ІІ
Пачатак расследавання. Найлепшы акрэс майго жыцця пачаўся з размахам. Ужо на другі дзень я быў паўнапраўным гаспадаром новай адвакацкай канторы і “порша”, які, праўда, калі я добра разгледзеў яго, аказаўся куды больш старым, чым я думаў, і ў такім стане, што выстаўленая Лінгардам цана за яго ўжо не здавалася боскай. А кантора раней належала алімпійскаму чэмпіёну ў фехтаванні і чэмпіёну Швейцарыі ў стральбе з рэвальвера, інакш кажучы, доктару Бэна, які ўжо даўно каціўся ўніз з горкі. Красунчык-алімпіец ад удзелу ў перагаворах ухіліўся. Са слоў архітэктара Фрыдлі, які да белага свету завёз мяне туды, Бэна згадзіўся саступіць мне сваю кантору за дзве тысячы штомесячна, з іх чатыры – наперад, сума, пра якую наўрад ці можна было пэўна сказаць, у чыю кішэню яна палезе, але затое я мог без адкладу ўсяліцца і атрымаў на карыстанне не толькі ўсё Бэнава абсталяванне, але дадаткам яшчэ і сакратарку, хай сабе з выгляду і траха заспаную асобу з цэнтральнай Швейцарыі з загранічным назвіскам Ільза Фройдэ, якая нагадвала сабою французскую бармэнку і штораз фарбавала валасы ў іншы колер, але пры ўсім гэтым была на дзіва спраўная і ўвішная ў працы; камерцыя наша была больш чым сумніўная, але сэнсу яе разгадаць я не мог. Затое прыёмны пакой і кабінет на Цэльтвэгэ з вокнамі на непазбежныя дарожныя заторы адпавядалі сваёй прызначанасці цалкам, і пісьмовы стол быў як манумент, і крэслы былі дужа дыхтоўныя, на задні двор выходзілі кухня і пакоі, дзе я размясціў сваю канапу з Фраерштрасэ -- ну, от жа не захацелася мне развітвацца з абжытай мэбляй. Справы мае спакваля пайшлі ўгору. На даляглядзе ўжо засілуэціўся выгадны працэс з шлюбным разводам, наперадзе свяціла паездка ў Каракас па справах аднаго буйнога прамыслоўца (яму нараіў мяне Колер), а там яшчэ пазначаліся спадчынныя спрэчкі, абарона аднаго гандляра мэбляй, складаць выгадныя падатковыя дэкларацыі. Карацей, я салавеў у шчаслівай і таму ці не залішняй бестурботнасці, каб яшчэ даваць сабе клопат успамінамі пра прыватнае вышуковае бюро, якому сам жа і задаў руху і без справаздачаў якога не мог далей весці справу Колера. А здавалася б, Лінгард павінен быў бы толькі павялічыць маю падазронасць: ён чалавек з двайным дном, намеры ягоныя загадкавыя, парэкамендаваў мне яго Колер, і сам жа ён надта прагна ўхапіўся за гэтую справу. І пачаў раскручвацца з размахам. У “Du Théâtre» ён пасадзіў Шонбэхлера, аднаго са сваіх найлепшых агентаў, якому належаў хай сабе і стары, але даволі камфартабельны дамок на Ноймаркце. На гарышчы абсталяваў памяшканне пад жытло і размясціў там сваю велізарную дыскатэку. Усюды былі парасстаўляныя дынамікі, Шонбэхлер любіў сімфоніі. Па яго тэорыі (а Шонбэхлер быў нашпігаваны тэорыямі), сімфоніі менш за ўсё прымушаюць сябе слухаць, пад іх можна пазяхаць, абедаць, чытаць, спаць, гаварыць, зрэшты – што хоч рабіць, у сімфоніях музыка замыкаецца сама ў сабе, робіцца нячутнай, быццам музыка сфераў. Канцэртныя залы ён не прызнаваў як барбарскую прыдумку. Там робяць з музыкі культ. Тым часам як сімфонія прыдатная для суправаджэння, даводзіў Шонбэхлер, яна чалавечная толькі як фон, інакш яна – гвалт. Так, напрыклад, Дзевятую Бэтховена ён успрымаў, калі еў мяса з гароднінай. Брамса як мог нарайваў пад красворды альбо пад венскі шніцаль, Брукнера – пад карты. А самае лепшае – запусціць дзве сімфоніі разам, што ён нібыта і практыкаваў досыць часта. Пад усведамленне таго, які пры гэтым узнікае гукавы гармідар, ён дакладна разлічыў кватэрную плату на астатнія тры паверхі свайго дома. Кватэра непасрэдна пад дыскатэкай здавалася занадта танна, дакладней, задарам, бо з жыльца наогул нічога не бралі, таму даводзілася толькі трываць музыку, шмат гадзінаў запар Брукнера, пасля столькі ж Малера, пасля столькі ж Шастаковіча. За сярэднюю кватэру ён браў, як усе, а да ніжняй было амаль не падступіцца. Шонбэхлер быў чалавек адчувальны. Вонкава – без адмысловых прыкметаў, нават больш за тое -- непрысвечаным ён здаваўся класічным узорам бюргера. Быў дбайна апрануты, ад яго прыемна пахла, ён ніколі не напіваўся і наогул жыў у поўнай згодзе з асяроддзем. Што да нацыянальнасці, дык ён называў сябе грамадзянінам Ліхтэнштэйна. Гэта не няма ладу што там якое, дадаваў заўсёды, ён не аспрэчвае, але затое, прынамсі, яму і стыдацца нама за што: Ліхтэнштэйн практычна не нясе ніякай віны за цяперашняе міжнароднае становішча, калі, вядома, заплюшчыць вочы на тую акалічнасць, што ён выпускае процьму паштовых марак, і калі праз пальцы паглядзець на яго фінансавыя свавольствы; Ліхтэнштэйн -- гэта, мой пане, самая малюпасенькая дзяржавачка, якая жыве прыпяваючы і шыкоўна. Удадатак у ліхтэнштэйнца не так лёгка развіваецца манія велічы, якая стымулюе чалавека прыпісваць сабе ну проста неверагодныя вартасці з той толькі прычыны, што ён ліхтэнштэец, як гэта бывае ў амерыканцаў, рускіх, немцаў альбо французаў, якія апрыоры перакананыя, што немец альбо той жа француз ужо сам па сабе ёсць істота няма ладу якога высокага парадку. Прыналежнасць да вялікай дзяржавы – а ліхтэнштэец міжволі лічыць такімі амаль усе астатнія дзяржавы і нават Швейцарыю – для чалавека, пазначанага ёю, даволі неспрыяльная з псіхалагічнага пункту гледжання, яна нясе з сабою небяспеку дацца ў нейкае адноснае неразумства. І чым большая нацыя, тым большая небяспека. Сваю думку Шонбэхлер падмацоўваў прыкладам з мышамі: адна мыш сам-насам з самою сабою – гэта толькі мыш, яна ж сярод мільёнаў іншых мышэй – гэта ўжо лічы што кошка, а сярод ста мільёнаў – ужо ці не слон. Найболей шкодны мышыны народ у пяцьдзесят мільёнаў галоў (пяцьдзесят мільёнаў як парадак велічыні). Такія папуляцыі складаюцца з мышэй, якія хоць і лічаць сябе катамі, але не дурні зрабіцца сланамі. Гэта неверагодна разбухлая манія велічы, небяспечная не толькі для мышыных асобінаў, але і ўсяму іхняму роду. А вось суадносіны паміж “колькасцю мышэй” і ўзніклай з яе маніяй велічы ён называў “законам Шонбэхлера”. Што да прафесіі, ён выдаваў сябе за пісьменніка, хоць дагэтуль не надрукаваў ані радка ні радочка. Зрэшты, Шонбэхлер і не зацінаўся. Ён сціпла называў сябе “патэнцыйным пісьменнікам”. Патрэба апраўдваць сваё “непісанне” ніколі яго не бянтэжыла. Так, напрыклад, пры нагодзе ён заўсёды нагадваў, што пісьменніцтва пачынаецца з “адчування мовы”, што гэта яго найпершая паэтычная ўмова, а другая, не менш важная, заснаваная на любові да праўды. І калі добра ўзважыць дзве гэтыя асноўныя ўмовы, будзе ясна, што, напрыклад, загаловак тыпу “Вершы Раўля Шонбэхлера” немагчымы хоць бы ўжо ад уяўлення, што такая лірыка павінна цурчаць і струменіцца, як прыгожы ручай. (Schönbächlein). Можна, вядома, і запярэчыць, што, бач, калі ўжо на тое, дык аўтару трэба проста памяняць прозвішча, але ў такім разе давялося б уступіць у канфлікт з прынцыпам любові да праўды. Куды б ні заходзіў Шонбэхлер, там адразу выбухаў рогат. Ён быў неблагі мужык, шмат народу ў піўнухах пасвілася каля яго. Ён казаў усё запісваць, рахунак яму прысылалі раз на месяц, і ад складання набягала немалая сума. Наконт крыніцаў яго існавання ніхто як след нічога не ведаў. Намёкі на шчодрую стыпендыю ад дзяржавы Ліхтэнштэйн, ясна, не адпавядалі рэальнасці. Сёй-той казаў, нібыта Шонбэхлер прадстаўляе нейкую фірму вядомых гумовых вырабаў. Цяжка было таксама не заўважыць, што ён быў шматабазнаны і на любы прадмет меў дакладна абгрунтаваную думку. (Магчыма за яго неахвотай пісаць крылася не проста звычайная лянота, магчыма, там было перакананне, што ў адрозненне ад многіх, якія твораць, лепш усё-такі чворыць.) Больш за ўсё Шонбэхлер праславіўся майстэрствам заводзіць гаворку, асабліва калі ўлічыць, што нашыя суайчыннікі ніколі гэтай якасцю не вызначаліся. Затое ён быў віртуоз. Пра яго расказвалі анекдоты, пра яго складалі легенды. Так, напрыклад, аднаго разу ён залажыўся (так, прынамсі, увесь час гаворыць начальнік паліцыі) і настолькі ўцягнуў у спрэчку пра дачыненні паміж нашай краінай і Ліхтэнштэйнам нейкага федэральнага радцу, які за суседнім столікам спажываў сваю чатырохгадзінную гарбату ў кампаніі членаў кантанальнай управы, што радца нават прапусціў экспрэс на Бэрн. Чаму б і не. Хоць, зрэшты, для федэральных радцаў гэта не надта тыпова. А ў астатнім Шонбэхлер лічыўся чалавекам бяскрыўдным. Нікому і ў галаву не магло дайсці, што ён служыць у Лінгарда. Калі ўсё гэта адкрылася, усе былі ўражаныя, Шонбэхлер пакінуў горад і цяпер жыве разам са сваёй дыскатэкай на поўдні Францыі на вялікі жаль нашых суграмадзянаў, вось і днямі адзін з іх пагразіўся кулаком, але я, на шчасце, быў не адзін, а з Луцкі. Дык вось, гэты арыгінал Шонбэхлер уззяў ды матэрыялізаваўся за столікам “Du Théâtre” ўсім на подзіў, трэба сказаць, бо звычайна ён туды не завітваў. За тым столікам ён праседзеў цалюткі дзень. Вярнуўся толькі на раніцу. І так цягнулася тыдзень, ён з усімі гаманіў, ён спрыяцеліўся з мэтрдатэлем, з афіцыянткамі, а пасля раптам знік, і зноў Шонбэхлера можна было надыбаць у ранейшых, яго звычайных піўнухах, а той тыдзень у “Du Théâtre” выглядаў як нейкае інтэрмэцца. А насамрэч Шонбэхлер яшчэ па разу дапытаў усіх галоўных сведкаў. Што да далейшага расследу, дык тут Лінгард скарыстаўся дапамогай Фойхтынга, які быў з разраду тых тыпаў, якіх Лінгард трымаў у сваім талакерскім вышуковым бюро і якога я тады яшчэ не ведаў асабіста – ведаю толькі цяпер (бывалец бара “Манака”). Фойхтынг -- хлопец ненадзейны і наогул паганец, гэтага ніхто не аспрэчвае, нават Лінгард – і той не, як, зрэшты, і паліцыя, якая ўжо каторы раз яго затрымлівала (нарката!), а потым зноў выкарыстоўвала ў сваіх патрэбах. Фойхтынг – шпег, які ведае сваю справу і сваё месца. Магчыма, ён калісьці перажываў і лепшыя дні, магчыма, нават вучыўся ва ўніверсытэце, але астатняя частка Фойхтынга, тая, што цяпер цяжка прадзіраецца ў жыцці, махлярыць і шантажыруе, робіць дужа непрыемнае ўражанне. Бяда яго ў тым, як ён аднаго разу сам сказаў пра гэта ў “Манака”, змрочна ўтаропіўшыся ў сваю чарку з пэрно, што ён не рускі, а немец. Немец у гэтай краіне – не прафесія, хіба што дзесь у Саудаўскай Аравіі ці ў Егіпце, а вось рускі тут – прафесія. У гэтым выпадку яго жыццё не выклікала б ніякіх нарокаў, наадварот нават, будзь ён рускі, ён проста мусіў бы быць такі, які ён ёсць: запушчаны і вечна п’яны, але ж яму нават строіць з сябе рускага тут не выпадае, бо ён, Фойхтынг, выглядае рыхтык так, як глядзяцца немцы ў фільмах пра французскае Супраціўленне. Тут, між іншым, Фойхтынг гаворыць шчырую праўду. Як выключэнне. Ён сапраўды выглядае рыхтык так. Ён вывучыў вярхі і нізы грамадства, як ніхто іншы, ён выдатна авалодаў геаграфіяй бараў і піўнух. Ён здольны высветліць што хоч пра каго хоч. Але, перш чым Фойхтынг перакінуў мне усё, што выведалі Шонбэхлер і Фойхтынг, зладзілася мая другая сустрэча з Монікай Штаерман, адбылося тое, чаго я і баяўся і чакаў, – сам не ведаю, як сказаць правільна. Было б лепей, калі б гэтай сустрэчы не было (ні першай, ні другой).
Праца ў Цэнтральнай бібліятэцы. Бо чаму б і не выкласці на гэтых старонках гісторыю штаерманаўскага роду? Да мяне толькі што дайшла чарговая паштоўка ад Колера – папярэднюю я атрымаў месяц таму, гульня ў кошкі-мышкі доўжыцца далей, ён рашыў наведаць Самоа крыху пазней, з Гаваяў якраз выпраўляецца ў Японію на шыкоўным лайнеры, я тут тым часам стаю перад наглядальнай камісіяй, перад яе прэзідэнтам, прафесарам Ойгенам Лойпінгерам. Вядомы прававед, на твары дуэльныя шнары і пісягі, не цураецца паэзіі, суцэльная лысіна, прыняў мяне ў кабінеце, пры гэтым быў таксама віцэ-прэзідэнт Штосэ, спартовец з выгляду, як той казаў – “бадзёры-вясёлы-імпэтны”. Геры трымаліся на дзіва дыпламатычна. Праўда, акцыя “каленам пад зад” здавалася ім, на жаль, непазбежнай, інакш бо гэтага патрабаваў бы ўрадавы радца, дык ці не лепш яно запабегчы падзеям, бо ж абодва скрушліва шкадавалі, трымаліся па-бацькоўску, выказалі, як гэта там называецца, -- поўнае разуменне, паспагадалі, зусім ані за што не дакаралі, хоць, калі ўжо на тое, паміж намі, мужчынамі, руку на сэрца, я павінен быў бы і сам прызнаць, што юрысту, як нікому іншаму, афіцыйна не лічыць пэўны лад жыцця ў пэўным асяроддзі; калі звесці гэтую думку да яснай формулы, дык атрымаецца так: чым больш сумніўнае яно, асяроддзе, тым больш беспахібны мае быць ён (лад жыцця); на жаль, свет – гэты жахлівы гамуз філістэраў, а ўжо ж пра наш міленькі горад і мовы нямаш, хоць ты з яго наўскапыта бяжы, і калі б ён, Лойпінгер, мог зачыніць тут сваю лавачку, ён адразу паставіў бы руль на поўдзень, але галоўнае не гэта, прастытуткі ж бо таксама людзі, дужа нават прыстойныя людзі, шкадобы вартыя нябогі, якім асабіста ён, у чым без нічога ніякага прызнаецца мне і калегу Штосу, але ж бо, але ж, многім абавязаны – іх цеплыня, спагадлівасць, разуменне, -- урэшце, ёсць жа закон і пра нанэль, калі ўжо не абысціся без гэтага адыёзнага слова, але ёсць ён зусім не ў тым сэнсе, каб выказваць усялякае спрыянне, я, як юрыст, павінен быў бы і сам разумець, што пэўныя рэкамендацыі, якія сваім часам я даў злачыннаму свету і паўсвету, менавіта з прычыны сваёй юрыдачнай непагрэшнасці, зрабілі самае згубнае ўздзеянне, веданне юрыдычных хітрасцяў у руках пэўных колаў абарочваецца катастрафічнымі наступствамі, паліцыя ў роспачы, калегія адвакатаў, вядома, анічагуткі не прадпісвае, не чапляецца за маральны тэрор, яна наогул неверагодна ліберальная, так яно, я, зразумела, і без таго сам ведаю, што правілы – яны і ёсць правілы, хай сабе і пісаныя, а калі Штосу спатрэбілася выйсці, Лойпінгер, свой напралёт і папярок і наогул “парнішачка што нада”, яшчэ папытаўся быў у мяне, ці не дам я яму адзін вядомы тэлефончык, каб крыху бліжэй пазнаёміцца з адной вядомай асобай, у якое такая адмысловая пастава (Гізэла!), а калі выйсці спатрэбілася яму самаму, Штос, з галавы да пят і ўкругавую былы чэмпіён, дапытаўся ў мяне таго ж самага. А яшчэ тыдні праз два ў мяне адабралі патэнт. І вось сяджу я, як убоіна які, то ў безалкагольнай кавярні, то ў бары “Манака”, жыву больш-менш з мілажальнасці Луцкі і Гізэлы і маю чортведама колькі вольнага часу, хоць ты чашыся ім, што для мяне самае нясцерпнае, а значыцца: чаму б і не выкласці на гэтых старонках сямейную хроніку Штаерманаў, зрэшты бо, на тое і сяджу я ў Цэнтральнай бібліятэцы, праўда, усе раптам парабіліся неверагодна актыўнымі, калі з’віўся туды з бутэлькай джыну, -- дык от чаму б і не аказаць сваю грунтоўнасць, пільную дапытлівасць, скрупулёзнасць, чаму б і не прачыніць закуліссе, і наогул, што засталося б ад Штаерманаў без таго закулісся, без іх сямейнай гісторыі, без іх гісторый асабіста кожнага. Само па сабе імя Штаерман, г. зн., Чалавек з Штырыі, нічога не зн., праўда, Штаерман-прашчур, як і многія прамыслоўцы, аднаго разу перабраўся ў нашу краіну з поўначы, але зрабіў ён гэта ў 1191 годзе, калі аднаго паўднёванямецкага герцага наведала фатальная думка – заснаваць сённяшнюю сталіцу нашай федэрацыі. Задума, як вядома, мела поспех, таму Штаерманы – кандовыя швейцарцы. Што да родапачынальніка Якаба Штаермана, дык ён быў з хэўры тых шыбенікаў усіх родаў і саслоўяў, якія атабарыліся на скале над зялёнай ракой у разбойніцкім гняздзішчы, якое было ў тыя часы за чатыры дзённыя пераходы ад нас; ён быў беглы крымінальнік з Эльзаса, і праз такія ўцёкі яму ўдалося выратаваць галаву з-пад сякеры страсбургскага ката, на новай бацькаўшчыне ён спачатку прыстроіўся ў ландскнэхты, пазней заняўся зброяй – неакілзаны і люты дзікун. З крывавай гісторыяй гэтага горада цэлыя стагоддзі цесна звязаны род Штаерманаў, як збройнікі яны кавалі айчынныя алебарды, якімі білі ворага у Лаўпэне і Сант-Якабе, прычым кавалі па стандартным узоры Адрыяна Штаермана (1212 – 1255). Сям’і належала таксама пісьмова пацверджаная манаполія на выраб сякераў і прыладаў катавання для паўднёвагерманскіх біскупаў. Дарога сям’і крута ўзвілася ўгору, кузня на Кеслергасэ здабыла гучнае імя і славу. Ужо Адрыянаў сын, безвалосы Бэртальд Штаерман Першы (ужо ці не Бэртальд Шварц гэта з легенды?), перайшоў да вырабу агнястрэльнай зброі. Яшчэ больш праславіўся праўнук Бэртальда Якаб Трэці (1470 – 1517). Ён стварыў такія славутыя гарматы, як “Чатыры Эвангеллі”, “Вялікі псалтыр” і “Жоўты Урыян”. Ён прадоўжыў традыцыю адліву гармат, з якою, праўда, сын ягоны Бэртальд Чацвёрты рэзка парваў і, як што быў анабаптыстам, ліў толькі плугі, але ўжо сын ягоны Якаб Чацвёрты вярнуўся да гарматаў, вынайшаў нават першы снарад, які пры выпрабаванні разнёс на кавалкі і гармату, і самога вынаходцу. Такая, вось, папярэдняя гісторыя. Рэльефная, увогуле годнасная і палітычна паспяховая – адзін старшыня кантанальнай рады, два скарбнікі, адзін ландфогт. У наступныя стагоддзі са збройнай майстэрні спаквалютку вырасла сучаснае прамысловае прадпрыемства. Гісторыя сям’і ўсё больш заблытваецца, матывы робяцца ўсё больш цьмяныя, ніткі прадуцца цяпер нябачныя, да нацыянальных інтарэсаў і сувязяў дамешваюцца міжнародныя. Зразумела, што пры гэтым часам даводзілася забывацца на колеры сцяга, але гэта мацавала арганізацыю, асабліва пасля таго як у першай палове дзевятнаццатага стагоддзя далёкі нашчадак пра-Штаермана перабраўся на ўсход нашай краіны. Вось гэтага самага нашчадка імем Генрых Штаерман (1799 – 1877) і след лічыць заснавальнікам фабрыкі машын і зброі, якая расквітнела пры яго першым унуку Джэймсе (1869 – 1909) і асабліва пры другім – Габрыэлі (1871 – 1949). Праўда, ужо не як трогская фабрыка машын і зброі, а як Дапаможныя майстэрні “Трог” А/О. Нездарма ж у 1891 годзе дваццацідвухгадовы Джэймс Штаерман пазнаёміўся з англійскай сястрой міласэрнасці Флорэнс Найтынгэйл, якой тады ішоў семдзесят другі. Пад яе ўплывам ён ператварыў фабрыку ў майстэрню вырабу пратэзаў, пасля дачаснага скону Джэймса брат ягоны Габрыэль прыкметна пашырыў бізнэс, пачаў вырабляць самыя розныя пратэзы – пясці рук, цэлыя рукі, ступакі, цэлыя ногі, на сённяшні дзень майстэрня пастаўляе на сусветны рынак таксама і эндапратэзы (штучныя клубы, суглобы і ўсякае такое іншае) і экстраэстрапалярнымі пратэзамі (штучная нырка, лёгкае). Калі я кажу – сусветны рынак, дык зусім не перабольшваю. Ён заваяваны ўпартай працай, якасцю, але найперш мэтанакіраванай гатовасцю выкарыстаць сітуацыю, без лішніх згрызотаў скупляючы падчыстую ўсе замежныя пратэзныя прадпрыемствы (найчасцей дробныя заводзікі). Гэта новая генерацыя ўмомант скеміла, якія выгоды дае фабрыканту пратэзаў нейтральны статус нашай дзяржавы, а менавіта: магчымасць забяспечваць сваёй прадукцыяй абодва бакі – як пераможцаў, так і пераможаных у Першай і Другой сусветных войнах, а сёння – урадавывя войскі партызанаў і мяцежнікаў. Дэвіз фірмы: “Штаерман – ахвярам”, хоць за часоў Людэвіца прадукцыя Дапаможных майстэрняў сваім характарам наблізілася да пачатковай: пратэз – з’ява шматсэнсоўная. Чалавек міжволі спрабуе засланіцца ад удару рукой, значыцца, шчыт – гэта як бы пратэз рукі, а кінуты ёю камень – гэта пратэз кулака. Адзін раз спасцігшы гэтую дыялектыку, можна і прадукцыю Дапаможных майстэрняў залічыць у пратэзы – танкі, аўтаматы і мінамёты можна лічыць удасканаленым мадэлем рукі. Як бачыце, род паспяховы. Пры гэтым мужчыны Штаерманаў былі пераважна просты, прымітыўны, неабчасаны люд, спрэс верныя мужы, пацягушчыя рабацягі, часта скупыя, з подзіву вартай пагардай да з’яваў духоўнага жыцця, у збіральніцтве карцін не заходзілі далей “Вострава мёртвых”, а ў спорце прызнавалі выключна футбол, ды і тое без асаблівага запалу, што даказваецца незайздросным станам футбольнага клуба "Трог" сярод камандаў першай лігі, а жанчыны роду Штаерманаў былі зусім іншага кшталту і ўзроўню. Альбо вялікія шлынды, альбо вялікія багамолкі, але ніколі тое і другое разам, прычым шлынды былі выродкі з вялікімі скулякамі, доўгімі насамі, шырокімі ратамі і вечна падціснутымі губамі, затое багамолкі – прыгажуні хоць адарві. Што да Монікі Штаерман, якой насуперак усім чаканням выпала доля адыграць у справе доктара h. c. Колера галоўную, я сказаў бы нават, двайную ролю, дык паводле знешнасці яе след было б залічыць у багамолкі, а паводле ладу жыцця – да вялікіх шлюндраў. Пасля смерці бацькоў (Габрыэль Штаерман ажаніўся ў 1920 годзе са Стэфаніяй Людэвіц), якія загінулі падчас пералёту ў Лондан (дакладней прапалі без следу, бо ні бацькоў, ні іхняга ўласнага самалёта пазней так і не ўдалося знайсці), і пасля трагічнай пагібелі брата Фрыца, які купаўся на Блакітным беразе, даў нырца, але не вынырнуў, яна, нарадзіўшыся ў 1930 годзе, успадкавала самую вялікую маёмасць у нашай краіне, а яе дзядзька па матчынай лініі ўзяў на сябе кіраванне пратэзным канцэрнам. Але ўзяцца кіраваць яе жыццём было цяжэй. Пра гэтую дзяўчыну хадзілі самыя дзівосныя, часам нават самыя недарэчныя пагудкі, яны то згушчаліся амаль да поўнай упэўненасці, то зноў развейваліся, іх абвяргалі -–кожнага разу гэта рабіў дзядзька Людэвіц,-- прычым якраз абвяржэнне прымушала з тым большай ахвотай прымаць іх на веру, пакуль новы скандал, яшчэ больш гучны, не перабіраў усё, што здаралася раней, пасля чаго гульня пачыналася нанава. На амаральную спадчынніцу супэрмільёнаў глядзелі хоць і неспагадліва, але з тайным гонарам: от, бачыце, чалавек можа дазволіць сабе ўсё, глядзелі хоць і зайздросліва, але з удзячнасцю, зрэшты бо, людзей гэта пацяшала. Штаерман зрабілася “фатальнай жанчынай міжнароднага класа” ў нашым горадзе, рэпутацыя якога, з аднаго боку, падтрымліваецца сутаргавымі высілкамі ўлады, царквы і дабрачынных установаў, з другога – зноў і зноў паняверыцца праз педзікаў. Дзякуючы памянёным і дзякуючы сваім банкам, але зусім не дзякуючы сваім патаскухам, горад набыў сваю міжнародную рэпутацыю. І тут публіка як бы з палёгкай уздыхнула. Дваістая рэпутацыя горада, які адначасова славіцца як сваёй пабожнасцю, так і сваімі педэрастамі, з дапамогай Монікі Штаерман на зусім каліўца ссунулася ў бок традыцыйнай пахібнасці. Дзяўчына набывала ўсё большую папулярнасць, асабліва з таго часу, як наш обэр-бургамістр пачаў прыплятаць яе імя ў свае славутыя прамовы-экспромты і ў свае гекзаметры, якімі ён любіў уміляць публіку на афіцыйных урачыстасцях, недзе пад канец, будзь тое ўручэнне якой-небудзь літаратурнай прэміі, будзь тое юбілей якога-небудзь прыватнага банка. І калі я тым не меней пабойваўся другой сустрэчы з Монікай Штаерман, у мяне былі на тое пэўныя прычыны. Пазнаёміўся я з ёю ў Мока. Яшчэ за часоў Штусі-Лойпіна. Яго майстэрня непадалёк ад Шафгаўзэрплац узімку бывала часта горача напалена, жалезная печ аж чырвоная была, дым ад люлек, цыгараў і цыгарэт ператвараўся ў паветры ў баявое атрутнае рэчыва, дадайце да гэтага неверагодны бруд, вечна мокрыя анучы на вечна незакончаных торсах, паміж торсамі – штабялі кніг, газеты, нераспячатаныя пісьмы, віно, віскі, эскізы, здымкі, карэйка. Я прыйшоў да Мока паглядзець статую, пад якую мадэлявала Моніка Штаерман, мне было цікава, бо Мок расказваў, што мерыцца пафарбаваць статую. Фігура стаяла пасярод касмічнага бязладдзя майстэрні, страх якая натуралістычная, але цалкам рэальная і ў натуральную велічыню. Яна была выканана ў гіпсе і пафарбавана ў цялесны колер, як патлумачыў мне Мок. Голая і ў адназначна недвухсэнсоўнай паставе. Я доўга разглядваў статую, захоплены тым, што Мок умее, умее і так і гэтак. Увогуле ж, ён быў майстар намёку; працуючы пад адкрытым небам, ён некалькімі ўдарамі вычэсваў са сваіх часам шматтонных глыбінаў менавіта тое, што яму было патрэбна. Узнікала вока, рот, часам грудзі, часам улонне, астатняе ён мог і не дарабляць, фантазія гледача сама стварала то галаву цыклопа, то звера, то жанчыну. Нават калі ён ляпіў свае мадэлі, дык абыходзіўся толькі самым неабходным. Ляпіць трэба ж так, як робяць накіды, казаў ён. Тым больш дзівоснай здалася мне яго манера цяпер. Гіпс быццам дыхаў, найперш таму, што быў па-майстэрску расфарбаваны. Я адступіў, пасля зноў падышоў бліжэй. Для валасоў на галаве і на лабку ён, мабыць, скарыстаўся чалавечымі валасамі, каб стварыць дасканалую ілюзію, але статуя зусім не нагадвала ляльку. Яна выпраменьвала дзівосную пластычнасць. І раптам яна варухнулася, сышла з п’едэстала, прайшла, не ўпачцівіўшы мяне ані позіркам, у тыльную частку майстэрні, знайшла там паўпляшкі віскі і адпіла. Яна была не з гіпсу. Мок мяне ашукаў. Гэта была жывая Моніка Штаерман.
-- Вы ўжо чацвёрты, хто падчапіўся на гэтую вуду, -- сказаў Мок, -- але твар у вас быў самы дурны з усіх чатырох. І ў мастацтве вы нічога не кеміце.
Я выйшаў. Сапраўдную статую з расфарбаванага гіпсу, якая, як аказалася, стаяла ў другім канцы майстэрні, на другі дзень забралі. Па яе прыехаў упаўнаважаны барона фон Людэвіца, г. зн., дзядзькі Монікі, які кіраваў Дапаможнымі майстэрнямі «Трэг» А./О.
Моніка Штаерман Першая. Чым далей заходзіць мая справаздача, тым цяжэй расказваецца. І не таму, што справаздача даецца цяжэй і цяжэй, а і таму, што мая ў ёй роля робіцца ўсё больш двухсэнсоўнай і я не магу пэўна сказаць, ці дзейнічаў я самастойна, ці нехта задаваў мне рух, ці нехта сам дзейнічаў, маючы мяне за прыладу. А галоўнае – я ўсё больш і больш сумняваюся, што Лінгард чыста выпадкова ўвёў у гульню Моніку Штаерман. З гандляром мэбляй мне дзіка не пашанцавала: ён выдаў за антыкварыят шафы, змайстраваныя ў Гагернэку з сэртыфікатам пра аўтэнтычнасць з подпісам нейкага выдуманага ім эксперта, што не дасачылася маім вокам, але не вокам Емэрліна. Пакуль што мяне па-ранейшаму чакала паездка ў Каракас, але падчас падрыхтоўкі да яе Ільза Фройдэ далажыла пра прыход Фантэра – гэта таксама адзін з людзей Лінгарда. На маё дзіва тоўсты Фантэр, з цыгарай у зубах, з’явіўся ў форме гарадской паліцыі, у якой праслужыў дваццаць гадоў.
-- Вы звар’яцелі, Фантэр, у чым вы ходзіце!
-- Нічога, геру Шпэце, гэта нам спатрэбіцца, -- уздыхнуў ён. – Гэта спатрэбіцца. Нам патэлефанавала Моніка Штаерман, ёй патрэбен адвакат.
--Навошта? – спытаўся я.
--Яе б’юць.
-- Хто?
-- Доктар Бэна, -- адказаў Фантэр.
-- За што?
-- Яна прыхапіла яго ў ложку з іншай.
-- Дык гэта ж яна павінна была б яго біць. Смешна. Не думаеце? А чаму менавіта я ёй спатрэбіўся?
-- Бо Лінгард не адвакат, -- адказаў Фантэр.
-- А дзе яна цяпер?
-- Ясна дзе, пры доктары Бэна.
-- Фантэр, старча, давайце не дэталізаваць. Дзе цяпер Бэна?
-- Гэта вы лезеце ў дэталі, -- запярэчыў Фантэр. -- Бэна б’е Моніку ў “Брайтынгергофе”. Прынц фон Куксгафэн таксама там.
-- Гэта той, што гоншчык?
-- Ён-ён.
Я патэлефанаваў у «Брайтынгергоф» і папрасіў да апарата доктара Бэна. Слухаўку ўзяў дырэктар Пэдролі:
-- Хто просіць доктара Бэна?
-- Шпэт, адвакат.
-- Ён усё яшчэ б'е Моніку Штаерман, -- засмяяўся Пэдролі. – Падыдзіце да акна, самі пачуеце.
-- Я на Цэльтвэгэ.
-- Не мае значэння. Чутно на цэлы горад, -- патлумачыў Пэдролі. – Госці ў паніцы уцякаюць з майго гатэля з пяццю зорачкамі.
Мой «поршэ» стаяў на Шпрэхэрштрасэ. Фантэр сеў поруч, і мы паехалі.
-- Па Хэгібахштрасэ, -- сказаў Фантэр.
-- Гэта ж крук, -- засумняваўся я.
-- Пляваць, Штаерманіха патрывае.
Непадалёк ад Клусштрасэ перад знакам «стоп» Фантэр вылез.
-- Па дарозе назад едзьце тут, -- сказаў ён.
Канец кастрычніка. Чырвоныя і жоўтыя дрэвы, на дарогах лістота. Перад «Брайтынгергофам» мяне чакала Моніка Штаерман. На ёй не было нічога, апроч чорнай мужчынскай піжамы без аднаго рукава, левага. Высокая. Рыжая. Нахабная. Прыгожая. Закляклая на холадзе. Левае вока заплыло вялікім фінгалам. Губы разбітыя да крыві. Голая рука падрапана. Яна памахала мне, не выплёўваючы крыві далёка. У пад'ездзе гатэля бушаваў Бэна, таксама ўвесь у сіняках і пісягах, а два насільшчыкі падтрымлівалі яго, і ва ўсіх вокнах гатэля тырчалі цікаўныя твары. Вакол Монікі цэлы натоўп раззяваў, цікаўных, ва ўхмылках, паліцэйскі кіраваў рухам. У белым спартовым аўтамабільчыку панура сядзеў малады белабрысы чалавек, відаць, Куксхафэн, малады Зігфрыд, яўна гатовы да старту. З гатэля выкаціўся дырэктар Пэдролі, маленькі такі шустрык, і накінуў на плечы Штаерман футру, мабыць дужа дарагую, я нічога не петру ў футрах.
-- Вы замерзнеце, Моніка, вы замерзнеце.
-- Не пераношу футраў, ты, паразіт, -- крыкнула Моніка і накінула футру яму на галаву.
Я прытармазіў каля яе.
-- Мяне прыслаў Лінгард, -- сказаў я, -- я Шпэт, адвакат Шпэт.
Яна не без цяжкасці ўлезла ў мой «поршэ».
-- Бэна пастараўся хоць куды, -- канстатаваў я.
Яна кіўнула. Пасля паглядзела на мяне. Я, зрэшты, хацеў уключыць запальванне, але пад яе позіркам разгубіўся.
-- Мы з вамі ніколі не сустракаліся? – спыталася яна, ледзь разляпляючы губы.
-- Не, -- зманіў я і ўключыў запальванне.
-- За намі едзе Куксхафен, -- сказала яна.
-- Ну і няхай.
-- Ён гоншчык.
-- «Формула-адзін».
-- Ад яго не ўцячэш.
-- Яшчэ як уцячэш. Куды?
-- Да Лінгарда.
-- А Куксхафен ведае, дзе жыве Лінгард?
-- Ён нават не ведае, што на свеце ёсць Лінгард.
Перад знакам “стоп” на Хэгібахштрасэ я, як яно і трэба, затармазіў. На тратуары стаяў Фантэр у сваёй форме, ён падышоў да мяне, сказаў паказаць дакументы, я так і зрабіў, ён праверыў іх, ветліва кіўнуў, потым павярнуўся да Куксхафена, які таксама мусіў быў спыніцца, каб пільна праверыць і ягоныя дакументы. Потым абышоў машыну Куксхафена, павольна, грунтоўна, увесь час заглядваючы ў дакументы. Куксхафен лаяўся, як я заўважыў у люстэрку задняга агляду. Яшчэ я паспеў заўважыць, як яму было загадана выйсці, як Фантэр дастаў нататнічак, а потым я паехаў па Клусштрасэ у бок возера, праз Гоэнвэг павярнуў на Бібэрлінштрасэ і адтуль да Адлісбэрга. Дзеля перасцярогі я зрабіў яшчэ некалькі непатрэбных паваротаў, пасля чаго мы паехалі па Кацэншванцштрасэ да бунгала Лінгарда.
Я спыніў машыну каля садовай форткі. Суседняе шале, бадай што, належала Емэрліну. Я чытаў, што сёння яму стукнула шэсцьдзесят, таму менавіта такое мноства машын на звычайна пустэльнай вуліцы. Емэрлін даваў банкет у садзе. Толькі што пад’ехаў Штусі-Лойпін. Моніка ў чорнай піжаме, памінаючы чорта, плялася за мною па крутой лесвіцы. Штусі-Лойпін вылез з машыны і з цікаўнасцю глядзеў нам услед, яму было яўна пацешна. Твар Емэрліна з мінай поўнай асуды выглянуў паверх жывой агароджы.
-- Вось, -- сказала Моніка Штаерман і дала мне ключ.
Я адчыніў дзверы дома, прапусціў яе наперад. За парогам чалавек адразу трапляў у гасцёўню. Цалкам сучаснае памяшканне са старадаўняй мэбляй. Праз адчыненыя дзверы была відаць спальня з раскошным ложкам. Моніка села на канапу і зірнула на сапраўднага Пікаса над старым куфрам.
-- Ён мяне пісаў.
-- У курсе, -- адказаў я.
Яна пакепліва паглядзела на мяне.
-- Успомніла, адкуль вас ведаю, -- сказала. – Ад Мока. Я строіла з сябе перад вамі статую.
-- Вельмі магчыма.
-- Вы яшчэ да смерці перапалохаліся, -- дадала, а пасля спыталася:-- Няўжо я вам аж так не спадабалася, што вы мяне нават забылі?
-- Спадабалася, спадабалася, -- прызнаўся я, як жа было не спадабацца.
-- Значыцца, вы ўсё-такі мяне не забылі.
-- Не зусім, -- прызнаў я.
Яна засмяялася.
-- Ну, раз ужо вы ўсё адно ўспомнілі…
Яна ўстала, скінула піжаму і стаяла перад мною голая, нахабная і спакушальная, зусім не беручы да галавы, як добра відаць, да чаго ж такі размаляваў яе Бэна. Яна падышла да вялікага акна, з якога можна было заглянуць на пляц да Емэрліна. Там сабраліся госці, і ўсе ўтаропіліся на яе, Емэрлін з біноклем, поруч Штусі-Лойпін, ён памахаў рукой. Моніка прыняла паставу той статуі, якую зрабіў Мок, Штусі-Лойпін запляскаў у далоні. Емэрлін пагразіў кулаком.
-- Дзякую, што вызвалілі мяне, -- сказала Штаерман, усё яшчэ у той паставе, у якой яе сузіралі, і тым самым – спінай да мяне.
-- Чыстая выпадковасць, -- адказаў я. – Па заданні Лінгарда.
-- Мяне б’юць усе, каму заўгодна, -- задуменна сказала яна. – Спярша Бэна, пасля Куксгафэн. Іншыя мяне таксама заўсёды білі. – Яна зноў павярнулася да мяне.
-- Гэта неяк прымірае з вамі, -- сказаў я. – А цяпер у вас заплыло і правае вока.
-- Ну і што?
-- Дастаць вам мокрую анучку?
-- Глупства нейкае. Але ў шафе вы знойдзеце каньяк і чаркі.
Я адчыніў старую энгадзінскую шафу, знайшоў патрэбнае, наліў у чаркі.
-- Вы, мабыць, тут часта бывалі? – спытаўся я.
-- Часам бывала. Мусіць, я сапраўдная прастытутка, -- канстатавала яна горка і крыху разгублена, хоць і велікадушна.
Я засмяяўся.
-- З сапраўднымі лепей абыходзяцца.
Яна выпіла сваю чарку, потым сказала:
-- А пайду прыму гарачую ванну.
І, нага за нагу, пайшла ў ванную. Знікла. Я чуў, як ліецца вада, чуў праклёны. Потым яна вярнулася, папрасіла яшчэ чарачку.
Я наліў.
-- А гэта вам не зашкодзіць, Моніка?
-- Дробязь. Я п’ю як конь.
І паплялася назад.
Калі я ўвайшоў да яе, яна ляжала ў ванне і намыльвалася.
Я наліў.
-- Ну і шчыпаецца, -- паскардзілася яна.
Я сеў на край ванны. Яна нахмурылася.
-- Вы ведаеце, што я зараз хачу зрабіць? – спыталася яна і, як што я не адказаў, дадала: -- Канец. Пара канчаць.
Я ніяк не рэагаваў.
-- Я не Моніка Штаерман, -- абыякава сказала.
Я здзіўлена паглядзеў на яе.
-- Я не Моніка Штаерман, -- паўтарыла яна і далей ужо спакойна: – Я толькі вяду жыццё Монікі Штаерман, а насамрэч мой бацька прафесар Вінтэр.
Маўчанне. Я не ведаў, што і падумаць.
-- А ваша маці? – спытаў я, і яшчэ не дагаварыўшы, ведаў, што задаю дурное пытанне. Ну, бо і што мне да яе маці?
Зрэшты, яна прыняла маё пытанне спакойна.
-- Настаўніца, -- адказала, -- у Эмэнтале. Вінтэр яе кінуў. Ён заўсёды кідаў усіх настаўніц.
Яна канстатавала гэта нязлосна.
-- Мяне завуць Дафна. Дафна Мюлер. – Яна раптам засмяялася.—Нармальны чалавек не павінен так звацца.
-- Але ж калі вы не Моніка Штаерман, хто ж тады Моніка Штаерман? – разгубіўся я. – І ці ёсць яна наогул?
-- Папытайцеся у Людэвіца.
Пасля раптам пачала агрызацца.
-- Гэта што, допыт? – спыталася.
-- Вы пыталіся пра адваката. Акурат я -- адвакат.
-- Калі вы мне спатрэбіцеся, я паведамлю вам, -- задумліва адказала яна з нечаканай варожасцю ў голасе.
Паявіўся Лінгард. Я не чуў, як ён увайшоў. Проста раптам узнік перад намі і набіў сваю “данхіл-лок”.
-- Вы задаволены, Шпэт? – спытаў ён.
-- Не ведаю,-- адказаў я.
-- А ты, Дафна?
-- Так сабе.
-- Я прынёс табе тое-сёе з вопраткі.
--У мяне ж ёсць піжама Бэна.
За акном завыла сірэна “хуткай дапамогі”.
-- Мабыць, зноў сэрца ў нашага Емэрліна, -- холадна патлумачыў Лінгард. – Я ўручыў яму шэсцьдзесят ружаў.
-- Ды яшчэ мяне голую пабачыў, -- засмяялася яна.
-- Ну, у цябе гэта часта.
-- Паслухайце, Лінгард, адкуль вы, зрэшты, ведалі, хто такая Дафна?– спытаўся я.
-- Ды так, выпадкова даведаўся, -- адказаў ён і закурыў. – Эй, фройляйн Мюлер, куды скажаш цябе даставіць?
-- У “Аскону”.
-- Завязу.
-- Які паслужлівы, -- пахваліла яна.
-- Усё будзе ў рахунку, -- сказаў Лінгард. – А плаціць вось ён.—Лінгард кіўнуў на мяне. – Ён набраўся тут каштоўнай інфармацыі.
-- У мяне таксама ёсць яму даручэнне, -- сказала Дафна.
-- Якое?
Не зусім заплылае вока Дафны бліснула, левай рукой яна пагладзіла свае чырвоныя, як кінавар, валасы.
-- Хай ён перадасць сапраўднай Моніцы Штаерман, гэтай паскуднай лесбіянцы, што я больш не хачу бачыць яе. Калі гэта скажа адвакат, атрымаецца больш афіцыйна.
Лінгард засмяяўся.
-- Дзяўчынка, ты нават не ўяўляеш сабе, які выйдзе скандал.
-- А мне пляваць, -- сказала яна.
Цыгарэта ў Лінгарда ніяк не раскурвалася ў пары ваннай. Ён яшчэ раз запаліў яе.
-- Шпэт, -- сказаў ён, -- вось вам мая рада: не ўмыкайцеся ў чужую справу.
-- Вы мяне самыя ўвамкнулі, -- адказаў я.
-- Таксама слушна, -- засмяяўся Лінгард і потым Дафне: -- Добра, вылазь.
-- Во, як вы гаварлівы, -- сказаў я і выйшаў.
Потым з Цэльтвэга я патэлефанаваў Людэвіцу. Той кіпеў і шалеў. Але я такі ўжо ведаў занадта шмат. І ён панік. Такім чынам я мог зрабіць візіт сапраўднай Моніцы Штаерман.
Другі маналог да пракурора. Чым больш я пішу, ты менш падобнай на праўду выглядае мая справаздача. Я раблю творчыя намогі, я нават спрабую сябе ў лірыцы, я расказваю пра надвор’е, стараюся быць гранічна дакладным у сэнсе геаграфіі, звяраюся з планам горада, і ўсё гэта з той прычыны, гер Ёахім Фойзэр (вы ўжо даруйце, што нябожчык, які ляжыць у трупарні, зноў звяртаецца асабіста да вас), што вы вельмі цэніце літаратуру, у прыватнасці паэзію, і наогул лічыце сябе чалавекам з мастацкімі задаткамі, пра што любіце згадваць дарэчы і недарэчы, нават перад судом прысяжных, і, значыцца, можаце проста кінуць у кут мой рукапіс, калі ў ім не будзе літаратурных завіткаў. На жаль, мой опус – не больш як набор літаратурных штампаў. Нягледзячы на паэзію. Вельмі шкада. Я сам сябе лічу аўтарам бульварнага рамана, дзе я – фанатычны паборца справядлівасці, Лінгард – цюрыхскі Шэрлак Холмс, а Дафна Мюлер – Месаліна Залатога берага, як прынята называць правы бераг нашага возера. Нават статуя з пругкімі грудзямі і ў непрыстойнай паставе – якую я так і не заўважыў у Мока, залюбаваўшыся жывою Дафнаю, прыняўшы яе за статую, -- нават гэтая пачуццёвая выява жанчыны ў расфарбаваным гіпсе (пра жывую статую я ўжо і не кажу) нашмат больш ярка захавалася ў мяне ў памяці, чым дзяўчына, якая вось зараз узнікне на старонках маёй справаздачы. Само па сабе, вядома, не мела ніякага значэння, спала яна з Лінгардам ці не спала, і калі спала, дык ці часта, -- вой, з кім толькі яна, зрэшты, не клешчылася? -- але ж для маёй справаздачы важныя ўнутраныя матывы і з’явы, важна, як у нашым заблытаным свеце адбываецца тая ці іншая падзея і чаму адбываецца. І вось, калі знешне ўсё супадае, унутраныя прычыны можна хай сабе і не вылічыць з поўнай пэўнасцю, але, прынамсі, адгадаць; калі ж знешнія акалічнасці не адпавядаюць праўдзе, напрыклад, нехта там з некім пераспаў, а ў справаздачы гэта не паказана, альбо, наадварот, у справаздачы паказана, а насамрэч нічога такога не было, дык спраўца завісае ў пустаце, у сферы няпэўнага. Вось так яно і тут. Якім чынам Лінгард утачыўся ў таямніцу псеўда-Монікі? Можа, таму, што спаў з ёю? Але ў такім разе таямніцу ведалі б і шмат хто яшчэ. Можа, таму, што яна яго кахала? Але тады б яна яму нічога не сказала. Можа, яна яго баялася? Не выключаецца. Цяпер калі ўзяць Бэна. Ці хацеў Лінгард з самага пачатку наводзіць падазрэнні на яго? Ці была прычынай гэтага Дафна? Я задаю гэтыя пытанні, бо на мяне вешаюць віну за смерць Дафны. Не след было мне хадзіць да сапраўднай Монікі. Але ж сама Дафна прасіла мяне. Мне трэба было даследаваць адну з магчымасцяў. Як што я прыняў даручэнне і ўзяў пятнаццаць тысяч франкаў задатку, хай сабе я і быў тады цвёрда перакананы ў немагчымасці гэтай магчымасці і застаюся пры сваім да гэтага часу. Што Вінтэра мог забіць нехта іншы – гэта ўсяго толькі дапушчэнне, якое нічога не вартае, а калі, шукаючы гэтай магчымасці, упускаеш не заўважаныя раней факты, гэта тлумачыцца самым характарам дапушчэння, быццам забойца – не Колер, дапушчэнне, на якое мне прыйшлося пайсці дзеля далейшых пошукаў. Зрэшты, маё – пісаць праўду і трымацца праўды, хоць чаго вартая тая праўда, схавааная за іншай праўдай? Перад мною – гурба дапушчэнняў, я перабіраю іх вобмацкам. Што адпавядае праўдзе? Што перабольшана? Што сфальшавана? Што замоўчана? Што я павінен паставіць пад сумненне? Што прыняць напавер, што напаняверку? Ды і ці ёсць што-небудзь праўдзівае, надзейнае, пэўнае за ўсімі гэтымі падзеямі, за ўсімі гэтымі колерамі, штаерманамі, штусі-лойпінамі, лінгардамі, эленамі, бэнамі, каб іх, каб на іх, якія перайшлі мне дарогу, нешта праўдзівае, надзейнае за нашым горадам, за нашай краінай? Ці не больш слушна было б дапусціць, што ўсё наглуха замкнута ў футарал, безнадзейна адарвана ад законаў і прычынаў, што дораць жыццё і дадаюць разлёту ўсяму астатняму свету? А ўсё, што тут жыве, кахаецца, жарэ, маталыжыць, махлюе, шмуглюе, круціць гешэфты, плодзіцца, арганізуецца, ці не ёсць усё гэта загуменнае, пасрэдна-сярэднееўрапейскае, правінцыйнае і нерэальнае? Што такое мы? Што сабою ўвасабляем? Ці засталося хоць каліўца сэнсу, хоць дробачка значэння ў апісаным мною наборы? Зрэшты, магчыма, адказ на пытанні, якія хвалююць мяне, затаіўся ўсюды, ззаду ўсіх і ўсяго, можа, ён нечакана і неспадзявана акажа сябе, вырвецца з любой сітуацыі, як з засады? І адказ гэты будзе нам усім прысудам, а праўда – выкананнем яго. Верую. Зацята, жарасна. Мне хочацца ашчадзіць астатнія рэшткі чалавечнасці не на карысць таму здалікачанаму грамадству, у якім я мізарнею, не на карысць тым агідным рэліктам, якія абступілі мяне з усіх бакоў, а ў імя справядлівасці, дзеля якой я працую і абавязаны працаваць. Патэтычна, урачыста, узнёсла, святая сур’ёзнасць пад гукі аргана – вось што ў мяне атрымліваецца, але я не буду выкрэсліваць, не буду папраўляць, навошта тыя папраўкі, на халеру мне стыль, не літаратурныя ж амбіцыі водзяць маёй рукою, а намер учыніць забойства, між іншым, гер пракурор, я не п’яны, вы памыляецеся, зусім жа не п’яны, а цвярозы, я поўны ледзяной цвярозасці, смяротнай. Вось чаму ў мяне няма іншага выйсця (ваша здароўе, гер пракурор!), апрача як піць, бэсціцца, пісаць справаздачу, паведамляць пра свае сумневы, расстаўляць свае пытальнікі і жадаць, чакаць, пакуль адкрыецца праўда, пакуль жорсткая багіня не скіне покрыва (Госпадзе, да чаго ж літаратурна, аж з душы верне!). Але на гэтых старонках праўда не адкрыецца, яна не формула, якую можна запісаць, яна за межамі любых моўных намогаў, па-за любым пісальніцтвам, яна перад дзвярыма суду, у гэтым вечным самаздзяйсненні справядлівасці праўда робіцца рэальнай, і яе можна адчуць. Праўда з’явіцца толькі тады, калі я стаяцьму перад доктарам h. c. Ісакам Колерам, твар у твар, калі я ўчыню акт справядлівасці і выканаю прысуд. Тады на адно імгненне, на адзін штуршок сэрца, на адну маланкавую вечнасць, на выбуховую секунду стрэлу праўда ўспыхне яркім святлом, тая самая праўда, якая цяпер, пакуль я раздумваю, вынізваецца ад мяне, якая здаецца цяпер ўсяго толькі дзівоснай, чорнай казкай. Прыкладна так бачыцца мне і мой візіт да сапраўднай Монікі Штаерман: хутчэй насланнё, чым рэальнасць, хутчэй легенда, чым жыццёвы факт.
Моніка Штаерман Другая. Віла, “Мон-рэпо”, стаіць на ўскраіне горада, у такім велізарным, такім запушчаным парку, што сам будынак вось ужо каторы год амаль схаваны ад вачэй і толькі ўзімку можна часам з цяжкасцю разгледзець праз здзічэлыя сплёты старых дрэў на фоне Вагнербюля нейкія сцены і шчыт дома. Пра прыёмы ў “Мон-рэмо” памятаюць толькі нямногія. Ужо бацька і дзед “сапраўднай” Монікі ладзілі тут святы і юбілеі ў сваіх загарадных маёнтках на Цугскім і Жэнеўскім азёрах, а ў горад наязджалі, толькі каб працаваць (іх яшчэ можна было назваць чорнарабочымі прамысловасці), самыя ж прыёмы ладзілі на прыродзе, тым часам як дамы, наязджаючы ў горад, сяліліся калі ў “Долдэры”, калі ў “Бор-о-лак”, калі ў гэтым самым “Брайтынгергофе”. “Мон-рэпо” спакваля робіцца легендай, асабліва пасля таго, як аднае раніцы трох рабаўнікоў, што прыехалі з Заходняй Германіі, былі выяўленыя каля варотаў парку збітыя да паўсмерці, паліцыя аніяк не пракаментавала. Да справы яўна падключыўся Людэвіц. Здавалася, апрача Дафны, якую ўсе прымалі за Моніку Штаерман, у доме ніхто не жыве, самым розным пастаўшчыкам належала згружаць тавар у пусты гараж каля тых самых варотаў, зрэшты, колькасць тых тавараў была даволі значная. Самая ж Дафна нікога на вілу не запрашала, у яе яшчэ была кватэра на Аўрораштрасэ. Я прыняў дзве таблеткі тройпеля перш чым выправіцца на Вагнерштуцвэг. Рэзкая перамена надвор’я праз нейкі час закончылася чарговай рэзкай пераменай, возера зрабілася падобным на ручай, настолькі блізка аказаўся другі бераг. Чатыры гадзіны паполудні. Каля варотаў я затармазіў і паставіў машыну двума коламі на тратуар. Вароты былі не замкнёныя, я ўвайшоў у парк крыху няўпэўнена. Мабыць усё яшчэ пад уздзеяннем таблетак. Пасыпаная гравіем дарожка вяла ўгору, сям-там на ёй пападаліся драўляныя прыступкі, але пад’ём быў не круты, як я думаў раней, мяркуючы па назве, бо нездарма ж “штуц” – гэта круцізна. Парк быў недагледжаны, сцежкі, фантаны замшэлі, паміж фантанаў – непраходныя нетры і ўсюды – неверагодная колькасць садовых гномаў. Стаялі яны не паасобку, а купкаваліся сем’ямі, белабародыя, ружовыя, усмешлівыя ідыёты, некаторыя нават сядзелі на дрэвах, як птушкі, прымацаваныя да галінак, далей пайшлі гномы большыя, панурыя, я б нават сказаў – злосныя, пракідаліся і гномы жаночага полу, яны былі большыя за гномаў-мужчын, такія страхотлівыя гноміхі, карліцы з велізарнымі галовамі. Мне здавалася, быццам яны гоняцца за мною, акружаюць, я прыспешваў крокі, пакуль, крута завярнуўшы за магутны стары ясень, не апынуўся раптам у нечых жалезных абдымках, адчуванне было такое, быццам мяне шпурнулі на сцяну, прычым я не мог уцяміць, хто прыняў мяне на свае грудзі, хто павярнуў у другі бок, хутчэй за ўсё гэта быў ахоўнік, і ўжо пасля гэтага рэшта дарогі мяне не так вяла, як несла. Пад дзьвярмі стаяў другі ахоўнік, такі буйнагабарытны, што, здавалася, займаў сабою ўсю пройму дзвярэй, ён прыняў мяне з рук у рукі і запхнуў усярэдзіну вілы, правалок праз вестыбюль, потым праз залу з запаленым камінам, там, па-мойму, гарэў цэлы камель, і, нарэшце, у салон, альбо, калі хочаце, не ў салон, а ў кабінет. Тут мяне ўкінулі ў скураны фатэль, і я разгублена разгледзеўся. Балелі плечы, балела спіна. Абодва ахоўнікі сядзелі насупраць мяне ў масіўных фатэлях. Яны былі нагола паголеныя. Твары быццам з апаленай гліны. Вочы скошаныя, скулякі што ў Луцкі. Вельмі прадумана апранутыя: цёмна-сінія гарнітуры з натуральнага шоўку, быццам на дварэ стаяла сярэдзіна лета, белыя, таксама шаўковыя гальштукі, але чаравікі як у штангістаў. Яны выглядалі калосамі, хоць насамрэч былі не такія ўжо і рослыя. Я кіўнуў ім. Каменныя твары. Я азірнуўся. На ашаляваных дрэвам сценах былі развешаны і прыклеены фотаздымкі ў такой колькасці, што здавалася, быццам цэлая сцяна аклеена шпалерамі, і з тым дзіўным пярэпалахам, які бывае пры кожным азарэнні, я раптам зразумеў, што ўсе здымкі зроблены з адной і той самай натуры, а менавіта ж з доктара Бэна, і толькі потым я ўбачыў каля сцяны, што насупраць закратаваных вокнаў, у нішы, не дужа прыстойны шэдэўр Мока – голую псеўда-Моніку, Дафну, толькі гэтым ужо разам у бронзе, яна падымала рукамі грудзі, як гіры, і якраз у тую хвіліну, калі я заўважыў яе, адчыніліся дзверы ў сцяне, і трэці голены ахоўнік, больш магутны і больш шаўковы, чым тыя ў скураных фатэлях, унёс на руках зморшчаную, скурчаную істоту ростам з чатырохгадовае дзіця. На худзенькім выродлівым цельцы была недарэчная чорная сукеначка з глыбокім дэкальтэ, упрыгожанае бліскучым шафірам.
-- Я Моніка Штаерман, -- сказала істота.
Я ўстаў.
-- Шпэт, адвакат.
-- Так-так, значыцца, адвакат, -- заявіла маленькая галавастая істота.
Самае жудаснае было – голас. Быццам з пачварнага цела гаварыў іншы чалавек. Гаварыла жанчына.
-- Ну, і што ж вам ад мяне трэба?
Целаахоўнік, які трымаў карліцу на руках, ані варухнуўся.
-- Моніка…
-- Фраў Штаерман, -- паправіла мяне карліца і паправіла на сабе сукенку. – Ад Дзіора. Элегантна, праўда ж? – У яе голасе гучала спакойная, пакеплівая вышэйшасць.
-- Фраў Штаерман! Дафна больш не хоча вяртацца да вас.
-- І вы маеце перадаць мне гэта? – спыталася карліца.
-- Так, я павінен вам гэта перадаць, -- пацвердзіў я.
Цяжка было адгадаць, як яна прыняла мае словы.
-- Віскі? – спыталася.
-- З прыемнасцю.
Хоць яна і не падала ніякага знаку, дзверы за маімі плячыма адчыніліся, і чацвёрты ахоўнік унёс шатландскі віскі і лёд.
-- Чысты? – спыталася.
-- З лёдам.
Чацвёрты наліў, але не выйшаў. Першыя два падняліся з месцаў.
-- Скажыце, адвакат, як вам падабаюцца мае слугі? – спыталася карліца, і той, які трымаў яе на руках, паднёс шклянку ёй да вуснаў.
-- Вельмі прэзентабельныя! Я нават быў падумаў, што гэта вашы целаахоўнікі.
-- Прэзентабельныя, але тупыя, што ўбіў, то ўехаў, -- адказала яна. – Узбекі. Рускія падабралі іх недзе ў Цэнтральнай Азіі і адправілі ў Чырвоную Армію, а адтуль яны трапілі ў палон да немцаў, і, як што нацысцкія антраполагі не здолелі прыйсці да адной думкі наконт іх расавай прыналежнасці, ім захавалі жыццё. Мой бацька купіў іх у Інстытуце расавых праблемаў. Тады яны ішлі як тандэт -- па дзяшоўцы. Як ні на што не прыдатныя адкіды чалавецтва. Я называю іх узбекамі, бо мне падабаецца гэта слова. А гномаў у садзе бачылі, адвакат?
Пот сцякаў у мяне па твары. Тут было лішне натоплена.
-- Цэлае войска, фраў Штаерман.
-- Часам я станаўлюся сярод гномаў, і ніводзін чалавек мяне не заўважае, нават калі я варушуся. Ваша здароўе!
“Узбек”, які трымаў Моніку, зноў паднёс ёй шклянку да вуснаў. Яна выпіла.
-- Ваша здароўе, фраў Штаерман, -- сказаў я і таксама выпіў.
-- Прысядзьце, адвакат Шпэт, -- скамандавала яна.
Я сеў у скураны фатэль. “Узбек” спыніўся перад мною, трымаючы карліцу на руках.
-- Значыцца, Дафна не хоча да мяне вяртацца, -- сказала яна, -- так я і ведала, што прыйдзе дзень, калі яна больш не вернецца. – Вялікая, амаль безвалосая галава панікла, у вялікіх вачах на маршчыністым твары заблішчалі слёзы.
Перш чым я паспеў прамовіць хоць слова, “узбек” перасадзіў карліцу мне на рукі, сунуў мне яе віскі, з трыма другімі ўпаў на калені перад акном, і ўсе яны дружна бухнуліся ілбамі аб падлогу, ускінуўшы ўгору магутныя задніцы.
Карліца сутаргава ўчапілася ў мяне. З шклянкамі ў абедзвюх руках я пачуваўся вельмі бездапаможна.
-- Гэта ж яны зноў моляцца. Пяць разоў на дзень. А мяне часцей за ўсё садзяць на шафу, -- сказала яна, пасля скамандавала: -- Віскі!
Я паднёс ёй шклянку да вуснаў.
-- Праўда, Гайнц Алімпіец у нас красунчык? – спыталася без ніякага пераходу і толькі тады адным глытком выпіла свой віскі.
-- Дзіва што, -- адказаў я і паставіў пусты бакал каля крэсла на дыван. Пры гэтым фраў Штаерман за малым не звалілася ў мяне з каленяў.
-- Глупства, -- сказала яна глыбокім голасам, поўным пагарды да самой сябе. – Бэна – апоўзлы, вульгарны кабель, у якога я ўклюпалася. Я заўсёды ўлюбляюся ў такіх вульгарных суб’ектаў, бо ў іх улюбляецца Дафна.
Я адчуваў у сябе на руках маленькую жанчынку як малюсенькі шкілецік.
-- Я дала Дафне сваё імя, каб яна вяла тое жыццё, якое я хацела б весці сама, і яна вяла яго, -- казала карліца далей. – На яе месцы я б таксама спала з усімі падрад. А вы з ёю не спалі? – срытала яна раптам ледзяным тонам.
-- Не, фраў Штаерман.
-- Годзе маліцца, -- скамандавала яна.
“Узбекі” падвяліся з каленяў. Той, што прынёс карліцу, зноў узяў яе на рукі. Я таксама міжволі прыўстаў, усё яшчэ трымаючы шклянку віскі з лёдам. Дадзенае мне даручэнне я выканаў і цяпер хацеў адкланяцца.
-- Сядзьце, адвакат, -- загадала яна.
Я паслухаўся. Седзячы на руках у “узбека”, яна глядзела на мяне зверху ўніз. Цяпер у яе ў вачах з’явілася нешта пагрозлівае. Прысуджаная да маленькага, выродлівага цела, яна магла выяўляць сябе толькі вачыма і голасам.
-- Нож, -- сказала яна.
Адзін “узбек” адчыніў нож і падаў ёй.
-- Да фотаздымкаў, -- сказала яна.
“Узбек” паднёс яе да сцяны, і яна пачала спакойна, быццам рабіла аперацыю, рэзаць доктара Бэна, таго, дзе ён смяецца, рэзаць доктара Бэна, калі ён есць, рэзаць доктара Бэна, калі сядзіць, рэзаць доктара Бэна, калі задумлівы, калі спіць, калі ззяе, калі п’е, яна разрэзала доктара Бэна ў фраку і доктара Бэна ў смокінгу, у гарнтуры ад краўца, у гарнітуры для язды вярхом, разрэзала, разрэзала, рарэзала доктара Бэна, апранутага маскарадным піратам, у плаўках, без плавак, разрэзала доктара Бэна у тэнісным касцюме, доктара Бэна ў піжаме, доктара Бэна, доктара Бэна, мы адступалі, даючы дарогу, “узбекі” а абступілі мяне, а той, што трымаў яе на руках, апісваў колы ў пякельнай гарачыні кабінета, падлога якога спакваля пакрывалася абрэзкамі здымкаў. Калі былі парэзаны ўсе да апошняй, мы занялі ранейшыя месцы, быццам нічога не здарылася. Карліцу зноў сунулі мне на рукі, і я сядзеў, быццам бацька вылюдка.
-- Гэта пайшло мне на карысць, -- спакойна сказала яна. – А зараз хай Дафна падае. А я ўжо паклапачуся, каб яна зрабілася тым, чым была раней.
Карліца, якая сядзела ў мяне на каленях, павярнула галаву і знізу ўгору зірнула на мяне. І ўсё ж мне здавалася, быццам карлік я, а не яна.
-- Кланяйцеся ад мяне старому Колеру, -- сказала яна, -- ён часта бываў тут, і калі я на яго злавалася за тое, што ён усё хацеў зрабіць па-свойму, я лезла на кніжныя паліцы і шпурляла ў яго кнігамі. Але ён заўсёды ўмеў настояць на сваім. Ён і цяпер вядзе мае справы. З турмы. У тым, што я замест оптыкі і электронікі перайшла да вытворчасці супроцьтанкавай зброі і зенітных гармат, мартыраў і гаўбіц, ягоная заслуга. Думаеце, Людэвіц на гэта здольны, не кажучы ўжо пра мяне? Вы толькі зірніце на мяне.
Карліца памаўчала.
-- У мяне ў галаве адны мужыкі, -- сказала яна пасля; і тая насмешка, тая пагарда, якую адчувала гэта выродлівая істота да самое сябе, выразна гучала ў яе голасе. – Выносьце, -- загадала яна.
“Узбек” зноў узяў яе на рукі.
-- Ад’ё, адвакат Шпэт, -- сказала яна, і зноў у яе голасе пачулася спакойная, пакеплівая перавага.
Адчыніліся дзверы, і “узбек” вынес Моніку Штаерман. Дзверы зноў зачыніліся. Я застаўся сам-насам з тымі двума, што мяне сюды прывялі. Яны падступілі да майго скуранога фатэля. Адзін узяў у мяне з рукі шклянку, я хацеў устаць, але другі прыціснуў мяне да фатэля, потым мне плюхнулі з шклянкі ў твар, лёд ужо растаў. Абодва тузанулі мяне ўверх, вынеслі з кабінета, пранеслі праз вестыбюль, праз дзверы ўніз, праз парк, міма гномаў, адчынілі вароты і кінулі мяне да майго “порша”. Пажылая пара, якая прагульвалася па тратуары, з подзівам вырачылася спачатку на мяне, пасля на абодвух “узбекаў”, якія тут жа зніклі ў парку.
-- Замежныя рабочыя, -- сказаў я і ўзяў штрафны талон, засунуты паліцэйскім пад “дворнік”. Нельга было ставіць машыну перад варотамі.
Справаздача з прычыны адной справаздачы наконт справаздачаў. Праз тры дні пасля майго візіту да Монікі Штаерман у нашай сусветна вядомай гарадской газеце было апублікавана з-пад пяра нацыянальнага радцы Эшысбургера, даверанага ў справах Дапаможных майстэрняў “Трог” А/О, камюніке наступнага зместу: “Асоба, якую дзесяць гадоў таму назад нейкі пансіён Блакітнага берагу нацкаваў на наша беднае грамадства і якая бесперастанку калаціла горад сваімі скандаламі, зусім не Моніка Штаерман, за якую яна сябе выдавала, карыстаючыся прыхільным дазволам фізічна нямоглай спадчынніцы Дапаможных майстэрняў “Трог” А/О, а Дафна Мюлер, якая нарадзілася 9.9.1930 г., пазашлюбная дачка Эрнэстыны Мюлер, настаўніцы з Шангнаў (кантон Бэрн), якая памерла 2.12.1942 г., і забітага 25.3.1955 г. Адальфа Вінтэра, экстраардынарнага прафесара мясцовага універсітэта.” Гэтая бесцырымонная інфармацыя, якая добра адпавядала характару нацыянальнага радцы, выклікала той скандал, на які і разлічваў Эшысбургер. Друк, раней больш чым паблажлівы, зрабіўся больш чым бязлітасным, нават бойка ў Брайтынгергофе” была распісана самым дакладным чыным. Пэдролі спадзяваўся, што за ўсё заплаціць Моніка Штаерман, а цяпер выходзіць, што Моніка зусім не Моніка, аднак і Дафна і Бэна зніклі без следу, і натоўп кінуўся на мяне, балазе, Эшысбургер намякнуў, што я пабываў у сапраўднай Монікі Штаерман. Ільза Фройдэ, адбівалася як тыгрыца, аднак некаторым рэпарцёрам удалося да мяне прарвацца, я хаваўся за няпэўнымі, расплывістымі адгаворкамі, пераадрасоўваў іх на Лінгарда, неасцярожна ўзгадаў Куксгафэна, пра якога змоўчаў Пэдролі, банда рынулася ў Рэймс, але трошкі прыпазнілася: пры пробным заездзе на новым “мазэраці” адбыўся выбух, і прынц разам з машынай разляцеўся на запчасткі, тады рэпарцёры, зноў вярнуўшыся ў наш горад, узялі ў аблогу “Мон-рэпо”, цэлыя калоны машын згрудзіліся на Вагнерштуцвэг, у парк ніхто не быў дапушчаны, ужо не кажучы пра вілу, адзін адорвень, які ў цемры ночы, увешаны ўсемагчымай тэхнікай, пералез цераз агароджу, ачуўся раніцай у лужыне перад варотамі, без вопраткі і без оптыкі, прычым ён нават не мог бы толкам расказаць, што з ім адбылося: за адну ноч рухнулі шанцы і на камюніке, і на працяг восені, вецер садраў з дрэў іржавачырвонае і жоўтае лісце, ісці цяпер даводзілася па галінках і лістоце, а там лінуў і дождж, а за дажджом паваліў снег, а за снегам – зноў дождж, вуліцы горада ператварыліся ў бруднае месіва, і ў гэтым месіве, ляскаючы зубамі ад холаду, стаяў рэпарцёр. Але скандал не толькі скалануў прэсу, але і развярэдзіў фантазію. Па горадзе цыркулявалі самыя дзікія чуткі, на якія я надта доўга не зважаў. Мяне больш цікавіла маё ўласнае становішча. Кліенты пачалі адзін за адным пакідаць мяне, паездка ў Каракас сарвалася, выгадны працэс па скасаванні шлюбу мне не перапаў, у падатковага ўпраўлення я раптам не зыскаў даверу. Перспектыўны пачатак абярнуўся бесперспектыўным, Колераў аванс увесь разышоўся, я здаваўся сабе марафонскім бегуном, які рвануў з месца, бы спрынтэр; цяпер перад мною ляжала бясконцая дыстанцыя, якая аддзяляла мяне ад прыбытковай адвакацкай практыкі. Ільза Фройдэ пачала шукаць сабе новага месца. Я рашыў заклікаць яе да адказу.
Яна сядзела ў прыёмнай за машынкай, паставіўшы на клавіятуру люстэрка, і фарбавала губы ў кармінна-чырвоны колер. Яе валасы, яшчэ ўчора саламяна-жоўтыя, сёння сталі сіне-чорныя, так што нават адлівалі зялёным. Было пяць хвілін на сёмую.
-- Вы за мной шпіёніце, гер адвакат! – абурылася Ільза, наводзячы марафет.
-- Хто ж вінаваты, што вы так гучна гаворыце па тэлефоне пра новае месца, -- абараняўся я.
-- Кожны чалавек мае права на зандаж глебы, -- сказала яна, скончыўшы пафарбоўку. – Але не рабіце сабе клопату, цяпер, калі вас чакае такая вялікая праца, я вас не пакіну.
-- Якая яшчэ вялікая праца? – шчыра здзівіўся я.
Спачатку Ільза ўвогуле не адказвала, яна паставіла на стол бітком набатаваную сумку і нядбала закінула ў яе люстэрка і шмінку.
-- Гер доктар, -- пачала яна, -- хай сабе вы і выглядаеце даволі бяскрыўдна, хай у вас як на адваката надта дабрадушлівы твар, адвакаты павінны глядзецца інакш. Я іх ведаю, яны сваім фасонам альбо выклікаюць давер да сябе, альбо падобныя на людзей мастацтва, як піяністы, толькі без фрака, але ж вы, гер доктар…
-- Куды вы хіліце? – нецярпліва перапыніў яе я.
-- А туды я хілю, гер доктар, што вы пры ўсім пры тым працмыга і касталыга, якіх свет не бачыў. Вы не падобны на адваката, але вы адвакат. І яшчэ вы хочаце вызваліць з турмы ні ў чым не вінаватага кантанальнага радцу.
-- Ільза! Што ты вярзеш?
-- А навошта ж тады вы прынялі ад кантанальнага радцы пятнаццаць тысяч франкаў?
Я анямеў.
-- А вам гэта адкуль вядома? – рыкнуў я.
-- Ну, мне ж даводзіцца час ад часу дбаць, каб вам ладзілася за вашым сталом, -- зашыпела яна ў адказ, -- там такі кавардак. А вы яшчэ і крычыце на мяне.
Яна прамакнула вочы хустачкай.
-- Але вы гэтага не дастанеце. Вызваліце нашага добрага Колера. І я вас не пакіну. Я абаўюся вакол вас ліянай. Мы разам гэтага даб’емся.
-- Вы думаеце, стары Колер ні ў чым не вінаваты? – здзівіўся я.
Ільза Фройдэ элегантна ўстала, нягледзячы на сваю рэспектабельную паўнату, і павесіла сумачку на плячо.
-- Увесь горад ведае, -- адказала яна. – Увесь жа горад ведае, хто сапраўдны забойца.
-- А гэта ўжо цікава, -- сказаў я, і па спіне ў мяне раптам пабег халадок.
-- Доктар Бэна , -- сказала Ільза. – Ён быў чэмпіёнам Швейцарыі ў стральбе з пісталета, пра гэта пішуць усе газеты.
Крыху пазней я абедаў у “Du Théâtre”. З Мокам. Мок сам запрасіў мяне – нечувана, як на старога жмінду. Я прыняў запросіны, хоць ведаў, што Мок запрашае толькі тады, калі разлічвае на адмову. Але мне карцела даведацца, ці правільныя чуткі, што пасля забойства Вінтэра Мок звычайна садзіцца за ягоны столік. Чуткі пацвердзіліся. На маё вялікае дзіва, Мок радасна прывітаў мяне, але не паспеў я заняць месца, як за столік падсеў начальнік паліцыі, першы раз за час нашага знаёмства падсеў да нас, высветлілася таксама, што нашу сустрэчу зладзіў менавіта ён, што ён узяў на сябе ўсе выдаткі, і сапраўды, у канцы заплаціў за нашу трапезу. А Мок быў толькі насадкай. Начальнік замовіў суп з фрыкадэлькамі з печані, філе а-ля Расіні з пом-фры бобам і, нарэшце бутэльку шамбэртэна ў памяць пра Вінтэра, як ён сказаў, той, праўда быў нязноснае трапло, але куды к чорту які ўпраўны ядок. На яго прыемна было глядзець, калі ён есць. Я паднасеў. Мок накладваў сабе смажаніну і пюрэ з сэрвіравальнага століка. У самой нашай трапезе было нешта злавеснае. Мы елі ў такім глыбокім маўчанні, што Мок дарма паклаў слухавы апарат побач з талеркай, каб нішто не адцягвала яго ад ежыва. Потым начальнік замовіў шакаладны мус, а я пераказаў яму сваю гутарку з Ільзай Фройдэ.
-- Вы нават уявіць сабе не можаце, Шпэт, якую рацыю мае гэты унікум у спадніцы, які выконвае ў вас абавязкі сакратаркі. Чуткі нарадзіліся ў турме. Дырэктар і ахоўнікі ў аднін голас божацца, што Колер не можа быць забойцам. Як стары прайдоха знайшоў на іх сваю ўправу – ані цяму. Але калі адны ўверацца ў якой-небудзь бязглуздзіцы, у ёй уверацца і іншыя. Гэта ўсё адно як снегавая лавіна. З гары коціцца ўсё большая маса бязглуздай веры, а скончыцца тым, што людзі з камісіі па расследаванні забойстваў таксама ў яе павераць. Шчыра кажучы, асабіста вас гэта ніяк не тычыцца, але лейтэнанта Хэрэна падначаленыя недалюбліваюць, і ягоная каманда вой як бы радавалася, калі б арышт Колера стаўся памылкай, а што да іншых паліцэйскіх чыноў, дык яны зайздросцяць камісіі, а калі ўзяць усю паліцыю ў цэлым, дык яе сваім цягам недалюбліваюць, марна кавэнчацца ад комплексу непаўнавартасці пажарнікі і службоўцы грамадскага транспарту. І вось ужо лавіну не стрымаць, яна ўжо дакацілася да шырокіх пластоў насельніцтва, і пайшло-паехала – люд і без таго радуецца з кожнай нашай прамашкі, маёй – асабліва. А тым часам забойца як бач – ужо і бязвіннае ягнятка. Дадайце да гэтага, што само забойства набыло шырокі розгалас, вельмі прыдалося многім і вельмі шмат каму, што ўправа гільдыі і наогул блізкае атачэнне Колера, усе гэтыя парламентары, нацыянальныя радцы, урадавыя радцы, кантанальныя і гарадскія і хто там яшчэ завязаны на гэтай справе, усе гэтыя генеральныя дырэктары і простыя дырэктары, босы і шэфы моршчацца ад актыўнасці Емэрліна і несаступлівасці суддзяў. Яны не супраць асуджэння ў прынцыпе, але яны разлічвалі на ўмоўны прысуд альбо на апраўданне з прычыны псіхічнай няздатнасці, за якую ніхто не лічыць палітычнага дзеяча сапраўды недзеяздольным. Адным словам, невінаватасць Колера была б бальзамам на процьму ранаў.
Мок адсунуў талерку і пачапіў на вуха слыхавы апарат.
-- Вы атрымалі ад Колера больш чым дзіўнае даручэнне, а цяпер вось гэтыя ідыёцкія чуткі, што Колер нібыта ні ў чым не вінаваты і што сапраўдны забойца – паршывец Бэна. Толькі таму, што ён быў калісьці чэмпіёнам у стральбе, і гэта ў нашай краіне, дзе кожны лічыць сябе такім самым. Але якое халеры гэты дурны ўбоіна дзесьці хаваецца, -- сказаў начальнік і заняўся сваім мусам. – Вось што мне не падабаецца. Даручэнне Колера, чуткі, што нібыта ён не вінаваты і знікненне Бэна нейкім чынам звязаныя паміж сабою.
-- Шпэт залез у пастку, -- сказаў Мок і пачаў рысаваць грыфелем на абрусе пацука ў пастцы, які не выпускае з зубоў сала.
На Цэльтвэгу ў маім бюро сядзеў Лінгард.
-- А вы адкуль тут узяліся? – не стрымаўся я.
-- Гэта не да справы, -- адказаў Лінгард і паказаў на пісьмовы стол. – Справаздачы.
-- Вы што ж, думаеце, што Колер невінаваты? – з прыкрасцю спытаўся я.
-- Не думаю.
-- Мок лічыць, што я ўлез у пастку,-- холадна сказаў я.
-- Залежыць ад вас, -- сказаў Лінгард.
Сто пяцьдзесят старонак. Уборысты тэкст. Тэлеграфны стыль. Я чакаў гіпатэтычнага выкладу цьмяных камбінацыяў, а маю перад сабою факты. Замест загадкавай незнаёмай асобы было ўголас названа імя. Самыя справаздачы мелі розную каштоўнасць, і ставіцца да іх трэба было з асцярожнасцю. Апытанне сведкаў, праведзенае Шонбэхлерам. Паказанні сведкаў звычайна супярэчлівыя, але тут памеры супярэчнасцяў проста палохалі. Прыклады: адна афіцыянтка сцьвярджае, быццам Колер крыкнуў: “Гад паўзучы”, тым часам як пракурыст фірмы дамскай бялізны, які тады сядзеў за суседнім столікам (“На мяне якраз пырснулі соўсам!”), паказвае, што Колер звярнуўся да Вінтэра са словамі: “Дзень добры, стары квач!” Трэці сведка нібыта на свае вочы бачыў, як Колер паціскаў руку прафесару. Адзін паказаў, што, застрэліўшы Вінтэра, Колер нос у нос сутыкнуўся з Лінгардам. Тут стаяў пытальнік і заўвага Лінгарда: “Наогул там не быў”. І такія ж самыя супярэчлівыя паказанні на больш як пяцідзесяці старонках. Аб’ектыўных сведкаў не бывае. Кожны сведка падсвядома схільны дымешваць да сапараўды перажытага прыдуманае. Падзея, сведкам якое ён быў, адбываецца не толькі па-за сведкам, але і ў ім самым. Ён успрымае здарэнне на свой лад, адкладвае ў памяці, памяць пераўтварае адкладзенае, пасля чаго памяць кожнага узнаўляе саму падзею. Асабліва вялікая была недапасоўка яшчэ і таму, што Шонбэхлер ў адрозненне ад паліцыі дапытаў усіх сведкаў, а чым больш сведкаў, тым, зразумела, больш супярэчлівыя паказанні. Больш за пяцьдзесят старонак паказанняў, якія адно адное выключаюць. І нарэшце розніца ў часе. Сама падзея была год і дзевяць месяцаў таму назад. Чалавечай фантазіі было дадзена дастаткова часу, каб учыніць у памяці неабходныя перамены, да гэтага дадалася яшчэ і пашыраная слабасць выдаваць пажаданае за рэальнае, выдурніванне і да таго падобнае, далейшыя пяцьдзесят старонак можна было б запоўніць паказаннямі тых, хто ўявіў, быццам ён сведка забойства, хоць насамрэч там яго і духу не было. Але Шонбэхлер зрабіў старанны адбор. А цяпер данясенне Фойхтынга. Ягоны метад самы просты. Задае пытанні ў лоб, і можа сабе гэта дазволіць, бо заўсёды задаваў пытанні без хітрыкаў. І калі ён пра што-колечы пытаўся, на гэта ніхто не звяртаў увагі, бо пытаўся ён абсалютна пра ўсё, нават калі яго пытанні не мелі ніякага сэнсу альбо такімі здаваліся. Нарэшце асобныя каменьчыкі складваліся у Фойхтынга ў адно, хоць і не зусім проста, прапушчаныя праз безліч чарак марціні, але ўсё-такі складваліся, адсланяючы вачам сведкаў, прыведзеных у Шонбэхлеравай справаздачы. Так, напрыклад, некаторыя казалі, што доктар Бэна таксама быў у “Du Théâtre”, другія – што яшчэ да Колера ён падыходзіў да Вінтэра, трэція – што сядзеў з Вінтэрам за адным сталом, а адзін нават увогуле паказаў, што Бэна пакінуў установу адразу пасля Колера, і, нарэшце, дама з бара паведаміла, што непасрэдна пасля забойства Бэна ўварваўся ў бар, падскокваючы ад радасці, біў чаркі і прыгаворваў: “Здох прусак, здох прусак!” – з усімі задзіраўся і заявіў, што вось цяпер ужо з ёю ажэніцца. Слухачы палічылі, што гэта пра Моніку Штаерман, зычылі яму шчасця і прымалі ад яго запрашэнні. Усё гэта адбывалася ў бары “Супакой маю журбу”, -- так называецца за свае моцныя напоі разбойніцкі вярцеп непадалёк ад Мюнстэра, дзе Бэна апошнім часам стаўся заўсёднікам. Гэта “апошнім часам” доўжылася ў Бэна больш за два гады. З прыстойнай сям’і, з прыстойным выхваваннем, пасля паспяховага выпуску з універсітэта, пасля спартыўнай кар’еры, пасля бліскучых дзелавых поспехаў, пасля заручынаў з Монікай Штаерман, самай багатай у горадзе нявестай, Бэна раптам як усё роўна спатыкнуўся, зрабіўся іншым. Людзі пачалі абыходзіць яго. Усюды лічылася, быццам Штаерман скасавала іх заручыны. Далей – чатыры паездкі за граніцу, чуткі, што ён гулец. На першым часе ён яшчэ мог, хоць і не без цяжкасці, захоўваць кантакты з добрымі, багатымі дамамі, потым яго амаль перасталі запрашаць, а пад канец і зусім забайкатавалі. Па інэрцыі ён яшчэ жыў на ўсю раскошу, потым рэшткі гэтай раскошы пачаў распрадаваць: гравюры, мэблю, некалькі скрынак старога бардо. Шмат прадметаў з тых, што ён прадаваў, належалі не яму, напрыклад, некаторыя ўпрыгожанні, з прычыны якіх былі распачаты адразу два працээсы. (Устрымаюся ад дакладнага агалашэння агульнай сумы пазыкаў Гайнца Алімпійца, гэта была катастрафічная, можна сказаць нерэальная лічба – больш за дваццаць мільёнаў.) Дзіўным чынам факты, устаноўленыя Фойхтынгам што да Бэна, шмат у чым супадалі з тым, што ўдалося высветліць пра забітага Вінтэра (вядома, без уліку пазыкаў): частыя выезды за мяжу на кангрэсы ПЭН-клуба, якія, як выявілася, зусім не праводзіліся, але пра якія ён паздней доўга і падрабязна расказваў, чуткі пра частыя наведванні казіно. Выявілася, і Вінтэр, са сваімі вечнымі цытатамі з Гётэ, таксама ашываўся ў бары “Супакой маю журбу”, толькі-толькі пакінуўшы стол для літаратурных застольнікаў на трэцім паверсе “Du Théâtre”. Там ён сядзеў у коле выдаўцоў, рэдактараў, тэатральных крытыкаў і літаратурна-біяграфічных карыфеяў нашага горада, каб разам з імі не выпусціць з рук кіраванне нашай культурай. Выбраныя хоць і трывалі яго, але пасміхаліся і, як толькі ён пакідаў іх дзеля нідэрдорфскіх баядэрак, за вочы называлі “магараджам”. Не можа быць ніякага сумнення, падсумаваў Лінгард, што, калі выключыць Колера як забойцу, патэнцыйным злачынцам можна лічыць толькі Бэна. Бэна прымаў Дафну за Моніку Штаерман, пасля паміж ім і Вінтэрам нешта адбылося. Разрыў Дафны з Бэна стаўся вынікам менавіта гэтага інцыдэнту, як і падзенне Бэна, якое адбылося следам за разрывам. Будучы жаніхом Штаерман, Бэна мог разлічваць на любы крэдыт, сам па сабе – ані на які. Тут я насцярожыўся. Версія Лінгарда супярэчыла фактам. Бо Дафна парвала з Бэна толькі пасля таго, як ён яе горка знэндзіў. А Моніка Штаерман адпалася ад Бэна толькі пасля таго, як з ім парвала Дафна. Далей, Вінтэр і Людэвіц ведалі, што Дафна – не Моніка Штаерман, і не толькі яны ведалі. Не так гэта проста, каб адзін чалавек выдаваў сябе за другога, звёўшы да нуля сваю асобу, тут патрабуюцца і іншыя прысвечаныя. Сярод прадстаўнікоў гарадской улады пра гэта напэўна сёй-той усё ведаў. А ўжо пра Колера і гаварыць няма чаго. Пра гэта мне, дарэчы, расказвала сапраўдная Моніка Штаерман. Карацей, маглі ведаць вельмі і вельмі многія. А пастка, у якую я ўскочыў, па словах Мока, магла заключацца толькі ў тым, што я вольна ці міжвольна засвоіў гэтую агульную веру ў невінаватасць Колера, хоць сам і не падзяляў яе. Я проста як бы згадзіўся падтрымаць яе, бо прыняў яго даручэнне. Паддаўшыся фальшываму ўяўленню, што забойца не Колер, я непазбежна павінен быў выйсці на іншую кандыдатуру: калі Цэзара забіў не Брут, значыцца, яго забіў Касій, калі не Касій, дык Каська. Вельмі магчыма. Магчыма нават, што чуткі пра невінаватасць Колера пайшлі не ад турэмнай адміністрацыі і не ад ахоўнікаў, а ад мяне. Адкуль начальнік даведаўся пра дадзенае мне даручэнне? Мёзер, ахоўнік, прысутнічаў, калі Колер мне яго даваў, сямейная пара Кнульпэ, Элен, Фэрдэр, асабісты сакратар Колера, несумненна, яшчэ некаторыя юрысты, ну, потым Лінгард, а з людзей Лінгарда хто? Яшчэ пра гэта ведала Ільза Фройдэ. Ці будзе яна майчаць? Магчыма, даручэнне Колера даўно ўжо зрабілася тэмай агульнагарадскіх плётак, і хоць асабіста я быў перакананы, што Колер учыніў забойства з чыста навуковай цікаўнасці, алек дзякуючы даручэнню мае пошукі вялі ўбок ад Колера, замест каб да яго. Ці не ў гэтым і быў сэнс яго даручэння? І даючы яму справаздачы пра свае пошукі, ці не сам жа я і наводзіў яго на недаступны майму розуму манеўр? Але становішча ў мяне было безвыходнае. Не сёння-заўтра Лінгард прад’явіць рахунак. Мне патрэбны грошы, а адзінай іх крыніцай можа быць толькі Колер. Значыцца, трэба мардавацца далей. Нягледзячы на ўсе сумненні. Альбо ж ці ёсць якое-небудзь іншае выйсце? Мне прыйшло ў галаву наведацца да майго ранейшага шэфа Штусі-Лойпіна і абмеркаваць сітуацыю з ім. Спачатку я вагаўся, пасля рашыў да Штусі-Лойпіна не хадзіць, справаздач не падаваць, і хай будзе што будзе. А потым канчаткова перастаў вагацца. Доктар Бэна паявіўся ў мяне ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня 1956-га, з пятніцы на суботу. Пад апоўнач. Я добра запомніў. Бо ў тую ноч вырашаўся яго лёс – і мой таксама. Я трэці раз перачытваў справаздачу, калі ён тузануў дзверы ў бюро, якое раней належала яму, дзе за ягоным сталом цяпер сядзеў я. Бэна быў рослы, мажны мужчына з доўгімі чорнымі валасамі, якія ён зачасаў так, каб прыкрыць лысіну. Пахістваючыся, падышоў да стала. Ён рабіў уражанне чалавека цяжкага свайму шкілету. Рукамі, якія здаваліся дзіцячымі ў параўнанні з масіўным целам, ён абаперся і, напалавіну асветлены настольнай лямпай, глядзеў на мяне. Ён быў яўна нецвярозы, прыгнечаны і кранальны ў сваёй бездапаможнасці. Я адкінуўся на спінку фатэля. Яго чорны гарнітур зашмальцаваўся ад доўгай носкі.
-- Доктар Бэна, -- спытаў я, -- дзе вы прападалі? Вас усюды шукае прэса.
-- А вам ці не ўсё адно, дзе я прападаў? Шпэт, не пачынайце працэс, малю вас.
-- Які працэс, доктар Бэна? – спытаў я.
-- Які вы ладзіце супроць мяне, -- адказаў ён хрыпатым голасам.
Я пакруціў галавой.
-- Доктар Бэна, ніхто не збіраецца ўсчынаць супроць вас працэс.
-- Хлусіце вы ўсё, -- закрычаў ён, -- хлусіце! Вы пусцілі па маіх слядах Лінгарда, Фантэра, Шонбэхлера, Фойхтынга. Вы нацкавалі на мяне прэсу. Вам вядома, што ў мяне былі прычыны забіць Вінтэра.
-- Але забіў яго Колер, -- адказаў я.
-- Вы ўжо і самі ў гэта не верыце. – Ён тросся ўсім целам.
-- Наадварот, ніхто ў гэтым не сумняваецца, -- спрабаваў я яго супакоіць.
Бэна пільна паглядзеў на мяне, прамакнуў лоб хусцінкай.
-- Вы пачняце працэс, -- ціха дадаў ён, -- а я загінуў, я ведаю, што загінуў…
-- Бог з вамі, доктар Бэна, -- адказаў я.
Ён, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, павольна адчыніў і пайшоў, ні разу больш на мяне не глянуўшы.
Алібі. Мяне зноў спынілі. Умяшаўся сам лёс. Гэтым разам у асобе Луцкі. І яшчэ аднаго суб’екта, якога ён прадставіў як Маркіза. (Як што пачаўшы пісаць, я ўхіліўся ад фатальнай гульні, куды ўвязаўся як актыўны ўдзельнік, мне трэба цяпер называць рэчы сваімі імёнамі. Дык вось, сярод злачыннага свету я і сам зрабіўся злачынцам. Не сумняваюся, гер пракурор, што такое прызнанне будзе вамі цалкам ухвалена, але я павінен зрабіць яшчэ адну агаворку: да гэтага злачыннага свету я адношу і вас, і тое грамадства, якое вы прадстаўляеце па абавязку службы, а не толькі Луцкі, Маркіза і самога сябе.) Што да гэтага чалавекападобнага суб’екта, дык яго занесла да нас з Нойшатэля. Разам з адкрытым “ягуарам”. На ўсю вывеску усмешачка, быццам гэты тып явіўся проста з Ко, а манеры такія, быццам ён гандлюе высокагатунковым мылам. Было тое па дзевятай гадзіне вечара. У нядзелю (гэтую частку справаздачы я пішу у канцы ліпеня 1958 года – слабая спроба хоць неяк упарадкаваць свае запісы). На вуліцы бушавала навальніца, гулкія, страшныя раскаты грому, дождж яшчэ не ліў, але гэта не давала палёгкі, было па-ранейшаму душна і моташна. Паверхам ніжэй грымелі псальмы: “Рухні, свет, пад раны Хрыстовыя, мы да пагібелі ўсе гатовыя!” і яшчэ: “Дух Святы, пад буры гром грэшнікаў спалі жыўцом!”. Луцкі неяк ніякавата пашчыпваў вускі і наогул як бы нерваваўся, ды і яго апостальскія вочы свяціліся задуменным бляскам, якога я ніколі ў іх не заўважаў: Луцкі відавочна ж пра нешта разважаў. Абодва былі ў плашчах, але чамусьці амаль сухіх.
-- Нам патрэбна алібі, нарэшце нясмела прамовіў Луцкі. – Маркізу і мне на апошнія дзве гадзіны.
Маркіз замілавана заўсміхаўся.
-- А да таго?
-- Да таго ў нас такое алібі, што не прычэпішся, -- сказаў Луцкі і дапытліва паглядзеў на мяне. – Да таго мы сядзелі з Гізэлай і Мадленай у “Манака”.
Маркіз сцвярджальна кіўнуў.
Я пацікавіўся, ці не бачыў хто, як яны да мяне ўваходзілі. Луцкі, як звычайна, быў аптымістычны.
-- Пазнаць нас ніхто не мог,-- запэўніў ён мяне. – На гэты выпадак парасон – рэч незаменная.
Я задумаўся.
-- А куды вы падзелі парасон? – спытаўся я, пасля ўстаў з-за стала і замкнуў у шуфляду свае запісы.
-- Унізе. Мы іх паставілі за дзвярыма ў падвале.
-- Гэта вашыя парасоны?
-- Не, мы іх знайшлі.
-- Дзе?
-- Таксама ў “Манака”.
-- Значыцца, дзве гадзіны таму назад вы іх узялі з сабою на шпацыр?
-- Дык жа дождж ліў.
-- Луцкі засмучана зазначыў, што ягоныя адказы мяне не натхнілі. Ён з надзеяй дастаў са свайго плашча бутэльку каньяку “Напалеон”, і Маркіз таксама сфокуснічаў бутэлечку.
-- Няблага. – кіўнуў я, -- гэта ўжо па-людску.
Пасля кожны з іх выклаў на стол па тысячафранкавай паперыне.
-- Мы людзі шчодрыя, -- сказаў Луцкі.
Я адмоўна закруціў галавой і выказаў шкадаванне.
-- Дарагі Луцкі, я прынцыпова не маю намеру садзіцца за дачу ілжывых паказанняў.
-- Спетрыў, – сказаў Луцкі.
Абодва падкінулі яшчэ па тысячы.
Я ўпёрся.
-- І з парасонамі ў вас нейкая мура атрымалася, -- канстатаваў я.
-- Паліцыя шукае нас не за парасоны, -- адмахнуўся Луцкі, хоць яму яўна было не па сабе.
-- Але ж парасоны маглі навесці на ваш след, -- выказаў я свае сумненні.
-- Вас зразумеў, -- сказаў Луцкі.
Абодва ахвяравалі яшчэ па тысячы.
Я нават здзівіўся:
-- Вы, нябось, ці не мільянерамі парабіліся?
-- Ну, бываюць жа ў людзей і прыбыткі, -- ухіліста адказаў Луцкі. – Калі нам выплацяць рэшту, мы адразу зліняем. Куды-небудзь за мяжу.
-- І якая тая рэшта?
-- Рэшта ганарару, -- патлумачыў Маркіз.
-- Якога ганарару? – спытаў я яшчэ больш недаверліва.
-- За даручэнне, якое мы выканалі, -- удакладніў Луцкі. – Як толькі мы будзем у Ніцы, я перадам табе Гізэлу і Мадлену.
-- Я таксама перадам вам сваіх дзяўчатак, -- запэўніў Маркіз. – Нойшатэлькі вельмі практычныя.
Я старанна агледзеў асігнацыі, склаў і сунуў у заднюю кішэню. Луцкі хацеў увесці мяне ў дэталі, але я не даў яму дагаварыць:
-- Дамова – усяго аснова!Нязгоршы і грошы! Не ведаю, навошта вам спатрэбілася алібі і ведаць не хачу.
-- Пардон, пардон, -- перапрасіўся Луцкі.
-- Ану, выкладвайце вашыя цыгарэты, -- сказаў я.
Луцкі быў проста нашпігаваны “Кэмэлам”, “Данхілам”, “Блэкэндуайтам”, “Сьюпэркінгам”, “Пікадылі”. На стале расла гара пачкаў.
-- Адна сяброўка трымае кіёск, -- патлумачыў ён перапрашальным тонам.
-- А што курыць гер Маркіз?
-- Увогуле, амаль не куру, -- збянтэжана шапнуў ён.
-- У цябе што, і цыгарэтаў няма пры сабе?
Маркіз закруціў галавой.
Я зноў сел за стол. Ужо можна было дзейнічаць.
-- Цяпер будзем курыць паўгадзіны падрад. Як мага больш. І хутчэй. Я – “Кэмэл”, Луцкі – доўгія “Сьюпэркінг”. А Маркіз, Госпадзе ратуй, -- “Данхіл”. Курыць так, каб можна было прачытаць марку, а потым тушыць і ўсё складваць у адну попельніцу. Пад канец кожны прыхопіць з сабой пачаты пачак.
І мы задымілі як апантаныя. Неўзабаве мы асвоілі новы метад: раскурваць па чатыры цыгарэты адразу, а пасля яны ўжо самі дагараюць. За акном зноў разбушавалася навальніца, паверхам ніжэй занылі псальмапеўцы: “Забі, Гасподзь, наш гнюсны род, забі, Хрыстос, і наш прыплод, цябе ж мы ўкрыжавалі і Дух Святы зблажалі”.
-- Калі шчыра, я зусім не куру, стагнаў Маркіз. Яму было да таго кепска, што ён нават пачаў быць падобным на чалавека.
Праз паўгадзіны ў попельцы была гара недакуркаў. Паветра ў пакоі стала проста небяспечным для жыцця, бо мы зачынілі вокны. Пакінуўшы пакой, мы пабеглі па лесвіцы і паверхам ніжэй трапілі ў рукі паліцыі; зрэшты, сёння паліцыя з’явілася не дзеля нас, а дзеля “Святых з Ютлі”. Наскардзіліся суседзі, якім хацелася сысці ў пекла без псальмаў. Тоўсты Штубер з паліцыі маральнасці трос дзверы, двое з ім, звычайныя патрульныя паліцэйскія, злосна глядзелі на нас. Мы ўсе трое былі добра вядомыя ім.
-- Але ж як яно так, Штубeр,-- пацікавіўся я, -- вы ж з паліцыі маральнасці. Што вам да святых?
-- Прыглядвайце лепш за сваімі святымі, -- буркнуў Штубер, даючы нам дарогі.
-- Патаскушын адвакат, -- яшчэ крыкнуў мне наўздагон адзін паліцэйскі.
-- Можа, нам ужо лепей тады адразу тупаць у паліцыю?! – стагнаў Луцкі.
Сустрэча з паліцыяй зусім яго дэмаралізавала. Маркіз, па-мойму, увогуле ад страху пачаў чытаць малітвы. Я ўжо адчуваў, што ўлез у вельмі сумніўную справу.
-- Дробязь, -- спрабаваў я іх падбадзёрыць. – Нічога больш удалага, як сустрэча з паліцыяй, проста быць не магло.
-- А парасоны?
-- Я іх перахаваю.
Свежае паветра вярнула нас да памяці. Дождж перастаў. На вуліцах кіпеў рух, а на Нідэрдорфштрасэ мы напрасткі пайшлі ў “Манака”. Гізэла яшчэ была там. Мадлена сышла (цяпер я, прынамсі, ведаю, як яе завуць), але затое там былі яшчэ Карына і Палета, дзве новенькія на службе ў Луцкі, толькі што імпартаваныя з Жэневы, усе тры ў раскошным выглядзе, адпаведна цане, і пры кожнай – ужо па некалькі кавалераў.
-- Які ж гэты Маркіз Зялёны! – замахала нам Гізэла. – Што вы з ім зрабілі?
-- Дзве гадзіны рэзаліся ў карты, -- патлумачыў я, -- і Маркізу давялося курыць з намі на роўных. Як у кару за тое, што ён хоча звесці цябе ў Луцкі.
-- Je m’en suis has rendue compte**,-- сказала Палета.
-- Гешэфты трэба рабіць без шуму.
-- Et le resultat?***
-- Цяпер я твой адвакат, -- сказаў я.
Палета вельмі здзівілася. А я павярнуўся да Альфонса. У бармена была заечая губа. Ён перамываў чаркі за стойкай. Я папрасіў віскі. Альфонс выставіў нам тры сумесі “сіксці-найн”. Я разам выпіў сваю, сказаў бармэну: “Геры заплацяць”, -- і пакінуў установу. Не паспеўшы адысціся ад “Манака” крокаў на дзесяць, я пачуў, як ззаду спынілася машына. І мог зводдалі назіраць, як начальнік з трыма дэтэктывамі з камісіі па расследаванні забойстваў увайшлі ў бар. Я шмыгнуў за вугал і зайшоў у першую ж забягалаўку. Мне і далей пашанцавала (павінна ж калі-небудзь): калі праз гадзіну я вярнуўся да сябе, Штубер і двое патрульных паспелі пакінуць дом на Шпігельгасэ. Усё было ціха. “Святыя з Ютлі”, мабыць ужо сышлі. Абодва парасоны я знайшоў за дзвярыма ў падвале і ўжо хацеў быў спусціцца, каб добранька іх прыхаваць, але тут у галаву прыйшла іншая ідэя. Я падняўся наверх. Перад жытлішчам секты было ціха, і дзверы не зачыненыя, інакш я адчыніў бы іх сваім ключом, балазе, ён, як гэта бывае ў старых дамах, падыходзіў да любых дзвярэй.
Я ўвайшоў і пярэдні пакой. Сюды ледзь-ледзь прасочвалася святло з лесвіцы. Каля дзвярэй стаяла падстаўка, і ў ёй ужо было некалькі парасонаў. Я сунуў два свае мокрыя да астатніх, шчыльна зачыніў дзверы і падняўся да сябе. Увайшоўшы, запаліў святло. Акно было адчынена. У крэсле сядзеў начальнік паліцыі.
-- Тут шмат накурылі, -- сказаў ён, кінуўшы вокам на поўную попельніцу. – Прыйшлося адчыніць акно.
-- Да мяне заходзілі Луцкі і Маркіз.
-- Маркіз?
-- Так, адзін тып з Нойшатэля.
-- Сапраўднае імя?
-- А мне ўсё адно.
-- Генры Цупей, -- сказаў начальнік. – Ну, калі ж гэта яны былі ў вас?
-- З сямі да дзевяці.
-- А дождж ужо ішоў, калі яны явіліся? – спытаўся начальнік.
-- Забеглі якраз перад дажджом.
Начальнік яшчэ раз кінуў пагляд на попельніцу.
-- Штубер з паліцыі маральнасці бачыў вас, Луцкі і Маркіза, калі вы а дзевятай пакідалі сваю лавачку. Куды вы пасля заходзілі?
-- Я?
-- Вы.
-- У “Хек”. Там выпіў два віскі, а Луцкі і Маркіз потым перайшлі ў “Манака”.
-- Гэта я ведаю, -- сказаў начальнік. – Я іх там арыштаваў. Але цяпер давядзецца адпусціць іх. У іх ёсць алібі. Яны ў вас курылі. Дзве гадзіны запар.
Ён зноў перавёў пагляд на попельніцу.
-- Я вымушаны паверыць вам на слова, Шпэт. Чалавек, заклапочаны лёсам справядлівасці, не будзе ладзіць алібі двум забойцам. Гэта было б надта абсурдна.
-- А каго яны забілі?
-- Дафну, -- адказаў начальнік. – Дзяўчыну, якая выдавала сябе за Моніку Штаерман.
Я сеў за стол.
-- Бачу, вы ў курсе, -- сказаў начальнік, -- вы пабывалі ў сапраўднай Монікі Штаерман, якая адмовілася ад фальшывай, ну, Дафне давялося ісці на панэль. Не ўзгадніўшы папярэдне гэтага пытання ні з Луцкі, ні з Цупеем. А цяпер яе знайшлі мёртвую ў “мэрсэдэсе”, на стаянцы ў Хіршэнплац. Прыкладна апалове дзевятай. Яна пад’ехала а сёмай, але з машыны не выходзіла. Навальніца была жахлівая. Ну, у Луцкі і Цупея цяпер ёсць алібі, а плашчы не прамоклі. Давядзецца іх выпусціць. – Ён памаўчаў. – На рэдкасць прыгожая дзяўчына, -- сказаў потым. – Вы з ёю спалі?
Я не адказаў.
-- Зрэшты, гэта не бяда, -- сказаў начальнік і, раскурыўшы сваю “Баянас”, закашляўся.
-- Вы лішне многа курыце.
-- Ведаю, Шпэт. Мы ўсе надта шмат курым. – Ён зноў павёў вокама на попельніцу. – Зрэшты, я бачу, вы выяўляеце пэўную спагаду. Добра, я таксама паспагадаю: такога цёмнага чалавека, як вы, мне ў жыцці сустракаць не даводзілася. Няўжо ў вас няма ніводнага сябра?
-- Не люблю заводзіць ворагаў, -- адказаў я. – Вы мяне дапытаць хочаце, ці што там?
-- Не-не, проста з цікаўнасці, -- ухіліўся начальнік. – Вам жа яшчэ і трыццаці няма?
-- Я проста не сачкаваў, не мог сабе дазволіць прапускаць заняткі
-- Вы былі самы малады з нашых адвакатаў. А цяпер вы наогул не адвакат.
-- Так, камісія выканала свой абавязак, -- пацвердзіў я.
-- Ах, калі б я мог разгадаць, што вы за чалавек такі, мне было б лягчэй зразумець вас. Але разгадаць вас я не магу. Калі я першы раз прыйшоў да вас, мяне ўразіла ваша барацьба за справядлівасць, і я сам сабе здаўся жалю вартым, а цяпер нічога ў вас мяне не ўражвае. У алібі я, хай так і будзе, вам яшчэ паверу, але ў тое, што вас хвалюе лёс справядлівасці, -- божа мяне барані. – Ён устаў. – Мне шкада вас, Шпэт. Бачу, вас ублыталі ў дурную гісторыю, і, калі вы самі пры гэтым дурнееце, дык няма вам рады -- памагчы вам тут нічым ужо не паможаш. Думаю, менавіта з гэтай прычыны вы больш не даражыце сабой. Ад Колера ёсць якія весткі?
-- Так, з Ямайкі, -- адказаў я.
-- Ён даўно, як з’ехаў?
-- Больш года. Амаль паўтара.
-- Чалавек так і круціцца па нашым шарыку. Зрэшты, можа, ён неўзабаве вернецца.
З гэтым начальнік і пайшоў.
Дадатак. Праз тры дні. Я не сказаў начальніку, што пераспаў-такі з Дафнай. Зрэшты, ён і не патрабаваў адказу, -- не да таго было. Я доўга раздумваў, пісаць мне пра гэта ці не пісаць. Але начальнік меў рацыю: усё настолькі бессэнсоўна, што не мае сэнсу і нешта ўтойваць. У рэальнасць неад’емнай часткай уваходзіць і самае брыдкае, а да самага брыдкага належыць і роля, якую я адыграў у падзенні Дафны, хай сабе нават сапраўднай прычынай была помста сапраўднай Монікі Штаерман. Пасля скандалу Дафну амаль цэлы год нельга было нідзе знайсці. Ніводзін сабака не ведаў, дзе яна хавалася, нават Лінгард і той не ведаў, калі верыць ягоным словам. Яе кватэра на Аўрораштрасэ пуставала, але аплачвалася рэгулярна. Хто плаціў, -- высветліць не ўдалося. Потым Дафна зноў вынырнула. У ранейшай лепнасці. Нібы нічога ёй і ніякага. Хоць і з новай світай. І з адной розніцай: цяпер яна прафесійна займалася тым, што раней рабіла з азартам велікадушнай аматаркі. Пакінутая ў бядзе сябрамі, яна цяпер выязджала на промысел у сваім белым “мэрсэдэсе”, гнула неверагодныя цэны і ў сэнсе даходу зноў стала на ногі. Нават пасля выліку ўсіх падаткаў: камунальнага, дзяржаўнага, абарончага, а таксама эмэрытальнага страхавання і страхавання на карысць родзічаў. Пераспаць з Дафнай лічылася найвышэйшым шыкам. Заглыбляцца ў эпічныя падрабязнасці тут не мае сэнсу. Раскажу толькі, што аднаго разу яна з’явілася і ў мяне, пастукаўшыся ў дзве гадзіны ночы каля дзвярэй маёй кватэры на Шпігельгасэ. Я злез з сафы, на якой спаў, падумаўшы, што гэта Луцкі, запаліў святло, адчыніў дзверы, і ўвайшла яна. Увайшла, азірнулася. Акно напалавіну адчынена. Пакой выстуджаны (была сярэдзіна лютага), на безгустоўных шпалерах – выразкі з “Бэобахтэра”. На фатэлі – мая вопратка, на качалцы – маё паліто. Яна ўвайшла ўся ў шыншылах – ці тое людзі праўду казалі наконт цэнаў, якія яна загінала, ці тое сапраўдная Штаерман плаціла далей, -- зняла з сябе ўсё як ёсць, кінула на фатэль і легла на сафу. А я лёг да яе. Яна была вельмі-вельмі, а ўдадатак было холадна. Заставалася нядоўга. Накінула сваю шыншылу і паклала на мой стол тысячафранкавую паперку. Калі я запярэчыў, яна з усёй сілы змазала мне правай па твары. Пра такія гісторыі людзі лепш маўчаць, вось і я нікому пра тое не расказваў, а калі пішу цяпер, дык толькі таму, што не маю больш ніякіх надзей. Сёння раніцай недзе каля шостай да мяне заявіўся Штубер з паліцыі маральнасці і паведаміў, што Маркіза і Луцкі дасталі пад Цоліконам з возера (Штаерманава віла якраз непадалёк ад таго месца, дзе іх знайшлі). Калі распраменены Штубер сышоў, я адчуў сябе крыху абражаным: ён нават пытанняў мне не задаваў, а ўжо ж паслаць да мяне чалавека з камісіі па расследаванні забойстваў начальнік, далібог жа, цалкам мог. Луцкі і Маркіз крыху зацягнулі свой ад’езд за мяжу. Так пачаўся дзень нашага нацыянальнага свята, першага жніўня 1958 года, -- змрочна пачаўся. Удадатак была пятніца, у гэты дзень хавалі Дафну, судова-медыцынская экспертыза дазволіла аддаць цела зямлі. А дзесятай гадзіне. Першага жніўня ў нас працуюць, але толькі да полудня, у тым ліку і магільніцкія далакопы – такая маленькая дзяржава не можа размахнуцца на цэлы непрацоўны дзень, яна сябе не пераацэньвае. Ледзь толькі я выйшаў з пакоя, як грымнуў гром, ды і наогул гэтым летам навальніцы ў нас будным з’явішчам. Мой “фольксвагэн” быў на рамонце. (Я недзе абедаў у нейкім рэстаранчыку над нейкім возерам, потым на ноч гледзячы выправіўся на сваім “поршы” – каб ужо заадно зрабіць і гэта прызнанне, гер федэральны пракурор, -- і на ім разам з Мадленай, калі толькі гэта была Мадлена, збочыў з дарогі ў нейкі буралом. Луцкі здолеў уладзіць гэтую справу, малышка месяцы два правалялася ў бальніцы, а я зноў апынуўся пры сваім “фольксвагене”. Зноў апынуўся. Увогуле я ўжо даўно мог забраць яго з рамонту, але не карыстаюся больш аніякім крэдытам у гаспадара гаража. А выстаўлены ім рахунак – чысты страх). Вось як атрымалася, што на пахаванне Дафны я паехаў трамваем. Чаму я, аднак, націснуў клямку ў памяшканне секты і чаму, калі дзверы адчыніліся, узяў адзін парасон, якія сам туды паставіў тыдзень таму назад, высветліць цяпер проста немагчыма.
Сталася гэта з чыстага непаразумення альбо ад схільнасці да чорнага гумару, сказаць не магу. Пакуль я бег па вуліцах Старога горада да Бэльвю, маючы парасон за лёсачку, неба паспела зусім пачарнець, хоць было ўсяго толькі палова дзесятай. Навокал суцэльная нервовасць, і я бег з усіх ног, як заўсёды перад навальніцай, тым больш што навальніца збіралася быць жахлівай у такую рань. Тыпова для Дафны, падумалася. Каля Бэльвю я сеў у трамвай. Шчыра кажучы, трэба быць вар’ятам, каб у такую непагадзь ездзіць на пахаванне, але тым не меней я чыста механічна ўціснуўся ў перапоўнены вагон. Час ад часу сонца разрывала чорную навісь хмар, як прамень пражэктара, які на хвіліну ўспыхвае і зноў патухае. На Кройцплац у трамвай увайшоў грузлы, увесь у чорным мужчына, росту, я сказаў бы, малога, з бліскучай лысінай, дагледжанай поўнай барадой, у якой ужо пракідаліся срэбныя пасмы, і ў залатых акулярах без аправы. Спярша я міжволі падумаў на Вінтэра, які ўзяў і з’явіўся як прывід, каб пабыць на пахаванні сваёй дачкі, настолькі ён быў падобны на забітага, і вянок пры ім быў, толькі я не мог прачытаць, што напісана на стужцы. На могілках сабралася нямала народу. Усе знакамітасці горада, бо ад журботных успамінаў ніхто ж не застрахаваны, з новай жа кліентуры не прыйшоў ніхто. Але пахаванне Дафны Мюлер было не адзінай прычынай наведаць менавіта гэтай раніцай нашыя дагледжаныя гарадскія клады. Бо адначасова з Дафнай праводзілі ў вечнасць пракурора Емэрліна. Ягоны сыход з жыцця таксама адбываўся пад усеагульнае шкадаванне, бо калі хто-небудзь ніколі больш не здолее злавацца, дык яго вельмі шкадуеш. На шчасце да агульнага смутку дамешвалася пэўная злараднасць. Бо смерць Емэрліна была не пазбаўлена камізму. Емэрлін, аказваецца, быў у саўне, куды хадзіў штотыдня, і там, ужо голы, убачыў побач голага Лінгарда і не змог перажыць свайго ашаламлення. Таму людзі хоць і смуткавалі, але неяк з’едліва. У пахаваннях, якія супадаюць у часе, ёсць і свой дадатны бок. Можна паўдзельнічаць у абодвух. Я прыкідваў, хто на якія явіўся: наш гарадскі галава, пракурор Фойзэр і некалькі апраўданых злачынцаў, якія хацелі насаліць нават нябожчыку, -- на пахаванне Емэрліна; Лінгард, Лойпінгер, Штусі-Лойпін – і на тыя і на тыя, а вось Фрыдлі, Людэвіц, Мондшайн, хутчэй за ўсё толькі на Дафну. І ў кожнага быў пры сабе парасон. Пастар Зэн стаяў каля труны Дафны, пастар Ватэнвіль – каля труны Емэрліна. Абодва – у стартавай стойцы. Я чакаў, нецярпліва перамінаючыся з нагі на нагу. Грукнуў гром. Але ніводзін пастар чамусьці не пачынаў малітвы. Пажылы чалавек, якога я бачыў у трамваі (каля труны Дафны, апрача яго, не было ні душы). Паклаў на труну вянок: “Сястранцы Дафне ад Гуга Вінтэра”. Трэба меркаваць, мы мелі справу з настаўнікам першай ступені Вінтэрам. Зноў рыкнуў гром, гэтым разам бухнула даволі моцна. Парыў ветру. Усё ператварылася ў чаканне, нават народ каля суседняй магілы паглядваў на нас. Усе чагосьці чакалі, а чаго – я не ведаў, пакуль не зразумеў: худзюшчая сястра міласэрнасці страевым крокам рухалася ад брамы, сунучы перад сабою да магілы каталку, у якой сядзела сапраўдная Моніка Штаерман. Карліца ярка нафарбавалася, на галаву надзела вогненна-чырвоны парык, які нагадваў валасы Дафны, і ад гэтага парыка галава малюпасенькай істоты здавалася яшчэ большай, удадатак на ёй была міні-спадніца, падобная на дзіцячую сукеначку, і нітка жэмчугу, якая праходзіла паміж скукорчанымі ножкамі і звісала з каляскі, а на каленях у яе ляжаў нейкі прадмет, загорнуты ў чорную хусту. Поруч з ёю вымаршваў каржакаваты мужчына ў чорным гарнітуры, надта кароткім і надта ж цесным. Гэта быў багаты, як Крэз, грубіян, ён жа нацыянальны радца Эшысбургер. З сабой Эшысбургер тарабаніў вянок. Нават гарадскі галава, нават Фойзэр, нават самыя магільшчыкі пакінулі магілу Емэрліна і перадыслакаваліся да магілы Дафны – пастар Ватэнвіль застаўся адзін. Мяркуючы па ўсім, ён не быў бы супраць таксама пайсці за астатнімі. Новыя раскаты грому, новыя парывы ветру.
-- Чорт пабяры, -- сказаў нехта побач. Гэта азваўся начальнік паліцыі.
Сястра падвезла Моніку Штаерман да магілы. Эшысбургер кінуў вянок на труну. “Навекі любімай Моніцы ад яе Монікі”, -- было напісана на стужцы.
Пастар Зэн выступіў наперад, уздрыгнуў ад новай грымоціны, і ўсе прысутныя пасунуліся бліжэй. Я супраць волі апынуўся за Штаерман, паміж сястрой міласэрнасці і начальнікам паліцыі; перад жа начальнікам стаяў Эшысбургер, а перад сястрой – Штусі-Лойпін. Дамавіну пачалі апускаць у магілу. Каля суседняй не засталося нікога, каб апусціць у магілу труну Емэрліна. Пастар Ватэнвіль усё яшчэ паглядваў на нас, тым часам як пастар Зэн баязліва разгарнуў Біблію, абвясціў да ўсіхнага ведаму: паводле Яна, раздзел 8, версэты з 5-га па 11-ы, але зачытаць абвешчаны тэкст яму не ўдалося: Моніка Штаерман высока падняла прадмет, які перад тым ляжаў у яе на каленях, і з сілаю, якое ніхто не чакаў ад яе, шпурнула яго ў магілу Дафны, так што ён грукнуўся на века труны і прабіў яго. Гэта была бронзавая галава ілжэ-Монікі паводле разца Мока. Падбег пастар Ватэнвіль, а пастар Зэн быў настолькі збянтэжаны і разгублены, што чыста аўтаматычна сказаў: “Памолімся, брацця”.
Але тут упалі першыя цяжкія кроплі, асобныя парывы ветру склаліся ў цэлую буру, раскрыліся парасоны. Як што я стаяў ззаду Штаерман, я вырашыў асланіць яе ад дажджу і таксама растапырыў свой. Г. зн. Я націснуў нейкую кнопачку каля ручкі, але на маё здзіўленне купал узмыў угору, падняўся высока-высока, пакружляў над скрушлівым зборышчам і, як што бура аціхла гэтак жа імгненна, як і пачалася, вялікай чорнай птушкай спікіраваў на труну Дафны. Многія ледзь-ледзь стрымаліся ад смеху. Я тупа ўтаропіўся на дзяржак парасона, які застаўся ў мяне ў руцэ: гэта быў стылет. Мне здалося, быццам я стаю у ганаровай варце над труною забітай з прыладай забойства ў руках, а пастар тым часам чытаў пацеры. Тут магільшчыкі заўвіхаліся рыдлёўкамі, цяпер можна было аддаць зямлі і труну Емэрліна. Сястра міласэрнасці павезла Моніку Штаерман да брамы, мне давялося адступіцца ўбок, каб даць дарогі, я ўсё яшчэ сціскаў у кулаку стылет, а людзі тым часам складвалі свае парасоны: навальніца, з павагі абмінуўшы нашыя могілкі бокам, абрынулася на цэнтр горада; там да вечара адпампоўвалі ваду з падвалаў, затое сям-там ужо ляскалі петарды. Людзі святкавалі. На дзіва магутны паток сляпучага сонечнага святла заліў натоўп, які памкнуўся да выхаду, і магільшчыкаў, якія працавалі рыдлёўкамі. Пастар Зэн таксама стараўся сысці хутчэй, а пастар Ватэнвіль, разгублена азіраўся, бо і гарадскі галава, і Фойзэр ужо сышлі. Толькі Лінгард яшчэ стаяў каля магілы Емэрліна і глядзеў, як труну засыпаюць зямлёй. Калі ён праходзіў паўз мяне, я ўбачыў, што ён плача.
Ён страціў ворага. Я зноў утаропіўся на стылет. Вастрыё ў яго было цёмна-бурага колеру, а жалабок на вузкім лязе таксама.
-- Ваш парасон больш нікуды не варты, -- сказаў начальнік паліцыі, які стаяў побач, пасля ўзяў з маёй рукі стылет з ручкай ад парасона і рушыў да выхаду.
Продаж. Паштоўка ад Колера з Хірасімы супакоіла мяне. Колер мае намер паехаць адтуль у Сінгапур. Нарэшце ў мяне ёсць час расказаць самае галоўнае, хай нават гэта глупства, якое нельга апраўдаць ніякімі фінансавымі цяжкасцямі. Я пераслаў усе справаздачы Штусі-Лойпіну, і праз два дні ён прыняў мяне ў гасцёўні свайго дома, далёка за горадам. Кажучы “гасцёўня”, я шмат чаго ўпускаю, правільней было б сказаць: негасцінная зала. Яна квадратнай формы, метраў, па-мойму, дваццаць на дваццаць. Тры сцяны – з шкла, дзвярэй нідзе не відаць, праз адну сцяну раскрываецца старадаўні гарадок, які хоць і пашкадавала аўтастрада, але залівае бясконцы паток машын; у сутонні яны надаюць мясцовасці выгляд нейкага прывіднага жыцця, сцежкі ліхтароў бягуць па сасудах старых сцен, праз дзве другія сцяны відны падсветленыя валуны і шматтонныя эратычныя глыбіны, скупа апрацаваныя разцом Мока гранітныя багі, якія кіравалі на зямлі да таго, як ёю завалодалі людзі, якія паднялі з глыбіняў горныя ланцугі, разарвалі на кавалкі кантыненты, каменныя маналіты, якія, нібы гіганцкія фаласы, клаліся ценямі на пустую ў тыя часы залу, бо апрача канцэртнага раяля па дыяганалі ад яго там стаялі толькі два фатэлі. Раяль – амаль каля ўваходу, самае недарэчнае месца, якое толькі можна сабе ўявіць, каля драўлянай лесвіцы на антрэсолі, дзе, верагодна, размешчана мноства не вельмі вялікіх пакояў, нездарма ж бо з вуліцы, калі я пад’ехаў на сваім “поршы”, дом Штусі-Лойпіна здаўся мне аднапавярховым і, калі глядзець з боку гарадка, нагадваў бунгала.
У адным з двух фатэляў сядзеў мой былы шэф, укрыты шлафрокам, -- сядзеў нерухома, асветлены адным толькі таршэрам, што стаяў паміж фатэлямі. Я пакашляў, ён не паварухнуўся, я прайшоў па рознакаляровых, па-майстэрску падабраных мармуровых плітах, якімі была выкладзена падлога, а Штусі-Лойпін так і не паварухнуўся. Я сеў у другі фатэль і патануў у скураным акіяне. На падлозе каля майго фатэля я ўбачыў у плеценым кошыку адкаркаваную бутэльку чырвонага віна, крышталёвую чарку званочкам і вазачку з арэхамі, такі самы набор быў і каля фатэля, метры за чатыры ад мяне, дзе сядзеў Штусі-Лойпін, з той толькі розніцай, што перад тым фатэлем на падлозе стаяў яшчэ і тэлефон. Я пільна прыгледзеўся да Штусі-Лойпіна. Ён спаў – я ўзгадаў партрэт Вeрлена, які раней здаваўся мне утрыраваным, толькі цяпер я зразумеў, як геніяльна мастак спасціг адваката: пад ускалмачанай капіцай брудна-белых валасоў вуглаваты, груба вытачаны чэрап селяніна, нос як гузаваты плод, глыбокія складкі, якія спускаліся да быццам долатам высечанага падбародка, дзёрзка непакорлівы і разам з тым мяккі рот, я разглядваў гэты твар, як разглядваюць прывычны, але ж і загадкавы пейзаж, бо я мала чаго ведаў пра Штусі-Лойпіна: прабыўшы некалькі гадоў маім шэфам, ён за ўвесь гэты час не абмяняўся са мною ані словам, якое б не тычылася справы; можа, менавіта з гэтай прычыны я і сышоў ад яго.
Я чакаў. Раптам праз акуляры без аправы на мяне глянулі здзіўленыя дзіцячыя вочы.
-- Шпэт, чаму ж вы не п’яце? – спытаўся ён бадзёрым голасам, быццам і не спаў хвіліну таму. (А можа, ён і насамрэч не спаў?) – Налівайце, я таксама сабе налью.
Мы выпілі. Ён назіраў за мною, маўчаў і назіраў.
Перш чым павесці гаворку пра цяжкасці, так пачаў Штусі-Лойпін, гледзячы проста перад сабою, а ён цалкам можа ўявіць сабе, якога роду мае цяжкасці, зрэшты, гэта больш чым асабістая заўвага, якое дачынялася да сумненняў, якія мною цяпер авалодалі і праз якія я да яго і прытопаў, ах ты, пардон, не прытопаў, а пад’ехаў на “поршы”, фу-ты, ну-ты, да чаго вытанчана!
Ён засмяяўся сам сабе, мяркуючы па ўсім, яго нешта неверагодна пазабавіла, яшчэ выпіў і спытаўся, ці расказваў ён калі-небудзь мне гісторыю свайго жыцця. Не? Яно ж бо і ясна. Ну, добра. Дык вось, ён сын шахцёра, і яго сям’я ўзяла сабе прозвішча Штусі-Лойпін толькі дзеля таго, каб іх не блыталі з Штусі-Бірлінамі, з якімі ягонае сямейства спакон веку варагавала за бульбяны палетак, а палетак той ляжаў на такой круцізне, што яго штогоду насыпалі нанава, дзеля чаго даводзілася цягаць зямлю на сабе, прычым часам па некалькі разоў, а ўраджаю з таго палетка ў лепшым разе як на тры-чатыры патэльні смажанай бульбы, але тым не менш за гэты палетак судзіліся, біліся і забівалі. І так па сённяшні дзень …Карацей кажучы, скончыўшы універсітэт, ён вярнуўся адвакатам у родную вёску, у вёску Штусі, бо там жа не толькі Штусі-Лойпіны ваююць з Штусі-Бірлінамі, але і Штусі-Моозі з Штусі-Зютэрлінамі і наогул усе Штусі ўдоўж і ўпоперак, але так было толькі на самым пачатку, калі вёска была, так сказаць, заснавана, калі, вядома, дапусціць, што яна ўвогуле была калі-небудзь заснавана, а сёння кожнае сямейства Штусі проста варагуе з усімі астатнімі. І ў гэтым горным гняздзе, слухайце, Шпэт у гэтым плеціве сямейных раздораў, забойстваў, кровазмяшэння, клятваадступніцтва, крадзяжу, утойвання і паклёпу ён, Штусі-Лойпін, правёў гады сваёй навукі як адвакат па сялянскіх справах, як хадыка (так называюць гэта сяляне) , але не на тое, аднак, каб увесці ў гэтай даліне правасуддзе, а каб не дапускаць яго і на гарматны стрэл; бо ж і селянін, які зрабіў выгляд, быццам яго старая загінула ў няшчасным выпадку і які адразу ж ажаніўся са сваёй парабчанкай, альбо сялянка, якая выйшла замуж за парабка пасля таго, як з дапамогай мыш’яку спраторыла на могілкі свайго дабравернага, у сваёй сядзібе прынясуць усё-такі больш карысці, чым за кратамі. Пустыя турмы абыходзяцца дзяржаве танней, чым поўныя, затое пустыя двары і палі зарастаюць зеллем і глеба апаўзае ў даліну.
Ён зноў рагатнуў.
-- Госпадзе, ну ж бо й часіны былі, -- здзіўлена прамовіў ён. – Якая мяне муха тады ўкусіла, не ведаю, але я ажаніўся з уроджанай “фон”, з фон Мельхіёр, пераехаў у ваш горад і стаўся паспяховым адвакатам. А як там на дварэ?
-- Фён. Як на снежань занадта цёпла. Як увесну, -- адказаў я.
-- Можа, выйдзем?
-- З прыемнасцю.
-- “Выйдзем” – гэта не зусім дакладнае слова, -- сказаў ён і націснуў нейкую кнопку ў падлакотніку свайго фатэля, пасля чаго неабсяжныя шкляныя сцены пайшлі ў зямлю, а пражэктары за валунамі патухлі. Цяпер мы сядзелі пад лётка ўзнесенай бетоннай столлю, нібы на вуліцы, асветленыя толькі таршэрам. – Неэканомная канструкцыя, -- сказаў Штусі-Лойпін, усё гэтак жа гледзячы перад сабою.Часам ён бачыцца сабе фюрэрам у рэйхсканцылярыі. – Але ж чаго вы хочаце, Шпэт, суперадвакату павінен быць па кішэні Ван дэр Хойсэн, хоць па добрай волі я аддаў бы перавагу Фрыдлі. Лёс тых, хто ўвайшоў у моду.
А цяпер вось ён сядзіць тут адзін як палец. Калісьці ён даваў у гэтай зале банкеты, адзін за адным, але людзі з горада падалі скаргу, Фюдлібюргер таксама, пакуль… зрэшты, гэта ўжо не па справе. Мэблю пасля гэтага ён усю сплавіў, цяпер тут адны мадэрновыя штучкі-дручкі.
Пасля, наліваючы сабе віна, ён сказаў:
-- А зараз, Шпэт, пяройдзем да справы.
Я расказаў пра даручэнне доктара h.c. Ісака Колера.
Штусі-Лойпін не даў мне дагаварыць, сказаў, што ўсё ведае, выпіў, дадаў, што і гер-фраў Кнульпэ таксама ў яго пабывалі. А што да атрыманага мною задання, яго паінфармавала Элен, Колерава дачка, акрамя таго ён праштудзіраваў Лінгарда і ўсіх ягоных.
Я падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт матываў Колера, пра падазрэнні Элен, што Колера прымусілі ўчыніць забойства, паведаміў і пра сваю сустрэчу з Дафнай, пра свой візіт да сапраўднай Монікі Штаерман і, нарэшце, пра неспадзяваны прыход Бэна у маё бюро.
-- У вас у руках рэдкі шанец, малады чалавек! – усклікнуў Штусі-Лойпін, яшчэ раз падліваючы сабе віна.
-- Не разумею, што вы хочаце гэтым сказаць, -- няўпэўнена прамармытаў я.
-- Яшчэ як разумееце, -- парыраваў ён. – Інакш бы не прыйшлі да мяне. Давайце на пробу паўдзельнічаем у гульні Колера. Калі дапусціць, што забойца не ён, дык самае простае – знайсці іншага забойцу. Ім можа быць толькі Бэна. Вось на яго і напала трасучка. Ён прамантачыў больш як дваццаць мільёнаў з дабраславення ілжэ-Монікі, Вінтэр давёў гэта да ведама сапраўднай Монікі, заручыны рухнулі, Бэна, значыцца, збанкрутаваў і пускае кулю ў Вінтэра проста за сталом. Voila!Такая версія патрэбна вашаму працадаўцу і тым самым патрэбная вам.
Штусі-Лойпін паглядзеў чарку на святло. З боку гарадка да нас даляцеў гук клаксонаў, некалькі хвілін: калі меркаваць па нерухомых агнях фараў, дзве сустрэчныя аўтакалоны ўязджалі адна ў адну.
Штусі-Лойпін засмяяўся.
-- Гэта ж трэба, каб такому жаўтароціку проста ў рукі прыплыў самы цікавы перагляд справы з усіх, якія толькі ведала наша стагоддзе.
-- Мне ніхто не даручаў ніякага перагляду, -- сказаў я.
-- Але ж даручэнне, якое вы прынялі-такі, непазбежна вядзе да перагляду.
-- Гэта Колер забіў Вінтэра, -- цвёрда сказаў я.
Штусі-Лоёпін шчыра здзівіўся.
-- Ну й што? Вы гэта на свае вочы бачылі?
У глыбіні памяшкання спусцілася па вераўчанай лесвіцы нейкая чорная постаць і зашкандыбала ў наш бок. І калі яна падышла, я ўбачыў, што гэта святар з маленькай чорнай сумачкай. Ён спыніўся, не дайшоўшы да Штусі-Лойпіна метраў тры, пакашляў, шкляныя сцены адразу ж занялі ранейшае месца, успыхнулі пражэктары, і гранітныя божышчы адкінулі свае цені ў зноў замкнутае з усіх бакоў памяшканне. Святар быў вельмі стары, крыху касабокі, маршчыністы, і адну нагу ён падвалакаў.
-- Ваша жонка атрымала апошняе памазанне, -- сказаў ён.
-- Парадак, -- сказаў Штусі-Лойпін.
-- А я буду маліцца, -- запэўніў яго святар.
-- За каго? – спытаў Штусі-Лойпін.
-- За вашу жонку, -- удакладніў святар.
-- Такая ў вас прафесія,-- абыякава падсумаваў Штусі-Лойпін і нават не павярнуў галавы, калі святар, нешта прамармытаўшы, пакульгаў да выйсця, дзе ахмістрыня, тая самая, што ўпусціла мяне, адчыніла перад ім дзверы.
-- У мяне жонка памірае, -- як бы мімаходзь кінуў Штусі-Лойпін і асушыў чарку.
-- Але калі так… --пралепятаў я, устаючы з фатэля.
-- Госпадзе, да чаго ж вы цырымонная асоба, -- сказаў Штусі-Лойпін. – Сядзьце як сядзелі.
Я сеў, ён зноў наліў. Сцены пайшлі ў зямлю, пражэктары патухлі, мы зноў апынуліся ў садзе.
Штусі-Лойпін нерухома глядзеў перад сабою.
-- Маёй жонцы хапае душэўнай велічы, каб выбавіць мяне з пакутніцкай мусовасці сядзець каля яе смяротнага ложка, -- сказаў ён раўнадушна, -- удадатак у яе пабываў святар, а цяпер там урач і сястра. Мая жонка, хай вам будзе вядома, Шпэт, не проста чорт ведае якая жыццелюбка, чорт ведае якая багатая і чорт ведае якая пабожная, яна да таго ж яшчэ чорт ведае якая прыгожая. Смешна гучыць, праўда? Цэлае жыццё яна ашуквала мяне. Урач, які цяпер сядзіць каля ложка, быў у яе апошні каханак. Зрэшты, я яе разумею. Такі мужчына, як я, жанчыне ўсё адно што атрута.
Ён зноў рагатнуў і без пераходу памяняў тэму. І паведаміў мне, што я дурань, раз лічу доктара Ісака Колера вінаватым. Увогуле, шчыра кажучы, ён, Штусі-Лойпін, таксама так лічыць. Праўда, паказанні сведкаў супярэчлівыя, праўда, прылада забойства так і не была знойдзена, праўда, і матыву таксама няма, але ўсё адно мы яго прызналі вінаватым. А чаму мы прызналі яго вінаватым? Ды таму, што забойства было ўчынена ў перапоўненым рэстаране. І прысутныя гэта неяк заўважылі, нават калі іх паказанні супярэчаць адно аднаму. Дык вось, хоць мы і ведаем не напэўна, але мы напэўна ў гэтым перакананыя. Што моцна здзівіла яго ўжо ў ходзе судовага разбіральніцтва. Ні рэвальверам ніхто не цікавіўся, ні сведкаў не дапыталі, і суддзя цалкам задаволіўся паказаннямі начальніка паліцыі, які хоць і сядзеў паблізу ў момант забойства, але ні словам не акінуўся, на свае вочы ён бачыў забойства ці пакладаецца на сведкаў, удадатак абаронца быў пустое месца. А Емэрлін, наадварот, у выдатнай форме. Нам каштавала вялікіх намаганняў ураўняць нашае веданне віны Колера з нашай перакананасцю. Наша веданне пляцецца следам за ёю – ды спрытны абаронца ўжо з адной гэтай супярэчнасці збудаваў бы апраўдальны вырак. Але мы павінны былі даць нашаму добраму Емэрліну магчымасць дакапацца да прычынаў. Колер даў выгаднае даручэнне мне, бо я нічога не кемлю ў більярдзе. З гэтага я зрабіў выснову (Штусі-Лойпін уважліва выслухаў мяне), што Колер страляў, каб назіраць, забіў, каб даследаваць законы грамадства, а матыў не прывёў толькі таму, што суд усё адно ў такі матыў не паверыў бы. Дарагі дружа, ён, Штусі-Лойпін, можа сказаць на гэты конт толькі адно: матыў атрымаўся занадта літаратурны. Іх выдумляюць толькі літаратары, хоць і ён таксама перакананы: у чалавека, як Колер, і матыў павінен быць які-небудзь незвычайны. Незвычайны – так, незвычайны, але які менавіта?
Штусі-Лойпін задумаўся.
-- Вы зрабілі памылковую выснову, -- сказаў ён, бо нічога не разумееце ў більярдзе. Колер гуляў ад борта дубэльтам.
-- Так-так, ад борта, -- раптам азарыла мяне. – Аднаго разу Колер менавіта гэта сказаў. За більярдам у “Du Théâtre”. “Ад борта дубэльтам. Толькі так можна знайсці ўправу на Бэна”.
-- А як ён пасля гэтага згуляў? – пацікавіўся Штусі-Лойпін.
-- Дакладна не памятаю. – Я спрабаваў успомніць: -- Ён, здаецца, даў шар у борт, ад борта шар адскочыў назад і штурхнуў шар Бэна.
Штусі-Лойпін наліў сабе віна.
-- Колер забіў Вінтэра, каб такім спосабам расправіцца з Бэна.
-- Але навошта? – разгублена спытаў я.
-- Ну, Шпэт, вы яшчэ наіўнейшы, чым я думаў, -- не схаваў свайго здзіўлення Штусі-Лойпін. – А здавалася ж бы, фраў Штаерман падкінула вам ключ да рашэння. Колер вядзе яе справы. Нават з турмы. Ён там не толькі пляце кашы. Штаерман патрэбен Колер, а Колеру патрэбна Штаерман. Людэвіц – падстаўная фігура. Але хто тут гаспадар і хто – слуга? У пэўным сэнсе дачка Колера мае рацыю. Гэта было забойства з ласкі. А чаму б і не? Таксама свайго роду шантаж. У Штаерман ляжаць незлічоныя мільёны, і тыя дваццаць мільёнаў таксама ёй належалі, тут ужо, трэба думаць, Колер навёў даведкі, а потым і расправіўся з Бэна праз Вінтэра. Па жаданні Штаерман; магчыма, ёй нават не давялося выказваць сваё жаданне ўголас, магчыма, ён адгадаў яго.
-- Дапушчэнне яшчэ больш неверагоднае, чым праўда, -- сказаў я- -- Штаерман кахала Бэна, бо яго кахала Дафна, і адраклася ад яго толькі тады, калі Дафна адраклася ад яе.
-- Не, дапушчэнне больш рэальнае за праўду. А сама праўда часцей за ўсё непраўдападобная, -- запярэчыў Штусі-Лойпін.
-- Ніводзін чалавек не паверыць у ваша дапушчэнне, -- сказаў я.
-- Не, ніводзін чалавек не паверыць у праўду, ніводзін суддзя, ніводзін прысяжны, нават Емэрлін і той не. Бо праўда разыгрываецца на ўзроўнях, недаступных правасуддзю. Калі назначаць перагляд справы, дык адзіная думка, якая ўзнікне ў суда, будзе наступная: Вінтэра забіў доктар Бэна. Бо толькі ў яго ёсць канкрэтны матыў. Нават калі ён невінаваты
-- Нават калі невінаваты?
-- А вас гэта бянтэжыць? Яго ж невінаватасць – таксама дапушчэнне. І ён адзіны, хто мог зрабіць так, каб рэвальвер прапаў. Дружа мой, вазьміце гэты працэс на сябе, і праз некалькі гадоў вы станеце нароўні са мною.
Зазваній тэлефон. Ён зняў слухаўку, потым зноў паклаў.
-- Жонка сканала-такі, -- сказаў ён.
-- Прыміце мае спачуванні, -- пралепятаў я.
-- А, пра што тут гаварыць.
Ён хацеў зноў наліць сабе, але бутэлька была ўжо пустая. Я ўстаў, наліў яму і паставіў сваю бутэльку каля пустой.
-- Мне яшчэ ехаць, -- сказаў я.
-- Разумею,-- адказаў ён. – Да таго ж “порш” даўся вам у капеечку.
Садзіцца я больш не сеў.
-- Гер Штусі-Лойпін, я не збіраюся весці гэты працэс, і з даручэннем Колера я таксама не хачу мець нічога на сэрцы. А сабраныя матэрыялы я проста знішчу.
Ён паглядзеў сваю чарку на святло.
-- Колькі вы атрымалі задатку?
-- Пятнаццаць тысяч плюс дзесяць на выдаткі.
Па лесвіцы сышоў чалавек з чамаданчыкам, яўна ўрач, ён павагаўся, прыкідваючы, падыходзіць яму да нас ці не, але тут з’явілася ахмістрыня і правяла яго.
-- Вам нялёгка будзе выплаціць такія грошы нават у растэрміноўку, -- сказаў Штусі-Лойпін. – А ўсяго колькі?
-- Трыццаць тысяч плюс накладныя траты.
-- Прапаную сорак, і вы аддаяце мне ўсе матэрыялы.
Я замяўся.
-- Вы што, хочаце ўзяцца за перагляд?
Ён па-ранейшаму разглядаў на святло чарку з чырвоным “тальбо”.
-- Мая справа. Ну як, прадаяце?
-- Мусіць, мушу прадаць, -- адказаў я.
Ён дапіў чарку.
-- Нічога вы не мусіце, вы хочаце.
Потым зноў напоўніў чарку і зноў паглядзеў яе на святло.
-- Штусі-Лойпін, -- сказаў я, адчуваючы, што ўжо станаўлюся нароўні з ім. – Штусі-Лойпін, калі працэс адбудзецца, я буду абаронцам Бэна.
І я пайшоў. Калі я ўступіў у цень аднаго валуна, Штусі-Лойпін гукнуў мне ўслед:
-- Вас пры гэтым не было, Шпэт, і зацеміце сабе на носе -- мяне таксама.
І ён дапіў сваю чарку і зноў заснуў.
…Доктар h.с. Ісак Колер тэлеграмай паведаміў мне пра сваё прыбыццё: ён павінен прызямліцца паслязаўтра ў 22 гадзіны 15 хвілін рэйсам з Сінгапура, тады я застрэлю яго, а потым застрэлюся сам. Таму ў мяне застаюцца толькі дзве ночы, каб давесці справаздачу да канца. Тэлеграма Колера застала мяне знянацку, бо, мабыць, я ўжо не верыў у ягонае вяртанне. Шчыра прызнаюся, я п’яны. Я быў у “Хеку”, апошнім часам я рэгулярна бываю ў “Хеку”, за даўгім драўляным сталом, побач з такімі сама п’янымі. Жыву на сродкі Гізэлы і іншых паненак, якія пасля смерці Маркіза перабраліся да нас не з Нойшатэля, а з Жэневы і Бэрна, тым часам як многія з нашых сваёй чаргою перабраліся ў Жэневу і Бэрн, адбываецца шмат службовых перамяшчэнняў, якія асабіста мяне зусім не датычацца, бо афіцыйна я не маю права нічым займацца, акрамя як чакаць, калі прыйдзе тое паслязаўтрае. 22 гадзіны 15 хвілін. Месца Луцкі заняў Нольдзі Архідэйны, ён, здаецца, ураджэнец Залатурна, кар’еру зрабіў у Франкфурце і ўвесь з сябе такі далікатны, усе ягоныя паненкі цяпер ходзяць з архідэямі, а паліцыя ўся скапыцілася, нельга ж бо забараніць насіць архідэі, нейкая дама-юрыстка з Базэля, якая каля гадзіны ночы ў раёне Бэльвю ішла па вуліцы з архідэяй на блузцы – яна вярталася з тэледыскусіі пра выбарчае права жанчын, -- была затрымана, дакументаў у яе пры сабе не было, скандал выбухнуў страшэнны, паліцыя і начальнік паліцыі – гэта з няўклюднага афіцыйнага абвяржэння – выставілі сябе на агульнае пасмешышча. Нольдзі Архідэйны атрымаў неабмежаваную ўладу, завёў сабе адваката Віхертэна, аднаго з даволі паважаных нашых адвакатаў, які з чыста сацыяльных меркаванняў мае намер выступіць у абарону гэтых дам, бо яны, калі ўжо на тое, спраўна плацяць падаткі; ён нават падняў пытанне пра стварэнне салонаў масажу. Асабіста мне Нольдзі Архідэйны намякнуў, што я “з сваім ладам жыцця” непрымальны больш у іхнім інтэрасе, аднак ён не дапусціць, каб я канчаткова ляснуўся, гэта яго святы абавязак перад нябожчыкам Луцкі, што ён ужо пагутарыў са сваім персаналам – уласныя словы Нольдзі – і што мне дазволена жыць і далей у “Хеку”, начальнік паліцыі з таго часу таксама ні разу не назаляўся мне са сваёй увагай, мяркуючы па ўсім, нікога больш не цікавіць, як загінулі Луцкі і Маркіз, ды і нераскрытае забойства Дафны забыта. Такім чынам, мяне хоць і не ўтрымліваюць, але ўсё-такі падтрымліваюць. Калі ў “Хеку” госці просяць у мяне адрасочка, які я даю бясплатна, і тады госці – у большасці геры ў веку – плацяць за мой віскі, гэта выглядае досыць высакародна, ну, і натуральна. Вось чым я магу абгрунтаваць свой нападпітак, кепскі почырк і паспешлівасць, бо, прызнаюся шчыра, атрымаўшы тэлеграму Колера, я для пачатку даўся ў запой, а потым сяк-так-неяк дабраўся да Шпігельгасэ, а цяпер вось, праз дваццаць гадзін, сяджу за сваім пісьмовым сталом. На шчасце, у мяне пры сабе бутэлька “Джоні Уокера”, на маё, я б сказаў, вялікае здзіўленне, хоць не, цяпера я прыпамінаю зубнога ўрача з Туна, які знайшоў мяне ў “Хеку” і якога я ў “Манака” пазнаёміў з Гізэлай, так, атрымліваецца, я прыйшоў не з “Хека”, як, магчыма, казаў раней, а з “Манака” – паспешнасць, якая патрэбна пры маіх запісах, не дае мне ні прачытаць напісанае, ні замоўчваць тыя альбо іншыя акалічнасці. Такім чынам , сваё пуздэрка я зарабіў сумленна, на Гізэлу зубнік не зрабіў ніякага ўражання, наадварот, ён усяляў у яе жах, за “Удавой Кліко” – гэта была другая бутэлька – ён дастаў з рота свае сківіцы, спачатку верхнюю, пасля ніжнюю, абедзве свайго ж вырабу, каля левага верхняга зуба мудрасці ён прадэманстраваў нам свае ініцыялы Ц. В., потым узяў сківіцы ў руку, пастукаў імі адна аб адну і паспрабаваў укусіць імі Гізэлу ў грудзі. У Хіндэльмана за суседнім столікам слёзы закапалі на жывот ад смеху, асабліва калі дантыст упусціў з рук сківіцы і яны ўпалі не толькі пад наш стол, але і пад стол Хіндэльмана, а той сядзеў з Мэрылін, гэтай новенькай з Ольтэна, адкуль, дарэчы, і сам Нольдзі Архідэйны, вой – не, ён з Залатурна, ба, а можа-такі з Ольтэна?—пасля чаго дантыст палез ракам за сваімі сківіцамі, якія мала таго, што ніхто не хацеў падымаць, але нават жа і наадварот, усе адграбалі нагамі пад суседні стол. Нарэшце Гізэла ўсё-такі ўмілажалілася, а мы рагаталі-рагаталі, аж ужо на змярканне пайшло і я атрымаў сваю бутэльку “Джоні”. А дурны рогат Хіндэльмана раззлаваў мяне таму, што ў працэсе Колера ён паказаў сябе нікчэмным прадстаўніком абвінавачання. Гэта быў разгляд, я не абмовіўся, не перагляд, а разгляд. Усе лічылі, што Штусі-Лойпін вядзе справу да перагляду, але ён уразіў усіх тым, што падаў апеляцыю ў дэпартамент юстыцыі. Доктар h.с. Ісак Колер ні разу не прызнаваўся, што застрэліў германіста, прафесара Адальфа Вінтэра, у рэстаране “Du Théâtre”. Адных паказанняў сведкаў недастаткова, калі сам злачынец аспрэчвае факт злачынства, урэшце ж сведкі могуць і памыляцца. З гэтай прычыны справа Колера падпадае не юрысдыкцыі кантанальнага суду, а суду прысяжных. І значыцца, трэба ўжыць усё магчымае з пункту гледжання правасуддзя і закона, каб ануляваць стары прысуд і перадаць справу Колера суду прысяжных, як яно і належыцца. Гэтая апеляцыя Штусі-Лойпіна, якая выклікала сутаргавае ператрэсванне актаў і пратаколаў, якое, на вялікі жах галавы нашай юстыцыі Майсея Шпрунгліна, пацвердзіла адсутнасць прызнання з боку абвінавачанага, бо за прызнанне былі памылкова прыняты філасофскія выверты Колера, мела вынікам, што галава нашай юстыцыі датэрмінова спраторыў на пенсію старшыню, суддзю кантанальнага суду Егерленэра, а чатыром членам судовай калегіі, як і пракурору Емэрліну, вынес асуджэнне, а справу Колера перадаў суду прысяжных – з пункту гледжання юрыдычнай акцыя крыху паспешлівая. Шалёная атака Емэрліна ні да чога не прывяла, пратэст, унесены ў федэральны суд, быў з такой самай, можна сказаць сенсацыйнай, хуткасцю адхілены – з’ява проста-такі унікальная для ўладаў, якія ад вечнай перагрузкі працавалі звычайна з хуткасцю слімака; адным словам, новы працэс адбыўся ужо ў красавіку 1957 года.
Емэрлін не здаваўся, ён хацеў і тут выступіць абвінаваўцам, але Штусі-Лойпін адхіліў яго кандыдатуру як асобы прадузятай. Емэрлін змагаўся як леў і саступіў, толькі калі дачуўся, што з Штусі-Лойпінам не справіўся б і Фойзэр, прычым я толькі цяпер спахапіўся, што дагэтуль нічога не расказаў пра сам працэс, не расказаў, напрыклад, пра непрыглядную ролю, якую адыграў на ім начальнік паліцыі, паказаўшы, што не бачыў на свае вочы, як страляў Колер, а проста дапусціў гэта. Адным словам, Штусі-Лойпін схітрыўся націснуць на ўсе клавішы адразу. Не запярэчыш, ён быў цудоўны. Запрошаныя Штусі-Лойпінам сведкі так зацята супярэчылі адно аднаму, што прысяжныя часам заледзьве стрымлівалі смех, а публіка аж вішчала ад захаплення: тую акалічнасць, што рэвальвер так і не быў знойдзены, Штусі-Лойпін разыграў як па нотах, і, калі ранейшымі суддзямі яна была пакінута без увагі, інакш кажучы, пакінута па-за ўвагай, адсутнасць corpus delicti*, гэта ўжо само па сабе ўважлівая прычына, каб апраўдаць Колера за недахопам доказаў. Паступова Штусі-Лойпін пачаў перанакіроўваць падазрэнне на Бэна: і на мромант забойства Бэна быў у “Du Théâtre”, і як бы там яно ні было, а ён – чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, і ўдадатак мае калекцыю зброі, якую (калі верыць Лінгарду) мерыцца прадаць з прычыны фінансавых цяжкасцяў – тут па зале праляцеў шэпт, -- далей Штусі-Лойпін дазволіў сабе нейкія намёкі адносна разладу паміж доктарам Бэна і прафесарам Вінтэрам, праз што і ўзнікла патрэба дапытаць Бэна; усе нецярпліва чакалі допыту, але Бэна не прыйшоў у суд. Я і сам шукаў яго ўжо каторы дзень. Я прыняў цвёрдае рашэнне ўзяць на сябе абарону Бэна, пра што я ўжо раней інфармаваў Штусі-Лойпіна, дзеля абароны мне трэба была атрымаць ад Бэна сякую-такую інфармацыю, каб далей расследаваць злачынства Колера, але нават у бары “Супакой маю журбу” пра Бэна ніхто нічога не ведаў. Фойхтынг падазраваў, што Бэна хаваецца ў Дафны. Дафна – добрая, шчырая душа і не пакідае ў бядзе былых мілоснікаў, нейкі Эміль Э., каміваяжор фірмы дэзадарантаў, які нядаўна пакінуў у яе на Аўрораштрасэ свой месячны прыбытак, сказаў, што ў яго склалася ўражанне, быццам на кватэры ў Дафны ёсць яшчэ нехта. Знайсці Бэна не ўдавалася. Усе думалі, што ён збег. Паднялі на ногі ўсю паліцыю, падключылі Інтэрпол, адбывалася прыкладна тое самае, што і пры арышце Ісака Колера. Складанасці ўзніклі з Дафнай, яна патрабавала, каб ёй прад’явілі ордэр пракурора на ператрус у яе кватэры; калі ж Ільза Фройдэ на раніцу пераступіла парог майго бюро на Цэльтвэгэ, яна ўбачыла, што спрытны рапірыст і цэлкі стралок вісіць на люстры і пры гэтым пакалыхваецца на скразьняку, бо вокны і так ужо былі адчынены, а Ільза, уваходзячы, натуральна, адчыніла дзверы. У Бэна захаваўся ключ ад яго былога бюро, ён залез на мой пісьмовы стол, які колісь быў ягным сталом, а я тым часам з Дафнай… каб хоць такім чынам знайсці Бэна… ад мяне яшчэ шмат дзён пасля патыхала рознымі эсэнцыямі памянёнага Эміля Э. …Мабыць-такі менавіта таму я і пішу з такой неахвотай пра сам працэс: на судзе абавязкова зайшла б гаворка пра мае новыя адносіны з Дафнай, прычым у прысутнасці Элен, калі б Штусі-Лойпін надумаўся дапытаць Дафну, а ён мусова надумаўся б, калі б Бэна не апярэдзіў яго сваім суіцыдам, які мусова ж быў бы патлумачаны як прызнанне віны. Доктар h.c. Ісак Колер быў з трыумфам апраўданы. Пакідаючы залу, ён затрымаўся каля мяне, паглядзеў халоднымі, бясстраснымі вачыма і сказаў, што разыгранае тут дзейства ёсць самае бессаромнае з усіх магчымых варыянтаў вырашэння праблемы, што мае фінансавыя складанасці – Госпадзе ты Божа мой!—цалкам зразумелыя, і чаму замест таго, каб прыйсці да яго, я перадаў вынікі сваіх росшукаў Штусі-Лойпіну, які і зладзіў гэты брыдкі балаган правасуддзя, апраўдальны вырак, цьфу і яшчэ раз цьфу, такая ганьба чалавеку – выглядаць нявіннай авечкай, ды і дзе ёсць яны, тыя нявінныя авечкі; а пасля ён дадаў фразу, якая канчаткова давяла мяне да белага накалу і пацвердзіла, што забіць Колера – гэта мой абавязак, бо павінен жа нехта аднавіць патаптаную справядлівасць, каб яна канчаткова не перарадзілася ў фарс. А сказаў Колер наступнае: калі б я перадаў матэрыялы расследавання яму замест таго, каб перадаваць іх Штусі-Лойпіну, Бэна і без ніякага суду гушкаўся б на люстры; з гэтымі словамі Колер штурхнуў мяне, як нейкага бадзягу, я адляцеў на Мока, які стаяў за мною, укладваючы ў кішэнь свой слыхавы апарат, а калі я штурхнуў яго, сказаў: “Так-так, а як жа, як жа”. Колер пакінуў будынак суда. Банкет пераможцаў у Доме гільдзій, “У страказы”. Тост прэзідэнта, вытрыманы ў гекзаметрах, адкуль Колер – напрасткі ў Аўстралію, а я са сваім рэвальверам спазняюся да адлёту. Гэтая гісторыя ўжо вядомая. З таго часу прайшло паўтара гады, зноў прыйшла восень. Заўсёды восень. Госпадзе, а я зноў п’яны, баюся, што мой почарк будзе зусім неразборлівы, а час адзінаццаць гадзін – засталося яшчэ 35 гадзін 15 хвілін, -- калі піць далей, будзе катастрофа. Жахліва, калі Элен дагэтуль кахае мяне, мне гэта было б тое самае, што смяротны вырак. Магу толькі запэўніць, што я яе кахаў, а можа, кахаю і дагэтуль, хоць яна і спіць з гэтым старым атопкам Штусі-Лойпінам, а днямі я сустрэў яе з Фрыдлі, ён ахапіў правай рукой плечы Элен, быццам ужо даўно лічыць яе сваёй уласнасцю; зрэшты, усё гэта не мае аніякага значэння. Пісаць пра наша каханне не мае ніякага сэнсу, як не мае сэнсу перадаваць маю папярэднюю гутарку з прапаведнікам секты Бэргерам на лесвіцы – папярэдне я ж яшчэ раз наведаўся ў “Хек”, але няўдала, з віскі выйшла асечка, аматары глядзелі футбол і былі не ў гуморы, бо швейцарцы гулялі нікудышне, а ў тыпаў, якія звычайна пытаюцца адрасы, настрой быў яшчэ горшы. “Манака” быў зачынены. Я выйшаў зусім без грошай, я пакінуў дома кашалёк, мне дазарэзу патрэбен быў віскі, я пацягнуўся ў “Du Théâtre”, таксама нікога, Альфрэда, калі, вядома, гэта быў Альфрэда, неяк дзіўна на мяне паглядзеў, Эла і Клара рашуча выйшлі аднекуль з гдыбіні залы, нехта вымавіў маё імя, Штусі-Лойпін сядзеў за сталом, дзе сваім даўнім часам паседжваў Джэймс Джойс, і кіўком рукі запрасіў мяне падсесці да яго. Эла і Клара надзьмуліся, але Штусі-Лойпін – ён і ёсць Штусі-Лойпін. Ён сказаў, каб я не бегаў з расшпіленай прарэхай, а калі я прыняў запрашэнне, сказаў яшчэ, што я пайшоў уразнос, і падліў вішнёўкі ў сваю каву. А мне патрэбна бутэлька віскі, неўпапад адказваў я, стан у мяне быў безнадзейны, я зразумеў, што без віскі не магу жыць, мяне ахапіў панічны страх, а раптам не разжывуся віскі, усё ўва мне супрацівілася думцы выпіць замест віскі што-небудзь іншае, віно, альбо, скажам, піва, альбо гарэлку, хай нават і пракіслы сідр, які хлебчуць клошары (не дзіва, што ў іх хоць і развіваецца цыроз вантробы, але затое не бывае раматусу), рэшта чалавечай годнасці ўва мне патрабавала віскі, толькі віскі, у імя справядлівасці, якая даканае-такі мяне, але тут ужо Элен паставіла перад мной шклянку. Даліне Штусі зноў патрэбен адвакат, холадна пачаў Штусі-Лойпін, яго пераемніка, хадыку Штусі-Зютэрліна, падстрэлілі на паляванні, нехта прыняў яго за сарну, ці тое Штусі-Бірлін, ці тое Штусі-Фойзі, не выключана, зрэшты, што гэта быў Штусі-Моозі, следчы ў Флетыгене паклаў справу ў архіў, страціўшы надзею яе раскрыць, вось належнае для мяне месца, вёска упершыню атрымала б у хадыкі аднаго не Штусі, ну, а там можна неяк уладзіць, каб я зноў вярнуў сабе свой патэнт. І гэта ён прапануе менавіта мне, сказаў я, залпам выпіўшы сваю шклянку; менавіта вам, адказваў ён, ведаеце, Шпэт, працягваў ён, настаў час, каб вы зрабілі вывады.
І калі ён, Штусі-Лойпін, аж так нястрымна рупіцца вызваляць з пашчы нашай юстыцыі нават невінаватых, калі ў іх ёсць хоць самы малы шанец не быць праглынутым гэтай пашчай, каб заставацца ў рамках зададзенага вобразу, -- дык зусім жа не з мэтай паглуміцца з правасуддзя. Адвакат – гэта адвакат, а не суддзя, верыць ён у справядлівасць і ў закон, заснаваны на ідэі справядлівасці, альбо не верыць – яго асабісты клопат, урэшце ж, гэта наогул чыстая метафізіка, як, напрыклад, пытанне пра сутнасць лічбы, але, будучы адвакатам, ён абавязаны разабрацца, як павінна правасуддзе успрымаць суб’екта, які трапіў у яго лапы, як вінаватага альбо як невінаватага, незалежна ад таго, вінаваты ён ці невінаваты на самой справе. Элен расказала яму пра маё падазрэнне, але маё расследаванне не было даведзена да канца. Элен хоць і была тады сцюардэсай – Госпадзе, гэта ж людзі ў тыя часы яшчэ наіўна думалі, быццам гэта няма ладу якая прэстыжная прафесія! – але не ў тым самалйце, якім англійскі міністр вяртаўся да сябе на востраў. А вяртаўся ён на англійскім ваенным самалёце, які наўрад ці абслугоўваўся сцюардэсай кампаніі “Свісэйр”. Чаму Элен так цьмяна адказала тады на маё пытанне, зразумець няпроста, яна не адразу ўлавіла сэнс майго пытання, а што да слоў, якія сказаў мне Колер і якія перадаў яму, Штусі-Лойпіну, Мок, дык асабіста хоча выглядаць нявіннай авечкай, яму б трэба прызнаць, што ён прыхлопнуў старога сябра ПЭН-клуба, і растлумачыць, чорт вазьмі, куды ён пасля гэтага падзеў рэвальвер. У яго, Штусі-Лойпіна пачуццё самае непрыемнае; вызваліць старога з пазуроў правасуддзя было яго юрыдычным абавязкам, цяпер жа, аднак, яму здаецца, што ён выпусціў на волю драпежнага звера, адзінца, самага небяспечнага, за паводзінамі Колера крыецца матыў, але абнародаваць яго Колер не хоча, спачатку ён, Штусі-Лойпін, лічыў, быццам Штаерман выкарыстоўвае Колера дзеля сваіх мэтаў, а цяпер яму здаецца, што гэта Колер выкарыстоўвае яе. Вінтэр, Бэна, Дафна, два сутэнёры – ці не залішне шмат нябожчыкаў, -- а прыйдзе дзень, калі, вядома, я не ўрымшчуся, мяне таксама выцягнуць з Зіля. Так, пасля гэтай прамовы я атрымаў бутэльку, а ўжо як я дабраўся да Шпігельгасэ, пра тое змоўчу; пакуль Штусі-Лойпін частаваў мяне сваімі меркаваннямі Эла прынесла мне яшчэ адну шкляначку віскі – цуд, што я ўвогуле быў здольны перадаць сваю з ім гутарку, а цяпер палова другой ночы; мабыць, я ненадоўга задрамаў, застаецца крыху больш за дваццаць гадзін – не, дзевятнаццаць, я памыліўся, цяпер палова трэцяй, -- і тады Колер, доктар h. c. Ісак Колер… А гутарка з Сымонам Бэргерам, верагодна, адбылася на лесвіцы, калі я з бутэлькай віскі вярнуўся на Шпігельгасэ. Прайшло, па-мойму, некалькі тыдняў з таго часу, як аціхлі псальмы “Святых з Ютлі”, яны там проста перасталі драць горлы – Штубер з паліцыі маральнасці якраз сядзеў у мяне і даволі недвухсэнсоўна намякаў, што начальства па-ранейшаму падазравае наяўнасць сувязі паміж мной і арганізаванай прастытуцыяй, як раптам рэзка, на паўслове абарвалася псальма “О Хрыстос, твае пакуты…” – за гэтым пайшлі крыкі, лямант, пратэсты, галашэнні, шум, якога там зроду не бывала, і тупат мноства ног уніз па лесвіцы, далей – мёртвая цішыня, і Штубер далей выкладваў свае падазрэнні. Вось чаму мне трэба было б здзівіцца, калі я ўбачыў паверхам ніжэй каля дзвярэй малітоўнай залы іх прапаведніка. Ён стаяў нерухома, прыхіліўшыся да дзвярэй. Я хацеў прайсці міма, але ён паваліўся на мяне і ўпаў бы, калі б я не падхапіў яго. Адпіхваючы Бэргера, я ўбачыў, што ў яго абпалены твар і няма вачэй. Я ў жудасці хацеў ісці далей угору па лесвіцы, да сябе, але Бэргер не адпускаў, ён учапіўся ў мяне і крычаў, што глядзеў на сонца, каб убачыць там Бога, а ўбачыўшы Бога, зрабіўся відушчы. Раней ён быў сляпы, цяпер відушчы. Відушчы, і пад гэты крык ён тузануў мяне так, што абодва мы ўпалі на прыступкі, якія вядуць да мяне. Ужо і не памятаю, чаго ён мне тады нагаварыў, я быў надта п’яны, каб разумець, што гэта поўная нялепіца, тое, што ён тут трызніў пра ўнутранасці сонца, пра поўную цемру, якая там пануе і непарыўна злітая са схаванасцю сонца, з неспатольнай прагай убірае ў сябе сонца, паглынае, не робячыся ад гэтага большай, быццам яна, цемра, -- бяздонная дзіра, бездань безданяў, і па меры таго, як сонца пусцее ўсярэдзіну, да цэнтра, яна расшыраецца вонкі, пакуль яшчэ нічога не прыкметна, але заўтра, прыкладна апалове адзінаццатай вечара, настане вялікі момант, сонца, захаваўшыся толькі ў выглядзе святла, успыхне, разрасцецца з хуткасцю святла і ўсё спаліць, зямля ад гэтага неверагоднага ззяння выпарыцца – прыкладна так ён гаварыў, як п’яны п’янаму, я і быў тады п’яны і такі застаўся, толькі яшчэ п’янейшы, чаму – і сам не магу зразумець, дзеля чаго я вось пішу тут пра гэтага прапаведніка, які стаў у пакрывале перад сваёй абшчынай, абвясціў ім хуткі канец свету і запатрабаваў, каб яго прыхільнікі дазволілі сонцу выпаліць ім вочы, як дазволіў гэта ён, пасля ён сарваў з галавы пакрывала, крыкі, пратэсты, галашэнні, небывалы шум, які мне тады давялося пачуць, і тупат цэлай абшчыны ўніз па лесвіцы – вось які быў адказ на агоныя словы. Я перачытаў напісанае. Засталося гадзіны тры да таго, як мне ехаць у аэрапорт. Начальнік ужо з раніцы пабываў у мяне прыкладна апалове восьмай, а можа, яшчэ і паловы не было, ён сядзеў перад сваёй сафой, я вельмі здзівіўся, калі, прачнуўшыся, убачыў яго перад сабою, правільней сказаць, я заўважыў яго, калі мяне званітавала і я вярнуўся з туалета і хацеў зноў легчы. Начальнік спытаўся, ці не запарыць кавы, і, не дачакаўшыся майго адказу, прайшоў у кухонную нішу, а я зноў заснуў. А калі прачнуўся, кава была ўжо гатовая, і мы моўчкі выпілі яе. Пасля чаго начальнік спытаўся, ці вядома мне, што я – кожны дзесяты; а на маё пытанне, як разумець гэта дзіўнае пытанне, адказаў, што пакідае на волі кожнага дзесятага і я – у іх ліку. Інакш ён быў бы проста абавязаны арыштаваць мяне яшчэ каля труны Дафны; як і я, ён быў адвакат, як і я – нешанцаўлівы, толькі зрэд-часу яго прызначалі афіцыйным абаронцам, вось ён і асеў у паліцыі – сябры па партыі, якія ў жыцці і не падумалі б да яго звярнуцца, калі б у іх узнікла патрэба ў адвакаце, сасваталі яго як сацыяліста юрысконсультам ў крымінальны аддзел гарадской паліцыі, а калі ён потым прасунуўся ўгору, а пад канец нават прапхнуўся ў начальнікі, дык гэта зусім не ў выніку нейкай там выдатнай адмысловасці ў заслугах, а чыста палітычных інтрыгаў, яны ж узнеслі яго на сваёй хвалі, прычым нешта падобнае адбываецца і на іншых узроўнях юрыдычнага апарата, не, ён зусім не намякае на карупцыю, Божа барані, але прэтэнзіі юстыцыі прадстаўляць сабою нешта аб’ектыўнае, нейкае стэрыльнае прычандалле, свабоднае ад якіх бы там ні было грамадскіх меркаванняў і прымхаў, настолькі не адпавядаюць сапраўднаму становішчу, што ён і выпадак з Колерам успрымае далёка не так трагічна, як успрымаю яго я; хто б пярэчыў, я зрабіў памылку, спачатку прыняўшы даручэнне Колера, а потым перадаўшы Штусі-Лойпіну матэрыялы, з дапамогаю якіх Штусі-Лойпін здолеў загнаць Бэна на люстру і выйграць працэс, але незалежна ад таго, вінаваты Колер ці не вінаваты – а ўсім жа і кожнаму вядома, што менавіта гер кантанальны радца прыстрэліў гера універсітэцкага прафесара, ён, начальнік паліцыі, таксама ў гэтым упэўнены, -- але вось як ён паглядзіць на мяне, як падумае, куды мяне завяло маё бурнае абурэнне апраўдальным прысудам, хай сабе і унікальным юрыдычна, але ж бездакорным і таму цалкам зразумелым – хай нават справядлівасці тут быў пастаўлены шах і мат, -- дык і ўбачыць, што, калі я і далей буду практыкавацца ў справядлівасці, у мяне не застанецца іншага выйсця, як толькі засудзіць Колера, а заадно і сябе самога на смерць і выканаць прысуд, дастаць рэвальвер, які я схаваў пад сафою, ды і пераправіць спярша Колера, а там і сябе на той свет, хоць асабіста ён, начальнік паліцыі, лічыць гэта хоць і лагічным, але бязглуздым, бо перад абліччам справядлівасці ў яе абсалютным значэнні, як ідэі, якою яна па сутнасці і ёсць, я выглядаю зусім не лепш за Колера, дастаткова хоць бы ўспомніць пра ролю, якую я адыграў у лёсе Дафны. Перад абліччам справядлівасці абодва мы – аднолькавыя забойцы, што Колер, што я. А вось суддзя, той выконвае нармальныя абавязкі. Яго справа – сачыць за тым, каб неяк функцыянаваў такі недасканалы інстытут, як юстыцыя, пакліканая клапаціцца пра тое, каб на гэтым свеце захоўваліся вядомыя правілы чалавечай гульні. Суддзя гэтак сама нікому нічым не абавязаны, як папа – веруючым. Але калі асобны чалавек надумае чыніць справядлівасць на свой лад, атрымаецца няма ладу як бесчалавечна. Ён абавязкова выпусціць з-пад увагі, што махлярства часам бывае больш гуманнае, чым непагрэшнасць, бо ўсясветны механізм час ад часу трэба шмараваць – гэты занятак найбольш прыстойны для нашай краіны. Фанатычны заступнік справядлівасці павінен быць і сам справядлівы, а ці насамрэч я справядлівы, меркаваць пра тое мне, а не яму. Як бачыце, начальнік, я здольны больш-менш дакладна перадаць сэнс нашай гутаркі, правільней, не гутаркі, а вашай лекцыі, бо асабіста я не сказаў ні слова, ляжаў сабе, прабляваўшыся, ды слухаў вас; не здзівіла мяне таксама, што вы адгадалі, якое было маё рашэнне з першага дня, можа, я менавіта таму і не ўпіраўся, падаючы, можа, я менавіта таму і дапамог Луцкі і Маркізу з Нойшатэля зварганіць алібі, можа, я менавіта таму і стаўся такім, які я ёсць, -- нават на думку Нольдзі Архідэйнага занадта апушчаным, ніжэй годнасці тых дам, чый інтэрас ён прадстаўляе, -- каб на свой лад стаць не менш вінаватым, чым h. c. Ісак Колер, але ўжо тады мой прысуд і выкананне яго робяцца для мяне самай справядлівай акцыяй на свеце, бо справядлівасць можа правіцца толькі паміж роўна-вінаватымі; так, існуе толькі адно распяцце Ізэнгаймскага алтара, дзе на крыжы вісіць укрыжаваны волат, знявечаны труп, пад чыім неверагодным цяжарам гнуцца бэлькі, да якіх ён прыбіты, Хрыстос, яшчэ больш страшны, чым тыя, для каго намалявана гэта распяцце, чым пракажоныя; калі яны бачаць на крыжы такога Бога, паміж імі і гэтым Богам, які паводле іх разумення наслаў на іх праказу, устаноўліваецца справядлівасць: такі Бог па справядлівасці быў укрыжаваны дзеля іх. Я пішу на цвярозую галаву, гер пракурор Фойзэр, я дастаткова цвярозы, менавіта таму і прашу вас не вінаваціць начальніка паліцыі ў тым, што ён не адабраў у мяне рэвальвер, уся наша гутарка, правільней, увесь ягоны добрапрыстойны маналог быў прамоўлены зусім не бацькоўскім тонам, а гэтая гісторыя наконт кожнага дзесятага, якому ён дазваляе збегчы, -- хай у яе верыць той, хто здатны верыць, можа, ён быў бы рады, калі б мог хоць злавіць кожнага дзесятага, усё разам узятае было б правакацыяй; заднім чыслом ён будзе злавацца, што не затрымаў мяне тады, на могілках, калі паляцеў парасон, а ён узяў у мяне з рук стылет; але я яго добра ведаю, ён мысліць хутка, ён зразумеў, што тады давялося б не проста нанава падняць пытанне пра тое, хто забіў няшчасную Дафну Мюлер, але і пра тое, хто забіў забойцаў Дафны, што такім чынам ён трапіў бы ў арбіту Монікі Штаерман. А хто ж бо табе з добрай волі ды з добрага дзіва захоча звязвацца з пратэзнай імперыяй, якая намерылася зноў заняцца вытворчасцю зброі? Але затое, калі гадзіны праз дзве, дакладней, праз дзве гадзіны трыццаць хвілін я стрэлю ў доктара h. c. Ісака Колера, начальнік паліцыі адразу пачне актыўна дзейнічаць, нават калі мае стрэлы ні да чога не прывядуць, -- аднак, гер пракурор, давайце ўмовімся: з аднаго боку, начальнік спрабаваў сваім душавыратавальным маналогам зрабіць так, каб стрэлы, калі нават я буду страляць, не зрабілі шкоды, але вось чаго вы ніяк не маглі западозрыць, гер начальнік, (я зноў звяртаюся да вас), я даўно памяняў халастыя патроны на баявыя. Таму й ні разу не заглыбляўся ў падрабязнасці наконт старызніка на ніжнім паверсе нашага дома. Падсвядома. Каб і вы не заняліся ім блізка. Гэты аднавокі тып – вялікі арыгінал, у яго можна купіць абсалютна ўсё. Можна было. Гэта таксама стала цяпер мінулым, гандляр ужо тры тыдні як выбраўся, памяшканне лаўкі на першым паверсе і кватэра на другім апусцелі, у “Святых з Ютлі” таксама цішыня і запусценне, а ўчора (ці тое заўчора, ці запазаўчора) я знайшоў у сябе заказны ліст, які атрымаў некалькі месяцаў таму назад, але неяк не сабраўся прачытаць, пісьмо ж такога зместу, што, маўляў, дом на Шпігельгасэ як помнік архітэктуры, які пад аховай дзяржавы, з прычыны аварыйнасці мае патрэбу ў неадкладнай рэстаўрацыі намаганнямі Фрыдлі, які перабудуе яго ссярэдзіны і пабудуе ў старых сценах раскошныя кватэры – гэта новы напрамак яго дзейнасці – у сувязі з чым я да 1.10 павінен вызваліць занятую мною плошчу, а як што 1.10 даўно мінула, мне давялося блукаць па ўсім горадзе, каб арганізаваць сабе апошнюю бутэльку віскі, як учора ў Штусі-Лойпіна ў “Du Théâtre” , а то я здолеў бы здабыць яе ў кватэры ў аднавокага, хай не віскі, а на благі канец бутэльку грапы, гэтак сама, як я знайшоў у яго лаўцы, у раструбе альпійскага ражка, патроны, а халастыя, гер начальнік, якімі вы заладавалі мой рэвальвер, ссыпаў у ражок. О, мы абодва, доктар h. с. Ісак Колер і я, памром даволі мілагучна, пад родныя напевы. Але раней чым я – хай нават мая цвярозасць набывае ўсё больш пагрозлівы характар, настолькі пагрозлівы, быццам перад мною ўстае сонца, на якое я, як той вар’ят-прапаведнік, павінен глядзець вачэй не адводзячы, -- раней чым я праз гадзіну без малога выеду ў аэрапорт) на сваім “фольксвагене”, ён не вельмі добра перанёс рамонт, то бок я не даў закончыць яго за недахопам сродкаў), апошні зварот да вас, начальнік паліцыі. Я здымаю падазрэнне. Вы паводзіліся як прыстойны чалавек. Вы хацелі даць мне свабоду рашэння, не хацелі глуміць маю годнасць. Мне вельмі шкада, што я прыняў іншае рашэнне, не тое, на якое разлічвалі вы. А цяпер яшчэ адно, самае апошняе прызнанне. У гэтай гульні за справядлівасць я прайграў не толькі самога сябе, але і Элен, дачку забітага мною, які будзе маім забойцам. Мне ж такі давядзецца застрэліцца, бо ён будзе застрэлены мною. Futurum passiv. Зноў узгадваю урокі латыні, якія даваў мне ў прытулку стары святар, каб падрыхтаваць мяне да гарадской гімназіі. Я заўсёды з прыемнасцю ўспамінаю прытулак, нават у Мока ўспамінаў, хоць гаварыць з Мокам вельмі цяжка. Калі адзін пісьменнік расказваў пра смерць сваёй маці, да якое, мяркуючы па ўсім, быў моцна прывязаны, я пачаў абмалёўваць перавагі прытулака, а сям’ю паказваць як расаднік злачынстваў. Гэта ваша хвалёнае сямейнае шчасце, ад яго ж з душы верне – чым яўна засмуціў пісьменніка. А Мок раптам зарагатаў. Мок, пра якога ніколі толкам не ведаеш, з чым ён згодны, а з чым не; я падазраю, што ён умее чытаць з вуснаў, бо зноў адклаў убок слыхавы апарат, хоць асабіста ён гэта адмаўляе (чарговая хітрасць). Вось калі я хвалюся тым, што вырас без бацькі і без маці, сказаў Мок, яму гэта здаецца жахлівым, на шчасце, працягваў ён па-своему шматслоўна – пісьменнік тым часам даўно сышоў, -- на шчасце, я стаў юрыстам і не збіраюся ў палітыку, хоць і гэта да канца не выключана, але чалавек, які расхвальвае сіроцкі прытулак, куды горшы за таго, які ў маладосці ваяваў ці тое са сваім бацькам, ці тое з маці, ці з абаімі адразу, як напрыклад, ён, Мок, які ненавідзеў сваіх старых горш за ясную халеру, як сам сказаў, хоць яны і былі добрыя сэрцам хрысціяне, ён іх усё роўна ненавідзеў за тое, што яны прывялі на свет восем дзяцей, і яго ўдадатак, не спытаўшыся ні ў кога з гэтай нетыповай па сваіх памерах пропадзі, ці хоча ён (альбо яна) быць прыведзеным на свет, рабіць дзяцей – гэта злачынства, якое не ведае роўных сабе; калі цяпер ён люта б’е разцом па chemp (Мок так называе камень), ён уяўляе сабе, што такім чынам па заслугах аддае свайму бацьку і сваёй маці, але ў маім выпадку не пытаецца, што я за тып такі, што пускае сліні з прычыны сіроцкага прытулака. Хай у яго, Мока, у вантробах сядзіць нянавісць да тых, хто яго зачаў, нарадзіў, а потым не ўтапіў у памыйным вядры, ён выкрасае сваю нянавісць з каменя, ператвараючы яе ў фігуру, надаючы ёй форму, мілую яго сэрцу форму, бо ён сам стварыў яе, і якая, калі б умела адчуваць, магла б сваёй калейкай ненавідзець яго, як ён ненавідзеў сваіх бацькоў, якія тасама яго любілі, якіх ён таксама засмучаў; усё гэта вельмі чалавечна, кругазварот нянавісці і любові паміж творцам і творывам, але калі ён уявіў сабе такога, як я, які замест нянавісці да тых, праз каго ён існуе і за тое, што існуе, любіць установу, якая стварыла і сфармавала яго, і якая з самага пачатку была надзелена схільнасцю не да чалавечага, а да ідэалогіі альбо ўсяго толькі да якога-небудзь прынцыпу – да справядлівасці, напрыклад, калі ж ён удадатак спрабуе ўявіць сабе, як такая асоба будзе пасля абыходзіцца з людзьмі, якія не адпавядаюць ягонаму прынцыпу, прынцыпу справядлівасці, каб ужо не прыводзіць іншага прыкладу, -- а хто, скажыце, калі ласка, яму адпавядае? – у яго ад страху выступае халодны пот. Яго, Мока, нянавісць стваральная, а мая разбуральная, гэта нянавісць забойцы.
-- Шпэт, дружа, -- закончыў ён велягурыстыя і мала зразумелыя разважанні, -- мне вас да душы шкада. Надта ж бо ў вас усё нягегла атрымалася.
Пасля гэтай размовы я больш ні разу не пераступаў парога ягонай майстэрні. А чаму я расказваю вам пра гэтую размову, гер начальнік? Ай, ды таму, што гэты дойлід, якога нядаўна ўшаноўвалі ў Венецыі, проста чортведама які слушны. Я чалавек з рэторты, я выгадаваны ва ўзорнай лабараторыі, настаўлены ў адпаведнасці з прынцыпамі выхаваўцаў і псіхіятраў, прадукаваных нашай краінай паралельна з высокадакладнымі гадзіннікамі, псіхатропнымі сродкамі, тайнай банкаўскіх укладаў і вечным нейтралітэтам. Я б і быў узорным прадуктам гэтай даследчай гаспадаркі, але ў ёй не хапала більярднага стала. Вось мяне і запусцілі ў свет, не надзяліўшы ўменнем разгадаць яго, бо да гэтага часу ў мяне не было з ім кропак судакранання, бо я ўяўляў сабе, нібыта і тут пануюць норавы сіроцкага прытулку, у якім я вырас. Без ніякай падрыхтоўкі мяне сутыкнулі з законамі драпежных звяроў, што пануюць у людстве, без ніякай падрыхтоўкі я ўгледзеў сябе сам-насам з тымі пачуццямі, якія надаюць чалавечыя рысы звярыным законам, -- з годнасцю, адчуваннем меры, розумам, каханнем, нарэшце ж. Чалавечая рэальнасць пацягнула мяне за сабой, як бурлівая рака цягне таго, хто не ўмее плаваць, супраціўляючыся блізкай пагібелі, я на парозе яе сам зрабіўся драпежным зверам, і да гэтага звера пасля начной размовы з Штусі-Лойпінам, калі я прадаў свае матэрыялы, якія павінны былі апраўдаць забойцу, з’явілася дачка забойцы: так, Элен чакала мяне ў маёй адвакацкай канторы на Цэльтвэгэ, у маёй шыкоўнай трохпакаёвай кватэры, якая дасталася мне ад Бэна. Цяпер толькі я скеміў, што яна чакала мяне не перад дзвярмі, а ўсярэдзіне. У крэсле каля майго пісьмовага стала. І што яна выдатна арыентавалася ў кватэры. Зрэшты, Бэна, Бэна, -- хто ўстояў бы перад ім! І вось яна прыйшла, бо давярала мне, і вось яна аддалася мне, бо я хацеў яе, але не хапіла мне тае ночы ні адвагі даверыцца і ёй, ні перакананасці, што і яна хоча мяне, бо кахае. Так мы размінуліся з нашым каханнем. Я ўтоіў ад яе, што ніхто не змушаў яе бацьку ўчыняць забойства (нават калі чортава ліліпутка таго так моцна жадала), што яму проста падабалася на нашай грэшнай планеце строіць з сябе Госпада Бога, што сам я двойчы прадаўся, адзін раз яму, другі раз – прыма-адвакату, якога цешыла магчымасць давесці да канца гульню правасуддзя, падобна гросмайстру, які велікадушна дагульвае партыю, пачатую з пачаткоўцам. І мы спалі тае ночы, не размаўляючы і не падазраваючы, што шчасце без слоў – непамыснае. Таму, мусібыць, і існуе мімалётнае шчасце, яго я меў у тую ноч, калі пачаў здагадвацца, кім мог бы зрабіцца, неверагодныя магчымасці, якія былі ўва мне закладзены і якіх я не спраўдзіў, а як што я тады адчуваў сябе шчаслівым цэлую ноч, дык быў перакананы, што зраблюся тым, кім так і не зрабіўся. Але раніцай, калі мы зірнулі адно на аднаго, нам ужо было ясна, што ўсё закончылася. А цяпер мне пара ў аэрапорт.
* Склад злачынства (лац.).
** А я і не скеміла (фр.).
*** А вынік? (фр.).