Розныя тэксты

Гесэ Герман


Вершы шкаляра і студэнта Ёзэфа Кнэхта

Скарга

Нам жыць не дадзена. Мы ўсе -- струмень,
Гатовыя сябе ў любую форму ўліць:
У грот альбо ў сабор, у ноч, у дзень, --
Наскрозь нас працінае прага жыць.

Нястомна запаўняем формаў цьмы,
А дзе ў іх шчасце, дом, радзіма дзе?
Мы вечныя вандроўцы, госці мы,
Нас плуг не кліча, хлеб не нам расце.

Не знаем, што нам вызначыць Гасподзь,
Бо толькі ж гліна мы ў руцэ ў Яго.
Нас мне маўклівы Творца самахоць,
Не ставячы ніколі на агонь,

Каб скамяніць! І так трываць гады і годы --
Да гэтага імкнёмся ў палкай змозе,
Ды вечнасць нас палохае заўсёды
І адпачынкам не стае ў дарозе.


Кампраміс

Запанявераным і нерашучым
Сумненні нашы -- толькі марната.
Наш свет у плоскасці -- нас мудра вучаць,
А вымярэнне трэцяе -- лухта.

Бо варта ўцвердзіцца на паняверцы,
Што быццам мы жывём у плоскай меры,
Ці зможам веры даць сваёй бяспецы,
Ці зможам жыць у гэтакай хімеры?
Таму, каб у суладдзі вызнаць меры,
Альтэрнатывы лішнія пахеры!

Калі ў навуках ментарскіх бясспрэчна,
Што забягаць наперад небяспечна,
Тады жыць з трэцяй мерай недарэчна.


Таемна ж прагнем...

Духоўным, вабным, ясным, як блакіт,
Здаецца нам жыццё, як танец феяў,
Эфірна лёткае, -- яго мы ўмеем
Мяняць на рэчаісна-прэсны свет.

З прыгожых мар сатканая смуга,
Глыбокі сэнс пануе ў міражы,
А там, падыспадам, на дне душы
Жыве па цемры, па крыві туга.

У пустаце спраўляе крутаверць
Жыццё, гатовае служыць гульні,
Таемна ж прагнем будна бавіць дні,
Зачаць, радзіць і ў муках смерць сустрэць.


Літары

Мы пішам знакі на паперы белай,
І сэнс у іх такі, што глыбіня
Дасведчаным бывае зразумелай:
На правілах грунтуецца гульня.

А што, калі б дзікун ці месячанін
Прыйшоў сюды і гэты ліст паднёс
Пад свой дапытліва-цікаўны нос
Ды ўгледзеў свет чужы ў пісьмёнах тайных,
Убачыў чарадзейства людазвера
У гэтых А і Б, няведамых яшчэ,
Убачыў жадлівасць сляпых намераў
У рухах языкоў, хвастоў, вачэй,
Нібы на снезе ў лапах гругана --
Апанавала б прага дзікуна
Уразумець праз рысачкі і ўзоры
Светабудоваў іншых лад і крой
І разгадаць чужых сусветаў творы
Па знаках іх пакут, кахання, мрой.
Смяяўся б ён і плакаў -- і дзівіўся,
Як раптам свет увесь перамяніўся,
У шрыфт уліўшыся, і як сам свет
Змяшчаецца ў сукупнасці тых знакаў,
Паменшаны ў магічны гэты след
Падобных рысак так, што аніякай,
Здаецца, розніцы ў праявах сутных:
Жыццё, ці смерць, ці радасць, ці пакуты...

І закрычаў бы ў страху, як шалёны,
Ад мук нясцерпных і расклаў агонь --
Ды пад літаній гукі, пад заклёны
Шпурнуў у полымя усе пісьмёны.
І адчуваў дрымотліва, праз сон,
Што адышоў ужо ў Нівеч, Ня-Свет,
Усмоктаны ў Ніколі-Існаванне.
Ў Нікуды -- усміхнуўся б напаслед
І задаволіўся б дазвання...


Чытаючы старадаўняга філосафа

Усё, што ўчора поўнілася спрэс
Глыбокім сэнсам спадкаемнай думкі,
Раптоўна блякне, вяне, траціць сэнс
Як нотны стан, дзе зблыталіся гукі,

Бо ключ прапаў, і доўгі шэраг нот
Нямы, будова ссунута, сугуччы
Не маюць сэнсу, і любы акорд --
Ператвараецца у грук рыпучы.

Так, правільны, суладны думкам твар
Старога мудрамыснага мужчыны
Міжволі змусіць прыгадаць пачвар--
Калі скажаюць хараство маршчыны.

Так пачуццё высокай асалоды
У прыкрасць акунае наша сэрца,
Нібы мы папярэджаныя зроду,
Што зжухне ўсё, згніе і распадзецца.

Але над нэндзай, гніласцю і тлом
Узносіцца нятленны, шчодры, годны
Дух палкасці, азораны святлом,
Дух неўміручы, смерцьспрамоглы.


Апошні майстар гульні шкляных перлаў

Сядзіць з ружанцам у руцэ стары,
Прыгорблены; а рай яго ў віры
Вайны й чумы спустошаны і голы,
Руіны плюшч увіў, здзічэлі пчолы...
Прыглушаныя псалтыр’ёна гукі,
Старэчасць кволая, трасуцца рукі,
Перабіраючы шнурок пярлін:
Блакітны шарык, белы, смаляны,
Малы, вялікі, строга ў лік,
І ўсе кладуцца роўна ў рад шкляны.
Вялікі быў ён сімвалаў уладца,
Магістр мастацтваў многіх абазнаны,
Ў высокіх колах шчыра шанаваны,
Славуты з краю ў край усім дарадца,
У гурце вучняў і калег вучоных.
Цяпер ён, збытнік свету, тут адзін,
Зыскоўцы не шукаюць ласк ягоных --
Ніхто на дыспуты не кліча старца,
Усё ў мінулым: кнігі, ўлады бэрла,
Кастальскіх школ няма... Сярод руін
Руіна сам ён, з нізкай штучных перлаў,
Цяпер яны -- стракаценькая цацка.
Рассыпаўся ў старых руках шнурок,
І коцяцца гарошынкі ў пясок.


Да адной Бахавай такаты

Дранцвее моўча... Змрочышча і цьмень...
Ды праз хаос прасвечвае прамень,
З Нічога формы свету вылучае,
Прасторы ладзіць, з чорнай пустаты
Яўляе прорвы, горныя хрыбты,
Сініць паветра, цвердзь зямлі згушчае,
Той промень-парастак сабой самім
Да творчай спрэчкі будзіць дух прасторы --
І зырка ўспыхвае нямое тло,
Калі яго пранізвае святло,
Парадак ладзіцца, і ў дзіўным хоры
Тварцу святла й жыцця лунае гімн.

Да бога ўзносіцца, да перш-асновы,
Паўз безліч твораў, праз змаганне,
Да велічы спазнання ўсіх тайнот
Праз радасць, гора, песню і палёт,
Праз меру, музыку, праз гукі мовы,
Праз рух і дух, праз барацьбу й каханне.


Сон

Гасцюючы ў гарах, ў манастыры,
Зайшшоў я ў час, калі пайшлі маліцца,
У кніжны схоў. Бляск позняе зары
Праз вокны ціха ліўся на паліцы
З радамі скуранымі кніг старых.
Цікаўнасцю працяты, выняў з іх
На пробу першы томік, наўздагад --
“Пра квадратуру круга” -- тытул тома.
Вазьму, падумаў, прачытаю дома;
Другая кніга, скураны аклад,
На каранцы: “Пра тое, як Адам
З другога дрэва плод пазнання еў” --
З другога дрэва? Плод жыцця? Дык меў
Ён неўміручасць, пэўна? Нездарма,
Відаць, так думаў я, невыпадкова
Я апынуўся тут, і фаліянт
Убачыў іншы -- срэбны шрыфт і кант,
Разьба на вокладцы, і адмыслова
Рукой напісаная назва тома:
“Сакрэт значэння колераў і нот:
Для перакладу ўсіх сугуччаў, тонаў
На мову фарбаў і наадварот”,
О, як шматзначна мова фарбаў тая
Мне загучала раптам! І здалося --
І лепшым доказам таго было ўсё, --
Што я стаю ў бібліятэцы рая;
Дзе ёсць адказ на ўсё, што ні спытаю;
На ўсякі голад ёсць акраец хлеба;
Бо толькі позіркам крануўся тома,
Як тут жа і зрабілася вядома,
Што ўсякая здаволіцца патрэба --
З любога дрэва рві пазнання плод,
Якога прагне кожны вучань часта,
Якім прынадзіцца й масціты майстар.
Тут меўся чысты сэнс, патайны звод
Паэзіі, навукі, мудрыні,
Чароўнай сілы, ўсякай глыбіні
Пытанняў нашых -- ключ з пісьмёнаў тайных,
І тонкі водар духу ў нечуваных
Таемных кнігах быў тут прыхаваны.
Ключы ляжалі тут на ўсякі выбар
Пытанняў, тайнаў, -- і той браў адказ,
Каго неспасцігальны клікаў час.

Я разгарнуў дрыготкімі рукамі
На пульце цяжкі фаліянт.
І вось, нібы адкрыліся пісьмёны самі,
(Так часта ў сне ты спрытны рызыкант,
І ўсё даецца ўраз табе і скрозь);
Так быў я ўзнесены адразу ў сферы,
Адкуль відна калавароту вось,
Дзе тайны ўсе й містычныя хімеры
Праз вобразы адкрыліся вачам,
Тысячагоддзяў спадкі, вопыт свету
У новых сувязях і ў тых ключах,
І гарманічна складваліся разам,
Як хор планет, пытанні і магчымасць
Здаровы розум наталіць адказам.

За гэты час, калі чытаць ключы ёсць,
Неверагодны шлях я прабягаў
І празарэнні ўсіх эпох з натуры
Ў сукупнай сутнасці іх спасцігаў,
Чытаў пісьмёнаў дзіўныя фігуры,
Што спалучаліся, збягаліся чаргою,
Кружыліся, спляталіся паміж сабою,
Ствараючы зноў новыя спалукі, --
Калейдаскопы сэнсавых структур,
Невычарпальны сэнс у тых фігур.
І вось, калі уражаны дарэшты,
Адвёў я вочы ўбок на нейкі міг,
Убачыў: не адзін я тут ля кніг --
Старэнькі нейкі быў, вышукваў нешта
У кнігах; архівіст -- раблю выснову --
Сур’ёзны, заклапочаны; і вось
Здалося мне прасветленай наскрозь
Таемнасць гэтай працы адмысловай.
Як важна знаць яе. Стары тым часам
Рукою дрогкаю здымаў чарговы
З паліцы том, прачытваў назву,
На тытул хукаў, выціраў і новы
Па следзе надпіс той рэстаўраваў,
На месца ставіў том і потым зноў
Ішоў далей і новы том здымаў,
Сціраў і аднаўляў стары назоў.

І раптам стала мне несамавіта --
Мой розум адмаўляўся разумець;
Рашыў вярнуцца да чытання; ледзь
Два-тры радкі прабег, але забыта
Была карціна вобразаў, якія
Складалі свет пазнання, іх стыхія
Не захапляла больш; пісьмёнаў строй
Урок празрысты, ясны страціў свой
І пераблыталіся ўсе радкі,
Сышлі у цемру, некудысьці вонкі,
І з-пад маёй збянтэжанай рукі
Зірнула ў вочы пустата старонкі.

Тут на плячы адчуў я нейкі дотык:
Падняўшы вочы, ўгледзеў я старога,
Які ўзяў том, не мовіўшы нічога, --
Няясны страх мяне жахнуў -- і потым
Ён пальцам слізгануў, з аклада змыў
Старую назву, бляклыя пісьмёны,
І знакі новыя, ў якіх мне быў
Адкрыты новы свет, пяром ягоным
Былі накрэслены. Стары памалу
Сабраў прылады і пакінуў залу.


Служэнне

Калісьці на пачатку новай эры
Валадарам свае правы здаў люд --
Спраўляць абрад ахвярны, правіць суд
І захаваць у родзе непарушнасць меры
У ладзе з іншай мераю, якая
Заўсёды яркае жыццё свяціл
На небе у гармоніі трымае
У раўнавазе неўміручых сіл.
Але даўно ўжо божы той парадак
Зламаўся, і знябыўся мераў свет,
І чалавек адкінуў запавет,
Жыве без святасці ў нязгодзе з ладам,
Ды не памерла вера ў святасць свету
І нам даручана, прарваўшы заняпад
Праз гульні знакаў, аднавіць той лад
І перадаць далей святыню гэту.
Магчыма, змрок рассеецца дазвання,
І вернецца закон былых эпох,
І закіруе Сонца, быццам Бог,
І прыме з нашых рук ахвяраванне.


Мыльныя пузыры

Як шмат патолі, думак і настрояў
Адгорне час з старога мудраца,
Пакуль з няясных уяўленняў, мрояў
З апошняй працай дойдзе да канца.

Тым часам палкі малады студэнт
Штурмуе кнігасховішчы, надзеі поўны,
Што ўскалыхне адкрыццямі сусвет,
Якія і завершаць твор ягоны.

Так дзьме дзіця малое у салому, --
Дзівосны твор дыхання паўстае,
Іграюць колеры, нібы псаломы,
Нібы душа тайноты аддае.

Ўсе творцы: старац, хлопчык і студэнт --
Не мае сэнсу ні старая пена,
Ні новы сон, што створаны імгненна,
Ні ўкладзены з усёй душы імпэт
У ілюзорна-каляровы свет.


Пасля чытання
“Summa contra gentiles”*

Калісь было, здаецца, праўды болей,
З навукай мудрасць не была ў расколе,
І свет шырэйшы быў, было ўсё ясна,
І ўсе жылі паўней і дабрашчасна --
Пра гэта нам даўным-даўно вядома
З кітайскіх мудрацоў і з кніг Платона.
І кожны раз, як мы былі пад шатай
Духоўнасці свяшчэннай Аквіната,
Здаваўся свет суцэльна чыстым раем,
Дзе ўсё навокал яснай праўдай ззяе,
Прырода адухоўлена, і строга
Разлічана шляхі вядуць да Бога,
Закон і лад ва ўсім, і без заганы
Ўсе звёны ў цэлае дапасаваны,
А нам, адступнікам, благая доля:
Змаганне марнае з пустой патоляй,
І спаняверанасць, і прага веры,
Імкненне і хімерныя намеры.

Але, магчыма, час такі настане,
Калі на ўсё інакш нашчадак гляне,
І ўсе сумненні нашы, спрэчкі, звады
Здавацьмуцца яму як хор суладны,
І ўсе пакуты нашы і згрызоты
У міфы ператворацца, ў тайноты,
І, можа, той, хто сёння чуцен ледзьве,
Найбольшы бляск у гучнай славе мецьме,
І стане прыкладам для пераймання
І моладзі -- узорам выхавання
Таму, каму не маем сёння згадккі,
Зайздросьціць будуць нашыя нашчадкі.
І думаць будуць, што ў часы былыя
Жылі ў дастатку геніі святыя
І, нібы дзеці, бавіліся шчасна,
Бо вечны дух і ў нас палае ясна.
Наш дух -- ён брат адвечнаму, які
Перажыве Цябе, Мяне і ўсе вякі.
-----------------
* “Сума супроць язычнікаў” (лац.).


Прыступкі

Любая кветка вяне; саступае
І старасць месца юнаму запалу,
І мудрасць з часам гэтак адцвітае,
Нішто не вечна, здоўжыцца памалу.
Павінна быць гатовым наша сэрца
Перарадзіцца, новы даць пачатак
Спалукам іншым, формам, месцам,
Ахвяравацца ў іншы распарадак.
У кожным пачынанні тайнасць тая,
Што нашае жыццё абараняе.

Прыступкамі ўгару павінны йсці мы
І не прывязвацца, як да радзімы.
Дух свету хай не звузіць нам прастору,
Няхай узносіць паэтапна ўгору.
Вось толькі мы ў адной зжыліся сферы,
Ужо лянотнасць наша на парозе,
І толькі той, хто вечна у дарозе,
Перамагае звыкласці хімеры.

Магчыма, што смяротнае прычасце --
Прыступка толькі новага жытла,
Не скончана жыццё часовым шчасцем...
Бывай жа, сэрца! Ў адраджэнне з тла!


Гульня шкляных перлаў

Сусвету музыку, людскія творы,
Здаецца, кожны б з захапленнем слухаў, --
Склікаў бы ўсіх часін і пораў
На свята чыстае шаноўных духаў.

І дазваляем мы сябе праз тайны
Магічныфх формул весці на арбіты
Жыцця, ў якім усім кіруюць рытмы
І пэўны сэнс змяненняў незвычайных.

У звоне ўсіх сузор’яў шматгалосым
Гучыць крыштальна сэнс над нашым лёсам,
Калі ж мы з кола выпасці павінны,
Дык толькі ў самы цэнтр, да сарцавіны.