Чорны пісталет

Апавяданьні з уласнага жыцьця

Бартосік Зьміцер


Нота "ме"

Нота "ме"

У кожнага гораду, мне так здаецца, ёсьць свая каронная пара, свой матыў. Я маю на ўвазе месяц, час сутак i нават стан неба, пры якiх горад найбольш дакладна альбо выйгрышна паўстае перад тымi, хто жадае калi ня жыць i памерцi тут, дык прынамсi пакiнуць горад у сваёй памяцi. У маёй асабiстай калекцыi застануцца загульны студзеньскi вечар Масквы, прывiдная шарая гадзiна верасьнёўскае Вiльнi, няўтульная кастрычнiцкая ноч Петраграда ды п'янкi захад кастрычнiцкага сонца ў Адэсе. I мне здаецца, я дакладна падгадаў свае зьяўленьнi ў дадзеных месцах i часе, каб ужо нiколi не вяртацца ў тыя гарады. А калi й вяртацца, дык усё ў тыя ж дакладныя часы. Вызначаныя ня мной, а ўсё тымi паэтамi сваiх кварталаў, каб i я адчуў сябе масквiчом, пiцерцам цi адэсiтам. Чые радкi й мэлёдыi ўжо даўно намалявалi майму ўяўленьню i «Москву златоглавую, звон колоколов», i «закутанный в дожди и холод фасад Петровского дворца», i «фонари, что за Пересыпью светятся», i, вядома, «паветра, напоенае цiхiм гусьцеючым мрокам».

Ужо якi месяц я жыву ў горадзе Менску. Але назваць сябе менчуком мне не паварочваецца язык. Называцца ж мiнчанiнам не паварочваецца нутро. Я не без хваляваньня толькi зараз пачынаю ўваходзiць у горад, якi нанова, каторы ўжо раз засяляецца менчукамi — пэрсанажамi новае беларускае лiтаратуры — Глёбуса, Дынько, Севярынца. Жывымi жыхарамi сваёй сталiцы, не абавязкова героямi вулiчных баталiяў, але цалкам пазбаўленымі якiх бы там нi было прыкметаў савецкасьцi. Iхная прысутнасьць ня толькi на старонках новае лiтаратуры, але ў рэальным жыцьцi ўсё больш заўважная. Пра што i на якой мове яны б нi гаварылi, я ведаю што слова «мiнск» у iхных размовах не прамiльгне. I справа тут ня ў выбары на карысьць моднай лiтары, а ў выбары свайго места й ладу жыцьця. Не жывецца iм у Мiнску, i я разумею чаму.

Горад Мiнск усё болей становiцца прыдуманым i несапраўдным. Вялiзным але ня надта цiкавым музэем побыту савецкага чалавека ў пэрыяд пiку ягонага разьвiцьця з жывымi, але ад гэтага ня больш цiкавымi, экспанатамi, сваiмi жыхарамi — мiнчанамi ды iхнымi достопримечательностями. Усяго, ад чаго цягне апрануць белую кашулю ды, мармычучы сабе пад нос «все стало вокруг голубым и зелёным» цi «цвети мой Минск под небом журавлиным» (адзiным, што мне прыгадваецца пра мiнск) флянiраваць ад Домiка I зьезду да помнiка Марату Казею. Але падман будзе цягнуцца нядоўга. Па тых маршрутах любiмыя героi не хадзiлi й наўрад цi пройдуць. А ў домiк той я сам нядаўна зайшоў, i мне там спадабалася. Утульны менскi дамок, дзе сабралiся мiлыя жыдоўскiя людзi пагаманiць пра палiтыку, i якiя ўявiць не маглi, якiя краявiды паўстануць за вокнамi праз колькi гадоў пасьля iхных пасядзелак за гарбатаю. Ды ўсё роўна ў горадзе, якi на ўсiх мапах пазначаны як «Мiнск», нават ля манумэнта Перамогі, гэтага сымбаля сталiцы БССР, паветра ўсё адно застаецца менскiм. Насычанае воляю й жаданьнем жыць ствараючы. Калi-небудзь гэтае паветра набудзе моц шквальнага ветру й зьнясе бэтон вулiцы, што сёньня мае нахабства звацца Нямiгаю, адновiць Верхнi горад i замчышча, i на колiшнiх мiнскiх вулiцах паставiць iншыя помнiкi. Цi будзе каму тады лiць сьлёзы па зьнiклым Мiнску? Не ўяўляю.

Сёньня ў горадзе Менску выходзяць ажно дзьве газэты («Наша Нiва» й «Навiнкi»), пiшуцца наiўныя вершы й высокаклясныя эсэ, сьпяваюцца мацерныя прыпеўкi й рокавыя баляды, а галоўнае будуюцца самыя фантастычныя пляны на будучыню. У Мiнску адбываецца ўсё астатняе — прэм'еры, матчы, гастролi, сэлектарныя нарады ды McDonald's'ы. I я бязь лiшнiх развагаў гатовы ахвяраваць гэтым усiм астатнiм дзеля таго, каб пакiнуць сабе шанец калi-небудзь далучыцца да кагорты менчукоў. У Менску сёньня цiкавей i цяплей, ня кажучы ўжо пра заўтра. Таму мне няма патрэбы мяняць час i месца свайго быцьця. У пошуках чыста менскага матыву.

Сапраўдная кроў

Сыйшоўшы ўвечары 7 сакавiка на станцыю мэтро «Акадэмiя навук», я быў уражаны карцiнаю, што адкрылася мне пад зямлёю. Карцiнаю, што вельмi ж нагадвала провады на фронт. А дзе яшчэ я мог бачыць столькi заплаканых дзявочых вачэй i падкрэсьлена суворых твараў iх кавалераў. Дзяўчынкам яўна падабаўся працэс сьлёзапралiваньня. Як i iхныя хлопчыкi атрымлiвалi неапiсальнае задавальненьне ад нагоды задэманстраваць мужнасьць. Скiвiцы пацяжэлi, вочы пастальнелi, рукi на дрыготкiх дзявочых плячах налiлiся цеплынёй. Вось-вось падыйдзе цягнiк, i яны разьвiтаюцца навякi. Цягнiк падыйшоў. Усе селi i паехалi. I едучы сярод гэтых сьлёзаў, эмоцыяў i жарсьцяў я так i ня мог уцямiць — што зь iмi з усiмi такое адбылося. Пакуль нечы голас не прамовiў: «Очань трогацельнае кiно. Пачцi как «Белы Бiм Чорнае вуха». Да мяне нарэшце дайшло. У кiнатэатры «Кастрычнік» адбылася доўгачаканая прэм'ера «Тытанiка».

Напэўна, няма чалавека (а ўжо пасьля апошняй прэм'еры ня будзе дакладна), якi б ня ведаў, што гэта быў за карабель, да якiх берагоў iшоў i колькi чалавек затанула. I колькi яшчэ будзе пралiта дзявочых сьлёз! Нягледзячы на тое, што, як высьветлiлася, сусьветны акiян ведаў i большыя трагедыi. I людзi гiнулi ня толькi ў нэўтральных водах... Але якi прыгожы мiт. Думаю, Камэрон не апошнi, хто зьвяртаецца да яго. I справа тут не ў грашах. Людзi любяць страшныя, прыгожа расказаныя казкi, дзе бутафорская кроў выклiкае прыемныя сьлёзы. I на танных эмоцыях захоўваецца памяць пра прыгожую, чужую бяду. Але...

У маёй краiне яшчэ ёсьць людзi, якiя ня ведаюць, што адбылося 25 сакавiка праз чатыры гады пасьля трагедыi «Тытанiка». I што самому цiкава, гэты факт не выклiкае ўва мне канвульсiяў бясьсiльля. Нават напярэдаднi 80-х угодкаў нашай галоўнай даты. Памятаю, як мяне заводзiла абыякавасьць маiх сяброў напярэдаднi 75-х угодкаў БНР. Аб якой казалi газэты, плякаты, нават тралейбусы тады былi размаляваныя ў гонар Сьвята. Але сьвята тады ў мяне не было. Таму сёньня ў мяне няма жаданьня абгрунтавана даказваць велiчыню той далёкай падзеi тым, каго гэта не абыходзiць. Мне ёсьць з кiм гэты дзень не, не адсьвяткаваць, толькi адзначыць.

«Непрыгожая машына нiколi ня ўздымецца ў паветра», — казаў авiяканструктар Рабэрта Барцiнi. 25 сакавiка — занадта прыгожая лiчба, каб зацерцiся ў самай няцьвёрдай памяцi. «25». У дзень, пазначаны такой запамiнальнаю лiчбаю, добра падводзiць рахункi й ставiць кропкi над "i". Зрэшты, яны ў 18-м годзе былi расстаўленыя. I кроў пралiвалася сапраўдная. I не вiна тых, хто паставiў на гэтую лiчбу сваё жыцьцё, што нехта не заўважыў велiчыню стаўкi. Гульня працягваецца. Можа, нават, толькi пачынаецца. 80 — лiчба небясьпечная для людзей. Для ненароджаных мiтаў — гэта пытальнiк усiм тым, хто ўздыме кiлiшак з воклiчам «Жыве!»

Добра прачнуцца 25-га й пабачыць над краiнаю вясёлае надвор'е. I не хадзiць нi на якiя мiтынгi. Пашпацыраваць па горадзе, зазiраючы ў вочы мiнакоў у небеспадстаўнай надзеi натрапiць на погляд "ва ўнiсон". Сустрэць сябра, у якога ўсё нармальна. Прапусьцiць зь iм па кiлiшку за жыцьцё. Пасьля запрасiць сяброўку на «Тытанiк». I, надзiвiўшыся кiношнай сьмерцi, супакоiўшы паненку, патэлефанаваўшы мацi, працягваць жыць.

Пяць хвiлiн на Захараўскай

«А ты памятаеш, з чаго пачалася твая беларушчына?» — неяк запытаўся я ў прыяцеля-лiтаратара бяз дай прычыны. «Не зразумеў пытаньня», — адказаў той. «Ну вось, напрыклад, цi памятаеш ты першую сваю беларускую кнiжку, цi першую песьню. Толькi не кажы, што табе яе сьпявала мацi». «Ну, так адразу й не ўзгадаеш». «А я, уявi сабе, памятаю сваю першую кнiжку!» «I што ж гэта было?» «У лабiрынце вулiц» Дамашэвiча». Прыяцель доўга ўзiраўся ў мяне, пакуль ня вымавiў: «А хто гэта?» «Пiсьменьнiк!» — адказаў я. «I што, табе спадабалася?» — недаверлiва запытаўся ён. «Прынамсi запала ў памяць. А iнакш як бы я ўзгадаў прозьвiшча аўтара?» «Ды колькi iх там было за сто гадоў!» — нiбы сьнежкаю запусьцiў у мяне прыяцель цэлым стагодзьдзем, але размову падхапiў:

-- А сапраўды, як падумаць, iх было ня так i шмат, чые iмёны й радкi мы будзем згадваць у трэцiм тысячагодзьдзi. Але самы жах, калi прыкiнуць, што ўся iх страсьць, энэргiя i жыцьцi пайшлi на тое, каб адбiцца ў назовах ускраiнных вулiц, паўстаць параграфамi неабавязковага школьнага прадмету ды быць узгаданымi двума ўдзячнымi нашчадкамi ў нейкай забягалаўцы. А тым, што за суседнiм столiкам, i бязь iхных цытатаў някепска п'ецца.

I тут я зь iм пагадзiцца ня мог. «П'ецца iм, уявi сабе, вельмi кепска. I чым далей, тым больш безнадзейна».

Праз вакно закусачнай сьвяцiлiся нэонам тры дзявяткi нарэшце насталага году. Нiбы спакусьлiвыя лiчбы, што выпалi на табло «аднарукага бандыта». Вось толькi хто возьме гэты чынш?

Мы, ужо колькi гадоў як ня генii, але яшчэ й не «бескрыдлатыя паэты», скончылi размову тым, што лiчбы сьвецяць выключна нам, i выйшлi на вулiцу. Сканчаўся ўсяго толькi трэцi дзень перадапошняга году другога тысячагодзьдзя. I гэты мiзэрны факт ня мог не напаўняць нашыя зьлёгку захмялелыя мазгi ўпэўненасьцю, што ўжо менавiта нас там будзе каму ўзгадаць. Раптам, зiрнуўшы на супрацьлеглы дом, я зрабiў маленькае адкрыцьцё. Мяне й раней зьдзiўляў прыгожы фасад будынка канца мiнулага стагодзьдзя, недарэчна зацiснуты дваром гасьцiнiцы «Мiнск». I толькi зараз нарэшце да мяне дайшло, што я стаю на самай сапраўднай Захараўскай вулiцы. I гатэльны двор — гэта яе былая праезная частка. Далiбог, толькi фантастычны горад Менск i здольны падносiць такiя сюрпрызы. Мэтамарфоза была настолькi нечаканаю, што я ня здолеў адмовiць сабе ў задавальненьнi пастаяць на Захараўскай хоць колькi хвiлiн. Не заўважаючы нi фасадаў Сталiнскага праспэкту, нi тых шчасьлiвых трох дзявятак.

Яшчэ нават у плянах не нарадзiлася «Наша Нiва», яшчэ не напiсаныя «Пагоня» i «Дзьве душы», яшчэ няма бел-чырвона-белага сьцяга. «Ах, да. Некий господин из Вильно, как его там, простите, Бурачок, что-то такое выдал на местном наречии». Шаноўная публiка яшчэ не здагадваецца, у якой краiне яна насамрэч жыве. Але паветра гэтае краiны ўжо напаўняецца спрадвечным зьместам. I вельмi хутка знойдуцца тыя, хто, ап'янёны грандыёзнасьцю задумы, будзе гатовы ахвяраваць ёй ня толькi iмёны, а ўласныя жыцьцi. Быць першымi — як гэта пераможна гучыць! Тым больш, што хутка пачнецца новы век.

«Чаго гэта ты застыў як слуп?» — глядзеў на мяне прыяцель, зьбянтэжаны маёй прастрацыяй. «Ды так, нiчога. Нахлынулi ўспамiны... Што, баiсься ў новую эру iсьцi? А ты ня бойся, я ўнукам раскажу, якi ты быў таленавiты». Сказаў яму я i сыйшоў з Захараўскай на Валадарскага.

Немец

Калiсьцi ў сваiм пiянэрскiм дзяцiнстве мы любiлi гуляць у немцаў i рускiх. Колькi сябе памятаю, мне заўсёды хацелася быць немцам. Рускiм я ўжо быў. Таму, яшчэ й гуляць у яго падавалася ня надта цiкавым. Не спакушала нават гарантаваная перамога. Наадварот, роля невядомага заваёўнiка-чужынца вабiла незвычайна. I, не асаблiва разумеючы сэнсу словаў, я па-геройску выкрыкваў "Хай Гiтлер", падкошаны ўяўнай куляю. З тае пары "немец" стаў для мяне сынонiмам пагрозы й моцы. Пакуль я ня ўбачыў аднаго з нашчадкаў няспраўджаных гаспадароў Эўропы.

Напачатку дзевяностых да маёй знаёмай мусiў завiтаць яе дзелавы партнэр зь Нямеччыны. Яна папрасiла, каб я сустрэў яго на вакзале. На менскi пэрон няўпэўненай хадою сыйшоў зусiм ня зьверскага выгляду пузаценькi чалавечак зь перапалоханым тварам. У маiм лексыконе не знайшлося нiводнага слова, вядомага нам абодвум. Акрамя, можа, кiношнага "хандэхох". Чым я яго й прывiтаў. Але немец не ацанiў майго бяскрыўднага жарту. Адно з вымучанай усьмешкай азiрнуўся па бакох. Прабiраючыся за мною ў мярзотнай лiстападаўскай гразюцы ўздоўж руiнаў старога вакзалу, адкуль выбег перапалоханы пацук, паўз убогiя жалезныя шапiкi зь беляшамi, цi ня з тых пацукоў зробленымi, скрозь мiлыя, заўжды гасьцiнныя твары нашага бамжатнiку, мой арыец раптам разгаварыўся. Прычым дзьве фразы паўтаралiся асаблiва часта, каб я iх мог запомнiць. "Das ist Ihre Schuld", i "Das alles haben wir gemacht". "Ага, -- думаў я, -- у цiхiм гандляры нарэшце прачынаецца волат-крыжак". Я паглядзеў на яго з павагаю. Ён нарэшце прыняў для мяне нармальны, згодны з маiмi стэрэатыпамi, выгляд. А то якi ж немец ня марыць вярнуцца ў бацькоўскiя акопы!

Я папрасiў сваю знаёмую перакласьцi тыя ваяўнiчыя фразы, якiя немец, як апантаны, працягваў гаварыць. I высьветлiлася, што мой заваёўнiк тлумачыў мне ўсю дарогу наступнае: "Гэта нашая вiна" i "Гэта ўсё зрабiлi мы". Ён ад самага цягнiка першаму сустрэчанаму беларусу, гэта значыць мне, прыносiў прабачэньнi за ўсё, што нарабiлi тут ягоныя дзяды, i за разбомблены вакзал у прыватнасьцi. Такога павароту ў сюжэце я не чакаў. Мы з сяброўкаю як маглi супакойвалi нашага заходняга госьця, тлумачыўшы яму, што стогадовы вакзал не загiнуў пад нямецкай авiябомбай, што страшныя людзi на плошчы ня ёсьць сьледзтвам згвалтаваньня эсэсаўцамi славянскiх жанчынаў, i што бруд на вулiцах пакiнулi ня боты жаўнераў Вэрмахту. Але ён нам верыў не да канца.

Мы пасьля наладзiлi яму азнаямляльную эксурсiю па сталiцы. Па зруйнаванай Нямiзе, па скалечаным Верхнiм горадзе, па тых кварталах, што пакорлiва й сумна чакалi свайго зьнiшчэньня, i сквэрах, пераробленых са шматлiкiх могiлак. Пры гэтым мы паўтаралi яму: "Das alles haben wir gemacht" -- "Гэта ўсё зрабiлi мы". Але дзеля чаго ўсё гэта, ён зразумець ня змог. "Можа, дзеля таго, каб за нас каялiся нашыя дзецi", -- прыдумаў я апраўданьне гэтай вайне.

А дзецi гулялi ў вайну. На аскепках Замкавай вулiцы добра гуляць у гэтую гульню. "Яны гуляюць у немацаў?" -- запытаўся госьць. "На шчасьце, не. Але, на жаль, i не ў беларусаў".

Суцяшала адно -- усе хацелi быць пераможцамi.

Матор-шоў

Сымбалічна, што на 1 Траўня значная частка менскай публікі пасунулася ня ў цэнтар гораду выпіваць за працоўную салідарнасьць пад гукі вайсковых аркестраў ды танныя беляшы, а паехала на "Матор-шоў" — выставу, якую цэлы тыдзень рэклямавалі, нібы канец сьвету. І пабыць на якой азначала ўбачыць нешта такое, чаго на гэтым сьвеце яшчэ не бывала. Ніколі не захапляўся тэхнікай, але рэклямны кручок праглынуў. Уліўся ў натоўп, які валіў у спорткомплекс "Уручча" глядзець і зьдзіўляцца.

За 10 гадоў незалежнасьці, што ні кажыце, а Беларусь зьдзейсьніла сваю галоўную мару. Не, я не пра ўласную цьвёрдую валюту, не пра культурны прарыў, не пра пачуцьцё годнасьці, народжанае ў душы беларускамоўным зваротам да цябе іншаземнага турыста. Нават не пра сваю справу ці свой дом. Узгадайце, каму больш за ўсіх зайздросьцілі яшчэ дзясятак гадоў таму? Уладальніку аўтамабіля. Прычым, няважна якога. Сам факт наяўнасьці чатырох колаў праводзіў мяжу паміж багацьцем і бяднотай. Так што ў першамай новага стагодзьдзя нашых людзей можна ад душы павіншаваць з касьмічным скачком дабрабыту. Сымбалем якога мне ўяўляецца патрыманы "Фальксваген" з чырвона-зялёнай налепкаю зь непісьменным "BY".

Ходзячы па залі ў лянівым натоўпе, я з усяе моцы хацеў уразіцца. Але штосьці безвынікова. Новыя мадэлі эўрапейскіх канцэрнаў-лідэраў, эканамічна-эстэтычны дызайн якіх вылічваўся разумнымі кампутарамі, адно што не раздражнялі вока сваімі цацачнымі закругленьнямі, мыльнічнымі формамі й падабенствам адна да адной. Нашы мадэлькі, што стаялі каля машынаў, значна выйгравалі ў відовішчнасьці ды разнастайнасьці.

Цікава, а ці можна прыдумаць такую кампутарную праграму, каб нарэшце завялася й паехала наша мара. Тых, хто горда азваўся на пачатку незалежнасьці беларускімі нацыяналістамі. Не пра ўласнае аўто марылася. І не пра дзяльбу заходніх грантаў. І ўжо ні ў якім разе не пра расейскамоўныя графіці. Ці можа такая праграма даўно прадуманая й запушчаная, а я ўсё ніяк не прасякнуся яе тэхнічнымі якасьцямі? Усё ж адна мара збылася. Мара пра філіжанку кавы. Яе, родную, ужо цяпер можна замаўляць, не баючыся быць незразуметым.

Выстава між тым віравала. Дзяцей пускалі пакруціць руль. Бацькі здымаліся на тле бліскучых цацак. Кампанія курсантаў Вайсковай акадэміі разьляглася ў салёне кабрыялету "Шэўрале" 1963 г. выпуску. А я тым часам упершыню ў жыцьці пабачыў "Фэрары". Нават у нерухомым стане гэтая канструкцыя захоўвала энэргію шалёнай хуткасьці. Я абышоў яе з усіх бакоў, нібы пісягі вялікага мастака, смакуючы яе лініі ды выгіны. Зробленыя не кампутарамі з патрабаваньняў эканамічнасьці. А людзьмі, для якіх не існуе абмежаваньняў у хуткасьці й часе. Чырвона-зялёная налепка "BY" на гэтым, не, ня кодабе — фюзэляжы, глядзелася б як абраза ці жарт. Цяжка было ўявіць сабе гэтага чырвонага зьвера на банальнай менскай вуліцы. Яшчэ цяжэй было намаляваць таго кіроўцу, які б сядзеў за рулём, годны такога аўтамабіля. Якой блакітнай крыві, якой шляхетнай паставы й зь якім арыстакратычным позіркам павінен быць яе гаспадар. Ну, хіба што Бонд. Джэймс Бонд.

Зачараваны геніем аўтамабілебудаваньня, я не адразу заўважыў прыгажуню, прыстаўленую да "Фэрары". Прыгажуню з самымі даўгімі нагамі, з самымі вялікімі вачыма, з самай недасягальнаю ўсьмешкай. Нядаўняя менская школьніца была проста наэлектрызаваная гонарам за сваё пачэснае месца.

"І колькі каштуе гэты аўтамабіль?" Яна нават не паглядзела ў мой беларускамоўны бок.

"150 000 долларав". — "І што? Ужо купілі, ці ў мяне ёсьць яшчэ шанец?" Нават ценю ўсьмешкі на смазьлівенькім тварыку: "Нет. Ана ешчё не продана". — "Дзякуй Вам. Не ўяўляеце, як Вы мяне суцешылі". Я казаў гэта з усёй сур'ёзнасьцю, на якую толькі быў здольны. І яна ўзнагародзіла-ткі мяне позіркам. "А Вы што, милианер?" — "Я люблю рух. Беларускі рух", — амаль працытаваў я выслоўе "мільянэра" Глёбуса. І тут, у гэтае імгненьне адбылося тое, да чаго я ня быў падрыхтаваны. Яна не сказала больш нічога. Але яна паверыла ў тое, што я, менавіта я магу набыць монстра. Я выразна прачытаў гэта ў яе позірку.

Пакідаючы выставу, я заўважыў адну дэталь. У адрозьненьне ад прагных вачэй новых наведнікаў, вочы тых, хто сыходзіў, былі крыху разгубленыя. Ня думаю, што яны былі расчараваныя ўбачаным. "Куда ехаць-та?" Вось дзе новая беларуская праблема.

Сядаючы ў свой стары "Фальксваген" з "Пагоняю" на кодабе, я зусім не пакутаваў ад думкі, што ў мяне ніколі ня будзе "Фэрары". У жыцьці шмат чаго ня будзе. Усяго не пералічыш. Куды страшней увогуле пазбавіцца мараў. Ці зьвезьці іх да ўвасобленых у мэтале ці камені нетрывалых рэчаў.

Ах, як мне марылася пра сваю абранасьць і выключнасьць дзясятак гадоў таму! Ах, як верылася ў сваю не прыроджаную, а нованароджаную арыстакратычнасьць. А маё "заўтра" было настолькі да маіх мараў і высакародных плянаў спрыяльным, што нават ня верылася самому. Ня кажучы пра тых, хто апынаўся побач са мной — тых беларускіх людзей, якія былі абазваныя кімсьці несьвядомымі. І на якіх я, не адчуўшы захапленьня ад сваёй беларускай сьвядомасьці (чытай — шляхетнасьці) звычайна глядзеў паверх галоваў. А трэ было ў вочы.

Перадапошнi парад

Што кара блiзiцца, што яе даўно ўжо нельга адвесьцi, у гэтым, я думаю, нi ў кога больш няма нiякага сумневу...

...коцiцца хваля бальшавiцкага наступленьня, яна перахлiснула Вiцебск i пагражае Менску, беларускай сталiцы, пасьля падзеньня якой, як перадае наша «бюро чутак», на Ўсходзе мы таксама не ўтрымаемся.

Томас Ман, «Доктар Фаўстус».

Менш за ўсё 3 лiпеня мне хацелася выходзiць на вулiцу. Ну, што я туды папруся, — думалася мне. На халеру я буду псаваць людзям настрой сваiм цяжкiм поглядам на ўсё iхнае баляваньне. У iх сьвята. Iм сёньня дазволяць бадзяцца па ўсёй галоўнай вулiцы, ад броўкi да броўкi. На ўсiх кутах дзеля iхных вачэй і вушэй будуць танчыць народныя калектывы ды сьпяваць iх любiмыя песьнi зоркi раённых ДК. Дзеля iхных глотак будзе ракою лiцца пiва з гарэлкаю ды смажыцца мяса. Дзеля iхных вачэй неба ўвечары будзе расквечанае агнямi фэервэркаў. Яны гэта ўсё заслужылi. Сваёю вераю ды працаю на сваё пахмельле. Ты — не. Ты лiчыш гэты рэжым акупацыйным. Гэтую дату — днём, калi 54 гады таму ў горад увайшлi чужыя танкi, каб зруйнаваць яго й перайначыць пад свае парады. Табе не даспадобы iх песьнi й сьцягi. Што табе рабiць сярод iх? Але адседзецца ў хаце за чытаньнем любiмага Томаса Мана ў мяне ня выйшла. Сьвята лезла скрозь муры й шыбы ўзмоцненымi да дурноты звонкiмi гукамi дзявочых галаскоў — «Я люблю цібя Дзiма, што мне так неабхадзiма». Пад такiя заклiкi, далiбог, нiяк не пераварваюцца Манавы прароцтвы падзеньня Нямеччыны. Ды й чаму б чужому сьвяту раптам не абярнуцца маiм, дзякуючы якой рамантычнай сустрэчы?.. Я раптам прыгадаў аднаго няўдалага Дона Жуана.

Неяк мне давялося выслухаць безьлiч камплiмэнтаў на адрас Беларусi й беларусак ад аднаго маскоўскага кiроўцы-перагоншчыка. Ён прыехаў сюды, каб забраць набыты ягонымi гаспадарамi МАЗ. Па атрыманьнi машыны маскоўскаму госьцю захацелася разьняволiцца. Пакаштаваць беларускага каханьня. Час быў самы прыдатны — 23 гадзiны, i масквiч, узяўшы таксоўку, паехаў па Менску, прадчуваючы незабыўную беларускую ноч у абдымках адной з прыгажуняў, ад колькасьцi якiх на менскiх вулiцах расейская галава пайшла кругам. Запрашэньне да раману ў расейца не адзначалася вытанчанасьцю. Спыняючы таксоўку, ён высоўваў галаву й крычаў сваёй абраньнiцы ледзь не на ўсю вулiцу адну толькi фразу: «Эй, трахацца пайдзём!» Няцяжка было адгадаць рэакцыю «непрадзьвiнутых» менскiх дзяўчатак на такую стыльную маскоўскую прэлюдыю. Паматаўшыся бяз вынiку па вулiцах чужой сталiцы ды пакiнуўшы менскаму таксi суму, за якую можна было б спакусiць, бадай, Шахерэзаду, зьбянтэжаны масквiч накiраваўся на сваю стаянку. «Але што яны ўсе робяць на вулiцы?» — запытаў ён у таксiста на разьвiтаньне. «Гуляюць», — адказаў той. «I ўсё? — разгубiўся маскоўскi госьць, — а першай гадзiне ночы?! Загадкавая, блiн, краiна».

Гэтую фразу — загадкавая краiна — масквiч будзе паўтараць да самага ад'езду. «Вы не разумееце, у якой чыстай краiне вы жывяце. У вас жа школьнiцы газоны граблямi капаюць. На свае вочы бачыў. I якiя школьнiцы! Кожная — гатовая фотамадэль. Нашы ж двоечнiцы, здаецца, усе даўно на трасах па чырвонцу аддаюцца. А граблi й за сотню ў рукi ня возьмуць. Якi тут, на хер, край балот. Рай некранутых Еваў. А вы й не заўважаеце». Ён пакiнуў Беларусь зь няўцямнай усьмешкаю на твары, так i не паспытаўшы беларускага каханьня. Павез у свой дзесяцiдаляравы рай сьветлыя ўражаньнi ад загадкавай краiны. Разгадкi пакiнуўшы мне.

У гэтыя днi прыгожых жанчын на менскiх вулiцах было шмат, як нiколi. На любы густ i запыт. Выпускнiцы, дзевачкi-трасьцiначкi ў клёшах i на цяжкiх, а-ля хунта, падэшвах; навучэнкi ПТВ, iнтрыгуючыя караценькiмi спаднiцамi ды лайкравымi панчохамi; нашыя нязломныя бiзнэс-лэдзi ў кофтачках i пiнжаках ад мсье Дынама; маладзяшчыеся перакiсьсю вадароду ды чаравiчкамi-шпiлькамi каралевы плянавых аддзелаў, бухгальтэрыяў ды iншых адмiнiстрацыяў. Беларусаў можна зразумець. Навошта напружвацца, жывучы ў гатовым раi? Гэта быў сапраўды грандыёзны парад. О, калi б я злавiў у Сьвiслачы залатую рыбку, мне б не спатрэбiлася дакучаць жывёлiнцы трыма жаданьнямi. Мне б хапiла й аднаго. На ўсё б жыцьцё, бадай, хапiла. Ды замест рыбкi да мяне з глыбiнь шашлычнае чаргi падплыў знаёмы беларускi нацыяналiст. Каб засьведчыць мне, старанна пражоўваючы мясцо, сваё незадавальненьне «лукашысцкiм» сьвятам. Божа, падумаў я з жахам, няўжо ж да канца маiх дзён я буду прыцягваць увагу адно нацыянальна заклапочаных сяброў БНФ? Не карай, Стваральнiк!

Пасьля порцыi пiва з гарэлкай мая хада значна пашпарчэла ў пошуках зусiм не жаночых вабнотаў. Але, патрапiўшы да запаветных дзьвярэй зь лiтарай «М», я быў зноўку зьбянтэжаны колькасьцю стройных ног, пяшчотных шыяў ды iгрывых вачэй. На iмгненьне здалося, што ў парыве страсьцi я пераблытаў дзьверы. Ля кожнай кабiнкi ўтварылася вясёлая дзявочая чарга. Засяродзiўшы ўвагу на пiсуары ды слухаючы бесклапотнае шчабятаньне за сьпiнаю, я адчуў сябе сiбiрскiм селянiнам у Эўропах, дзiкiм занзiбарцам у чэраве заходняй цывiлiзацыi.

Вось куды было б цiкава запрасiць таго маскоўскага пiжона. Маўляў, у вас у Маскве зь дзяўчынкаю ў туалеце не пазнаёмiсься. А ў нас — хоць спатканьнi прызначай. Калiсьцi, дарэчы, мне вельмi хацелася выглядаць сапраўдным iншаземцам у вачах менавiта расейцаў. Для беларусаў, думалася, толькi Расея можа служыць лепшым i агромнiстым люстрам нашай эўрапейскасьцi. А перад кiм жа яшчэ казыраць рэшткамi готыкi ды барока, гiстарычнай спадчынай Вялiкае Лiтвы й Рэчы Паспалiтай, урэшце, шляхетнымi дамкамi, заходнiмi аўтамабiлямi ды добрымi, зноў жа, у параўнаньнi з расейскiмi, дарогамi. Але большасьць маiх суайчыньнiкаў захацела цi то растварыцца ў гэтым люстры, цi то схавацца за iм. Толькi атрымалася наадварот. Для расейца я стаў iншаземцам. Ды радасьцi ад гэтага не паболела. У ягоных вачах я, напэўна, выглядаю адданым вырабляльнiкам танных МАЗаў, якога можна па-сваяцку паляпаць па плячы, маўляў, «харошая рэспублiка, бедна, но чыста» i кiраваць у сапраўдную Расею, «бязь месных страннасьцей». Для эўрапейца ж я так i ня стаў сваiм. Але эўрапеец, нарэшце, заўважыў мяне дзякуючы чырвонай пляме не майго сьцяга.

Мiж тым, разгуляева на галоўнай нашай вулiцы набiрала абароты. Адчуваньне было такое, што гульбiшча iдзе «за канец сьвету». Пiлося й пажыралася ўсё, што прадавалася, але неяк без натхненьня. Савецкая Беларусь гуляла незразумелы сьвету баль. Нарэшце, далi доўгачаканы салют, што ненадоўга прымусiла публiку прыўзьняць галовы. Самi сабою на памяць прыходзiлi кадры з «Тытанiка», дзе таксама народ забаўлялi яркай стралянiнаю. Не без захапленьня майстэрствам пiратэхнiкаў назiраючы за агнямi, што прыгожа пераўтваралiся то ў чырвоныя зоркi, то ў чырвона-зялёныя кругi, мне менш за ўсё хацелася прыкiдваць — колькi яшчэ нас чакае пераможных чырвоных салютаў. Пяць цi, можа, трынаццаць. Канец гэтай азлобленай на ўвесь сьвет дзяржаўкi будзе мала адрозьнiвацца ад канца вялiкага судна.

Памятаю, зь якою крыўдаю распавядаў мой сябра-бiзнэсовец пра тэлефонны званок з далёкае Эстонii. Эстонскi фiрмач, зацiкаўлены ва ўсё тых жа МАЗах, удосталь даў волю свайму досьцiпу з нагоды «такой чудеснай рэспублiкi, на каторую весь мiр смотрыт с надзеждай». «Включайте факс», — адказаў сябра. «О, в вашей рэспублiке дажэ факс есть!» — данеслася зь безь пяцi хвiлiнаў Эўропы. Але сябра дарэмна крыўдаваў на свайго балтыйскага калегу. Нас павiнны нелюбiць. Можа, хоць гэта паслужыць нагодаю для зацiкаўленьня самiмi сабой.

Вось за гэтымi сьветлымi думкамi я i ўбачыў тую, каго шукаў. Я ўбачыў пад ненатуральна белаю чолкаю неверагодна сiнiя вочы, ад погляду якiх не была страшнаю думка, што жысьць прайшла дарэмна, i ня вернеш. Я ўбачыў вусны, якiя яшчэ не згубiлi дзiцячай пульхнасьцi, але ўжо навучылiся складацца ў цынiчную ўсьмешку. Толькi пасьля я зьвярнуў увагу на яе ногi, ад сузiраньня якiх думка пра мiнулае жыцьцё губляла надрыў таннага рамансу. Такiх ног я й насамрэч яшчэ не цалаваў. Адным словам, я ўбачыў курву, прафуру, самадайку, лахудру, цi як там яшчэ яе пасьпелi нарачы тыя, каму валоданьне ёю падалося занадта дарагiм. Я ўбачыў тую, наблiжэньне да якой хоць на крок пагражала няўцямнай небясьпекаю. Тую, што, нават калi яна была самою цнотаю, адным паваротам шыi абуджала згадкi аб раi. Дзе яе першым i галоўным абавязкам было Даць. Цана, некалi заплочаная першаадкрывальнiкам Адамам, вядомая. Я, у адрозьненьне ад яго, быў у нашмат менш спрыяльных абставiнах. Гiтары пад рукой не было, у кiшэнi — пошлая зялёная дваццатка. Каб чытаць ёй беларускiя вершы ў такi сьвяточны дзень, я не настолькi многа прыняў. Ня мог жа я зь ёй абысьцiся так, як абышоўся адзiн менскi актор з прастытуткаю ў беластоцкiм гатэлi. На прапанову каханьня менчук адказаў згодаю, але з умоваю «Як я хачу». «Ого! — заiнтрыгавалася панi, — як жа пан хоча?» «У доўг», — быў адказ гордага беларуса.

Я абраў самы дурацкi варыянт з усiх магчымых. Пасьля апошняга сьвяточнага стрэлу я маўклiвым ценем, гэткiм бязмоўным рыцарам паплёўся ўсьлед за ёю ў надзеi, годнай пiянэра, да яе пад'езду знайсьцi тыя словы, ад якiх яна растане i ў якiя паверыць назаўжды. Мой маршрут скончыўся ля гатэлю «Плянэта», дзе яна, вядома ж, не жыла.

Як нам не варочаецца язык гаварыць i думаць аб радзiме, ня дай бог, не высокiмi словамi. А радзiма тым часам, стамiўшыся чакаць нашых даўгоў, сама шукае сабе адэкватнае цаны. Калi радзiма — гэта тое, што здольнае радзiць. А ня толькi даваць. I калi-небудзь яна адкрыецца сьвету. Адкрыецца ня дранiкамi, ня МАЗамi i ня танкамi. А сьвет адкрые для сябе новы славянскi Тайлянд. Ня можа тое, што каштуе дорага, доўга заставацца без належнай увагi. Беларусы са сваiм «толькi б не было вайны», як заўжды, зразумеюць гэта занадта позна. Нямецкi пiсьменьнiк, што прадракаў i нават жадаў пад бамбардоўкамi савецкiх танкаў краху сваёй краiны, на шчасьце, памылiўся. I шанец вярнуцца на ўсходнiя рубяжы выглядае вельмi спакусьлiва. Гэта будзе новая вайна, у якой кроў не пралiваецца, а наадварот — выцiскае аджылую. Але цi ня ў новай, вольнай донарскай крывi выратаваньне нашага раю?

Тры новыя помнікі

У горадзе амаль адначасова зьявiлiся тры помнiкi. Загадкавы, анэкдатычны й трагiчны.

Помнiк самому сабе

Неяк апоўначы, калі я праходзіў вулiцай Ленiнградзкай, маю ўвагу прыцягнула пара мужыкоў, што стаялi насупраць былой жандармэрыi. Адзiн жаласьлiва нешта даводзiў другому. Да маiх вушэй даляцела: «Братан, я тожа вараваў». Але спынiцца на пачцiвай адлегласьцi мяне прымусiў той, што ня «тожа». Рост гэтага калоса, які, прыгнуўшыся, слухаў свайго суразмоўцу, быў крыху большы за два мэтры. Я асьцярожненька збочыў на iншую вулiцу.

Наступнаю ранiцаю я ўбачыў загадкавага Гулiвэра зноў. Гэта была ўсяго толькi бронзавая статуя. Цiкаўная публiка абкружыла яе шчыльным колам. Дыскусія разгарэлася на тэму — каму i дзеля чаго паставiлi помнiк. Гiпотэза юбiлейнага Пушкiна разьбiлася аб джынсавы прыкiд i адсутнасьць бакенбардаў. Нехта выказаўся за варыянт «Рабочага чалавека з працягнутай рукой» — фiгура стаяла на каналiзацыйным люку. Нарэшце, адзiн разумнiк прыкурыў папяросу ды ўставiў яе памiж бронзавых пальцаў. Такi творчы падыход публiцы спадабаўся. У дзясьнiцу пачалi ўстаўляць купюры, абрыўкi газэтаў ды сарваныя кветкi. А я ўсё нiяк ня мог узгадаць — дзе я ўжо бачыў гэты нахабны й вясёлы твар? Адна мая знаёмая кiнематаграфiстка паведала гiсторыю прататыпа.

Жыў у Менску чалавек зь цёмным мiнулым i сьветлаю мараю пра вечную славу. Адзiная ў горадзе апошняя мадэль «Фэрары» ды Мiс Менск у якасьцi жонкi маглі прынесьці часовую радасьць, але ня славу. I чалавек рашыўся на экстрэмальны крок — у гэтай краiне на свае грошы зьняць кiно паводле свайго сцэнару ды з сабою ў галоўнай ролi. I, што самае неверагоднае, зьняў i нават, кажуць, нешта зарабiў. Скульптура кiнагероя, выкананая Уладзімерам Жбанавым (аўтарам даўганогай «мянчанкі» зь Міхайлаўскага сквэру), павiнна была ўпрыгожыць адну з прысадаў ля кiнастудыi «Беларусьфiльм». Шукальнiк славы, а звалі яго Ўладзімер Галынскі, загiнуў гэтаксама загадкава, як i жыў. Ягонае цела знайшлi на трэцiя суткi пасьля сьмерцi — ад перабору наркотыкаў. Ён якраз зьбiраўся везьцi сваю карцiну па лягерах i турмах краiны са шляхетнай мэтаю бясплатнага паказу. Так ці інакш, а галоўнага чалавек дамогся. Лета пяройдзе ў восень, а восень у зiму. Зьменяцца рэжымы й моды. А бронзавы чалавек зь вясёлым тварам у кепцы набакiр будзе нязьменна стаяць на вулiцы. Палохаючы начных мiнакоў, а дзённых — жэстам запрашаючы да размовы. I ахвотных паразмаўляць зь ім не паменее нiколi.

Тут быў Пушкiн

— А вось, Леанiд Iльлiч, наш новы помнiк Пушкiну Аляксандру Сяргеевiчу.

— А, знаю-знаю. Гэта той, якi «Му-му» напiсаў.

— Ох i жартаўнiк Вы, Леанiд Iльлiч. «Му-му» ж Тургенеў напiсаў.

— Г-мм. Тады якога хрэна помнiк Пушкiну паставiлi?

Я згадаў гэты сiвы анэкдот ля новага помнiка расейскаму клясыку, што, як пiшуць цэнтральныя газэты, «прысеў адпачыць на маляўнiчым беразе Сьвiслачы». Хоць, на мой погляд, Пушкiн прысеў адпачыць ля гатэлю «Беларусь». Мастак Юры Арэхаў намагаўся выявiць хвiлiну паэтавага натхненьня. Атрымалася забаўна. Зачаравана пазiраючы на новую арэну Палацу спорту, чалавек у старадаўнiм сурдуце застыў у такой позе, што мiжволi ўзьнiкала жаданьне дапамагчы яму ўладкавацца ямчэй. Пацешыла і публiка, што сабралася вакол Пушкiна. Збольшага дзядулi й бабулi, якiм вельмi пасуе азначэньне «русский интеллигент в первом поколении». У адной бабулi, што задуменна пазiрала на скульптуру, я асьцярожна запытаўся, цi падабаецца ёй гэты помнiк. У адказ спадарыня ўсхвалявана сказала: «А помните вот это?.. Зима. Крестьянин торжествуя...» Ну, не перабiваць жа было яе цудоўнае iмгненьне iншаю цытатай. А помніце: «... мы получим Варшавскую губернию, что следовало осуществить уже 33 года тому назад. Из всех поляков меня интересует один Мицкевич». Альбо гэта: «Для нас мятеж Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная распря...» Выратаваў мяне нейкi жвавы дзядок, падобны на футбольнага трэнэра ў адстаўцы. Ён выскачыў да падножжа й зычным голасам са стараньнем тэатральнага абiтурыента задэклямаваў: «Война! Подняты наконец, Шумят знамёна бранной чести!» Пасьля чаго прачытаў кароткую лекцыю на тэму адвечнага адзiнства народаў, якое сымбалiзуе Пушкiн. Бронзавы госьць па-ранейшаму зацята вывучаў хакейную пляцоўку. Пасьля дзядка адцясьнiла вясельная працэсiя. «На фоне Пушкина снималося семейство». Я ў гэтым нiчога кепскага не знаходжу. Як i ў тым, што калi-нікалi «русские интеллигенты» зьбяруцца між казiно й «Мосбізнэсбанкам», каб пачытаць адзiн аднаму любiмыя зь дзяцiнства радкi свайго паэта. Урэшце, iх застаецца ня так i многа. I калi гадоў празь дзьвесьце нейкi хлопчык запытае ў мацi: «Хто гэты дзядзька на ўслончыку?» — я не зьдзiўлюся адказу матулi. «Гэта, сынок, паэт Пушкiн. Здаецца, ён жыў у гэтым гатэлi пару стагодзьдзяў таму»...

Кветкi на памяць

Апошнюю нядзелю вясны я пачаў з чытаньня гараскопу ў бясплатнай газэце «Ва-Банкъ». На 30 траўня прагноз быў наступны: «Магчымыя значныя й нават разбуральныя пераўтварэньнi ў жыцьцi, якiх цяжка пазьбегнуць, бо яны лёсавызначальныя. Трэба захоўваць асьцярожнасьць у месцах скапленьня людзей...» Нядзеля выдалася сьпякотнаю, таму запрашэньне ад прыяцеля правесьцi дзянёк у Лошыцкiм парку, дзе адбудзецца турнiр рыцарскiх клюбаў, я прыняў з радасьцю. Масавага скапленьня ў Лошыцы не назiралася. Белмоўныя сямейныя пары зь дзецьмi ды жыхары ваколiцаў прыйшлi паглядзець на рэдкае вiдовiшча. На тле белай сядзiбы чатыры прыгажунi ў шляхецкiх строях гарцавалi на прыгожых скакунах. Некалькi дзясяткаў маладых людзей у самаробных рыцарскiх дасьпехах з суворымi тварамi рыхтавалiся да бойкi. На тле гэтай маскараднай мешанiны з джынсы, кальчуг i крыжовых плашчоў нацыянальны сьцяг над шатром глядзеўся вельмi сур'ёзна. Сам турнiр выйшаў даволi камічны. Асаблiва запомнiўся момант, калi з аднаго рыцара ад удару зьляцеў шалом, i той, схапiўшыся за вуха, пабег зь месца бiтвы. «Куды ж ты, доблесны рыцар?» — пад сьмех публiкi крычаў апрануты ў чорнае цырымонiямайстар. Я злавiў сябе на думцы, як лёгка разважаць на тэмы жыцьця й сьмерцi, назiраючы за бяскроўнымi двубоямi. Але галоўным адбiткам дня стаў не турнiр у Лошыцы.

Увечары, прабiраючыся праз малады натоўп ля «Макдональдзу» ў цэнтры гораду, я заўважыў адну пару. Настолькi арганiчную, што ня здолеў адмовiць сабе ў задавальненьнi палюбавацца. Ён — высокi даўгавалосы бляндын з тварам тэўтонскага магiстра, у падкаваных ботах i скураной куртцы мэталiста, што зьзяла кальчугаю шматлiкiх заклёпак. Яна — незвычайна крохкая панна ў лёгкай, даўгой сукенцы, з вачыма, поўнымi захапленьня сваiм рыцарам. На рагу рыцар набыў сваёй паненцы шыкоўную, доўгую ружу. Нават цень зайздрасьцi не крануў мае душы, калi я праводзiў iх поглядам. Абняўшыся, яны йшлi ў бок станцыі мэтро «Нямiга». Было пад восьмую.

Назаўтра я даведаўся, што гараскопам верыць варта i што аддаць жыцьцё ў росквiце жаданьняў можна і не на полi бою, і не ў iмя вялiкай мэты, нават ня ў рукi забойцы. Тады дзеля чаго?.. Яшчэ доўга менчукi будуць скаланацца пры словах «наступная станцыя «Нямiга». Яшчэ доўга ў пераходзе будзе панаваць ціша, а мы — задавацца бессэнсоўным пытаньнем, цi магчыма было гэта абмiнуць. Бог вярнуў Нямiзе яе спракавечны трагiчны сэнс. Кажуць, што гэты помнiк часовы. Ня думаю. Каваныя кветкi ня вянуць. У адрозьненьне ад чалавечай памяцi.

Дзядзя Вітаўт кушае

"Саракагадовы актор маленькага правінцыйнага тэатрыку ўсё жыцьцё хацеў сыграць Гамлета. А граў толькі Зайчыка ў дзіцячым спэктаклі. Ужо скроні пасівелі, а ён замест плашча ды шпагі ўсё чапляў заячыя вушкі й пушысты хвосьцік. Скакаў пад елачкай, а пасьля заліваў крыўду на лёс у буфэце. Гэтак раз быў выскачыў падчас спэктаклю па чарговыя сто грамаў. У гэты час маці цягнула праз фае маленькага хлопчыка — спазьніліся на спэктакль. А хлопчык паказвае на актора й радасна крычыць маці: "Мама, мама! Глядзі, дзядзя Зайчык кушае!" Падумаў актор, паглядзеў у кілішак і сумна сказаў: "Ну, вось і слава прыйшла..."

Гэтай мілай показкай я пачаставаў двух актораў у службовым буфэце Купалаўскага тэатру, які днямі адкрыўся для публікі. Тыя нават не пасьміхнуліся, адно абдалі мяне халоднымі позіркамі. Пэўна, я закрануў нешта балючае.

Аднак калі маеце жаданьне выпіць у кампаніі Ягайлы й Жыгімонта Аўгуста — сьмела адчыняйце дзьверы службовага ўваходу Купалаўскага тэатру й адразу направа. Бар недарагі, навокал знаёмыя твары, атмасфэра адпаведная. Як і мова зносінаў.

Памятаю імпрэзу ў кінатэатры "Зьмена", прысьвечаную памяці народнай арысткі Беларусі Стэфаніі Станюты. Сабраліся тыя, для каго Купалаўскі тэатар і Станюта — гэта сьвятое. Нашыя мілыя кабеткі, мала не Станюціны аднагодкі, заўсёднікі палітычных акцыяў і тэатральных прэм'ераў. Пасьля цёплых прамоваў на адрас спадарыні Стэфаніі дэманстравалася дакумэнтальная стужка пра яе. Творчы партрэт акторкі й чалавека. Са здымкамі рэпэтыцыяў, хатняга побыту й закуліснага жыцьця. І з кожнай хвілінаю на тварах прысутных адбівалася ўсё большае расчараваньне, нават зьбянтэжанасьць. Скончылася імпрэза вялымі воплескамі й роспачным маўчаньнем, зь якім гледачы выходзілі з залі. Тое, што народная акторка Беларусі па-за сцэнай не прамовіла ані слова па-беларуску, было для ейных прыхільнікаў сапраўдным адкрыцьцём.

Седзячы з прыяцелем у купалаўскім буфэце, дзе па-беларуску размаўлялі толькі мы, я намагаўся апраўдаць сваіх улюбёных актораў, з кожным новым словам адчуваючы ідыятызм сытуацыі. Бо ў чым яны зусім ня маюць патрэбы, дык гэта ў маіх апраўдваньнях. "Ты ўяві, што б падумаў Купала, каб трапіў у гэты бардак? — пытаў у мяне прыяцель. — І як увогуле можна ставіцца да іхнай працы й да іх саміх сур'ёзна, чуючы іхныя "еще по рюмочке"?" — "Ты калі-небудзь бачыў, каб цыркавы акрабат, выходзячы з цырку, ішоў дадому на руках? — не здаваўся я. — Ці каб опэрны сьпявак працягваў свае сьпевы, стоячы на тралейбусным прыпынку? І хто цябе просіць сур'ёзна ставіцца да людзей, якія размаўляюць чужымі словамі?"

Я не пераканаў сябрука. "Моўныя трансвэстыты" — такім эпітэтам ён узнагародзіў купалаўскіх актораў. Што ж да самога Купалы... Я лічу, што публіцы няма чаго рабіць за кулісамі. Для яе тэатар павінен пачынацца зь вешака, працягвацца ў глядзельнай залі й сканчацца дзе заўгодна, пакуль жывуць уражаньні ад спэктаклю. Чым кіраваўся Купалаўскі тэатар, адкрыўшы для публікі дзьверы службовага ўваходу, я зразумець не магу. Можа, гэта зроблена адмыслова для тых людзей, для якіх беларуская мова ня ёсьць "моваю мастацтва" ці "рабочаю вопраткай"? А ўсяго толькі моваю зносінаў? Ня думаю, што дзякуючы нам "дзядзі Зайчыкі" ператворацца ў Вітаўтаў. Але, прынамсі, Купалу будзе да каго падсесьці... Адным словам, будзеце ў цэнтры — не абмінайце Купалаўскага тэатру. "Дзядзя Вітаўт кушае!" Хай адчуе смак славы...

«Лукашэнка памёр»

Ах, якую цудоўную ноч мы правялi з адным беларускiм акторам у адным менскiм стрыптыз-бары! Дзе менскiя прыгажунi зь целамi, нiбы вырашчанымi ў iнкубатары, колькi гадзiнаў спакушалi нас сваiмi нясьцiплымi танцамi. Дзе падобныя да сьцюардэсаў афiцыянткi называлi нас гаспадамi й грацыёзна падносiлi халодны «Бэйкер», каб мы сваечасова ахалоджвалiся ад сьпякотнага вiдовiшча. Дзе мы не шкадавалi грашовай масы, шчодра напаўняючы станiкi й майткі ўсiх гэтых Клеа й Мэры роднымi купюрамi, тлумачачы, што мы — беларускiя патрыёты. Дзе нiшто, аркамя дэбiльных выкрыкаў бандзюганаў за суседнiм столiкам, не выдавала сёньняшнюю РБ. Дзе мы на якi час забылiся пра панылую савецкую рэальнасьць за сьценамi й адчулi сябе ледзь не кiношнымi амэрыканскiмi агентамi, што заслужылi свой адвязны адпачынак пасьля цяжкай працы ў СССР.

Але за вокнамi пачынаўся новы шэры дзень, у залi запалiлi сьвятло, апранутыя танцоркi з экзатычных дзiваў ператварылiся ва ўсяго толькi сымпатычных паненак. Мы з прыяцелем выйшлi на шэры пустынны праспэкт. Мэтро яшчэ не працавала, а ў нашых запасах знайшлася бутэлька «Менскага бровару». Усеўшыся на бардзюр, мы пiлi кепскае пiва, пакрысе адаптуючыcя да краявiду.

Першымi, як мы зразумелi, у нашым горадзе прачынаюцца бамжы. Раней за дворнiкаў. Дзьве старыя абдрапаныя алькагалiчкi асьцярожна перасоўвалiся ў наш бок. Пасьля начнога шоў iхныя ранiшнiя постацi глядзелiся па-асаблiваму вычварна. Мы, не згаворваючыся, вырашылi не даваць гэтым жаўручкам «нi пойла, нi тары». Але далейшага прадбачыць нiяк не маглi.

Тая, што маладзейшая ды папрыгажэйшая, наблiзiлася да нас i сказала адну толькi фразу. З двух словаў. Сказала так, нiбы жадала падзялiцца глыбокай асабiстай радасьцю зь першымi сустрэчнымi. Сказала так, што недапiтая бутэлька iмгненна перайшла ў яе брудныя рукi. Сказала так, што нашыя затарможаныя мазгi на пару сэкундаў далi пачутаму веры.

«Лукашэнка памёр».

На трэцяй сэкундзе да нас дайшло, што нас падманулi. Што хiтрая бамжыха дакладна разьлiчыла, чым можна «ўзяць» двух беларускамоўных пахмельнiкаў. Але ж асабіста ў мяне радасьцi якраз i не было. Той радасьці, зь якой, здавалася, сустрэну гэтую вестку. I смутку не было таксама. Была кароткая асалода ад моманту такога гарманiчнага пераходу казкi ў рэальнасьць, ночы ў дзень. З новымi надзеямi, з новымi праблемамi, з новымi жанчынамi.

Кальварыя

Ідучы днямі паўз Кальварыю з нацыянальнай беларускай хваробай мэлянхоліяй у душы, і з дамаю пад ручку, я ня мог здрадзіць сваёй звычцы -- зайсьці. Што праўда, ідэя завітаць на могілкі ня выклікала ў маёй спадарожніцы ніякага энтузіязму. У сваю чаргу, мяне зусім не зьдзівіла, што юная лэдзі, народжаная ў сталіцы, ніколі не была на самым старым сталічным нэкропалі. "А што там можна рабіць?" Тым больш цяпер. Але імклівы наступ шарае гадзіны, абрыс касьцёла за векавымі дрэвамі ды павольны калядны сьнегапад пераконвалі мяне, што зайсьці туды трэба менавіта зараз. Паненцы я сказаў, што яна ўбачыць нешта незвычайнае. І сапраўды, праз пару крокаў убачылі. У прысадах, што вядуць да брамы, стаяў прыстойна апрануты, цьвярозы з выгляду мужчына ў дублёнцы, з "дыпляматам". І засяроджана спраўляў сваю малую патрэбу. Мая спадарожніца цярпліва пайшла за мною на Галгофу.

Усякі раз, калі заходжу за могілкавую браму, перастаю адчуваць свой узрост. Вось толькі арытметыка адыманьня гадоў нараджэньня ад гадоў сьмерці ўжо ня так абнадзейвае, як у дзяцінстве. Ня кажучы ўжо пра прозьвішчы на надмагільлях -- старых, шляхецкіх помніках з дарагога граніту й мармуру, на якія даўно ўжо не ўскладаюцца кветкі. Ваньковічы, Луцкевічы, Міцкевічы, Манюшкі, Чачоты... Савецкая эпоха не рашылася чапаць гэтыя магілы, і дзякуй Богу. Яны стаяць, нібы доказы таго, што тут была іншая Беларусь. Не падобная на тую, што ляскае тралейбусамі з-за дрэваў. Cтарыя арыстакратычныя могілкі -- гэта найлепшае месца для восеньскае дэпрэсіі. Я магу доўга блукаць па кальварыйскіх прысадах, чытаючы гэтыя прозьвішчы. З адчуваньнем прысутнасьці на руінах рымскага Форуму. На аскепках прыгожай і велічнай краіны, якая, на жаль, не пакінула нам нашчадкаў. Але падаравала кволую надзею. Зь цяжкасьцю разьбіраючы ў прыцемках лацінскія літары эпітафіяў, я падумаў, а ці не занадта ідэалізуем мы той час, калі ў нас была арыстакратыя? І ці не занадта недаацэньваем часы ўласнага жыцьця перад тымі, якія настануць за нашымі магіламі?.. Як бы там ні было, сузіраньне гэтых датаў пазамінулага стагодзьдзя -- добрыя лекі ад любой дэпрэсіі.

"Ну што, натхніўся, пісьменьнік? Можа, пойдзем?" -- нэрвавалася мая лэдзі... Свае блуканьні па Кальварыі я звычайна сканчаю ля помніка беларускага паэта. Бо лічу ягоную магілу галоўнаю для сябе. Бяз гэтай магілы Кальварыя ня мела б таго сэнсу. Сьціплая пліта зь беларускімі літарамі ля касьцёла грае большую ролю ў менскай сталічнасьці за ўвесь мільён сёньняшніх жыхароў. Бо, магчыма, менскі шляхціц Ян Неслухоўскі стаў першым, хто жыве тут "не як усе".

Дайшоўшы да сваёй мэты, я аслупянеў ад сымбалічнасьці карціны. Магіла Лучыны зьнікла. Сьнег пакрыў і грудок, і пліту. Ані знаку. "Тут пад сьнегам магіла", -- патлумачыў я дзяўчыне. "Твайго сябра?" -- пасьміхнулася яна. "Калегі, -- адказваў я, прабіраючыся па калена ў сьнезе да схаванай пліты. -- Ён быў чыгуначным чыноўнікам з амбіцыямі літаратара. Друкаваў свае польскія вершы ў Варшаве. Але ня мог не пісаць на мове ўласнага народу. Ці думаў ён пра літаратурную кар'еру, пішучы беларускія вершы? Наўрад ці. -- Я сунуў руку пад сьнег і намацаў граніт Лучынавай пліты. -- Але застаўся, як беларускі паэт Янка Лучына". "І даўно ён памёр?" -- удала цікавасьць спадарожніца? "Ды не, -- няўпэўнена адказаў я, -- напрыканцы пазамінулага стагодзьдзя". І тут яе прарвала. "Ды вы ж усе нейкія нэкрафілы. Носіцеся з вашай мёртвай моваю. Газэткі выдаяце, якіх ніхто не чытае. Вершыкі пішаце, якія толькі на могілках і дэклямаваць. Ды паглядзі на сябе. Сам стаіш, як манумэнт. Зрэшты, хоць жыві тут. А я пайшла".

І пайшла. І дзякуй Богу, што пайшла. Ну не тлумачыць жа было гэтай дурніцы, што цяга да магілаў блізкіх табе людзей ня ёсьць нэкрафіліяй. Хутчэй наадварот -- жывою патрэбаю жывых людзей. Патрэбаю душы, а ня цела. Хоць, насамрэч мне было крыху крыўдна. Усё ж могілкі не плянаваліся канцавым пунктам майго маршруту з гэтаю паняй. Яе фігурку хутка схавалі кальварыйскія клёны. Якія не захінаюць агнёў блізкага мікрараёну. Яна пайшла туды, дзе ідзе працэс. Дзе назапашваюцца баксы й "зайцы", купляюцца дублёнкі й відзікі, п'юцца "Крыжачкі" і "Сьмірновы", слухаюцца Пугачовы й абмяркоўваюцца Пуціны з Прымаковымі, чытаюцца "талстушкі" й глядзяцца "Панарамы", упрыгожваюцца елкі й пішуцца навагоднія паштоўкі. З пажаданьнямі "новага шчасьця". Там, за крыжамі ідзе нармальны фізіялягічны працэс. І ці шмат бяды ў тым, што там, дзе "усе як усе", не чытаюцца беларускія вершы? Бяды няма ніякай, калі ня блытаць фізіялёгію з духам. Сыходзячы, я азірнуўся на Лучынаву магілу. Цяпер яна была пазначаная маімі сьлядамі.