— Не ведаю, не думаў, — адказвае Расцiслаў.
— Ёсць прапанова пайсцi разам, — кажа Аркадзь.
— А хто будзе?
— Калi i ты прыйдзеш — чацвёра.
— Сцiплая кампанiя.
— Сцiплая, — Аркадзь смяецца. — Толькi ёсць умова... Людмiла прасiла табе сказаць, што яна — дзяўчына.
— Пры чым тут Новы год?
— Яна прасiла сказаць пра гэта табе.
— А чаму мне? Цiкава...
— Падабаешся. Ёй, дарэчы, дваццаць гадоў.
— Шкада, што Новы год надыдзе, нават калi яго не сустракаюць, — гаворыць Расцiслаў на поўным сур'ёзе.
* * *
Людмiла непрыгожая, але па ўсiм вiдаць, што яна глядзiць за сабою i можа сябе падаць.
* * *
Учацвярых яны сядзяць за часопiсным столiкам, якi спрэс застаўлены посудам. На высокiх шклянках намалёваны аўтамабiлi старых марак. Пакой, дзе сустракаецца Новы год, зусiм маленькi. Ён маленькi, бо ў суседнiм пакоi стаiць раяль, а каб паставiць раяль, трэба было павялiчыць адзiн пакой i адпаведна зменшыць другi. Нават кiтайскiя вышываныя шоўкам краявiды, што вiсяць па сценах, не дадаюць маленечкаму пакою прасторы.
— А цi не зрабiць з Новага года вяселле, — прапаноўвае Аркадзь.
— Горка, — кажа Ларыса.
Расцiслаў з Людмiлаю не пярэчаць, а ўстаюць i цалуюцца.
* * *
Магнiтафон прапануе танцы. Усе танцуюць у большым пакоi: Расцiслаў з Людмiлаю, Аркадзь з Ларысаю.
* * *
Яны знаёмяцца на рок-сэйшане. Ідзе гала-канцэрт. Аркадзь з Расцiславам у антракце выходзяць курыць. Ідзе дробны дождж, але пасля задушлiвай, перапоўненай гукам залы iм прыемна стаяць пад дажджом.
Побач стаяць Людмiла з Ларысаю. Дзяўчаты слухаюць глупства, што нясе дзяжурны кантралёр. Ён хоча спадабацца iм, але ў яго нiчога не атрымлiваецца.
У Расцiслава з Аркадзем знаёмства завязваецца лёгка.
* * *
Каля раяля расце фiкус у бочачцы. Раяль — гэта не фiкус, якi можа жыць у iнтэрнацкiм калiдоры, што прапах смажанай цыбуляю. Раяль патрабуе лепшага паветра. Дзiўна, але нават пыл глядзiцца на раялi дарэчы. Раяль гаворыць сам за сябе, i ў пакоi, дзе ён стаiцъ, лунае водар воску.
* * *
Пасля рок-сэйшана Расцiслаў сустракаецца з Ларысаю i Людмiлаю толькi на Новы год.
У Аркадзя адна заганная рыса ў характары: любiць дробныя грошы. Ён нiколi не адмовiцца лёгка зарабiць чырвонец. Але тыя, хто яго добра ведае, глядзяць на Аркадзеву сквапнасць як на забаўку i з вялiкiм задавальненнем прапаноўваюць невялiкiя заробкi.
* * *
Калi Ларыса купляе мяса да святочнага стала, Расцiслаў ёй гаворыць, што яна выглядае чароўна. Гэта адзiны варты ўвагi камплiмент, якi змог сказаць жанчыне Расцiслаў.
* * *
Ларыса працуе ў сярэдняй школе настаўнiцай матэматыкi. I ў яе ёсць "любiмчыкi". Яна саромеецца гэтага i часам скардзiцца Людмiле сама на сябе, што нiяк не можа абысцiся без "любiмчыкаў" i пачаць аднолькава ставiцца да ўсiх сваiх вучняў.
* * *
— Мамiн бацька ў Кiтаi жыў, — тлумачыць Людмiла Расцiславу.
— Нiколi не бачыў карцiн, вышываных шоўкам, — паўтарае ён.
— Мамiн бацька ведаў кiтайскую мову i чытаў старажытную паэзiю. Ён i сам складаў вершы, але, калi памёр, мамiна мацi чамусьцi схавала архiў.
— А што ён рабiў у Кiтаi?
— Працаваў iнжынерам. Электрастанцыю будавалi...
— Людмiла, а ты не ведаеш, чаму ў кiтайскiх карцiн такiя доўгiя фарматы? Цi то вертыкальныя, цi то гарызантальныя, але абавязкова выцягнутыя...
— Кiтайцы, пэўна ж, не любяць квадратаў, iм даспадобы iмперская велiч i прастора, панарамы ў некалькi даляглядаў...
— А яўрэi? — пытае Расцiслаў.
— Можна спытаць у Ларысы, яна — яўрэйка. Толькi не варта iх будзiць, хай спяць.
* * *
Людмiла вяртаецца з ваннай. Акрамя шаўковай начной кашулi, на ёй нiчога няма. Яна гасiць святло i кладзецца побач з Расцiславам. Ён адчувае на твары прахалоду Людмiлчынай далонi.
* * *
"Ён прыгожы, — думае Людмiла, — як для мужчыны, то i занадта. Можна лiчыць — мне шанцуе. А чаму мне не павiнна шанцаваць? Першы мужчына павiнен быць прыгожы... Ён мне нават падабаецца. Я не кахаю яго i не люблю. Так лепш".
* * *
Людмiла ледзь стрымлiваецца, каб не спытаць, цi падабаецца Расцiславу яе начная кашуля...
* * *
— Яны спяць, — шэпча Аркадзь.
— Яна iдыётка, — шэпча Ларыса.
— Чаму iдыётка? Не разумею...
— Няўжо нельга было зрабiць усё нармальна?
— А ты ўсё рабiла нармальна?
— Я зрабiла, як усе. Спачатку сустрэчы...
— А якая рознiца, былi сустрэчы цi будуць?
— Спачатку павiнна быць каханне, — Ларыса садзiцца на ложку.
— Павiнна... Зноў тваё "павiнна"... А ты кахаеш мяне? — у Аркадзевым пытаннi гучыць непрыхаванае раздражненне.
— Не кахаю. Раней кахала, а цяпер люблю, цяпер мы разам спiм...
* * *
— Спачатку ты схадзi, — кажа Людмiла, — бо я надоўга займу ванны пакой.
— Я хутка, — пагаджаецца Расцiслаў.
* * *
"Я дарэмна пiла каньяк пасля шампанскага, — думае Ларыса, — трэба пайсцi на кухню i выпiць вады. Цiкава, хто там мыецца? Ён цi яна? Так цi iнакш, давядзецца апрануцца. Як не хочацца вылазiць з-пад коўдры, але i ляжаць не хочацца. Нашто я пiла каньяк? Хапiла б i аднаго шампанскага... Добра, што толькi смажыць. Дзе падзелiся пантофлi? Як непрыемна запальваць уночы святло. Прыгожыя шклянкi. Асаблiва гэтая, з жоўтай машынай на баку. З прыгожай шклянкi i атруту пiць прыемна".
* * *
— I ты не спiш? — на кухню заходзiць Людмiла.
— Прыгожыя шклянкi... А як ты сябе адчуваеш?
— Нармальна.
— Калi ў цябе ўсё нармальна, я iду спаць.
* * *
Ранiца. Яны ўчацвярых сядзяць за часопiсным столiкам i п'юць моцную гарбату.
— Вон адсюль, — шэпча Людмiла, — вон адсюль...
Астатнiя маўчаць.
— Вон. Усе вон! — крычыць Людмiла.
Астатнiя маўчаць. Астатнiя глядзяць на гарбату ў высокiх шклянках.
Людмiла хапае крухмальны рог абруса i сцягвае на падлогу ўвесь посуд. Зусiм няшчасны выгляд маюць аскепкi з разнятай на кавалкi машынкаю.
Астатнiя шклянкi ў руках прысутных.
— Прабачце, — Людмiла пачынае збiраць пабiты посуд. Ларыса бярэцца дапамагаць.
* * *
— З Новым, 1979 годам...