Койданава

Глёбус Адам


МА-МА

Ма — тое самае, што i няма
(звычайна ў гутарцы дзяцей).

Як прыснiцца сырое мяса — абавязкова захварэеш, вядома, калi з чацвярга на пятнiцу. А калi не хочаш, каб сон спраўдзiўся, дык да абеду не расказвай цi, яшчэ лепш, раскажы вадзе. Можаш на кран гаварыць, пусцiць ваду i расказаць. Я так i раблю, каб злое паплыло з вадою, хай плынь тое злое, чорнае панясе. Калi саснiш кроў — атрымаеш вестку ад крэўнага, гэта калi крывi нямнога, адна кропля; больш — чакай сваяка, пэўна ж прыйдзе цi прыедзе. Вось калi Рэня павiнна была прыляцець, я ўбачыла, нiбыта пабiла руку, ударыла аб востры кант i падрапала, на скуры кроў выступiла.

Не веру ва ўсе гэтыя друкаваныя соннiкi, толькi ў тое, што ў нашым Койданаве казалi.

Я таксама не веру, але чытаць люблю, паэзiя ёсць. Вось прыклад з соннiка, прыдбанага за рубель у падземным пераходзе: "Рэха — пiсьмо здалёк". Метафара, грэгерыя на ўзроўнi Рамона Гомеса дэ ла Серны. У яго: "Суфлёр — рэха яшчэ да слова". Але што тут спрачацца, зразумела: Койданава блiжэй за Мадрыд, Беларусь, а не Iспанiя, мацi...

А мама мяне заўсёды папярэджвае, прыходзiць у сон i папярэджвае: калi ты цi Мiрак захварэеце.

Вось аднойчы: я спала, а снiлася, што ляжу i чытаю. Начная лямпа на тумбачцы гарэла — паўзмрок. I ўсё цалкам рэальна: кнiга, спачывальня, ложак, лямпа. Раптам адчынiлiся дзверы, мама зайшла. Яна ў зялёнай кофтачцы, ты павiнен помнiць — яркая, зялёная. Ведаю, мамы няма, памерла. А яна зайшла i стаiць над маiм ложкам. Я з пярэпалаху пачала сварыцца: "Мама, нашто вы прыйшлi?!" Памятаеш, я маму заўсёды на "вы" называла. "Мама, iдзiце адсюль, iдзiце", — рукою махаю, вось так. А яна стаiць i старэе — з маладой жанчыны ў старую кабету ператвараецца. Твар зрабiўся цёмны, земляны, пасечаны дробнымi зморшчынкамi, у жыццi такога нiколi не было. Састарэла, змеркла i растала ў паветры. Я прахапiлася i паўночы не магла заснуць. Ляжала, але бацьку не будзiла. Так з кнiгаю ў руках i заснула. I толькi заснула, як iзноў мама прыйшла. Прынесла ў спачывальню два вядры з вадою. Адно вядро ўпала, вада разлiлася, а з другога — толькi крышку расплюхалася на падлогу. Мама сышла. Да ранiцы я не змагла заснуць. А за дзень, мiтусня, той сон i забыўся. А ўвечары — няшчасце, Мiрак заспакаяльнага тры канвалюты прыняў. "Хуткая дапамога", бальнiца. Толькi праз дзень цi нават праз два я той сон з вёдрамi згадала.

Гэтаксама i ў мяне, вада — небяспека. З дзяцiнства, калi саснiў, што плыву ў моры i нясцерпна хочацца ў прыбiральню па маленькай патрэбе, а бераг далёка. Прачнуўся, а ў ложку мокра. Страх, ноч, сорам, бо ўжо ў школу хадзiў. Вось i цяпер, як ваду сасню — прахоплiваюся, ад таго дзiцячага страху, напэўна.

А бываюць зусiм iншыя сны. Вось цэлы год не было ў мяне добрых ботаў. Былi нейкiя старыя драныя-рамантаваныя, а новыя нiдзе не магла набыць. У мяне, як у мамы, пад'ём высокi. Колькi па крамах нi хадзiла — няма ботаў, цi памер не падыходзiць. Толькi пра боты думала. Бывае так, думаеш увесь час пра адно i тое ж, пра драбязу, аж сорамна робiцца, а ты ўсё не можаш адкiнуць яе. Вось уключыла тэлевiзар, прысела ў крэсла, а тут мама ў кватэру заходзiць i трымае ў руках новенькiя боты на высокiх абцасах. "Што ж ты, Нiна, боты сабе не купiш?" -спытала, i няма. Тэлевiзар iдзе. I гэта нават не сон, а так, нешта найшло. Насланнё, як кажуць. Праз дзень я ў магазiне "Чаравiчкi", што каля кiнатэатра "Цэнтральны" такiя боты i набыла, брунатныя, з маланкаю, на высокiх абцасах.

Гэта не сны.

Як мама памерла, я ўсё плакала. Успомню — слёзы самi цякуць. Мы тады каля могiлак Кальварыйскiх жылi. Бацька за сталом сядзеў, пiсаў, я на ложку ляжала, вы спалi. Мама ўспомнiлася, i сляза, вялiкая-вялiкая, па скронi пабегла. Нават цяпер адчуваю тую слязу. Тут бачу маму, яна злосна глядзiць на мяне i гаворыць: "Нiна, што вы з Бронiкам крычыце ўсё i крычыце? Спакою не даяцё. Перастань крычаць!" Сказала i выйшла на гаўбец. А мне падумалася — цiха плачу i зусiм не крычу. Чаму яна кажа, што з айчымам крычу? Устала з ложка i ў бацькi спытала: "Ты маю маму бачыў?" Бацька збялеў, па сардэчныя кроплi на кухню пабег. Прынёс. "Ты што, Нiна? Якая мама? Супакойся". А я: "Вось дзверы гаўбцовыя яна адчынiла". — "Скразняком дзверы адчынiла. Восьмы паверх". Мы тады на восьмым паверсе жылi. Вокны — на могiлкi. Мама iх любiла. Каплiцы, касцёл закiнуты. Яна ж каталiчка.

Як плакаў па бабе Ядзi наш дзед Бронiк, я забыць не магу. Штодня, i ўвосень, i ўзiмку, хадзiў на могiлкi, клаўся каля Ядзiнага капца i плакаў. Не мог ён без яе. Увесну iнсульт. А ўлетку, якраз праз два гады, каля Ядзiнага капца насыпалi Бронiкаў. Зямля пухам.

Трэба ў Кальварыйскiм касцёле iмшу замовiць.

А самае яркае, самае рэальнае з'яўленне было ў школе. Я тады ў школьнай бiблiятэцы працавала. Дзецi разышлiся. Цiха. Кнiжкi па палiчках расставiла, сяджу за сталом. Сцямнела. Я сяджу, стамiлася, устаць не магу. Спачатку крокi на калiдоры, потым мама ў бiблiятэцы. Падышла i так цiха-цiха ласкава шэптам: "Нiначка, сябе не глядзiш зусiм. Трэба да доктара iсцi, трэба сябе глядзець. Няўжо надумала дзяцей пакiнуць?" Яна гаворыць. А праз яе голас — крокi на калiдоры. Мама праз чытальную залю, за стэлажы, у кут, там зусiм цёмна. У бiблiятэку дырэктар заходзiць, святло запальвае i гучна-гучна: "Нiна Уладзiмiраўна, што з вамi?" Лямант, мiтусня. Я не варушуся. Ён пабег у медпункт. Школьная доктарка яшчэ не сышла. Укол мне зрабiлi, "хуткую дапамогу" выклiкалi, але ў бальнiцу не павезлi. Бацьку нiчога не сказала, ён i так пасля адчыненых на гаўбец дзвярэй моцна перажываў.

Бываюць светлыя, радасныя з'яўленнi. Вось каля крамы "Бурацiна" — дзiцячае адзенне, бачу — мама насустрач iдзе. На ёй доўгая вiшнёвая сукенка, а праз руку, вось так, яшчэ некалькi сукенак перакiнутыя. Вецер. Валасы развяваюцца. Прыгожыя ў яе валасы былi, густыя, каштанавыя i вiлiся. Хустак мама не любiла. А вочы светла-блакiтныя. Твар белы, чысты. Яна такая гожая, маладая, iдзе мне насустрач, смяецца i гаворыць: "Ой, Нiна, як добра, што ты мне ў дарогу вiшнёвы адрэз паклала. Бачыш, якая сукенка атрымалася? Я тут самая прыгожая". Я хацела маму за руку ўзяць, а яна так мякка плячом павяла — не трэба. I пайшла. Я засталася. Схамянулася, а навокал пуста, вечар, нiдзе нiкога няма. А з гэтым вiшнёвым адрэзам вось як было... Калi ехала на пахаванне, дык па дарозе ў краму зайшла i купiла адрэз, ведала — мама больш за ўсё вiшнёвы колер любiла. Прыехала, у хату зайшла, а маму памылi ўжо i ў труну паклалi. Сукенка на ёй блакiтная i труна блакiтная. Дастала я з сумкi вiшнёвы адрэз i кажу: "Будзем пераапранаць. Пашыем зараз вiшнёвую сукню, блакiтную нажнiцамi разрэжам i здымем". Усе не чакалi такога i пагадзiлiся. Сваячка нават адрэз на стале разаслала, каб раскраiць. Але спачатку тая ж сваячка, а потым i ўсе астатнiя пачалi ўгаворваць — лета, гарачыня, не трэба... Я ў плач, у слёзы, а самой падумалася, што прывезла той адрэз маме, дык у труну ў ногi трэба пакласцi. Так i зрабiла.

Вочы ў бабы Ядзi былi блакiтныя. А здымак на помнiку брунатны. I ў дзеда Бронiка здымак брунатны. Але нават на карычневых здымках вiдаць, што вочы ў iх светлыя, блакiтныя. А можа, гэта толькi здаецца мне.

Звычайна, як хто блiзкi памiрае, я ў сне бачу яго. Першы раз гэта было, калi я ў iнтэрнаце жыла. Вярнулася з заняткаў, збiралася пачытаць, а ўсе дзяўчаты з нашага пакоя ў адзiн голас: "Мы будзем спаць, выключай святло". Пакрыўдзiлася, пайшла на калiдор чытаць. Суседка-аднакурснiца да мяне: "Чаго твая мацi сягоння прыязджала?" "Не сягоння, а ўчора", — кажу. А яна: "Учора гэта ўчора, а сягоння гэта сягоння. Тое i дзiўна, што два днi запар". Я ў наш пакой: "Вы спiце?" Спяць. Я грамчэй: "Вы спiце?" Тут Люда, самая старэйшая з нас, села на ложку: "Нiна, ты толькi не хвалюйся. Мы ж хацелi як лепей. У цябе баба Марыя памерла. А твая мацi хацела, каб ты заўтра ўранку прыехала. Мы i маўчалi". А сон? Сон быў напярэдаднi такi... Якраз у тую ноч, як баба памерла. Яна мяне ў дзяцiнстве вадзiла ў касцёл. I мне снiлася, што мы ўдзвюх заходзiм у касцёл. Яна — высокая, прыгожая жанчына, а я — зусiм маленькая дзяўчынка ў палярыне. У касцёле нiкога няма, светла, урачыста. Я глянула на бабу Марыю, яна вядзе мяне да алтара i маладзее. А я наадварот — расту. Я стала такой, як была на той час у сапраўднасцi. А яна — зусiм маленькая дзяўчынка. I ўжо не яна мяне вядзе, а я яе. Пасярод касцёла яна раптам вырвала сваю руку з маёй, пабегла i схавалася за алтаром. Я прачнулася.

А як мама памiрала, я ў дзiцячым лагеры была. Ну, правiльна, мы ж разам усе былi: i ты, i Мiрак. Мне ўбачылася такое: прыехала ў Койданава. Заходжу ў двор, а мама стаiць каля ганка i нешта робiць. Здаецца, бялiзну мые. Так, яна бялiзну мыла i пачула, як я клямкаю бразнула, азiрнулася. Яна маладая, смяецца, кажа: "Нiначка, мне ўжо нiчога-нiчога не балiць. (А ў яе рак, жахлiвыя болi.) Так добра. Я такая шчаслiвая. Нiна, мне нiчога не балiць". Я ўзрадавалася, iду да яе. А яна каля плота пабегла, стала маленькай, пад самай рукою маёй прабегла i — за веснiцы. Клямка бразнула. Прачынаюся, а ў вушах яшчэ бразгат клямкi звiнiць. Устала, выйшла на вулiцу. А тут ужо наш бацька: "Я па цябе. Машыну ўзяў. Трэба ехаць. Не плач".

У тую ранiцу пасля снядання я шукаў мацi па ўсiм лагеры. I ўбачыў яе, i пабег, а калi быў зусiм блiзка, схамянуўся — не мая мама, а выхавацелька. Я не спынiўся. Выхавацелька ўслед маё iмя крычыць. Слёзы душаць. Я ў лес. Ляжаў, плакаў на кастрыцы i пераконваў сябе, што баба Ядзя не памерла, што гэта я сам навыдумляў немаведама чаго. А калi слёзы скончылiся i прыйшоў да выхавацелькi i яна сказала, што баба Ядзя памерла, я не плакаў.

Мама мяне заўсёды папярэджвае. Даўно нешта не прыходзiла. Што гэта я кажу? Трэба па дрэве пастукаць.

Тук-тук-тук.

I ты пастукай.

Тук-тук-тук.

А калi абутак прыснiцца...

Як гэта я мог маму з выхавацелькай пераблытаць? Яны зусiм не падобныя.

...усё залежыць ад таго, якi абутак. Цi свой? Цi чужы? Цi новы? Цi чысты? А калi прыснiцца пажар, абавязкова пасварышся. Так у Койданаве казалi: пажар — сварка.