Рымскія элегіі

Гётэ Ёган Вольфганг


Рымскія элегіі

Пра нашы шчасныя хвіліны
Дазнацца з вас усе павінны...

І
О камяні, раскажыце, і вы раскажыце, палацы!
Вуліцы, слова і вам! Геній, азвіся і ты!
Як адухоўлена ўсё тут у гэтых свяшчэнных будынках!
О вечны Рым, як адчуць моўчкі знямеласць тваю!
Хто мне падкажа, ў якім акенцы я здолею ўгледзець
Постаць каханай, што ў жар кіне і ў холад мяне?
Як мне дарогу пазнаць, якою так часта, так часта
Колісь хадзіў да яе, час ахвяруючы ёй?
Зноў аглядаю я тут палацы, храмы, руіны --
Хай хоць якая карысць будзе з вандровак маіх! --
Прыйдзе канец бадзянням: зноў уступлю я ў святыню,
Ў храм, дзе ўладарыць Амур, там свой прытулак знайду.
Хай ты -- суцэльны свет, Рым непаўторны, а толькі ж
Свет без кахання -- не свет; Рым без кахання -- не Рым.


ІІ

Слаўце ўлюбёнцаў сваіх! Я тут нарэшце схаваны!
Свецкія дамы, паны, сфераў высокіх мужы, --
Цётак стрых і дзядзькоў я вам ахвярую ахвотна,
Гутаркам вашым няхай нудная ўторыць гульня.
Досыць і вы мне абрыдлі, палітыканы з салонаў,
Вам абавязаны я чыстым адчаем сваім.
Што ж, і далей паўтарайце пошлыя думкі чужыя,
Што па Еўропе за мной гончай гайнёю бягуць.
Гэтак вось песня “Мальбрук” за брытам вандроўным бегла --
Выдумаў песню Парыж, а падхапіў яе Рым
І перадаў у Непаль; хай бы паплыў ён у Смірну, --
Ў Смірне дагнаў бы “Мальбрук”, гавань гаралала б: “Мальбрук!”.
Гэтак і я, што той брыт, дзе толькі ні апынуся,
Чую, як лаюць народ і каралеўскі савет.
Толькі цяпер не знайсці мяне вам у схованцы новай,
Той, што мой цар, мой Амур, даў на ратунак ад вас.
Я пад ягоным крылом; мая любая, любая, ведай --
Рымскага духу твайго я не баюся: я ж -- гал.
Плётак не слухай, прашу; дагаджай пажаданням госця,
Госця, каханне чыё ў храм асалоды ўвяло.
Уцехі прымі ад яго, ад вольнага птаха-чужынца,
Хай ён раскажа пра снег, горы, драўняны дамок.
Дзеліць няхай каханне, што распаліла сама ў ім,
Радуйся: прагне любові не за тугі кашалёк.
Поўная хата дароў, каштоўныя дорыць аздобы,
Хочаш у оперу -- едзь, вось да паслуг экіпаж.
Радуйся сэрцам, кабета, каханку з паўночнага краю --
Варвар узяў у палон рымскае сэрца і плоць.


ІІІ

Мілая, не, не шкадуй, што мне аддалася адразу!
Вер, не прыніжу цябе помыслам пошлым і злым.
Стрэлы Амуравы б’юць, цаляюць па-рознаму ў сэрцы:
Часам ледзь драпне, а жарсць аж спапяляе душу;
Вострая з пёркам страла, напятая богам пругка,
Меціць і ў сэрца, і ў мозг, кроў распаляе агнём.
У эру герояў, калі багі, як людзі, кахалі,
Позірк пажаду пладзіў, жарсць асалодай была, --
Думаеш, доўга магла Кіпрыда палаць ад любові,
Перш чым пастушкаю ў гай Іды к Анхізу прыйшла?
Луна хіба ж магла не разбудзіць Іксіёна,
Каб апярэдзіць хутчэй юнай Аўроры любоў?
Аблюбавала Геро у тлуме святочным Леандра --
І закаханы за ёй кінуўся ў бурны паток;
Сільвія Рэя пайшла вады зачарпнуць у Тыбры,
І ў гэты час падхапіў дзеву цнатлівую бог.
Марс так сыноў нарадзіў! І выкарміла ваўчыха
Ромула й Рэма, і стаў Рым -- князем вялікім зямлі!


ІV

Богабаязныя мы, шануем дэманаў шчыра,
Любім улашчваць багоў, любім улашчваць багінь.
Гэтым з табой мы падобныя, о пераможац Рыма,
Той, што прытулак дае божышчам іншых зямель:
Строгім багам Егіпта, з чорных базальтавых глыбін,
Беламу цуду Элады -- з мармуру гордым багам.
Гнеў не палае ў багоў, калі нехта асобнай багіні
Дымам кадзільным алтар шчодра абкурваць пачне.
Мушу прызнацца, што ўсе ў службе штодзённай шчыра
Модлы багіні адной шэпчам з адкрытай душой.
Той усур’ёз, той жартоўна святы таемна спраўляем,
Знаем, што трэба маўчаць, -- гэта служэння закон.
Лепей хай грэх нас пакрые, зграю Эрыній наклічам,
Лепей гатовы прыняць Зеўсаў суровы прысуд,
Пытку на коле альбо пакуту на вечным уцёсе,
Чым ад салодкай бажбы наш адрачэцца дух.
Гэтай багіні імя -- Выпадковасць, помніце добра.
Часта прыходзіць яна ў розных абліччах да нас.
То як дачка Фетыды, чада спрытнюгі Пратэя:
Хітрасцю многіх яна перахапіла мужоў.
Так і дачка іх цяпер прывабна чаруе нясмелых:
Соннага надзіць сабой, чуйнага хіліць на сон.
Аддаецца таму, хто болей настырны і ўпарты,
Дорыць пяшчоты яму, ласку, лагоду сваю.
Неяк прыйшла да мяне смуглявай дзяўчынкаю; пасмы
Цёмных раскошных валос мякка апалі на лоб,
Локаны пышна віліся вакол далікатнае шыйкі,
Кудзеркі на галаве; жарсць запаліла мне кроў.
Дзе там раздумваць было! Я падхапіў прыгажуню,
Наш і антычны свет гучна бадзёраць мяне,
Ах, колькі шчасця! Але -- той час адышоў, мінуўся,
І я аплецены ўжо путамі рымскай касы.


V

Шчасцем мяне адарае глеба класічнай краіны,
Наш і антычны свет гучна бадзёраць мяне,
Слухаю рады сяброўскія: скрыпты старыя гартаю,
Творы мінулых эпох, чэрпаю радасць я з іх.
Толькі ж Амур начамі кліча да іншых заняткаў,--
Днём я навукай жыву, ноччу -- у шчасці, ў любові.
Зрэшты, ці ж я не вучуся, гледзячы на дарагія
Формы грудзей ці рукой гладзячы сцёгны і стан?
Мармур ужо зразумеў я; сэнс параўнаннем раскрыты:
Бачу я чуйна вачмі, чую відушча рукой.
Хоць дзеля любай марную я дзённых гадзін нямала,
Ноччу затое яна сплачвае доўг мне спаўна.
Ноччу не толькі каханне, ноччу і гутарым часам,
Калі ж забудзецца ў сне, -- роздуму час насте.
Часта ў абдымках каханай вершы складаць пачынаю,
Іх на гекзаметр кладу, пальцамі стукаю рытм
Ціха па спінцы дюбімай. Шчасна ўсміхнецца ў дрымоце,
Грудзі апаліць мае роўным дыханнем сваім.
Узносіць Амур паходню, успамінае пра службу
Ўсім трыумвірам былым у храме прачыстай любві.


VI

“Жорсткі, як можаш журбою ты маё сэрца вярэдзіць?
Горкая, шорсткая ў вас мова і ласка мужчын!
Хай мяне людзі асудзяць, я выцерплю ўсё маўкліва,
Бо вінаватая! Грэх? Грэшная толькі з табой!
Гэтыя строі на мне -- ці не доказ бязлітасным плёткам,
Што перастала ўдава мужа аплакваць свайго.
Неасцярожны ты, мілы, хітрасць тваю бачыў месяц:
Шэры каптан на плячах, светлай танзуры кружок.
Сам ты абраў са смехам маску святошы-прэлата.
Я не пярэчу зусім, толькі прэлатам будзь ты.
Цяжка ў папоўскім гняздзе папам давяраць, ды бажуся:
Ласкі маёй не зазнаў рымскі ніводзін манах.
Бедная я, маладая, і ведаю тайны спакусы, --
Фальканіеры няраз дзёрзка мне ў вочы глядзеў,
Грошы Альбані даваў, распусны і пошлы зводнік,
Клікаў у Осцію, зваў у Кватра Фантанэ мяне.
Не спакусіў анічым. Бо я не прымала істотай
Пошлых чырвоных панчох, пошлых блакітных панчох,
“Губіць падман дзяўчыну”, -- так строга мой добры бацька
Часта калісьці казаў, маці судзіла мякчэй.
Вось ашукана і я! Твой гнеў фальшывы, няшчыры,
Гнеў твой -- гульня: уцячы мерышся, знаю, і ты.
Што ж! Вы не варты жанчын! Мы носім дзяцей пад сэрцам,
Сэрцам кахаем, душой, верныя любым сваім.
Вы ж марна траціце сілу, жарнасць сваю і пажаду
Разам з пасевам любві ў палкіх абдымках жанчын”.
Так гаварыла яна мне, узяўшы на рукі дзіцятка,--
Туліць, цалуе яго, капаюць слёзы з вачэй.
Сорамна стала і мне, што намовы злыя людскія
Брудам запляміць маглі вобраз яе драгі.
Гасне вялікі агонь, і печ дыхае вострым чадам --
Толькі вадою ліні на разгарачаны жар.
Ды ачышчаецца зноў, разганяе куродым атрутны
І, набіраючы моц, полымем выбухне зноў”.


VII

О, як шчаслівы я ў Рыме! Помню, ў сябе на радзіме
Часта сіберныя дні шэрай ахутвалі мглой.
Мутнае, цяжкае неба над галавой навісала,
Змрочны бясколерны свет сэрца журбою сціскаў.
Я патанаў у задуме і сумна глядзеў на дарогу,
Мусіў ісці па якой неўтаймаваны мой дух.
Сёння мой лоб асяняе светлая чыстасць эфіру,
Феб прамяністы жыццю формы і колеры даў.
Зоркамі свеціцца ноч і песнямі мякка чаруе,
Месячык ззяе ясней, чым наш паўночны дзень.
Шчасце смяротнаму тут! Можа, мару я? Можа, прыняты
У амбразійны палац, бацька Юпітэр, твой госць?
Ах! Я ляжу, працягнуўшы рукі з маўклівай мальбою,
І заклінаю, прашу -- слухай, Юпітэр, мяне.
Выказаць я не здольны, як увайшоў да мілай!
Можа, вандроўца ўвяла Геба ў харомы свае,
Можа, ёй ты загадаў героя выбраць на шчасце?
Схібіла Гера? Даруй! Дай мне памылку сплаціць.
Можа, дачка Фартуна, як ласкай сваёй адарала,
Пашкадавала мяне, можа, мне шчасце дала?
Бог ты лагодны? Тады не скідай мяне, госця,
З круч алімпійскіх уніз у будні зямнога жыцця!
“Як жа ты ўзнёсся, паэце? -- Даруй, уладны, бо толькі
Капіталійская высь -- гэта другі твой Алімп.
Не праганяй, о Юпітэр, потым у Оркаву цемру,
Хай госця спрытны Гермес ціха сюды прывядзе”.


VIII

Кажаш, каханая, колісь людзі цябе не любілі,
Дзіцем калі ты была, нелюбка ў маці сваёй;
Што ціхама падрастала і выспела, веру ахвотна:
Думаю, што і тады ты незвычайнай была;
Так вінаград не чаруе ані лазой, ані кветкай,
Светлыя ж гронкі пасля -- цешаць багоў і людзей.


ІХ

Полымем восень трашчыць, аж пырскаюць зыркія іскры,
Мкнуцца праз комін увысь з мілага мне ачага.
Як гэты вечар люблю я: перш чым вуголле датлее,
Попелам стаўшы сухім, стухне пад попелам жар, --
Любая клямкаю бразне! Полымя весела ўспыхне.
Святам абернецца нам цёмная цёплая ноч.
Раніцай заўтра пакіне мілая ложак кахання
І развядзе ў ачагу, яркі разбудзіць агмень.
Дар ёй прыпаў шчаслівы, добрай маёй, ад Амура:
Радасць будзіць у душы, шчасце дзе ў прысаку спіць.


Х

Цэзар, і Аляксандр, і Генрых, і Фрыдрых Вялікі
Славы здабытай сваёй мне палавіну далі б
За гэтую ноч, за паўночы шчасця на ложку кахання;
Толькі няўдальцаў, на жаль, Орк ужо ў цемру пазваў.
Радуйся, кожны жывы, каханнем сагрэтаму ложку,
Перш чым абмые цябе Лета расой забыцця.


ХІ

Грацыі, вам на алтар разам з бутонамі ружаў
Гэтыя творы кладзе самаахвярны паэт.
Любіць мастак майстэрню і рады, калі ў ёй знаходзіць
Працаю поўны сваёй велічны Пантэон.
Голаў схіліў Юпітэр, горда ўзнялася Юнона,
Выйшаў наперад і Феб, кудзеркамі трасучы;
Суха глядзіць Мінерва, лёткі Гермес хітравата
З цёплай пяшчотаю ўбок вочы адводзіць хутчэй.
Позірк салодкай пажады, мокры ад слёз, мармуровы,
Дорыць Цытэра яму, Бахусу, богу віна.
Палкія помніць абдымкі і летуценна пытае:
”Ах, чаму тут не стаіць мой дзівародны сынок?”



ХІІ

Чуеш, каханая, клічы, крыкі з дарогі Фламінскай?
Гэта з работы дамоў весела жнеі ідуць,
Працу закончыўшы, -- потым справяць у Рыме дажынкі.
Рымлянін сам не пляце ў гонар Цэрэры вянкоў,
Не прысвячае ўжо святаў вялікай шчодрай багіні,
Хоць адарае яна хлебам пшанічным людзей.
Справім жа ціха ўдваіх урачыстае гэтае свята.
Двое каханых: я, ты -- цэлы заменяць народ.
Ведаеш ты пра абрад начны таямніча-містычны,
Што з Элеўсіна ў наш край з грэкамі колісь прыйшоў?
Грэкі ўвялі яго, грэкі голасна ўсюды крычалі,
Нават у Рыме: “Ідзі, смертны, ў свяшчэнную ноч!”
Толькі ж прафан не ўваходзіў, зябка навіцый уздрыгваў.
У белым убранні, яно -- знак чысціні юнака.
З подзівам крочыць юнак у храм далучэння да тайны: --
Страшныя здані стаяць, нібы ўсё трызніцца ў сне.
Змеі паўзуць па зямлі, дзяўчаты замкнутыя скрынкі
Горда нясуць на плячах у дажынковых вянках,
Тут жа ў натоўпе гундосяць глыбакадумна капланы,
Сэрца дрыжыць ад жуды -- хлопец глядзіць на агонь.
Толькі ўсе страхі мінуўшы, зведваў нарэшце навіцый
Тайну чароўных кругоў, вобразы оргій начных.
Што ж было таямніцай -- Дэметра, Вялікая Маці,
Літасцю не абышла ласку зямное любві.
Грубаму целам цару, магутнаму целам Яс’ёну,
Тайных прынесла дароў -- плоці бяссмертнай сваёй.
Як расквітнеў тады Крыт! Улонне вясельнай уцехі
Рунню вясной прарасло, хлебны той выдаўся год.
Свет жа астатні пакутаваў: бо ў асалодах кахання
Цэра забыла сябе і абавязкі свае.
Слухае з дзівам навіцый, сэнс таямніц спасцігае,
Мілай ківае сваёй: “Гэта, каханая, -- знак?
Гэты разгалісты мірт асвяціў нам чароўнае месца!
Шкоды ад нашай любві свету не будзе вавек!”


ХІІІ

Шэльма Амур, шалапут! Даверся яму -- ашукае!
Шэпча на вуха заўжды, кажа: “Даверся, паэт, --
Добры ў мяне намер! Ты творчасць сваю і славу --
Удзячна прызнацца хачу -- мне прысвячаеш, любві.
Доўг я сплаціць павінен, буду я верным слугою,
Каб на чужыне цяпер шчодра аддзячыць табе.
Кожны вандроўны кляне тутэйшую злую гасціннасць,
Я ж ім цябе расхвалю -- будзеш ім госць дарагі.
Ты аглядаеш, як дзіва, сцены старых сутарэнняў --
Мара паэта вядзе к гэтым руінам святым.
Шчырай адорвай павагай здабыткі натхнёных узлётаў
Рымскіх славутых майстроў, госцем якіх я бываў,
Вобразы гэтыя выявіць я пасабляў, ажывіў іх.
Не пахвальба гэта, не! Шчырую праўду кажу!
Служыш ты мне, як гультай. О, дзе ж тыя вобразы, фарбы,
Новыя формы і бляск гожых адкрыццяў тваіх?
Хочаш знайсці іх у Рыме? Элінаў школа, мой дружа,
Вечна адкрыта табе, час не зачыніць варот.
Я -- юны мэтр і люблю маладых дапытлівых вучняў!
Кінь мудрагошчы свае! Слухай, глядзі, разумей!
Антыка юнай была ў гады тых далёкіх шчасліўцаў!
Будзь жа шчаслівы і ты, дай і былому разгон!
Дзе возьмеш тэмы на песні? Я падару іх ад сэрца!
Стыль жа узнёслы і лад дасць табе толькі любоў!”
Так сказаў гэты сафіст. І хто запярэчыць? Не шкода,
Што я заўсёды раблю, як загадае ўладар.
Слова стрымаў баламут: ён мне даў тэмы для песень,
Часу ж на спевы не даў, помыслы ўсе ўзбунтаваў.
Позірк і поціск любві, пацалункі, пяшчотныя словы
З сэнсам раскошным у іх, пара каханкаў -- саюз;
Мова кахання даруе і коснаязыкасць, і шэпты.
Без рыфмы, прасодыі гімн творыць узнёсла душа.
Бачыў цябе я, Аўрора, найлепшай сяброўкаю музаў!
Як жа свавольнік Амур здолеў цябе абхітрыць?
Ведаю: дружыш з Амурам, хочаш, каб я ўшанаваннем
Скрасіў ягоны алтар, каб яго ўладу вітаў.
Косы плывуць па грудзях, пяшчотна галоўка галубкі
Хіліца мне на плячо, ціха, лагодліва льне.
Ах, сон салодкі мінуўся! Каб жа не згасла памяць
Пра светлы той час, калі ноч нас калыхала дваіх!
Вось варухнулася ў сне ты, лежачы вольна на ложку,
Вось адвярнулася і... не выпускаеш мяне.
Сэрца да сэрца схіляюць прага кахання і ласкі --
Права разбурыць спакой мае адна толькі жарсць.
Поціск рукі -- і ўжо бачу нябесныя вочы зноў я
Перад сабой. Дайце мне вобраз спакойна ствараць!
Спіце, чароўныя вочы! Я п’яны ад вашае песты --
Дайце нагледзецца мне на чысціню хараства.
Формы спакойнага цела, напятага пругка цела!
Хіба ж пасмеў бы Тэзей збегчы, калі б была
У сне Арыядна прыгожая? О, адступіся, Тэзею!
У вочы красуні зірну! -- Я паланёны навек!


ХІV

“Лямпу ўкруці, мой хлопчык!”-- “Светла і так! Ці не шкода
Кнот марнаваць і алей? Лепей акно адчыніць!
Сонца зайшло за вежы, ноч яшчэ не наступіла! --
Праз паўгадзіны не менш нанач удараць званы”.
“Слухай, хлапчо, ды ідзі! А мілую я пачакаю,
Лямпа ж, пакуль прыйдзе ноч, трохі суцешыць мяне!”


ХV

З Цэзарам я не пайшоў бы да берагоў дальніх брытаў,
Лепей бы Флорус мяне лёгка ў папіну ўцягнуў;
Больш ненавіджу душою туманы ў поўначы хмарнай,
Чым італьянскі рой, вэрхал і вечны шум!
Радасна, шчыра вітаю я вас, незабыўня корчмы;
“Корчмы-астэрыі” -- так рымлянін трапна назваў.
Вы паказалі мне мілую сёння ў кампаніі дзядзькі;
Мусіць, даўно адгадаў, кім тут даводжуся я.
Тут стаяў стол; за сталом інтымна немцы сядзелі,
А за сталом насупроць села з дзіцяткам яна.
Уладкавалася зручна мілая збоку на ўслоне
Так, каб быў профіль відаць твар быў і спінка яе,
Загаварыла гучней, чым у рымлян гэта вядзецца,
Скоса зірнула, віном стол незнарок абліла,
Пляма віна расцяклася. Каханая пальчыкам тонкім
Вензель з імёнаў спляла, з нашых імёнаў, а я
Моўчкі сядзеў і сачыў, забаваю цешыўся мілай,
Песціў вачыма яе. Раптам зірнула яна,
Спрытна знак рымскай “пяцёркі” вывела пальцам, а потым
Перад “пяцёркай” -- адін”, -- толькі заўважыў я знак,
Колцы па ім закруціла і змазала літары, лічбу;
Але каштоўны той знак вока маё зберагло!
Я сядзеў ціхі, пануры і вусны кусаў, як з гарачкі,
Ці то ад хітрай гульні, ці то ад прагі крыві.
Божа, як доўга да ночы! Цэлых чатыры гадзіны!
Сонейка, што ж ты стаіш! Годзе углядвацца ў Рым.
“Ты не пабчыш нічога новага ў горадзе вечным”,--
Колісь Гарацый сказаў, зачараваны твой жрэц.
Сёння ж прашу -- не забаўся, позірк свой ад сямігор’я
Лепей раней адвядзі, можа, прыспешыцца ноч!
Ласку зрабі паэту, час яго шчасця наблізі,
Час той, які мастаку радсць натхнення дае,
Глянь палымяна, свяціла, на каланады, фасады,
На абеліскі зірні знізу ўгару -- і зайдзі!
Кінься паспешліва ў мора, каб заўтра ўбачыць на золку
Тое, што сотні гадоў славы табе дадае:
Бераг, парослы травою і сітнікам буйным, чаротам,
Узгоркі ў зацішку кустоў і векавечных камлёў!
Некалькі хатак стаяла на берзе гэтым, а потым
Племя чужое прыйшло, хіжы качэўны народ.
Сцягвалі ў гіблае месца ўсё адусюль -- не магла
Гэтым відовішчам ты цалкам свой зрок наталіць.
Бачыла Рым у зародку, бачыла ў друзе, ў руінах,
З попелу ён паўставаў большы, чым быў раней!
Каб у тваім праменні мог я ім цешыцца доўга,
Парка хай мудра спрадзе нітку бясконцых гадоў,
Толькі ж сягоння, цяпер, хай час жаданы настане!
Шчасны! Ты чуеш свой час? Не, чую -- ўдарыла тры!
О мае музы святыя, вы зноў падманулі працягласць
Доўгіх гадзін, што мяне з мілай ніяк не звядуць.
Будзьце здаровыя! Йду я, не баючыся абразіць
Вас, гордых муз, бо любоў умееце вы шанаваць.


ХVI

“Што ж ты, каханы, забыўся наведаць мой вінаграднік?
Як абяцала, я там доўга чакала цябе”.--
“Мілая, толькі я ў сад, як раптам збянтэжана бачу,
Дзядзька бадзяецца твой у зарасцях тычак і лоз,--
Я паспяшаўся назад”, -- “О божа, як схібіў ты, мілы!
Пудзіла ты, дарагі, ў садзе за дзядзьку прыняў!
Самі з табою яго мы з палак, з абноскаў рабілі.
Трэба ж -- на шкоду сваю я пасабляла табе”.
Не, не прапаў дзядзькаў клопат: ён птушку спудзіў нарэшце,
Што пагубіла даўно сад і нябогу яго.


ХVII

Розныя гукі абрыдлі, але найболей мне прыкра
Псіная злая скугла; звяга -- як рэзь у вушах.
Толькі магу аднаго я слухаць з прыемнасцю часам --
Гэта сабака, які брэша ў суседнім двары.
Неяк ён голас падаў, каханую ўчуўшы, якая
Ў дом прашмыгнула крадком, -- ледзь не наклікаў бяды.
Брэх, з таго часу пачуўшы, я думаю: “Мілая, можа!”
Ці ўспамінаю той час, баўлены з ёю калісь.


ХVIII

Прыкрасці шмат я зведаў, толькі адна з іх заўсёды
Верх над усім бярэ, дражніць і рве кожны нерв;
Прыкрасць вялікая гэта -- павінен, сябры, вам прызнацца:
Ложак уночы пусты ўсёю душой не люблю.
Але найгоршая жудасць -- сустрэць на любоўнай дарозе
Раптам ліхую змяю, яду з любоўю прыняць.--
Так у святую хвіліну радасці сэрца і цела
Да галавы спакваля злосны наблізіцца шэпт.
Шчасце дае Фаўсціна, ложак ахвотна мой дзеліць,
Служыць мне верна ў любві, верны ў любові і я.
Моладзь нясталая прагне розных прыгод, мне ж прыемна
Чэрпаць уцеху і там, дзе ўжо няма перашкод.
Любасць мая! Пацалункі мы дорым без лішняй апаскі,
Разам з дыханнем жыццё мы і бяром і даём.
Цешымся доўга начамі, слухаем -- лона да лона, --
Як б’юць грамы за акном, як шуміць вецер і дождж.
Вось і на золак займае, зноў нам гадзіны прыносяць
Кветак духмяных красу і абнаўляюць святло.
Дайце шчаслівым пабыць, о квірыты, за гэтую долю
Хай вам удзеліць гасподзь лепшых на свеце шчадрот.


ХІХ

Цяжка імя ахаваць ад заганы, я знаю, бо Фама
Спрэчку з Амурам вядзе, богам і панам маім.
Знаеце, можа, чаму раздзірае пару нянавісць?
Доўгі рахунак іх свар. Слухайце, я раскажу.
Фама была магутная, ды спакон веку нязноснай
Лічыцца ў сонме багоў, прагнула першаю быць
І спакваля ўсім абрыдзела на алімпійскіх бяседах,
Дзе яе медны язык звадкі, грызню пачынаў.
Неяк хвалілася, нібыта сынам Юпітэра слаўным
Апанавана яна, быццам ёй служыць рабом.
“О цар багоў, прывяду я вам на Алімп Геркулеса, --
Кажа з трыумфам, -- цяпер ён ужо не Геркулес
І не герой, не твой сын, якога радзіла Алкмена:
Богам ён стаў на зямлі, службу пры Фаме нясе.
Думаеш, хоча ён упачцівіць Алімп і прыпасці
Зеўсу да ног? О, прабач! Бачыць ён толькі мяне
Тут на нябёсах і марыць, каб заслужыць маю ласку,
Дзеля мяне ён ідзе па непраходных шляхах.
Ён у мяне на пасылках, і я на дарогах шырокіх
Загадзя слаўлю паўсюдь подзвігі сына твайго.
Сам ты казаў мне: “Калі пераможа герой амазонак,
Мужам сваім абяры!” -- “З радасцю дар твой прыму”.
Богі маўчалі, каму заводзіцца з бабай ахвота,
Бо самахвалка заўжды здольная ў гневе на зло.
Не ўпільнавала Амура: вырваўся ён і героя,
Хітрыкі ўжыўшы свае, выдаў красуні адной.
Пару Амур аблытаў: накінуў каханцы на плечы
Львіную скуру, пасля злоўленых трошкі прымяў,
Кветкамі потым аздобіў ён кучмы густыя герою,
Прасніцу даў у руку -- муж хай кудзелю прадзе.
Смешныя скончыўшы маскі, ён кінуўся бегчы і ўголас
Кліча-склікае Алімп: “Творыцца дзіва з дзівос!
Зорнае неба, зямля, нават наша нястомнае сонца
Цудаў не зналі такіх на сваім вечным шляху”.
Збегся Алімп, ашуканцу паверылі ўсе, бо надзіва
Надта сур’ёзна крычаў. Фама таксама прыйшла.
Хто быў, вядома, больш рады ганьбе мужчынскай героя?
Ясна -- Юнона. Амур досціпам развесяліў.
Фама стаяла ў адчаі. Якое паглумішча, ганьба! --
Як усё звесці на смех? -- “Богі, тут маскі адны!
Знаю свайго я героя! Гэта з нас, напэўна, акторы
Кпяць і збыткуюць!” Але -- бачыць, на жаль, Геркулес!
Праўда, зусім не кранула камічная сцэна Вулкана,
Хоць яго жонку якраз сеткай аблытаў Амур
У міг раскошы салодкай; у міг забавы любоўнай
Злітыя целы дваіх палкіх каханкаў застаў.
Як пацяшаліся Бахус, Меркурый; абодва уголас
Мусілі ўрэшце прызнаць, што паляжаць на грудзях
У дзевы раскошнай такое кожны за гонар палічыць.
“Не адпускай іх, Вулкан, вочы спатоліць дазволь!”
Слухаў стары раганосец і сетку зацягваў туга.
Толькі што Фама ўцякла, гневам кіпела яна.
І з таго часу абое ў звадках бясконца грызуцца:
Толькі забавіць яна -- тут жа з калчана Амур.
Хто яе больш ушануе, той большаю стане ахвярай,
Чыстых, цнатлівых стралой цэліць і б’е напавал.
Хто ж уцячы паспрабуе, той у бядзе загразае.
Ён табе дзеву падасць: толькі адвергні той дар,
Зведаеш горыч стралы і боль ад вострага джала:
Жарсць разадзьме да мужчын, юр да жывёл разадзьме.
Хто сарамлівы, таго прымусіць у тайнай распусце
Горкую ўцеху прыняць, -- зганьбіць, разбэсціць таго.
Толькі за ім багіня вачыма сочыць, вушамі:
Згледзіць з Амурам цябе, ворагам стане навек,
Позіркам страшыць сур’ёзным, пагарднаю мінай і брудна
Дом твой зняславіць яна, дом, дзе пануе любоў.
Гэтак цяпер і са мною -- я мучыцца мушу: багіня
Грозіцца шчасцю майму, тайну імкнецца раскрыць.
Толькі я веорны закону і моўчкі цярплю, каб, як грэкаў,
Царская свара мяне не зацягнула ў бяду.


ХХ

Моц аздабляе мужчыну -- ў ім сіла свабоднага духу
І таямніцы свае ўменне заўжды берагчы.
Сіла маўчання! Яна -- царыца людзей і народаў!
Лепшая з лепшых багінь! Шлях ты паказваеш мне.
Доля якая мне выпала? Вусны мае адмыкаюць
Музы-гарэзы і ты, шэльма, пракуда Амур!
Ах, як цяжка ў душы выношваць царскую ганьбу --
Ані фрыгійскі каўпак, ані карона схаваць
Вушы Мідасу не можа; слуга іх убачць першы --
І нараджаецца страх, тайна цару сэрца рве.
Як бы хацеў у зямлю ён тайну схаваць, для палёгкі,
Толькі навошта зямлі страхі чужыя прымаць:
Вырасце скора чарот, і зашуміць наваколле:
“Гэта Мідас! Наш кароль! Гляньце на вушы яму!”
Цяжка і мне ўберагчы прыгожую нашую тайну --
З сэрца так лёгка ляціць радасць адкрытай душы!
Іншым сяброўкам не скажаш, -- бо зганяць, аблаюць раўніва,
Другу таксама -- маўчы, бо небяспечны і друг.
Можа, сказаць дуброве і скалам нямым паведаць --
Толькі ж я не малады, не балбатун я даўно.
Рытмы класічныя, моўчкі вам сардэчна даверу
Тайну, бо з вамі і ўдзень шчасна мне жыць і ўначы.
Тайна, прынада мужчын, падступных пастак унікла,
Тых, што хітруга і зух ставілі ёй на шляху;
Мудрая дзева мая мясціну ведае добра,
Дзе ўжо чакае яе прагны да ласкі дружок.
Стой жа, Селена! Ідзе яна! Хоць бы сусед не заўважыў!
Вей у галлі, вецярок, крокі яе заглушы!
Вы ж расцвітайце, жывіце, песні мае, калышыце
Лёгка, лагодна любоў у незабыўнай начы
І раскажыце квірытам, балбатунам неадумным,
Тайну дзівоснай любві, тайну яе і маю!


ХХІ

Перш чм паспеў пажадаць я, мяне атуліла шчасце.
Міма палацаў, руін вёў мяне хітры Амур.
Тут яму ўсё знаёмае, добра і сам я ўведаў,
Што за шпалерамі гмах крые ад прагных вачэй.
Дзёрзкім, сляпым хлапчуком назавіце яго, шалапутам --
Толькі ж разумны Амур, найнепадкупнейшы бог!
Велічныя фасады і зграбныя цацкі-балконы,
Нават салідны карціл не спакусілі мяне.
Спешна мінуўшы прынады, у далікатную брамку
З богам сваім я ўвайшоў, прагны да ласкі паэт.
Ён здабываць памагае мне перамогу ў каханні,
Свежыя ружы штодня сее Амур на шляху.
Хіба ж не тут мой рай? -- Чым, скажы, прыгажуня Баргеза,
Чым, Ніпаціна, яшчэ ўлешчыш каханка свайго?
Балі, прыёмы, музеі, опера, корса і гушльні
Вечна рабуюцб у нас скупа адмераны час.
Як не люблю я раскошы! Толькі ці рана, ці позна
Са сцёгнаў і шоўк ападзе і дарагая парча!
Хіба ж, калі да грудзей пяшчотна мілая туліць,
Ты не хацеў бы хутчэй вызваліць іх ад украс?
Хіба ж паўней каханне ты не адчуеш без стужак,
Пругкіх шнуровак альбо самых каштоўных аздоб?
Прэч усё лішняе, прэч! Вось ужо на падлогу апала
Лёгка сукенка яе з-пад маёй добрай рукі.
Вось у кашульцы нясу, нібы павітуха дзіцятка,
З жарам красуню сваю ў цёплы суседні пакой.
Полагаў з шолку няма тут, няма вышываных матрацаў,
Толькі шырокі стаіць ложак, любові прастол.
Цешся Юнонай сваёю, сагрэты шчасцем Юпітэр:
Бог -- ён смяротны ў любві, мне ў любві смерці няма!
Шчодра Амур адарае і чалавека і бога --
Раскалыханых спрунжын о, вечна любасны гімн!


ХХІІ

Жудасныя дзве гадзюкі зганены хорам паэтаў;
Некалькі тысяч гадоў з жахам прыгадвае свет,
Піфан, цябе і цябе, Лернейская гідра! Толькі
Вы перабіты даўно дужай рукою багоў.
Вогненным зяхам і слінаю вы не паганіце болей
Статкі, палеткі, лясы, ніў залатыя плады.
Помсліввы бог і гняўлівы, у шале сваім небывалым
Злую пачвару наслаў, выпладка гразі на нас.
Злыдзень цішком запаўзае ў сады святой асалоды,
Літасці не прызнае хцівы, падступны чарвяк.
Слаўся, дракон гесперыйскі! Ты паказаў сябе мужным,
Яблыкі райскіх садоў з гонарам ты бараніў!
Гэты ж не дасць абароны -- дзе ён аб’явіцца толькі,
Там і сады, і плады сэнсу няма бараніць!
Поўзае тайна ў кустах і чыстыя брудзіць крыніцы,
Пырскае слінай, плюе, труціць Амура расу.
О шчаслівы Лукрэцый! Даверыцца цалкам целу
Без пачуцця, без любві мог ты свабодна і ўмеў.
Шчасце і ты знаў, Праперцый! Дзяўчат з Тарпейскага гаю
Ці з Авенціна табе раб твой прыводзіў дамоў,
Цынція часта цябе адбівала з абдымкаў каханак,
Хоць ты няверны бываў, але здаровы заўжды.
Хто ж цяпер не баіцца парушыць прыкрую вернасць,
Хто не баіцца любві, хто ў ёй трывог не зазнаў!
Як жа цяпер? Хіба можна з жанчынаю радасцю ўпіцца?
Ці пакладзеш галаву ёй на калені цяпер?
Ложак сямейны, развод даўно ненадзейныя сталі;
Жонка, і сябар, і муж целам наскрозь прагнілі.
О залатыя часіны!.. -- Любіў Юпітэр з Алімпа
То да Семелы хадзіць, то да Калісты; яму
Важна было знаходзіць чыстыя ў храме пакоі,
Дзе панавалі любоў, страснасць і ўлада яго.
Як бушавала б Юнона, калі б у спрэчцы кахання
Зброю атрутную муж супраць яе павярнуў!
Толькі мы не пакінуты, нас, язычнікаў горкіх,
Крые крыло бажаства, ўзносіць у высі нябёс, --
Дзейсны наш бог крылаты; -- будзем жа ўдзячны Гермесу,
Зеўсаваму вестуну, лекару нашай душы.
Продкаў харомы даўно разбураны часам няўмольным,
Толькі калоны стаяць, сведкі раскошы былой --
Сонечны ж светлы палац не падуладны ён часу,
Просьбіты ўдзячныя ў ім будуць любоў спасцігаць.
Толькі прашу аднаго я ў вас, грацыі, сціпла,
Гэту малітву сваю ўзношу з глыбіняў душы:
Аберагайце мой сад, зацішны куточкак любоўны,
Ад непамыснага зла; хай там царуе Амур.
О, хай ён дорыць заўсёды, шэльма, якому я веру,
Страхам не збруджаную радасць любоўных уцех.


ХХІІІ

Вось запаведнік чароўны, я кветак любові чакаю,
Музы дагледзелі сад, мудра пасеялі тут.
Я ж чаранок пладаносны, ствол залаты існавання
Радасна сам пасадзіў, шчасця чакаю цяпер.
Службу нясі, мой прыапе! Чаго мне баяцца дарэмна
Злодзеяў! Сей і зрывай кветкі цудоўных уцех.
Толькі ханжоў не пускай, зласлівых і кволых няздольцаў;
Прыйдзе каторы, зірне ў засень любві, аплюе
Чыстай прыроды дарункі -- смела кладзі на яго
Сцёгнаў праведны гнеў -- кроўю наліты ражон!


ХХІV

Я стаю ў засені саду, апошняе божышча Рыма,
Варвар грубы; мяне моцна параніў час.
Вус гарбузовы віецца па перасохлай сцябліне,
Што пад цяжарам пладоў лопнула, нібы струна.
Вецер хрусціць уладна дубцамі пажухлых пабегаў --
Я ненавіжу зіму: з ёю ляціць вараннё
Шумнымі зграямі ў сад; руплівыя слугі лета
Дзёрзка з эфірных вышынь цыркаюць на галаву.
Слота і бруд навакол! Я павінен баяцца, каб часам
Брудам самому не стаць, не размяшацца з гразёй.
Дзякую, добры мастак, што ты мне пасобіў дабіцца
Месца ў сонме багоў, месца па праве майго.
Хто тут хітра здабыты Юпітэраў трон умацоўваў?--
Фарбы, сланровая косць, мармур, паэзія, медзь!
З ласкай глядзяць на мяне шматкемлівыя мужчыны,
Кожны ўяўляе сабе ў творы сваё хараство.
Я не настрашу матрону, я не настрашу паненку,
Я не агідны зусім, я толькі моцны імпэт.
Хай жа твой молат магутны ятрыцца, шалам бушуе,
Голаў узносіць на кліч палкай каханкі тваёй,
Стомы не знае, пакуль добры тузін фігур асалоды
Не рассмакуеце вы, -- ўсе вынаходствы любві.



Копцкая песня

Хай дыспутуюць вучоныя людзi,
Хай на ўсе прышлыя поры-часы
Самыя мудрыя, шчырыя суддзi
Згодна, суладна сальюць галасы!

Глупства --разлiчваць на розум у дурняў,
Мудрасцi дзецi, скiньце з катурнаў
Тых, што блазнуюцца! Так iм якраз!
Ха-ха-ха-ха-ха-ха!

Мэрлiн стары у пячоры блiшчастай,
Дзе маладым я з iм гутарыў часта,
Даў мне калiсьцi той самы адказ.

У паднябесных iндыйскiх вышынях,
У падзямеллях Егiпта, ў глыбiнях,
Храмныя слугi Iзiды, брамiны,
І Вiшну жрацы вывучалi той сказ!