Чорны пісталет

Апавяданьні з уласнага жыцьця

Бартосік Зьміцер


Чорны пісталет

Чорны пісталет

Спытайся ў мяне колькi гадоў таму, што ёсьць антыподам свабоды, я б, не задумваючыся, адказаў -- турма. Прычым наколькi цьмяна я ўяўляў сабе турму, нагэтулькi ж расплывiста адчуваў i зону ўласнае свабоды. З тае няўцямнасьці і выйшла мая першая гісторыя, што магла абярнуцца трагедыяй, а скончылася ўсяго толькі анэкдотам, прыкрай зімоваю показкай...

Ну, хто з хлапцоў у нашым дзяцiнстве ня марыў пра пiсталет, каб «пастраляць у фашыстаў»? Мая мара разьвiталася са мною не без вастрынi, даўшы мне ў рукi нямецкi «газавiк», а на ролю «фашыстаў» прызначыўшы нарад патрульнай службы мунiцыпальнай мiлiцыi гораду Волагды. Я нават не заўважыў, як маё дзяцінства замкнулася зусім рэальнымi кайданкамi на запясьцях.

«Я, Бартосик Дмитрий Валерьевич, гражданин Республики Беларусь, возвращался в районе двух часов ночи с театрального фестиваля «Голоса истории». На улице Зосимовской дорогу мне перебежала кошка. Из чистого любопытства я произвел по животному выстрел из газового пистолета, который приобрел в Литовской республике месяц назад. До этого мне стрелять не приходилось, поэтому сила звука мне известна не была. После выстрела я услышал окрики за спиной и увидел бегущих в мою сторону людей в форме. Которых я принял в темноте за солдат срочной службы. Испугавшись хулиганских действий в отношении меня с их стороны, я подпустил их ближе и произвел еще четыре выстрела по ним. После чего обнаружил на нападавших милицейскую форму. В совершении содеянного искренне раскаиваюсь»

-- Што, герой, напісаў? Ну, ідзі расслабляйся.

Зь вясёлага тону сьледчага я зразумеў, што гэтая справа яму да лямпачкi, а значыць ёсьць надзея на хуткi канец майго тэатральнага падарожжа ў Волагду, смутныя абрыўкi якога з болем усплывалi ў адфутболенай учора галаве. Але па меры абуджэньня памяці я ўсё больш выразна ўсьведамляў, што будзе кепска. І лепш было б не дамалёўваць рысы гэтага "кепска". Памяталася дастаткова. І што кошка была шэрая. І што адстрэльваўся прыгожа, як Джэймс Бонд. І як прыбярог апошні патрон, каб стрэліць ва ўпор. Помнiцца, адзiн схапiўся за твар. Значыцца, на жаль, я ўсё ж патрапiў яму ў вочы. I калi мяне запiхвалi ў варанок, у некаторых вокнах на начной вулiцы запалiлася сьвятло. Сонныя валагжане, дзякуючы мне, яшчэ раз праклялi рэалii новай Расеi. Расслабiцца, словам, ня надта ўдавалася. Не дапамагалi й жарты сукамэрнiкаў.

-- Малайчына, беларус. Даўно нашых казлоў ніхто так не ганяў.

-- Беларусы -- хлопцы ня промах. Успомні армію, сяржантаў -- беларусы, кабардзіны -- адзін хер.

Лепш бы яны памаўчалi. Ад iхных падбадзёрваньняў Беларусь здавалася яшчэ больш далёкаю ды мiстычнаю. Шмат бы я аддаў тады, каб раптам апынуцца ў самым загiблым беларускiм калгасе на любы тэрмiн палявых работ.

Мяне пабудзiлi ўначы. У дзяжурцы чакаў бацька. Сонны сяржанцiк справіў падпiску аб нявыезьдзе. Я баяўся бацькавага гневу. Але, на дзiва, ён паставiўся да ўсяго, што адбылося, бязь лiшнiх псiхаў i, як па нотах, разыграў маё вызваленьне. Па дарозе на вакзал ён кармiў мяне мною ж заваранай кашаю. Займацца гэтым анэкдотам тут жаданьня нi ў кога асаблiвага няма. Але, на няшчасьце, сяржант, якому я пусьцiў скупую мiлiцэйскую сьлязу, аказаўся занадта крыўдлiвым. I ў дадатак -- родам з гараду Грознага. Пакуль я прывыкаў да нараў, сяржант прызначыў тату сустрэчу ў гарадзкім парку. Прыйшоў тата, і замест міліцыянта пабачыў двух прыгожых вусатых каўказцаў. "Мы таксама з Грознага, атэц. Мы разумеем тваё гора, атэц. Мы паможам вярнуць табе сына, атэц". Адным словам, за сваю непадачу заявы ў пракуратуру наконт пашкоджанага здароўя пры выкананьнi службовага доўгу сяржант празь землякоў запрасiў круглую зялёную суму. Калi бацька прынес пакет, чачэны павялiчылi кошт маёй свабоды ўдвая. Слушна зазначыўшы, што "першая сума не зусім адэкватная бацькоўскаму гору", але забыўшыся на мудрую расейскую прымаўку пра сквапнага фраера. Прызначыўшы iм спатканьне на наступны дзень, бацька прыхапiў з сабой сябрука i сярод ночы з удавана радасным тварам завалiўся ў РАУС, дзе даверлiвы дзяжурны на слова паверыў, што «ўсё замята». Узяўшы падпіску аб нявыезьдзе, я праз пару гадзiнаў ужо быў у цягнiку мiлага сэрцу заходняга накiрунку, нiбы той калабок, пакiнуўшы ні з чым і гасьцінных валагжанаў, і іхных каўкаскіх гасьцей.

-- Ну, давай, сынок, валi ў сваю Лiтву i носу адтуль не паказвай. Паводзь сябе добра i маму не турбуй, -- разам з шчыраю поўхаю атрымаў я бацькоўскi наказ. Якi праз паўгады бяздумна парушыў, паддаўшыся жаданьню адсьвяткаваць Новы год у Беларусi. Варта мне было прыехаць зь Вільні ў Гомель, як лiтоўцы, нiбы шчоўкнуўшы пасткай, увялi вiзавы рэжым. I я набраў нумар Аддзела Вiзаў i Рэгiстрацыяў...

Усё, што адбывалася на тыя Каляды, я ўспрымаў надзiва спакойна. Увечары мусіў быць рэстаран зь дзяўчатамі. А пасьля Новы год. А ў новым годзе была Вільня, "Наша Ніва", новыя сябры й радасныя пляны. І раптам -- гэтыя двое ў цывiльным па баках, трэцi сьпераду. Кабінэт начальніка Угро. Тэлеграма зь цікавай фразаю: "... в случае задержания конвой выезжает незамедлительно". Пераапрананьне ў прасьцейшую адзёжку ды адрываньне фiльтраў ад цыгарэт. Цесны варанок i лянiвая размова канваiраў пра надыходнае сьвята... Рыданьнi мацi вярнулi мяне да рэальнасьцi. Да паступовага разуменьня таго, што ня будзе ў мяне вясёлых Калядаў. А вось год атрымаецца сапраўды Новы.

У камэры нас было чацьвёра. Мiлы хлопчык-кампутаршчык, якi адмыслова пакiнуў фортку свайго офiсу адчыненай, пасьля чаго ў офiсе засталася толькi гэтая самая фортка. Хлопчыка ўзялi ў момант, калi той у чаканьнi нявесты сэрвiраваў сьвяточны стол. У камэру яго даставілі ў строі жаніха. У белай кашулі й чорных нагавіцах. Другога, блатара-пачаткоўца i сына вайсковых расейцаў, выцягнулi з п'яной бойкi ля вiннай крамы, калi той яшчэ не пасьпеў нiкому страсянуць мазгоў. У яго была прабітая галава, і ён гэтым вельмі ганарыўся. Усё дэманстраваў сваю дзірку ў чэрапе, залепленую нейкай адмысловаю пласьцінаю. Трэцi быў саракагадовы, прыгожы чалавек з выцягнутым арыстакратычным тварам i вельмi разумным позiркам. Усё ў iм -- пастава, тэмбар, манера гаварыць зь невялiкiмi паўзамi, -- незвычайна супакойвала. Нават імя ягонае, Анатоль, дадавала яму шляхетнасьці. Ня кажучы пра кругагляд. Ад Вітаўта да Мулявіна. Я хутчэй уявiў бы яго за пiсьмовым сталом, чым... у якасьцi рэцыдывiста зь пяцьцю тэрмiнамi за плячыма й адным загубленым жыцьцём на душы, якi лiтаральна некалькi дзён таму грабануў у горадзе Мазыры прыватную краму й нажом паранiў мiлiцыянта.

Як добра, што я нiкога зь iх ня ведаў па той бок турэмнага муру. I як файна, што менавiта яны сталi маiмi сукамэрнiкамi ў той сьвяточны пераднавагоднi тыдзень. Мiлыя людзi ў чатырох сьценах, якім не было чаго дзялiць, акрамя цыгарэтных зацяжак ды ўспамiнаў. Страчаная свабода была для ўсiх ня больш, чым нагодаю распавесьцi нешта цiкавае. А апавядальнiкамi яны былi выдатнымi.

Так за вясёлымi размовамi мы й сустрэлi сьвятло апошняга перадсьвяточнага дня. Менавiта сьвятло, бо ўбачыць неба з таго вакна было немагчыма. Але я быў упэўнены, што там цудоўнае зiмовае надвор'е, як на калядных паштоўках. У той дзень я па-сапраўднаму спалохаўся распаўсюджанай прыкметы -- як ты новы год сустрэнеш, так яго й правядзеш. І з кожнай гадзінай набліжэньня Новага году ўва мне расла балючая зайздрасьць да кожнага з маіх сукамэрнікаў. Якія здаваліся мне абранцамі фартуны. Бо яны, у адрозьненьне ад мяне, ведалі, што іх чакае заўтра. Старэйшаму з нас пабачыць колер неба сьвяцiла, у лепшым выпадку, у першыя гады будучага тысячагодзьдзя. Што яго нiяк не засмучала. Ён ужо ведаў зону, у якую яго накiруюць, i зь якой ён адлучыўся на нейкiя паўгады. Ён ужо думкамi быў там, прадчуваючы цёплую сустрэчу за чыфiрам са старымi сябрамi. Урэшце, на зоне засталася ягоная галубятня, якую трэба было б адрамантаваць. Высьветлiлася, што ён любiў птушак нашмат больш за людзей. Хлопчык-кампутаршчык небеспадстаўна спадзяваўся на ўмоўны тэрмiн. Бо ён жа першы раз, і мама паплача ў судзе, і нявеста ўмольна зірне на пракурора. Толькі што добрую характарыстыку на былой працы наўрад ці дадуць. А жывапiсны «граза раёну» i так ведаў, што яго, хутчэй за ўсё, апраўдаюць. Мяне ж не чакалi нi тэрмiн, нi добры адвакат, нi сьледчы. Валагодзкi канвой -- вось адзiнае, што я ведаў пра свой блiжэйшы навагоднi лёс. Пра шлях на радзіму, сустрэчу са старымі знаёмымі ды валагодзкі цэнтрал, у параўнаньні зь якім менская Валадарка здаецца Палацам сьнягурачкі, лепш было зусім ня думаць. Як і пра папярэдняе жыцьцё. Зь Беларусяй, Вільняю й "Нашай Нівай". Супакоiў мяне сiвы забойца: «Ты не хвалюйся. Першую ходку зробіш, а там -- як па масьле».

Адмераўшы на вока апошнiя iмгненьнi сыходнага году, мы зрабiлi з хлеба нешта, што нагадвала фужэры, ды, пажадаўшы адзiн адному пераменаў да лепшага, распачалi сваю сьвяточную вячэру. Але не пасьпеў я дажаваць свой мякiш, як дзьверы камэры расчынiлiся й мяне паклiкалi «з рэчамi».

На гадзiньнiку ў дзяжурцы было бяз чвэрцi дванаццаць."Відзіш, сколька ўрэмя? Каб пасьля не гаварыў, што цібя адпусьцілі ў старым годзе". Я нават не адразу паверыў словам турэмшчыка. Настолькі пранікся сваёй страшнай казкай. Якая скончылася так сваечасова й так будзённа. Новы год я сустрэў у мiлiцэйскiм варанку, што вёз мяне з турэмнай ускраiны ў цэнтар гораду, дзе даўно ўжо iшло гульбiшча. Сьнегу не было, стаяла мярзотная адлiга. Але горад гудзеў, піў і рагатаў. Я ішоў празь сьвяточны натоўп і быў самым шчасьлівым чалавекам у гэтую навагоднюю ноч. Бо ў падарунак атрымаў не свабоду нават, а сваё ранейшае жыцьцё...

Як высьветлiлася пазьней, беларуская пракуратура вырашыла не выдаваць расейскiм калегам свайго грамадзянiна. I праз суткi я стаяў у кабiнэце пракурора Гомельскай вобласьцi як шкадлiвы падшыванец. Пракурор падвёў мяне да мапы Рэспублiкi Беларусі, што вiсела пад гiпсавай «Пагоняю», i сказаў: «Вось, сынок, межы нашай рэспублiкi. Тут i гуляй сабе. Толькi страляць ня трэба. А вось тут, -- ён паказаў на Расею, -- твая родзіна, дзе табе лепш пакуль не паказвацца. Зразумеў?» Я зразумеў. Зона маёй свабоды пашырылася да межаў краiны, i тая граніца за сорак кiлямэтраў на ўсход раптам перастала быць празрыстаю. Так я ўпершыню амаль фiзычна адчуў межы сваёй краiны, i свабода, абмежаваная такiм чынам, падалася мне надта ж прывабнаю для жыцьця. На радзіме я па-ранейшаму заставаўся ў вышуку. Радзіма ўсё яшчэ магла пераламаць мой лёс аб калена. Калі б не "папяровы", "штучны", "несур'ёзны" ці які там яшчэ сувэрэнітэт маёй невялікай нерадзімы. Было над чым задумацца. Тэлеграму аб закрыцьцi справы я атрымаў у тым самым годзе. Але дзеля чаго ўсё гэта было? Ці зрабіў я выснову? Ня ведаю. Бо й да гэтае пары мяне наведваюць мары пра чорны пісталет.

Верасень 1998

Чаравікі забойцы

Iншым часам мяне палохаюць рэчы, якiя быццам бы цалкам выпадкова трапляюць да мяне. Вось i зараз, зьбіраўся на журналiсцкую канфэрэнцыю ў Ялту і аж перасмыкнуўся ад прозьвiшча, якое прачытаў на падэшве сваiх чаравiкаў. Рэч у тым, што перад Ялтаю я вырашыў заехаць на дзень у Гомель, адведаць матулю, i тая, пашкадаваўшы маiх ног у цяжкiм восеньскiм абутку, вырашыла аблегчыць мне крымскую хаду, пазычыўшы лёгкiя гострамысыя чаравiкi ў касьцюмерным цэху мясцовага тэатру. На падэшве стаяла «В.Пятроў».

А пару месяцаў да таго артыст В.Пятроў, напiўшыся, забiў свайго роднага сына. І на гэтым дурная бэлетрыстыка ня скончылася. Сына звалi Максiмам i ён быў на два гады маладзейшы за мяне. Я падзялiўся гэтай інфармацыяй са сваiм спадарожнiкам, вядомым беларускiм паэтам, вялiкiм аматарам жыцьця й буйных жанчын. «Ну й ня дзiўна, — жыцьцярадасна адрэагаваў той, — рэчы забойцы заўсёды шукаюць новага гаспадара». «I часам знаходзяць», — дадаў ён пасьля паўзы. Зь якою б лёгкасьцю я зноў апрануў свой восеньскi «Белвест»! Але цягнiк ужо кацiўся па ўкраiнскай зямлi.

Чаравiчкi мiлага камэдыянта, весельчака й сыназабойцы дзядзi Васi прыйшлося абуваць у Сымфэропалi. Але зацыклiвацца на сумнай ноце, цi, яшчэ горш, шукаць у тым нейкай прыкметы не хацелася. Нездарма ж у маёй кайстры ляжалі кнiжка «Вянок» i бутэлька гомельскай гарэлкi «Стары млын».

Заўсёды перад сустрэчай з морам я настройваю сябе, каб не зьдзiўляцца. I кожнага разу не атрымлiваецца. Быццам пасьля доўгiх дзён у чатырох сьценах перад табою раптам распахнулi дзьверы. Вось i цяпер, пераехаўшы Крымскi хрыбет, я цалкам аддаўся сузiраньню грандыёзнага краявiду.

Журналiсцкi сэмiнар праходзiў у адным з санаторыяў, пабудаваных за сталiнскiм часам, куды нас i засялiлi. Я зь нейкiм несамавiтым зларадзтвам прайшоўся па чырвонакiлiмавых калiдорах, у якiх, здавалася, нават пахi засталiся з часоў, калi тут адпачывала начальства сярэдняга саюзнага зьвяна. I шырокаваконныя бiльярдныя, i барэльефныя сьцены, i ўвесь астатнi ампiр пад кiпарысамi будаваўся ну нiяк не дзеля «сумнеўных сэмiнараў на грошы заакiянскiх гаспадароў». Усё тут патыхала далёкай, няспраўджанай марай дзяцiнства — «зьезьдзiць у Артэк».

Вось i збылася мара. А радасьцi няма. Затое было дзiўнаватае адчуваньне сваёй далучанасьцi да незнаёмага места, дзякуючы чалавеку, нават голас якога ўявiць немагчыма. «Ну хiба мы гэтага не заслужылi!» — паклiкаў мяне мой спадарожнiк у наш нумар з вэрандаю й вiдам на мора — такiм, як на вiннай этыкетцы пяцiдзясятых гадоў. Я з радасьцяй скiнуў праклятыя чаравiкi i якi ўжо раз пракляў адсутнасьць фотаапарату. Паэт выйшаў на вэранду. Аднак прыгажосьць iмгненьня была не ў насычанасьцi фарбаў — сiняе мора плаўна пераходзiла ў залацiстае неба, грамада зялёных гор зь пiкамi кiпарысаў i белыя балясiны сталiнскай вэранды — а ў тым, наколькi ўсяму гэтаму паштовачнаму краявiду адпавядаў чалавек на вэрандзе. Шырокi плашч, шыракаполы капялюш, ядвабнае кашнэ, шырокi, яркi гальштук, а галоўнае сам твар чалавека -- усё адпавядала экзатычнаму навакольлю. Не хапала толькi сьпеваў грамафоннага Лешчанкi. Ня ведаю, як наконт рэчаў, а тое, што мiнулыя часы працягваюць шукаць сваiх згубленых сучасьнiкаў, у гэтым я, бадай, пераканаўся. I добра, калi можна падмануць час. У такiх апартамэнтах паэты звычайна стралялiся й выкiдвалiся за парэнчы. Але не памiралi ад сухотаў. «Ну што ўтаропiўся? Хадзем да мора?» — перарваў ён маю плынь сьведамасьцi.

Перад ад'ездам сюды я наўмысна ня стаў выпытваць у дасьведчаных менскiх лiтаратуразнаўцаў, як там хутчэй прайсьцi на магiлу, i дзе той апошнi дом. Адзiнае, куды я пасьпеў зазiрнуць, гэта даўняе эсэ Мiхася Стральцова, зь якога даведаўся, што вясною 1917-га малады чалавек зьняў пакой на другiм паверсе дому нумар 8 на Мiкалаеўскай вулiцы.

З гэтай адзiнаю зьвесткаю мы з таварышам i рушылi на пошукi Максiмавых сьлядоў. Горад мне не спадабаўся адразу. Пыльны й правiнцыйны, ён адкрыта рыхтаваўся да сваёй зiмовай сьпячкi. I мы са сваiм дзiўнаватым пытаньнем «А дзе тут у вас да 17-га году была вулiца Мiкалаеўская?» выглядалi зусiм экзатычна. Праўда, некалькi гадзiнаў пошуку нас вывелi на вулiцу Багдановiча, дзе мы накiравалiся ў мастацкую школу -- з апошнiм спадзевам на культурную ўстанову. «О, так вы из Белоруссии. А я сама из Мозыря, — прывiтала нас дырэктарка. — Дом нашего писателя, кстати, хорошего, в двух шагах отсюда. А могила... Кажется, на Старом Ливадийском между Чеховым и Бирюковым».

Мы ўзьнялiся на другi паверх стыльнага дамка са сьцiплай мэмарыяльнаю дошкаю. Казённы iнтэр'ер рамонтнай управы й стук друкаркi не пакiдалi месца фантазiяваньню. Сiняй бухты з вокнаў, на жаль, таксама не было бачна. «Слухай, а хiба Чэхаў пахаваны не на Сахалiне?» «А хто такi Бiрукоў?» «Напэўна, писатель хороший».

«А хто такi Багдановiч?» — спачувальна запыталася ў нас наша крымска-татарская каляжанка, калi мы з прыяцелем, змораныя марнымi пошукамi на адхонах закiнутых i страшных могiлак, дабралiся ў свой санаторый. «Гэта вельмi прыгожы малады чалавек. Ён некалi жыў на Волзе, вывучыў па кнiгах беларускую мову й стаў першым паэтам нацыi. Ён загiнуў у Ялце, не пакiнуўшы пасьля сябе анi сына, анi дрэва. Толькi адну кнiгу, лепшай за якую ў нашай паэзii ўжо ня будзе нiколi». Сказаў i сам зьдзiвiўся прастаце адказу.

«Дай Бог, каб цябе так некалi шукалi», — падбадзёрваў я таварыша. «Як там чаравiчкi, ня цiснуць?» — данеслася ў адказ. Абыйшоўшы, напэўна, усе могiлкi, якiя ёсьць у Ялце, мы, выматаныя ўшчэнт хадою па гарах i спусках, прыселi на нейкi грудок. «Тут ты маеш рацыю. У такiх чаравiчках толькi па могiлках шпацыраваць». «А мо яны нас i выведуць, як боты-хуткаходы». Але сцэнiчныя дзядзiвасiны туфлi, не прызначаныя для ялцiнскiх ляндшафтаў, так намулялi ногi, што я ўжо пачаў заводзiцца на Максiма, быццам той сам абраў сабе месца скону.

Магiла ўзьнiкла абсалютна нечакана, нiбы ўзнагарода за высiлкi. I больш душэўнай магiлы я напэўна ў жыцьцi яшчэ ня бачыў. Не патрэбны чорны мармур, ня трэба мудрагелiстых архiтэктурных знакаў журбы. Звычайны бэтонны абэлiск дваццатых гадоў пад кiпарысам, па-дзiцячы прымiтыўна размаляваны сiнiмi кветкамi — што можа быць прыгажэй для паэта?

Томiк вершаў застаўся неразгорнутым, бутэлька гарэлкi — неадкаркаванаю. Нафантазiяваная сустрэча з магiлай кумiра, з налiтай шклянкай i дэклямацыяй падалася фальшывым рытуалам. Бо я не рызыкну назваць яго кумiрам. Але сыходзiць з магiлы не хацелася. Можна было сядзець гадзiну, дзьве, спрабуючы ўявiць яшчэ нiкому невядомага, жывога маладога чалавека, якi на Яраслаўскiм вакзале чакае цягнiка ў Беларусь. Мы сядзелi моўчкi хвiлiн дзесяць. Але ад гэтага маўчаньня мне стала неверагодна самотна. Нас было трое. I цi ня быў я тут лiшнiм? Памiж двума паэтамi, адзiн зь якiх ужо нiчога не напiша, а другi яшчэ ня ведае, дзе скончыць свой шлях. Але гэта нiяк не адаб'ецца на маёй любовi цытаваць абодвух. Я ўзьняўся й пайшоў да выйсьця першы.

Крымскiя калегi па нашым вяртаньнi на сэмiнар запаважалi ў нашых сьцiплых асобах усю беларускую нацыю. «Белорусы — ребята сурьёзные. Они как на курорты приезжают, сразу на кладбище идут», — жартаваў адзiн. А сапраўды, мы ж на курорце. Трэба ж насалоджвацца момантам. I мы пайшлi насалоджвацца. Пад гукi таннага танго пiць на ўзьбярэжжы крымскае вiно, заляцацца да тутэйшых прыгажуняў i дзiвiцца на начны прыбой. Паэт нарэшце знайшоў сваю нiмфу, пышнацелую татарку — «мiс 47-мы год». Як ён паясьнiў: «Пара вырашаць крымска-татарскае пытаньне».

Мы завалiлiся ў нейкi дансынг, дзе я амаль па-бацькоўску падставiў сваю камiзэльку пад сьлёзы нейкай пакiнутай каханкам юнай беларускi, якая, вядома ж, ня ведала нiводнага беларускага паэта, а прыяцель у капелюшы й кашнэ кiношнага злодзея павёў сваю крымскую шахерэзаду ў тэхнатанец. Назiраючы за тым танцам, я каторы раз уразiўся адсутнасьцi ў сябры ўсялякiх комплексаў. Закрый вушы, i можна было ўявiць што грае Рыо-Рыта. Вядома, яны былi самай цудоўнай парай гэтага вечара. Але я танчыць ня мог. Праклятыя чаравiкi нацёрлi мне ногi. Ды й да мора на трэцiя суткi прызвычайваесься, як да неба. А горы не здаюцца больш прыгожымi за нашыя бульбяныя палi. Я нават убачыў на ўзьбярэжжы даму з сабачкам — яркую бляндынку ў джынсах са здаравенным вадалазам на ланцугу. Знаёмiцца не хацелася. З памiраючага курорту ўжо цягнула туды, дзе жыцьцё. I дзе я нарэшце скiну свае чаравiкi забойцы.

Пяць хвілін у чорнай вадзе

Хто гэта прыдумаў, што злачынцу абавязкова паiнна цягнуць на месца злачынства? Мяне чамусьцi зусiм ня цягне. Можа, таму, што злачынства зусiм i не было? Але як тады растлумачыць, навошта я апынуўся ў той момант у тым месцы? На маляўнiчым беразе невялiкае расейскае ракi, дзе золкім ранкам можна было ўбачыць, як пасьвяцца конi на тле дзясятка цэркваў, што сваiмi купаламi й званiцамi адбiвалiся ў роўнай вадзе. Лепшага месца для вайсковай службы я сабе й не жадаў. Абкружаны тым непарушаным хараством, я мог дазволiць сабе забыцца на дзьве лiтары на маiх пагонах. Я быў проста расейскiм салдатам невядомага стагодзьдзя на сваёй спрадвечнай расейскай зямлi i шчасьлiва шпацыраваў падчас самаволак па пантонным мосьце цераз раку. Толькi тады я не задумваўся, што жыцьцё можа нагадаць пра сябе маланкава жорстка, i прыгожыя дэкарацыi краявiду зробяцца такiмi намацвальнымi й адчувальнымi, што ўспамiнаў хопiць на ўсё астатняе жыцьцё.

М-м-да... Пэйзаж тады быў менш прэтэнцыёзны. Роўна дзесяць гадоў таму. Цi не зашмат супадзеньняў у маiм жыцьцi? Як у фальшывай дэтэктыўнай камэдыi. Вось толькi сьмеху не атрымлiваецца. Тады, здаецца, таксама выпаў першы сьнег, у глыбiннай Расеi заўжды чаканы зь незвычайнаю радасьцю. I сядзець у такi дзень за батальённым плотам мне ўяўлялася недаравальным iдыятызмам. Тым больш, нагода для самаволкi была больш чым шляхетная. У шпiталi сумаваў мой прыяцель па прызыву. Калi пачало зьмяркацца, я пераскочыў цераз плот.

Шпiталь знаходзiўся акурат на маiм улюбёным маршруце. Праз раку. Дзьвюх дзявах, што стаялi, абапершыся на парэнчы, я заўважыў адразу. Больш на мосьцiку нiкога не было. Тыя паклiкалi мяне да сябе. У прадчуваньнi лёгкага знаёмства я запусьцiў руку ў кiшэню шыняля, гатовы паднесьцi дамам агеньчык запальнiчкi, як пачатак размовы. Але агонь не спатрэбiўся. У чорнай вадзе я заўважыў трэцюю маладзiцу. Якая на сьпiне, нiбы ў бязважкасьцi, павольна адплывала ад моста разам зь цiхаю плыньню. Тое, што выбару далейшага шляху ў мяне не было, я ўсьвядомiў нават не безь дзiцячай радасьцi. Шынэль, кiцель i боты хутка апынулiся на мокрых дошках. А сам я, памарудзiўшы з сэкунду, «салдацiкам» бултыхнуўся ў чарнату.

Цi не пераастудзiўся я ў той вадзе на ўсё сваё астатняе жыцьцё? Цi не з таго купаньня жанчыны, ад якiх найбольш жадаеш цеплынi, стрымлiваюць i скоўваюць мяне папераджальнымi марознымi позiркамi? Ды ну, глупства. Пошлая мiстыка для кепскiх трылераў. А жыцьцю яшчэ цягнуцца ой як доўга. Майму жыцьцю. Сапраўдны смак якога я яшчэ не пасьпеў паспытаць, калi кiдаўся на ратунак цнатлiўцам-летуценьнiкам. А на бераг выпаўзаў грэшнiкам.

Як казалi мне пасьля, з моманту майго скачка да вяртаньня на бераг прайшло ня болей за пяць хвiлiн. Можа быць, але пацьвярджаю — калi жыцьцё ў самым наўпроставым сэнсе знаходзiцца цалкам i толькi ў тваiх уласных руках, час адлiчваецца не сэкундамi, а колькасьцю тваiх уздыхаў. I ня жыць мне захацелася тады доўга й вечна, а лiшнi раз дыхнуць, адчуць цьвердзь пад нагамi. I не ад холаду прабiрала жудасьць, а ад таго, што я не пасьпею высунуць для ўздыху галаву з-пад вады, а вочы, яшчэ жывыя, нiчога, акрамя цемры, i ня ўбачаць.

Пасьля я шмат разоў пракручваў тыя пяць хвiлiнаў у памяцi, намагаючыся здабыць сабе iндульгенцыю. Прыгадваючы кожны мiг, якi б сьведчыў на карысьць таго, што я сапраўды зрабiў усё, што мог. Памятаю — спачатку вада мне не падалася сьмяротна халоднаю. Але гэты падман скончыўся якраз тады, калi я даплыў да яе. Яна, канечне ж, была прыгожаю. Не смазьлiваю, не сымпатычнаю, а самаю сапраўднаю прыгажуняю. Менавiта за такiмi й кiдаюцца, як кажуць, з галавою ў вiр. Я быццам бы нават пасьпеў цынiчна ўсьцешыцца, што ратую менавiта яе. Пакуль яна не паспрабавала слаба зачапiцца за маю руку.

Але гэта было адзiнае, на што дзяўчына была яшчэ здольная. Далей яна не выяўляла нiякай волi да жыцьця. Можа, адключылася ад холаду? Узяўшы яе за каўнер курткi, я нейкi мэтар здолеў праплысьцi зь ёю да берагу. Але пасьля яна зьнiкала пад вадою. Ад страху, што яна захлынецца, я стаў уздымаць яе галаву над вадою, сам парынаючы з галавою. Акунуўшыся так яшчэ разы тры, i адолеўшы яшчэ пару мэтраў да нябачнага ў цемры берагу, я спыніўся. Чаго ў тым было болей — прагi жыць цi сполаху перад жыцьцём, ва ўсёй ягонай вастрынi й плоцi — ня памятаю. Але сам момант, калi я расьцiснуў пальцы выратаваўчай рукi ды ўзмахнуў ёю, каб як хутчэй да берагу... Сам момант я памятаю выдатна.

Праз гадзiну пасьля здарэньня, седзячы ў цяпле сярод сяброўскiх суцяшэньняў i тупа адыходзячыся гарэлкай, я намагаўся йзноў ды йзноў пракручваць тыя апошнiя для яе пяць хвiлiн, i нiбыта ўпэўнiваўся, што, ірваніся я яшчэ разок, зьбяры апошнiя сiлы, i мы б дыхалi разам. Тады я, бадай, ня цяміў, што сапраўды зрабiў усё. Усё, чаго хацелася. Бо не жыцьцё ратаваць я палез у ваду, а сябе дэманстраваць невядома каму. Таму й адштурхнуў яе ад сябе амаль са злосьцю пры першай западозранай магчымасьцi застацца зь ёю ў гэтым непраглядзьдзi. Вось толькi чаканы бераг аказаўся да крыўднага блiзка. Я быў памкнуўся назад у цемру. Але яе цела ўжо назаўжды накрыла вада.

Колькi я зрабiў за гэтыя дзесяць гадоў роўных i глыбокiх уздыхаў, вядома ня мне. Але ж у той момант на мосьце мог апынуцца зусiм ня я. I можа быць дзяўчына засталася б жывою. Ды лёс вырашыў не на яе карысьць.

Няўжо на маю? Адказ на гэтае пытаньне яшчэ чакае мяне наперадзе.

Банальная п'еса для заштатнага тэатру

Мы зь iм раўналеткi з розьнiцаю ў адзiн дзень. Нават цёзкi. Нашыя бацькi, старыя сябры са студэнцтва, яшчэ да нашых зьяўленьняў на сьвет Божы дамовiлiся назваць нас Мiцямi. Але сябрамi мы так i ня сталi. Ён нарадзiўся карэнным масквiчом, што было для мяне прадметам зайздрасьцi. Але шкадаваў я, далiбог, не сталiцы з Крамлём i мэтро, а менавiта гэтай самай ягонай карэннасьцi. Сымбалем якой i была для мяне ягоная маскоўская кватэра. Абсалютна непадобная на тыя кватэры, дзе мне даводзiлася бываць дагэтуль i пасьля. У якой уся мэбля была зробленая гаспадаром дому. Ад кухоннага зэдлiка да разнога пiсьмовага стала. Такой колькасьцi кнiг, як там, я ня бачыў пасьля нi ў адным, адведаным мною доме. Можа, толькi на кухні не было кнiжных стэлажоў. Шмат таямнiцаў я адкрыў у тым доме. I па меры майго вырастаньня тая кватэра ў маiм успрыманьнi не зьмяншалася нi на цалю.

Ня дзiўна, што наведваючы Маскву спачатку з бацькамi, а пасьля самастойна, я заўжды з радасьцю сьпяшаўся на Гагарынскi пляц. У кватэру, дзе ў дзьвярах можна сутыкнуцца зь якой-небудзь тэлезнакамiтасьцю, дзе госьцю дазволена палiць хоць у ложку, дзе няма забароненых тэмаў для размовы i ёсьць маса тады яшчэ забароненых выданьняў. Менавiта ў тым доме я ўпершыню пакаштаваў чырвоную iкру, разьвесялiўшы дарослую кампанiю выказваньнем, што «не люблю я журавіны». Тамсама я ўпершыню пачуў запiсы Галiча. «Адзiн дзень Iвана Дзянiсавiча» я прачытаў таксама там. Уражаньне дапоўнiлася фактам, што сам пiсьменьнiк некалi пад наглядам будаваў гэты дом. А можа i гэтую кватэру. Дарэчы, праваслаўныя абразы я ўпершыню ўбачыў таксама там. Сваiм наiўным пытаньнем: «Дзеля чаго дзядзю Алегу гэтыя багi», я выклiкаў нежартоўную спрэчку памiж старымi сябрамi. «Ты рускага чалавека выхоўваеш цi бусурманiна якога? — крычаў дзядзя Алег на бацьку. — Калi ня ты, дык я сам яго у Загорск зважу».

Мы паступова сталелi. У Маскве пасьля няўдалай вучобы ў тэатральным я больш не зьяўляўся. Ад бацькi да мяне даходзiлi толькi кароткiя зьвесткi пра посьпехi майго маскоўскага цёзкi. Мiцька без праблемаў паступiў у МГУ. Мiцька працуе на нейкiх раскопках у Валааме. Мiцьку прапаноўваюць працу ў маскоўскiм фiлiяле нейкай заакiянскай юрыдычнай фiрмы. Мiцька купiў новую «Вольва»...

Я ня быў у Маскве амаль дзесяць гадоў. І вось з пляшкай беларускай гарэлкi без папярэджаньня паехаў на Гагарынскi пляц.

Дзьверы расчынiлiся. У цемры я не адразу заўважыў, як пастарэў гаспадар майго маскоўскага прыстанку. Пасьля абдымкаў я нарэшце разгледзеў, наколькi зьмянiлася сама кватэра. Дакладней, ад яе не засталося нiчога. Там, дзе некалi ўзвышалiся стэлажы з кнiгамi, былi адно толькi пустыя сьцены, аклееныя шарымi шпалерамi. Дыхтоўна й прыгожа зробленыя рукамi гаспадара фатэлi, камоды й сэкрэтэры часткова замянiла навюткая iншаземная мэбля. Блiскучы фiгурны паркет, матавае сьвятло мудрагелiстых жырандоляў — усё навокал стварала ўражаньне вельмi дарагога гатэльнага нумару. На мой няўцямны позiрк гаспадар толькi махнуў рукою.

Седзячы на незнаёмай блiскучай кухні ды ўплятаючы яечню, я слухаў сумны расповед некалi жыцьцярадаснага маскоўскага чалавека. Сёньня хворага, самотнага ўдаўца, якога некалькi месяцаў таму кiнуў любiмы сын. Мяне не пакiдала такое адчуваньне, быццам я прысутнiчаю пры пастаноўцы бяздарнай, банальнай п'есы, адмыслова напiсанай для заштатнага тэатрыка. Настолькi другасным выглядаў сюжэт гэтага новага «Вiшнёвага саду».

Неўзабаве пасьля сьмерцi жонкi яго падкошвае iнфаркт. Пакуль ён ляжыць у шпiталi, ягоны сын — абавязкова новы рускi — цынiчна падшуквае для таты месьцейка ў Доме састарэлых. I наводзiць у доме свой наварускi парадак. У доме руйнуецца ўсё ад старой мэблi да масьнiчынаў, усё выкiдаецца на сьметнiк. Старыя фалiянты на шматкi рве вецер пераменаў, спадчынныя фатэлi гнiюць пад брудным дажджом. Абразы здаюцца ў антыкварыят. За тыдзень у некалi абжылым доме робiцца супэрсучасны й безгустоўны рамонт за 50.000 даляраў. Былога гаспадара па вяртаньнi дахаты ледзь не хапае паўторны iнфаркт. З сынам адбываецца размова з рэплiкамi кшталту: «Навошта я цябе хрысьцiў?», «Ты забыўся, як мы начавалi ў доме Ясенiна?» i гэтак далей. Сын сыходзiць, бразнуўшы браняванымi дзьвярыма. Хворы бацька застаецца ў харомах для Майкла Карлеонэ, з жабрацкай пэнсiяй. Якую напалам дзелiць са старым катом. Попел танных папярос падае ў лазенцы на мармуровую падлогу з падагрэвам. Заслона.

«Няўжо ўсё, што я ўкладаў у яго з маленства, дарэмна?» — пытаўся ў мяне гаспадар. Ды што я мог адказаць? На жаль цi на шчасьце, але ў банальных расейскiх п'есаў не бывае шчасьлiвага канца. I канец гэтай гiсторыi ўжо майгачыць недзе наперадзе.

Сякера невядомага салдата

У адной роце ў Расеі разам са мною служылi два беларусы, два землякi. Памiж iмi была вялiкая розьнiца ў гадах — аднаму 19, другому 28. За плячыма першага быў толькi няскончаны тэхнiкум. У другога — бурлiвае жыцьцё, што пакiнула на ягоным целе красамоўныя шнары i татуiроўкі. Прозьвiшча старэйшага запомнiць было няцяжка. Яго звалi Немец.

Паколькi ў войска Немца забралi з калёніі і пад самы ўзроставы лiмiт, дык увесь свой эмацыйны запал ён абрынуў на галовы й душы аднапалчанаў. Ня дзiва, што на працягу ўсяго свайго новага двухгадовага тэрмiну ён стаў аб'ектам нянавiсьцi для ўсiх — ад навабранца да «дзембеля». Але асаблiвай увагай Немец адорваў свайго земляка. Не даваў яму праходу анi на аб'екце, анi ў казарме. Абразы, жорсткiя поўхі ды iншыя «нестатутныя дачыненьні» сыпалiся на галаву беднага «зёмы» i ўдзень, i ўначы. Той маўчаў. І гэта працягвалася датуль, пакуль аднойчы ранкам Немца не знайшлi за будаўнiчым вагончыкам з праламаным чэрапам. Скарыстаная на тое сякера ляжала побач.

Наш атрад уздыхнуў з палёгкай. А слава героя, дзякуючы гэтаму ўчынку, пайшла на ўсю вайсковую акругу. Усё было разьлiчана ім да дробязяў — маршрут Немца з абеду, непрагляднае зь iншых кропак месца памiж вагонамi. Нават час забойства.

Немцу заставалася служыць некалькi тыдняў. Таму, чыё прозьвiшча назаўжды сьцерлася з маёй памяцi, — паўгода. Ён зрабiў тое, аб чым нам усiм толькi марылася. Таму ўсе шчыра жадалi яму нiколi ня быць злоўленым.

А злавілі яго праз тры месяцы. Суд прызначыў шэсьць гадоў агульнага рэжыму. Пэўна, Бог быў на ягоным баку. Немец выжыў. Ён мог міргаць вачыма, мыкаць i прымаць ежу з матчынай рукi...

Адзiнае, што для мяне засталося няясным — цi зьдзейсьнiў бы герой задуманае, калi б Немец быў узбэкам цi грузiнам? Цi дасягнула б нянавiсьць таго накалу, якi безразважна ўзьняў руку на крыўдзiцеля-адзiнакрэўнiка? Ня ведаю. Магчыма, аднаго чакала б цяпер кар'ера бандыта. Другi ж насiў бы сваю злосьць па сёньняшнi дзень.

Да нашага сыходу

Нeяк мы зь сябрам апынулiся ў вёсцы. Дакладней, у санаторыi пад Менскам, дзе праходзiў сэмiнар для журналiсцкай брацii. Парою вельмi дарэчы апынуцца зiмою па-за межамi гораду, дзе такая чаканая млявасьць перапыняецца адно пяцiразовым харчаваньнем, масажам-саўнай, кактэйлем-бiльярдам i, вядома, гарачымi дыспутамi наконт далейшага лёсу нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны. У вёску я, у адрозьненьне ад сябра, не выходзiў. Той жа апранаў свой шыкоўны, у Варшаве набыты строй, у якiм на бруднай вясковай вулiцы больш паходзiў на чыкагскага гангстэра, i iшоў у паход, як ён казаў, па жывыя сюжэты. Парушаючы мясцовую летаргiю сваёй выкшталцонай беларускай мовай.

Аднойчы яму закарцела, каб я склаў кампанiю. Ды не абы куды, а на вясковыя могiлкi. «Ну ўжо там якiя табе жывыя сюжэты?» — упарцiўся я. «Хачу знайсьцi беларускiя магiлы». Пачуўшы такi годны адказ, я не на жарт заiнтрыгаваўся. Нават амаль не паспрачаўся. Маўляў, блiжэйшая беларуская магiла — на Вайсковых кладах у сталiцы. Але ўпэўнiцца ва ўласнай праваце на свае вочы я адмовiць сабе ня мог i пайшоў разам зь iм. Хоць, кажучы шчыра, як жа мне хацелася памылiцца! Я цалкам быў на ягоным баку. I ня менш за яго хацеў на самых звычайных беларускiх могiлках убачыць беларускамоўную магiлу не народнага паэта, ня сябра Саюзу мастакоў, а надмагiльле, зь якога можна было б зразумець, што пад iм пакоiцца ўсяго толькi Беларус.

Могiлкi былi немалыя. Зусiм старыя, замшэлыя драўляныя крыжы, можа, стогадовай даўнiны суседзiлi з праржавелымi крыжамi нашага часу, зробленымi са звычайных, звараных памiж сабой вадаправодных трубаў. Па мне, чым такi сымбаль, дык лепш казённы жаўнерскi абэлiск. Уразiла мноства дзiцячых магiлаў. Ля адной я нават расхваляваўся. Хлопчык Валодзя нарадзiўся са мною ў адзiн месяц i год. Дата сьмерцi — 71-ы год. Якраз той год, да якога сягае мая ўласная памяць. З выцьвiлага мэдальёну на мяне глядзеў занадта сур'ёзны для трохгадовага чалавека твар. Адчуваньня радасьцi жыцьця ад тых лiчбаў i таго погляду ў мяне не паболела.

Траплялiся й багатыя магiлы, з гранiтнымi помнiкамi ды агароджамi зь нержавейкi. Але ўсе пахаваньнi аб'ядноўвала (цi ўраўноўвала) расейская мова. Часам настолькi пачварна вершаваная ў эпiтафiях, што нават мяне крыўда брала за невядомага нябожчыка. Пакуль я палiў ля помнiка 23-гадовай вельмi прывабнай дзяўчыны Iрыны, што памерла (цi загiнула?) летась у векапомны дзень 3 лiпеня, спакой могiлак быў парушаны празь меру жывым крыкам майго сябра, якi гукаў мяне.

Ён знайшоў першую беларускую магiлу. Але, што ўразiла мяне асаблiва — можа й сапраўды першую нашую магiлу з тых, што захавалiся. Надпiс на ўрослым у зямлю, магчыма, за сто гадоў камянi расейскiмi лiтарамi але зь беларускiм аканьнем паведамляў, што тут спачывае «Раба божая Татяна Ляхава». «Татяна» было напiсана, можа й несьвядома, але бязь мяккага знаку. Нашыя пошукi яе нашчадкаў актывiзавалiся i былi ўвянчаныя. Наступныя дзьве магiлы былi ўжо сьвядома беларускiя. Ахайныя абэлiскi Iвана ды Эмiлii Ляхаў. З чыёй iнiцыятывы? Дзяцей цi самога Iвана Паўлавiча, прыгожага савецкага афiцэра са здымку? Ды цi так гэта важна, калi двум падарожнiкам па гэткiх халодных мясьцiнах стала значна цяплей.

Але беларускiя магілы на гэтым не сканчалiся. Калi мы, задаволеныя, зьбiралiся сыходзiць, нам трапiлася яшчэ адна такая. Ладны драўляны крыж, пафарбаваны сiняю фарбаю, за грунтоўнай агароджаю, на якiм нажом былi няроўна надрапаныя беларускiя словы «пагiб ад фашыскай рукi 1944 Пражыў 47. Кухарчык К.М.» Тут ужо быў сюжэт. Жывы й па сёньня.

Як мала, аказваецца, нам трэба, каб не пачувацца самотнымi ў сваёй мове — знайсьцi да сваiх жывых душаў пару роднасных душаў зусiм невядомых, даўно зьнiклых з гэтага сьвету людзей. Я ня веру ў адвечнае жыцьцё чалавечае душы. Там, куды зьнiкаюць нашыя душы, ня можа быць моваў. Але драма i моц гэтае краiны ў тым, што нават душы, якiя былi ёй адданыя, не зьнiкаюць зь яе жыцьця назаўжды. Сваiмi магiламi яны яшчэ доўга будуць удзельнiчаць у ратаваньнi зямлi, за якую i ў якую леглi. Да нашага сыходу.