употай
чакаю ратунку ад вас ад дваіх

у цішыні ў абдымках
альбо ў тваіх.


* * *

калі колкая зорка адна за адной патухае
і бачыш як свет спакваля аціхае

я іду тады зноў лугавінамі сноў

(ды толькі ў абдымках у цішыні
ці ў тваіх, у тваіх – каб адны…)


* * *

гладкае голае мора
гладкая голая ты
лётаў бы птахам над вамі
цвіркаў бы да хрыпаты

толькі ж хадзіцьму я зводдаль
спрыкралы ад нематы
гладкае голае мора
гладкая голая ты.


* * *

адзінока па вуліцы я ішоў
радаваўся як дзіця ігліцы
рады быў яснаму светламу дню
полудзень звон пазваніў са званіцы

маці ішла адзіночка насустрач
з дзіцем сваім ішла адзінока
маці не глянула нават дзіця
кінула на мяне як на пудзіла вокам

мора было ўсё ў крошыве лёду
блізка здаліся не блізі а далі
лёд іскрыўся ў промнях сонца
снежныя іскры маўкліва ззялі.


* * *

бачыш
як адпаўзаецца Час
быццам вялізазны ўдаў

уночы
ён сціскае колцамі нас
доўга душыць умее

мы старэем
і робіцца гэта з намі

заўсёды ўночы
каму яно трэба
бачыць на дзённым святле

як яно там усё дзеецца
нават нам
гэта выела б вочы.


* * *

па-вядзьмачы
зайграе аркестрык
прусачы
крылата-ракетныя журавы
заскачуць

як пусты кашалёк сціснецца
Рыга
не ведаў яшчэ час такіх
здрыгаў
стрварэнні храпастыя – святыя яны
над крылатасцю чалавечай – паны

а мне гонар – жыць пад адным дахам
з будучай цывілізацыяй гэтых птахаў.


* * *

умеем ведаем як трэба вершы складаць
умеем ведаем як тыя вершы чытаць

няшчасны хто з гэтакім шчасцейкам знаецца
ах ты літаратурухна як табе маецца.


* * *

бо мой свет у сумётах тоне
бо ў свеце маім ёсць вартоўня
бо ў свеце маім у вартоўні грубка
і полымя ў грубцы бухае пругка

калі нехта ў мой свет завітае
няхай пасядзіць няхай выпаліць грубку
хай кіпеню нагатуе ў кубку
хай пакурыць і вып’е чаю.


* * *

не толькі аналгін горкі
але і жыццё каб вы ведалі
не трэба Вушасты не трэба спяшацца
не будзем развітвацца

слязіна ў павучынай сетцы
вось мая доля каб вы ведалі
але не трэба блытаць мяне ўсё-такі
не будзем развітвацца.


* * *

мне пасылку прыслалі з рознымі сэрцамі
чырвонымі як абкіпелыя ракі
сутоньвалася а я стаяў ля акна
і дзівіўся як кланяецца ветру вецце
як хвалямі зыбіцца трава
хрыпеў гадзіннік і печ быццам таксама хрыпела
і пыл набіваўся ў нос

гэта ж трэба якія вар’яты
ну каму ж бо шчасце давалі

такія пасылкі.

Перакладзена з выданняў: Klāvs Elsbergs. Pagaidīsim Ausaino. Rīga, 1981; Bēdas uz nebēdu. Rīga, 1986.