Смерць — мужчына

Глёбус Адам


Матацыкліст

Адмовiць я не змог. Прыехаў на чыгуначны вакзал а дванаццатай гадзiне, уночы. Рыгор стаяў пад гадзiннiкам, каля ўвахода ў метро. Ён шырока расставiў ногi ў чорных скураных нагавiцах i высокiх чаравiках. Рукi ён трымаў у кiшэнях курткi, на якой паблiсквалi замкi-"маланкi". Матацыклiсцкi шалом надаваў агрэсiўнасць i завершанасць рокерскаму выгляду.

— Ты спазнiўся, — замест прывiтання пачуў я.

— Транспарт.

Падышла электрычка, i прывакзальны пляц запоўнiўся натоўпам. Стоячы пад гадзiннiкам, мы замiналi тым, хто спяшаўся спусцiцца ў метро. Я прапанаваў пайсцi ў сквер за багажнi i там пагаварыць. У скверы было цёмна. Высокiя лiхтары не асвятлялi асфальт, а толькi вымалi з цемры па некалькi лiповых галiн.

— Доўга гаварыць не будзем, — пачаў Рыгор, — i так ужо ноч. Я падам на iх у суд. Ты думаеш, я пабаюся? Не, я iх не спалохаюся! Толькi ў мяне амаль няма доказаў, што яны забiлi маю бабу, мацi маёй мацi. Але спачатку было папярэджанне. Яны правяралi мяне. Я лёг спаць на канапу. У мяне на працы ў распранальнi ёсць старая канапа, абцягнутая добрай свiной скураю, шырокая, з вялiкiмi валiкамi. Класная канапа. Можна дзевак вадзiць. Спаць я лёг у адзежы, нават у чаравiках.

Ногi паклаў на валiк. Раптам прачынаюся. Устаю i бачу, што ў мяне няма ног, замест iх пустата. Гляджу, а мае ногi ў чаравiках ляжаць на валiку. Як гэта я змог так? Думаю. А потым як зарагачу, бо зразумеў, што сплю, што не прачнуўся яшчэ. А галава балiць, i ў вушах балiць проста нясцерпна, невыносна. Я прачнуўся, устаў, а ногi зноў засталiся ляжаць на валiку. I так усё натуралёва, ярка, нават скура на валiку прагнулася i напялася пад цяжарам ног у чаравiках. А ў вушах так пачало балець, што падумаў: калi не прачнуся, дык аглухну. I тады я сабраў усю сваю сiлу — i як ускочу! Выбег я ў майстэрню з распранальнi, схаваўся за матацыклам i слухаю. Цiшыня. Толькi сэрца калоцiцца. Пайшоў да крана, папiў вады, твар памыў i потым паглядзеў на ногi. Яны былi на месцы, пада мною, i стаялi ў забэрсаных чаравiках на цэментавай падлозе ў майстэрнi. Крадком дабраўся да дзвярэй у распранальню, дзе стаяла скураная канапа, лёг на падлогу i асцярожна зазiрнуў у пакой. Я падумаў: калi яны збяруцца ўдарыць мяне па галаве, дык не пацэляць, бо я ляжу, а не стаю, i яны не здагадаюцца, што я магу зазiрнуць, лежачы на цэменце. Ног на канапе не было. Глянуў я на гадзiннiк — сем. I тут пачало балець сэрца. Сцiснецца, i замiрае, i не выпускае кроў, i балiць-балiць. А потым выпусцiць кроў, i па грудзях расплывецца гарачыня. А потым зноў — раз i сцiснецца. Я на матацыкл i ў палiклiнiку. Там мне сказалi зрабiць кардыяграму. Зайшоў у кабiнет, распрануўся, лёг, гляджу на столь. Яна белая-белая, я ажно вочы заплюшчыў, такая ўжо яна яркая i чыстая. Сястра кажа, каб расслабiўся, а я не магу. Кажа, што калi не супакоюся i не расслаблюся, дык нiчога не атрымаецца з маёй кардыяграмы. А я думаю: вось разняволюся, i сэрца маё сцiснецца, як забалiць, я прытомнасць страчу, яно i не расцiснецца. Памру пад белай столлю, на гэтым ложку-раскiрэку, засланым мутным цэлафанам, тоўстым, што тая цырата. Сястра ўсё ж угаварыла мяне, пераканала. Нават не яна, а я сам пачуў, што мае шкарпэткi смярдзяць, i падумаў, як гэта жанчына трывае гэты смурод. Што ты хочаш, два днi чаравiкаў не здымаў i ўсё на нагах. Усё гэтыя аўтааматары. Не паспеюць машыну ў майстэрню загнаць, а ўжо карцiць iм, каб яе рапараваць. Вось i начую на канапе. Вядома, не за так я ўночы легкавушкi... рамантую. Расслабiўся. Зрабiлi кардыяграму. Доктар паглядзеў-паглядзеў на папяровую стужку i сказаў, што сэрца ў мяне здаровае. Я спачатку ўзрадаваўся. Добра, што мой матор у норме. А потым гляджу на гэтага ўрача, на яго бараду казлiную, на каўпак накрухмалены, i радасць мая прайшла, як вада праз пясок. Раз — i няма ў мяне веры да ўрача. I кажу, што не можа такога быць, каб у мяне сэрца здаровае было. Урач здзiвiўся, пазiрае на мяне з-пад каўпака свайго стэрыльнага. Злавацца я пачаў, крычаць на яго, на сястру. Забыўся, што яна смурод маiх шкарпэтак моўчкi трывала. Сястра спалохалася i за дзверы ўцякла. А ўрач раптам устаў з-за стала, падышоў да мяне блiзка-блiзка i цiха так, каб нiхто не пачуў, кажа: "Дам я табе тры днi. З'ездзi куды-небудзь на возера i палавi рыбу". Выйшаў я з палiклiнiкi, на матацыкл i — дахаты, да бацькоў, у Заслаўе. Даўно ў iх не быў. Можа, месяцы два. Здаецца, што гэтыя дваццаць кiламетраў ад Мiнска праехаць? I матацыкл жа ёсць. А вось закруцiшся, i два месяцы не быў. Прылятаю, а ў хаце — труна. Вось табе i прыехаў, якраз на пахаванне. У мацi пытаюся: "Ад чаго баба нашая памерла?" Мацi сказала, што ад сэрца — iнфаркт. Як бачыш, усё супадае: i сэрца, i тры днi, i тое, што ты на тры хвiлiны спазнiўся. На памiнках я не пiў. Па-першае, я не павiнен губляць самакантроль. Па-другое, я за рулём. А па-трэцяе, яны мяне хацелi забiць. Толькi не разлiчылi, што я такi дужы i сэрца ў мяне здаровае. Яно моцнае, таму i вытрымала, а ў бабы — слабае. Яны, як зразумелi, што не змогуць мяне на той свет адправiць, на старую жанчыну накiнулiся i забiлi. Вось так. Толькi доказаў у мяне на руках няма, а так бы адразу ў суд пайшоў. Што рабiць?

— Спачуваю, — выцiснуў я. — А што рабiць, не ведаю.

— Вось i думай цяпер, — уздыхнуў Рыгор.

Мы вярнулiся на прывакзальны пляц, асветлены жорсткiм святлом пражэктараў i машынных фараў. Народу крыху паменшала, але ўсё роўна мiтуснi хапала. На таксоўкi стаяла вялiзная, тоўстая, у тры-чатыры чалавекi, чарга. Пад табло з раскладам цягнiкоў курылi навабранцы ў фуфайках. Ля аўтаматаў з газвадою гарлапанiлi п'яныя дзецюкi ў белых кашулях, яны сварылiся з-за шклянкi з цяжарнай нахабнай цыганкаю, што трымала за руку мурзатага хлопчыка. З электрычкi спяшалiся на аўтобусны прыпынак дачнiкi з кветкамi i валiзкамi. Электрасвятло акрэслiвала постацi, што тапталi свае i чужыя ценi.

— У мяне ёсць яшчэ адно пытанне, — прашаптаў Рыгор. — Зараз пакажу табе чалавека, i ты скажаш, хто ён такi.

Хвiлiну мы моўчкi разглядалi стракаты вакзальны натоўп. Нарэшце Рыгор штурхнуў мяне i кiўнуў на высокага хлопца ў "вараных" джынсах i куртцы, надзетай на ярка-жоўтую кааператыўную майку. Хлопец прайшоў паўз нас i спусцiўся ў метро.

— Што ты можаш пра яго сказаць?

— Ён можа дастаць сабе "вараную" куртку.

— Што? I ўсё? Больш нiчога?

— А што я павiнен быў сказаць?

— А ён не член мафii?

— Ведаеш, Рыгор, колькi жыву, не бачыў нiводнага мафiёзi жывога, толькi ў дэбiльных амерыканскiх фiльмах.

— Я так i думаў, — шырока ўсмiхнуўся Рыгор. — Добра. Ноч. Трэба ехаць.

Ён дастаў з-за пазухi доўгiя скураныя пальчаткi i пайшоў да аўтастаянкi, завёў матацыкл i з грукатам пранёсся праз пляц, па вулiцы, пад мост