Дружба
Швед Віктар
Увесь зборнік
ХТО ПАФАРБАВАЎ ЛІСТЫ?
Зося бачыла, што клёны
Летам мелі ліст зялёны.
Дык чаму ж цяпер лісты
Маюць колер залаты?
І дадумацца не можа,
Хто фарбуе так прыгожа.
Растлумачыў тата Зосі,
Што лісты фарбуе восень.
АПОШНІ ЛІСТ
Над урокам схіліўся Лявон.
За акном – ветру зімняга свіст.
А праз фортку адкрытую клён
Свой апошні прыслаў Лёню ліст.
Клёну піша Лявон у адказ:
- Не смуткуй, дарагі клёне мой,
Пачакай, праміне зімні час, -
Заквітнееш ты зноўку вясной.
ПЕРШЫ СНЕГ
Пагуляць выходзіць з татам
Двухгадовы косцік.
- Глядзі, тата, колькі ваты
Параскідваў хтосьці.
А ў руцэ камяк расплыўся
Ў момант. Вось дык дзіва!
- Тата, глянь, наш двор пакрыўся
Ватай непраўдзівай.
ДЗІЎНЫ МАСТАК
Прахапіўся Коля рана,
Праз акно зірнуў на двор:
- Гляньце, як размаляваны
Шыбы ўсе ў дзівосны ўзор.
Гэта ж цуды прыгажосці!
Хто намаляваць мог так?
Завітаў да нас у госці,
Пэўна, вопытны мастак.
- Быў мастак тут, - кажа тата, -
Фарбаў срэбных шмат прынёс.
Барадаты ды вусаты,
А завуць яго – мароз.
ЁЛКА
На санках Міколка
Ў сцюдзёны мароз
Зялёную ёлку
Дахаты прывёз.
Вось ёлка прыбрана,
Прынесла ў пакой
Пах лесу духмяны,
Святочны настрой.
Хоць холад на золку,
На шыбінах лёд,
Так хораша з ёлкай
СУСТРЭЦЬ НОВЫ ГОД
ЯК ТУТ НЕ ПАЗНІЦЦА
Жыў ля школы недалёка
Гарэза Валодзя,
Ды пазніўся ён на ўрокі,
Хоць рана выходзіў.
Толькі ўранні выйшаў з хаты,
З’еўшы булку з макам,
Падражніўся для пачатку
З прывязным сабакам.
У суседскі сад, як злодзей,
Сігануў па грушы.
Гаспадар злавіў Валодзю,
Нацягаў за вушы.
Паімчаў за нейкім возам,
Каб ззаду ўчапіцца...
Шмат прыгодаў па дарозе,
Як тут не спазніцца!
КУРКА ЧУБАТКА
І ГУСЯНЯТКІ
Пяць сыноў,
Чатыры дочкі
З яек вывеліся ў квочкі.
Неўзабаве выйшла шмат
Жаўтадзюбых гусянят.
За матуляй
беражком
Ходзяць дзеці ланцужком.
Раптам –
дзе малыя, дзе?
А яны ўжо ўсе ў вадзе!
І ныраюць - аж да донца.
Курка здзіўлена бясконца:
- Гляньце, што за дзівакі,
Не пужаюцца ракі.
Ко-ка, ко-ка! Ко-ка, ко-ка!
У рацэ вада глыбока.
У вадзе мае малюткі
Патапіцца могуць хутка...
Не ведае чубатка,
Што гэта гусяняткі.
ЛЯСНЫЯ ДАКТАРЫ
Цюк-цюк, тук-тук, стук-стук.
Сасна, бяроза, бук
Хварэюць у бары,
А мы – іх дактары.
Каб хто з іх не памёр,
Мы аглядаем бор.
Калі хто хворы з вас,
Хутчэй паклічце нас.
У дзятлаў-дактароў
Зноў стане бор здароў.
ХОДЗЯЦЬ МЕСЯЦЫ ПА СВЕЦЕ
Студзень
Студзіць, студзіць
Месяц студзень.
На санках мароз
Новы год прывёз.
Люты
Едзе марозны люты –
Адзеты будзь, абуты!
Яго лядовы крок
Даносіцца здалёк.
Сакавік
Сакавік, сакавік,
Набраў вады ў чаравік.
Снег лужынамі плача:
- Мне ўжо канец, няйначай...
Красавік
Толькі глянуў красавік,
Снег апошні тут жа знік.
Шле вясна сваю красу,
Расплятаючы касу.
Май
Май, які прыгожы май,
Разуквеціў луг і гай.
З верхавін зялёных дрэў
Ён птушыны сыпле спеў.
Чэрвень
Чэрвень, чэрвень –
Зелень, чырвань.
Цеплынёй бясконцай
Зямлю песціць сонца.
Ліпень
Месяц летні ліпень
Шле нам водар ліпы
І рупліва спеліць
Збожжа ля аселіц.
Жнівень
Ураджайны жнівень
Выехаў на нівы
І працуе дбайна
За рулём камбайна.
Верасень
Клапатлівы верасень
Апрануўся верасам.
Ён прынёс у сад
Спелых фруктаў шмат.
Кастрычнік
Зашумеў кастрыцай
Асенні кастрычнік,
Трэпле жоўты лён
На кашулі ён.
Лістапад
Месяц лістапад
Голіць лес і сад.
Апошні лісток
На галіне змок.
Снежань
Снежань, снежань –
Сняжок свежы
Сыпнула зіма.
Сумаваць дарма!
ХМАРКА
Плыве па сінім небе шпарка
Купчастая сівая хмарка.
Унучак просіць: Мілы дзеду,
Ты падсадзі мяне, паеду
На хмарцы той у шлях далёкі,
Каб паглядзець на свет шырокі.
Табе, вярнуўшыся дахаты,
Я расказаць змагу багата.
ТРАНЗІСТАР
Ягорка ганарыста
Задзірае нос.
Брат яму транзістар
З горада прывёз
Скрыначка малая,
А ўнутры – сакрэт:
Грае ў ёй, спявае
Ледзь не цэлы свет.
Падарунак брата
Хлопец браў з сабой,
Калі пасвіў статак
Летняю парой.
Дзеці ў захапленні:
- Вось які Ягор!
- У яго кішэні
І аркестр, і хор.
ВОСЬ ДЫК ШЧУПАК
Сядзіць Янка ля ракі,
Закідае вуду.
Сняцца хлопцу шчупакі
Проста на паўпуда.
А папаўся на кручок
Невялічкі шчупачок.
Наш рыбак тут, рад не рад,
Адпусціў яго назад.
Нехта з Янкавых сяброў
Запытаў яго пра ўлоў.
А наш Янка кажа так:
- Вось дык гэта быў шчупак!
Велізарны, як вяпрук, -
Не ўтрымаў яго мой крук!
СУП
Сёння ў полі бацька, маці,
Сын адзін застаўся ў хаце.
І рашыў ён:
- Так і быць,
Трэба нешта ім зварыць!
Крыху бульбы, крыху круп –
На вячэру будзе суп.
Сын стараўся
Завіхаўся,
Покуль суп той гатаваўся.
Хоць варыў яго дзень цэлы,
Хоць і пахла прыгарэлым,
Хоць у ім быў лішак солі,
Хоць гарчыў ён, як ніколі,
Хоць і бульбіны ў мундзірах, -
Ды бацькі сказалі шчыра:
- Суп твой, сынку, вельмі смачны,
Ад душы табе мы ўдзячны!
КАНІКУЛЫ
Канікулы, канікулы,
Вясёлы летні час.
Прырода зноў паклікала
У лес і ў поле нас.
Краіны нашай вольнае
Нязведаны прастор
Заве ўсю моладзь школьную
Да мораў і да гор.
Да роўнядзі азёрнае,
Да цішыні бароў,
Пад неба ночы зорнае,
Да цяплыні кастроў...
Вясёлымі, здаровымі,
Сіл маючы запас,
Да працы зноў гатовымі
Мы ў школьны прыйдзем клас.
ТЫ БЫЛА ТАКСАМА Ў СНЕ
Сон такі цікавы
Слава сніў уночы.
Мама просіць Славу:
- Раскажы, сыночак.
- Расказваць не буду,
Дарагая мама,
Бо са мной ты ўсюды,
Ў сне была таксама.
ЯК ГАНУЛЯ МАЛАКО ПІЛЬНАВАЛА
Мама просіць Ганулю:
- Выйду я на сяло,
Ты ж пільнуй, каб з каструлі
Малако не ўцякло.
- Добра, - кажа малая, -
Не хвалюйся дарма...
І яна зачыняе
Вокны ўсе.
А сама
Села тут пад дзвярыма
Малако сцерагчы.
Малаку немагчыма
Аніяк уцячы.
Мама ўжо на парозе:
- Гэта што ж? Божа мой!..
Малако на падлозе
Разлілося ракой.
- Не журыся, - сказала
Ганя маме ў дакор.-
Каб я не пільнавала,
Уцякло б і на двор.
АЎТАМАТЫ
- Прыйдзе, - кажа тата, -
Неўзабаве час,
Будуць аўтаматы
Працаваць за нас.
Уздыхнуў з палёгкай
Абібок Ігнат:
- За мяне і ўрокі
Зробіць аўтамат.
ЧАКАЎ АПОШНЯГА ЗВАНКА
Тата папытаўся ў Колі:
- Што рабіў ты сёння ў школе?
Пачуў адказ ён ад сынка:
- Чакаў апошняга званка,
ЧАМУ ВАДА САЛЁНАЯ Ў МОРЫ?
- Скажы, -
спытаў настаўнік у Рыгора, -
Чаму вада салёная
ў моры?
Рыгор сказаў:
- Не ведаеце хіба?
Каб не псавалася ў ёй рыба.
ЦІ ПАДРОС Я, ТАТА?
Чуў не раз такія словы
Ад бацькоў малы Ігнат:
,,Як намочыць дождж маёвы,
Падрасцеш адразу шмат”.
Ён з дажджу прыбег у хату,
З валасоў ваду атрос
І хутчэй гукае тату:
- Тата, глянь, ці я падрос?
КАБ ПАЕХАЛА І ХАТА
Першы раз цягнік у горад
Вёз маленькага Рыгора.
Дым, што пыхкаў з паравоза,
Выціскаў на вейкі слёзы.
Як ішоў Рыгор дадому,
З коміна дымок знаёмы
Плыў істужкай па надворку.
І азваўся тут Рыгорка:
- Вось было б цікава, тата,
Каб паехала і хата!
ДА СОНЦА ДАЛЁКА
Мама вымыла кашулю
І сказала гэтак дочцы:
- Даражэнькая Гануля,
Ты павесь яе на сонцы.
Ганя ў неба пазірае,
Хітравата жмурыць вока:
- Мама, я ж яшчэ малая,
А да сонца так далёка...
КРОТ
Не адзін падземны грот
Пракапаў маленькі крот.
З жонкаю пакояў пяць
Добра змог абсталяваць,
Шмат пакояў для дзяцей,
Шмат прыёмных для гасцей,
Шмат кладовак пад запас,
Крацянятам – школьны клас.
Многа збудаваў дарог,
Каб даехаць кожны мог.
Спахапіўся раптам ён,
Што няма нідзе акон.
КАЛЯРОВЫ ЗМЕЙ
Каляровы,
Папяровы
Змей ляціць высока.
І Валодзя
Следам ходзіць,
Не спускае вока.
- Гэй, хадзіце,
Коля, Віця,
Уважна глядзіце:
Змей мой новы,
Каляровы
Бачны на арбіце.
СЯДЗІЦЬ КОЛЯ НА ТАПОЛІ
- Я адважны, - кажа Коля, -
Хутка ўлезу на таполю.
І – з галіны на галіну –
Ён палез на верхавіну.
Як зірнуў уніз на хаты –
Уцякла адвага ў пяты.
Горка плача хлопчык Коля,
Абдымаючы таполю:
- Ой, здымі мяне, мамуся,
Бо я злезці сам баюся.
ПАТАНУЛІ Ў РЭЧЦЫ ЗОРКІ
Сонца знікла ўжо. Змярканне.
Бабка спіць на печцы.
З хаты выбег хлопчык Ваня,
Міг – і ён на рэчцы.
Прыбягае да бабулі
Раптам з плачам горкім:
- Бабка, бабка, патанулі
Ў нашай рэчцы зоркі.
КАЛЫХАНКА
Засынай, хутчэй, сыночку,
Навакол усе паснулі.
Час і нам заплюшчыць вочкі,
Люлі, люлі.
Спяць у гнёздах верабейкі,
Паляцелі пчолкі ў вулей.
Сон садзіцца нам на вейкі,
Люлі, люлі.
Месяц дрэмле на галінках,
Пазяхаецца й матулі.
Дык засні хутчэй, мой сынку,
Люлі, люлі.