Радно
Вершы
Акулін Эдуард
Эра Сноў...
Каханне
Amori et dalori...*
Каханне – пакута.
Душою распнутай
між Пеклам і Раем лунаць...
Каханне – атрута.
Святы і аблудлы
я выберу смерць, каб закахаць.
Каханне – як рудня,
дзе ў свята і ў будні
нам працай сябе катаваць.
Каханне -- ёсць мудрасць,
якую Бог людзям
адкрыў, каб грахі дараваць.
*Кахай і пакутуй.
* * *
Мы не парушылі мяжы.
Цнатлівасць нас уратавала...
Ды заклінаю – не кажы
нікому слоў, што мне казала.
А вочы, нібы абразы,
самотай высвецяць пад вечар—
паўадзіноты, паўслязы
і паўкахання нашай стрэчы.
Расколіна
Свет раскалоўся папалам.
Тут забыццё--каханне там.
Там дождж пяшчоты – тут няма.
Там лета сноў -- а тут зіма.
Тут цішай стомлены пакой—
там смех сыноў і голас твой.
Тут пах вяргінь – там водар руж.
Там неба сінь – тут спод калюж.
Там цвіў агмень – тут галавешкі...
Свет раскалоўся. Крочу пешкі
да слёз народжаных з усмешкі.
Возера самоты
На сонным золку сонца дакранецца
ласкавым промнем стомленых каханых.
І ноч растане ў мораку туманным,
а зорак ззянне ў росах адаб’ецца...
Вось так і я душою заўжды святлею,
калі цалуеш ты на развітанне.
І хоць Самоты возера глыбее—
не менее вады ў рацэ Кахання.
* * *
Сярод базальтавых прысад,
дзе вецер — злодзей у законе,
мне прыгадаўся твой пагляд —
дзве зоркі выстылых ад болю.
І покуль вецер «стрыг» лісты
з галін даверлівых таполяў,
дзве зоркі -- кроплі яснаты—
з Учора падалі ў Ніколі.
* * *
Былое жарсці вулкан патухлы
на сподзе сэрца няўзнак ажыў...
« У імя Тройцы святога Духа»—
яму не стану казаць: -- Амінь.
За вераснёвай ціснёнай скрухай
слязой зашклёны прысню пагляд...
Шапчу : -- Кахаю, -- табе на вуха,
нібы замову ад першых здрад.
* * *
Забудзься, як човен пяшчоты нас нёс
насустрач расчуленым хвалям...
Забудзься, як небам спакушаны плёс
сузор’яў дарыў нам каралі.
Не помні -- ні поўні у пойме смугі,
ні крылаў купальскае ночы,
ні першай залевы валос на лугі,
ні сумам змялелыя вочы...
І нат, калі тыльную сутву душы
ахрыплая выстудзіць замяць.
Нікому нічога пра нас не кажы—
маўляў, блізарукая Памяць.
* * *
Не ўяўляю, як буду цябе забываць...
Забываць—выспу сноў чыстаганіць.
Забываць—як цвікамі труну забіваць,
што была для нас чоўнам Кахання.
Не ўяўляю, як буду цябе абмінаць.
Абмінаць—як злачынца ахвяру,
абмінаць—нібы соты у пчол адбіраць,
ці ў раллі перасмяглае –хмару.
Не ўяўляю, як буду—ці буду зусім
без цябе, маёй доннай лілеі,
без цябе—як аслеплы без вогнішча дым,
ці ў вар’ятні Ван Гог без алею.*
* * *
Божа, як яна прыгожа
аддаваць умее вусны...
Да світанку плысці ложку
поймай сноў яе распусных.
У смузе прасцін адліжнай
ногі--лебедзі ў тумане...
Божа, як я ненавіджу
жарсці крык яе гартанны.
На мяжы з жыццярастаннем
не цалуюць так умела...
Божа, выратуй Каханнем
храм яе пустога цела.
Я сумую ...
Я сумую па нас былых...
Па трымценні няўцерпных вуснаў,
па залеве валос тваіх,
над жаданнем маім распусным.
Я сумую па нас былых.
Па разынак ажыўшай плоці,
па абдымках, што п’юць уздых,
з языкамі ў агульным роце...
Я сумую па нас былых.
Па цунамі з лагуны ўлоння,
па світальных руках тваіх --
майго сонца патухлых промнях...
Я сумую па нас былых,
што шукалі ў граху патолі,
а знайшлі толькі яску -- міг,
што не ўспыхне ізноў ніколі.
* * *
А помніш апошні з табой наш раман?..
Калі ,нібы дзве брыганціны,
на рыфы кахання нас нёс ураган,
сарваўшы з сямейнай пуціны...
А помніш, як поўняй сукенка сплыла
да ног , і заплакала свечка...
І ты ад таго мне заўсёды была—
крылом незамкнёнага вечка...
А помніш, як потым купальскі туман
пачуццяў нястрымных Нямігу
да срэбнай расінкі ў падземны арган
забраў да жаданага мігу.
І я з той пары з асцярогай хаджу
улонеем знаёмым праспекту,
а раптам Нямігу ад сноў абуджу,
схаваную ў памяць-калектар.
Ангіна
Я толькі паглядам адным саграшыў...
І гэты пагляд мой хвароба чакала.
Ты шыю—прыгожую вазу душы—
у шалік шарсцяны ад воч захавала.
Гваздзік адзіноты паспеў адзічэць,
яму пацалунка жыццё каштавала...
Табе папраўляцца, а мне разумень,--
як ты пачуццё ад зімы ўратавала.
* * *
Ільну няўтольнаю ракой
на бераг райскае Нірваны.
Калі любуюся табой—
жамчужынай на сподзе ванны...
Ад вохры хны у валасох
русалкай станеш на імгненне...
А ногі з рыбіным хвастом
ад воч схаваюцца у пене.
Хоць погляд грэшны адвяду—
ад хараства не адхрысціцца.
Цяпер я знаю на бяду
царква затопленая сніцца...
КВАДРА КАХАННЯ
Жанчына
Навошта прывабіла Евіным сокам
з двух купалаў жарсці, што ззялі высока
на целе—царкве незямнога парока,
цвінтар якой спляжыла здрады асока?..
Пацалункі
Грахоў за жыццё -- непад’ёмныя клункі,
ды самы найпершы — ад Бога дарунак...
На памяці-лёдзе — як свежыя лункі,
той ночы Кахання — твае пацалункі.
Калені
Ты сёньня мяне параўнала з аленем,
што з жарсці ракі піў да ранку без лені...
Я ноч быў няўтольным, бо любай калені
былі берагамі той рэчкі без мелі.
Успамін
Чырвонай масандрай з фужэра-каміна —
агонь.Твае ногі -- кантактная міна,
што доўга шчэ будзе у снах-успамінах
маіх узрывацца світальнай гадзінай.
Купанне
Ліпень ліпам завушніцы
меецца навесіць...
Уплялася ў промні сонцу
чаратамі Бесядзь.
У рацэ ў чым маці родзіць
ты са мной купаешся,
ластавак у зман уводзіш—
усміхаешся.
Сон
Твой сон, як дождж у ліпені,
падманны.
Шкадуючы, балесна пакідаць
світанкі пералітыя ў туманы,
якія нам з табой не сутракаць...
Адрыне боль твая Перасцярога,
ламаючы даверу хісткі лёд,
спагады палахлівая пірога
затопіцца, --
і стомлены наўзброд
пайду ракой Халоднасці змялелай
туды, дзе рыскай тонкай
і нясмелай
зарэе вузкі і спакусны
жаданы Бераг тваіх вуснаў...
Н...
Вочы,
бы калодзежы нішчымныя,
якія высахлі ў спякоту,
ілба готыка,
рэнесанс усмешкі--
былога Храма кахання рэшткі...
Мілая, --
любі,
люблю,
любіла, --
на колькі хапіла.
На колькі магла —
забыла.
Вочы
іншыя стрэчу аднойчы.
З тваіх не піць...
Каторы жнівень
трапляе лета ў люты лівень.
* * *
Паміж намі -- возера ночы,
і ў чорнай яго вадзе
пахаваў я свой грэх аднойчы
і ад Бога, і ад людзей...
Чым становішся ты мне бліжай,
тое возера ўсё глыбей.
І ўжо памяць – не плыт, а крыж мой,
што урос у прадонны глей.
Паміж намі -- вакно нябыту.
Зазіраю ў яго ізноў.
І ўжо памяць – не крыж, а плыт мой,
што вяртае на выспу Сноў.
* * *
Калі ты запавольваеш рухі,
і туманіцца твой пагляд,
калі рэха нядаўняй скрухі
з нашым шчасцем гучыць няўлад.
Гэта значыць вайну кахання
нам Амур аб’явіў з табой.
Аж да раніцы, да світання
не заціхне наш шлюбны бой...
Эрагенная зона
Я ў гэтую зону, як грэцкі Ясон,
імкнуся патрапіць штоночы.
Бяру заміж тарчы -- эротпарасон,
які ратавацьме аднойчы...
О гэтая зона -- паўночны фрыстайл
у пары з каханай над светам,
дзе генная памяць -- мільён мегабайт --
патрэбна, каб граць пікачэта...
Які тут да болю знаёмы ландшафт
з вяршынямі гор вінаградных,
з расплаўленай магмай унутраных шахт,
з луганаю ног неагляднай...
Я ў гэтае зоне -- найрайскае з зон --
да ранку плыву на галерах...
Я тут адначас -- і тыран-фараон,
і раб у вярыгах Венеры.
* * *
Дазваляла...
Адчуваючы безнадзейна,
што ў пачуццях нашых -- інфляцыя...
Паступова цябе ад адзення,
нібы дрот ад ізаляцыі --
вызваляў...
Кароткім замыканнем
нас асляпіла ранне.
* * *
Віяланчэлі чую сола я...
Ты ўся такая голая,
саромная, спакусная.
Вугельчыкам на снезе
зіхціш у цемры вуснамі.
* * *
Не кажы мне нічога... Маўчы.
Гэта д’ябал падаўся нам Богам.
Пацалункам тваім на плячы
пачыналася ў пекла дарога...
Толькі марна да сходу начы
мы не спалі, занятыя севам...
Я ў табе не застаўся нічым —
ні ўспамінам, ні сынам, ні спевам.
Хоць табой свае сны засяліў,
ты прапісана ў іх незаконна...
Бо ў табе не застаўся нічым —
ні слязой, ні дачкой, ні праклёнам.
Я чакаю ...
Я чакаю, што ты аднойчы
ціха мовіш: -- Я зноў твая...
І спатоліш мой смутак воўчы,
ад якога згараю я...
Я чакаю і ты чакаеш,
калі сам я сябе спалю.
Я чакаю, а ты знікаеш,
як сарваны лісток агню...
Я чакаю -- як камень крэмня,
закаханы да забыцця.
Я чакаю -- няхай дарэмна
мне чакаць яшчэ паўжыцця.
* * *
Жанчына на пляжы паўднёвым
з русявай касой на плячы.
Адкрытая сонечным промням
і прагным паглядам мужчын...
То мора -- паркалевай хваляй,
то вецер -- шаўковым крылом
пяшчотна цябе ахінаюць
на зайздрасць мясцовым багом.
Зайсці у ваду не спяшаешся —
русалка з палескіх лугоў...
Нібы перад здрадай вагаешся —
саромна чужых берагоў.
Ключ
Да вар’яцтва пяшчотай расчулены,
згаладалы, як беглы манах...
Я у зрэнках тваіх перакулены,
ты -- ў маіх перакуленых снах.
Аднаго не ўсвядомлю — адкуль яно —
пачуццё, што глыбей за Сусвет.
Калі я, нібы ключ у адтуліне,
мару зноў пабываць у табе...
* * *
Усё часцей, усё часцей
між леных хваль льнянога плёса
два плывучкі тваіх грудзей,
бы леску, рвуць на часткі лёс мой.
Усё далей, усё далей
у ноч наш човен заплывае,
дзе два вяслы маіх надзей
ад хваль пяшчоты не хаваюць...
Усё глыбей, усё глыбей
пачуццяў вір, а водар целаў
амаль такі, як ад лілей,
што распусціліся нясмела...
Наталлі
Навальнічная, юная, смелая...
З неслухмянай залевай кос.
За пяшчоту маю няўмелую
ты плаціла мне срэбрам слёз.
Вецер золкі той даўняй восені
нам кілімы з лісця сцяліў...
Асляплёны дагэтуль поўнямі
я цнатлівых грудзей тваіх.
Дабіблейскаю Еваю грэшнаю
ты выходзіш з паўночных сноў...
Мая самая-самая першая—
мара, песня, журба, любоў...
* * *
Мне сягоння зусім не спіцца...
Сэрца поўнае яснаты.
Два пярсцёнкі і завушніцы—
гэта ўсё ў чым адзета ты.
Пазірае раўніва поўня.
Вецер шыбу крануў рукой.
Хоча ён да твайго улоння
прытуліцца хаця б шчакой...
Бессаромна глядзіш мне ў вочы
прамаўляючы з хрыпліцой:
-- Ты мяне распранаць не хочаш,
давядзецца ізноў самой...
Вось такой мне і будзеш сніцца,
як збяруцца у гай гады.
Два пярсцёнкі і завушніцы—
гэта ўсё ў чым адзета ты...
* * *
Каханнем скрозь паэт жыве...
Калі світальны сон змялее,
радзімкі ў зацемках калень
асвеціць белая лілея...
Каханнем скрозь жыве паэт.
Для Музы ён найперш – Муж-чына!
Старэй за ўвесь біблейскі свет
быў Евін грэх – жыцця прычына.
Бо цела -- зваблівы кларнет,
яго прыгубіш -- век пакутай.
Жанчыну выдумаў паэт,
каб граць на ёй і быць пачутым...
Калі вар’яцкі гэты свет
Шэкспір даб’е сваім пытаннем, --
каханнем выжыве паэт
і будзе вечна жыць Каханнем!