Койданава

Глёбус Адам


Ядзя

У Ядвiгi Александровiч укралi дачку...

Здарылася тое ў Магiлёве, у 1940 годзе. А ў горадзе на Дняпры сям'я Александровiчаў апынулася прымусова. Яе выслалi з вёскi Рудзiца, што ў Койданаўскiм раёне, якi з ласкi Сталiна ды Пiлсудcкага зрабiлi польскiм рэгiёнам. Выслалi з-за драбязы, хоць i наважвалiся выслаць сур'ёзна, i не ў беларускi абласны цэнтр, а ў галодную Расею, за Урал.

Бацька Ядзi, Ян, трымаў кузню i жыў заможна. Вясковая кузня на той час, як аўтарамонтная майстэрня зараз, а можа i больш. Ну, хто такi селянiн без каня? Нi ўзараць, нi пабаранаваць, нi дроў на зiму прывезцi. А чаго варты непадкаваны конь? Дзяцей на падворку пакатаеш, i больш нiчога з яго не возьмеш. Дык на баране цi кабане дзецям весялей пракацiцца. Хто-хто, а дачка Яна Александровiча пакаталася на конях. Ледзь не кожны дзень прыводзiлi iх да кузнi. Лiха iх бярэ, з гнутымi падковамi: цi адна адвалiцца, цi другая пачне па зямлi ляпаць, а iх, жалязяк, на аднаго каня ажно чатыры падавай. "Добра, што не шэсць!" — жартаваў каваль Ян Александровiч. А майстра быў адмысловы, ён вам i замок можа выштукаваць, згубiш ключ — не адчынiш, i жырандолю выкаваць, i крыж з прамянiстым сонцам на магiле паставiць. Нораў, праўда, меў татарскi, блiсне гругановым вокам — не падлазь. Наравiстасць i ўпартасць да Ядвiгi перайшла; што ж тут дзiўнага, дзiця ў кузнi гадавалася, бацька ёй на сняданак гусiнае яйка на вуголлях у жалезнай конаўцы варыў. Але ўпартых i наравiстых чамусьцi паважаюць. Любiлi i шанавалi каваля не толькi ў каталiцкай шляхецкай Рудзiцы, але i ў суседняй, бяднейшай, праваслаўнай вёсцы Бакiнава.

Той самай вёсачцы, з якой паходзiць род слынных спадароў Шушкевiчаў. Адзiн з iх на школцы мемарыяльную дошку прышрубаваў, маўляў, тут вучыўся беларускi паэт Станiслаў Шушкевiч, i ўсё такое астатняе. Дошчачка, праўда, нягеглая, на фанерцы намаляваная, толькi паэт не вiнаваты, ён сумленна пiсаў заяву ў Саюз пiсьменнiкаў, каб выдзелiлi грошы на бронзавую дошку. Адмовiлi паэту Станiславу. А цяпер кiраўнiкi таго ж Саюза пiсьменнiкаў пiшуць просьбу паэтаваму сыну, старшынi Вярхоўнага Савета. А Станiслаў Станiслававiч Шушкевiч iм адмаўляе. I правiльна робiць. Трэба ж было ў свой час павесiць бронзавую дошку ў Бакiнаве. У той самай вёсцы, дзе паважалi каталiкi Яна з Рудзiцы, самавiтага гаспадара, якi не пiсаў заявы ў калгас, а жыў з кузнi i невялiкага надзелу зямлi. Дый колькi трэба працавiтаму чалавеку, калi ў сям'i толькi трое: жонка Ганна, дачка Ядвiга i сам гаспадар? Трэба не трэба, а самы лепшы дом у Рудзiцы паставiлi Александровiчы. Праз добры дом i пачалiся бядоты.

"Александровiчы — кулакi! Iх трэба высяляць! Каваль эксплуатуе ў кузнi хлопца, Бронiка Кiсяля!" — думалi i казалi мясцовыя прыхiльнiкi камунiстычнага ладу. Толькi парабаваць Александровiчаў нескладана. Але хто тады коней у тым жа калгасе падкуе? Хто бароны i плугi адладзiць? Да каго пойдзеш па замок, каб замкнуць гербавую пячатку? Прыбяжыш да дзядзькi Яна i папросiш, i ў чарзе дзень-другi пачакаеш. "Усiм трэба, — ухмыльнецца ён у чорныя падкручаныя вусы. — Чым ты лепшы?" Не раскулачылi бальшавiкi Александровiчаў, але злосць прыхавалi.

Толькi i каваль, як той казаў, у шапку не соп. Задумаў ён на сваёй зямлi замацавацца яшчэ больш трывала. План склаў просты, але па-татарску жорсткi. Недарма ж у жылах Александровiчаў цякла азiяцкая кроў. У пашпартах яны як каталiкi былi запiсаныя палякамi, але душу мелi тутэйшую. Што той пашпарт? Кардонка размаляваная з паперкамi праштэмпеляванымi. Толькi ведаў каваль сiлу паперы, да якой прыкладалiся дзяржаўныя пячаткi. Ён i хацеў выкарыстаць папяровую моц. А шлях абраў такi: выдаць белатварую рыжую прыгожую Ядзю замуж за чырвонага афiцэра-памежнiка Уладзiмiра Глобуса. Памежнiк месяцы са тры як пачаў заляцацца да Ядвiгi. Мяжа ляжала зусiм побач з Рудзiцаю, пад Негарэлым. Да заставы ад вёскi i кiламетра не было. Вось афiцэрык i панадзiўся на вячоркi прыходзiць. Сумна ў казарме, а тут гармонiк, танцы i дзяўчаты. Быў спадар Глобус хоць i невысокi, але дужы i зграбны, i адукацыю цывiльную паспеў займець — фiнансавы тэхнiкум скончыў.

Усю ноч бацька з дачкою прагаварылi, зачынiўшыся ў кузнi. Не хацелася Ядзi iсцi за праваслаўнага, дый у дадатак бальшавiка. Але сям'я — перш за ўсё. Дый афiцэр, што нi кажы, а не салдат. Вось i згулялi ў Рудзiцы сумнаватае вяселле.

I года не мiнула пасля гулянкi, а ў Ядвiгi нарадзiлася дачка, Нiначка, якую i ўкралi ў Магiлёве...

А пасля вяселля Уладзiмiр Глобус пераехаў жыць у светлы i вялiкi дом Александровiчаў. Каваль жа супакоiўся, бо верыў, што нiякая паскудзiна яго з роднага дома не пагонiць. Толькi iнакш лёс Александровiчаў павярнуўся.

У суседзяў Кiсялёў таксама мелася грымець вяселле. Бронiк, якi ў кузнi за памочнiка хадзiў, вырашыў узяць дзяўчыну з Бакiнава. I браў яе старэйшы сын Кiсялёў не проста, а насуперак бацькам i Ядзi, каб адпомсцiць, бо адну яе, рыжую, кахаў. А вяселле, я мяркую, — справа сур'ёзная. Да яго загадзя рыхтуюцца, похапкам не зробiш, каб не асарамацiцца. А што на вяселлi галоўнае? Маладая з маладым, госцi, ну, i чарка з закускаю. Чаго-чаго, а закускi ў Рудзiцы, дзякуй Богу, хапала. Варта ж толькi згадаць рудзiцкi кiндзюк, гэта калi ў свiны сiкуновы пухiр набiваюць каўбаснае начынне — мяса, сэрца, дробна накрышанае сала, ныркi, часнок з кменам. А потым гэты круглы, як гарбуз, выраб падсушваецца на гарышчы. Ядуць кiндзюк на вялiкае свята. Александровiчы на вяселлi паставiлi на стол ажно тры кiндзюкi! Але колькi з'ясi, калi запiваць не будзеш? А ў суседняй беларускай Польшчы, як на грэх, налiўка i вiно таннейшыя, а гарэлка з самагонкаю каштавалi больш.

Старэйшы з Кiсялёў — Вацлаў — угаварыў старэйшага з Александровiчаў — Яна — прагуляцца па лесе за мяжу. Намянялi дзядзькi гарэлкi ў яўрэйскай манапольцы. А калi вярталiся, дык сутыкнулiся лоб у лоб з бальшавiцкiм памежнiкам. Каб не Янаў зяцёк, Уладзiмiр Глобус, пасадзiлi б дзядзькоў гадоў на пятнаццаць, тады якраз такiя тэрмiны любiлi прызначаць зашпiленыя на ўсе гузiкi пракуроры. Але ж недарма стары каваль думаў i маракаваў, калi дачку любую замуж выправiў. Выпусцiлi памежнiкi небаракаў кантрабандыстаў, але мясцовым уладам загадалi iх раскулачыць i выслаць.

Трэба ж было бальшавiкам некага i некалi раскулачыць у Рудзiцы, калi паўсюль тое дурное коцiцца. У Александровiчаў забралi кузню i дом, а ў Кiсялёў — хату ды сталярню. Ляснулася вяселле! Гаспадароў вывезлi ў таварным вагоне ажно ў Архангельскую вобласць, а сем'i, дзякуючы намаганням афiцэра Глобуса, пакiнулi ўсё ж у Беларусi.

Ядзя ўладкавалася на магiлёўскую швачную фабрыку i сказала, што Глобусавай нагi больш не будзе ў яе хаце. А Уладзiмiр не паверыў i ўсiмi праўдамi i няпраўдамi дамогся пераводу на службу ў магiлёўскi банк. Толькi Ядвiга сапраўды не пусцiла свайго мужа на парог. "Бацьку майго адправiў у архангельскi лес, а сам да мяне прывалокся. Стаiць i не пачырванее. Сораму ў цябе няма i не будзе..." — "Пра дачку падумай", — спрабаваў пярэчыць Уладзiмiр, але ўсе ягоныя пярэчаннi скончылiся грукатам дзвярэй.

Вось таму i падумала Ядзя пра Глобуса, як прапала дачка Нiначка, i паляцела ў банк, i ўсчынiла такi лямант, што, пэўна ж, увесь Магiлёў чуў. Ядвiга крычала, што ўсе вайскоўцы — нелюдзi, што Божачка iх пакарае — маланкамi спалiць i громам паб'е, а калi ёй дачку не вернуць, яна возьме сякеру i пасячэ афiцэра Уладзiмiра Глобуса на дробную драбнiцу. Банкаўскiя кабеткi ледзь супакоiлi раз'ятраную жанчыну, ледзь угаварылi глытнуць хоць бы кроплю вады. Збляднелы Глобус бажыўся дрыжачым голасам: "Не краў я дачкi. Далiбог не краў. Мацi да мяне прыязджала з Жылiхава. Тыдзень пажыла... Толькi нашто ёй тваё дзiця?" — "Яна! Яна дзiця звезла!" — захлынулася здагадкаю Ядзя, узрадаваўшыся, што хоць нешта праяснiлася.

Толькi на чыгуначны вакзал яна спазнiлася, цягнiк на Мiнск з гадзiну як ад'ехаў. Але ж мацi за сваё дзiця нi ў якай бойцы не адступiцца. I таму ў Мiнску Ядзя чакала цягнiка на пероне. А даехала яна ў сталiцу на спадарожных...

О, гэтыя спадарожныя машыны! Колькi разоў яны выратоўвалi нас!

А ў свой час дапамагалi яны i сем'ям Александровiчаў i Кiсялёў.

Увосень 1941 года, калi ўсе канчаткова зразумелi: распачатая вайна бальшавiкоў з фашыстамi зацягнецца надоўга, i было зусiм няясна, хто выйдзе з калатнечы ў пераможцы, цi то немцы, цi то расейцы, — вось тады каваль Ян i сталяр Вацлаў уцяклi з Архангельскай вобласцi i дабралiся на спадарожных машынах да сваякоў у горад на Дняпры. Маскалi спрабавалi ўтрымаць Магiлёў, але ўрэшце туды прыйшлi германцы. Фронт пасунуўся далей, а Кiсель з Александровiчамi знайшлi пабiты грузавiчок, адрамантавалi, пакiдалi ў кузаў транты i рушылi на захад. Грузавiчок, што працаваў не на бензiне, а на драўляных цурках, ледзь дапыхкаў да Мiнскага раёна, i кацёл трэснуў, заглух назаўсёды. Дзе пешкi, дзе на падводзе, а дзе на спадарожных дабiралiся сем'i ў сваю цiхую Рудзiцу. I дабралiся на радасць аднавяскоўцам, што больш як два гады пакутавалi без каваля i сталяра.

Новыя ўладары свету вярнулi Александровiчам i кузню, у якой так нiхто i не распалiў горн без гаспадара, i зямлю, i дом, дзе камсамольчыкi паспелi зладзiць клуб — знеслi перагародкi i паставiлi ў покуце сцэну. Сыплючы лаянку ў доўгiя падкручаныя вусы, рахманы каваль раскiдаў камсамольскую сцэну, парабiў наноў перагародкi, адрамантаваў сёе-тое з мэблi, паставiў новыя замкi, i сям'я зажыла цiха-мiрна i працавiта.

Яшчэ скажу, што Александровiчы i Кiсялi перад самай вайной паспелi параднiцца. Ядвiга, калi ганяла банкiра Глобуса, ужо мела намер пайсцi за Бронiка Кiсяля. Вяселля не рабiлi, Бронiк незаўважна перайшоў жыць да Ядзi, i ў iх нарадзiўся Вiцечка, толькi вось пражыло дзiця адно месяц i памерла ад запалення лёгкiх. Бронiк сам зрабiў труну i занёс пад пахаю на могiлкi.

А праз якi тыдзень у Ядвiгi ўкралi дачку. I звезла яе афiцэрава мацi, бо, як тлумачыла яна на мiнскiм пероне раз'юшанай нявестцы: "Ты ж, Ядзечка, жанчына зусiм маладая. Знайшла сабе роўнага мужчыну i жывi з iм. А дзецi ў вас яшчэ знойдуцца. Жыццё наперадзе. А ўнучку я i сама выгадую. Ёй у нашым Жылiхаве лепей будзе, чым у вашым Магiлёве. Яна ж толькi замiнаць будзе. Аддай Нiну мне..." Не аддала Ядвiга дачкi Нiны, вярнулася з ёю ў Магiлёў, а там новая бяда чакае: Бронiка забралi ў бальшавiцкае войска i пагналi на Фiнскi фронт.

I хай каму будзе за дзiва, але скажу, што праз сем месяцаў, ужо ў Рудзiцы, Ядвiга падаравала Нiне другога брата — Антона. З двума дзецьмi на руках Ядвiга перабралася ў Койданава, дзе на былым яўрэйскiм пляцы Кiсялi паставiлi дом.

Яўрэяў немцы выбiлi, дамы абрабавалi i спалiлi, i засталiся на ўскрайку мястэчка нiчыйныя сады i гароды. Кiсялям у якасцi кампенсацыi за "жыдоўска-бальшавiцкi, як пiсаў беларускi фашыст Ганько, тэрор" немцы прапанавалi абгарэлы сад разам з падмуркам, бо iхную сталярню камунiсты збяёдалi, а хату разабралi i распрадалi на дровы. "Каб яны ўчадзелi з тых дроў", — казала Маня, жонка старэйшага Кiсяля. Можа, яе праклёны i даляцелi з Магiлёва ў Койданава, бо яўрэяў i камунiстаў немцы пачалi страляць у першы дзень, як толькi прыйшлi.

Пэўна, яўрэi ведалi, як абыходзiцца немец з iхнымi суродзiчамi ў Польшчы, i вось знайшоўся адзiн хлопчык, вось i зняў ён са сцяны бацькаву паляўнiчую стрэльбу, залез на гарышча i праз маленькае акенца пальнуў у афiцэра вялiкай i непераможнай Германii. Стрэлiў, трапiў i забiў вайскоўца, якi вёў у Койданава цэлы атрад узброеных шарагоўцаў. Полымя тады ўсю вулiцу i выкацiла. Хлопчыка разам з сям'ёю i суседзямi пастралялi. I засталiся на ўскрайку мястэчка чорныя пляцы, якiя немцы пачалi раздаваць сялянам з навакольных вёсак.

Прыблiзна тое самае здарылася i ў Рудзiцы. Польскi партызан забiў, засек шабляю койданаўскага палiцыянта, якi прыйшоў да сваякоў на хрэсьбiны. Рудзiцкiя сяляне, зразумеўшы, чым гэты iнцыдэнт скончыцца, уцяклi: хто ў блiзкi лес, хто ў Койданава да сваякоў, а хто i ў Бакiнава да знаёмых. У вёсцы пазаставалiся толькi старыя. I калi наранiцу фашысты ачапiлi вёску, дык па ўсiх хатах назбiралi толькi дзевяць мужчын дый кабет з дзецьмi чалавек дваццаць. Старэйшаму Александровiчу, якi не захацеў кiнуць кузню, пашанцавала... У абозе, што прыйшоў у Рудзiцу з немцамi, знайшоўся знаёмы мужчына — каваля Яна ведалi далёка. Мужчына i рызыкнуў сказаць кавалю, каб той сеў на ягоны воз, нiбыта i ён абознiк. Толькi не ўседзеў Ян Александровiч на возе, калi немцы пачалi страляць у аднавяскоўцаў, ускочыў, крычаць пачаў, што няма сярод людзей польскiх партызанаў, лаяўся, нават бiцца да салдат кiнуўся. Збiлi старога каваля, зацягнулi ў гумно, дзе на гнiлой саломе ўжо ляжалi пастраляныя мужчыны, зачынiлi гумно i падпалiлi. Ян апрытомнеў, спрабаваў ратавацца, зашыўся пад нябожчыкаў, пад гнiлую салому... Ён i не згарэў, ён задыхнуўся ў куродыме. Пахавалi яго разам з астатнiмi пакутнiкамi на могiлках, у брацкай магiле, на беразе цёмнай ад торфу рэчкi Рудзiцы. Пасля пажару вёска адбудавалася толькi напалову, большасць сем'яў перабралася ў Койданава на яўрэйскiя гароды, чаго-чаго, а iх у мястэчку яшчэ хапала.

Пахаваўшы бацьку, Ядзя два доўгiя, як дарога з Магiлёва, гады чакала Бронiка. А каб неяк пракармiць дзяцей, пачала браць замовы на шытво. Мусiць, у тыя часы яна i палiць пачала; хаваючыся, яна курыла мужчынскiя папяросы, а дым выпускала ў печ. Палiла яна толькi з ранiцы, дзве-тры папяросы ўзапар, пакуль гатавалася сняданне. Гэтая звычка застанецца ў яе да самае смерцi. I ў свае сорак i ў пяцьдзесят Ядвiга будзе ўставаць на золку, раней за ўсiх, i нашча выпальваць пару-тройку доўгiх папярос. А Бронiк, якi нiколi ў жыццi не закурыць, так i не даведаецца, што ягоная Ядзя купляла кожную нядзелю пачак папярос.

Так i Нiна не даведаецца ад мацi, што сталася з яе бацькам Уладзiмiрам Глобусам. Значна пазней, калi ўжо ў васьмiдзесятых гадах Нiна Глобус, прозвiшча яна так i не зменiць, нават выйшаўшы замуж, паедзе ў Жылiхава i дазнаецца, што Уладзiмiр Глобус прайшоў дзве вайны, фiнскую i германскую, вярнуўся ў сваё мястэчка, дзе да самай смерцi — а памёр ён у 1961-м — працаваў загадчыкам пашпартнага аддзялення. Нiна i ў думках не папракне сваю мацi за тое, што нiколi не расказвала пра бацьку, хоць з айчымам Бронiкам адносiны складуцца ў яе несалодкiя.

А тады, калi Бронiк быў на фронце, а Ядвiга адна гадавала дзяцей, Нiна любiла сядзець каля швачнае машынкi i сачыць, як плыве пад iголкаю тканiна. Шыла Ядзя майстравiта, хутка i грошы брала невялiкiя. Праўда, што да шытва, дык у Койданаве i да германскай вайны i пасля працавала вялiкая швачная фабрыка. Але замоваў у Ядвiгi ўсё адно хапала. Вайна, дзе ты накупiшся апранах? Вось i перакройвалi, перашывалi, перанiцоўвалi па два-тры разы адны i тыя ж рэчы.

Утульны, цiхi строкат швачнай машынкi "Зiнгер" я помню, пад яго так добра засыналася на печы з дзедам Бронiкам, якi клаўся мяне малога прысыпаць, а сам засынаў iмгненна i пасопваў, а то i хроп. А машынка фуркатала, замiрала, а потым iзноў набiрала абароты. Шпарка-шпарка круцiлася яе срабрыстае колца.

Так, i сапраўды не сказаў...

Ядвiга — мая родная баба, а Бронiк — айчым маёй мацi Нiны, дачкi таго афiцэра-памежнiка, якi ратаваў i не выратаваў сям'ю Александровiчаў ад раскулачвання i высылкi.

З бабай Ядзяй i дзедам Бронiкам я гуляў у дамiно i шашкi. Нашую Ядвiгу навучыў гуляць у шашкi ксёндз Кастравiцкi ў прыкасцельнай школцы, якую два гады наведвала яна яшчэ дзяўчынкаю. Той самы Кастравiцкi, што даводзiўся далёкiм сваяком найвялiкшага паэта дваццатага стагоддзя Гiёма Апалiнэра, Апалiнарыя Кастравiцкага. У мяне ў альбоме захоўваецца фотакартка 20-х гадоў. Дзяўчаткi ў святочных крухмальных строях, а пасярод iх галубiнага гурту ўзвышаецца спадар ксёндз у чорнай сутане з бялюткiм каўнерыкам. Кастравiцкi ўсмiхаецца, склаўшы рукi з маленечкiм малiтоўнiкам на грудзях. Ён жа яшчэ не ведае пра ўласную хуткую i гвалтоўную смерць, пра тое, што ў ягоным акуратным касцёле зробяць клуб i камсамольцы па суботах будуць ладзiць танцы са скокамi, не раўнуючы, як у доме каваля Александровiча. А можа, ягоны чысты i малады твар асвяцiла ўсмешка, бо спадар ксёндз здагадваецца, што клуб пераробяць у музычную школу, дзе будуць займацца ўнукi ягоных прыбраных у лепшае навучэнак? Цi ён упэўнены, што музычную школку перавядуць у iншае месца, а ў касцёле iзноў загучыць слова Божае. I там пачнуць хрысцiць праўнучак ягоных дзяўчатак? Так цi iнакш, толькi ксёндз Кастравiцкi ўсмiхаецца... А ў маленькай Ядвiгi твар сур'ёзны, засмучаны i крышачку змазаны, а таму i самы жывы на фотаздымку. Той здымак не каляровы, ён зеленкаваты i брунатны, патрэсканы, з надламанымi ражкамi, таму хто не ведае, той i не ўбачыць залацiсты колер Ядвiзiных хвалiстых валасоў, бялюткую святлынь яе твару з васiльковымi вачыма, а тым больш не заўважыць лёгкiх i такiх цнатлiвых рабацiнак, што прымушаюць юнакоў да бяспамяцтва кахаць дзяўчат. Зрэшты, я не веру ў праўду фотаздымкаў i не люблю апошнi партрэт маёй бабы Ядзi, дзе праз яе ўсмешку вiдаць залаты ўстаўны зуб. Я не памятаю, каб у Ядвiгi былi не свае зубы. А можа, я не хачу помнiць?

Я дакладна не хачу помнiць, што ў даваенным пашпарце Ядвiга, як i ўсе Александровiчы, была запiсаная полькаю. Так, пэўна ж, полькамi былi i ўсе дзяўчаткi ў прыкасцельнай школцы, i ўсе яны марылi стаць каралеўнамi. Яны ж не ведалi, што за бальшавiкамi на Койданаўшчыну прыйдуць немцы, што ад польскага раёна не застанецца анi знаку, анi следу, а мужчыны i хлопцы памiж палякамi, немцамi i расейцамi шукацьмуць iншы шлях, свой — беларускi. Вось тады будуць спаленыя цi выкiнутыя на сметнiк пашпарты, у якiх беларусы былi запiсаныя палякамi толькi таму, што хадзiлi ў касцёл. А калi якi дасцiпны археолаг цi краязнаўца захоча знайсцi даваенны пашпарт Ядвiгi Александровiч, дык хай узброiцца рыдлёўкаю ды паедзе ў вёску Рудзiцу, а там распытае, дзе стаяў дом каваля Яна. Добрыя людзi пакажуць, дый падмурак, зарослы дзiрваном, яшчэ захаваўся. Калi ж добра пакапаць за былым гародам, можна i знайсцi, а можна i выкапаць камяк пракаветнага чалавечага гною, бо якраз жа там i стаяла чысценькая шпакоўня прыбiральнi. Што зробiш? Правiльна ў Рудзiцы казалi: "Дзе высока — там i нiзка, дзе далёка — там i блiзка".

Пашпарты перараблялiся не толькi за немцамi i палякамi, перапiсвалi дакументы i расейскiя бальшавiкi. Вось i Бронiку ў войску перарабiлi прозвiшча з Кiсель на Кiсялёў, бо ў тамбоўскiм шпiталi тамтэйшы разумнiк сказаў: "Не бывае ў рускiх такiх прозвiшчаў, я напiшу табе нармальнае рускае прозвiшча. Бранiслаў Вацлававiч Кiсялёў! Гучыць? Га?". Бронiк тады нiчога не адказаў, яму было кепска, балела сцягно i балеў жывот. Разрыўная куля з нямецкага кулямёта трапiла ў нагу, прашыла наскрозь i разарвалася ў нiзе жывата. Паўгода праляжаў Бронiк на спiне ў тамбоўскiм шпiталi, а калi ледзь жывы выпiсваўся, яму было ўсё адно, кiм памерцi — Кiсялём цi Кiсялёвым.

Ён вярнуўся ў Койданава i яшчэ з год хварэў. Але Ядзя ўсё ж выхадзiла яго. На сняданак i на вячэру ставiлася на стол талерка з кiслым малаком, i Бронiкаў жывот збольшага загаiўся. Працаваць Бронiк Кiсялёў уладкаваўся шафёрам у пажарную каманду, жыў ён памяркоўна, даглядаў сад, бульбу на гародзе садзiў, ездзiў на матацыкле ў ягады i ў грыбы... I якая рознiца, з якiм прозвiшчам гуляць па лесе? Але, аказваецца, рознiца ёсць, бо ягонаму сыну Антону сказалi ў раённым аддзяленнi мiлiцыi, што не выдадуць пашпарт на прозвiшча Кiсель, бо бацька ў яго запiсаны Кiсялёў, дый невядома, цi яго гэта бацька. Бронiк, дзякуй Богу, быў чалавекам з гумарам, таму i не вельмi каб заперажываў. Ён распiсаўся з Ядвiгаю па другiм разе, а свайго роднага сына ўсынавiў. "Каб яўрэямi былi, дык i радавалiся б, а так — адно пасмяялiся", — сказаў Бронiк замест тоста на несапраўдным вяселлi, налiваючы поўную, як вока, чарачку Ядвiзе. Што да нацыянальнасцi, дык яе ў Тамбове не змянiлi, расейскi разумнiк, як i большасць маскалёў, верыў, што рускi i беларус — тое самае.

А вось Ядзя заўсёды шкадавала свайго дзявочага прозвiшча, як не падабалася ёй прозвiшча афiцэра-памежнiка — Глобус, так недалюблiвала i звычайнага Кiсель, ёй хацелася быць Александровiч, але што зробiш, калi муж Кiсель. Гэтае прозвiшча Антон i замовiў высекчы на сцiплай мармуровай дошчачцы, што замацавалi на Ядзiным помнiку ў 1969 годзе.

Мала было светлых дзён у жыццi Ядвiгi, i смерць яе напаткала цяжкая, хвароба на рак ссушыла, зжаўцiла яе ўсю.

Выпiсалi Ядзю з бальнiцы хутка, каб памiрала дома, сярод сваiх, а не на казённым мулкiм i рыпучым ложку. Яна пажыла ў сваiм доме пасля бальнiцы толькi чатыры днi. Праўда, не ляжала, хадзiла аж да апошняе хвiлiны i розум мела ясны...

А вось Бронiк перад смерцю пачаў адыходзiць ад памяцi, не пазнаваў нiкога i гаварыць зусiм не мог. А пачалася ягоная хвароба на пахаваннi Ядвiгi. Бронiк плакаў цiха i няспынна, ён i за жалобным сталом нiчога сказаць не змог, устаў, пастаяў, закрыў твар кулаком з пакамечанаю змакрэлай хусткаю i сеў, так i не вымавiўшы нiводнага слова на самую доўгую дарогу сваёй любай жонцы. Смерць Ядзi змянiла Бронiка да непазнавальнасцi, з рахманага жартаўнiка ён, нiбыта ваўкалак, перакiнуўся ў маркотнага нелюдзiма.

I калi я наведваўся да яго ў Койданава, рабiлася горка i крыўдна за недасканалы свет, якi дазваляе, каб такое рабiлася з чалавекам.

"У мяне дупа лёгкая, а галава цяжкая, таму i плаваць не магу. Як зайду ў рэчку, на глыбокае месца, так дупа плыве, а галава тоне, на дно цягне", — ажно не верылася, што Бронiк мог такое распавядаць, гэты самотны чалавек з няголеным, сiвым, апухлым тварам i чырвонымi, не раўнуючы, як у белага труса, вачыма. Той Бронiк, якi любiў адкроiць добры скрыль кiндзюка ды кульнуць пад яго стограмоўку гарэлкi, а назаўтра, сёрбаючы лёгкай алюмiнiевай лыжкаю малако, адпусцiць жарцiк пра якiх фiгурыстаў, што круцiлiся на шарым экране маленькага тэлевiзара: "Яны ж, гэтыя хлопцы з дзеўкамi, не проста на лёдзе круцяцца. Яны прымерваюцца..." — "Бронiк, дзецi тут", — папракала Ядзя. "А што дзецi?! Хай ведаюць. Хiба яны iнакш зробленыя?"

А пасля жончынага пахавання весялосць так i не вярнулася да Бронiка. Яго панеслi на могiлкi праз два гады пасля Ядзi.

Але я думаю, што памерлi яны ў адзiн дзень. У тую свежую ад лёгкага ветрыку лiпеньскую ранiцу, калi змучаная хваробаю Ядвiга прылегла на канапу, па спiнцы якой крочылi ў невядомую далеч вышнураваныя па росце мармуровыя сланы.

Крухмальная фiранка трымцела ў расчыненым акне, яна запрашала душу пакiнуць стомленае цела.

"Буду чакаць цябе, Бронiк..."

I ён пахаваў яе ў блакiтнай труне i галубовай сукенцы.