Рыцар Глюк і іншае

Гофман Эрнст Тэадор (Вільгельм) Амадэй


Курдупель Цахес, якога звалi Цынобер

Раздзел першы

Маленькi ваўкалак. -- Вялiкая небяспека пастараваму носу.--Як князь Пафнуцiй уводзiў у сваёй краiне асвету, а фея Розабэльвэрдэ трапiла ў прыют шляхетных паненак.

Непадалёк ад чароўнай вёсачкi ўзбоч дарогi на добра ўпаранай сонцам зямлi ляжала ў лахманах гаротнiца-сялянка. Галодная, сасмяглая, уся знямоглая, няшчасная ўпала, несучы цяжэнныя рэзгіны з сухiм ламаччам, якога яна назбiрала ў лесе, i як што зусім нябога выбілася з духу, дык i зайшло ёй да галавы, што вось i пераняла яе смерць i кладзе крэс яе нэндзы. Але крыху асiлiўшыся, яна паслабiла вяроўкi на прывязанай за плячымы ношкі i памаленьку перавалаклася на мураўку. I тут ужо заенчыла:

-- I чаму я адна,-- бедавала яна,-- з чалавекам маiм перавялася ў галечы i горы? Цi ж бо не адныя мы на цэлае сяло працуем як выклятыя, а жывём у вечнай нястачы, на скарынку хлеба разжыцца ледзь можам? Гады тры таму назад, капаючы гарод, выгарнуў мой чалавек з зямлi залатыя манеты, аж мы ўжо былi падумалi, што вось ужо й шчасце завiнула да нас i пачнецца далей нашае дабрадзенства. Аж не!-- Грошы ўкралi злодзеi, дом i хлеў згарэлi дашчэнту, збажыну ў полi выпетрыў град, i, каб дарэштаваць нашы бядоты, пакарала нас неба гэтым недаросткам-ваўкалакам, якога я нарадзiла на сорам i смех усёй вёсцы! Пад святога Лаўрэна стукнула малому тры з палавiнай, а яно ўсё яшчэ не стаiць на сваiх павучыных ножках i не гаворыць, а толькi яўкае, толькi муркае, бы той кот, а жарэ ж, клятае выроддзе, як здаровае, як бы ў восем, а ўсё роўна яму -- як наскрозь праходзiць. Божачка, умiлажалься з яго i з нас! Няўжо мы так i змусiмся гадаваць хлапчаня сабе на пакуту i яшчэ большую нэндзу: з кожным днём дзiця есцiме больш i больш, а працы з яго кот наплакаў. Не, не, не можа чалавек вытрываць усяго гэтага! А хай бы я лепей сканала!-- I гаротнiца пачала стагнаць i галасiць, аж пакуль жаль горкi зусiм не дапёк яе; змогшыся, яна заснула.

Нябога i праўда магла бедаваць i жалiцца з такiм брыдкiм вырадкам, якога нарадзiла тры з палавiнаю гады таму назад. Тое, што з першага вока можна было прыняць за дзiўна выкрыўлены кавалак каравага дрэва, было сапараўды нешта выродлiвае, пядзi з дзве ў рост, дзiця; пакладзенае ўпоперак ношкі, яно цяпер выпаўзла адтуль i, нешта вуркочучы, юрзалася ў траве. Галава ўрасла ў плечкi, на спiне нейкая наросцiна, як гарбуз, а адразу ад грудзей раслi ножкi, тонкiя, як дубцы з ляшчыны, i ўсё яно было як бы рассечаная рэдзька. Пустое вока не разгледзела б твару, але калi пiльней, дык можна было ўбачыць нос, доўгi i шылаваты, ён тырчаў з-пад чорных скаўтуненых валасоў, i маленькiя чорныя з iскрынкамi вочкi -- усё гэта ўдадатак да маршчынiстага старэчага твару, здавалася, выкрывала ў iм маленькага альраўна.

I вось, калi, як ужо сказана, пакутнiца глыбока заснула, а сынок яе прыгарнуўся да яе, сталася так, што паненка фон Розэншэн, патронка блiжэйшага прыюту, якраз вярталася тою дарогаю са шпацыру. Яна спынiлася i, як што душою i сэрцам была добрая спагаднiца, дык убачаная ёю карцiна бядоты людское моцна ўшчаміла яе.

-- О справядлiвае неба,-- усклiкнула яна,-- колькi няшчасця i гора на гэтай зямлi! Бедная гаротнiца! Ведаю, не жыве а клевае, працуе з-над сiлы астатняе, голад i клопат стачылi яе. Толькi цяпер я адчула ўбоства i немач сваю! Ах, каб жа я магла памагчы, як душою зычу! Але ўсё, што яшчэ засталося ў мяне, тыя нямногiя дары, якiх лiхi варожы лёс не здолеў нi ўкрасцi, нi знiшчыць, усё, што яшчэ ў маёй волi, я цвёрда i ўпэўнена хачу пакласцi на тое, каб ухiлiць бяду. Грошы, а каб жа я iх толькi i мела, табе, нябожа, не памаглi б, а можа нават яшчэ й дарэштавалi б долю тваю. Табе i твайму чалавеку, вам абаiм, багацце не наканавана; у таго золата цячэ з кiшэнi, ён i сам не ведае як, яно толькi больш спрычыняе маркоты, i чым больш яму перападае, тым бяднейшы ён робiцца. Але ведаю я: больш, чым усё якое, больш за беднасць, точыць тваё сэрца гаркота, што прывяла ты на белы свет гэту маленькую пачвару, якую, нiбы цяжкую лiхую навалач, мусiш несцi праз усё жыццё. Статным, прыгожым, дужым, разумным хлопчык гэты нiколi не стане, але, можа, удасца паспрыяць яму нейкiм iншым чынам.

Тут паненка асела на траву i ўзяла малое на каленi. Злосны карлiк вывiнаўся i ўпiраўся, бурчаў i спрабаваў укусiць паненку за палец, але яна сказала:

-- Супакойся, супакойся, мой хрушчык!-- i пачала пяшчотна i далiкатна гладзiць яго па галоўцы, ад лоба да патылачка. I спаквалютку, пакуль гладзiла, кудлы ў малога расправiлiся, расклалiся прадзелам, роўнымi пасмамi ўлеглiся вакол лоба, мякка апалi на вострыя плечы i гарбузаватую спiну. Малое ўсё спакайнела i спакайнела i, нарэшце, моцна заснула. Тады паненка Розэншэн асцярожна паклала яго на мураву каля мацi, папырскала на яго пахучай вадою з нюхальнай пляшачкi, якую яна дастала з торбачкi, i паспешлiва адышла.

Прачнуўшыся неўзабаве, жанчына адчула, што неяк дзiўна падужэла i пасвяжэла.

-- О-го,-- усклiкнула яна,-- колькi бадзёру мне даў кароткi сон! Але ўжо сонца на спадзе, пара дахаты!-- Тут яна ўжо хацела была падважыць ношку на пагоршкi, заглянула ў яе, аж малога й няма. А тое падвялося з травы i жаласна занюнькала. Мацi зiрнула на яго, пляснула рукамi, здзiўленая, i ўсклiкнула:

-- Цахес, маленькi мой Цахес, а хто ж гэта так прыгожа цябе зачасаў? Цахес, мой маленькi Цахес, як добра ўпасавалi б табе гэтыя пасмачкi, калi б не быў ты такi брыдкi. Ну, ходзь, ходзь сюды -- лезь у ношку.

Яна хацела схапiць яго i пакласцi на ламачча, але малы Цахес пачаў адбрыквацца, дражнiцца i досыць выразна яўкнуў:

-- Ня хоцаца!

-- Цахес, маленькi мой Цахес! -- не памятаючы сябе закрычала жанчына. -- Хто ж гэта навучыў цябе гаварыць? Ну, калi ўжо ты так файна зачасаны, так спраўна гаворыш, дык, можа, i бегаць умееш?

Яна ўскiнула на плечы ношку, малы Цахес ухапiўся за яе фартух, i так яны пайшлi ў вёску.

Мелiся яны там прайсцi мiма пастаравай хаты, i знагодзiлася так, што пастар якраз стаяў у дзвярах са сваiм малодшым сынам. Убачыўшы кабету з цяжкай ношкай i малога Цахеса, што ўчапiўся за яе фартух, пастар прывеціў яе словамi:

-- Добры вечар, фраў Лiза! Як здаровiцца? Як добрыцца? Чым дух бавіце? Цяжкая ў вас ношка, вы ж ледзьве iдзяце. Прыселi б i адпачылi на лаўцы вось, я скажу служанцы, хай прынясе напiцца!

Фраў Лiза не далася доўга ўпрошваць, апусцiла ламачча на зямлю i ўжо была разявiла рот, каб панаракаць багатаму пану на сваё гора, але ад рэзкага руху малы Цахес страцiў раўнавагу i пакацiўся пастару пад ногi. Той борздзенька нагнуўся, падняў малое i сказаў:

-- Вой, фраў Лiза, фраў Лiза, якi ж у вас мiленькi, прыгожанькi хлопчык!

Ён узяў малое на рукi, пачаў яго лашчыць i, здавалася, анi не зважаў, што злы недаростак брыдка вурчыць i яўкае i нават мерыцца ўкусiць шаноўнага пана за нос. Фраў Лiза, зусiм збiтая спанталыку, стаяла перад святаром, лупiла на яго застылыя ад здзiўлення вочы i не ведала, што тут падумаць.

-- Ах, дарагi спадару пастар,-- нарэшце занудзiла яна, тхiмкаючы носам,-- вам, служку божаму, грэх смяяцца з беднай кабецiны, якую няведама за што пакаралi нябёсы гэтым агiдным ваўкалакам.

-- Глупства,-- сур'ёзна запярэчыў святар,-- глупства верзяце, мiлая фраў! Смяяцца... ваўкалак... кара нябесная! Я не разумею вас i ведаю адно, што вы, мабыць, зусiм аслеплi, калi шчырым сэрцам не любiце вашага чароўнага сынка! Дай бусi, мiлае дзiцятка!-- Пастар песцiў хлопчыка, а Цахес бурчаў: "ня хоцаца!" -- i зноў мерыўся ўхапiць яго за нос.

-- Во, паскуднае страшыдла! -- аж спалохалася фраў Лiза.

Але тут загаварыў пастараў сын:

-- Ах, мiлы мой тата, ты такi добры, такi лагодлiвы з дзецьмi, што яны, пэўна, усе цябе шчыра любяць!

-- Паслухайце толькi,-- усклiкнуў пастар, блiснуўшы вачыма ад радасцi,-- вы толькi паслухайце, фраў Лiза, гэтага цудоўнага, разумнага хлопчыка, вашага мiлага Цахеса, гэтага нелюба вашага. Я ўжо прымячаю, што вы нiколi не будзеце яму радыя, якi б разумны i прыгожы ён нi быў. Вось што, фраў Лiза, аддайце мне вашага хлопчыка, ён падае вялiкiя надзеi. А я буду даглядаць i выхоўваць яго. Пры вашай беднасцi ён толькi завада вам, а мне будзе радасць гадаваць яго як роднага сынка!

Фраў Лiза нiяк не магла прыйсцi да памяцi ад дзiва такога i ўсё гаварыла:

-- Ай, дарагi спадару пастарка, няўжо вы i праўда не жартуеце i хочаце ўзяць да сябе маленькага нетапыра, выхаваць яго i адвесцi ад мяне ўсе бядоты, якiя я мела праз гэтага ваўкаватага немысля?

Але чым больш распiсвала фраў Лiза гiдкую брыдоту свайго гнома, тым гарачэй зацiнаўся пастар i даказваў, што яна ў сваiм вар'яцкiм асляпленнi не заслужылася на такую каштоўную даброць, дабраславенне нябёсаў, якiя паслалi ёй дзiвоснага хлопчыка, нарэшце, разгневаўшыся, з маленькiм Цахесам на руках убег у хату i замкнуў за сабою дзверы на засаўку.

Як скамянелая стаяла фраў Лiза пад дзвярыма пастаравай хаты i не ведала, што й падумаць. "Ды што ж гэта, Госпадзе,-- разважала яна сама з сабою,-- здзеялася з нашым шаноўным пастарам, чаго гэта яму так моцна палюбiўся бедны Цахес, што ён прымае дурнога курдупеля за прыгожага i разумнага хлопчыка? Але хай паможа Бог добраму спадару, ён зняў з маiх плячэй цяжар i ўзбатаваў яго на сябе, нахай-от пабачыць сам, як лёгка яго несцi! Уга, як палягчэла ношка без малюткi Цахеса, з iм -- адна марока!

I тут фраў Лiза падняла на плечы ношку i весела i бестурботна пайшла сваёй дарогай.

Што ж да патронкi фон Розэншэн альбо, як яна сябе называла, Розэнгруншэн, дык ты, ласкавы мой чытач,-- калi б i зарупела мне пакуль там што якое памаўчаць пра тое,-- усё-такi здагадаўся, што тут была пад сподам нейкая адмысловасць. Бо тое, што шчырадушны пастар палiчыў мальца Цахеса прыгожым i разумным i прыняў як роднага сына, тлумачыцца не чым-небудзь такiм, а таямнiчым уздзеяннем яе рук, якiмi яна пагладзiла малога па галоўцы i расчасала яму валоскi. Аднак, любасны чытач, нягледзячы на тваю найглыбейшую празорлiвасць, ты ўсё-такi можаш заблытацца ў няправiльных здагадках альбо, на вялiкую шкоду нашаму расказу, пераскочыць праз многа старонак, каб хутчэй даведацца пра гэтую таямнiчую прынцэсу; дык лепей ужо я сам без лiшняга адкладу раскажу табе як мае быць усё, што ведаю пра гожую панi.

Паненка фон Розэншэн была высокага росту, з высакароднай, iмпазантнай статурай i крыху ганарлiвай уладнасцю. Яе твар, хоць яго i можна было назваць вельмi прыгожым, асаблiва калi яна як звычайна строга i нерухома глядзела наперад, усё-такi рабiў нейкае дзiўнае, амаль злавеснае ўражанне, што след было б аднесцi на незвычайную, дзiўную складку памiж брывамi, але яна сама толкам так i не ведала, цi дазваляецца патронкам насiць на лобе нешта падобнае; але пры гэтым у яе паглядзе, часцей у часiны, калi цвiтуць ружы i стаiць пагода, свяцiлася такая вабнасць i лепата, што кожны адчуваў сябе захопленым салодкай, неадольнай замiлаванасцю. Калi я першы i апошнi раз меў прыемнасць бачыць гэтую даму, яна, калi меркаваць па знешнасцi, была сама-сама ў росквiце сама будзь-будзь, i дасягнула зенiту, i я думаў, што на маю долю выпала вялiкае шчасце ўбачыць яе якраз на гэтым павароце i нават нейкiм чынам спалохацца яе дзiвоснай прыгажосцi, якая вось-вось ужо магла i прывянуць. Але я памыляўся. Вясковыя старажылы кажуць, што ведаюць гэтую панi, колькi сябе памятаюць, i што яна заўсёды была такая, нi старэйшая, нi маладзейшая, нi брыдчэйшая, нi прыгажэйшая, рыхтык як цяпер. Мабыць, час не меў улады над ёю, i ўжо адно гэта было дзiўна. А тут яшчэ дадавалiся iншыя самыя розныя акалiчнасцi, якiя, пасля сталай развагi, бянтэжылi кожага настолькi, што ён урэшце сам блытаўся ў сваiх здогадзях. Па-першае, вельмi ясна выяўлялася сваяцтва паненкi Розэншэн з кветкамi, iмя якiх яна насiла. Бо на ўсiм свеце не было чалавека, якi ўмеў бы, як яна, выганяць такiя дзiвосныя тысячапялёсткавыя ружы, а ў яе, толькi яна, бывала, уторкне ў зямлю якi-небудзь сухi, калючы дубчык, аж бач -- на iм пышна пачыналi расцi гэтыя кветкi. Да таго ж было вядома, што самотна гуляючы ў лесе, паненка голасна гутарыць з нейкiмi таямнiчымi галасамi, падобна на тое, што гэта былi галасы дрэў, кустоў, крынiц i ручаёў. А аднаго разу адзiн малады мысліўчык нават падгледзеў, як яна стаяла ў лясной нетры, а вакол яе пырхалi i лашчылiся да яе рэдкiя, нябачныя ў гэтай краiне птушкi са стракатым блiскучым пер'ем, яму нават здалося, нiбыта яны, весела цвiркочучы i спяваючы, расказвалi ёй розныя пацешныя прыгоды, а яна радасна смяялася. Усё гэта прыцягнула да сябе ўвагу навакольных жыхароў неўзабаве пасля таго, як паненка фон Розэншэн паступiла ў прыют. Яе прынялi туды паводле княскага загаду; а таму барон Прэтэкстатус фон Мондшайн, уладар маёнтка, у суседстве з якiм быў прыют i дзе ён быў апекуном, супроць гэтага не меў нiчога, нягледзячы на тое, што яго тузалi страшныя сумненнi. Дарма ён старанна шукаў прозвiшча Розэнгруншэн у "Кнiзе турнiраў" Рыкснера i ў iншых хронiках. На гэтай падставе ён справядлiва мог запаняверыцца ў правах на паступленне ў прыют паненкi, якая не магла паказаць радавод у трыццаць два продкi, i нарэшце, зусiм ужо ў поўнай скрусе, са слязьмi на вачах прасiў у яе, заклiнаючы небам, каб, прынамсi, хоць не называла сябе Розэнгруншэн, а Розэншэн, бо ў такiм iменi ёсць хоць якi сэнс i тут можна знайсцi хоць якога продка. Яна, каб дагадзiць яму, згадзiлася. Магчыма пакрыўджаны Прэтэкстатус нейкiм чынам паказаў сваю прыкрасць да паненкi без продкаў i тым самым даў зачэпку лiхiм пагудкам, якiя ўсё больш i больш распаўзалiся па вёсцы. Да тых чароўных гутарак у лесе, ад якiх, зрэшты, не было вялiкай бяды, дадалiся розныя iншыя падазронасцi; чуткi пра iх перадавалiся з вуснаў на вусны i выяўлялi сапраўдную сутнасць паненкi ў даволi двухсэнсоўным асвятленнi. Цётухна Ганна, солтысiха, бажылася, што за кожным разам як паненка, высунуўшыся ў акно, моцна чхне, ва ўсёй вёсцы скiсае малако. Як толькi гэта пацвердзiлася, сталася самае жудаснае: Мiхель, настаўнiкаў сын, ласаваўся ў прыюцкай кухнi смажанай бульбай i быў заспеты паненкай, якая, усмiхнуўшыся, пагразiла яму пальчыкам. Рот у хлопца так i застаўся раззяўлены, быццам у iм застрагла гарачая печаная бульбiна, i з таго часу ён мусiў насiць шыракаполы капялюш, а то дождж сек бы бедалагу проста ў горла. Неўзабаве ўсе пераканалiся, што паненка ўмее загаворваць агонь i ваду, насылаць буру i град, каўтун i iншую паляндру, i нiхто не сумняваўся, што пастух меў рацыю, калi расказваў, як ён апоўначы з жахам i трымценнем на свае вочы бачыў, што паненка лётала ў паветры на памяле, а спераду ляцеў велiзарны жук, i сiняе полымя шугала памiж ягоных рагоў! I ўсё забурлiла, захвалявалася, усё паўстала на ведзьму, а вясковы суд пастанавiў нi многа нi мала, як выклiкаць паненку з прыюта i ўкiнуць у ваду, каб яна прайшла належнае ведзьмам выпрабаванне. Барон Прэтэкстатус не ўсупрацiвiўся гэтаму i, усмiхаючыся, казаў сам сабе: "Вось так яно i бывае з простымi людзьмi без продкаў, якiя не са старадаўняга знакамiтага роду, як Мондшайны." Паненка, якой паведамiлi пра небяспеку, уцякла ў княскую рэзiдэнцыю, пасля чаго неўзабаве барон Прэтэкстатус атрымаў ад заможнага князя кабiнетны ўказ, якiм да ведама барону даводзiлася, што ведзьмаў не бывае, i загадвалася сачыць за поспехамi ў плаваннi прыюцкіх паненак, вясковых суддзяў увязьнiць у вежу, а астатнiм сялянам, а таксама iхнiм жонкам пад страхам адчувальнага цялеснага пасячэння, абвясцiць, каб i на ўме не мелi думаць пра паненку Розэншэн нiчога благога. Яны схамянулiся, спалохалiся кары i наперад пачалi думаць пра паненку толькi добрае, што мела вельмi дадатныя наступствы для абодвух бакоў -- як для вёскi, так i для паненкi Розэншэн.

А кабiнету князя было добра вядома, што паненка фон Розэншэн была не якая там сякая-такая, а славутая на ўвесь свет фея Розабэльвэрдэ. А было яно ўсё так.

На ўсёй зямлi наўрад цi можна было знайсцi краiну, каб была прыгажэйшая за тое маленькае княства, дзе быў маёнтак барона Прэтэкстатуса фон Мондшайна i дзе жыла паненка фон Розэншэн, адным словам, дзе адбылося ўсё тое, пра што я, любасны мой чытач, якраз i маю рупнасць расказаць табе больш грунтоўна.

Акружаная высокiмi гарамi, гэтая маленькая краiна з яе зялёнымi духмянымi гаямi, квяцiстымi лугамi, шумнымi патокамi i гуллiва плескатлiвымi крынiцамi, была падобная -- а асаблiва ж таму, што ў ёй зусiм не было гарадоў, а толькi ветлыя вёсачкi ды сям-там самотныя замкi,-- на дзiвосы, прыгожы сад, жыхары якога быццам гулялi ў iм дзеля сваёй уцехi, анi не ведаючы пра цяготы жыцця. Кожны ведаў, што краiнай гэтай кiруе князь Дэметрыус, але нiхто не заўважаў, што ёю кiруюць, i ўсе былi з гэтага дужа радыя. Асобы, якiя любяць поўную свабоду ва ўсiх сваiх дзеях, прыгожую мясцовасць i мяккi клiмат, не маглi б выбраць сабе лепшага жыхарства, як у гэтым княстве, а таму сталася так, што разам з iншымi асялiлiся там i цудоўныя феi добрага нораву, якiя, як вядома, найвышэй за ўсё цэняць цяпло i свабоду. Якраз iм i можна было заўдзячаць, што амаль у кожнай вёсцы, асаблiва ў лясах часта здаралiся прыемныя цуды i што кожны, захоплены раскошай i шчасцем, непахiсна верыў ва ўсё цудоўнае i, сам таго не ведаючы, з гэтай акурат прычыны быў вясёлы, а значыцца, i добры грамадзянiн. Добрыя феi жылi па сваёй волi i зусiм як у Джынiстане i з вялiкай ахвотай падаравалi б Дэметрыусу вечнае жыццё. Але на гэта не ставала iхняй улады. Дэметрыус памёр, i яго заступiў малады Пафнуцiй.

Яшчэ за жыцця спадара бацькi Пафнуцiй употайкi моцна маркоцiўся, што, бач, як яму здавалася, краiна i народ у такiм страшэнным занядбаннi. Ён рашыў кiраваць i адразу, як толькi заняў трон, паставiў першым мiнiстрам дзяржавы свайго камердынера Андрэса, якi, калi аднаго разу Пафнуцiй забыў кашалёк на пастойным двары за гарамi, пазычыў яму шэсць дукатаў i тым самым выбавiў з вялiкай бяды. "Я хачу кiраваць, любасны!" -- крыкнуў яму Пафнуцiй. Андрэс прачытаў у вачах у свайго патэнтата, што рабiлася ў яго на душы, прыпаў да ягоных ног i ўрачыста прамовiў:

-- Сiр! Вялiкая гадзiна прабiла! У ззяннi паўстае з начнога хаосу дзяржава! Сiр! вас просiць самы верны васал, тысячы галасоў няшчаснага гаротнага людства рвуцца вонкi з ягоных грудзей i горла! Сiр! увядзiце асвету!

Пафнуцiй адчуў вялiкае ўзрушэнне ад узнёслых думак свайго мiнiстра. Ён падняў яго, парывiста цiскануў да грудзей i, плачучы, прамовiў:

-- Мiнiстр! Андрэс, я абавязаны табе шасцю дукатамi,-- больш таго -- маiм шчасцем, маёй дзяржавай! о верны, разумны слуга!

Пафнуцiй ужо быў гатовы загадзя надрукаваць вялiкiмi лiтарамi i прыбiць на ўсiх ростанях эдыкт, што з сённяга ўводзiцца асвета i кожнаму ставiцца абавязкам наперад з гэтым лiчыцца.

-- Шаноўны сiр!-- усклiкнуў Андрэс,-- шаноўны сiр, так справы не робяцца!

-- А як яны робяцца, любасны мой?-- спытаўся Пафнуцiй, ухапiўшы мiнiстра за пяцельку, пацягнуў таго ў кабiнет i замкнуў дзверы.

-- Ведаеце што, -- пачаў Андрэс, сеўшы на зэдлiк насупраць свайго князя,-- ведаеце што, найлiтасцiвейшы спадару, дзеянне вашага княскага эдыкта пра асвету можа скасавацца самым горшым чынам, калi мы не спалучым яго з нейкiмi мерамi, якiя, хай сабе i здаюцца суровымi, але дыктуюцца дабрамысным намерам. Перш чым мы з вамi прыступiмся да асветы, iнакш кажучы загадаем высячы лясы, зрабiць раку навiгацыйнай, развесцi бульбу, палепшыць вясковыя школы, пасадзiць акацыi i таполi, навучыць моладзь спяваць на два галасы ранiшнiя i вячэрнiя малiтвы, пракласцi шасэйныя дарогi i ўшчапiць воспу,-- перш належыць выгнаць з дзяржавы ўсiх людзей небяспечнага накiрунку ў мысленнi, якiя глухiя да голасу розуму i падбiваюць людства на розныя дурасцi. Шаноўны княжа, вы чыталi "Тысячу i адну ноч", бо, я ведаю, ваш найсвятлейшы, шчаснай памяцi спадар татуля -- хай спашле яму неба непрабудны сон у магiле! -- любiў такiя пагiбельныя кнiгi i даваў iх вам у рукi, калi вы яшчэ гапатавалi вярхом на кiёчку i елi залачоныя пернiкi. Ну вось, з гэтай абсалютна канфузнай кнiгi вы, найлiтасцiвейшы спадару, мабыць, ведаеце пра так званых феяў, аднак вы, пэўна, i не здагадваецеся, што некаторыя з гэтых небяспечных асоб пасялiлiся ў вашай міладайнай краiне, тут, блiзенька ад вашага палаца, i ўчыняюць самыя розныя непатрэбствы.

-- Як? Што ты кажаш, Андрэс? Мiнiстр! Феi -- тут, у маёй краiне!-- усклiкнуў князь, збялеўшы i адкiнуўшыся ў крэсле.

-- Мы можам быць спакойныя, найлiтасцiвейшы валадару,-- гаварыў далей Андрэс,-- мы можам быць спакойныя, калi ўзброiмся розумам супроць гэтых неабольнікаў асветы. Так! Неабольнікамі асветы я iх называю, бо толькi яны, заўжыўшы на благое шчадроты вашага светлай памяцi спадара татулi, вiнаватыя ў тым, што любасная айчына ўсё яшчэ застаецца ў апраметнай цемры. Яны панатрацца ў небяспечным рамястве -- цудатварэннi -- i не баяцца пад назовам паэзii разносiць шкодную атруту, якая робiць людзей няздольнымi да службы на карысць асветы. Далей, у iх такiя нясцерпныя, супрацiўныя палiцэйскаму статуту завядзёнкi, што ўжо адно за гэта яны не могуць трывацца нi ў воднай цывiлiзаванай дзяржаве. Так, напрыклад, гэтыя дзёрзкiя вычварыны адважваюцца, калi толькi iм у хвасце завiне, рабiць шпацыроўкi ў паветры, а на лейцах у iх галубы, лебедзi i нават крылатыя конi. Ну вось, найлiтасцiвейшы валадару, ну вось я i пытаюся, а цi варта прыдумляць i ўводзiць разумныя акцызныя зборы, калi ў дзяржаве працвiтаюць людзi, якiя здольныя кожнаму легкадумнаму грамадзянiну ўкiнуць у комiн колькi хоч бязмытнага тавару? А таму, найлiтасцiвейшы валадару, як толькi будзе дакляравана асвета, усiх феяў -- у каршэнь! Iх палацы абсядзе палiцыя, у iх сканфiскуюць усю небяспечную маетнасць i, як валацугаў, спратораць на радзiму, у маленькую краiну Джынiстан, якая вам, найлiтасцiвейшы валадару, мусiбыць, вядомая па "Тысячы i адной ночы".

-- А цi ходзiць туды пошта, Андрэс?-- спытаўся князь.

-- Пакуль што не,-- адказаў Андрэс,-- але можа стацца, што пасля ўвядзення асветы карысна будзе адчынiць штодзённую пошту i ў гэтай краiне.

-- Але ж бо, Андрэс,-- зноў за сваё князь,-- цi не палiчаць меры, якiя мы ўзажывем супроць феяў, крутымi? Цi не пачне наракаць распешчанае людства?

-- I на гэты раз,-- сказаў Андрэс,-- i на гэты выпадак я маю сродак. Мы, найлiтасцiвейшы валадару, не ўсiх феяў спраторым у Джынiстан, адну каторую пакiнем у нашай краiне, але не толькi пазбавiм iх усякай магчымасцi заядацца з асветай, але i скарыстаемся ўсiмi патрэбнымi сродкамi, каб ператварыць iх у карысных грамадзян цывiлiзаванай дзяржавы. А не захоча каторая ўзяць дабрамысны шлюб,-- што ж, хай пад строгiм наглядам практыкуецца ў якiм-небудзь карысным рамястве, вяжа панчохi войску, калi нахопiцца якая вайна, альбо робiць што iншае. Вазьмiце пад увагу, найлiтасцiвейшы валадару, што людзi, калi сярод iх завядуцца феi, вельмi хутка перастануць у iх верыць, а гэта ж цi не самае лепшае. I ўсякiя нарокi ацiхнуць самi па сабе. А што да начыння, якое належыць феям, дык яно пяройдзе на княскiя палiцы, галубы i лебедзi як цудоўная смажанка пойдуць на княскую кухню; крылатых коней таксама можна дзеля спробы прыручыць i зрабiць карысным быдлам, абцяўшы iм крылы i даючы аброку ў стойлах; а кармленне ў стойлах мы ўвядзем разам з асветаю.

Пафнуцiй быў больш чым задаволены прапановамi свайго мiнiстра, i ўжо на другi дзень было выканана ўсё, пра што яны ўмовiлiся.

На ўсх вулiцах красаваўся эдыкт пра ўвядзенне асветы, i ў той самы час палiцыя ўжо ўломвалася ў палацы феяў, накладваючы арышт на ўсю маёмасць, а саміх выводзiла пад канвоем.

Толькi неба ведае, як так здарылася, што фея Розабэльвэрдэ за некалькi гадзiн да таго, як грымнула асвета, адна з усiх пра ўсё ўведала i паспела выпусцiць на волю сваiх лебедзяў i прыхаваць свае магiчныя ружавыя кусты i iншыя каштоўнасцi. Яна таксама ведала, што яе рашылi пакiнуць у краiне, чаму яна, хоць i супраць волi, падпарадкавалася.

Тым часам нi Пафнуцiй, нi Андрэс не маглi ўцямiць, чаму феi, якiх транспартавалi ў Джынiстан, так непамерна радавалiся i ўвесь час бажылiся, што яны анi не маркоцяцца праз усю тую маёмасць, якую вымушаны пакiнуць.

-- Урэшце,-- сказаў, угневаўшыся, Пафнуцiй,-- урэшце выходзiць, што Джынiстан больш вабная краiна, чым маё княства, i яны падымуць мяне на смех разам з маiм эдыктам i маёй асветаю, якая цяпер толькi якраз i павiнна распусціцца майскім кветам.

Прыдворны географ разам з гiсторыкам мусiць падаць грунтоўны даклад пра гэтую краiну.

Яны абодва пагадзiлiся на тым, што Джынiстан -- гаротная краiна, без культуры, асветы, вучонасцi, акацый i прышчэпкi воспы, i нават, шчыра кажучы, яе зусiм няма. А нi чалавеку, нi цэлай краiне не можа спрыгодзiцца нiчога горшага, як не быць увогуле.

Пафнуцiй пачуўся задаволеным.

Калi цудоўны квяцiсты гай, дзе стаяў пакiнуты палац феi Розэбэльвэрдэ, быў высечаны i Пафнуцiй, каб даць прыклад, сваiмi рукамi прышчапiў у блiжэйшай вёсцы усiм сялянскiм мяжджулам воспу, фея падпiльнавала князя ў лесе, праз якi ён разам з мiнiстрам Андрэсам вяртаўся ў свой замак. Тут яна красамоўнымi словамi, асаблiва ж некаторымi злавеснымi штукамi, якiя ўтоiла ад палiцыi, загнала князя ў тупiк, так што ён, заклiнаючы небам, малiў яе задаволiцца месцам у адзiным, а значыцца i ў самым лепшым ва ўсёй дзяржаве прыюце для высакародных паненак, дзе яна, нягледзячы на эдыкт пра асвету, магла гаспадарыць i кiраваць, як ёй заўгодна будзе.

Фея Розэбэльвэрдэ прыняла прапанову i такiм чынам трапiла ў прыют высакародных паненак, дзе яна, як пра тое ўжо было казана, назвалася паненкай фон Розэнгруншэн, а потым, пасля неадступнай просьбы барона Прэтэкстуса фон Мондшайна, паненкай фон Розэншэн.

Раздзел другi

Пра невядомы народ, якi адкрыў вучоны Пталамей Фiладэльфус час свайго падарожжа. -- Унiверсiтэт у Керапэсе. -- Як студэнту Фабiяну паляцелi ў галаву батфорты i як прафесар Мош Тэрпiн запрасiў студэнта Бальтазара на фiлiжанку гарбаты.

У сяброўскiх пiсьмах, якiмi славуты вучоны Пталамей Фiладэльфус, калi быў у далёкiм падарожжы, аблашчваў праяцеля свайго Руфiна, знаходзiм такую вартую ўвагi мясцiну:

"Ты ведаеш, дарагi мой Руфiн, што я нiчога на свеце так не баюся, нiчога так не пазбягаю, як гарачых сонечных промняў, што забiраюць усю моц майго цела i так стамляюць i журбоцяць дух мой, што ўсе мае намыслы злiваюцца ў нейкi цьмяны вобраз i я дарма сiлюся ахапiць думкамi што-небудзь выразнае. Таму я i зазвычаiўся гэтым гарачым часам адпачываць удзень, а ўначы вандрую. Так i ўчора ўначы я быў у дарозе. У непрагляднай цемры мой фурман выбiўся з надзейнай, роўнай каляiны i незнарок выехаў на шашу. Нягледзячы на тое, што моцныя штуршкi кiдалi мяне з боку ў бок i мая ўся ў гузах галава была падобная на мех грэцкiх арэхаў, я ачуўся з глыбокага сну толькi тады, калi жахлiвы штуршок выкiнуў мяне з карэты на цвёрдую замлю. Сонца ярка свяцiла мне ў твар, а за шлагбаўмам, якi быў якраз перад мною, я разгледзеў высокiя вежы вялiкага горада. Фурман уголас бедаваў, што аб вялiзны камень, якi ляжаў пасярод дарогi, разбiўся не толькi дышаль, разбiлася i задняе кола карэты, i, здавалася, вельмi мала, калi зусiм не турбаваўся за мяне. Я, як яно i лiчыць мудрацу, стрымаў гнеў i толькi пакорлiва крыкнуў хлопцу, што ён, гультаiна пракляты, мог бы ўцямiць, што Пталамей Фiладэльфус, славуты вучоны свайго часу, сядзiць на гузне, i хай бы там яно было дышлю дышлева, а колу колава. Табе, дарагi мой Руфiн, вядома, якую ўладу я маю над чалавечымi сэрцамi. I вось фурман iмгненна перастаў войкаць i з дапамогай шасэйнага мытнiка, каля хацiны якога i спадабiла нас тая ліхата, паставiў мяне на ногi. На шчасце я асаблiва не памяўся i меў сiлу цiхенька брысцi далей, тым часам як фурман ледзьве валок за мною паламаную карэту. Непадалёк ад брамы ўбачанага мною ў сiняй далечы горада мне сустрэлася мноства людзей такога дзiўнага выгляду i ў такой незвычайнай вопратцы, што я пачаў церцi вочы, каб упэўнiцца, цi праўда я чуваю, або, можа, якi кашмарны, дражлiвы сон перанёс мяне ў невядомую казачную краiну. Гэтыя людзi, якiх я з поўным правам мог лiчыць за жыхароў горада, з брамы якога яны выходзiлi, насiлi доўгiя, шырозныя штаны, скроеныя па-японску, з дарагой тканiны -- аксамiту, манчэстэру, тонкага фаляндышу, а то i самаробнага палатна, страката абшытага галунамi, прыгожымi стужкамi i шнуркамi, i карнатыя, ледзь да пупа дзiцячыя куртачкi, часцей светлых тонаў; толькi мала каторых было ў чорным. Нечасаныя валасы ў натуральным беспарадку ападалi на плечы i спiну, а на галаве ў кожнага была маленькая дзiўнага выгляду шапачка. У некаторых шыя была адкрытая, як у туркаў цi ў сённяшнiх грэкаў, iншыя, наадварот, насiлi на шыi i на грудзях полкi белага палатна, падобныя на каўнеры, якiя табе, любасны мой Руфiне, даводзiлася бачыць на партрэтах нашых продкаў. Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя людзi здавалiся досыць маладымi, галасы ў iх былi тоўстыя i грубыя, а рухi вуглаватыя; у некаторых пад носам быў вузкi цень, як бы вусы. У адных ззаду з куртак тырчалi доўгiя трубкi, на якiх боўталiся вялiкiя шаўковыя кутасы. А тыя павыцягвалi трубкi з кiшэняў i прыладзiлi да iх знiзу маленькiя, сярэднiх памераў, а то i даволi вялiкiя галоўкi дзiвоснай формы i даволi спрытна, дзьмухаючы ў тоненькую, усё больш вузкую на канцы трубку, пускалi клубы дыму. Некаторыя трымалi шырокiя блiскучыя мячы, быццам iшлi насустрач непрыяцелю; у некаторых былi прышпiлены спражкамi да спiны альбо навешаны з бакоў маленькiя скураныя i бляшаныя скрыначкi. Ты можаш сабе ўявiць, дарагi мой Руфiне, як я, хочучы ўзбагацiць свае веды старанным назiраннем за ўсякiм новым для мяне феноменам, спынiўся i ўляпiў свой позiрк у гэтых дзiўных людзей. Тут яны абступiлi мяне i закрычалi на ўсё горла: "Фiлiстар! фiлiстар!" -- i выбухнулi вусцiшным рогатам. Мне зрабiлася прыкра. Бо, дарагi Руфiне, цi можа быць вялiкаму вучонаму што-небудзь больш крыўднае, чым калi яго залiчваюць да народа, якi за некалькi тысячагоддзяў да таго быў разбiты аслiнай скiвiцай? Я ўзяў сябе ў рукi i з уласцiвай мне годнасцю ўголас абвясцiў дзiўнаму народу вакол мяне, што я, трэба спадзявацца, апынуўся ў цывiлiзаванай дзяржаве i таму звярнуўся ў палiцыю i ў суд, каб паквiтацца за ўчыненую мне крыўду. Тут усе яны нарабiлi галасу; да таго ж i тыя, якiя дагэтуль не дымiлi, цяпер падаставалi з кiшэняў спецыяльныя на тое машынкi, i ўсе пачалi пускаць мне ў твар густыя клубы дыму, якi, як я цяпер толькi заўважыў, смярдзеў проста нясцерпна i глушыў мае пачуццi. Потым яны прамовiлi над мною свайго роду заклён, такi мярзотны, што я, любасны Руфiне, не хачу яго табе паўтараць. Я i сам згадваю яго з невымоўным жахам. Нарэшце яны пакiнулi мяне з гучным зняважлiвым рогатам, i мне здалося, быццам у паветры замiраюць словы: "Бiзуны ўгору!" Фурман мой, якi ўсё чуў i бачыў, сказаў, заломваючы рукi:

-- Ах, дарагi спадару, калi ўжо сталася тое, што сталася, дык, напрамiлы бог, не ўваходзьце ў гэты горад. Нiводзiн сабака, як той казаў, не возьме з вашых рук кавалка хлеба i вы будзеце ўвесь час пад небяспекай лупц...

Я не даў добраму хлопцу дагаварыць i, як толькi мог, хуценька падаўся да суседняга сяльца. У адзiнокай каморцы адзiнага на ўсю вёску заезнага двара сяджу i пiшу табе ўсё гэта, любасны Руфiне! Наколькi будзе магчыма, я збяру звесткi пра гэты невядомы варварскi народ, якi насяляе горад. Мне ўжо расказалi збольшага шмат чаго дзiўнага пра яго норавы, звычаi i iншае, i я дакладна паведамляю табе пра ўсё...etc., etc."

Ты ўжо змецiў, дарагi мой чытач, што можна быць вялiкiм вучоным i не ведаць самых звычайных рэчаў i з'яў i з прычын, даўно вядомых усяму свету, аддавацца дзiвосным мроям. Пталамей Фiладэльфус практыкаваўся ў навуках, а не ведаў нават пра студэнтаў; апiсваючы свайму сябру выпадак, якi ў галаве ягонай ператварыўся ў незвычайную прыгоду, нават не падазраваў, што ён якраз у вёсцы Гох-Якабсгайм, што, як вядома, непадалёк ад славутага Керапэскага унiверсiтэта. Мой добры Пталамей спалохаўся, сустрэўшыся са студэнтамi, якiя радасна i бестурботна гулялi дзеля сваёй асалоды за горадам. Якi страх агарнуў бы яго, калi б ён прыехаў гадзiнаю раней у Керапэс i аказiя прывяла яго да дома прафесара натуральных навук Моша Тэрпiна. Сотнi студэнтаў, сыпануўшы з дома, абступiлi б яго, шумна дыспутуючы, i ад гэтага хвалявання, ад гэтай мiтуснi яго розум збянтэжылi б яшчэ больш дзiвосныя мроiвы.

Лекцыi Моша Тэрпiна наведвалiся ў Керапэсе найчасцей. Ён быў, як пра тое ўжо сказана, парафесар натуральных навук: ён тлумачыў, з чаго бывае дождж, гром, маланка, чаго сонца свецiць удзень, а месяц уначы, як i чаму расце трава etc., так што кожнае дзiця магло гэта зразумець. Ён умясцiў усю прыроду ў маленькi далiкатны кампендыум, так што заўсёды мог ёю з выгодай карыстацца i на кожнае пытанне дастаць адказ, як усё роўна з шуфляды. Запачаткавала яго славу ўдала выведзеная iм пасля шматлiкiх фiзiчных доследаў выснова, што цемра паходзiць пераважна ад недахопу святла. Гэта адкрыццё, а таксама яго ўмельства з незвычайным спрытам ператвараць памянёныя фiзiчныя доследы ў чароўныя кунштукi i паказваць даволi пацешныя фокуспокусы, забяспечылi яго немаверна якой процьмай слухачоў. Дазволь мне, мой зычлiвы чытач, бо ж ты ведаеш студэнцтва куды лепей, чым славуты вучоны Пталамей Фiладэльфус, i табе невядомая яго летуцейнiцкая палахлiвасць, звабiць цябе ў Керапэс да дома прафесара Моша Тэрпiна якраз у той час, калi ён дачытаў лекцыю. Адзiн студэнт, якi выйшаў з лекцыi, адразу забiрае тваю ўвагу. Ты бачыш станiстага хлопца гадоў дваццацi трох, ад сiлы чатырох; яго цёмныя блiскучыя вочы яскрава гавораць пра жывы i ясны розум. Позiрк яго можна было б назваць амаль зухаватым, калi б летуцейнiцкая тужлiвасць, разлiтая на бледным твары, не засцiлала, быццам дымкай, палкiх прамянёў ягоных вачэй. Яго каптан з чорнага тонкага фаляндышу, аброблены кроеным аксамiтам, быў пашыты амаль на старанямецкi фасон, пад што вельмi пасаваў святочны, сляпуча белы каўнер i аксамiтны барэт на прыгожых цёмна-каштанавых валасах.

Такая выправа, можа, таму так i строiла яго, што ўсёй сваёй iстотай, прыстойнай хадою i паставай, сур'ёзным тварам, здавалася, ён упiсваўся ў цудоўна вышляхетненую старадаўнасць, а таму i не наводзiў на подумку пра манерыстасць, якая так часта аказвае сябе ў дробязным перайманнi блага зразуметых узораў i ў гэтак жа блага ўсвядомленых похапках нашага часу. Гэты маладзён, якi так адразу на свежае вока ўпадабаўся табе, любасэрды чытач, не хто там якi, а студэнт Бальтазар, сын годнасных i заможных бацькоў, хлопец нораву сцiплага, разважлiвы, руплiвы, пра яго я, мой чытач, яшчэ вой-вой колькi дзiўнага табе панарасказваю у гэтай дужа дасцiпнай гiсторыi.

Сур'ёзны, замроены, як заўсёды з iм бывала, iшоў Бальтазар з лекцыi Моша Тэрпiна да гарадское брамы, каб адведаць замест фехтавальнай залы цудоўны гаёк, што быў за некалькi сотняў крокаў ад Керапэса. Сябар ягоны Фабiян, прыгожы дзяцюк, вясёлы з выгляду i такi самы норавам, пабег следам за iм i дагнаў каля самае брамы!

-- Бальтазар!-- голасна крыкнуў Фабiян.-- Бальтазар, ты зноў выбраўся ў лес, зноў будзеш хадзiць, як меланхалiчны фiлiстар, тым часам як добрыя буршы руплiва практыкуюцца ў высакародным майстэрстве шармеркі. Прашу цябе, Балтазар, кiнь нарэшце свае недарэчныя дзiвацтвы, i будзь як раней вясёлы i бадзёры. Хадзем, зробiм колькi выпадаў на рапiрах, i калi табе потым зарупiць прагуляцца, дык i я пайду з табою.

-- Добрае табе наўме,-- адказаў Бальтазар,- -добрае табе наўме, Фабiян, i таму я не хачу з табой заводзiцца, калi ты як апантаны бегаеш за мною па пятах i часам пакiдаеш мяне без асалоды, пра якую сам уяўлення не маеш. Ты якраз адзiн з тых дзiўных людзей, якiя кожнага, хто чувае на самоце, лiчаць меланхалiчным дурнем i хочуць яму на свой лад перакруцiць мазгi i вылечыць, як той падступны прыдворнiк, што спрабаваў вылечыць высакароднага прынца Гамлета, а прынц сам яму даў добрую навуку, сказаўшы, што не ўмее граць на жалейцы. Праўда, дарагi Фабiян, ад гэтага я цябе ўвольню, аднак вельмi сардэчна прашу,--пашукай сабе iншага кумпана для практыкаванняў на рапiрах i эспадронах, i дай мне спакойна iсцi сваёй дарогай.

-- Не, не!-- усклiкнуў Фабiян, засмяяўшыся,-- так проста я ад цябе не адстану, дарагi дружа! Не хочаш iсцi са мною ў фехтавальную залу, дык я пайду з табою ў гай. Абавязак вернасцi сябра звяселiць цябе ў смутку. Ну, хадзем, дарагi Бальтазарка, хадзем, калi ўжо нiчога iншага табе не зарупела.

Сказаўшы гэта i падхапiўшы сябра пад руку, ён пайшоў з iм поруч. Бальтазар сцяў зубы, затоiўшы неахвоту, i замкнуўся ў панурым маўчаннi, тым часам як Фабiян бесперастанку балабонiў розныя пацешныя гiсторыi. Сюды дамяшалася ўсякая лухта, як гэта часта здараецца, калi павядаюць штось вясёленькае.

Калi нарэшце мы ўступiлi ў засень духмянага гаю, калi зашапталi кусты, быццам абменьвалiся нецярплiвымi ўздыхамi, калi ўдалечынi загучалi цудоўныя мелодыi гаманлiвых ручаёў i спевы лясных птушак разбудзiлi рэха ў гарах,-- Бальтазар нечакана спынiўся, шчыра развёў рукi, быццам збiраўся пяшчотна абняць кусты i дрэвы, i ўсклiкнуў:

-- О, цяпер мне зноў добра, няма ладу як хораша!

Фабiян, крыху сумеўшыся, паглядзеў на сябра, нiбы чалавек, якi не зразумеў, пра што зайшлося, i не ведае, што яму рабiць. Тут Бальтазар схапiў яго за руку i ўсклiкнуў, поўны захаплення:

-- Праўда ж, браце, i тваё сэрца расхiнулася, i ты спасцiгаеш дабрашчасную таямнiцу летняй асамотненасцi?

-- Я не зусiм разумею цябе, дарагi браце,-- адказаў Фабiян,-- але калi ты думаеш, што шпацыр у лесе падзейнiчае на цябе дабратворна, дык я з такою думкаю цалкам пагаджаюся. Хiба я сам не ахвотнiк да шпацыраў, асаблiва ў добрай кампанii, калi можна весцi разумную i павучальную гутарку? Напрыклад, чыстая асалода прагульвацца за горадам з нашым прафесарам Мошам Тэрпiнам. Ён ведае кожную раслiну, кожную былiнку i скажа, як яна называецца i да якога вiду належыць, i яшчэ раскажа пра вецер i надвор'е...

-- Змоўкнi, -- ускрыкнуў Бальтазар,-- прашу цябе, змоўкнi! Ты спамяуў тут пра тое, што магло б увесцi мяне ў шал, калi б у мяне не было суцяшэння. Прафесарава манера разважаць пра прыроду кроiць мне сэрца. Альбо, лепей сказаць, злавесная жудасць бярэ, быццам я бачу вар'ята, якi, зблазнаваўшыся дарэшты, строіць з сябе караля i валадара ды нянькае зробленую iм самiм салямяную ляльку, удаючы, што абдымае царскую нявесту. Яго так званыя доследы здаюцца мне агiдным глумам з боскай iстоты, чыё дыханне абвявае нас у прыродзе i абуджае ў глыбiнях душы свяшчэнныя прадчуваннi. Часам мяне разбiрае -- паразбiваць усе ягоныя шклянкi i колбы, размэтлашыць усю яго лавачку, калi б мяне не спыняла думка, што малпа ўсё адно не перастане гуляць з агнём, пакуль не апячэцца. Вось, Фабiяне, якiя пачуццi трывожаць мяне, чаго мне халадзее сэрца на лекцыях Моша Тэрпiна,-- i тады вам здаецца, што я зрабiўся больш маўклiвы i ваўкаваты. Мне быццам здаецца, што дамы вось-вось абваляцца мне на галаву, шалёны страх гонiць мяне з горада. Але тут, тут у душу маю лiецца салодкi спакой. Лежачы ў траве сярод кветак, я ўзiраюся ў бясконцую сiнечу неба, i над мною, над шчаслiва-радасным лесам плывуць залатыя хмаркi, быццам цудоўныя сны з далёкага свету, поўнага шчаснай уцехi! О мой Фабiян, тады i ў маiх грудзях нараджаецца дзiвосны дух, я слухаю, як ён таямнiча гутарыць з кустамi, з дрэвамi, цурчаннем ляснога ручая, i я не магу перадаць табе, якая мiлата перапаўняе ўсю маю iстоту салодка-тужлiвым трымценнем.

-- Ну вось,-- усклiкнуў Фабiян,-- ну вось, зноў ты завёў старую песню пра тугу i асалоду, пра дрэвы i кусты, якiя гавораць з табою. Ва ўсiх тваiх вершах паўнютка-поўна такiх прыемных субстанцый, што лашчаць слых i могуць карысціцца чалавеку, калi тут не шукаць чагосьцi большага. Але скажы мне, пекны мой мэлянхолiкус, калi лекцыi Моша Тэрпiна так моцна цябе зацiнаюць, дык скажы мне, дзеля чаго ты на iх цягаешся, нiводнай не прапускаючы, хоць, праўда, кожнага разу сядзiш маўклiвы i ваўкаваты i заплюшчыўшы вочы, быццам замроены ў крозах?

-- I не пытайся,-- адказаў Бальтазар, апусцiўшы вочы,-- не пытайся пра гэта ў мяне, любы сябар. Невядомая сiла цягне мяне шторанiцы да дома Моша Тэрпiна. Я наперад ведаю свае пакуты, але не магу супрацiвiцца, цёмная ўлада гонiць мяне!

-- Ха-ха!-- зарагатаў Фабiян,-- ха-ха-ха! Як тонка, як паэтычна, як мiстычна! Невядомая сiла, што надзiць цябе да дома Моша Тэрпiна, яна ў цёмна-блакiтных вачах лiлейнай Кандзiды. Што ты па вушы закаханы ў чароўную дачку прафесара, усе мы добра ведаем, а таму i даруем табе ўсе твае фантазii i блазнаватыя паводзiны. З закаханымi заўсёды так. Ты якраз у першым коле любоўнай немачы, i табе на спадзе маладосцi даводзiцца рабiць усе тыя недарэчныя глупствы, з якiмi мы, як i многiя iншыя, дзякуй богу, расхрысцiлiся яшчэ ў школе. Але павер мне, сэрцайка...

Фабiян зноў узяў сябра пад руку i шпарка пайшоў з iм далей. Яны якраз выйшлi з гушчару на шырокую дарогу, што iшла праз лес, як раптам Фабiян убачыў удалечынi каня, якi ў хмары пылу ляцеў на iх без верхаўца.

-- Эй-эй!-- усклiкнуў ён, сам сябе перабiўшы.-- Эй, зiрнi, праклятая шкапа скiнула верхаўца i ўцякла... трэба яе злавiць, а потым пашукаць у лесе гаспадара.-- I ён стаў пасярод дарогi.

Конь наблiжаўся, i можна было заўважыць, што на баках у яго як бы матляюцца батфорты, а на сядле варушыцца нешта чорнае. Раптам пад самым носам у Фабiяна пачулася працяглае, пранозлiвае: "Тпру-у-у!" -- i ў той самы момант над галавой праляцела пара батфортаў, i нейкi дзiўны маленькi чорны прадмет пакацiўся яму пад ногi. Вялiзны конь спынiўся як укапаны, i, выцягнуўшы шыю, абнюхваў свайго маленькага гаспадара, якi валтузiўся ў пяску i нарэшце неяк узбiўся на ногi. Галава малога моцна ўдалася ў плечы, i ўвесь ён, з наростам на спiне i грудзях, кароткiм тулавам i доўгiмi павучынымi ножкамi, нагадваў насаджаны на вiдэлец яблык, на якiм выразана агiдная морда. Убачыўшы гэтую дзiўную маленькую пачвару, Фабiян зарагатаў. Але малое злосна насунула на вочы барэт, якi толькi што падняло з зямлi, i, гнеўна ўпiўшыся ў Фабiяна вачыма, спыталася грубым сiпатым голасам:

-- Цi гэта дарога на Керапэс?

-- Так, спадару,-- зычлiва i сур'ёзна адказаў Бальтазар i падаў малому паднятыя батфорты.

Як нi старалася тое нацягнуць iх, усё марна -- увесь час кулялася, стагнала, сапло i качалася ў пяску. Бальтазар паставiў батфорты, асцярожна падняў малога i гэтак жа клапатлiва ўсунуў яго ножкамi ў цяжкiя i шырозныя халявы. Ганарыста ўпершыся рукою пад бок, а другую прыклаўшы да барэта, малец ўсклiкнуў: "Gratias**, спадару!" -- падышоў да каня i ўзяў яго за аброць. Але ўсе ягоныя спробы дастаць стрэмя i ўскараскацца на высокую жывёлiну былi пустыя. Бальтазар гэтак жа сур'ёзна i зычлiва падышоў да яго i падсадзiў. Малец, вiдаць, надта моцна гупнуўся ў сядло, бо тут жа зляцеў на зямлю па той бок каня.

-- Не гарачыся так, мiлы мусье!-- усклiкнуў Фабiян, зноў гучна зарагатаўшы.

-- Чорт -- ваш мiлы мусье! -- усклiкнуў, ужо зусiм угневаўшыся, малец i атросся ад пылу.-- Я студыёзус, а калi i вы таксама, дык гэта называецца выклiкам -- гэты ваш блазенскi смех мне ў твар, i вы павiнны заўтра ў Керапэсе даць мне сатысфакцыю!

-- Чорт вазьмi,-- не перастаючы смяяцца, крыкнуў Фабiян,-- чорт вазьмi, ды гэта бурш, малец куды к чорту, калi зайшло пра адвагу i правiлы гонару! -- З гэтымi словамi Фабiян падняў мальца i, як той нi брыкаўся, нi ўпiраўся, пасадзiў яго на каня, якi весела гiгiкаючы, панёс свайго гаспадара. Фабiян за бакi хапаўся, памiраючы ад смеху.

-- Сэрца ў цябе няма,-- сказаў Бальтазар,-- глумiцца з чалавека, якога так жорстка, як гэтага маленькага верхаўца, пакрыўдзiла прырода. Калi ён i праўда студэнт, дык ты павiнен з iм стаць на дуэль, i прытым, хоць гэта i супроць усiх акадэмiчных звычаяў, на пiсталетах, бо валодаць рапiрай альбо эспадронам ён не можа.

-- Як сурова,-- азваўся Фабiян,-- як сур'ёэна, як змрочна ты сабе гэта ўяўляеш, дружа мой Бальтазар. Мне нiколi не прыходзiла ў галаву глумiцца з калецтва. Але скажы, калi ласка, цi гадзiцца такому гарбатаму недаростку лезцi на каня, з-за шыi якога ён ледзь выглядвае? Цi гадзiцца яму лезцi сваiмi ножкамi ў такiя чорт ведае якiя шырокiя батфорты? Цi гадзiцца яму напяльваць такую вузенькую куртачку ў аблiпку, з мноствам галуноў, шнуркоў i кутасоў, цi гадзiцца яму насiць такi велягурысты аксамiтны барэт? Цi гадзiцца яму строiць з сябе такога надзьмутага i фанабэрлiвага зуха? Вымучваць такi варварскi, сiпаты голас? Цi гадзiцца ўсё гэта яму, пытаюся я, i цi ж нельга з поўным правам падняць яго на смех, як блазна? Але мне трэба вярнуцца ў горад, i я павiнен паглядзець, як гэты рыцар-студыёзус уедзе на сваiм гнядым канi ў Керапэс i якi там учынiцца гвалт! З табою сёння пiва не наварыш. Будзь здаровы!-- I Фабiян пабег лесам у горад.

Бальтазар звярнуў з дарогi i заглыбiўся ў самую нетру; там ён прысеў на замшэлую купiну, горасныя пачуццi агарнулi яго i цалкам завалодалi iм. Магчыма, ён i напраўду кахаў прыгажуню Кандзiду, але ён схаваў гэта каханне ў сваiм сэрцы ад усiх, нават ад самога сябе, як глыбокую, пяшчотную таямнiцу. I калi Фабiян так легкадумна загаварыў пра гэта, Бальтазар адчуў сябе так, быццам грубыя рукi з блюзнерчай дзёрзкасцю здзiраюць з выявы святой покрыва, да якога ён i дакрануцца не мог, быццам цяпер ён сам навекi ўгнявіў святую. Так, словы Фабiяна здавалiся яму мярзотным глумленнем з усёй ягонай iстоты, з самых салодкiх летуценняў.

-- Дык вось,-- усклiкнуў ён з бязмежнай прыкрасцю,-- дык вось, Фабiян, ты прымаеш мяне за закаханага дурня, якi цягаецца на лекцыi Моша Тэрпiна, каб хоць гадзiнку правесцi пад адным дахам з прыгожай Кандзiдай; якi самотна бадзяецца па лесе, каб, склаўшы ў памяцi найгоршыя вершы да каханай, потым запiсаць iх, з чаго яны яшчэ больш знiкчэмняцца; якi губiць дрэвы, выразаючы на гладкай кары iдыёцкiя вензелi, а пры каханай слова разумнага сказаць не можа, адно стогне, уздыхае i крывiцца плаксiвымi грымасамi, быццам яго курч схапiў; якi ў сябе на грудзях пад кашуляй носiць завялыя кветкi, што калiсьцi былi прыколатыя на яе сукенцы, альбо пальчатку, якую яна ўпусцiла,-- ну, адным словам, учыняе тысячы дзiцячых глупстваў! I таму, Фабiян, ты дражнiш мяне, i таму ўсе буршы смяюцца з мяне, i таму, магчыма, i я, i ўвесь той унутраны свет, якi адкрыўся мне, зрабiлiся аб'ектам кпiнаў. I чароўная, мiлая, дзiвосная Кандзiда...

Ледзь толькi Бальтазар вымавiў гэтае iмя, як ягонае сэрца быццам працяло агнявым кiнжалам. Ах! Нейкi ўнутраны голас ясна шаптаў яму ў гэтую хвiлiну, што толькi дзеля Кандзiды бывае ён у доме ў Моша Тэрпiна, пiша вершы каханай, выразае на дрэвах яе iмя, што ён нямее пры ёй, уздыхае, стогне, носiць на грудзях завялыя кветкi, якiя яна ўпусцiла, што ён i насамрэч даўся ва ўсе блазноты, за якiя толькi можа ўпiкнуць яго Фабiян. Толькi цяпер ён адчуў, як неверагодна кахае прыгажуню Кандзiду i разам з тым як вычудлiва чысцюткае, шчырае каханне ў вонкавым свеце прымае крывую знешнасць, што след прыпiсаць глыбокай iронii, закладзенай самой прыродай ва ўсе чалавечыя ўчынкi. Мабыць, у гэтым ён меў рацыю, але зусiм не меў рацыi, калi пачаў праз гэта злавацца. Летуценнi, якiя раней захаплялi яго, рассеялiся, лясныя галасы звiнелi цяпер дакорам i насмешкай, ён кiнуўся назад у Керапэс.

-- Спадар Бальтазар! Mon cher**** Бальтазар!-- паклiкаў яго нехта.

Ён падняў вочы i спынiўся, зачараваны, бо насустрач яму iшоў прафесар Мош Тэрпiн, ведучы пад руку сваю дачку Кандзiду. Кандзiда з заўсёднай вясёлай i прыязнай шчырасцю прывiтала студэнта, якi застыў быццам iдал.

-- Бальтазар, mon cher Бальтазар!-- усклiкнуў прафесар.-- Шчыра кажучы, вы самы руплiвы i прыемны мне слухач! О дарагi мой, я заўважыў, вы любiце прыроду з усiмi яе дзiвосамi гэтак сама, як i я, а я ж ад яе без памяцi! Мабыць, вы зноў батанiзавалi ў нашым гайку? Удалося знайсцi што-небудзь павучальнае? Што ж! Давайце пазнаёмiмся блiжэй. Наведайце мяне -- рады бачыць вас у любы час, можам разам рабiць доследы. Вы ўжо бачылi маю новую паветраную помпу? Што ж, mon cher, заўтра ўвечары ў мяне дома збярэцца сяброўскi гурток, будзем пiць гарбату з бутэрбродамi i весялiць грамаду прыемнай гутаркай. Пабольшце гэты гурток сваёй гожай асобай. Вы пазнаёмiцеся з даволi прывабным маладым чалавекам, якога мне нараiлi найлепшым чынам. Bon soir, mon cher! Добры вечар, мой мiлы! au revoir! Да пабачэння. Вы ж заўтра прыйдзеце на лекцыi? Ну, mon cher, adieu.-- I не чакаючы Бальтазаравага адказу, прафесар Мош Тэрпiн пайшоў далей разам з дачкою.

Ашаломлены Бальтазар не адважыўся падняць вочы, але позiркi Кандзiды спапялiлi яму грудзi, ён адчуваў яе дыханне, i салодкае трымценне прасякала ўсю яго iстоту.

Уся прыкрасць ягоная прайшла; поўны захаплення, глядзеў ён Кандзiдзе ўслед, пакуль тая не знiкла за зялёнай лiстотай прысадаў. Потым ён павольна заглыбiўся ў лес, каб аддацца марам яшчэ саладзейшым, чым калi-небудзь раней.

Раздзел трэцi

Як Фабiян не ведаў, што яму сказаць.-- Кандзiда i дзяўчаты, якiм не дазволена есцi рыбу.-- Лiтаратурная гарбата ў Моша Tэрпiна.-- Малады прынц.

Калi Фабiян кiнуўся бегчы па лясной сцежцы, ён думаў апярэдзiць дзiўнага мальца, якi толькi што прамчаўся на канi. Але ён памылiўся. З узлесся ён убачыў, як удалечынi да малога далучыўся другi верхавец, статны з выгляду, i абодва ўжо ўязджалi ў браму Керапэса. "Гм!-- здзiвiўся Фабiян.-- Хоць гэтая пстрычка i абагнала мяне на вялiкiм канi, я ўсё-такi паспею на спектакль. Калi ён сапраўды студыёзус, дык яму пакажуць "Крылатага каня", а калi ён там спынiцца, дык з тым самым галаслiвым "тпру-у-дзе!" скiне батфорты i сам скiнецца за iмi, раз'юшыцца i палезе на дыбкi, а як буршы пакоцяцца ад смеху,-- сама-сама заваруха i пачнецца!"

Уваходзячы ў горад, Фабiян думаў, што на ўсiх вулiцах па дарозе да "Крылатага каня" ну ж i будзе рогату. Але дзе там! Усе праходзiлi мiма спакойна i сур'ёзна.

Гэтак жа сур'ёзна шпацыравалi, гутарылi студэнты, як звычайна, калi збiралiся каля "Крылатага каня". Фабiян быў пэўны, што малое, прынамсi, тут яшчэ не з'яўлялася, але, глянуўшы ў браму гасцiнiцы, заўважыў, што ў канюшню якраз вядуць каня малога, якога лёгка было пазнаць. Ён кiнуўся да першага, хто папаўся знаёмага i спытаўся, цi не праязджаў тут часам нейкi дзiўны i вельмi незвычайны чалавечак... Той нiчога не ведаў, як i ўсе астатнiя, каму Фабiян расказваў, што яму спрыгодзiлася з мальцом, якi ўдаваў з сябе студэнта. Усе рагаталi покатам, але бажылiся, што нiякага такога карантыша, падобнага на таго, якога апiсваў Фабiян, тут не бачылi. Праўда, хвiлiн за дзесяць да таго ў гасцiнiцу "Крылаты конь" прыехала двух статных верхаўцоў на выдатных конях.

-- А цi не сядзеў адзiн з iх на тым канi, што толькi што правялi на канюшню?-- спытаўся Фабiян.

-- А ўжо ж,-- адказаў адзiн запытаны,-- а ўжо ж такi. Той, што прыехаў на гэтым канi, праўда, не ўдаўся ростам, але складзены дай божа мне так, мiлавiды, i ў яго цудоўныя кучаравыя валасы, свет не бачыў такiх. I паказаў сябе выдатным наезнiкам, бо саскокваў так спрытна i з такой годнасцю, быццам наш князеў штатны шталмайстар.

-- I не згубiў батфортаў? -- усклiкнуў Фабiян.-- I не пакацiўся вам пад ногi?

-- Божа баранi!-- адказвалi ўсе ў адзiн голас.-- Баранi божа! Што табе, браце, да галавы ўвінцілася? Спрытны наезнiк гэты малец!

Фабiян не ведаў, што й казаць. Тут на вулiцы паказаўся Бальтазар. Фабiян кiнуўся да яго, павалок за сабою i расказаў, што недаростак, якога яны напаткалi непадалёк ад гарадское брамы i якi ўпаў з каня, толькi што прыехаў сюды, i ўсе прынялi яго за прыгожага, статнага хлопца i класнага наезнiка.

-- Вось бачыш,-- сур'ёзна i разважлiва адказаў Бальтазар,-- вось бачыш, любасны браце, не ўсе, як ты, так з'едлiва смяюцца з няшчаснага, абдзеленага самой прыродай!

-- А долечкi мае!-- перабiў Фабiян.-- Ды гаворка ж тут не пра насмешкi i нелюбства, а пра тое, цi можна назваць прыгожым i здатным малога карантыша ў тры футы ростам, удадатак яшчэ й падобнага на рэдзьку.

Бальтазар мусiў згадзiцца з думкаю Фабiяна пра рост i знешнасць дробненькага студэнта. Астатнiя ўпарта вялi сваё, што маленькi верхавец -- прыгожы, станiсты мужчына, тым часам як Фабiян i Бальтазар бажылiся, што зроду не бачылi больш агiднага карлiка. На тым i скончылася, i ўсе разышлiся моцна збянтэжаныя.

Запаў глыбокi вечар, калi сябры рушылi дахаты. Раптам Бальтазар незнарок прагаварыўся, што сустрэўся з прафесарам Мошам Тэрпiнам i што той запрасiў яго да сябе на заўтрашнi вечар.

-- Во, шчаслiвы! -- усклiкнуў Фабiян.-- Во, пашанцавала! Там ты ўбачыш i пачуеш сваю прыгажуню, чароўную мамзель Кандзiду, будзеш з ёю гутарыць!

Бальтазар, зноў глыбока пакрыўджаны, адхiснуўся i хацеў быў iсцi. Але адумаўся, спынiўся i, пабароўшы прыкрасць, сказаў:

-- Мабыць, твая праўда, любасны браце, калi маеш мяне за дурнога закаханага блазна, я, бадай што, такi i ёсць. Але мая дурасць -- глыбокая балючая рана, якая томiць дух мой, i той, хто неасцярожна дакранецца, можа, развярэдзiўшы яе, спрычынiць розныя дурасцi. Таму, браце, калi ты сапраўды мяне любiш, дык не вымаўляй пры мне iмя Кандзiды.

-- Зноў ты,-- запярэчыў Фабiян,-- зноў ты глядзiш на ўсё вельмi трагiчна, i пры тваiм цяперашнiм стане ад цябе i чакаць iншага не выпадае. Але, каб па-дурному не зводзiцца з табою, абяцаю, што вусны мае не вымавяць iмя Кандзiды, пакуль ты сам не дасi зачэпкi. Але дазволь сказаць, што, як я прадбачу, твая закаханасць яшчэ дасца ў знакi. Кандзiда -- мiлая дзяўчына, але яна анiяк не пасуе пад меланхалiчны, летуценнiцкi лад тваёй душы. Пазнаёмiшся ты з ёю блiжэй, i яе лагодны, вясёлы нораў здасца табе далёкiм ад паэзii, якое табе ва ўсiм не хапае. Ты аддаешся дзiвосным марам, i ўсё закончыцца вялiкiм пярэпалахам -- жахлiвай уяўнай пакутай i адпаведнай роспаччу. Зрэшты, я, як i ты, запрошаны на заўтра да нашага прафесара, якi пазабаўляе нас досыць цiкавымi фiзiчнымi доследамi. Ну, дабранач, дзiвосны летуценнiк! Спi, калi здолееш заснуць напярэдаднi такой значнай падзеi, што будзе заўтра.

З гэтымi словамi Фабiян пакiнуў свайго замроенага прыяцеля. Фабiян, бадай што, не без падставы прадбачыў розныя патэтычныя прыгоды, у якiя могуць ублытацца Кандзiда i Бальтазар, бо душэўны лад i нораў абаiх, здавалася, насамрэч давалi дастатковую на тое прычыну.

У Кандзiды былi прамянiстыя вочы -- яны так i працiналi сэрца,-- крыху пухлявыя чырвоныя губы, i яна -- з гэтым згаджаўся кожны -- была чыстая прыгажуня. Я не памятаю, цi то русымi, цi то каштанавымi варта было б назваць яе раскошныя валасы, якiя яна ўмела так вычудлiва ўкладваць, заплятаць у косы,-- я толькi памятаю iх дзiўную асаблiвасць: чым даўжэй глядзiш на iх, тым больш i больш яны цямнеюць. Гэта была высокая, статная, лёгкая ў рухах дзяўчына, чыстая грацыя i прыветлiвасць, асаблiва ў вясёлай кампанii; пры аж столькiх панадах ёй ахвотна прабачалi тое, што яе ручкi i ножкi маглi б быць, бадай што, трошакi меншыя i зграбнейшыя. Пры гэтым Кандзiда прачытала гётэўскага "Вiльгельма Майстара", вершы Шылера i "Чароўны пярсцёнак" Фуке i паспела забыць амаль усё, пра што там пiсалася; скакала самыя модныя франсэзы i гавоты i досыць разборлiвым i тонкiм почыркам запiсвала бялiзну, якая iшла ў пральню. А калi ўжо аж так закарцела вышукаць хiбы ў гэтай мiлай дзяўчыне, дык, бадай што, можна было б не пахвалiць яе грубаваты голас i тое, што туга шнуравалася яна цi не залiшне, залiшне доўга радавалася новаму капялюшыку i з'ядала за гарбатай, можа, нават мнагавата пiрожнага. Занадта экзальтаваным паэтам яшчэ шмат чаго ў чароўнай Кандзiдзе было б не па сэрцы, але ж, божачкi, iм заўсёды нешта не па сэрцы! Найперш iм мусова, каб з усяго, што яны толькi нi прамовяць, паненка заходзiлася ў самнамбулiчным захапленнi, глыбока ўздыхала, закочвала вочы, а часам не надоўга, вядома, млела альбо нават бачыць пераставала, што ўжо ёсць най-найвышэйшая ступень жаночай жаноцкасцi. Далей, памянёнай паненцы след спяваць песнi, складзеныя паэтам, прычым мелодыя павiнна сама нарадзiцца ў яе сэрцы, пасля чаго ёй (ясна,-- паненцы!) выпадае раптам узяць i занемагчы i таксама пачаць пiсаць вершы, але ж вельмi пры гэтым саромецца, калi гэта выплыве напаверх, нягледзячы на тое, што яна сама, перапiсаўшы iх самым далiкатным почыркам на танюсенькай пакропленай парфумай паперы, уручыць паэту, якi сваёй калейкай таксама заняможа ад захаплення, што яму, зрэшты, анiяк не трэба ставiць у вiну. На свеце ёсць такiя паэтычныя аскеты, якiя заходзяць яшчэ далей i лiчаць, што калi паненка смяецца, есць, п'е i мiла апранаецца па модзе, дык гэта супярэчыць усякай пяшчотнай жаноцкасцi. Яны амаль што прыпадабняюцца да святога Еранiма, якi забараняе паненкам есцi рыбу i насiць завушнiцы. Iм належыць, так мяркуе святы, толькi браць на зубок калiўца крыху прыпраўленай травы, увесь час быць надгаладзь, не адчуваючы голаду, апранацца ў грубае, дрэнна пашытае ўбранне, якое захiнала б iх стан, i найперш выбраць сабе ў спадарожнiкi асобу статэчную, бледную, панылую i крыху неахайную.

Весялосць i нязмушанасць сталiся другою натураю Кандзiды, i таму ёй больш за ўсё прыпадалi да сэрца гутаркi, якiя прыляталi на лёгкiх, эфiрных крылах нязлоснага гумару. Яна памiрала ад смеху з усяго, што яе смяшыла; яна нiколi не ўздыхала, хiба што калi надвор'е не ўспрыяе задуманай прагулцы альбо калi, як бы там яна нi бераглася, на новы шаль сядзе плямка. Але калi на тое надаралася добрая прычына, у ёй пракiдалася i глыбокае, шчырае пачуццё, якое нiколi не пераходзiла ў пошлую пачуццёвасць, i нам з табою, любасны мой чытач, людзям зусiм такi не палкiм, дзяўчына гэтая якраз прыйшлася б па сэрцы. Але з Бальтазарам усё магло абярнуцца зусiм iнакш. Аднак мы неўзабаве ўбачым, наколькi правiльныя былi прадказаннi празаiчнага Фабiяна.

Тое, што Бальтазар ад бясконцага хвалявання, ад неверагодна салодкага трымцення цэлую ноч не мог змежыць вачэй, было зусiм натуральна. Паланёны вобразам каханай, ён прысеў да стала i склаў даволi шмат прыемных, мiлагучных радкоў, апiсаў свой стан у мiстычным расказе пра каханне салаўя да пунсовае ружы. Ён рашыўся ўзяць з сабою гэтыя вершы на лiтаратурнае чаяванне ў Моша Тэрпiна i, як толькi станецца выпадак, атакаваць iмi безабароннае сэрца Кандзiды.

Фабiян лёгенька ўсмiхнуўся, калi да назначанага часу па ўгаворы зайшоў да свайго сябра i застаў яго такiм разадзетым, якiм яшчэ не даводзiлася бачыць. На iм быў зубчаты каўнер з тонкiх брусельскiх карункаў, кароткая камiзэля з рубчатага аксамiту з праразнымi рукавамi. I яшчэ ён быў у французскiх боцiках з высокiмi вострымi абцасамi i срэбнымi майхрамi, у англiцкiм капелюшы з найтанчэйшага кастору i ў дацкiх пальчатках. Словам, ён быў апрануты рыхтык па-нямецку, i строi гэтыя няма ладу як пасавалi яму, тым болей што ён выдатна закучаравiў валасы i расчасаў маленькiя вускi.

Бальтазарава сэрца зайшлося ад захаплення, калi ў доме ў Моша Тэрпiна насустрач яму выйшла Кандзiда у поўным адзеннi старажытнагерманскай дзевы; ветласцю i весялосцю свяцiлiся яе вочы, словы i ўся яе iстота, як яно, зрэшты, было заўсёды. "Дзiвосная дзева!" -- соладка ўздыхнуў Бальтазар, калi Кандзiда, сама мiладайная Кандзiда, паднесла яму кубачак дымнай гарбаткi. Але Кандзiда зiрнула на яго прамянiстымi вочкамi i сказала:

-- Вось ром i мараскiн, сухары i пумпернiкель, зрабiце ласку, мiлы спадар Бальтазар, бярыце што вам падабаецца.

Але замест каб глянуць на ром i мараскiн, сухары i пумпернiкель, а то i налегчы на iх, развярэджаны Бальтазар не мог адвесцi вачэй, поўных шчырага кахання i пакутлiвага замiлавання, ад чароўнай дзевы i стараўся знайсцi словы, якiя мелi б выказаць усё, што ў гэтае iмгненне ён адчуваў у глыбiнi душы. Але тут ззаду яму паддаў кулаком прафесар эстэтыкi, здаровы дзяцюк, i, павярнуўшы яго тварам да сябе, так што Бальтазар расплюхаў гарбаты на падлогу больш, чым гэта было прыстойна, i крыкнуў громападобным голасам:

-- Дарагi Лукас Кранах! не сёрбайце пустой вады, вы начыста сапсуяце сабе ваш германскi страўнiк -- там, у другiм пакоi, наш адважны Мош выставiў цэлую батарэю выдатных бутэлек з высакародным райнвайнам, з iмi мы зараз i пазмагаемся!

I ён пацягнуў за сабою няшчаснага хлопца.

Але з суседняга пакоя, ведучы за руку маленькага, вельмi дзiўнага чалавечка, насустрач iм выйшаў прафесар Мош Тэрпiн i гучна абвясцiў:

-- Шаноўнае спадарства, дазвольце прадставiць вам шчодра адоранага рэдкiмi здольнасцямi юнака, якому не цяжка будзе здабыць вашу прыязнасць i прыхiльнасць. Гэты малады чалавек, спадар Цынобер, толькi ўчора прыехаў у наш унiверсiтэт, дзе мае намер вывучыць права!

Фабiян i Бальтазар з першага позiрку пазналi дзўнага курдупеля, якi наехаў на iх непадалёк ад гарадское брамы i ўпаў з каня.

-- Няўжо мне,-- шапнуў Фабiян Бальтазару,-- няўжо мне давядзецца цяпер выклiкаць гэтага альраўна змагацца на духавых дудках альбо на шавецкiх шылах? Я ж не магу ўжыць iншае зброi супроць такога небяспечнага працiўнiка.

-- Пабойся Бога,-- адказваў Бальтазар,-- пасаромiся, ты строiш глум з няшчаснага калекi, якi, як ты чуў, адрораны рэдкiмi здольнасцямi, так што цялесныя перавагi, якiх яму не дала прырода, адшкадаваны разумовымi вартасцямi.-- Тут ён звярнуўся да мальца i сказаў: --Спадзяюся, шаноўны спадар Цынобер, учарашняе ваша падзенне з каня не мела дрэнных наступстваў?

Цынобер абаперся на тонкую лёсачку, якую трымаў за спiнай у руцэ, падняўся на дыбачкi, так што дастаў Бальтазару амаль да пояса, адкiнуў галаву, утаропiўся на яго дзiкiмi вачыма i дзiўным, сiплым басам адказаў:

-- Не ведаю, што пану заўгодна, пра што спадар пан гаворыць? Упаў з каня? Я ўпаў з каня? Вам, мабыць, невядома, што на цэлым свеце не знайсцi лепшага за мяне наезнiка, што я нiколi не падаў з каня, што я служыў валанцёрам у кiрасiрах, быў з iмi ў паходзе i навучаў у манежы верхавой выездцы афiцэраў i салдат. Гм! Гм! Упаў з каня! Я ўпаў з каня! -- Тут ён хацеў крута павярнуцца, але лёсачка, на якую ён абапiраўся, выкаўзнулася ў яго з рук, малец закуляўся пад нагамi ў Бальтазара. Бальтазар пачаў шныраць унiзе рукой, каб памагчы малому падняцца, але незнарок дакрануўся да яго галавы. Тут малы завiшчаў на усю залу, аж госцi са страхам паўсхоплiвалiся з месцаў. Бальтазара абступiлi i, перабiваючы адзiн аднаго, пачалi распытвацца, чаго гэта ён, напрамiлы божа, так страшна заверашчаў.

-- Не гневайцеся, мiлы спадару Бальтазар,-- звярнуўся да яго Мош Тэрпiн.-- Усё гэта даволi дзiўны жарт. Вы, мабыць, хацелi, каб мы падумалi, што тут нехта наступiў кату на хвост.

-- Кот, кот! Забярыце ката!-- залямантавала нейкая слабанервая дама i адразу самлела. З крыкамi: "Кот! кот!" кiнулiся да выйсця два пераспелыя спадарыкi, якiя цярпелi ад такой самай iдыёсiнкразii.

Кандзiда выпырскала ўвесь свой нюхальны флакон на самлелую даму i цiха сказала Бальтазару:

-- Якое бяды нарабiлi вы, спадар Бальтазар, сваiм мярзотным кашэчым яўканнем!

Бальтазар не мог зразумець, што з iм робiцца. Твар ягоны гарэў ад сораму i прыкрасцi, аж ён не мог вымавiць слова жывога, сказаць, што гэта ж не ён так жахлiва заяўкаў, а маленькi спадарок Цынобер.

Прафесар Мош Тэрпiн заўважыў цяжкае замяшанне хлопца. Ён падышоў i па-сяброўску сказаў:

-- Ну, дарагi пане Бальтазар, ну, супакойцеся нарэшце! Я ж выдатна ўсё бачыў. Прыгнуўшыся да зямлi, скачучы ракам, вы вельмi ўдала iмiтавалi раззлаванага ката. Я i сам люблю такiя штукi з натуральнай гiсторыi, але ж тут, на лiтаратурнай гарбаце...

-- Дазвольце,-- сарвалася нарэшце з языка ў Бальтазара,-- дазвольце, шаноўны спадару прафесар, дык жа ж то быў не я!

-- Ну, добра, добра,-- перабiў яго прафесар.

Да iх падышла Кандзiда.

-- Суцеш,-- звярнуўся да яе Мош Тэрпiн,-- суцеш, калi ласка, любаснага Бальтазара, ён зусiм збянтэжаны ўсёй гэтай неразбярыхай.

Добрай Кандзiдзе ад усяго сэрца было шкада небаракi Бальтазара, якi панурыўшы вочы i сумеўшыся, стаяў перад ёю. Яна падала яму руку i, мiла ўсмiхаючыся, шапнула:

-- Якiя смешныя бываюць людзi, што так баяцца катоў.

Бальтазар горача прыцiснуў руку Кандзiды да вуснаў. Поўны душэўнай цеплынi позiрк яе нябесных вачэй пакоiўся на iм. Бальтазар быў у поўным захапленнi i ўжо больш не думаў нi пра Цынобера, нi пра кашэчы вiск. Суматоха ўлеглася, спакой быў зноў усталяваны. Каля столiка сядзела слабанервая дама i наталялася сухарыкамi, умачаючы iх у ром i божачыся, што гэта мацуе ёй душу, якой пагражаюць варожыя сiлы, так што нечаканы пярэпалох змяняецца палкай надзеяй.

Тыя два пярэстаркi, якiм на дварэ i праўда ж ушыўся пад ногi шустры кот, таксама вярнулiся супакоеныя i заселi, як i многiя iншыя, за картачны стол.

Бальтазар, Фабiян, прафесар-эстэт i некалькi маладых людзей падселi да паняў. Спадар Цынобер тым часам падсунуў услончык i па iм пералез на канапу, дзе ўмасцiўся памiж дзвюх паняў, абводзячы ўсiх ганарлiвым, зiхоткiм позiркам. Бальтазар рашыў, што яму пара ўжо выступiць са сваiмi вершамi пра каханне салаўя да пунсовай ружы. Таму ён з адпаведнай сцiпласцю, уласцiвай маладым паэтам, абвясцiў, што, калi б не баяўся знудзiць кампанiю, калi б мог спадзявацца на прыхiльную паблажлiвасць шаноўнага сходу, ён бы асмелiўся прачытаць вершы, апошнiя ўтворы сваёй музы.

I як што панi ўжо нагаварылiся ўдосыць пра ўсё, што новага сталася ў горадзе, i як што паненкi як след абмеркавалi апошнi баль у прэзiдэнта i нават прыйшлi да пэўнай згоды наконт найноўшага фасону капелюшыкаў, а мужчыны яшчэ добрыя дзве гадзiны не маглi разлiчваць на новы пачастунак i выпiўку, дык усе ў адзiн голас, бо чаму ж бы й не, пачалi ўпрошваць Бальтазара не пазбаўляць кампанiю нябеснага шчасця. Бальтазар дастаў набела перапiсаны рукапiс i пачаў чытаць.

Свае вершы, з усёй сiлай, з усёй жывасцю народжаныя з сапраўды паэтычнага пачуцця, усё больш i больш натхнялi яго. Чытанне ягонае ўсё больш прасякалася страснасцю, выдаючы ўвесь пал закаханага сэрца. Ён трымцеў ад захаплення, калi цiхiя ўздыхi, ледзь чутныя "ах" жанчын i рэплiкi мужчын: "Цудоўна, выдатна, нябесна!" -- пераконвалi яго, што вершы ўсiм спадабалiся. Нарэшце ён скончыў. Тут усе закрычалi:

-- Якi твор! Якiя думкi! Колькi фантазii! Якая паэтыка! Якая мiлагучнасць! Дзякуем, дзякуем, шаноўны пане Цынобер, за боскую асалоду!

-- Як? Што? -- усклiкнуў Бальтазар, але нiхто на яго нават не зiрнуў -- усе кiнулiся да Цынобера, якi, седзячы на канапе, зафанабэрыўся, як iндык, i агiдна сiпеў:

-- Ах, калi ласка, калi ласка, чым багаты, тым рады. Ат, дробязi, дробязi, так вось з рукi накiдаў мiнулае ночы.

А прафесар эстэтыкi лямантаваў:

-- Дзiвосны, боскi Цынобер! Сардэчны дружа, пасля мяне ты -- самы першы паэт на свеце! Прыйдзi ў мае абдымкi, вялiкая душа! -- I ён згроб мальца з канапы, падняў яго ў паветра, пачаў цiскаць да сэрца i цалаваць. Цынобер пры гэтым паводзiўся даволi непрыстойна. Ён малацiў ножкамi па тоўстым прафесарскім чэраве i пiшчаў:

-- Пусцi мяне, пусцi мяне! Мне балiць, балiць, балiць! Я табе вочы выдзеру, я адкушу табе нос!

-- Не! -- закрычаў прафесар, апускаючы мальца на канапу.-- Не, мiлы сябар, навошта такая залiшняя сцiпласць!

Мош Тэрпiн, пакiнуўшы картачны стол, таксама падышоў да iх, пацiснуў малюпасенькую ручку Цынобера i сказаў вельмi сур'ёзна:

-- Цудоўна, малады чалавек; зусiм не перабольшваючы, не, мала, вельмi мала расказалi мне пра высокi генiй, якi адухоўлiвае вас.

-- Хто з вас,-- зноў залямантаваў у поўным захапленнi прафесар эстэтыкi,-- хто з вас, о дзевы, узнагародзiць пацалункам дзiвоснага Цынобера за вершы, у якiх столькi глыбокага пачуцця самага моцнага кахання?

Кандзiда ўстала -- шчокi ў яе палалi, яна падышла да мальца, апусцiлася на каленi i пацалавала яго ў агiдныя вусны, проста ў сiнiя губы.

-- Праўда,-- усклiкнуў Бальтазар, як заспеты раптоўным вар'яцтвам,-- праўда, Цынобер, боскi Цынобер, ты напiсаў меланхалiчныя вершы пра салаўя i пунсовую ружу, ты заслужыў дзiвосную ўзнагароду!

Тут ён пацягнуў Фабiяна ў суседнi пакой i сказаў:

-- Зрабi ласку, добра паглядзi на мяне i скажы мне шчыра i па праўдзе, цi сапраўды я студэнт Бальтазар цi не, цi праўда ты Фабiян, цi праўда, што мы ў доме Моша Тэрпiна, цi гэта сон, цi мы павар'яцелi? Тузанi мяне за нос альбо страсянi, каб я адцураўся гэтай праклятай немарасцi.

-- Ну, як ты гэта можаш,-- запярэчыў Фабiян,-- ну, як гэта ты можаш так шалець з простай рэўнасцi, што Кандзiда пацалавала мальца. Табе трэба прызнаць, што верш, якi прачытаў малец, напраўду выдатны.

-- Фабiян,-- з самым глыбокiм здзiўленнем крыкнуў Бальтазар,-- што ты такое мелеш?

-- I праўда ж,-- гаварыў далей Фабiян,-- i праўда ж мальцоў верш быў цудоўны, i я лiчу, што ён заслужыў пацалунак Кандзiды. Увогуле мне здаецца, у iм крыецца шмат чаго такога, што даражэй за прыгожую знешнасць. Нават ягоная пастава ўжо не здаецца мне такой брыдкай, як спачатку. Падчас чытання ўнутраная адухоўленасць скрасiла рысы ягонага твару, так што ён часам здаваўся мне прывабным, статным юнаком, нягледзячы на тое, што яго галава ледзь вiдна была з-за стала. Адкiнь сваю пустую рэўнасць i пасябруй з iм, як паэт з паэтам.

-- Што?-- з гневам усклiкнуў Бальтазар.-- Што? Мне яшчэ i сябраваць з гэтым праклятым ваўкалакам, пярэваратнем, якога я лепш бы задушыў вось гэтымi рукамi!

-- Ну бач,-- сказаў Фабiян,-- бач, ты зусiм глухi да голасу розуму. Але вернемся ў залу: там, пэўна, здарылася нешта новае, i я чую гучныя пахвалы!

Бальтазар машынальна паследаваў за сваiм сябрам.

Калi яны ўвайшлi, пасярэдзiне залы адзiнока стаяў Мош Тэрпiн, у руках у яго яшчэ былi iнструменты, з дапамогаю якiх ён, вiдаць, рабiў нейкi фiзiчны дослед; на твары ў яго яшчэ заставалiся сляды вялiкага подзiву. Усе прысутныя сабралiся вакол маленькага Цынобера. Абапершыся на лёску, ён стаяў на дыбачках i з ганарыстым выглядам прымаў камплiменты, якiя сыпалiся з усiх бакоў. Але вось ён зноў звярнуўся да прафесара, якi паказваў новы даволi штукарскi фокус. Ледзь толькi ён скончыў, як усе зноў абступiлi мальца:

-- Выдатна, цудоўна, неацэнны спадару Цынобер!

Нарэшце i Мош Тэрпiн падскочыў да мальца i гучней за ўсiх залямантаваў:

-- Выдатна, цудоўна, неацэнны спадару Цынобер!

Сярод гасцей быў i юны прынц Грэгор, якi вучыўся ва ўнiверсiтэце. Прынц быў адораны прыемнай знешнасцю, якую толькi можна было сабе ўявiць i прытым у яго абыходжаннi было столькi высакародства i непасрэднасцi, што яўна праяўлялася i высокае паходжанне i звычка бываць у вышэйшым свеце.

Прынц Грэгор нi на хвiлiну не адыходзiў ад Цынобера i рассыпаўся ў пахвалах яму, як выдатнаму паэту i таленавiтаму фiзiку.

Дзiўнае вiдовiшча -- адзiн каля аднаго, побач.

Побач са статным Грэгорам зусiм неверагодна брыдкiм здаваўся малюпасенькi чалавечак, якi, высока задраўшы нос, сам ледзь трымаўся на тоненькiх ножках. Аднак пагляды ўсiх жанчын былi скiраваныя не на прынца, а на мальца, якi ўвесь час пяўся на дыбачкi i тут жа зноў апускаўся, вельмi нагадваючы гэтым картэзiянскага хохлiка.

Прафесар Мош Тэрпiн падышоў да Бальтазара i сказаў:

-- Ну, што вы скажаце пра майго пратэжэ, пра майго любаснага Цынобера? У iм шмат чаго крыецца, i калi я на яго падзiўлюся добра, дык угадваю, якая, уласна, тут замешана акалiчнасць. Пастар, якi выгадаваў яго i рэкамендваў мне, вельмi таямнiча павядае пра яго паходжанне. Паглядзiце толькi на яго гожую паставу, на яго высакароднае, далiкатнае абыходжанне. Ён, несумненна, княскай крывi, можа нават, ці не прынц.

У гэтую хвiлiну далажылi, што вячэра гатовая. Цынобер, няўклюдна клыбаючы, падышоў да Кандзiды, нязграбна схапiў яе за руку i павёў да стала.

Непрагляднай ноччу, праз дождж i буру, у шаленстве бег няшчасны Бальтазар дамоў.

Раздзел чацвёрты

Як iтальянскi скрыпач Зб'ёка гразiўся запхнуць спадара Цынобера ў кантрабас, а рэферэндарыус Пульхер не змог трапiць у мiнiстэрства замежных спраў.-- Пра мытных чыноўнiкаў i канфiскаваныя дзiвосы хатняга ўжытку.-- Бальтазар зачараваны з дапамогаю булавешкi.

На замшэлым каменi ў самай нетры лесу сядзеў Бальтазар i задумлiва глядзеў унiз у расколiну, дзе памiж абломкаў скал i густых зарасцяў пенiўся i бурлiў ручай. Цёмныя хмары неслiся па небе i хавалiся за гарамi; шум вады i дрэў быў падобны на глухiя стогны, да яго прымешвалiся вiсклiвыя крыкi драпежных птушак, якiя падымалiся з цёмнага гушчару ў нябесныя прасторы i ляцелi за воблакамi.

Бальтазару здалося, быццам у цудоўных лясных галасах чулася няўцешная жальба прыроды, быццам сам ён павiнен растаць у гэтай жальбе, быццам усё быццьцё яго -- толькi збыванне глыбокай неадольнай пакуты. Сэрца ягонае разрывалася ад скрухi, i, калi часта слёзы засцiлалi яму вочы, мроiлася, быццам духi ляснога ручая глядзяць на яго i працягваюць да яго з хваляў беласнежныя рукi, каб завабiць яго ў прахалодную глыбiню.

Раптам непадалёк пачулiся ў лёгкiм ветрыку вясёлыя, звонкiя гукi ражка, добрым суцяшэннем пранiклi ў ягоныя грудзi, i ў замлелай душы прачнулася салодкая надзея. Ён агледзеўся, i, пакуль чулiся гукi ражка, зялёныя ценi лесу не здавалiся яму такiмi журботнымi, жальба ветру i шэпт кустоў такiмi жаласнымi. Ён загаварыў.

-- Не! -- усклiкнуў ён, ускочыў на ногi i палымянымi вачыма паглядзеў удалечыню.-- Не, не ўся надзея прапала! Ведаю толькi, што нейкая таямнiчая сiла, нейкiя лiхiя чары парушылi маё жыццё, але я паламаю гэтыя чары, нават калi мне давядзецца загiнуць! Калi я, захоплены, пераможаны пачуццём, ад якога гатовыя былi разарвацца мае грудзi, прызнаўся чароўнай, непараўнанай Кандзiдзе ў маiм каханнi, хiба не прачытаў я ў яе вачах, хiба не адчуў у поцiску яе рукi асалоду i шчасце? Але як толькi з'яўляецца маленькая пачвара, уся любоў перакiдаецца на яго. На яго, гэтага клятага вылюдка, глядзяць вочы Кандзiды, i журботныя ўздыханнi лiюцца з яе грудзей, калi няўклюдны абрыдзень наблiжаецца да яе альбо бярэ яе за руку. Тут крыецца нейкая таямнiчая акалiчнасць, i калi б я верыў казкам нянечкi, я перад усiмi пабажыўся б, што малое зачаравана i можа, як той казаў, наводзiць на людзей псоту. Якая дзiкасць -- усе смяюцца i кпяць з выродлiвага чалавечка, абдзеленага шчадротамi самой прыродай, а як толькi малое паяўляецца, усе пачынаюць нахвальваць яго як самага разумнага, самага вучонага, самага прыгожага спадара студэнта сярод усiх прысутных. Ды што я такое кажу! Хiба са мною часам не адбываецца амаль тое ж самае, хiба не здаецца мне часам, што Цынобер прыгожы i разумны? Толькi пры Кандзiдзе я не падуладны гэтым чарам, i спадар Цынобер застаецца дурным, агiдным вырадкам. Але што б там нi было, я ўсупрацiўлюся варожай сiле, у душы маёй дрэмле няяснае прадчуванне, што якая-небудзь неспадзяванка падасць мне ў рукi зброю супроць гэтага чортавага выпладня!

Бальтазар пайшоў назад у Керапэс. Iдучы лясной сцежкай, ён заўважыў на дарозе маленькi вазок, з акенца якога нехта прыветлiва махаў яму белай хустачкай. Ён падышоў блiжэй i пазнаў спадара Вiнчэнца Зб'ёку, сусветна праслаўленага вiртуоза скрыпача, якога ён вельмi высока ставіў за яго выдатную, вельмi прачулую iгру i ў каго ён ўжо два гады браў урокi.

-- Як добра! -- усклiкнуў Зб'ёка, выскачыўшы з вазка.-- Як добра, ласкавы спадару Бальтазар, дарагi мой сябар i вучань, што я яшчэ сустрэў вас i магу сардэчна развiтацца з вамi.

-- Як так?-- здзiвiўся Бальтазар.-- як так, спадар Зб'ёка, няўжо вы пакiдаеце Керапэс, дзе вас так шануюць i паважаюць i дзе ўсiм вас будзе не хапаць?

-- Так яно,-- адказаў Зб'ёка, i кроў лiнула яму ў твар ад прытоенага гневу,-- так яно вось, спадар Бальтазар, я пакiдаю горад, дзе ўсе з глузду паз’язджалі, горад, якi падобны на вар'яцкi дом. Учора вы не былi на маiм канцэрце, вы былi на шпацыры за гордам, а то б вы дапамаглi мне абаранiцца ад раз'юшанага натоўпу, якi накiнуўся на мяне.

-- Ды што ж такога сталася? Скажыце, напрамiлы бог, што здарылася?-- ўсклiкнў Бальтазар.

-- Я iграю,-- сказаў далей Зб'ёка,-- вельмi складаны канцэрт Вiёцi. Гэта мая гордасць, мая радасць. Вы ж чулi, як я яго iграю, i яшчэ нi разу не было, каб ён не прывёў вас у захапленне. А ўчора, магу сказаць, я быў у асаблiва шчаслiвым настроi -- anima, разумею я, вясёлы сэрцам -- spirito alato, разумею я. Нiводзiн скрыпач ва ўсiм свеце, будзь ён хоць сам Вiёцi, не сыграў бы лепей. Калi я закончыў, выбухнулi бурныя воплескi -- furore, разумею я, чаго я i чакаў. Узяўшы скрыпку пад паху, я выступiў наперад, каб ветлiва падзякаваць публiцы. Але што я бачу, што я чую? Усе да аднаго як i не бачаць мяне, усе стлумiлiся ў куце залы i крычаць: "Bravo, bravissimo, боскi Цынобер! Якая iгра! Якая пазiцыя, кая выразнасць, якое майстэрства!" Я кiнуўся ў натоўп, працiскаюся наперад. Там стаiць нейкi агiдны вырадак у тры футы росту i мярзотным голасам гугнявiць: "Ласкава дзякую, ласкава дзякую, iграў, як умеў, праўда, цяпер я самы моцны скрыпач ва ўсёй Еўропе ды i ва ўсiх астатнiх вядомых нам частках свету".--"Тысяча чарцей! -- крыкнуў я. -- Хто ж такi ўрэшце iграў: я цi гэты чарвяк!" А як што малое ўсё яшчэ гугнявiла: "Ласкава дзякую, ласкава дзякую",-- я кiнуўся да яго, каб пакласцi на яго ўсю аплiкатуру. Але тут усе навалiлiся на мяне i мелюць гнейкую лухту пра зайздрасць, рэўнасць i незычлiвасць. Тым часам нехта залямантаваў: "А якая кампазiцыя!" I ўсе наперабой пачынаюць крычаць: "Якая кампазiцыя! Боскi Цынобер! Боганатхнёны кампазiтар!" З яшчэ большай прыкрасцю я ўсклiкнуў: "Няўжо ўсе тут пашалелi, што вас апантала? Гэты канцэрт напiсаў Вiёцi, а iграў яго я, я -- славуты скрыпач Вiнчэнца Зб'ёка!" Але тут яны мяне хапаюць i гавораць пра iтальянскiя шалы --rabbia, разумею я, пра дзiўныя выпадкi, нарэшце, сiламоц выводзяць мяне ў суседнi пакой, абыходзяцца са мною як з хворым, як з вар'ятам. Праз нядоўгi час убягае да мяне сiньёра Брагацi i падае без памяцi. З ёй сталася тое самае, што i са мною. Ледзь толькi яна даспявала арыю, як усю залу патрэслi крыкi: "Вravo, bravissimo, Цынобер!" I нарабiлi галасу, што на ўсiм белым свеце не знайсцi такой спявачкi, як Цынобер, а ён зноў гугнiў сваё праклятае "дзякую". Сiньёра Брагацi ляжыць у гарачцы i па ўсiм вiдаць неўзабаве памрэ, а я ратуюся ўцёкамi ад гэтага ашалелага народу. Бывайце, любасны спадар Бальтазар. Калi давядзецца вам пабачыць сiньярына Цынобера, перадайце яму, калi ласка, каб ён не паказваўся нi на водным канцэрце разам са мною. Iнакш я за сябе не ручаюся, схаплю яго за павучыныя ножкi i запхну праз эфу ў кантрабас -- хай ён там усё жыццё грае свае канцэрты i гарлае колькi яму заўгодзiцца. Бывайце, дарагi мой Бальтазар, ды глядзiце ж, не пакiдайце скрыпкi! -- З гэтымi словамi спадар Вiнчэнца Зб'ёка абняў аслупянелага ад здзiўлення Бальтазара i сеў у вазок, якi хуценька павёз яго далей.

"Ну, цi не казаў я,-- разважаў сам з сабою Бальтазар.-- Цi ж не казаў я сабе, што гэты злавесны карлiк, гэты Цынобер, зачараваны i можа наводзiць на людзей псоту".

Тут мiма яго iмклiва прабег малады чалавек, бледны, знерваваны,-- шаленства i роспач былi на ягоным твары. Бальтазару зрабiлася трывожна на сэрцы. Яму здалося, што ў гэтым хлопцы ён пазнаў аднаго свайго прыяцеля, i ён спешна кiнуўся за iм у лес. Прабегшы крокаў дваццаць-трыццаць, ён убачыў рэферэндарыуса Пульхера, якi стаяў пад высокiм дрэвам i, падняўшы вочы да неба, гаварыў:

-- Не! Нельга далей трываць такую ганьбу! Надзеi ўсяго жыцця прапалi! Засталася толькi магiла. Даруй, жыццё, свет, надзея, каханая! З гэтымi словамi рэферэндарыус у роспачы выхапiў з-за пазухi рэвальвер i прыставiў яго да лоба.

Бальтазар як маланка кiнуўся да рэферэндарыуса, выхапiў у яго рэвальвер, адкiнуў далёка ўбок i ўсклiкнуў:

-- Пульхер, божа мiлы, што з табою, што ты робiш?

Рэферэндарыус некалькi хвiлiн не мог апамятацца. Амаль беспрытомны апусцiўся ён на траву. Бальтазар падсеў да яго i пачаў гаварыць розныя суцешлiвыя словы, якiя толькi на памяць прыходзiлi, нiчога не ведаючы пра прычыну роспачы Пульхера.

Не злiчыць, колькi разоў пытаўся ў яго Бальтазар, што ж такога страшнага далося яму, што навяло на чорныя думкi пра богамярзотны суіцыд? Нарэшце Пульхер цяжка ўздыхнуў i загаварыў:

-- Табе, любасны дружа Бальтазар, вядома, у якiм я цяпер гаротным становiшчы. Ты ведаеш, я спадзяваўся, што займу вакантнае месца тайнага экспедытара у мiнiстрэрстве замежных спраў; ты ведаеш, як руплiва, як старанна рыхтаваўся я да гэтай пасады. Я падаў свае творы, якiя, як я з радасцю дазнаўся, заслужылi поўнае адабрэнне мiнiстра. Як упэўнена явiўся я сёння на вусны экзамен! У зале я прыкмецiў маленькага выродлiвага чалавечка, якi табе добра вядомы пад iмем спадара Цынобера. Тут радца, якому было даверана правесцi iспыт, прыветлiва падышоў да мяне i сказаў, што тую самую пасаду, якую я прагну атрымаць, шукае i спадар Цынобер, i таму ён будзе экзаменаваць нас абодвух. Потым ён шапнуў мне на вуха: "Вам, шаноўны рэферэндарыус, няма чаго апасацца вашага супернiка: працы, якiя прадставiў маленькi Цынобер нiчога не вартыя". Iспыт пачаўся; я адказаў на ўсе пытаннi радцы. Цынобер нiчога не ведаў, як рыхтык нiчога, замест адказу ён сiпеў i квакаў i нёс нейкую неўразумелую бязглуздзiцу, якое нiхто i разабраць не мог, i так пры гэтым непрыстойна выкаблучваўся i дрыгаў нагамi, што некалькi разоў падаў з высокага крэсла, аж мне давялося падымаць яго i саджаць на месца. Сэрца маё трымцела ад радасцi; прыхiльныя позiркi, якiя радца кiдаў на малога, я прымаў за самую з'едлівую iронiю. Iспыт закончыўся. Але хто апiша мой жах! Як раптоўная маланка кiнула мяне на зямлю, калi радца абняў мальца i сказаў яму: "Цудоўны чалавек! Якiя веды! Якi розум! Якая пранiкнёнасць!" I потым мне: "Мне так прыкра, што вы ашукалi мяне, спадар рэферэндарыус Пульхер. Вы ж зусiм нiчога не ведаеце. I, хай не на крыўду вам будзе сказана, падчас экзамена вы спрабавалi надаць сабе бадзёрасцi вельмi нягодным спосабам i насуперак усякай прыстойнасцi. Вы нават не маглi ўтрымацца на крэсле i ўвесь час падалi, а спадар Цынобер быў вымушаны падымаць вас. Дыпламаты павiнны быць бездакорна цвярозыя i разважлiвыя. Adieu, спадар рэферэндарыус". Я ўсё яшчэ думаў, што мяне рызыгрываюць. Я рашыў пайсцi да мiнiстра. А той наказаў перадаць мне, што не разумее, як гэта я, паказаўшы сябе такiм чынам на экзамене, яшчэ набраўся нахабства назаляцца яму сваiм вiзiтам,-- яму ўжо ўсё вядома! Пасада, якое я дамагаўся, ужо аддадзена спадару Цыноберу! Дык вось, нейкая пякельная сiла вырвала ў мяне ўсе мае надзеi, i я хачу па добрай волi i ахвоце прынесцi ў ахваяру сваё жыццё, якое зрабiлася здабычаю цёмнага наканавання! Пакiнь мяне!

-- Нiзавошта!-- усклiкнуў Бальтазар.-- Спачатку выслухай мяне!

I ён расказаў усё, што ведаў пра Цынобера, пачынаючы з яго першага з'яўлення каля брамы Керапэса; што сталася з iм i мальцом у доме ў Моша Тэрпiна i што толькi цяпер расказаў Вiнчэнца Зб'ёка.

-- Несумненна толькi,-- дадаў Бальтазар,-- што ва ўсiх вычудах гэтага трыклятага вылюдка ёсць нешта таямнiчае, i павер мне, дружа Пульхер, калi тут дамешана нейкае пякельнае чараванне, дык трэба толькi цвёрда яму ўсупрацiвiцца. Перамога несумненная там, дзе ёсць мужнасць. А таму не раскiсай i не прымай паспешлiвага рашэння. Давай супольна ўстанем на гэтага ведзьмiча.

-- Ведзьмiч! -- палка ўсклiкнуў рэферэндарыус.-- Праўда, пракляты ведзьмiч гэты карлiк, несумненна! Аднак жа, браце Бальтазар, што гэта такое з намi, няўжо ўсё гэта нам снiцца? Чарадзейства, вядзьмацкiя штукi -- хiба з гэтым даўным-даўно не пакончана? Хiба шмат гадоў таму назад князь Пафнуцiй Вялiкi не ўвёў асвету i не павыганяў з нашай краiны ўсе дзiкiя блюзнерствы i ўсё неспасцiгальнае, а гэтая праклятая кантрабанда ўсё-такi ўшылася да нас! Халера чортава! Пра гэта трэба адразу ж данесцi ў палiцыю i мытным дазорцам. Але не, не, толькi людское неразумства альбо, баюся, нечуваны подкуп -- прычына нашых нягодаў. Пракляты Цынобер, мабыць, неверагодна багаты. Нядаўна ён стаяў перад манетным дваром, i прахожыя паказвалi на яго пальцамi i крычалi: "Дзiвiцеся на гэтага маленькага прыгожага татачку! Яму ж належыць усё золата, якое там чаканяць!"

-- Кiнь,-- запярэчыў Бальтазар,-- кiнь, дружа рэферэндарыус, не ў золаце сiла гэтай пачвары, тут замешана нешта iншае. Праўда, князь Пафнуцiй увёў асвету на дабро i на карысць свайму народу i сваiм нашчадкам, але ў нас яшчэ засталiся сякiя-такiя дзiвосы i незразумеласцi. Я лiчу, што некаторыя карысныя цуды захавалiся на хатнi ўжытак. Напрыклад, з малюпасенькiх насенiнак усё яшчэ вырастаюць высачэнныя, прыгожыя дрэвы i нават самыя розныя плады i збожжа, якiмi мы набiваем сабе чэрава. Дазволена ж стракатым кветкам i розным кузакам мець пялёсткi i крылцы самых розных блiскучых барваў i калёраў i нават насiць на iх дзiвосныя пiсьмёны, прычым нiводзiн чалавек не ўгадае, алей гэта, гуаш цi акварэль, i нiводзiн бедалага калiёграф не праачытае вам гэтых велягурыстых гатычных выкрунтасiн, ужо i не кажу, каб спiсаць iх. Ах, рэферэндарыус, прызнаюся табе, у душы ў мяне часта чворыцца нешта дзiўнае. Я адкладваю ўбок люльку, пачынаю хадзiць па пакоi, а нейкi незразумелы голас нашэптвае мне, што я сам -- цуд; чараўнiк мiкракосм пануе ўва мне i змушае мяне на ўсялякiя неразумныя ўчынкi. Але тады, рэферэндарыус, я ўцякаю з дому i сузiраю прыроду, i разумею ўсё, што гавораць мне кветкi i ручаi, i мяне агартае нябесная шчасце!

-- У цябе гарачка! -- усклiкнуў Пульхер; але Бальтазар, не звяртаючы ўвагi на яго, працягнуў рукi наперад, быццам ахоплены палымяным жарам.

-- Услухайся,-- усклiкнуў ён,-- услухайся толькi, рэферэндарыус, якая нябесная музыка ў пошапце вечаровага ветру, як яна прасякае ўвесь гэты лес! Цi чуеш, як усё гучней узносяць сваю песню крынiцы? Як кусты i кветкi адказваюць iм пяшчотнымi галасамi!

Рэферэндарыўс насцярожыўся, каб учуць тую музыку, пра якую гаварыў Бальтазар.

-- I праўда ж,-- сказаў ён,-- i праўда ж, па лесе лунаюць прыгожыя, дзiвосныя гукi, якiя толькi мне даводзiлася чуць, яны глыбока западаюць у душу. Але гэта спявае не вечаровы вецер, не кусты i не кветкi; хутчэй за ўсё гэта, здаецца мне, дзесьцi зводдаль нехта грае на званочках шклянога гармонiка.

Пульхер меў рацыю. Сапраўды, поўныя, усё больш выразныя i блiзкiя акорды былi падобныя на гукi шклянога гармонiка, але толькi нечуванай велiчынi i моцы, а калi сябры прайшлiся крыху далей, iм адкрылася вiдовiшча такое чароўнае, што яны аслупянелi ад здзiўлення i сталi як укапаныя.

У невялiкiм аддаленнi па лесе павольна ехаў чалавек, апрануты амаль як кiтаец. Толькi на галаве ў яго быў пышны барэт з прыгожым плюмажам. Карэта была падобная на адкрытую ракавiну з зiхоткага крышталю, два вялiзныя колы, здавалася, былi зроблены з таго самага рэчыва. Калi яны варочалiся, узнiкалi дзiўныя гукi шклянога гармонiка, якiя сябры пачулi здалёк. Два беласнежныя аднарогi ў залатой збруi везлi карэту; на месцы фурмана сядзеў серабрысты кiтайскi фазан, зацiснуўшы ў дзюбе залатыя лейцы. На запятках умасцiўся вялiзазны залаты жук, ён памахваў мiгатлiвымi крыламi i, здавалася, навяваў прахалоду на дзiвоснага чалавека, якi сядзеў у ракавiне. Параўняўшыся з сябрамi, ён ветлiва кiўнуў iм. У той самы момант з блiскучай булавешкi вялiкай лёскi, якую ён трумыў у руцэ, вырваўся прамень i ўпаў на Бальтазара, якi адразу ж адчуў глыбока ў грудзях пякучы ўкол, здрыгануўся, i глухое "ах" зляцела з ягоных вуснаў.

Зiрнуўшы на яго, незнаёмы усмiхнуўся i кiўнуў яшчэ больш прыветлiва. Калi чароўная карэта знiкла ў глухой нетры лесу i толькi чулiся яшчэ пяшчотныя гукi гармонiка, Бальтазар, без памяцi ад захаплення i шчасця, кiнуўся свайму сябру на шыю i ўсклiкнуў:

-- Рэферэндарыус, вы ўратаваныя! Вось хто разбурыць праклятыя чары маленькага Цынобера.

-- Не ведаю,-- сказаў Пульхер,-- не ведаю, што са мною зараз робiцца, у сне гэта цi на яве, але сумневу няма, што нейкае невядомае мне шчасце напаўняе ўсю маю iстоту i маю душу зноў наведалi ўцеха i надзея.

Раздзел пяты

Як князь Барсануф снедаў лейпцыгскiмi жаўрукамi i данцыгскай залатой гарэлiцай, як на яго казiмiравых панталонах выступiла тлустая пляма i як ён узвёў тайнага сакратара Цынобера на пасаду тайнага радцы па адмысловых справах.-- Кнiжка з абразкамi доктара Праспэра Альпануса.-- Як нейкi брамнiк укусiў за палец студэнта Фабiяна, а той надзеў сукенку з шлейфам i быў за тое высмеяны. -- Уцёкi Бальтазара.

Няма чаго i казаць, што мiнiстрам замежных спраў, у якога спадар Цынобер заняў пасаду тайнага экспедытара, быў нашчадак таго самага барона Прэтэкстатуса фон Мондшайна, якi марна шукаў радаслоўню феi Розабэльвэрдэ у хронiках i турнiрных кнiгах. Ён, як i ягоны продак, зваўся Прэтэкстатус фон Мондшайн i славiўся выдатнай адукацыяй i далiкатнымi манерамi, нiколi не блытаў склонаў, пiсаў сваё iмя французскiмi лiтарамi, наогул почырк меў разборлiвы i нават часам займаўся справамi, асаблiва калi стаяла непагода. Князь Барсануф, адзiн з пераемцаў вялiкага Пафнуцiя, пяшчотна любiў свайго мiнiстра, бо ў таго на ўсякае пытанне быў гатовы адказ; у гадзiны, калi ён меўся адпачываць, ён гуляў з князем у кеглi, разбiраўся ў грашовых аперацыях i цудоўна скакаў гавот.

Аднаго разу сталася так, што барон Прэтэкстатус фон Мондшайн запрасiў князя да сябе на фрыштык скаштаваць лейпцыгскiх жаўрукоў i выпiць чарачку данцыгскай залатой гарэлiцы. Калi князь прыбыў у дом Мондшайна, дык у прыхожай сярод процьмы годнасных дыпламатычных пярсонаў быў i малы Цынобер, якi, абапершыся на лёску, блiснуў на яго вочкамi i, больш ужо да яго не паварочваючыся, засунуў у рот смажанага жаўрука, якога толькi што звалок са стала. Ледзь толькi князь убачыў мальца, ён лiтасцiва ўсмiхнуўся яму i сказаў мiнiстру:

-- Мондшайн! Хто гэты прыгожы i талковы чалавек? Гэта, мабыць, той самы, што такiм выдатным стылем складае i такiм вытанчаным почыркам перапiсвае даклады, якiя я апошнiм часам ад вас атрымлiваю?

-- Вядома, ласкавы спадару,-- адказваў Мондшайн. Доля даравала мне самага разумнага i мудрага чыноўнiка ў маёй канцылярыi. Яго завуць Цынобер, i я самым лепшым чынам рэкамендую гэтага цудоўнага маладога чалавека вашай мiласцi на ўпадабанне, мой дарагi княжа. Ён у мяне ўсяго некалькi дзён.

-- А таму,-- сказаў прыгожы малады чалавек, падышоўшы да iх,-- а таму, калi ваша светласць дазволiць мне заўважыць, мой маленькi калега не адправiў яшчэ нiводнай паперы. Данясеннi, якiм пашчасцiла быць заўважанымi вамi, найсвятлейшы княжа, складзены мною.

-- Што вам трэба?-- гнеўна звярнуўся да яго князь.

Цынобер тым часам падсунуўся да князя i, са смакам аплятаючы жаўрука, прагна плямкаў. Малады чалавек, якi звярнуўся да князя, сапраўды пiсаў памянёныя даклады, але...

-- Што вам трэба?-- усклiкнуў князь.-- Вы, я так думаю, i пяра ў руках не трымалi? I тое, што вы каля мяне ясце смажаных жаўрукоў, што аж я, на вялiкую прыкрасць маю, ужо заўважаю тлустую пляму на маiх новых кашамiравых панталонах, i прытым вы так непрыстойна плямкаеце, так, усё гэта дастаткова паказвае вашу поўную няздольнасць да дыпламатычнага прыпiрышча. Iдзiце сабе на здароўе дахаты i вачам маiм больш не назаляйцеся, хiба калi толькi здабудзеце надзейны сродак ад плям на маiх кашамiравых панталонах. Магчыма тады я вярну вам сваю прыхiльнасць.--

I, павярнуўшыся да Цынобера, князь дадаў.-- Юнакi, падобныя на вас, дарагi Цынобер, -- акараса айчыны i заслугоўваюць, каб iх адзначалi. Вы -- тайны радца па асобых справах, мой любасны.

-- Шчыра дзякую,-- прасiпеў у адказ Цынобер, праглынуў апошнi кавалак i выцер рот абедзвюма ручкамi,-- шчыра дзякую, ужо ж я з гэтым упраўлюся як след.

-- Пахвальная самаўпэўненасць,-- сказаў князь, павышаючы голас,-- пахвальная самаўпэўненасць паходзiць ад унутранай сiлы, якую павiнен мець годнасны дзяржаўны муж.-- Сказаўшы гэтую сентэнцыю, князь выпiў паднесеную яму мiнiстрам чарачку данцыгскай залатой гарэлiцы нябескага смаку. Новы радца павiнен быў сесцi памiж князем i мiнiстрам. Ён з'ядаў неверагоднае мноства жаўрукоў i пiў то малагу, то залатую гарэлiцу, сiпеў i мармытаў нешта праз зубы, i як што ягоны востры нос ледзь даставаў да краю стала, дык яму даводзiлася моцна працаваць ручкамi i ножкамi.

Калi фрыштык закончыўся, князь i мiнiстр усклiкнулi:

-- У нашага тайнага радцы аглiцкiя манеры!

-- У цябе,-- сказаў Фабiян свайму сябру Бальтазару,-- у цябе такi радасны выгляд, вочы твае гараць нейкiм адмысловым агнём. Ты шчаслiвы? Ах, Бальтазар, можа табе прыснiлася нешта дзiвоснае, але я павiнен разбудзiць цябе, гэта мой сяброўскi абавязак.

-- Што такое? Што здарылася? -- сумеўся Бальтазар.

-- Так,-- гаварыў далей Фабiян,-- так! Я павiнен адкрыцца табе цалкам! Будзь мужны, дружа! Падумай, што, магчыма, няма на свеце такога няшчасця, якое не ўражвала б так балюча i не забывалася б так лёгка! Кандзiда!

-- Божа мілы!-- усклiкнуў ахоплены жахам Бальтазар.-- Кандзiда! Што з Кандзiдай? Яе ўжо няма на свеце? Яна памерла?

-- Супакойся,-- сказаў Фабiян,-- супакойся, дружа мой. Кандзiда не памерла, але табе яна ўсё адно што памерла. Ведай жа, малец Цынобер стаў тайным радцам па адмысловых справах i, як павядаюць, амаль што ўжо заручаны з красуняй Кандзiдай, якая, бог яе ведае чаму, без памяцi ў яго закахалася.

Фабiян думаў, што Фабiян кiнецца ў шалёныя, поўныя роспачы жальбы i праклёны. Але замест таго ён сказаў са спакойнай усмешкай:

-- Калi ўсё толькi ў гэтым, дык тут яшчэ няма нiякага няшчасця, якое магло б мяне засмуцiць.

-- Ты больш не кахаеш Кандзiду? -- здзiўлена ўсклiкнуў Фабiян.

-- Я кахаю,-- адказваў Бальтазар,-- я люблю гэтага анёла, гэтую дзiвосную дзяўчыну з усёй маёй замроенасцю, з усёй жарсцю, якая толькi можа успалымнiць хлапечыя грудзi. О, я ведаю,-- ах!-- я ведаю, што Кандзiда таксама кахае мяне i толькi праклятыя чары паланiлi яе, але я скора парву гэтыя вядзьмарскiя путы, скора я знiшчу гэтага прахвоста, якi асляпiў нябогу.

Тут Бальтазар расказаў сябру пра дзiўнага чалавека, якi сустрэўся яму на лясной дарозе ў казачнай карэце. I пад канец ён сказаў, што, як толькi з чароўнай булавешкi блiснуў прамень i дакрануся да яго грудзей, у iм нарадзiлася цвёрдая ўпэўненасць, што Цынобер не хто там якi, а ведзьмiч, чыю сiлу зломiць гэты незнаёмы.

-- Дазволь, Бальтазар,-- усклiкнуў Фабiян, калi яго сябар закончыў,-- дазволь, як гэта табе магла прыйслi ў галаву такая дзiкасць! Невядомы, якога ты лiчыш чараўнiком, не хто якi там, а доктар Праспэр Альпанус, ён жыве ў сваiм загародным доме непадалёк ад Керапэса. Праўда, ходзяць пра яго розныя памрочлiвыя пагудкi, так што яго можна прыняць за другога Калiостру, але ў гэтым вiнаваты сам доктар. Ён любiць авяваць сябе розным мiстычным флёрам, напускаць на сябе, строiць з сябе чалавека, якi прысвечаны ў самыя патаемныя сакрэты прыроды i кiруе невядомымi сiламi, i ў дадатак яму ўласцiвыя ўсялякiя велягурыстыя вычуды. Напрыклад, яго карэта зладжана так, што чалавек з жывою i палкаю фантазiяй, як вось ты ў мяне, дружа, можа прыняць усё гэта за з'яву з нейкай неверагоднай казкi. Паслухай толькi! Яго кабрыялет мае форму ракавiны i ўвесь пасярэблены, а памiж колаў пастаўлены арганчык, якi, калi вось круцiцца, грае сам па сабе. Той, каго ты прыняў за срабрыстага фазана, быў яго маленькi жакей, апрануты ва ўсё белае, а раскрыты парасон здаўся табе крыламi залатога жука. Ён загадвае прыладжваць на галовы сваiм коням вялiкiя рогi, каб яны глядзелiся сапраўды казачна. Зрэшты, у доктара Альпануса i праўда ёсць прыгожая iспанская лёска з дзiвосна зiхоткiм крышталём, прымацаваным зверху, накшталт булавешкi, пра дзiвоснае дзеянне якога расказваюць цi, правiльней, выдумляюць шмат усялякае небывальшчыны. Быццам чалавечае вока не выносiць праменя з гэтага крышталю. А калi доктар аберне яго празрыстым пакрывалам, дык, пiльна ўгледзеўшыся, убачыш у iм, як ва ўвагнутым люстры, тую асобу, чый вобраз носiш у глыбiнi душы.

-- А што, праўда?-- перабiў Бальтазар сябра.-- Няўжо так i расказваюць? Ну, а што яшчэ пра спадара доктара Альпануса?

-- Ах,-- адказаў Фабiян,-- не патрабуй, каб я падрабязна пераказваў табе ўсе гэтыя iдыёцкiя баечкi i погаласкi. Ты ж сам ведаеш, што яшчэ дагэтуль у нас жывуць вар'яты, якiя насуперак здароваму розуму вераць ва ўсе так званыя цуды пустых няньчыных казак.

-- Прызнаюся,-- сказаў Бальтазар, -- што я сам вымушаны далучыцца да гэтых вар'ятаў, якiя не маюць здаровага розуму. Пасярэбленае дрэва -- гэта зусiм не зiхоткi празрысты крышталь, а арганчык гучыць не як шкляны гармонiк, срабрысты фазан -- не жакей, а парасон -- не залаты жук. Альбо дзiвосны чалавек, якога я сустрэў, не доктар Праспэр Альпанус, пра якога ты кажаш, альбо доктар i праўда прысвечаны ў самыя глыбокiя патайнасцi.

-- Каб зусiм,-- сказаў Фабiян,-- каб зусiм асланiць цябе ад тваiх крозаў, нiчога лепшага няма, як звесцi цябе да самога доктара Альпануса. Тады ты на свае вочы пабачыш, што доктар Праспэр Альпанус -- самы звычайны лекар i ўжо-такi анiяк не выязджае на прагулку на аднарогах, з срабрыстымi фазанамi i залатымi жукамi.

-- Ты выказаў,-- усклiкнуў Бальтазар, у якога заблiшчалi вочы ад радасцi,-- ты выказаў, дружа, самае запаветнае жаданне маёй душы. Давай, без адкладу ў дарогу.

Неўзабаве яны ўжо стаялi перад закратаванаю брамаю парку, сярод якога стаяў дом доктара Альпануса.

-- Як жа нам увайсцi?-- спытаў Фабiян.

-- Думаю, трэба пастукацца,-- адказаў Бальтазар i ўзяўся за металiчную тарахцёлку, якая вiсела каля самага замка.

Ледзь толькi ён падняў тарахцёлку, як пад зямлёй пачуўся нейкi гул, падобны на далёкi гром, якi замёр у бяздоннай глыбiнi. Кратаваная брама няспешна павярнулася на петлях, сябры ўвайшлi i скiравалiся па доўгай шырокай сцежцы, у канцы якое яны ўбачылi вясковы дамок.

-- Што ж,--сказаў Фабiян,-- цi заўважаеш ты тут што-небудзь незвычайнае?

-- Мне здаецца,-- сказаў Бальтазар,-- што спосаб, якiм адчынiлася брама, не такi ўжо й звычайны, i потым, не ведаю чаму, але тут мне ўсё здаецца такiм чароўным, такiм магiчным. Хiба дзе-небудзь у наваколлi можна ўбачыць такiя дзiвосныя дрэвы, як у гэтым парку? I нават здаецца, што iншыя дрэвы, iншыя кусты перанесены сюды з далёкiх невядомых краёў,-- у iх блiскучыя камлi i смарагдавыя лiсты.

Фабiян убачыў дзве неверагодна вялiкiя жабы, якiя ўжо ад самае брамы скакалi следам за сябрамi абапал сцежкi.

-- Нiчога не скажаш, дзiвосны парк,-- усклiкнуў Фабiян,-- дзе водзяцца такiя гады! -- i нагнуўся падняць каменьчык, каб кiнуць iм у гэтых вясёлых жабак. Абедзьве адскочылi ў кусты i ўтаропiлiся на яго блiскучымi чалавечымi вачыма.-- Ну чакайце ж, чакайце! -- закрычаў Фабiян, прыцэлiўся ў адну i папусцiў каменем.

-- Грубiян! Чаго гэта ён шпурляе камянi ў сумленных людзей, якiя не пакладаючы рук працуюць у садзе дзеля кавалка хлеба надзённага?-- заквакаля гадкая маленькая бабулька, што сядзела каля дарогi.

-- Хадзем, хадзем! -- у жаху замармытаў Бальтазар, якi выдатна бачыў, што гэтаю бабулькаю абярнулася жаба. Зiрнуў у кусты, пераканаўся, што другая жаба абярнулася старым дзядком, якi цяпер руплiва палоў траву.

Перад домам слалася цудоўная вялiкая лугавiна, на ёй пасвiлiся абодва аднарогi; у паветры гучалi дзiвосныя акорды..

-- Ты бачыш? Ты чуеш? -- спытаў Бальтазар.

-- Нiчога не бачу,-- адказаў Фабiян,-- апрача двух маленькiх понi, якiя скубуць траўку, а ў паветры, трэба думаць, чуюцца гукi развешаных недзе эолавых арфаў.

Простая высакародная архiтэктура двухпавярховага вясковага дамка, суразмернага ў сваiх прапорцыях, захапiла Бальтазара. Ён пацягнуў за шнурок званка; дзверы адразу адчынiлiся, i сяброў сустрэла брамнiца, высокая, падобная на страўса залацiста-жоўтая птуха.

-- Ты ж пабач,-- звярнуўся Фабiян да Бальтазара,-- ты падзiвiся толькi, якая пацешная лiўрэя! Калi захочаш даць гэтаму хлопцу на гарэлку, дык дзе ж у яго рукi, каб сунуць манету ў кiшэньку жылеткi?

Ён павярнуўся да страўса, ухапiў яго за блiскучыя мяккiя пёры, што, як пышнае жабо, распусцiлiся на шыi пад дзюбай i сказаў:

-- Далажы пра нас, даражэнькi прыяцельку, спадару доктару.

Але страўс нiчога, апрача "квiррр", не адказаў i дзюбнуў Фабiяна ў палец.

-- Цьху ты, чорт! -- усклiкнуў Фабiян.-- А хлапчо, бадай што, i праўда праклятая птушка!

Тут адчынiлiся дзверы ва ўнутраныя пакоi, i сам доктар выйшаў насустрач сябрам -- нiзенькi, худзенькi, бледны чалавек! Маленькая аксамiтная шапачка пакрывала яго галаву, прыгожыя валасы струменiлiся доўгiмi пасмамi. Доўгi iндыйскi хiтон колеру вохры i маленькiя чырвоныя боцiкi са шнурамi, аздобленыя -- цяжка было разабраць чым: цi то стракатым футрам, цi то блiскучым пухам нейкай птушкi,-- складалi яго вопратку. На твары быў поўны спакой, поўнае ўпадабанне, толькi здавалася дзiўным, што, калi станеш зусiм блiзка i пачнеш пiльна ў яго ўзiрацца, дык з гэтага твару, як са шклянога футарала, быццам выглядваў яшчэ другi, маленькi тварык.

-- Я ўбачыў,-- прыветлiва ўсмiхаючыся, загаварыў цiхiм i крыху працяжным голасам Праспэр Альпанус,-- я ўбачыў вас, спадарства, з акна. Праўда, я i раней ведаў, прынамсi, што датычыцца вас, дарагi спадар Бальтазар, што вы наведаеце мяне. Прашу, за мною.

Праспэр Альпанус правёў iх у высокi круглы пакой, увесь зацягнуты нябеска-блакiтнымi занавескамi. Святло прабiвалася зверху праз акно ў купале i падала проста на гладка адпалiраваны мармуровы стол, якi стаяў пасярэдзiне, падтрымваны сфiнксам. Апрача гэтага, у пакоi нельга было заўважыць нiчога незвычайнага.

-- Чым магу служыць?-- спытаўся Праспэр Альпанус.

Бальтазар, набраўшыся духу, расказаў усё, што былося з мальцом Цыноберам, пачынаючы з яго першага з'яўлення ў Керапэсе, i заключыў з непахiснай перкананасцю, што Праспэр Альпанус з'явiцца тым дабрадзейным магам, якi пакладзе крэс нягоднаму i мярзотнаму вядзьмарству Цынобера.

Праспэр Альпанус, глыбока задумаўшыся, маўчаў. Нарэшце, праз некалькi хвiлiн, ён з сур'ёзным тварам i панiзiўшы голас загаварыў:

-- Мяркуючы па ўсiм, што вы мне расказалi, Бальтазар, i сумнення ў тым няма, што ў справе з мальцом Цыноберам ёсць нейкая таямнiчая акалiчнасць. Аднак трэба ведаць ворага, якога належыць адолець, ведаць прычыну яго моцы, дзеянне якой збiраешся разбурыць. Можна падумаць, што маленькi Цынобер не хто там хто якi, а альраўн. Гэта мы зараз i ўведаем.

З гэтымi словамi Праспэр Альпанус тузануў за шаўковы шнурок, якi звiсаў са столi. Адна занавеска шумна рассунулася, i вачам адкрылася мноства вялiзных фалiянтаў у залачоных акладах; прыгожая, паветрана лёгкая лесвiчка з кедровага дрэва скацiлася ўнiз. Праспэр Альпанус падняўся па гэтай лесвiчцы, дастаў з самай верхняй палiцы фалiянт i, акуратна змахнуўшы з яго пыл вялiкай мяцёлкай з блiскучыў павiных пёраў, паклаў на мармуровы стол.

-- Гэта трактат,-- сказаў ён,-- прысвечаны альраўнам, яны ўсе тут намаляваныя; магчыма, вы знойдзеце сярод iх i варожага вам Цынобера, i тады ён у нашых руках.

Калi Праспэр Альпанус раскрыў кнiгу, сябры ўбачылi мноства старанна расфарбаваных гравюраў з выявамi самых дзiвосных выродлiвых чалавечкаў з вельмi дурнымi мордамi, якiя толькi можна ўявiць сабе. Але як толькi Праспэр дакрануўся да аднаго з гэтых чалавечкаў на паперы, той ажыў, выскачыў з лiста на мармуровы стол i пачаў вельмi смешна скакаць i падбрыкваць, пстрыкаць пальчыкамi, вырабляць крывымi ножкамi выдатныя пiруэты i антраша i цвiркатаць: "Квiрр-квапп, пiрр-папп",-- пакуль Праспэр не схапiў яго за галаву i не паклаў назад у кнiгу, дзе той адразу сплюшчыўся i разгладзiўся ў стракаты абразок.

Такiм спосабам перагледзелi ў кнiзе ўсе выявы, i Бальтазар не раз гатовы быў усклiкнуць: "Вось ён, вось Цынобер!" Але, угледзеўшыся як след, вымушаны быў, на свой жаль, зазначаць, што чалавечак зусiм не Цынобер.

-- Усё-такi даволi дзiўна,-- сказаў Праспэр Альпанус, прагледзеўшы кнiгу да канца.-- Аднак,-- гаварыў ён далей,-- магчыма, Цынобер -- гном? Паглядзiм.

I ён з незвычайнай увiшнасцю зноў залез па кедровай лесвiчцы i дастаў другi фалiянт, асцярожна змахнуў з яго пыл, паклаў на мармуровы стол i сказаў:

-- Гэты трактат прысвечаны гномам; можа, мы вылавiм Цынобера ў гэтай кнiзе.

Сябры зноў убачылi мноства расфарбаваных гравюраў, цэлае зборышча выродлiвых карычнева-жоўтых пачвараў. I калi Праспэр Альпанус дакранаўся да iх, яны плаксiва-жаласна енчылi i пад канец цяжка выпаўзалi з лiста, бурчалi, кракталi, валтузiлiся на стале, пакуль доктар не зацiскаў iх назад у кнiгу.

Але i сярод iх Бальтазар не знайшоў Цынобера.

-- Дзiўна, даволi дзiўна,-- сказаў доктар i моўчкi задумаўся.

-- Каралём жукоў,-- сказаў ён крыху пазней,-- каралём жукоў ён не можа быць, бо той, як мне дакладна вядома, цяпер якраз заняты ў iншым месцы; маршалам павукоў таксама не, бо павучыны маршал хоць i брыдкi, але разумны i майстравiты, жыве з працы рук сваiх i не прыпiсвае сабе чужых заслуг. Дзiўна, вельмi дзiўна!

Ён зноў памаўчаў, i тут яўна пачулiся розныя дзiвосныя галасы: то асобныя гукi, то моцныя наплывы акордаў.

-- У вас тут усюды чуецца мiлая музыка, любасны спадар доктар,-- сказаў Фабiян.

Праспэр Альпанус, здавалася, зусiм не заўважаў Фабiяна, яго вочы глядзелi толькi на Бальтазара, ён працягнуў да яго рукi i злёгку варушыў пальцамi, быццам нябачна акрапляў яго.

Нарэшце доктар схапiў Бальтазара за рукi i сказаў з прыветлiвай сур'ёзнасцю:

-- Толькi самае чыстае сугучча псiхiчнага пачатку па законе дуалiзму спрыяе аперацыi, якую я зараз пачну. Сачыце за мной!

Сябры прайшлi следам за доктарам некалькi пакояў, дзе, калi не лiчыць некалькiх дзiвосных звяроў, якiя практыкавалiся ў чытаннi, пiсьме, жывапiсе i танцах, нiчога вартага ўвагi не было, пакуль нарэшце не адчынiлiся дзверы на дзве палавiны, i сябры спынiлiся перад шчыльнай заслонай, за якою знiк Праспэр Альпанус, пакiнуўшы iх у цемры. Заслона зашуршэла, рассунулася, i сябры апынулiся ў авальнай зале, дзе было рассеянае магiчнае святло. Калi зiрнуць на сцены, здавалася, позiрк раствараўся ў неаглядных зялёных гаях i расквечаных далiнах, у якiх цурчалi ручаi i крынiцы. Таямнiчы дух невядомага водару калыхаўся ў пакоi, як бы разносячы салодкiя гукi шклянога гармонiка. Праспэр Альпанус явiўся ўвесь у белым, як брамiн, i паставiў пасярод залы вылiкае круглае крышталёвае люстра, на якое накiнуў покрыва.

-- Падыдзiце,-- сказаў ён урачыста i глуха, -- падыдзiце да гэтага люстра, Бальтазар, накiруйце ўсе вашыя думкi да Кандзiды, усёй душой жадайце, каб яна паказалася вам у гэтае iмгненне, якое цячэ цяпер у прасторы i часе.

Бальтазар зрабiў так, як яму было сказана, а Праспэр Альпанус, стоячы за iм, аберуч выпiсваў вялiкiя колы.

Праз некалькi iмгненняў з люстра заструменiўся блакiтнаваты дым. Кандзiда, красуня Кандзiда явiлася ва ўсёй чароўнасцi свайго воблiку, ва ўсёй поўнасцi жыцця. Але побач з ёю, зусiм каля яе, сядзеў агiдны Цынобер i пацiскаў яе рукi, i цалаваў яе. Бальтазар гатовы быў крыкнуць, але Праспэр Альпанус моцна схапiў яго за плечы, i крык замёр у яго ў грудзях.

-- Спакойна,-- цiха сказаў Праспэр,-- спакойна, Бальтазар. Вазьмiце гэтую лёску i адлупцуйце мальца, толькi не сыходзьце з месца.

Бальтазар так i зрабiў i на вялiкую сабе асалоду ўбачыў, як малец скурчыўся, упаў з крэсла i пачаў качацца па зямлi. Раз'юшаны Бальтазар кiнуўся наперад, але ўява расплылася ў тумане i дыме, а Праспэр Альпанус рэзка тузануў Бальтазара i гучна крыкнуў:

-- Стойце! Калi вы паб'яце магiчнае люстра -- мы ўсе прапалi! Выйдзем жа на святло!

Паслухаўшыся загаду доктара, сябры пакiнулi залу i ўвайшлi ў суседнi светлы пакой.

-- Дзякаваць небу,-- усклiкнуў Фабiян i глыбока перавёў дух,-- дзякаваць небу, што мы выбралiся з гэтай праклятай залы! Духата сцiснула мне сэрца, да таго ж яшчэ гэтыя кунштукi, якiя я цяпер ненавiджу.

-- Цяпер,-- сказаў ён, -- цяпер няма нiякага сумнення, што вырадзень Цынобер не альраўн i не гном, а звычайны чалавек. Але тут дамешана нейкая таямнiчая, вядзьмарская сiла, разгадаць якую мне пакуль што не ўдалося, i таму на гэты момант памагчы вам я не магу. Наведайце мяне, Бальтазар, праз час якi, тады паглядзiм, што рабiць. Да пабачэння!

-- Ну вось,-- сказаў Фабiян, падступаючы да доктара,-- ну вось вы мне i чараўнiк, спадар доктар, а з усiм вашым магiчным штукарствам не можаце ўрабiць гэтага маленькага, нiкчэмнага Цынобера? Дык жа ведайце, што я лiчу вас, з усiмi вашымi размаляванымi абразкамi, лялькамi, магiчнымi люстэркамi, з усiм вашым фiглярскiм таварам, самым апошнiм шарлатанам. Бальтазар закахаўся, драпае вершыкi, яго вы можаце пераканаць у чым заўгодна, а мне сваё глупства не падтыкайце, нiчога не выйдзе. Я чалавек адукаваны i не пераймаюся нiякiмi цудамi!

-- Думайце, як вам заўгодзiцца!-- сказаў Праспэр Альпанус i засмяяўся гучней i весялей, чым можна было чакаць ад яго.-- Але хоць я i не зусiм чараўнiк, усё ж на сякiя-такiя досцiпы здольны.

-- З Вiглебавай "Магii" цi з якой-небудзь iншай?-- усклiкнуў Фабiян.-- Ну, тут вам не дастаць нашага прафесара Моша Тэрпiна, вам нават раўняцца з iм не след, бо ён сумленны чалавек i заўсёды паказвае нам, што ўсё робiцца самым натуральным чынам, i ён зусiм нават не абстаўляе сябе ўсякiм такiм таямнiчым прычындаллем, як вы, спадар доктар. Ну, гонар маю адкланяцца.

-- Эге,-- сказаў доктар,-- няўжо вы пакiнеце мяне ў такiм гневе?

I з гэтымi словамi ён некалькi разоў пагладзiў абедзве рукi Фабiяна, ад пляча да кiсцi, аж таму зрабiлася неяк няёмка, i ён у душэўнай змусце ўсклiкнуў:

-- Што вы там робiце, спадару прафесар!

-- Паслухайце, спадарства,-- сказаў доктар.-- Вас, спадар Бальтазар, я спадзяюся пабачыць неўзабаве зноў. Дапамога прыйдзе.

-- На гарэлку ты ўсё ж не атрымаеш, прыяцель!-- крыкнуў, выходзячы, Фабiян залацiста-жоўтаму брамнiку i трасянуў яго за жабо. Але брамнiк зноў нiчога не адказаў, апрача "квiррр", i зноў дзюбнуў Фабiяна ў палец.

-- Во пачвара!-- усклiкнуў Фабiян i кiнуўся бегчы.

Жабкi ветлiва правялi абодвух сяброў да кратаванай брамы, якая з глухiм грукатам адчынiлася i зачынiлася.

-- Я не ведаю,-- сказаў Бальтазар, iдучы па дарозе за Фабiянам,-- я не ведаю, брат, што гэта табе прыйшло сёння ў галаву надзець такi недарэчны сурдут з такiмi неверагодна доўгiмi поламi i такiмi карнатымi рукавамi.

Фабiян, на сваё здзiўленне, заўважыў, што яго кароценькi сурдуцiк выцягнуўся ззаду да самай зямлi, а рукавы, раней дастаткова доўгiя, сабралiся зборкамi каля локцяў.

-- Тысяча чартоў, ды што ж гэта такое?-- усклiкнуў ён i пачаў адцягваць i патузваць рукавы i распраўляць плечы. Спачатку гэта як бы нават дапамагло, але ледзь толькi сябры прайшлi гарадскую браму, як рукавы зноў палезлi ўгору, а крыссе пачало расцi, так што неўзабаве, нягледзячы на ўсе адцягваннi, патузваннi i паварушваннi, рукавы сабралiся каля самых плячэй, выстаўляючы напаказ голыя рукi Фабiяна, а ззаду валокся шлейф, якi ўсё больш i больш падаўжаўся. Сустрэчныя спынялiся i рагаталi на ўсё горла, хлапчукi, дзiка гарлаючы i весела галёкаючы, гамузам беглi за Фабiянам, хапалi i рвалi яго доўгую вопратку, так што Фабiян ляцеў кулём, а калi зной падымаўся на ногi, шлейф зусiм не карнацеў, не,-- ён рабiўся яшчэ даўжэйшы. I смех вакол буяў усё больш апантана i шалёна, рогат i крыкi не сцiхалi, пакуль нарэшце Фабiян, ледзь не звар'яцеўшы, кiнуўся стрымгалоў у адчыненыя дзверы нейкага дома. Шлейф адразу знiк.

Бальтазару не было калi асаблiва здзiўляцца з дзiўнага зачаравання Фабiяна, бо рэферэндарыус Пульхер злавiў яго, зацягнуў у бязлюдны завулак i сказаў:

-- Цi можна падумаць нават, што ты яшчэ тут, што яшчэ паказваешся на людзях, калi цябе ўжо шукае пэдэль, каб арыштаваць.

-- Што такое? Што ты такое вярзеш?-- спытаўся са здзiўленнем Бальтазар.

-- Так далёка,-- гаварыў далей рэферэндарыус, -- аж так далёка ўцягнуў цябе шал рэўнасцi, што ты, парушаючы недатыкальнасць жытла, з варожымi намерамi ўварваўся ў дом Моша Тэрпiна, напаў на Цынобера пры ягонай жа нявесце i пабiў вырадка да паўсмерцi.

-- Крый цябе божа,-- усклiкнуў Бальтазар,-- я ж цалюткi дзень не быў у Керапэсе! Якая ганебная хлусня!

-- Цiшэй, цiшэй,-- перабiў яго Пульхер,-- iдыёцкая i бязглуздая выдумка Фабiяна надзець вопратку са шлейфам выратуе цябе. Цяпер нiхто не возьме на цябе ўвагi! Схавайся толькi ад ганебнага арышту, а ўжо астатняе мы ўладзiм. Табе нельга вяртацца дамоў. Дай мне ключ, я перашлю табе ўсё, што трэба. Хутчэй у Гох-Якабсгайм!

I, сказаўшы гэта, рэферэндарыус пацягнуў за сабою Бальтазара глухiмi завулкамi за гарадскую браму, да вёскi Гох-Якабсгайм, дзе славуты вучоны Пталамей Фiладэльфус пiсаў вялiкую кнiгу пра невядомы народ -- студэнтаў.

Раздзел шосты

Як Цынобер, тайны радца па асобых справах, прычэсваўся ў сваiм садзе i прымаў расяную ванну.-- Ордэн зялёнаплямiстага тыгра.-- Шчаслiвая выдумка тэатральнага краўца.-- Як фройляйн фон Розэншэн аблiлася кавай, а Праспэр Альпанус даводзiў ёй сваю дружбу.

Прафесар Мош Тэрпiн расплываўся ў асалодзе.

-- Цi магло,-- гаварыў ён сам сабе,-- цi магло мне прыпасцi большае шчасце, чым выпадак, якi прывёў у мой дом дастойнага тайнага радцу па асобых справах яшчэ студэнтам? Ён ажэнiцца з маёй дачкою, ён стане маiм зяцем, праз яго я ўвайду ў ласку да нашага слаўнага князя Барсануфа i буду падымацца па лесвiцы, па якой падымаецца мой цудоўны малец Цынобер. Па праўдзе, я сам часта не разумею, як гэта мая дзяўчынка, мая Кандзiда, без памяцi закахалася ў мальца. Звычайна жанчыны больш зважаюць на прыгожую знешнасць, чым на адмысловыя здатнасцi душы, а я часам як гляну на гэтага мальца па асобых справах, дык мне здаецца, што яго нельга назваць надта прыгожым, ён нават bossu****, але цiха, шш-шш, i сцены маюць вушы. Ён у князя пястун, ён пойдзе ўгору, вышэй i вышэй, i ён -- мой зяць.

Мош Тэрпiн меў рацыю. Кандзiда выявiла ў сабе шчырую прыхiльнасць да мальца, а калi хто-небудзь яшчэ не падупалы ўздзеянню дзiўных чараў Цынобера намякаў, што тайны радца па асобых справах ўсяго толькi шкодны вылюдак, яна адразу загаворвала пра дзiвосныя, прыгожыя валасы, якiмi яго надарыла прырода.

Нiхто пры такiх гаворках Кандзiды не ўсмiхаўся так хiтра, як рэферэндарыус Пульхер.

Ён хадзiў па пятах за Цыноберам, а верным памочнiкам ў яго быў тайны сакратар Адрыян, той самы малады чалавек, якога Цыноберавыя чары ледзь не выгналi з канцылярыi мiнiстра. Яму ўдалося зноў увайсцi ў давер князю, толькi калi ён дастаў выдатны сродак на вывядзенне плямаў.

Тайны радца па асоьбых справах Цынобер жыў у выдатным доме з яшчэ больш выдатным садам, пасярэдзiне якога была заслоненая з усiх бакоў густым кустоўем палянка, дзе цвiлi раскошныя ружы. Было заўважана, што праз кожныя дзевяць дзён Цынобер цiхенька ўстае на дасвеццi, апранаецца сам, як гэта яму нi цяжка, без слуг, спускаецца ў сад i знiкае ў кустах, якiя атачаюць палянку.

Пульхер i Адрыян падазравалi тут нейкую таямнiцу, выпыталi ў камердынера, што прайшло якраз дзевяць дзён з таго, як Цынобер апошнi раз наведаўся на тую палянку, адважылiся пералезцi ўначы праз садовы плот i схавалiся ў кустах.

Ледзь толькi пачало брацца на ранiцу, як яны ўбачылi мальца, якi наблiжаўся да iх, чыхаючы i фыркаючы; калi ён пераходзiў цераз курцiны, расiстыя сцяблiны i вецце хлясталi яго па носе.

Калi ён прыйшоў на ружовую палянку, па кустоўi пранёсся салодкi подых, i ружы запахлi яшчэ мацней. Прыгожая, захiнутая ў пакрывала жанчына з крыламi за спiнай зляцела ўнiз, прысела на разьбёнае крэсла, якое стаяла сярод ружовых кустоў, i, цiха прыгаворваючы: "Хадзi сюды, дзiця маё",-- прыгарнула да сябе маленькага Цынобера i пачала залацiстым гребенем расчэсваць яго доўгiя валасы, якiя ападалi на плечы. Мабыць, малому гэта было вельмi па душы: ён мружыўся, выпручваў ножкi, вурчаў i муркаў, як кот. Гэта доўжылася добрых пяць хвiлiн, пасля чараўнiца правяла пальцам мальцу па цеменi, i абодва, Пульхер i Адрыян, заўважылi на галаве ў Цынобера блiскучую вузкую агнявую палоску. Нарэшце жанчына сказала:

-- Бывай, мiлае дзiця маё! Будзь разумны, будзь разумны, наколькi зможаш.

Малец адказаў:

-- Adieu, матухна, розуму ў мяне досыць, табе не трэба паўтараць мне гэтага так часта.

Незнаёмая павольна паднялася i знiкла ў паветры.

Пульхер i Адрыян скамянелi ад здзiўлення. Але ледзь толькi Цынобер сабраўся iсцi, рэферэндарыус выскачыў з кустоў i голасна закрычаў:

-- Добрай ранiцы, спадару тайны радца па асобых справах! Гэ! Як цудоўна вы прычасаны!

Цынобер азiрнуўся i, убачыўшы рэферэндарыуса, кiнуўся быў бегчы. Але, як што ад прыроды быў нязграбны i няўклюдны па слабасцi ног, спатыкнуўся i ўпаў у высокую траву, так што сцебле самкнулася над iм i ён апынуўся ў расяной ванне. Пульхер падскочыў да малога i дапамог яму ўстаць на ногi, але Цынобер загугнiў::

-- Спадару, як вы трапiлi ў мой сад? Кацiцеся да ўсiх чарцей сабачых! -- Тут ён заскакаў i кiнуўся стрымгалоў дамоў.

Пульхер напiсаў Бальтазару пра гэта дзiвоснае здарэнне i абяцаўся пасiлiць назiранне за маленькiм ведзьмiчам. Здавалася, Цынобер быў няўцешны з усяго таго, што з iм здарылася. Ён загадаў пакласцi сябе ў пасцель i так стагнаў i енчыў, што вестка пра яго нечаканую немач хутка дабегла да мiнiстра Мондшайна, а потым i да князя Барсануфа.

Князь Барсануф адразу паслаў да маленькага любiмца свайго лейб-медыка.

-- Дастойны спадар тайны радца,-- сказаў лейб-медык, памацаўшы пульс,-- вы ахвяруеце сабою дзеля айчыны. Руплiвая праца звяла вас у ложак, бясконцае высiльванне розуму паслужыла прычынай неверагодных вашых цярпенняў, якiя вы мусiце пераносiць. Вы вельмi бледны i зусiм зблажэлi, а ваша неацэнная галава так i палае! Ай-яй! Толькi б не запаленне мозгу! Няўжо гэта спрычынена няспынным дбаннем пра даброцi дзяржаве! Наўрад цi гэта магчыма! Але дазвольце!

Лейб-медык мабыць заўважыў на галаве ў Цынобера тую самую чырвоную палоску, якую першыя адкрылi Пульхер i Адрыян. I ён крыху зводдалi зрабiў некалькi магнетычных пасаў i з усiх бакоў падзьмухаў на хворага, якi пры гэтым мяўкаў, вiшчаў i звягаў; хочучы правесцi рукой па галаве, лейб-медык незнарок дакрануўся да чырвонай палоскi. Але тут Цынобер закiпеў шалам, падскочыў i маленькай кашчавай ручкай уляпiў лейб-медыку, якi якраз у гэты момант нахiлiўся над iм, такую поўху, што пляснула на ўвесь пакой.

-- Што вам трэба,-- закрычаў Цынобер,-- што вам ад мяне трэба, навошта вы кудлацiце мне валасы? Я зусiм не хворы, я здаровы, я зараз устану i пайду да мiнiстра на нараду, прэч адгэтуль!

Лейб-медык у страху паспяшаўся выйсцi. Але калi ён расказаў князю Барсануфу, як з iм абышлiся, той радасна ўсклiкнуў:

-- Якая руплiвасць у служэннi дзяржаве! Якая годнасць, якая велiч ва ўчынках! Якi цудоўны чалавек гэты Цынобер!

-- Любасны мой спадару тайны радца,-- звярнуўся да Цынобера мiнiстр Прэтэкстатус фон Мондшайн,-- як цудоўна, што вы, нягледзячы на вашу хворасць, прыбылi на канферэнцыю. Я склаў мемарыял па найважнейшай справе з какатуцкiм дваром -- склаў сам i прашу вас далажыць яго князю, бо ваша натхнёнае чытанне узвысiць цэлае, аўтарам якога мяне тады прызнае князь!

Мемарыял, якiм хацеў казырнуць Прэтэкстатус, складзены быў не кiм там iншым, а Адрыянам.

Мiнiстр выправiўся разам з мальцом да князя. Цынобер дастаў з кiшэнi мемарыял, уручаны яму мiнiстрам, i пачаў чытаць. Але як што з ягонага чытання нiчога не выходзiла i ён нёс чыстую лухту, бурчаў i вохкаў, дык мiнiстр узяў у яго з рук паперу i пачаў чытаць сам.

Князь, вiдаць, быў у поўным захапленнi, ён дазволiў заўважыць сваю ўхвалу, увесь час ўсклiкаў:

-- Цудоўна! Выдатна сказана! Раскошна! Непераймальна!

Ледзь толькi мiнiстр закончыў, князь падышоў да Цынобера, падняў яго, прыцiснуў да грудзей, якраз да таго месца, дзе ў яго, князя, красавалася вялiкая зорка зялёнаплямiстага тыгра, i, заiкаючыся i ўсхлiпваючы, усклiкнуў:

-- Не, якi чалавек! Якi талент! Якая руплiвасць! Якая любоў! Гэта проста неверагодна, неверагодна! -- I слёзы бобам пасыпалiся ў яго з вачэй. Потым стрымана: -- Цынобер! Я назначаю вас сваiм мiнiстрам! Будзьце верны i адданы айчыне, будзьце доблесны слуга Барсануфа, якi цанiцьме вас, любiцьме вас!

I потым, нахмурыўшыся, звярнуўся да мiнiстра:

-- Я заўважаю, любасны барон фон Мондшайн, што з пэўнага часу вашыя сiлы малееюць. Адпачынак у нашых маёнтках пойдзе вам на карысць! Бывайце!

Мiнiстр фон Мондшайн пайшоў, мармычучы пад нос нешта няўцямнае i кiдаючы шалёныя позiркi на Цынобера, якi, як звычайна, падпёрся лёсачкай, устаў на пальчыкi i з ганарыстым дзёрзкiм выглядам азiраўся па баках.

-- Я павiнен,-- сказаў князь,-- я павiнен узнагародзiць вас, дарагi мой Цынобер, як яно i прыстойна вам па заслугах. Таму прымiце з маiх рук ордэн зялёнаплямiстага тыгра!

I князь хацеў надзець яму ордэнскую стужку, загадаўшы камердынеру неадкладна прынесцi яе; але выродлiвае цела Цынобера сталася прычынай таго, што стужка нiяк не магла ўтрымацца на належным месцы,-- яна то задзiралася ўгору, то гэтак жа непрыстойна спаўзала ўнiз.

У гэтым, як i ва ўсiх iншых справах, якiя датычылiся сапраўднага дабра дзяржавы, князь быў вельмi датклiвы. Ордэн зялёнаплямiстага тыгра насiўся на стужцы ў косым напрамку памiж бедранай косткай i копчыкам, на тры шаснаццатых дзюйма вышэй памянёнага. Вось якраз гэтага i не маглi дабiцца. Камердынер, тры пажы, сам князь добра папрацавалi над гэтым; але ўсе iх намогi былi марныя. Здрадлiвая стужка соўгалася ва ўсе бакi, i Цынобер пачаў сярдзiта квакаць:

-- Чаго вы так тармасiце мяне? Няхай гэтая iдыёцкая штуковiна целяпаецца, як сама хоча! Я цяпер мiнiстр i iм застануся!

-- Навошта ж,-- гнеўна сказаў князь, -- навошта ж у мяне заснаваны капiтул ордэнаў, калi ў размяшчэннi стужак iснуюць такiя дурныя статуты, працiўныя маёй волi. Пацярпiце, мой любасны мiнiстр Цынобер, хутка ўсё зменiцца!

Каб прыдумаць, якiм майстэрскiм спосабам прыладзiць мiнiстру Цыноберу стужку зялёнаплямiстага тыгра, давялося па загадзе князя склiкаць капiтул ордэнаў, якому былi дададзены яшчэ два фiлосафы i адзiн заезны натуралiст, якi вяртаўся з Паўночнага полюса. I, каб яны маглi сабрацца з сiламi дзеля такой важнай нарады, усiм удзельнiкам яго было прадпiсана за тыдзень да таго перастаць думаць, а каб маглi яны гэта ўчынiць з большым поспехам, не пакiдаючы працы на карысць дзяржавы, iм належала практыкавацца ў лiчэннi. Вулiцы перад палацам, дзе павiнны былi засядаць члены капiтула ордэнаў, фiлосафы i натуралiст, былi густа засланыя саломай, каб стук колаў не перашкодзiў мудрацам; з той самай прычыны забаранялася бiць у барабаны, учыняць музыку i нават уголас размаўляць паблiзу палаца. У самiм палацы ўсе хадзiлi ў тоўстых лямцовых пантофлях i перагаворвалiся на мiгах.

Сем дзён напралёт, з самае ранiцы да позняга вечара доўжылiся нарады, але ўсё яшчэ нельга было нават думаць пра якое-небудзь разумнае рашэнне.

Князь у поўным нецярпеннi увесь час пасылаў перадаць iм, што павiнны ж яны, чорт бы iх пабраў, нарэшце прыдумаць нешта людзкае. Але гэта зусiм не памагала.

Натуралiст даследаваў, наколькi было магчыма, канстытуцыю Цынобера, вымерыў вышыню i шырыню яго горба i прадставiў капiтулу самыя дакладныя на гэты конт вылiчэннi. Ён жа i прапанаваў нарэшце паклiкаць на нараду тэатральнага краўца.

Якая нi дзiўная была гэтая прапанова, яе прынялi ў адзiн голас,-- у такiм яны былi непакоi i страху.

Тэатральны кравец, спадар Кеэс, быў чалавек даволi пранырлiвы i хiтры. Ледзь толькi яму патлумачылi, у чым была тая загваздка, ледзь толькi глянуў ён на вылiчэннi натуралiста, як у яго ўжо быў па рукою выдатны сродак замацаваць ордэнскую стужку на патрэбным месцы.

А менавiта -- на грудзях i на спiне трэба нашыць пэўную колькасць гузiкаў i да iх прышпiльваць ордэнскую стiжку. Учыненая аперацыя ўдалася на поўнiцу.

Князь быў у захапленнi i ўхвалiў прапанову капiтула з гэтага часу заснаваць для ордэна зялёнаплямiстага тыгра некалькi розных ступеняў, па колькасцi гузiкаў, з якiмi яго i прысуджаюць. Нарпрыклад, ордэн зялёнаплямiстага тыгра з двума гузiкамi, з трыма гузiкамi i так далей. У выглядзе адмысловай адзнакi, якой нiхто iншы не мог дамагацца, мiнiстр Цынобер атрымаў ордэн з дваццаццю алмазнымi гузiкамi, бо якраз дваццаць гузiкаў запатрабаваў дзiвосны склад яго цела.

Кравец Кеэс атрымаў ордэн зялёнаплямiстага тыгра з двума залатымi гузiкамi, а як што сам князь, нягледзячы на памянёную шчаслiвую прыдумку, лiчыў яго дрэнным краўцом i таму не хацеў у яго апранацца, дык ён быў узнагароджаны чынам правадзейнага тайнага князевага обер-касцюмера.

Доктар Праспэр Альпанус задумлiва глядзеў з акна свайго сельскага дома ў парк. Усю ноч ён складаў гараскоп Бальтазара, а пры гэтым разведаў сёе-тое i пра маленькага Цынобера. Але самае важнае яму было тое, што здарылася з мальцом у парку, калi яго дасачылi Пульхер i Адрыян. Праспэр Альпанус спярша мерыўся гукнуць сваiх аднарогаў, каб яны падалi ракавiну, бо ён хацеў выправiцца ў Гох-Якабсгайм, як раптам загрымела карэта i спынiлася каля закратаванай брамы парку. Далажылi, што кананiса фон Розэншэн хоча пагутарыць са спадаром доктарам.

-- Ласкава просiм!-- сказаў Праспэр Альпанус, i дама ўвайшла. На ёй была доўгая чорная сукенка, i яна была захутана ў пакрывала, як матрона. Праспэр Альпанус, ахоплены дзiўным прадчуваннем, узяў лёску i накiраваў на незнаёмую прамянi сваёй булавешкi. I вось быццам маланкi з лёгкiм патрэскваннем заблiскалi вакол дамы, i яна явiлася ў белым празрыстым адзеннi, блiскучыя страказiныя крылы былi ў яе за плячыма, белыя i чырвоныя ружы заплецены ў валасах. "Эге-ге!" -- шапнуў Праспэр, схаваўшы лёску пад шлафрок, i адразу дама з'явiлася ў ранейшым сваiм выглядзе.

Праспэр Альпанус прыветлiва запрасiў яе сесцi. Фройляйн фон Розэншэн сказала, што ў яе быў даўнiшнi намер наведаць спадара доктара ў яго сельскiм доме, каб пазнаёмiцца з чалавекам, якога ўсё наваколле ўслаўляе як вельмi дасканалага, дабрадзейнага мудраца. Можа, ён задаволiць яе просьбу i згодзiцца як лекар паназiраць за недалёкiм адгэтуль прыютам для шляхетных паненак, бо старыя дамы часта нямогуцца i не атрымлiваюць нiякай дапамогi. Праспэр Альпанус пачцiва адказаў, што хоць ён ужо даўно пакiнуў практыку, але згодзен зрабiць выключэнне i калi спатрэбiцца наведаць апекаваных паненак; потым ён распытаўся, цi не церпiць сама фройлян фон Розэншэн ад якой-небудзь немачы. Фройляйн адказала, што яна толькi час ад часу заўважае рэўматычныя болi ў суглобах, калi ёй здараецца прастудзiцца на ранiшнiм шпацыры, а цяпер якраз яна зусiм здаровая,-- i тут яна перавяла гутарку на нейкую дробязную тэму. Праспэр спытаў, цi не хоча яна -- бо якраз настала ранiца -- выпiць кубачак кавы. Розэншэн заўважыла, што кананiсы нiколi не адмаўляюцца ад гэтага. Каву падалi, але, як нi стараўся Праспэр налiць яе, кубачкi заставалiся пустымi, хоць кава i лiлася з кафейнiка.

-- Э-э! -- усмiхнуўся Праспэр Альпанус.-- Ды гэта ж наравiстая кава! А цi не спадобiцца шаноўнай фройляйн налiць самой?

-- З прыемнасцю,-- азвалася фройляйн i ўзяла кафейнiк. Але, хоць з яго не вылiлася нi кроплi, усе кубачкi напоўнiлiся i кава пацякла цераз беражкi на стол, на сукенку кананiсы. Яна паспешлiва адставiла кафейнiк, i кава знiкла без следу. Абое, Праспэр Альпанус i кананiса, моўчкi i крыху здзiўлена паглядзелi адно на адное.-- Мабыць,-- пачала дама,-- мабыць, вы, спадару доктар, чыталi вельмi зманлiвую кнiгу, калi я ўвайшла?

-- Сапраўды,-- адказаў доктар,-- у гэтай кнiзе шмат чаго вартага подзiву.

I ён ужо намерыўся разгарнуць маленькую кнiжку ў залачоным акладзе, якая ляжала перад iм на стале. Але ўсе ягоныя спробы былi марныя, бо кнiжка кожнага разу з ляскам захлопвалася: клiпп-клапп!

-- Э-э!-- сказаў Праспэр Альпанус.-- А цi не паспрабуеце вы, высокашаноўная фройляйн, управiцца з гэтай свавольнай кнiжкай?

Ён падаў ёй кнiгу, якая, як толькi дама дакранулася да яе, разгарнулася сама. Але лiсты выслiзгнулi з яе, выцягнулiся ў велiзарнае фолiё i зашалясцелi па ўсiм пакоi.

Фройляйн адхiснулася, спалохаўшыся. Доктар энергiчна захлопнуў кнiгу, i ўсе лiсты знiклi.

-- Аднак жа,-- з мяккай усмешкай сказаў Праспэр Альпанус, падымаючыся з месца, -- аднак жа, высокашаноўная спадарыня, навошта мы марнуем дарагi час на такiя пустыя фокусы, -- бо ж тое, што мы тут вырабляем, яно не што iншае, як звычайныя застольныя фокусы; пяройдзем лепей да больш ўзвышаных прадметаў.

-- Мне лепей сысцi!-- усклiкнула фройляйн i паднялася.

-- Ну,-- сказаў Праспэр Альпанус, -- не так гэта лёгка вам удасца без майго дазволу, бо, лiтасцiвая спадарыня вы мая, мушу сказаць вам, вы цяпер цалкам пад маёй уладаю.

-- Пад вашай уладаю,-- гнеўна ўсклiкнула фройляйн,-- пад вашай уладаю, спадар доктар? Пусты самападман!

I тут яна распусцiла сваю шаўковую сукенку i ўзляцела пад столь прыгожым аксамiтна-чорным матыльком-антыопам. Але адразу, забрунжаўшы i загудзеўшы, узвiўся за ёю следам Праспэр Альпанус, узяўшы сабе выгляд дароднага жука-рагача. У поўнай стоме матылёк апусцiўся на падлогу i забегаў па пакоi маленькай мышкай. Але жук-рагач з фырканнем i мяўканнем кiнуўся за ёю шэрым катом. Мышка зноў узвiлася ўгору блiскучым калiбры, але тады вакол дома пачулiся розныя дзiўныя галасы, i наляцелi ўсякiя дзiвавiдныя казуркi, а з iмi i нябачаныя раней лясныя птушкi, i залатая сетка завалакла вокны. I раптам фея Розабэльвэрдэ, ва ўсiм бляску i велiчы, у блiскучым белым адзеннi, перахопленым алмазным паяском, з белымi i чырвонымi ружамi, уплеценымi ў цёмныя локаны, явiлася пасярод пакоя. А перад ёю маг у расшытым золатам хiтоне, з блiскучай каронай на галаве,--у руцэ лёска з булавешкай, ад якой iшлi вогненныя прамянi.

Розабэльвэрдэ пачала наступаць на мага, як раптам з яе валасоў выпаў на мармуровую падлогу залаты грабянец i разбiўся, быццам шкляны!

-- Гора мне! Гора мне! -- крыкнула фея.

I раптам за кафейным столiкам зноў сядзяць кананiса Розэншэн у доўгай чорнай сукенцы, а насупраць яе доктар Праспэр Альпанус.

-- Я думаю,-- спакойненька сказаў Праспэр Альпанус, як бы нiчога i нiякага налiваючы выдатны дымны мокка ў кiтайскiя кубачкi,-- я думаю, мая глыбокашаноўная фройляйн, мы цяпер даволi добра ведаем адно аднаго. Мне вельмi шкада, што ваш цудоўны грабянец разбiўся аб гэтую каменную падлогу.

-- Таму вiною,-- запярэчыла фройляйн, з прыемнасцю прыхлёбваючы каву,-- толькi мая нязграбнасць. Трэба асцерагацца выпускаць што-небудзь на гэтую падлогу, бо, калi я не памыляюся, гэтыя камянi пакрыты дзiвоснымi ероглiфамi, якiя многiя могуць прыняць за звычайныя жылкi ў мармуры.

-- Зношаныя талiсманы, мадам,-- сказаў Праспэр,-- зношаныя талiсманы гэтыя камянi, нiчога больш.

-- Аднак, ласкавы доктар,-- усклiкнула фройляйн,-- як магло стацца, што мы даўным-даўно не пазнаёмiлiся, што нашыя дарогi нi разу не сышлiся?

-- Рознiца ў выхаваннi,-- адказаў Праспэр Альпанус,-- рознiца ў выхаваннi, высокашаноўная фройляйн,-- адзiная таго вiна. Тым часам як вы, дзяўчына, поўная надзей, былi ў Джынiстане цалкам аддадзены вашай уласнай багатай натуры, вашаму шчаслiваму генiю, я, гаротны студэнт, замкнуты ў пiрамiдах, слухаў лекцыi прафесара Зараастра, старога буркуна, якi, аднак, на дзiва шмат чаго ведаў. За часоў кiравання дастойнага князя Дэмэтрыя я пасялiўся ў гэтай маленькай цудоўнай краiне.

-- Як,-- здзiвiлася фройляйн,-- i вас не выслалi, калi князь Пафнуцiй насаджаў асвету?

-- Зусiм не,-- адказаў Праспэр,-- больш за тое: сапраўды сваё "я" мне ўдалося схаваць цалкам, бо я паклаў усё, што меў за душою, каб у розных творах, якiя я пашыраў, выказаць самыя адмысловыя веды па лiнii асветы. Я даводзiў, што без князевай волi не можа быць нi грому, нi маланкi i што калi ў вас пагода i выдатны ўраджай, дык гэтым мы абавязаны толькi непамысным намогам князя i высакародных паноў -- яго прыблiжаных, якiя даволi мудра раяцца пра тое ў сваiх пакоях, тым часам як паспалiты люд арэ зямлю i сее. Князь Пафнуцiй узвёў мяне тады на пасаду тайнага вярхоўнага прэзiдэнта асветы, якую я разам з маёй маскай скiнуў, як цяжкую ношку, калi навальнiца мiнулася.. Употайкi я прыносiў карысць, як толькi мог. Тое, што мы з вамi, высокашаноўная фройляйн, называем сапраўднай карысцю. Цi вядома вам, дарагая фройляйн, што гэта я асцярог вас напярэдаднi ўварвання асветнiцкай палiцыi? Што я той самы, каму вы абавязаны тым, што яшчэ валодаеце мiленькiмi штучкамi, якiя вы мне толькi што паказалi? О, божа, ласкавая фройляйн, ды зiрнiце толькi ў акно! Няўжо вы не пазнаяце гэтага парку, дзе вы так часта гулялi i гутарылi з прыязнымi духамi, якiя жылi ў кустах, кветках, крынiцах? Гэты парк я выратаваў з дапамогай маёй навукi. Ён i цяпер той самы, якiм быў за часоў старэнькага Дэмэтрыя. Хвала небу, князю Барсануфу няма вялiкай патрэбы ў розным чарадзействе. Ён паблажлiвы валадар i дазваляе кожнаму паводзiцца па сваёй волi i чараваць колькi душы заўгодна, толькi б не было асаблiва прыкметна ды каб спраўна плацiлi падаткi. Вось я жыву тут, як вы, дарагая фройляйн, у сваiм прыюце, шчаслiва i незасмучана.

-- Доктар,-- усклiкнула паненка фон Рэзэншэн, залiўшыся слязьмi,-- доктарка, што вы сказалi! Якая шчырасць! Але ж, я пазнаю гэты гай, дзе я смакавала любашчасныя радасцi i асалоды. Доктар, вы самы высакародны чалавек, як многiм я вам абавязана! I вы так жорстка пераследуеце майго маленькага гадаванца?

-- Вы,-- запярэчыў доктар,-- вы, шаноўная фройляйн, далiся на прынаду вашай прыроднай дабрынi i рассыпаеце вашыя чары перад нявыартым таго. Але, аднак, нягледзячы на вашую шчырадушную моц, Цынобер --маленькi выродлiвы нягоднiк i назаўсёды такiм застанецца, а цяпер, калi залаты грабянец разбiўся, ён цалкам у маiх руках.

-- 0, злiтуйцеся, доктар! -- заблагала фройляйн.

-- А цi не мецьмеце ласкi зiрнуць сюды? --сказаў Праспэр, падаючы ёй складзены iм гараскоп Бальтазара.

Фрйляйн заглянула ў гараскоп i горасна ўсклiкнула:

-- Так! калi ўсё так, дык я вымушана саступiць перад вышэйшай сiлай! Небарака Цынобер!

-- Прызнайцеся, шаноўная фройляйн,-- з усмешкай сказаў доктар,-- прызнайцеся, што дамы часта вельмi ахвоча ўпадаюць у розныя вычуды; нястомна i неадступна следуючы раптоўнай прыхамацi, яны не заўважаюць, наколькi хваравiта гэта парушае iншыя адносiны. Лёс Цынобера завершыцца, але спярша ён яшчэ дасягне незаслужанай пашаны! Гэтым я сведчу сваю пашану вашай сiле, вашай дабрынi, вашай дабрачыннасцi, мая высокашаноўная мiладайная спадарыня.

-- Цудоўны, годны чалавеча,-- усклiкнула фройляйн,-- застаньцеся маiм сябрам!

-- Навекi!-- адказаў доктар.-- Мая дружба, мая духоўная да вас прыхiльнасць, цудоўная фея, нiколi не мiнуцца. Смела звяртайцеся да мяне ва ўсiх недаўмёных акалiчнасцях i -- о, прыязджайце пiць каву, калi толькi вам гэтага захочацца!

-- Бывайце, мой найгоднейшы маг, я нiколi не забудуся вашай прыхiльнасцi, вашай кавы!-- Сказаўшы гэта, расчуленая фройляйн устала, каб iсцi.

Праспэр Альпанус правёў яе да кратаванай брамы, тым часам як навокал чулiся цудоўныя пяшчотныя лясныя галасы.

Каля брамы замест карэты фройляйн стаяла запрэжаная аднарогамi крышталёвая ракавiна доктара, на запятках стаяў залаты жук, i ён расхiнуў блiскучыя крылы. На козлах сядзеў срабрысты фазан i, трымаючы ў дзюбе залатыя лейцы, пазiраў на фройляйн разумнымi вачыма.

Калi крышталёвая карэта пакацiлася, напаўняючы дзiвоснымi гукамi духмяны лес, кананiса адчувала сябе перанесенай ў шчасныя часы самага цудоўнага жыцця феяў.

Раздзел сёмы

Як прафесар Мош Тэрпiн выпрабоўваў прыроду ў княскай пiўнiцы.--Mycetes Beelzebub.-- Роспач студэнта Бальтазара.-- Дабратворны ўплыў на сямейнае шчасце добра ўладжанага сельскага дома.-- Як Праспэр Альпанус паднёс Бальтазару чарапахавую табакерку i пасля з'ехаў.

Бальтазар, якi схаваўся ў вёсцы Гох-Якабсгайм, атрымаў з Керапэса ад рэферэндарыуса Пульхера лiст наступнага зместу:

"Справы нашыя, дарагi дружа Бальтазар, шторазу горшыя i горшыя. Наш вораг, мярзотны Цынобер, зрабiўся мiнiстрам замежных спраў i атрымаў ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццаццi гузiках. Ён узнёсся ў любiмцы князя i бярэ верх ва ўсiм, чаго толькi захоча. Прафесар Мош Тэрпiн на сябе не падобны: аж так напяўся ад дурное пыхi. Па хадайнiцтве свайго будучага зяця ён заступiў месца генерал-дырэктара ўсiх сукупных спраў па лiнii прыроды -- пасада, якая дае шмат грошай i мноства iншых дастаткаў. З прычыны памянёнай пасады генерал-дырэктара ён цэнзуруе i рэвiзуе як сонечныя i месячныя зацьменнi, так i прадказаннi надвор'я ва ўсiх календарах, дазволеных у дзяржаве, i асаблiва даследуе прыроду ў рэзiдэнцыi князя i ў яе ваколiцах. Дзеля гэтых заняткаў ён атрымлiвае з княскiх лясоў каштоўную дзiчыну, вельмi рэдкiх жывёл, якiх ён, каб даследаваць iх прыроду, загадвае смажыць i есць. Цяпер ён пiша (альбо, прынамсi, божыцца, што пiша) трактат, з якой прычыны вiно не падобнае смакам на ваду, а таксама робiць iншае ўздзеянне, i твор гэты ён мерыцца прысвяцiць свайму зяцю. Дзеля гэтай мэты Цынобер выклапатаў Мошу Тэрпiну дазвол у любы час учыняць штудыi у княскай пiўнiцы. Ён ўжо даследаваў палавiну остгофта старога райнвайну i некалькi тузiнаў шампанскага, а цяпер падступiўся да барылы алiкантэ. Склепнiк у роспачы рукi ламае. Дык вось прафесару, якi, як табе вядома, самы вялiкi ласун на свеце, пашанцавала, i ён вёў бы даволi гожае жыццё, калi б яму часта не даводзiлася, калi градам выб'е палеткi, спешна выязджаць у вёску i там тлумачыць княскiм арандатарам, чаму ўчыняецца град, каб i гэтым дурным ёлупам перапала драбiнка ад навукi i яны маглi наперад асцерагчыся ад такiх бедстваў i не патрабаваць вызвалення ад арэнднай платы з прычыны няшчасця, у якiм нiхто, апрача iх самiх, не вiнаваты.

Мiнiстр нiяк не можа забыць зазнаных ад цябе пабояў. Ён прысягнуўся адпомсцiць. А табе нельга больш паказвацца ў Керапэсе. I мяне ён таксама сурова пераследуе, бо я падгледзеў яго таямнiчую звычку прычэсвацца ў крылатых паняў. Да таго часу пакуль Цынобер будзе князевым лагоднiкам, мне няма чаго i разлiчваць заступiць якую-небудзь прыстойную пасаду. Мая нешчаслiвая зорка увесь час вядзе мяне да сустрэчы з гэтым вылюдкам там, дзе я зусiм не чакаю, i кожнага разу фатальна для мяне. Нядаўна мiнiстр пры ўсiм парадзе, пры шпазе, зорцы i ордэнскай стужцы, быў у заалагiчным кабiнеце i, па сваёй завядзёнцы падпершыся лёскай, стаяў на дыбачках перад шкляной шафай з рэдкiмi амерыканскiмi малпамi. Чужаземцы, якiя аглядалi кабiнет, падыходзяць да шафы, i адзiн з iх, угледзеўшы нашага альраўна, усклiкае: "Ого! Якая мiлая малпачка! Якi цудоўны звярок -- акраса ўсяго кабiнета. А як завецца гэты прыгожанькi экземпляр? Адкуль яна родам?"

I вось даглядчык кабiнета, дакрануўшыся да пляча Цынобера, вельмi сур'ёзна адказвае:

-- Так, гэта цудоўны экземпляр, выдатны бразiлец, так званы Mycetes Beelzebub -- Simia Beelzebub Linnei -- niger, barbatus, podiis caudaque apice brunneis***** -- малпа равун.

-- Спадару,-- ашчэрыўся малец на даглядчыка,-- спадару, я мяркую, вы з'ехалi з глузду альбо вам наскрозь затлумiла, я нiякi не Beelzebub caudaque, не малпа-равун, я Цынобер, мiнiстр Цынобер, кавалер ордэна зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках!

Я стаю непадалёк, i калi б мне давялося памерцi на месцы, i тады б я не ўтрымаўся -- я проста зайшоўся ад рогату.

-- Ах, i вы тут, спадар рэферэндарыус? -- захрыпеў ён, i яго вядзьмарскiя вочы заблiшчалi.

Бог яго ведае, як яно так сталася, але толькi чужаземцы ўсё яшчэ прымалi яго за самую цудоўную, рэдкую малпу, якую iм толькi выпадала бачыць, i захацелi мусова пачаставаць яго ламбардскiмi арэхамi, якiя падаставалi з кiшэняў. Цынобер дайшоў да такога шалу, што ледзь не задыхнуўся, а ногi ў яго падкасiлiся. Паклiканы камердынер мусiў быў узяць яго на рукi i знесцi ў карэту.

Я i сам не магу вытлумачыць, чаму гэтая прыгода была мне як бы проблiскам надзеi. Гэта першая няўдача, якая спасцiгла маленькага ваўкалака.

Напярэдаднi, наколькi мне вядома, Цынобер з самага рана вярнуўся з саду вельмi засмучаны. Мабыць, крылатая жанчына не явiлася, бо ад яго прыгожых кучараў не засталося i следу. Кажуць, цяпер яго скудлачаныя лохмы звiсаюць на плечы, i князь Барсануф сказаў яму: "Не запускайце лiшне вашай прычоскi, дарагi мiнiстр, я прышлю вам свайго куафёра". На што Цынобер даволi пачцiва адказаў, што ён загадае гэтага недарэку, як толькi ён явiцца, выкiнуць у акно.

-- Вялiкая душа! Да вас i не даступiцца! --мовiў князь i горка заплакаў.

Бывай, любасны Бальтазар! Не пакiдай надзеi ды хавайся лепей, каб яны цябе не схапiлi!"

У поўнай роспачы ад таго, пра што пiсаў яму сябар, Бальтазар збег у самы гушчар лесу i голасам загаласiў, наракаючы:

-- Спадзявацца!-- усклiкнуў ён.-- I я яшчэ павiнен спадзявацца, калi ўся надзея знiкла, калi ўсе зоркi пагаслi i цёмная-цёмная ноч абдымае мяне, няўцешнага? Лiхi мой лёс! Я пераможаны цёмнымi сiламi, якiя згубна ўварвалiся ў маё жыццё! Вар'ят, я клаў надзеi на Праспэра Альпануса, якi сваiм пякельным здольствам завабiў мяне i выгнаў з Керапэса, якi зрабiў так, што ўдары, якiя я ўчыняў выяве ў люстры, пасыпалiся насамрэч на спiну Цынобера. Ах, Кандзiда! Калi б толькi я мог забыць гэта нябеснае дзiця! Але iскра кахання палымнее ўва мне мацней i гарачэй, чым раней. Я ўсюды бачу чароўны вобраз каханай, якая з пяшчотнай усмешкай, у знемажэннi працягвае да мяне рукi свае. Я ж ведаю! Ты любiш мяне, ясачка, мая салодкая Кандзiда, i ў тым мая нясуцешная, смяротная пакута, што я не маю ўжо змогi асланiць цябе ад лiхiх чараў, якiя аблыталi цябе! Здрадлiвы Праспэр! Што я табе зрабiў такога, за што ты так жорстка мяне ашукаў?

Вечарэла: усе фарбы лесу змяшалiся ў густой шэрай iмгле. I раптам учынiўся нейкi дзiўны проблiск, быццам вечаровая зара ўспыхнула сярод кустоўя i дрэў i тысячы насякомых зашалахцелi крыламi i забрунжалi ў паветры. Блiскучыя залатыя жукi насiлiся туды-сюды, стракатыя матылькi пырхалi, абсыпалi духмяны пылок з кветак. Шалясценне i брунжанне рабiлася ўсё больш пяшчотным, пераходзiлi ў салодкае цурчанне музыкi, якая давала суцеху спакутаванаму сэрцу Бальтазара. Над iм усё мацней разгаралася прамянiстае ззянне. Ён узвёў вочы i са здзiўленнем убачыў Праспэра Альпануса, якi ляцеў да яго на дзiвосным насякомым, якое было падобнае на раскошную, шматфабную страказу.

Праспэр Альпанус спусцiўся да хлопца i сеў каля яго, а страказа пырхнула ў кусты, падхапiўшы песню, якою поўнiўся лес.

Блiскучай цудоўнай кветкай, якая была ў яго ў руцэ, доктар дакрануўся да лоба Бальтазара, i адразу ў хлопца прачнуўся дух бадзёрасцi.

-- Ты несправядлiвы,-- цiха сказаў Праспэр Альпанус,-- ты вельмi несправядлiвы да мяне, любасны Бальтазар, называеш мяне здрадлiвым i жорсткiм якраз у тую самую хвiлiну, калi мне ўдалося апанаваць чарамi, якiя разбурылi тваё жыццё, калi я, каб хутчэй знайсцi цябе, хутчэй суцешыць, лячу на сваiм любiмым скакуне i iмчуся да цябе з усiм, што табе патрэбна дзеля твайго ж дабра. Але няма нiчога горшага за пакуты кахання, нi з чым не параўнаеш нецярплiвасць душы, якая знемагла ад любоўнай тугi. Я дарую табе, бо i самому мне было не лягчэй, калi я, прыкладна дзве тысячы гадоў таму назад, пакахаў iндыйскую прынцэсу, якую звалi Бальзамiна, i ў роспачы вырваў бараду свайму найлепшаму сябру, магу Лотасу, i з гэтай прычыны, як ты бачыш, не нашу барады, каб i мне не выпала што-небудзь падобнае. Але было б недарэчы расказваць табе ўсё падрабязна, бо кожны закаханы хоча слухаць толькi пра сваё каханне i толькi яго лiчыць вартым увагi, гэтак сама як i кожны паэт ахвотна слухае толькi свае вершы. Ну дык, гайда! Ведай жа, што Цынобер -- бяздольны вырод, сын беднай сялянкi, i сапраўднае ягонае iмя малец Цахес. Толькi з любовi да славы прыняў ён ганаровае iмя Цынобер! Кананiса фон Розэншэн, цi на самай справе славутая фея Розабэльвэрдэ, -- бо гэтая панi не хто там табе якая, а фея,-- знайшла маленькую пачвару пры дарозе. Яна лiчыла, што за ўсё, чым прырода-матухна абдзялiла малога, адшкадуе яму дзiўным, таямнiчым дарам, паводле якога ўсё годнаснае, што пры iм хто-небудзь з людзей падумае, скажа альбо зробiць, будзе прыпiсана яму, ды i сам ён у кампанii прыгожых, разважлiвых i разумных людзей будзе прызнаны прыгожым, разважлiвым i разумным i наогул кожнага разу будзе палiчаны за найдасканалейшага ў тым родзе, з якiм будзе мець дачыненне.

Гэтае дзiвоснае чарадзейства заключана ў трох агнiстых блiскучых валасках на цеменi ў хлопчыка. Усякае дакрананне да гэтых валаскоў, ды i наогул да галавы, яму балючае, нават згубнае. З гэтай прычыны фея ператварыла яго ад прыроды рэдкiя, кудлатыя патлы ў густыя, прыгожыя локаны, якiя, абараняючы галаву мальца, разам з тым хаваюць памянёную чырвоную палоску i ўзмацняюць чары. Кожны дзевяты дзень фея магiчным залатым грабянцом прычэсвае мальца, i гэтая прычоска блытае ўсе спробы знiшчыць чары. Але гэты грэбень разбiўся аб надзейны талiсман, якi я ўхiтрыўся падсунуць добрай феi, калi яна наведала мяне.

Цяпер усё ўжо за тым, каб вырваць у яго гэтыя тры агнiстыя валаскi, i ён ператворыцца ў былое нiкчэмства. Табе, мой любасны Бальтазар, наканавана разбурыць лiхiя чары. Ты надзелены мужнасцю, сiлай i спрытам, ты зробiш усё, як належыцца. Вазьмi гэтае шлiфаванае шкельца, падыдзi да Цынобера, дзе ты яго нi сустрэнеш, пiльна прыгледзься праз гэтае шкельца да яго галавы, i тры чырвоныя валаскi адразу ж аб'явяцца на яго цеменi. Ухапi iх як мага мацней, хай ён будзе вiшчаць па-кашэчы, вырвi разам гэтыя тры валаскi i адразу спалi iх на месцы. Мусова трэба вырваць валаскi адным махам i адразу спалiць, iнакш яны яшчэ змогуць рабiць свае шкодлiвыя ўплывы. Таму асаблiва ўважай,-- заспей мальца так, каб моцна i спрытна схапiць валаскi, калi паблiзу будуць гарэць камiн альбо свечкi.

-- О Праспэр Альпанус! -- усклiкнуў Бальтазар.-- Сваiм недаверам я не заслужыўся на тваю аж такую дабрыню, на такую велiкадушнасць! У глыбiнi майго сэрца нарадзiлася адчуванне, што мае пакуты мiнулiся, што мне адчынiлася залатая брама нябеснага шчасця.

-- Я люблю,-- сказаў далей Праспэр Альпанус,-- я люблю хлопцаў, у якiх, як вось у цябе, любасны Бальтазар, у чыстым сэрцы нецярплiвяцца памкненнi i каханне, у чыiх душах адгукаюцца тыя велiчныя акорды, што даносяцца з далёкага, поўнага боскiх дзiвосаў краю -- маёй радзiмы. Шчаснiкi, адораныя гэтай унутранай музыкай,-- адзiныя, каго можна назваць паэтамi, хоць словам гэтым вялiчаць многiх, што хапаюцца за першы-лепшы кантрабас, соваюць па iм смыком i бесталковае брынчанне ды стагноты струн прымаюць за цудоўную музыку, якая струменiцца з глыбiнi iх уласных сэрцаў. Я ведаю, любасны Бальтазар, часам табе здаецца, быццам ты разумееш мармытанне ручаёў, шэпт дрэў i быццам палымяны закат вядзе з табою разумныя гаворкi. Так, мой Бальтазар, у гэтыя iмгненнi ты i праўда спасцiгаеш цудоўныя галасы прыроды, бо ў тваёй душы ўзнiкае боскi гук, народжаны дзiвоснай гармонiяй самых запаветных пачаткаў прыроды. Як што ты iграеш на фартэпiяна, о паэце, дык табе, мабыць, вядома, што ўзятаму тону следуюць усе яму сугучныя. Гэты закон прыроды ўзяты мною не дзеля пустога параўнання. Так, ты паэт, ты намнога вышэйшы, чым думаюць многiя тыя, каму ты чытаў свае спробы, у якiх спрабаваў з дапамогаю пяра i чарнiла перакласцi на паперу ўнутраную музыку. У гэтых пачатках ты яшчэ не шмат умудрыўся. Аднак ты зрабiў добры накiд у гiстарычным плане, калi з прагматычнай шырынёй i грунтоўнасцю расказваў пра каханне салаўя да пунсовай ружы, гiсторыю, якой я быў сведка. Гэта вельмi вытанчаны твор.

Праспэр Альпанус змоўк. Бальтазар, шырокiмi вачыма здзiўлена глядзеў на яго; ён зусiм не ведаў, што яму сказаць, калi верш, якi ён лiчыў самым фантастычным з усяго, што было iм напiсана, Праспэр абвясцiў спробай у гiстарычным плане.

-- Цябе,-- казаў далей Праспэр Альпанус, i твар ягоны асвятлiўся прыязнай усмешкай,-- цябе мае словы, мабыць, здзiўляюць, i табе, мабыць, многае ўва мне здаецца незвычайным. Але сам разваж: на думку ўсiх разумных людзей, я -- асоба, якой дазволена выступаць толькi ў казках, а ты ж ведаеш, любасны Бальтазар, такiя асобы могуць рабiць самыя неверагодныя ўчынкi i малоць любую лухту, што толькi ў галаву ўвярзецца, асаблiва калi за гэтым крыецца нешта такое, чаго нельга проста адкiнуць. Аднак жа гутарым далей. Калi фея Розабэльвэрдэ так пяшчотна клапоцiцца пра вырадка Цынобера, дык ты, Бальтазар, цалкам пад маёй абаронай. Дык паслухай, што я надумаўся зрабiць табе. Учора мяне наведаў маг Лотас, ён перадаў мне безлiч паклонаў i столькi ж папрокаў ад прынцэсы Бальзамiны, якая прачнулася са сну i ў салодкiх гуках Чарта-Бхады, той прыгожай паэмы, што была нашым першым каханнем, працягвае да мяне стомленыя рукi. Гэтак сама i мой стары сябар, мiнiстр Ючы, прыязна кiвае мне з Палярнай зоркi. Я павiнен ехаць у далёкую Iндыю. У маiм маёнтку, якi я пакiдаю, я не хацеў бы бачыць iншага гаспадара, апрача цябе. Заўтра я выпраўляюся ў Керапэс i складу па ўсёй форме даравальны запiс, дзе я буду пазначаны тваiм дзядзькам. Як толькi чары Цынобера развеюцца, ты прадставiшся прафесару Мошу Тэрпiну гаспадаром выдатнага маёнтка, неабыякога набытку i папросiш рукi прыўкраснай Кандзiды, на што ён з вялiкай радасцю згодзiцца. Мала таго! Калi ты аселiшся з Кандзiдай у маiм сельскiм доме, дык шчасце вашага сужэнства забяспечана. За прыгожымi дрэвамi саду расце ўсё, што патрэбна на хатнi ўжытак. Апрача цудоўных пладоў -- яшчэ i выдатная капуста i ўсялякая гародняя смачнiца, якой ва ўсiм наваколлi не знойдзеш. У тваёй жонкi заўсёды будзе першая салата, першая спаржа. Кухня так уладжана, што горшчыкi нiколi не перакiпаюць i нiводная страва не прыгарае, нават калi ты на цэлую гадзiну спознiшся да стала. Дываны, кiлiмы, чахлы на крэслах i канапе маюць такую ўласцiвасць, што нават пры самай вялiкай няўвiшнасцi слугам не ўдасца пасадзiць на iх пляму, гэтак сама не разбiваецца нi парцалян, нi шкло, як бы таго нi старалася прыслуга, нават калi пачне шпурляць посуд на каменную падлогу. Нарэшце, кожнага разу, як твая жонка задумае пранне, дык на вялiкiм лузе за домам будзе стаяць ясная пагода, хай нават усюды пралiўны дождж будзе, грымецьме гром i блiскацьме маланка. Адным словам, дарагi Бальтазар, усё зладжана так, каб ты мог спакойна i непарушна цешыцца з сямейнага шчасця каля красунi Кандзiды!

Аднак мне пара дамоў, каб разам з маiм сябрам Лотасам заняцца зборамi да ад'езду. Бывай, мой Бальтазар!

Тут Праспэр свiснуў раз, другi, i адразу прыляцела страказа. Ён закiлзаў яе i ўскочыў у сядло. Але, ужо адляцеўшыся, раптам спынiўся i вярнуўся да Бальтазара.

-- Я быў,-- сказаў ён,-- ледзь не забыўся пра твайго сябра Фабiяна. Паддаўшыся гарэзлiваму свавольству, я залiшне сурова пакараў яго за фальшывыя гульнi розуму. У гэтай табакерцы якраз тое, што яго суцешыць.

Праспэр Альпанус даў Бальтазару маленькую блiскучую, палiраваную чарапахавую табакерку, якую той схаваў разам з ларнеткай, раней дадзенай яму Праспэрам дзеля знiшчэння чараў Цынобера.

Праспэр Альпанус прашалясцеў праз кустоўе, тым часам як лясныя галасы звiнелi саладзей i гучней.

Бальтазар вярнуўся ў Гох-Якабсгайм; усё шчасце, усё захапленне салодкай надзеi поўнiлi яго сэрца.

Раздзел восьмы

Як Фабiяна з прычыны доўгага крысся панялі за ератыка i падбухторшчыка.-- Як князь Барсануф схаваўся за камiнным экранам i адхiлiў ад пасады генерал-дырэктара натуральных навук.-- Уцёкi Цынобера з дома Моша Тэрпiна.-- Як Мош Тэрпiн сабраўся выехаць на матыльку i зрабiцца iмператарам, але потым выправіўся спаць.

З самага рана, калi дарогi i вулiцы былi яшчэ бязлюдныя, Бальтазар пракраўся ў Керапэс i пабег да свайго сябра Фабiяна. Калi ён пастукаўся ў дзверы, слабы, хворы голас аказаўся: "Заходзьце!"

Збялелы, худы, з безнадзейнай скрухай на твары, ляжаў на пасцелi Фабiян.

-- Божа мiлы,-- ускрыкнуў Бальтазар,-- Божа мiлы, скажы, дружа, што з табою сталася?

-- Ах, дружа, -- зрываючыся ў голасе загаварыў Фабiян i цяжка падняўся ў пасцелi,-- я прапаў, я зусiм прапаў! Праклятае вядзьмарскае насланнё, якое, ведаю, навёў на мяне помслiвы Праспэр Альпанус, давяло мяне да пагiбелi!

-- Не можа быць! -- усклiкнуў Бальтазар.-- Чарадзейства! Вядзьмарскае насланнё! Дык жа ты i раней у такое не верыў!

-- Ах,-- слязлiва гаварыў далей Фабiян,-- ах, я цяпер веру ва ўсё: у чарадзеяў i ведзьмаў, у гномаў i вадзянiкоў, у пацучынага караля i альраўна -- ва ўсё, што хочаш! Каму так не пашанцуе, як мне, той ва ўсё паверыць! Памятаеш пякельны пярэпалах, якога нарабiў мой каптан, калi мы вярнулiся ад Праспэра Альпануса? Так! Каб жа тым толькi i скончылася! Падзiвiся, дарагi Бальтазар, што тут у мяне ў пакоi!

Бальтазар агледзеўся i ўбачыў, што навакол па ўсiх сценах развешана мноства фракаў, каптаноў, куртак самага рознага крою i розных колераў.

-- Як?-- усклiкнуў ён.-- Фабiян, ты намерыўся гандляваць рыззём?

-- Не смейся,-- адказваў Фабiян,-- не смейся, дарагi дружа. Усе гэтыя строi я заказваў у самых славутых краўцоў, я разлiчваў калi-небуць скiнуць з сябе лiхi праклён, якi ляжыць на маiм адзеннi, але марна. Варта мне толькi апрануць самы лепшы каптан, якi выдатна сядзiць на мне, i панасiць яго некалькi хвiлiн, як рукавы збiраюцца на плечы, а полы валакуцца за мною на шэсць локцяў. У роспачы я сказаў пашыць сабе вось гэты спэнсар з бясконца доўгiмi, як у П'еро, рукавамi.

"Ану ж, збiрайцеся, рукавы,-- думаў я сам сабе,-- расцягнiся, крыссе, i ўсё будзе ў належным выглядзе".

Але праз некалькi хвiлiн з iм сталася тое самае, што i з астатняй вопраткай! Усё ўмельства i ўсе намогi самых майстравiтых краўцоў не могуць перабароць гэтых праклятых чараў! Што ўсюды, дзе толькi я нi паказваўся, з мяне смяялiся, глумiлiся, гэта ясна, але неўзабаве мая бязвiнная ўпартасць, з якою я i далей выходзiў у людзi ў гэтай д'ябальскай вопратцы, сталася прычынай iншых меркаванняў. Самае меншае зло было тое, што жанчыны закiдалi мне бязмежную пошласць i славалюбства, бо я насуперак усiм звычаям, агаляю рукi, мабыць думаючы, што яны прыгожыя. Тэолагi зняславiлi мяне як ератыка i толькi яшчэ спрачалiся, залiчыць мяне да секты рукаўнiкаў цi крыснiкаў, але сышлiся на тым, што абедзьве секты незвычайна небяспечныя, бо дапускаюць абсалютную свабоду волi i асмельваюцца думаць што заўгодна. Дыпламаты бачылi ўва мне вартага пагарды баламута. Яны казалi, што сваiм доўгiм крыссем я намерыўся пасеяць смуту i незадаволенасць у народзе i падбiць яго супроць урада i што я наогул належу да тайнага супольства, знак адрознення якога -- кароткiя рукавы. Што ўжо з даўных давён то тут, то там былi заўважаны сляды кароткарукаўнiкаў, якiх гэтак сама належыць баяцца, як езуiтаў, нават больш, бо яны ўсюды пнуцца насадзiць шкодную для ўсякай дзяржавы паэзiю i сумняваюцца ў непагрэшнасцi князя. Адным словам, справа рабiлася ўсё больш сур'ёнай, пакуль нарэшце мяне не заклiкаў да сябе рэктар. Я прадбачыў, што будзе бяда, калi я апрану каптан, i таму явiўся ў адной жылетцы. Гэта разгневала рэктара, ён рашыў, што я хачу паздзекавацца з яго, i накрычаў на мяне, загадаў, каб я праз тыдзень явiўся да яго у прыстойным каптане, iнакш ён не ўмiлажалiцца i загадае мяне выключыць. Сёння якраз прыйшоў час. О, я няшчасны! О, пракляты Праспэр Альпанус!

-- Чакай,-- усклiкнуў Бальтазар,-- чакай, дружа добры Фабiян, не бэсцi майго добрага, мiлага дзядзечку, якi падарыў мне маёнтак. Ён i табе не зычыць нiчога благога, хоць, мушу прызнацца, залiшне жорстка пакараў за саманадзейныя разумовыя гульнi. Але я прынёс збавенне. Ён прыслаў табе вось гэтую табакерку, якая пакладзе крэс усiм тваiм пакутам.

Тут Бальтазар дастаў з кiшэнi маленькую чарапахавую табакерку, якую атрымаў ад Праспэра Альпануса, i падаў няўцешнаму Фабiяну.

-- Чым,-- спытаўся той,-- чым паможа мне гэта пустое пудэлка? Якiм чынам маленькая чарапахавая табакерка можа памяняць крой майго адзення?

-- Таго не ведаю,-- адказаў Бальтазар,-- аднак жа мой дзядзечка не будзе мяне ашукваць, у мяне да яго поўны давер; а таму адчынi табакерку, любасны мой Фабiяне, паглядзiм, што там у ёй.

Фабiян так i зрабiў. З табакеркi выпаўз цудоўнага крою i швiва чорны фрак з самага тонкага сукна. Абодва, Фабiян i Бальтазар, не маглi ўтрымацца ад крыку самага шчырага здзiўлення.

-- Ага, я разумею цябе,-- усклiкнуў у захапленнi Бальтазар,-- я цябе разумею, мой Праспэр, дзядзечка мой даражэнькi! Гэты фрак будзе ў самы акурат, ён адвядзе ўсе чары!

Фабiян без усякай лiшнiцы надзеў яго, i як падумаў Бальтазар, так яно ўсё i сталася. Выдатны фрак сядзеў на iм як улiты, як нiколi нiякi iншы, а ўжо каб рукавы папаўзлi ўгору i полы выцягнулiся, таго анi знаку.

Сам не свой ад радасцi, Фабiян адразу пастанавiў iсцi ў гэтым новым, такiм ладным фраку да рэктара i ўладзiць усю справу.

Бальтазар падрабязна расказаў сябру, як яно там усё было з Праспэрам Альпанусам i што той даў яму сродак пакласцi крэс мярзотным вычваранням агiднага карлiка. Фабiян, увесь перамянiўшыся, бо ж яго канчаткова пакiнуў дух сумнення, нахвальваў высакароднасць Праспэра i прапанаваў сваю дапамогу ў расчароўваннi Цынобера. У гэтую хвiлiну Бальтазар убачыў у акно свайго сябра, рэферэндарыуса Пульхера, якi, агорнуты нейкай журботай, паварочваў за вугал.

На просьбу Бальтазара Фабiян высунуўся з акна, памахаў рукою i крыкнуў рэферэндарыусу, каб той падняўся да яго.

Як толькi Пульхер увайшоў, адразу ж усклiкнуў:

-- Якi цудоўны фрак на табе, мiлы Фабiян!

Але той сказаў, што Бальтазар яму ўсё патлумачыць, i памчаўся да рэктара.

Калi Бальтазар падрабязна распавёў рэферэндарыусу пра ўсё, што адбылося, той сказаў:

-- Якраз настала пара знiшчыць гнюснае пудзiла! Ведай: сёння ён урачыста спраўляе свае заручыны з Кандзiдай, i славалюбны Мош Тэрпiн ладзiць фэст, на якi запрасiў самога князя. Падчас гэтага фэсту мы i ўвалiмся ў прафесараў дом i нападзем на мальца. Свечак у зале будзе дастаткова, каб адразу спалiць ненавiсныя валаскi.

Сябры паспелi перагаварыць i ўмовiцца пра многiя рэчы, калi вярнуўся Фабiян, ззяючы ад радасцi.

-- Сiла,-- сказаў ён,-- сiла, якая ў гэтым фраку, што выпаўз з чарапахавай табакеркi, выдатна сябе паказала! Ледзь толькi ўвайшоў я да рэктара, ён усмiхнуўся, вельмi задаволены. "Ага,-- звярнуўся ён да мяне,-- ага! Бачу, любасны Фабiян, вы адступiлiся ад свайго дзiўнага запамарачэння! Ну, гарачыя галовы, падобныя да вас, лёгка паддаюцца крайнасцям! Ваша пачынанне я нiколi не тлумачыў рэлiгiйнай памарокай, хутчэй няправiльна прынятым патрыятызмам -- схiльнасцю да незвычайнага, якая пакоiцца на прыкладах герояў старажытнасцi. Так, вось гэта я разумею! Якi цудоўны фрак! Як хораша сядзiць! Слава дзяржаве, слава ўсяму свету, калi высакародныя духам юнакi носяць фракi з так хораша прыладжанымi рукавамi i поламi! Захоўвайце вернасць, Фабiян, захоўвайце вернасць такой даброцi, такой сумленнасцi помыслаў,-- вось з чаго вырастае сапраўдная велiч герояў!" Рэктар абняў мяне, i слёзы выступiлi ў яго на вачах. Сам не ведаючы як, я дастаў з кiшэнi маленькую чарапахавую табакерку, з якое ўзнiк фрак. "Дазвольце",-- сказаў рэктар, склаў пальцы, вялiкi i ўказальны. Я адчынiў табакерку, не ведаючы, цi ёсць у ёй тытунь. Рэктар узяў шчэпцю, панюхаў, схапiў маю руку i моцна пацiснуў яе, слёзы цяклi ў яго па шчоках; глыбока расчулены, ён сказаў: "Высакародны юнак! Выдатны панюх! Усё даравана i забыта! Прыходзьце сёння да мяне абедаць". Вы бачыце, сябры, усiм маiм пакутам настаў канец, i калi вам удасца сёння разбурыць чары Цынобера -- а iншага i чакаць няма чаго,-- дык i вы будзеце шчаслiвыя!

У асветленай сотнямi свечак зале стаяў малец Цынобер у пурпуровым расшытым адзеннi, пры вялiкай зорцы зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках,-- на баку шпага, капялюш з плюмажам падпахай. Каля яго -- красуня Кандзiда ў вясельных стоях, у росквiце маладосцi. Цынобер трымаў яе за руку, часам прыцiскаў яе да вуснаў, пры гэтым агiдна шчэрыў зубы i выскаляўся. I за кожным разам шчокi Кандзiды залiваў румянец, i яна глядзела на мальца вачыма, поўнымi самага шчырага кахання. Глядзець на гэта было даволi страшна, i толькi асляпленне, у якое ўвялi ўсiх чары Цынобера, было вiною таго, што нiхто не абурыўся подлым падманам, не схапiў маленькага ведзьмiча i не шпурнуў яго ў камiн. Вакол гэтай пары на прыстойным воддалi тлумiлiся госцi. Толькi князь Барсануф стаяў поруч з Кандзiдай i кiдаў шматзначныя i прыхiльныя позiркi, на якiя, зрэшты, нiхто не зважаў. Усе глядзелi толькi на маладых, усе глядзелi на вусны Цынобера, якi час ад часу мармытаў нейкiя неўразумелыя словы, i яны за кожныма разам вырывалi са слухачоў нягучнае "ах!" самага вялiкага захаплення. Настала хвiлiна заручын. Мош Тэрпiн наблiзiўся з падносам, на якiм ззялi пярсцёнкi. Ён пракашляўся. Цынобер як мог вышэй падняўся на пальчыках, так што амаль дастаў да локця маладое. Усе стаялi ў напружаным чаканнi,-- i тут раптам чуюцца нечыя чужыя галасы, дзверы ў залу насцеж, урываецца Бальтазар, з iм Пульхер, Фабiян! Яны прарываюць кола гасцей. "Што гэта значыць, што трэба гэтым нязванцам?" -- крычаць усе наперабой.

Князь Барсануф жахлiва лямантуе: "Мяцеж! Крамола! Варта!" -- i борздзенька хаваецца за камiнны экран. Мош Тэрпiн пазнае Бальтазара, якi ўжо падступiўся да Цынобера, i крычыць:

-- Спадар студэнт! Вы звар'яцелi! Цi ў сваiм вы розуме? Як вы пасмелi ўварвацца сюды ў час заручын? Людзi! Панове! Слугi! Выкiньце гэтага нахабу за дзверы!

Але Бальтазар, не беручы на гэта ўсё анiякай увагi, ужо дастаў ларнетку Праспэра Альпануса i пiльна глядзiць праз яе на галаву Цынобера. Як грымнуты электрычным ударам, Цынобер на ўсю залу пранозлiва вiшчыць кашэчым голасам. Кандзiда без памяцi падае на крэсла. Цеснае кола гасцей рассыпаецца. Бальтазар ясна бачыць агнiстую блiскучую пасму, ён падскоквае да Цынобера, хапае яго. Той адбрыкваецца, упiраецца, драпаецца, кусаецца.

-- Трымайце! Трымайце -- крычыць Бальтазар. Тут Фабiян i Пульхер хапаюць мальца, аж той i паварухнуцца не можа, а Бальтазар, упэўнена i асцярожна схапiўшы чырвоныя валаскi, адным разам вырывае iх, падбягае да камiна i кiдае ў агонь. Валасы ўспыхваюць, чуецца аглушальны ўдар. Усе як бы са сну прычынаюцца. I вось, цяжка падняўшыся, стаiць малец Цынобер, i лаецца, лаецца, i загадвае без адкладу схапiць i ўвязнiць у турму дзёрзкiх мяцежнiкаў, якiя замахнулiся на свяшчэнную асобу першага мiнiстра. Але ўсе пытаюцца адзiн у аднаго: "Адкуль узяўся гэты малюпасенькi падбрыкунчык? Што трэба маленькай пачвары?" -- i як што курдупель усё яшчэ шалее i тупае ножкай i, не змаўкаючы яглiць: "Я мiнiстр Цынобер! Я мiнiстр Цынобер! Зялёнаплямiсты тыгр на дваццацi гузiках!" -- дык усе залiваюцца вясёлым рогатам. Мальца абступаюць. Мужчыны падхоплiваюць яго i перакiдаюць як мячык. Ордэнскiя гузiкi адскокваюць адна за адной -- звалiўся капялюш, упала шпага, скiнулiся чаравiкi. Князь Барсануф выходзiць з-за камiннага экрана i ўмешваецца ў валтузню. Тут малец вiшчыць:

-- Князь Барсануф! Ваша светласць! Ратуйце вашага мiнiстра! Вашага любiмца! Памажыце! Ратуйце! Дзяржава ў небяспецы! Зялёнаплямiсты тыгр, гора, гора!

Князь кiдае на мальца гнеўны позiрк i хуценька iдзе да дзвярэй. Мош Тэрпiн заступае яму дарогу. Князь хапае яго за руку, адводзiць у кут i кажа, блiскаючы ад гневу вачыма:

-- Вы асмелiлiся перад вашым князем, перад бацькам айчыны разыграць дурную камедыю? Вы запрасiлi мяне на заручыны вашай дачкi з маiм шаноўным мiнiстрам Цыноберам, i замест майго мiнiстра я бачу тут нейкага мярзотнага выскрабка, якога вы разубралi ў пышныя строi? Ведайце, спадару, гэта жарт здраднiка, за якi я пакараў бы вас вельмi строга, калi б вы не былi бесталковым баламутам, якому месца ў доме вар'ятаў. Я адстаўляю вас ад пасады генерал-дырэктара натуральных спраў i забараняю ўсякiя вашыя штудыi ў маiм склепе. Бывайце!

I ён iмклiва выбег з дома.

Як ашалелы збурыўся Мош Тэрпiн на мальца, ухапiў яго за доўгiя кудлы i павалок да акна.

-- Вон адгэтуль!-- крычаў ён.-- Правальвай, мярзота, паскудны вырадак, ты так ганебна правёў мяне i пазбавiў шчасця ўсяго жыцця!

Ён ужо змерыўся быў выкiнуць мальца ў адчыненае акно, аднак даглядчык заалагiчнага кабiнета, якi якраз надарыўся тут, маланкаю кiнуўся да iх i выхапiў Цынобера з рук Моша Тэрпiна.

-- Спынiцеся,-- сказаў даглядчык,-- спынiцеся, спадару прафесар, не замахвайцеся на тое, што належыць князю. Гэта зусiм не вырадак, гэта Mycetes Beelzebub, Simia Beеlzebub, якi ўцёк з музея.

"Simia Beelzebub! Simia Beelzebub!" -- загрымеў навокал рогат. Але як толькi даглядчык узяў мальца на рукi i добра разгледзеў яго, дык i ўсклiкнуў з прыкрасцю:

-- Што я бачу! Гэта ж не Simia Beelzebub, гэта гiдкi, агiдны альраўн! Цьху! цьху!

I з гэтымi словамi ён шпурнуў мальца на сярэдзiну залы. Пад раскаты зычнага рогату, з вiскам i мяўканнем выбег Цынобер за дзверы, скацiўся па лесвiцы -- хутчэй, хутчэй дахаты,-- так што нiхто са слуг яго нават не заўважыў.

Пакуль усё гэта адбывалася ў зале, Бальтазар перайшоў у гасцёўню, куды, як ён даведаўся, перанеслi самлелую Кандзiду. Ён упаў да яе ног, прыцiскаў да вуснаў яе рукi, называў яе самымi пяшчотнымi iмёнамi. Але вось, глыбока ўздыхнуўшы, яна ачулася i, убачыўшы Бальтазара, у захапленнi ўсклiкнула:

-- Нарэшце, нарэшце ты тут, любы мой Бальтазар! Ах, я ледзь не памерла ад тугi i любоўнай пакуты! I мне ўсё чулiся спевы салаўя, ад якiх сплывае крывёю сэрца пунсовая ружа!

I вось, пра ўсё, пра ўсё забыўшыся, яна расказала яму, якi лiхi, агiдны сон ахутаў яе, як ёй здавалася, што каля яе сэрца ляжыць агiднае страшыдла, якое яна вымушана была пакахаць, бо iнакш не магла. Страшыдла ўмела так прыкiдвацца, што рабiлася падобным на Бальтазара; а калi яна пяшчотна думала пра Бальтазара, дык, хоць i ведала, што страшыдла не Бальтазар, усё ж неспасцiгальным для яе ёй здавалася, быццам яна кахае страшыдла менавiта дзеля Бальтазара.

Бальтазар растлумачыў ёй усё, наколькi было магчыма, не ўносячы неспакою ў яе i без таго расхваляваную душу. Потым, як гэта заўсёды бывае ў закаханых, пайшлi тысячы божбаў, тысячы клятваў у вечнай любовi i вернасцi. I яны абнялiся i прыцiскалi адно адное да сэрца з ўсёй жарсцю шчырай пяшчоты i былi ўпiтыя найвышэйшым нябесным шчасцем i захапленнем.

Увайшоў Мош Тэрпiн, заломваючы рукi i горка наракаючы, за iм следам -- Пульхер i Фабiян, няспынна яго суцяшаючы, але марна.

-- Не,-- крычаў Мош Тэрпiн,-- не, прапашчы я чалавек! Я ўжо больш не генерал-дырэктар натуральных спраў у нашай дзяржаве! Нiякiх штудый у княскiм склепе!.. Нямiласць князя... Я спадзяваўся стаць кавалерам ордэна зялёнаплямiстага тыгра, прынамсi, на пяцi гузiках! Усё прапала! Што ж бо цяпер скажа яго эксэленцыя шаноўны мiнiстр Цынобер, калi пачуе, што я прыняў за яго нягоднага вырадка Simia Beelzebub cauda prehensili****** альбо i сам не ведаю каго там яшчэ. О Божа, яго нянавiсць упадзе на мяне! Алiкантэ! Алiкантэ!

-- Але паслухайце, дарагi прафесар,-- суцяшалi яго сябры,-- паважаны генерал-дырэктар, зразумейце, што цяпер ужо няма больш нiякага мiнiстра Цынобера. Вы зусiм не ашукалiся: мярзотны вырадак з прычыны чароўнага дару, атрыманага ад феi Розабэльвэрдэ, падмануў вас гэтак сама, як i ўсiх нас!

I вось Бальтазар расказаў па парадку, як ўсё гэта сталася. Прафесар слухаў, слухаў, пакуль Бальтазар не скончыў, i раптам усклiкнуў:

У сне я цi на яве -- ведзьмы, чараўнiкi, феi, магiчныя люстры, сiмпатыi,-- i я павiнен паверыць у гэтае глупства?

-- Ах, любасны спадар прафесар,-- умяшаўся Фабiян,-- панасiлi б вы хоць каторы час каптан з кароткiмi рукавамi i доўгiм шлейфам, як давялося мне, вы паверылi б ва ўсё, проста любата бала б падзiвiцца!

-- Так,-- усклiкнуў Мош Тэрпiн,-- так, так, усё гэта так! Мяне ашукала зачараваная пачвара, я ўжо не стаю на нагах, я падлятаю пад столь, Праспэр Альпанус бярэ мяне з сабою, я выязджаю верхам на матыльку, мяне быццам прычэсвае фея Розабэльвэрдэ -- кананiса Розэншэн, i я стану мiнiстрам! Каралём! Iмператарам!

I ён пачаў скакаць па пакоi, крычаць i выдаваць радасныя зыкi, так што ўсе забаялiся за ягоны глузд, пакуль нарэшце, зусiм ужо без сiлы, не ўпаў у крэсла. Тут Кандзiда i Бальтазар падышлi да яго. Яны сказалi, што кахаюць адно адное пяшчотна, больш за ўсё на свеце, што не могуць жыць адно без аднаго, так што слухаць iх было вельмi журботна, з якой прычыны Мош Тэрпiн нават крышку прыплакнуў.

-- Дзецi,-- усклiкнуў ён, усхлiпваючы,-- дзецi, рабiце ўсё, што хочаце! Жанiцеся, кахайцеся, галадайце, халадайце разам, бо ў пасаг Кандзiдзе я не дам нi шэлега!

Што да голаду, сказаў усмiхаючыся, Бальтазар, дык ён спадзяецца заўтра пераканаць спадара прафесара, што пра гэта нiколi не завядзецца нiякай гаворкi, бо яго дзядзька, Праспэр Альпанус, пра яго добра падбаў.

-- Так i зрабi,-- лепятаў прафесар, усмiхаючыся,-- так i зрабi, мой любасны сынку, калi зможаш, але толькi заўтра; а не тое я зусiм здурэю i ў мане галава развалiцца, калi я не пайду спаць!

Так ён i зрабiў.

Раздзел дзевяты

Збянтэжанасць вернага камердынера. -- Як старая Лiза ўчынiла мяцеж, а мiнiстр Цынобер, даўшы лататы, пакаўзнуўся.-- Якiм дзiвосным чынам растлумачыў лейб-медык нечаканую смерць Цынобера.--Як князь Барсануф быў засмучаны, як ён еў цыбулю i як страта Цынобера засталася неўзысканай.

Карэта мiнiстра Цынобера амаль усю ноч марна прастаяла каля дома Моша Тэрпiна. Егеру няраз казалi, што iх эксэленцыя, мабыць, ужо даўно пакiнулi таварыства, але егер лiчыў, што гэта нiяк немагчыма, бо не пабяжыць жа iх эксэленцыя дахаты пеша ў такi дождж i вецер. А калi нарэшце патушылi ўсе агнi i замкнулi дзверы, егеру ўсё-такi давялося адбыць з парожняю карэтай, але ў доме мiнiстра ён адразу разбудзiў камердынера i спытаўся, цi вярнуўся мiнiстр дамоў i -- о неба! -- якiм чынам гэта адбылося.

-- Iх эксэленцыя,-- шапнуў камердынер яму на вуха,-- iх эксэленцыя ўчора вярнулiся дамоў позна ўвечары, гэта дакладна. Яны леглi ў пасцель i цяпер спачываюць! Аднак жа! Дарагi егер! у якiм выглядзе! якiм чынам! я вам пра ўсё раскажу, але... язык на замок! я прапаў, калi iх эксэленцыя даведаюцца, што гэта я сустрэўся iм на цёмным калiдоры, я страчу месца -- бо iх эксэленцыя хоць i невялiкай статуры, але вельмi-вельмi круты ў нораве, скоры на гнеў i не памятае сябе ў лютасцi, яшчэ ўчора яны малацiлi шпагай мыш, якая асмелiлася шмыгнуць праз спачывальню iх эксэленцыi. Ну, добра! Дык вось, накiдваю я ў змроку плашчык i збiраюся сцебануць у кабачок праз дарогу -- згуляць партыю ў трыктрак, раптам на лесвiцы нешта як зашалясцiць, як зашаркае -- проста на мяне, праскоквае ў цёмным калiдоры ў мяне памiж ног, падае на падлогу i падымае такi кашэчы вiск, а потым рохкае. О Божа! Егер! Толькi трымайце язык, вы -- высакародны чалавек, а то ж я прапаў. Падыдзiце блiжэй! I рохкае, як гэта звычайна рохкае мiласць, iх эксэленцыя, калi кухар перасмажыць цяляцiну альбо ў дзяржаве чворыцца нешта нядобрае.

Апошнiя словы камердынер прашаптаў егеру на вушка, прыкрыўшы рот рукою. Егер адхiснуўся, скроiў недаверлiвую грымасу i ўсклiкнуў:

-- Не можа быць!

-- Так,-- сказаў камердынер,-- гатовы пабажыцца, што гэта наша мiласць, iх эксэленцыя праскочыла ў мяне памiж ног у калiдоры. Я добра чуў, як iх мiласць грымелi крэсламi па пакоях i бразгалi дзвярыма, пакуль дабралiся да спачывальнi. Я не асмелiўся ўвайсцi следам, але, перачакаўшы некалькi гадзiн, падкраўся да дзвярэй спальнi i ўзяў на вуха. I вось iх эксэленцыя маюць ласку храпцi, як гэта ў iх у звычаi перад вялiкiмi справамi. Егер! "На небе i ў зямлi схавана болей, чым снiцца вашай мудрасцi!" -- як я гэта чуў аднаго разу ў тэатры; гэта казаў нейкi меланхалiчны прынц; ён быў увесь у чорным i вельмi баяўся другога, якi пахаджаў у шэрых кардонных латах. Егер, учора, мабыць, сталася нешта вельмi дзiвоснае, што прымусiла iх эксэленцыю вярнуцца дамоў. У прафесара ў гасцях быў князь, магчыма, ён сёе-тое ляпнуў, якая-небудзь мiлая рэформачка -- i вось мiнiстр адразу закасаў рукавы, спяшаецца з заручынаў i пачынае працаваць на дабро бацькаўшчыны. Я адразу па хропу заўважыў i пазнаў: будзе нешта значнае. Наперадзе вялiкiя перамены! Ах, егер, магчыма, нам усiм рана цi позна яшчэ давядзецца запускаць валасы! Аднак жа, шаноўны мой дружа, хадзем паслухаем як верныя слугi, каля дзвярэй спальнi, цi ўсё яшчэ iх эксэленцыя спачываюць у пасцелi i занятыя сваiмi запаветнымi намысламi.

Абодва -- камердынер i егер -- падкралiся да дзвярэй i прыслухалiся. Цынобер вурчаў, хроп i пасвiстваў, пускаў дзiвочсныя рулады. Слугi застылi ў багавейнай немаце, i камердынер сказаў расчулена:

-- Якi, аднак, вялiкi чалавек наш лiтасцiвы спадар мiнiстр!

З самага рана з гасцёўнi дома, дзе жыў мiнiстр, падняўся вялiкi вэрхал. Старая сялянка, апранутая ў гаротныя, даўно палiнялыя святочныя строi, уварвалася ў дом i пачала прасiць швейцара без адкладу правесцi яе да сынка -- малюткi Цахеса. Швейцар меў гонар патлумачыць ёй, што ў доме жыве яго эксэленцыя спадар мiнiстр фон Цынобер, кавалер ордэна зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, а сярод прыслугi няма нiкога, каго завуць альбо празываюць малюткай Цахесам. Але тут кабета, ашалелая ад радасцi, закрычала, што спадар мiнiстр на дваццацi гузiках -- якраз i ёсць яе любасны сынок, малютка Цахес. На крыкi старое, на грамавую лаянку швейцара збегся ўвесь дом, i гармiдар рабiўся ўсё мацнейшы i мацнейшы. Калi камердынер спусцiўся ўнiз, каб разагнаць людзей, якiя так бесцырымонна трывожылi ранiшнi спакой яго эксэленцыi, жанчыну, якую ўсе палiчылi за вар'ятку, ужо вытурылі на вулiцу.

Жанчына прысела на каменныя прыступкi дома насупраць, цераз вулiцу, i пачала тхiмкаць i горка бедаваць на лiхiх людзей, якiя не пусцiлi яе да любаснага дзiцяткi, малюткi Цахеса, што зрабiўся мiнiстрам. Спакваля вакол яе назбiралася мноства люду, якому яна бясконца паўтарала, што мiнiстр Цынобер не хто там якi, а яе сынок, якога яна ў маленстве ягоным называла мальцом Цахесам, так што пад канец людзi ўжо i не ведалi, цi лiчыць гэтую жанчыну апантанкай, цi, можа, тут i праўда нешта крыецца.

Старая не зводзiла вачэй з вокан Цынобера. Раптам яна радасна засмяялася, запляскала ў далонi i голасна закрычала:

-- Вось яно, вось яно, маё дзiцятка ненагляднае, мой малюпасенькi гномiк! Добрай ранiцы, малец Цахес! Добрай ранiцы, пацанок мой Цахес!

Усе паглядзелi ўгору i, убачыўшы маленькага Цынобера, якi стаяў у барвова-чырвоным вышываным убраннi, з ордэнскай стужкай зялёнаплямiстага тыгра, каля акна, якое даходзiла да самай падлогi, так што праз вялiкiя шыбы была вiдаць уся яго постаць, пачалi рагатаць, пачалi шумець, пачалi гарлаць.

-- Пацан Цахес! Пацан Цахес! Ага, падзiвiцеся толькi на маленькага расфуфыранага павiяна! Нягеглы вырадак! Альраўн! Пацан Цахес! Пацан Цахес!

Швейцар, усе слугi Цынобера павыбягалi на вулiцу, каб падзiвiцца, чаго гэта люд так рагоча i пацяшаецца. Але як толькi яны згледзелi свайго гаспадара, дык, залiўшыся вар'яцкiм смехам, заверашчалi галасней за ўсiх:

-- Пацан Цахес! Пацан Цахес! Вылюдак! Лiлiпут-шалапут! Альраўн!

Здавалася, мiнiстр толькi цяпер заўважыў, што прычынаю шалення на вулiцы быў ён сам, а не што iншае. Цынобер адчынiў акно, заблiскаў на натоўп гнеўнымi вачыма, закрычаў, забушаваў, пачаў ад злосцi вырабляць дзiўныя падскокi i подбрыкi, гразiўся вартай, палiцыяй, турмой i астрогам.

Але чым больш бушавалi i гневалiся iх эксэленцыя, тым апантаней рагаталі i мiтусiлiся ўнiзе. У злашчаснага мiнiстра пачалi шпурляць камянi, плады, гароднiну -- усё, што пад руку падкладалася. Таму давялося схавацца.

-- Божа праведны!-- з жахам закрычаў камердынер.-- Дык жа гэтая гнюсота выглянула з акна iх эксэленцыi. Што б гэта значыла? Як ушыўся гэты маленькi вядзьмачок у пакоi?-- З гэтымi словамi ён збурыўся бегчы наверх, але спальня мiнiстра па-ранейшаму была зачыненая. Ён адважыўся цiхенька пастукацца -- нiякага адказу!

Тым часам, бог яго ведае якiм чынам, па народзе разышлася глухая памоўка, што пацешнае пудзiла каля акна i ёсць малец Цахес, якi прыняў iмя Цынобер i ўзвялiчыўся розным несумленным падманам i ашукаю. Грамчэй i грамчэй луналi галасы: "Далоў малую бестыю! Далоў! Вытрасцi яго з мiнiстэрскай камзолы! Пасадзiць у клетку. Паказваць за грошы на кiрмашах. Абклеiць яго сусальным золатам i аддаць дзецям за цацку! Наверх! Наверх!" I народ пачаў насядаць на дзверы.

Камердынер у роспачы круцiў рукi.

-- Мяцеж! Смута! Ваша эксэленцыя! Адчынiце! Ратуйцеся! -- крычаў ён, але адказу не было; чуўся тольткi цiхi стогн.

Дзверы высадзiлi, народ з дзiкiм рогатам затупатаў па лесвiцах.

-- Ну, пара,-- сказаў камердынер i, разбегшыся, з усяе сiлы наляцеў на дзверы кабiнета; аж яны са звонам i трэскам саскочылi з завесаў. Iх эксэленцыi -- Цынобера -- нiдзе не было!

-- Ваша эксэленцыя! Лiтасцiвая эксэленцыя! Няўжо вы не чуеце смуты? Ды куды ж вы... госпадзе, даруй мне мой грэх, ды дзе ж гэта вас халера падзела?

Так крычаў камердынер, бегаючы па пакоях у поўнай роспачы. Але адказу не было; толькi мармуровыя сцены адгукалiся пакеплiвым рэхам. Здавалася, Цынобер знiк следу не пакiнуўшы, без стуку, без груку. На вулiцы пацiшэла. Камердынер пачуў гучны жаночы голас, якi звяртаўся да людзей, i, выглянуўшы ў акно, убачыў, што людзi памалу разыходзяцца, перашэптваюцца i з падазрэннем паглядваюць на вокны.

-- Смута, здаецца, мiнулася,-- сказаў камердынер.-- Ну, цяпер iх лiтасцiвая эксэленцыя, мабыць, выйдуць са свайго сховiшча.

Ён зноў прайшоў у спальню, спадзеючыся, што, можа, нарэшце мiнiстр аб'явiцца там.

Ён уважлiва разглядаўся па баках i раптам заўважыў, што з прыгожай срэбранай пасудзiны з ручкай, што заўсёды стаяла каля туалета, бо мiнiстр вельмi ёю даражыў як каштоўным князевым дарункам, тырчаць зусiм маленькiя худзенькiя ножкi.

-- Божа, божа!-- з жахам закрычаў камердынер.-- Божа, божа! Калi я не мылюся, дык гэта ножкi iх эксэленцыi, спадара мiнiстра Цынобера, майго лiтасцiвага гаспадара.-- Ён падышоў блiжэй i гукнуў, калоцячыся ад жаху, заглянуў у пасудзiну:-- Ваша эксэленцыя! Ваша эксэленцыя, напрамiлы бог, што вы там робiце? Чым вы там заняты?

Але як што Цынобер не аказваўся, дык камердынер на свае вочы пераканаўся ў небяспецы, у якой была iх эксэленцыя, i што прыйшоў час адкiнуць усякi рышпект. Ён ухапiў Цынобера за ножкi i выцягнуў яго. Ах, нежывы, нежывы быў ён -- маленькая iх эксэленцыя! Камердынер падняў моцны горасны енк; егер, слугi паспяшалiся да яго, пабеглi па князевага лейб-медыка. Тым часам камердынер выцер насуха свайго беднага, злашчаснага гаспадара чыстымi ручнiкамi, так што на вiду застаўся толькi маленькi зморшчаны тварык.

Тут увайшла фройляйн фон Розэншэн. Спярша яна, бог ведае як, супакоiла народ. Цяпер яна падышла да нежывога Цынобера; за ёю iшла старая Лiза, родная мацi мальца пры жыццi. Маленькiя вочкi былi заплюшчаны, носiк белы, на вуснах ледзь прыкметная пяшчотная ўсмешка, а галоўнае -- зноў цудоўнымi локанамi рассыпалiся цёмна-каштанавыя валасы. Фройляйн правяла рукой па галоўцы мальца, i на ёй адразу цьмяна загарэлася чырвоная палоска.

--О! -- усклiкнула фройляйн, i вочы яе засвяцiлiся ад радасцi.-- О Праспэр Альпанус! Вялiкi майстар, ты стрымаў слова! Лёс яго вырашыўся, i з iм акуплена ўся ганьба!

-- Ах,-- сказала старая Лiза,-- ах, Божа ты мой лiтасцiвы, дык жа гэта не малец Цахес, той нiколi не быў такi прыгожы! Дык, значыцца, я прыйшла ў горад зусiм дарма, i вы мне нядобра параiлi, шаноўная фройляйн!

-- Не бурчы, старая,-- сказала фройляйн.-- Калi б ты добра прымала мае парады i не ўварвалася ў дом раней, чым я сюды прыйшла, усё было б табе лепей. Я паўтараю: малы, якi ляжыць тут у пасцелi, сапраўды i iсцiна твой сынок, маленькi Цахес.

-- Ну,-- усклiкнула старая, i вочы ў яе заблiшчалi,-- ну, дык калi iх маленькая эксэленцыя i сапраўды маё дзiцятка, дык, значыцца, мне ў спадчыну дастануцца ўсе прыгожыя рэчы, якiя тут навокал стаяць, увесь дом з усiм, што ў iм?

-- Не,-- адказала фройляйн,-- гэта ўсё знебылося, ты ўпусцiла патрэбны час, калi магла здабыць грошы i дабро. Табе -- я адразу пра тое сказала,-- табе багацце не наканавана!

-- Дык цi нельга мне,-- сказала старая, i ў яе на вочы нагарнулiся слёзы,-- цi нельга мне, прынамсi, узяць майго беднага малыша ў хвартух i занесцi дамоў? У нашага пастара шмат прыгожых пудзiлаў -- птушак i вавёрачак; ён напхае i майго небараку Цахеса, i я пастаўлю яго на шафу такiм, якi ён ёсць, у чырвонай камiзэлi, з шырокай стужкай i зоркай на грудзях, на вечны ўспамiн!

-- Ды ну!-- усклiкнула фройляйн амаль з прыкрасцю.-- Гэта ўжо зусiм дурная думка! Гэтага нiяк нельга!

Тут старая пачала ўсхлiпваць, жалiцца i бедаваць:

-- Што мне з таго, што мой маленькi Цахес дастаўся да высокай шаноўлi i вялiкага багацця! Калi б ён жыў пры мне, я выгадавала б яго ў беднасцi, i яму нiколi не давялося б упасцi ў гэтую праклятую срэбную пасудзiну, ён i зараз быў бы жывы i даваў бы мне дастатак i радасць. Я насiла б яго ў ношцы, людзi шкадавалi б мяне i кiдалi б мне манеты, а цяпер...

У пярэднiм пакоi пачулiся крокi, фройляйн спраторыла старую, наказаўшы ёй чакаць унiзе каля брамы,-- перад ад'ездам яна дасць ёй надзейны сродак разам пазбыцца ўсякай галечы i нэндзы.

I вось Розабэльвэрдэ зноў наблiзiлася да мёртвага i мяккiм, дрыготкiм, поўным глыбокага мiлажалю голасам сказала:

-- Небарачанька мой Цахес! Няшчасны выкiдзень прыроды! Я зычыла табе дабра. Слушна, было неразумна думаць, што вонкавы прыгожы дар, якiм я надарыла цябе, падобна променю, пранiкне ў тваю душу i абудзiць голас, якi скажа табе: "Ты не той, за каго цябе прымаюць, але старайся зраўняцца з тым, на чыiх крылах ты, нямогленькi, бяскрыленькi, узлятаеш угору". Але ўнутраны голас у табе так i не прачнуўся. Твой косны, безжыццёвы дух не мог лунаць, ты не адцураўся глупства, грубасцi i невуцтва! Ах! Калi б ты не падняўся з нiкчэмства, калi б ты застаўся маленькiм неачасаным пенцюхом, ты пазбег бы ганебнай смерцi! Праспэр Альпанус парупiўся, каб пасля смерцi цябе зноў прынялi за таго, кiм ты маёй воляй здаваўся пры жыццi. Магчыма, мне давядзецца яшчэ ўбачыць цябе маленькiм жучком, увiшнай мышкай альбо жвавай вавёрачкай, я буду толькi радая! Спi з мiрам, маленькi Цахес!

Ледзь толькi Розабэльвэрдэ пакiнула пакой, як увайшлi княскi лейб-медык i камердынер.

-- Божа мiлы,-- усклiкнуў медык, убачыўшы мёртвага Цынобера i пераканаўшыся, што ўсе сродкi i спосабы вярнуць яго да жыцця марныя,-- напрамiлы бог, спадар камердынер, як гэта сталася?

-- Ах,-- адказваў той,-- ах, любасны спадар доктар, смута, альбо рэвалюцыя,-- усё роўна як вы гэта назавяце,-- шумела i бушавала ў прыхожай самым жудасным чынам. Iх эксэленцыя, баючыся за сваё каштоўнае жыццё, мабыць, мерылiся схаваацца ў туалеце, пакаўзнулiся i...

-- Дык, значыцца,-- урачыста i расчулена сказаў доктар,--дык, значыцца, ён памёр ад боязi памерцi!

Дзверы адчынiлiся насцеж, i ў спальню iмклiва ўбег бледны князь Барсануф, за iм сем камергераў, яшчэ бялейшыя.

-- Наўжо праўда? Няўжо праўда? -- усклiкнуў князь; але як толькi ўбачыў цельца спачылага, дык адхiснуўся i, падняўшы ўгору вочы, сказаў голасам, поўным самай вялiкай скрухi:-- О Цынобер!

I сем камергераў усклiкнулi за князем: "О Цынобер!"-- i падаставалi, як i князь, насоўкi i паднеслi iх да вачэй.

-- Якая страта,-- пачаў князь праз некалькi хвiлiн маўклiвай горасцi,-- якая неадшкадавальная страта для дзяржавы! Дзе знайсцi дзяржаўнага мужа, якi з такой самай годнасцю насiў бы ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, як мой Цынобер. Лейб-медык, як дапусцiлi вы, каб у мяне памёр такi чалавек! Скажыце, як гэта здарылася, як магло такое стацца, якая таму была прычына, з чаго памёр непаўторны?

Лейб-медык уважлiва агледзеў мальца, абмацаў усе месцы, дзе раней бiўся пульс, правёў рукой па галаве спачылага, адкашляўся i мовiў:

-- Мой найлiтасцiвейшы валадар! Калi б я меў задаволiцца толькi бачнай паверхняй з'яваў, дык я мог бы сказаць, што мiнiстр сканаў ад поўнай адсутнасцi дыхання, а гэтая адсутнасць дыхання паходзiць ад немагчымасцi дыхаць, якая, немагчымасць, у сваю чаргу, утворана стыхiяй, гуморам, той вадкасцю, у якую ўпаў мiнiстр. Я мог бы сказаць, што, такiм чынам, мiнiстр памёр гумарыстычнай смерцю, аднак жа я далёкi ад меркаванняў аж настолькi негрунтоўных, мне чужая страсць тлумачыць, зыходзячы з фiзiчных пачаткаў, тое, што натуральна i неабвержна пакоiцца на чыста псiхiчных пачатках. Мой найлiтасцiвейшы княжа, пачэсны муж гаворыць адкрыта! Першапрычына смерцi мiнiстра бала закладзена ў ордэне зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках!

-- Як? -- усклiкнуў князь, гнеўна блiснуўшы вачыма на лейб-медыка.-- Як? Што вы сказалi? Ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, якi з такой годнасцю, з такiм далiкацтвам на карысць дзяржаве насiў спачылы,-- у гэтым прычына яго смерцi? Падайце мне доказы, альбо... камергеры, якое вы наконт гэтага думкi?

-- Ён павiнен прывесцi доказы, ён павiнен прывесцi доказы, альбо... -- усклiкнулi ўсе сем бледных камергераў, i лейб-медык сказаў далей:

-- Мой слаўны, найлiтасцiвейшы княжа! Я гэта дакажу, i таму не трэба нiякага "альбо"! Усё праходзiла такiм чынам: цяжкi ордэнскi знак на стужцы, асаблiва ж гузiкi на спiне рабiлi шкоднае ўздзеянне на ганглii хрыбетнiка. I ў той самы час ордэнская стужка рабiла цiск на гузавата-валакнiстую зрослiну памiж грудабрушнай перапонай i верхняй брыжнай жылкай, якую, зрослiну, мы называем сонечным спляценнем i якая дамiнуе ў лабiрынце iншых нервовых сплётаў. Гэты дамiнуючы орган знаходзiцца ў разнастайных адносiнах з царабральнай сiстэмай, i натуральна, што згубнае ўздзеянне на ганглii было таксама шкоднае i для яго. Але хiба непарушнае функцыянаванне царабральнай сiстэмы не ёсць неабходная ўмова свядомасцi, асобы як выявы найдасканалейшага спалучэння цэлага ў адным фокусе? Цi не з'яўляецца ўвесь жыццёвы працэс дзейнасцю ў абедзвюх сферах, у ганглiянальнай i царабральнай сiстэмах? Дык вось, памянёнае згубнае ўздзеянне парушыла функцыi псiхiчнага арганiзму. Спачатку паявiлiся змрочныя думкi пра тайнае самаахвяраванне на карысць дзяржаве праз хваравiта-балючае нашэнне ордэна i да таго падобнае; стан рабiўся ўсё больш небяспечны, пакуль поўная дысгармонiя памiж ганглiянальнай i царабральнай сiстэмамi не прывяла да поўнага знiкнення прытомнасцi, поўнага знiшчэння асобы. Гэты стан мы i пазначым словам "смерць"! Так, найлiтасцiвейшы валадару, мiнiстр ужо страцiў сваю асобу i быў, такiм чынам, зусiм мёртвы, калi падаў у гэты фатальны сасуд. А таму прычына ягонай смерцi была не фiзiчная, а невымерна больш глыбокая -- псiхiчная.

-- Лейб-медык,-- сказаў князь незадаволена,-- лейб-медык, вы балбочаце паўгадзiны, але хай на мяне паляруш, калi я зразумеў хоць адно слова. Што вы разумееце пад фiзiчным i псiхiчным?

-- Фiзiчны прынцып,-- зноў загаварыў медык,-- ёсць умова чыста вегетатыўнага жыцця, а псiхiчны, наадварот, абумоўлiвае чалавечы арганiзм, якi знаходзiць рухавiк свайго быцця толькi ў духу, у здольнасцi мыслiць.

-- Я ўсё яшчэ,-- усклiкнуў князь з найвялiкшай прыкрасцю,-- усё яшчэ не разумею вас, бязглузды вы чалавеча!

-- Я мяркую,-- сказаў доктар, -- я мяркую, найсвятлейшы княжа, што фiзiчнае датычыцца толькi чыста вегетатыўнага жыцця, пазбаўленага здольнасцi мыслiць, як гэта мае месца ў раслiн, а псiхiчнае адносiцца да здольнасцi мыслiць. Але калi апошняе ў чалавечым арганiзме стаiць на чале, дык медыку належыцца заўсёды пачынаць са здольнасцi мыслiць, з вобласцi духу, i глядзець на цела толькi як на васала духу, якi павiнен падпарадкоўвацца, калi гэтага зажадае яго валадар.

-- Ого! -- усклiкнуў князь.-- Ого! Лейб-медык, не кiньце вы гэта! Лячыце маё цела i не турбуйцеся апекамi над маiм духам, якi яшчэ нiколi не цвялiў мяне. Увогуле, лейб-медык, вы вельмi распацешны чалавек, i калi б я не стаяў цяпер каля цела свайго мiнiстра i не быў так расчулены, я ведаў бы, што мне рабiць. А цяпер, камергеры, пральем яшчэ слязу над ложкам супакоенага i пойдзем палуднаваць.

Князь прыклаў насовачку да вачэй i ўсхлiпнуў, камергеры зрабiлi тое самае; потым усе выйшлi.

Каля дзвярэй стаяла старая Лiза, навесiўшы на руку некалькi вязанак цудоўнай залацiстай цыбулi, лепшай за якую не знайсцi. Незнарок позiрк князя ўпаў на гэтую гароднiну. Ён спынiўся, скруха знiкла з ягонага твару; ён ласкава i лiтасцiва ўсмiхнуўся i сказаў:

-- Колькi жыву, а не давялося мне бачыць такiх цудоўных цыбулiн, мабыць, яны цудоўныя i на смак! Вы прадаяце iх, мiлая?

-- А як жа,-- адказала Лiза, нiзка прысядаючы,-- а як жа, найлiтасцiвейшая ваша светласць, продажам цыбулi я здабываю сабе мой гаротны пракорм. Яны салодкiя, як чысты мёд. Цi не заўгодзiцца прычасцiцца, найлiтасцiвейшы спадару?

Яна працягнула князю вязанку самых ядроных, самых блiскучых цыбулiн. Той узяў, усмiхнуўся, цмокнуў i ўсклiкнуў:

-- Камергеры, хай адзiн з вас падасць мне ножык!-- Атрымаўшы нож, князь асцярожна i далiкатна абабраў цыбулiну i пакаштаваў.-- Якая смаката! Якi солад! Якi цуд! Якi агонь! -- усклiкнуў ён, i вочы ў яго заблiшчалi ад захаплення.-- Мне быццам здаецца, што я бачу перад сабою нябожчыка Цынобера, якi кiвае мне i шэпча: "Купляйце, ежце гэтую цыбулю, мой княжа, гэтага вымагаюць iнтарэсы дзяржавы".-- Князь сунуў старой Лiзе некалькi залатовак, i камергеры мусiлi рассоваць па кiшэнях астатнюю цыбулю. Больш за тое! Ён пастанавiў, каб наперад, апрача старой Лiзы, нiхто iншы не пастаўляў цыбулю для княскiх фрыштыкаў. I вось мацi мальца Цахеса, не разбагацеўшы, канечне, знебылася ўсякай галечы i беднасцi, i, мабыць, у гэтым ёй пасобiлi тайныя чары добрай феi Розабэльвэрдэ.

Пахаванне мiнiстра Цынобера было цi не самае вялiкапышнае, з тых, што калi-небудзь даводзiлася бачыць у Керапэсе; князь, усе кавалеры ордэна зялёнаплямiстага тыгра ў глыбокай жалобе iшлi за труною. Званiлi ва ўсе званы, нават некалькi разоў стрэлiлi з абедзвюх марцiраў, якiя з вялiкiмi выдаткамi былi набытыя князем дзеля феерверкаў. Гараджане, народ -- усе плакалi i бедавалi, што айчына засталася без найлепшай сваёй апоры i што каля стырна кiравання, мабыць, нiколi больш не стане дзяржаўны муж, поўны такога глыбокага розуму, душэўнай велiчы, рахманасцi i нястомнай рупнасцi за ўсеагульную даброць, як Цынобер.

I на самай справе, страта гэтая засталася незаменнай, бо нiколi больш не знайшлося мiнiстра, якому аж так упасаваў бы ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, як адышламу ў вечнасць незабыўнаму Цыноберу.

Раздзел апошнi

Сур'ёная просьба аўтара.-- Як прафесар Мош Тэрпiн супакоiўся, а Кандзiда ўжо нiколi больш не магла гневацца.-- Як залаты жук забрунжаў нешта на вушка доктару Праспэру Альпанусу i як той з'ехаў, а Бальтазар пачаў жыць у шчаслiвым сужэнстве.

Ужо блiзiцца час, калi той, хто пiша табе, любасны чытач, гэтыя лiсты, вымушаны будзе з табою развiтацца, i вось яго ўжо агортвае туга i нясмеласць. Яшчэ шмат чаго ён ведае пра важныя дзеi маленькага Цынобера i з вялiкай ахвотай пераказаў бы табе ўсё чыста, о мой чытач, бо палкасць, якая нарадзiлася ў ягонай душы, неадольна прымусiла яго напiсаць гэтую аповесць! Але! азiраючы ўсе падзеi, як яны былi паказаны ў папярэднiх дзевяцi раздзелах, ён адчувае, што ў iх ужо ёсць столькi ўсякага дзiвоснага, бездумнага, супрацiўнага цвярозаму розуму, што, гурбуючы яшчэ мноства падобнага, ён ставiць сябе пад рызыку, што, ўжываючы на лiхое твой давер, любасны чытач, зусiм не знойдзе з табою нiякага зладу. Ён упрошвае цябе з тугою i нясмеласцю, якiя так нечакана сцiснулi яго грудзi, калi ён напiсаў "Раздзел апошнi",-- хай будзе табе заўгодна з сапраўднай весялосцю i спакойным сэрцам сузiраць гэтыя дзiўныя вобразы, нават сябравацца з iмi; яны навеяны паэту прывiдным духам -- Фантазусам, чыёй незвычайнай, капрызлiвай натурай ён, магчыма, дазволiў сабе занадта захапiцца. А таму не гневайся на абодвух -- паэта i незвычайнага духа! А калi ты, любасны чытач, зрэд-часу з таго-сяго пасмейваўся сам сабе, дык ты быў у тым самым настроi, якi хацеў выклiкаць аўтар гэтых старонак, i тады, думае ён, ты многага не залiчыш яму ў вiну.

Шчыра кажучы, гэтая аповесць магла б закончыцца трагiчнай смерцю маленькага Цынобера. Але хiба не прыемней будзе, калi замест скрушлiвага пахавання яе завершыць радаснае вяселле?

Ну дык вось, злёгку нагадаем яшчэ пра прыгажуню Кандзiду i шчаслiвага Бальтазара.

Прафесар Мош Тэрпiн быў адукаваны, спанатраны ў навуках чалавек, якi, згодна з мудрым выслоўем: "Nil admirari"******* ужо шмат-шмат гадоў не здзiўляецца, што б там нi здаралася. А цяпер, свабодны ад усёй сваёй мудрасцi, ён мусiў увесь час здзiўляцца, аж пад канец пачаў скардзiцца, што больш не ведае, цi праўда прафесар Мош Тэрпiн, якi раней кiраваў усiмi справамi па натуральнай лiнii ва ўсёй дзяржаве, усё яшчэ ходзiць на сваiх нагах, дагары галавою.

Спачатку ён здзiвiўся, калi Бальтазар прадставiў яму доктара Праспэра Альпануса як свайго дзядзьку i той паказаў яму даравальны запiс, паводле якога Бальтазар зрабiўся ўладальнiкам сельскага дамка за гадзiну язды ад Керапэса, разам з памежнымi ляснымi абшарамi, палямi i лугамi; ён ледзь паверыў сваiм вачам, калi ўбачыў, што ў iнвентарным роспiсе памянёна каштоўнае начынне, нават залатыя i срэбныя злiткi, каштоўнасць якiх перавышала ўсё багацце княскай скарбнiцы. Потым ён здзiвiўся, паглядзеўшы праз Бальтазараву ларнетку на выдатную труну, у якой пакоiўся Цынобер, i яму раптам здалося, што нiякага мiнiстра Цынобера нiколi не было, а быў толькi маленькi, няўклюдны, нягеглы выпладзень, якога выпадкова палiчылi за разумнага, усёведнага, мудрага мiнiстра Цынобера.

Здзiўленне Моша Тэрпiна дасягнула найвышэйшай ступенi, калi Праспэр Альпанус пачаў вадзiць яго па доме, паказваючы сваю бiблiятэку i iншыя вельмi дзiвосныя рэчы, i нават учынiў цэлы шэраг пiкантных доследаў з рэдкiмi раслiнамi i жывёламi.

Прафесару прыйшло ў галаву, што ўсе ягоныя даследаваннi па лiнii натуральнай гiсторыi абсалютна нiчога не вартыя i ён заключаны ў выдатны, стракаты, чароўны свет, быццам у яйка. Гэтая думка так перапалохала яго, што пад канец ён пачаў скардзiцца i плакаць, як дзiця. Бальтазар адразу адвёў яго ў даволi вялiкi вiнны склеп, дзе вачам прафесара явiлiся блiскучыя бочкi i бутэлькi. Тут, лiчыў Бальтазар, яму будзе больш вальготна ўчыняць свае штудыi, чым у княскiм склепе, i ён зможа поўнiцай даследаваць прыроду ў цудоўным парку.

Тут прафесар супакоiўся.

Вяселле Бальтазара згулялi ў загародным доме. Ён, яго сябры -- Фабiян, Пульхер -- усе здзiўлялiся з незямной прыгажосцi Кандзiды, чароўнага хараства яе адзення, усёй яе iстоты. То i насамрэч былi чары, бо фея Розабэльвэрдэ, якая была на вяселлi пад выглядам кананiсы фон Розэншэн, забылася на свой гнеў i сама ўбрала Кандзiду пышнымi, прыгожымi ружамi. А яно ж вельмi добра вядома, што сукенка станецца ў акурат каму хоч, калi за справу возьмецца фея. Апрача таго Розабэльвэрдэ падарыла чароўнай нявесце блiскучыя каралi, магiчнае дзеянне якiх выяўляецца ў тым, што надзеўшы iх, яна ўжо нiколi не магла быць засмучана якой-небудзь драбязою, дрэнна завязаным бантам, няўдалай прычоскай, плямай на бялiзне альбо чым-небудзь яшчэ. Гэтая здольнасць, якою каралькi надзялялi Кандзiду, надавала яе тварыку адмысловы шарм i прыветлiвую весялосць.

Маладыя былi на сёмым небе i -- такое дзеянне рабiлi на iх тайныя чары мудрага Альпануса -- усе знаходзiлi словы i прывелiвыя позiркi мiлым сябрам. Праспэр Альпанус i Розабэльвэрдэ паклапацiлiся пра тое, каб дзень вяселля быў пазначаны прыгожымi цудамi. Усюды з кустоў i дрэў чулася салодкая гармонiя кахання, тым часам як з-пад зямлi вырасталi блiскучыя сталы з выдатнымi далiкатэсамi i крышталёвымi графiнамi, з якiх цурчала высакароднае вiно, якое разлiвалася агнём па жылах.

Настала ноч, i агнявыя вясёлкi перакiнулiся над паркам, i блiскучыя птушкi i насякомыя запырхалi навакол, i, калi яны трымцелi крылцамi, з iх сыпалiся мiльёны iскраў i складвалiся ў розныя прыгожыя фiгуркi, якiя ўвесь час мянялiся, скакалi i кулялiся ў паветры i раптоўна знiкалi ў кустах. I ўсё мацней гучала лясная музыка, i начны вецер разносiў таямнiчы шэпт i салодкi водар.

Бальтазар, Кандзiда, госцi прызналi дзеянне магутных чараў Праспэра Альпануса, але Мош Тэрпiн, захмялеўшы, смяяўся i казаў, што за ўсiм гэтым крыецца не хто там якi, а прайдзiсвет -- оперны дэкаратар i князеў феерверкер.

Пачулiся рэзкiя ўдары звона. Блiскучы залаты жук апусцiўся на плячо Праспэра Альпануса i, здавалася, нешта цiхенька забрунжаў яму на вуха.

Праспэр Альпанус устаў са свайго месца i сказаў урачыста i сур'ёзна:

-- Любасны Бальтазар, цудоўная Кандзiда, сябры мае! Настаў час -- Лотас клiча, я мушу з вамi растацца!

Тут ён падышоў да маладой пары, пачаў з ёю цiха гутарыць. Абодва, Бальтазар i Кандзiда, былi вельмi расчуленыя, здавалася, Праспэр даў iм розныя добрыя парады; ён абняў iх з пяшчотнай гарачнасцю.

Потым ён звярнуўся да фройляйн фон Розэншэн i гэта сама цiха загаварыў з ёю,-- мабыць, яна надавала яму розныя даручэннi па лiнii чараўнiцтва i фей, i ён вельмi ахвотна ўзяўся iх выконваць.

Тым часам з воблакаў апусцiлася маленькая крышталёвая карэта з дзвюма блiскучымi стракозамi, якiмi кiраваў срабрысты фазан.

-- Бывайце, бывайце!-- усклiкнуў Праспэр Альпанус, сеў у карэту i пачаў падымацца ўсё вышэй i вышэй над вясёлкамi, пакуль нарэшце не блiснуў у нябесных высях маленькай зорачкай, якая знiкла ў аблоках.

-- Цудоўны мангальф'ер!-- прахрыпеў Мош Тэрпiн i, адолены вiном, апусцiўся ў глыбокi сон.

Бальтазар, паслухаўшыся парадаў Праспэра Альпануса, здабываючы разумную карысць з валодання цудоўнай сядзiбай, зрабiўся сапраўды добрым паэтам, а як што iншыя ўласцiвасцi гэтага маёнтка, пра якiя казаў, маючы на ўвазе Кандзiду, Праспэр Альпанус, спраўдзiлiся i як што Кандзiда нiколi не здымала каралькаў, падораных ёй на вяселлi кананiсай Розэншэн, дык Бальтазар зажыў у шчаслiвым сужэнстве, радасцi i шчасцi, як толькi мог калi-небудзь зажыць паэт з цудоўнай маладой жонкай.

I, такiм чынам, казка пра мальца Цахеса, празванага Цыноберам, цяпер i на самай справе набыла радасны

КАНЕЦ

КАМЕНТАР

Пафнуцiй --Гофман узяў большасць iмёнаў з кнiгi Ёгана Геарга Цымэрмана (1728--1795) "Пра самотнасць" (1784) -- Пафнуцiй, Праспэр Альпанус, Барсануф, Пталамей Фiладэльфус, Руфiнус.

Дзень святога Лаўрэна -- 10 жнiўня.

Альраўн -- корань мандрагоры, падобны на маленькага чалавечка.

Кнiга турнiраў Рыкснера -- Маецца на ўвазе кнiга Геарга Рукснера (выдадзена ў 1530 г.), у якой апрача звестак пра турнiры дадзена апiсанне германскiх дваранскiх гербаў.

...належнае ведзьмам выпрабаванне -- западозраных у вядзьмарстве кiдалi ў ваду; калi чалавек не тануў, гэта служыла доказам яго сувязi з д'яблам.

"Сiр! увядзiце асвету!"-- Парадыйнае пераасэнсаванне славутага заклiку, з якiм маркiз Поза ў драме Шылера "Дон Карлас" звяртаўся да караля Фiлiпа II -- "Сiр! -- дайце свабоду думкi!" (3 акт, 10 сцэна).

Джынiстан-- жытлiшча феяў у казках "Тысячы i адной ночы".

...разбiты аслiнай скiвiцай -- паводле Бiблii (Суддз. 15:15), Самсон пабiў аслiнай скiвiцай фiлiстымлянаў. Нямецкае слова Philister азначала -- "фiлiстымлянiн".

...вылечыць высакароднага прынца -- гутарка памiж Гамлетам i Гiльдэнстэрнам у "Гамлеце" Шэкспiра (3 акт, 2 сцэна).

"Чароўны пярсцёнак" -- У 1813 годзе выйшаў раман "Чароўны пярсцёнак" барона дэ ла Мот-Фуке (1777-1843), запрыязненага з Гофманам.

...най-найвышэйшая ступень жаночай жаноцкасцi -- сатырычны намёк на Лiяну ў рамане Жан Поля "Тытан" (1800-1803).

...прыпадабняюцца да святога Еранiма -- такiя звесткi ў Цымэрмана ("Пра самотнасць").

Лукас Кранах Старэйшы (1472 -- 1553), мастацтва якога было вольнае ад пераймання iтальянскiх узораў, прадстаўлены тут як чыста нямецкi мастак.

...нагадваючы картэзiянскага хохлiка -- так была названа французскiм фiлосафам Рэнэ Дэкартам (лац. Рэнатус Картэзшус, 1596 -- 1650) полая шкляная лялька, якая плавала ў вадзе вертыкальна.

Канцэрт Вiёцi -- Джыаванi Бацiста Вiёцi (1753 -- 1824) -- iтальянскi скрыпач-вiртуоз i кампазiтар.

Шкляны гармонiк -- старадаўнi музычны iнструмент, якi складаўся са шкляных паўшар'яў, якi гучаў ад дакранання вiльготных пальцаў.

...казiмiравыя панталоны -- казiмiр, кашамiр -- тканiна.

Калiостра -- Аляксандр граф Калiостра, сапр. Джузэпэ Бальзама (1743 -- 1795), шырока вядомы ў Еўропе iтальянскi авантурнiк i шарлатан.

Вiглебава "Магiя" -- Ёган Крысцiян Вiглеб аўтар кнiгi "Навука натуральнай магii" (1782), з маладосцi вядомай Гофману.

... заезны натуралiст, якi вяртаўся з Паўночнага полюса. -- Жартоўны намёк на пiсьменнiка Адэльберта фон Шамiса, якi ў той час якраз вярнуўся з падарожжа вакол свету.

Зараастр (Заратустра, Заратуштра) -- рэфарматар старажытнаiранскай рэлiгii, якая атрымала назву -- зараастрызм.

Оксгофт -- бочка, прыкладна на тры вядры.

Алiкантэ -- дэсертнае вiно з iспанскай правiнцыi Алiкантэ.

Чарта-Бхада -- у кнiзе Готхiльфа Генрыха Шуберта "Погляды на начны бок натуральных навук" (1808) згадваецца iндыйская кнiга з такой назвай.

Мiнiстр Ючы -- у Шубертавых "Поглядах..." расказваецца пра кiтайскага iмператара, якi правiў 5 ст. да н.э., мiнiстр якога Ючы вызначыў Палярную зорку

"На небе i ў зямлi схавана болей..." -- Шэкспiр, "Гамлет", дзея першая, сцэна пятая.

...ён памёр ад боязi памерцi -- словы з драмы Фрыдрыха Шлегеля "Аларкос" (18О2), якiя ў час першага прадстаўлення выклiкалi смех у публiкi.

Гумор -- вадкасць; грэцкi ўрач Гiпакрат (460 -- З77) лiчыў асновай усяго сутнага чатыры гуморы.

Мангальф'ер-- паветраны балон, названы так паводле iмя iх вынаходнiкаў братоў Мангальф'е.

Перакладзена з выдання: Hoffmanns Werke in drei Bänden. Bd.1. Aufbau-Verlag. Berlin und Weimar. 1968.

* Дзякую (лац.).

** Мой дарагi (фр.).

*** Гарбаты (фр.).

**** Лінэева малпа Вельзевул -- чорная, барадатая, з цагляна-чырвонымi нагамi, хвастом i макаўкай (лац.).

***** Малпу Вельзевула з учэпiстым хвастом (лац.).

****** Малпу Вельзевула з учэпiстым хвастом (лац.).