Тры песні

Фогельвайдэ Вальтэр фон дэр


Песня пра вядочак

“Вазьмі, дзяўчо, вянок,--
паненцы ў карагодзе неяк я сказаў,--
вазьмі, ўпрыгож танок,
бо з кветкамі ты сёння – першая краса.
Не шкода мне табе нічога,
каштоўнасцяў ніякіх,--
аддам і без аддзякі
усё, што маю дарагагога”.

Мой дар яна ўзяла
з чароўнай годнасцю царыцы хараства,
румянцам зацвіла,
пунсовай ружаю пад шатамі куста.
Яна схілілася рахмана
і апусціла вочы –
чароўны дар дзявочы –
які? Яшчэ расказваць рана.

“За далікатнасць вам
вяночак і дзявочую маю красу
я з радасцю аддам,
бялюткі, нібы снег, вам квецік паднясу.
У лузе кветачкі-лісточкі,
які ў іх пах салодкі,
спяваюць ім салоўкі,
а мы ўплятаем у вяночкі”.

Здалося мне, -- ніколі
яшчэ ў мяне такога шчасця не было,
хіліліся на полі
пад намі кветачкі, і ўсё наўкол цвіло.
І радасць ува мне спявала,
бо светлы вобраз мары
якраз у сэрца ўдарыў,
тут дзень настаў – і ўсё растала.

Яна, яна прычына,
што кожнай я заглядваю паненцы ў твар:
а ці мая дзяўчына,
а ці павее ў сэрца мне павевам чар,
а мо яна твой танец водзіць?
Дзяўчаткі, майце ласку,
знайсці пасобце краску,
ах, у якім вяночку ходзіць!