Круглы год
Глёбус Адам
Увесь зборнік
* * *
Кропля падае
на лiловы цёмны лёд
i плыве ў вясну.
* * *
Цiха, снег iдзе,
Толькi каляндар сказаў -
надышла вясна.
* * *
Вясновым ранкам
палiць у парку смецце
малады салдат.
* * *
Чорная лiпа,
спавiтая слатою,
чакае цяпла.
* * *
Вежы аблокаў
над каменнай гарою
заружавелi.
* * *
Ранiца ў шыбу
цiха пастукалася...
ПЗра над кавай.
* * *
Блакiтны ранак,
апрану ўсё новае
у гонар вясны.
* * *
Першы дзень вясны,
трэба ўмывацца снегам
з самай ранiцы.
* * *
Ранак, варэльня,
горка-салодкi водар -
кубачак кавы.
* * *
Лапкi ядлоўцу
i пралескi на стале
у шкляначцы з вадой.
* * *
Капеж, дворнiкi
на даху рыдлёўкамi
сякуць ледзяшы.
* * *
Хваёвы водар,
кедравая iглiца
блiшчыць на сонцы.
* * *
Стаю на вежы
з выбiтымi шыбамi,
над нашым светам.
* * *
Над могiлкамi
хмары плывуць няспынна.
Сыходзяць снягi.
* * *
Шукаюць вочы
сярод жоўтых аблокаў
дарогi, птушак.
* * *
Дастаю штодня
водар свежай газеты
з паштовай скрынi.
* * *
За акном снег.
Кубачак гарачай кавы
гатую сабе.
* * *
Сонечны ранак,
жаўтавокая котка
выйшла з пад'езда.
* * *
Ранак, парк стары,
узлятаюць галубы -
ледзь чутны ветрык.
* * *
Паралелаграм
сонечны на шпалерах,
вясновы ранак.
* * *
Адчынiў дзверы -
скразняк прынёс духмянасць
травы i бэзу.
* * *
Шэрую траву
вецер цёплы i сухi
на асфальт прынёс.
* * *
Шчылiны ў плоце -
пасечанае святло
ляжыць на зямлi.
* * *
Сонца, капяжы,
але калюгi ўначы
павымярзалi.
* * *
Еду ў трамваi,
паўпустым i халодным,
на кнiжны кiрмаш.
* * *
Блакiтна-шэры
кавалак тынкоўкi
разломлiваю.
* * *
Парушыначка
трапiла ў вока маё —
вокамгненны боль.
* * *
З кнiгаю ў руцэ
наведваю кавярню,
накрапвае дождж.
* * *
Першы дзень, калi
лёду няма на ганку.
Сцiхлi капяжы.
* * *
Сонечны настрой
па вiльготным пяску
разлiваецца.
* * *
Надыходзiць час
занесцi на сметнiк
зiмовыя боты.
* * *
Вецер. Груд. Вясна.
Як вуркочуць галубы,
слухаў i маўчаў.
* * *
Шэра-жоўты снег
плямамi ў полi ляжыць,
вецер гонiць пыл.
* * *
Шалахнуўся куст,
зашчабятала птушка...
Ізноў цiшыня.
* * *
Побач з дарогай
доўгiя, нежывыя
трубы ляжалi.
* * *
Сухое дрэва.
Прыляцелi вераб'i -
пошчак, мiтусня.
* * *
Сiнi аўтобус
спынiўся i павiтаўся
з жоўтым дзьмухаўцом.
* * *
Кветачку набыў,
а каму падараваць,
так i не знайшоў.
* * *
Пасыпаўся дождж:
на iнжыры вераб'i
зашчабяталi.
* * *
Ідуць насустрач
людзi, хаваючы твары
ад ветру i дажджу.
* * *
Шклянка на стале.
У празрыста-шэры цень
муха запаўзла.
* * *
Цiха, спiць дачка
ў пакоi, а за акном
дробны дождж iдзе.
* * *
Каля бардзюраў
на асфальце растаюць
кавалкi лёду.
* * *
Быкi на бойнi:
чорныя слёзы ў вачах,
цяжкi дух крывi.
* * *
Старое дрэва
пяшчотныя лiсточкi
паўпрыгожылi.
* * *
Ружовы камень
на зялёнай траве...
Шукаю словы.
* * *
Сухая трава
цiха шэпча пад ветрам
песню пра лета.
* * *
Чорная каза
жоўтым вокам зiркае
на гаспадара.
* * *
З берага камень
спаўзае ў ваду вельмi-
вельмi павольна.
* * *
Каляровае
паветра Эстонii
пахне трэскамi.
* * *
Дарога ў полi,
фурманка, стары чалавек,
кола скрыгоча.
* * *
Метрапалiтэн,
у чаканнi цягнiка
разглядваю столь.
* * *
Гутарка дзяцей,
хутка i мая дачка
гаварыць пачне.
* * *
З лёгкiм сумам
трываю галаўны боль,
вясновы ветрык.
* * *
Самотны груган
нiзкую аблачынку
зачапiў крылом.
* * *
Спiлаваны сук
на сухi асфальт упаў -
безнадзейны хруст.
* * *
Вечар, парк стары,
шоргат старэчых крокаў,
азiраюся.
* * *
Перакулены
свет у калюзе жыве...
Шпурляю камень.
* * *
Качкi i кiрлi
лунаюць над вадою
цёмнай Свiслачы.
* * *
У пясочнiцы
алавяны салдацiк
пад дажджом заснуў.
* * *
Дзе схавалася
за вясновай смугой
маё юнацтва?
* * *
Сшытак бэзавы
набыў, а што запiсаць,
i не ведаю.
* * *
Вечар. Мястэчка.
Каля кожнай хаты
слiвы красуюць.
* * *
Маленькi пакой,
фотаздымкi на сцяне -
твары знаёмых.
* * *
Наблiжаюцца
хмурынка i маладзiк,
аддаляюцца.
* * *
Атрутны водар
магнолii напоўнiў
маёвую ноч.
* * *
Малады лiхтар,
ты, напэўна, першы з нас
павiтаешся.
* * *
Рэдзенькi блакiт
i празрыстая поўня
над даляглядам.
* * *
Кардыяграма
на стужцы папяровай,
доўгай, бясконцай...
* * *
Гартаю кнiгу,
не чытаю, а гляджу
рэпрадукцыi.
* * *
Навальнiца, дождж,
плачуць-плачуць лiхтары
светлымi слязьмi.
* * *
Гляджу на поўню
праз агеньчык запалкi -
маленечкая.
* * *
Жаданне заснуць?
Не! Жаданне прачнуцца
i не засынаць.
* * *
Дом над вадою...
О, колькi сноў вяртае
мяне ў гэты дом.
* * *
Ты не гавары,
што не хочаш спаць зусiм
i не любiш сон...
* * *
Налiваецца
лакам цёплым, залатым
лiст магнолii.
* * *
Сёння чуйна спаў,
слухаў праз няпэўны сон
шолах дажджавы.
* * *
Знайшоў у лесе,
збiраючы сунiцы,
драўляны гузiк.
* * *
Залаты трыснёг
сее кропелькi расы
ў сiнюю ваду.
* * *
Выпаўзла жабка
з-пад вiльготных камянёў
муху ўпаляваць.
* * *
Гладыёлусы,
захутаныя ў марлю,
едуць на кiрмаш.
* * *
На суседскi плот
верабей пераляцеў
з яблынi маёй.
* * *
Невялiкi сад,
маладзiца босая
яблык штрыфель есць.
* * *
У каланадзе
прыемна схавацца -
сонечны ранак.
* * *
Высокая столь,
блакiтныя шпалеры,
сiнi матылёк.
* * *
У маiм двары
сiтаўка блакiтная
скача па пяску.
* * *
Рукi кабеты
над дзiцячай калыскаю,
чалавечы свет.
* * *
Бруiцца вецер -
засыпаючы сляды -
пясок бруiцца.
* * *
Каля дзяржбанка
на пыльным тратуары
знайшоу капейку.
* * *
Па рудой сцяне
жучок пацiху паўзе,
лета ажыло.
* * *
Белае неба,
а ў iм шэры матылёк
уздымаецца.
* * *
На яркiм сонцы
крухмальныя карункi
фiранак снежных.
* * *
Пыльныя пальмы
высахлымi лiстамi
ледзь-ледзь варушаць.
* * *
Белакрылая
кветка вентылятара
на акне расце.
* * *
Кавярня ў вежы,
музыка, млявасць, кава.
Шэры, спакойны дзень.
* * *
Уздоўж прыбою,
бязгучна, па каменнi
ляцiць цень кiрлi.
* * *
Паласатая
яшчарка са сцяжыны
ўцякае ў траву.
* * *
Якi вялiкi
лiст! Не знойдзецца кнiгi
такi засушыць.
* * *
Колькi матылькоў
вiецца над чаромхай
каля альтанкi.
* * *
Высокi комiн,
аблокi доўгiя плывуць,
талiнскi вецер.
* * *
Дапамагаю
выпаўзцi з-пад лiсточка
божай кароўцы.
* * *
У белым небе,
о, як высока, як шмат
зялёных шышак.
* * *
На веях маiх
знiкае сонечны пыл,
вецер у хмарах.
* * *
Спёка, на дварэ
селi курыцы купацца
у гарачы пыл.
* * *
Басанож iду,
чорна-сiняя сцежка,
сцiхае конiк.
* * *
Стручок гароху
зялёнаю рыбкаю
выслiзнуў з рукi.
* * *
Жонка i дачка
спяць у цёплай цiшынi,
жнiвеньскi спакой.
* * *
Рэчка ратуе
ад спёкi, ад горычы
i ад маркоты.
* * *
Цячэ, шапоча
жвiр скрозь пальцы... У руцэ
застаўся камень.
* * *
Пыл на палiто,
каля жалезнай брамы
чакаю брата.
* * *
Іржавы лiхтар
спiць пад дажджом у парку,
стоячы смiрна.
* * *
Рукi, рыдлёўка,
дождж, дзёран, жвiр, камянi...
Моўчкi працую.
* * *
Дожджык перастаў,
а вада яшчэ цурчыць
з вадасцёчных труб.
* * *
Вулка вузкая,
патыхае вiльгаццю
стогадовы брук.
* * *
Кубачак кавы,
белы цукровы кубiк,
сухiя кветкi.
* * *
У трубах рэха
павялiчвае памер...
Сэнс непарушны.
* * *
З вачэй цяжарнай
жанчыны паглядаюць
дзве розныя душы.
* * *
Цэлы Божы дзень
цяжкая гарачыня -
горад змучыўся.
* * *
Абараняйце,
чорныя акуляры,
хворае вока.
* * *
Стома, здранцвенне,
на скронях гарачы пот,
не варушуся.
* * *
Не здымаючы
ахоўных акуляраў,
развiтваюся.
* * *
Чапiў анучу,
спалохаў шалахвоста -
няма спакою.
* * *
У зелянiне
аранжавыя зоры -
кветкi гарбуза.
* * *
Каханка плача,
хавае твар за букет
гладыёлусаў.
* * *
Лiсток сцiскаю -
зялёны, тапалёвы,
гаркаваты сок.
* * *
Зусiм няблага
ляжаць i доўга думаць
пра спелы агрэст.
* * *
Успамiнаю
дзедаў каменны ганак -
трэснуты жорнаў.
* * *
Сонечны вечар,
пылам i галубамi
пахне гарышча.
* * *
Ля плыткай вады
цёплай лiпеньскай рэчкi
па пяску iду.
* * *
З даланi на далонь
перакiдаў каменьчык
i слухаў хвалi.
* * *
Вецер незнарок
перагарнуў старонку
маленькай кнiгi.
* * *
Карункi шуму
на жвiр шпурляе хваля
i цягне назад.
* * *
Са жменi ў жменю
няспынна i марудна
сыплецца жарства.
* * *
Залацiстая
на вялiкай панiве
рыбiна ляжыць.
* * *
У рудым збанку
блакiтнае малако,
парожнi кубак.
* * *
Стол. Вiдэлец. Нож.
Памiдоры. Агуркi.
Шклянка, сок. Гладыш.
* * *
Астудзiў спiну
свежы, цёплы вятрыска -
безумоўна, кайф.
* * *
Куст ядлаўцовы
пад мацiцовым небам -
вечны вандроўнiк.
* * *
Вечар, пiск стрыжоў
пранiзлiвы, трапяткi
над цёмным дваром.
* * *
Золата крыжоў
плыве над купаламi
чужога храма.
* * *
Вiльня, цiхi двор,
пад шэраю сцяною
папараць расце.
* * *
Хлопчык-акрабат
на чырвоным дыване
стомлены сядзiць.
* * *
Стогадовы дом,
i каля яго цвiтуць
гладыёлусы.
* * *
Кацяня дайшло
да акна ў стары падвал
i схавалася.
* * *
Шэра-жоўтае
мiнскае нiзкае неба
кратаю рукой.
* * *
Чорнае неба,
маўклiвае чаканне
ў аэрапорце.
* * *
Суботнi вечар,
збiраю з нiзкай лiпы
цвет на гарбату.
* * *
Цiха паклiкаў
круглалiсты званочак
мяне ў дзяцiнства.
* * *
Іду дахаты,
салодкi лiповы дух
супакойвае.
* * *
Пад алешынай,
у завоiне маўчыць
мяккая вада.
* * *
Гарачы вецер
па зялёнай дарозе
коцiць жоўты лiст.
* * *
Квадра, парк стары,
пахне скошанай травой
малады туман.
* * *
Ноч, прыслухаўся -
стракочуць гадзiннiкi;
цi то конiкi...
* * *
Па-над сасною
поўнi жоўты дыск плыве
на хмарах сiнiх.
* * *
Падае знiчка
за далёкi чорны лес;
забыў жаданнi.
* * *
Плывуць аблокi
ў ласкавай цеплынi,
месячная ноч.
* * *
Успамiнаю
далёкае каханне
пад платанамi.
* * *
Чужы, чорны дом.
Бясконцы глухi паркан.
Бразнула клямка.
* * *
Джаз разгойдвае
карабельны рэстаран...
Цi наадварот?
* * *
Кураць i танчаць
маладзiцы п'яныя.
Весела глядзець.
* * *
Цёмная поўня
шэпты кляновых шатаў
слухае ў цемры.
* * *
Прытаiлiся,
як пачвары марскiя,
на пяску карчы.
* * *
Вугаль на зубах,
печанае бульбы смак,
салёны дымок.
* * *
Залаты агонь,
моўчкi з братам сядзелi,
блакiтны попел.
* * *
Гудзенне мора.
Моцны, пякучы вецер.
Чорная вада.
* * *
Бездапаможны
матылёк на шыбе
шукае выйсце.
* * *
Дзверы на гаўбец
адчынiў, а мой сябра,
месяц, не прыйшоў.
* * *
Гарадская ноч,
шчыльная гарачыня,
кропелькi зорак.
* * *
Не памылюся -
назваўшы запальнiчку
любiмай кветкай.
* * *
Цiхi шум машын.
Ноч. Гадзiннiк. Я i ты.
Цёпла. Споры дождж.
* * *
Патушы святло,
чуеш — б'ецца-б'ецца ў шкло
шэры матылёк.
* * *
Срэбная хмара
стала побач з поўняю,
вецер стамiўся.
* * *
Шчупака саснiў.
Не, не жывога, на-
маляванага.
* * *
Прачынаюся,
п'ю халодную ваду
i засынаю.
* * *
У сiнiм садзе
цяжарная жанчына
спелы яблык есць.
* * *
Халодны вецер,
празрыстае паветра,
аголены сад.
* * *
Слiва на стале,
побач востры нож ляжыць;
зараз слiву з'ем.
* * *
Дворнiк пад акном,
ён мяце-мяце асфальт,
ён блiжэй-блiжэй.
* * *
Як непрыемна
вiльготную адзежу
ранiцай надзець.
* * *
Гуляю з дачкой
пад жоўтымi лiпамi
старога сквера.
* * *
Ралля, груганы,
гара пад нiзкiм небам,
салодкi вецер.
* * *
Аса на шыбе -
дзынкае пажаданне
вярнуць свабоду.
* * *
Ляснула шыба,
шкло блiшчыць на падлозе,
стаю басанож.
* * *
Чырвань рабiны
ў зелянiне дваровай,
вось спаткаў восень.
* * *
Вербы па рацэ
пасылаюць у нябыт
сумныя лiсты.
* * *
Туманны ранак,
над сiвою рэчкаю
лунаюць кiрлi.
* * *
Сонны смоўж паўзе
па падасiнавiку
маладзенькаму.
* * *
Чародка сiтавак
пабудзiла цiўканнем
навакольны лес.
* * *
Шэрая зямля,
скача жвавы верабей,
жоўтая трава.
* * *
Падасiнавiк -
згубленая шапачка
чорнага дзятла.
* * *
Дзецi збiраюць
каштаны на асфальце,
халодны ветрык.
* * *
Дзiця ў касцёле
слухае арган. Вiтраж
чырвоны ззяе.
* * *
У Койданаве
сады спавiвае дым -
паляць бульбоўнiк.
* * *
Лёгенькi лiсток
да мяне ляцiць-ляцiць
шэрым матыльком.
* * *
Жоўтыя лiпы,
знаёмая вулiца,
чужыя людзi.
* * *
Сiнi кiпарыс,
калi паглядзець праз дождж,
робiцца вышэй.
* * *
Праз кастрычнiк
iду пад каштанамi
i па каштанах.
* * *
Скляпеннi, крокi,
водгулле, палёт-лiсток
сухi лунае.
* * *
Шоргат шэрых хваль
доўга слухаю адзiн.
Дух марской травы.
* * *
Жорсткi хвалялом,
насцярожанае мора,
шурпаты вецер.
* * *
Глядзiць сланечнiк,
нахiлiўшы галаву,
на ранiшнi снег.
* * *
Пад белым небам
у сухой траве заснуў
руды сабака.
* * *
Лялька ў калюзе,
нерухомыя вочы
глядзяць з-пад вады.
* * *
Кiдае лiсты
ў фантанчык з лебедзем
стогадовы клён.
* * *
Цiха падае
лiсце з паркавых клёнаў,
падае цiха.
* * *
Вецер у спiну.
Коцiцца сухi лiсток,
а за iм другi.
* * *
Вяртацца мушу,
вяртанне будзе хуткiм...
Ізноў дарога.
* * *
Гаворым з братам
пад цёмнымi букамi,
палiм няспынна.
* * *
На цiхай вадзе
дзiкiя качкi сядзяць,
хуткi цень кiрлi.
* * *
Зачапiлася
за гатычны кiпарыс
хмарка горная.
* * *
Пад ляскоўкаю
нечакана знайшоўся
салодкi яблык.
* * *
Я забiў жучка,
А спытай мяне — нашто?
I не адкажу.
* * *
Палахлiвае
лiсце паляць у парку,
полымя i вецер.
* * *
Восеньскi кантраст -
на блiскучым блакiце
жоўта-цёмны клён.
* * *
Парк прапах дымам.
На гурбе чорных лiсцяў
танчыць агеньчык.
* * *
Чорная вада
ў калюжыне стаiць,
а над ёю — я.
* * *
На рэчку хадзiў
паглядзець, цi замерзла,
чакаю зiмы.
* * *
Чужы завулак -
тут нават чырвань цэглы
цяпла не мае.
* * *
Холад восенi,
у вясну ляцiць-ляцiць
матылёк сухi.
* * *
Ты мяне суцеш,
доўгая дарога, да
шэрага неба.
* * *
Лiлея ў шклянцы,
дух яблыкаў антонаў,
слёзы каханкi.
* * *
Нашто блукаю
i каго шукаю тут,
сярод туманаў?
* * *
Памажыце мне
каханую забыць, кля-
новыя лiсты.
* * *
Сланечнiк высах,
ледзь чутны водар мёду
застаўся ў лiстах.
* * *
Несупынны дождж,
як дзiця, спадзяюся
на заўтрашнi дзень.
* * *
Рукi нямога,
чырвоныя на дажджы,
хутка гавораць.
* * *
На камень-валун
сеў самотны вандроўнiк,
халодны вечар.
* * *
Легкаважны дым
не магу нiяк схапiць
за блакiтны хвост.
* * *
Як непрыкметна
на вагоннай падлозе
след высыхае.
* * *
Спяць дарожнiкi,
лыжка ў шклянцы на стале
ўсе звiнiць-звiнiць.
* * *
Так дрыжыць вагон,
што нiводнай лiтары
роўна не пiшу.
* * *
Стамiўся ехаць,
нарэшце той прыпынак,
дзе ўсе сыходзяць.
* * *
Чаму ж вы, пташкi,
не зведалi адзiноты
па-над зямлёю?
* * *
Агарнулi лес
восеньскiя халады,
вогнiшча кладу.
* * *
Колькi каштанаў
прынёс дадому i расклаў
у кнiжнай шафе.
* * *
Паўночны вецер,
дождж, шэрая дарога,
ноч, валацуга.
* * *
За галiнамi
чорна-сiнiмi плыве
белы маладзiк.
* * *
Восеньскi ўспамiн -
на вясковых могiлках
пахiлiўся крыж.
* * *
Сталёвы вецер,
коцiцца па асфальце
звон кансароўкi.
* * *
Лiхтар, прыпынак,
высачэзная постаць
пад парасонам.
* * *
Не дае заснуць
скразняк у электрычцы,
бязбожны холад.
* * *
Поўнач у метро,
мармуровая сцяна
слухае мяне.
* * *
Жаданне — заснуць,
не патушыўшы святла,
глыбокая ноч.
* * *
Спаць i толькi спаць,
больш нiчога не хачу;
не магу заснуць.
* * *
Дзверы зачынiў,
а ў пакоi скразнякi
не пазнiкалi.
* * *
Халодны пакой,
цiўканне гадзiннiка
не дае заснуць.
* * *
Дзе падзеўся ты,
ясна-белы маладзiк?
Не кладуся спаць.
* * *
Вадкая цемра,
уздыхнула машына,
вуркоча матор.
* * *
Нiзкая вярба
ўсё кранае на вадзе
адлюстраванне.
* * *
Ноччу падаў снег,
а наранiцу растаў -
цёплая зямля.
* * *
У чоўне вада,
на вадзе — срэбра поўнi
i тонкi лёдзiк.
* * *
Вельмi многа сплю,
дык чаму цалюткi дзень
пазяхаецца?
* * *
Далёка ў небе
марозным сiнiм ранкам
сканала зорка.
* * *
Квiтнее слiва.
О, не-не — падалося...
Навокал шэрань.
* * *
Дробныя зоры
востра мiргалi, золкасць,
час развiтання.
* * *
Стары чалавек
спытаў у вялiкай гары:
— Цi гэта зноў снег?
* * *
Цёмны шэры лiст
падае на першы снег,
нахiляюся.
* * *
У акно гляджу,
на стале астывае
шклянка малака.
* * *
Над таполямi
шэра-мацiцовае
неба студзеня.
* * *
Сонны настрой -
вуркоча рэпрадуктар,
слоў не разабраць.
* * *
Гляджу на шэрань
i не магу пакiнуць
занятак марны.
* * *
Мокрая далонь -
бо на ёй дадому нёс
першы цёплы снег.
* * *
Марозны ранак,
двухгадовая дачка
шукае поўню.
* * *
Падняўшы з долу,
павесiў на галiну
дзiцячы шалiк.
* * *
Цiха, сняжынкi
на паркавыя вЗзы
апускаюцца.
* * *
Надпiс на снезе,
вецер схапiў i панёс
белую думку.
* * *
Белая шыба;
сонечны, марозны дзень
толькi пачаўся.
* * *
Шэрань на слупах.
Не спыняецца цягнiк
ля вясковых хат.
* * *
Сваiм холадам
бела-блакiтны аркуш
запалохвае.
* * *
Парэзаў палец,
выцiраю цёмную кроў
з белага стала.
* * *
Згадаю вясну -
снег i лёд на iмгненне
зазелянеюць.
* * *
На ўчарнелы парк
зноў зiмовыя дажджы
сеюцца штодня.
* * *
За нiзкiм плотам
цяпла i вясны чакае
гарод пад снегам.
* * *
Апякаюць твар
вецер i снежаньскi дождж,
лёд на палiто.
* * *
Цалiком iду,
сорак дзён парожняя
дзедава хата.
* * *
Пануе шэрасць -
на местачковым пляцы
туман адлiжны.
* * *
Заснежаны сквер,
сабачы брэх над рэчкай
разлягаецца.
* * *
Качар на хвалях
вузкай балотнай рэчкi,
снег на берагах.
* * *
Пяро на снезе
кiнула чорная птушка,
каму, як не мне?
* * *
Так па-японску -
праз белыя жалюзi
глядзець на зiму.
* * *
За акном ляцiць
вечарова-чорны снег
праз маю душу.
* * *
На зялёны лёд
бела-жоўты цяжкi снег
падае праз дождж.
* * *
Вечар, лiхтары
над пустой дарогаю
нахiлiлiся.
* * *
Шафа з люстэркам,
там спяць пах нафталiну
i зiмовы дух.
* * *
Мяккi снег ляцiць;
раптам шэры матылёк
у памяцi ўзнiк.
* * *
Брудны шэры снег
вечаровае сонца
пазалацiла.
* * *
Чужы чалавек
прапанаваў з iм выпiць
моцнай гарбаты.
* * *
Навокал снегу -
нi прайсцi, нi праехаць -
насыпаў люты.
* * *
Цвярозы мароз,
за лесам вежавы кран,
лiловы вечар.
* * *
З дачкой на руках
дамоў, на пяты паверх,
падымаюся.
* * *
Чорная кава
астыла канчаткова,
нарэшце — крокi.
* * *
Святло збiраю,
каб асвятляць свет сноў
зiмовай ноччу.
* * *
Надакучвае
пасылаць падарункi
самому сабе.
* * *
Чорны тэлефон,
як скарбонка, прыхаваў
галасы сяброў.
* * *
На адпачынку
ранiцай люблю згадаць
каляровы сон.
* * *
Дваццаць год прайшло,
а ракавiна тоiць
галасы мора.
* * *
Колькi радасцi
яны раней дарылi -
лiсты каханкi.
* * *
Чалавечы лёс.
Не хапае нават слоў,
што нi гавары.
* * *
Зараз я сябе
ў люстэрку не пазнаў...
Зрэшты, ну i што.
* * *
Добрая душа -
ён i з дзецьмi гаварыў,
як з дарослымi.
* * *
Гартаю кнiгу,
у гармiдары лiтар
з'яўляецца сэнс.
* * *
Нараджаемся,
паабяцаўшы Богу
хутка памерцi.
* * *
Самы лепшы верш
запiшу на газеце
й шпурну ў сметнiцу.
* * *
Верш на паштоўцы
запiсваю алоўкам,
а потым тушшу.
* * *
Чытае хлопчык
гучна, па складах, мой верш,
нiякаватасць.
* * *
Без дай патрэбы
на аловак насадзiў
катушку нiтак.
* * *
Некалi ў мяне
пластмасавы чалавек
у скарбонцы жыў.
* * *
Кроплi чарнiла
ўпалi на чысты стол -
зорнае неба.
* * *
Ломкi лабiрынт
падлiчвае памылкi
лагiчных крокаў.
* * *
I памiж сяброў
не магу пазбавiцца
адзiнотнасцi.
* * *
У прорву часу
ляцяць нашыя крокi...
Рэха, успамiн.
* * *
Пыл, пясок, жвiр,
жарства, камянi, груды,
горы, снег, неба...
* * *
Накiроўваю
ў падземны пераход
свае пакуты.
* * *
Аб кант комiна
разбiваецца погляд
на рэчаiснасць.
* * *
Пазабаўляцца б
з такiм прывабна-сiнiм
электрадротам.
* * *
Мэтазгоднасцi
указальнiк блакiтны
не вызначае.
* * *
Адваротная
перспектыва дарогi
сыходзiцца ў сэрцы.
* * *
Памыляюся,
за павелiчальным шклом
той жа самы свет?
* * *
Хто табе сказаў,
што мiнулае маё
не належыць мне?
* * *
А цi трэба па-
мятаць, якi зараз дзень,
можа, ведаеш?
* * *
Брат мой гаварыў:
— О, якi ён салодкi,
водар атруты...
* * *
Непераможны,
як дух безнадзейнасцi,
смак самагубства.
* * *
Сустракаюцца
не зусiм падобныя
i сярод блiзнят.
* * *
Так яно лепей, -
калi нiхто не прыйдзе.
Крокi пад акном...
* * *
Два гадзiннiкi
i нiводзiн не iдзе.
Як гэта добра.
* * *
У бясконцай чарнаце
бразнуў клямкаю
нечаканы госць.
* * *
Сталёвы месяц,
жалезабетонны мост,
срэбная вада.
* * *
Лютаўская ноч,
мароз; а мурын iдзе
без капелюша.
* * *
Не магу заснуць.
Напiшу пра галалёд -
астуджу душу.
* * *
Каляровы сон
завiтаў сярод зiмы -
з кветкамi вяргiнь.
* * *
Ноч глыбокая.
Перачытваю наноў
Іса i Басё.
* * *
Не магу заснуць.
Слухаю далёкi гуд
аэрадрома.
* * *
Цi не вар'яцтва -
марыць пра бессмяротнасць
лютаўскай ноччу?
* * *
Лётае вецер,
страсае зоры на снег,
рыпяць таполi.
* * *
Ідзе гадзiннiк.
А куды? Невядома.
Спыню маятнiк.