Дзеяслоў
Літаратурна-мастацкі часопіс
07
Рымскі трыпціх
СТРУМЕНЬ
Ruah
Дух Божы лунаў па-над водамі...
І. Зьдзіўленьне
Затока лясная схлынае
у рытме горных патокаў,
гэты рытм безназова мне выяўляе Цябе,
Спаконвечнае Слова.
Якое ж да дзіўнаты незвычайнае Тваё маўчаньне
ва ўсім, чым адусюль прамаўляе
створаны сьвет...
што разам з затокай лясною
схлынае ў дол кожным схілам...
гэта усё, што зносіць з сабою
срабрысты каскад патоку,
які праз гады спадае з гары рытмічна
панесены ўласнай плыньню...
— панесены ён куды?
Што кажаш мне сваёй гаманою, горны струменю?
у мейсцы якім маеш спаткацца са мною?
са мною, які таксама мінуў у журбе —
падобна як ты...
Ці да цябе падобна?
(Дазволь мне тут затрымацца, струменю, —
дазволь затрымацца мне на парозе,
вось адно з тых найпершых зьдзіўленьняў.)
Паток не зьдзіўляецца, калі неўзнароку спадае ў дол
і лясы, маўкліва схлынаючы ў рытме патоку, —
— адно зьдзіўляецца чалавек!
Парог, які сьвет пераступіў сам, —
парог зьдзіўленьня.
(Колісь мяноўна зьдзіўленьню гэтаму нададзена ймя «Адам».)
Быў самотны з гэтым сваім зьдзіўленьнем
спасярод істотаў, у якіх не было турботаў зьдзіўляцца
— ім ставала існаваць і мінаць.
Чалавек за ценем імгненьняў мінуў разам з імі
на хвалі зьдзіўленьняў.
А, зьдзіўляючыся, ўвесь час вылучаўся
з гэтае хвалі, якая яго адносіла,
як бы кажучы ўсяму наўкола:
«затрымайся! — ўва мне твой прыстанак»
«ўва мне невыпадкова ёсьць мейсца спатканьня
са Спаконвечным Словам» —
«затрымайся, благаю, мінаньне гэтае сэнс мае»
«сэнс мае... сэнс мае... сэнс мае!»
2. Крыніца
Затока лясная схлынае
ў рытме горных патокаў...
Як хочаш знайсьці крыніцу,
угору мусіш ісьці, да плыні.
Прадзірайся, шукай няспынна,
вер, што яна мусіць тут дзесьці біцца —
Дзе ты, крыніца?.. Дзе ты, крыніца?!
Ціша...
Струменю, лясны струменю,
выяві мне таямніцу
зьяўленьня свайго пачатку!
(Ціша — чаму маўчыш?
Як жа ўтаіцца пастаралася таямніца твайго пачатку.)
Дазволь мне губы змачыць
у крынічнай вадзе,
адчуць, як ідзе
жыватворчая сьвежасьць.
II
Роздумы
Над «Кгнігаю роду»
на парозе сыкстынскае капліцы
I. Першы Відушчы
«У ім жывем, рухаемся й ёсьць мы» —
кажа Павал на афінскім Арэапагу —
Дапытлівасьць прагнаць смагу прагне:
Хто Ён?
Як бы нявыказаная прастора, якая ўсё ахінае —
Ён Творца.
Ахінае беэ перашкоды ўсё закліканае да існаваньня з нябыту
ня толькі на пачатку, але заўсёды.
Усё трывае, растаючы без перастаньня —
«Напачатку Слова было і ўсё праз Яго сталася»
Таямніца пачатку нанова нараджаецца разам са Словам,
выкунежваецда са Слова,
Слова — спрадвечны зрок і спрадвечны вырак.
Гэты, які ствараў, варушачы тло, бачыў-бачыў, «што добра было»,
бачыў зрокам нашчым, адрозным ад нашага,
Ён — Першы Відушчы —
Бачыў, адшукваў ва ўсім нейкі сьлед істоты сваёй,
сваёй паўнаты —
Бачыў: Омnia nuda et aperta sant ante oculis Eins* –
Раптоўна й празрыста —
Праўдзіва, добра й прыгожа —
Бачыў зрокам нашчым інакшым ад нашага.
Спарадвечны зрок і спрадвечны вырак:
«Напачатку Слова было і ўсё праз Яго сталася»,
усё, у чым жывем, рухаемся й ёсьць мы —
Слова, найдзівоснае Слова — Слова спрадвечнае,
быццам нябачны парог
усяго, што існасьцю стала, існуе й існаваціме,
нізрынуўшы тло.
Слова было як бы парогам.
Парог Слова, у якім усё немагчыма бачным было,
спрадвечны й боскі — за гэтым парогам гісторыя распачынаецца!
Стаю ля ўваходу ў Сыкстыну —
можа усё гэта лепей было выказаць моваю «Кнігі Роду» —
ды Кніга цярплівачола чакае вобразу. — I слушна.
Чакае свайго Міхала Анёла.
Аднак гэты, які ствараў, «бачыў» — бачыў, што «добра было».
«Бачыў», а значыцца, Кніга чакала плёну «бачаньня».
о ты, чалавеча, які таксама бачыш, прыйдзі —
клічу ўсіх вас «відушчых» усечасінаў, усевакольля,
клічу цябе, Міхале Анёле!
Ёсьць у Ватыкане капліца, якая плёну твайго пагляду чакае!
Чакала вобразу бачаньне.
З тае пары, калі Слова сталася целам, бачаньне стала чакае.
Стаімо на парозе Кнігі.
Гэта Кніга Роду — Genesis
Тут, у гэтай капліцы, выпісаў яе Міхал Анёл
ня словам нашчым, але багацьцем
колераў нагрувашчаных.
Уваходзім, каб вычытваць захапленьне,
ад зьдзіўленьня йдучы да зьдзіўленьня.
Гэтак вось тут — узіраемся й распазнаем
Пачатак нераспазнаны, які выявіўся з нябыту
паслухмяны стваральнаму Слову;
Тут прамаўляе са сьценаў гэтых.
А бадай што яшчэ магутней прамаўляе Канец.
Так, магутней яшчэ прамаўляе Суд,
Суд, апошні Прысуд.
Гэта дарога, якою якраз праходзім усе —
кожны з нас.
2. Вобраз і падабенства
«Стварыў Бог чалавека на свой вобраз і падабенства,
мужчынам і нарачонкаю стварыў іх —
і бачыў Бог, што дужа добра было,
а былі абое галюткія й не зазнавалі сораму».
Ці гэта мажліва?
Сучасьнікаў пра гэтае не пытай, як назола,
лепем спытай Міхала Анёла,
(а можа таксама сучасьнікаў!?),
Пытай Сыкстыну.
Як шмат сказана на гэтых сьценах!
Пачатак нябачны. Усё тут на гэта паказвае.
Уся гэтая бачнасьць бачная, якую вызваліў геній людскі.
I канец нябачны такі.
Хоць тут трапляе сурова ў твой зрок, вандроўца,
выява Суду апошняга.
Як бачным зрабіць, як пранікнуць належыць
Па-за межы дабра й зла?
Пачатак і канец, нябачныя, нятленна пранікаюць да нас
з гэтых сьценаў!
Ён
«У ім жывем, рухаемся й ёсьць мы».
Ці Ён толькі прастора існаваньня існоўцаў?
Ён — Творца
Ахінае ўсё, ствараючы й падтрымліваючы ў існасьці,
Падабенства ладзьбуе.
Калі апостал Павал прамовіў на Арэапагу,
у словах ягоных адбілася ўся традыцыя Прымірэньня.
Кожны дзень там сканчаўся словамі:
«I бачыў Бог, што добра было».
Бачыў, вышукваў сьлед істоты свае —
Знаходзіў свой воблік ва ўсім, што бачылася самавіта.
Спарадвечнае Слова нібыта парог,
за якім жывем, рухаемся й ёсьць мы.
Чалавек (Я)
Чаму мяноўна пра гэты адзіны дзень з пашанай сказана;
«Бачыў Бог, усё, што стварыў, дужа добра было»?
Дарэчы, ці гэтаму не пярэчыць гісторыя?
Хоць бы наш век дваццаты! Дый ня толькі дваццаты!
Аднак ніводзін век ня можа засланіць праўду
пра вобраз і падабенства.
Міхал Анёл
З гэтай праўдай калісьці ў Ватыкане замкнуўся,
каб выйсьці адтуль, застаўшыся Секстынскай Капліцай.
«Стварыў жа Бог чалавека на свой вобраз,
на вобраз Божы яго стварыў,
мужчынам і нарачонкаю стварыў іх.
Хоць жа абое былі галюткія,
сябе не зазнавалі ў сораме»!
I бачыў Творца, што дужа добра было.
Ці ж мяноўна ня Ён бачыў усё ў праўдзе ўсяе?
Оmnia nuda et aperta ante oculis Eins –
Яны
Яны таксама ля парогу гісторыяў
бачаць сябе ў праўдзе ўсяе:
былі абое галюткія...
Яны таксама сталіся ўдзельнікамі гэтага бачаньня,
якое Творца на іх перанёс.
А ці не хацелі застацца імі?
А ці не хацелі знаходзіць нанова бачаньне гэтае?
А ці не хацелі для сябе быць праўдзівымі, празрыстымі —
як для Яго?
А калі гэтак, сьпяваюць гімн падзячны,
якісьці Магніфікат людской глыбіні
і як жа чуюць глыбока тады,
што мяноўна «У ім жывем, рухаемся й ёсьць мы» —
Мяноўна ў ім!
Гэта Ён ім дазволіў удзельнічаць у харастве гэтым,
якое ў іх сьветла ўдыхнуў!
Гэта Ён аднойчы адчыніў ім вочы.
Калісьці Міхал Анёл, выходзячы з Ватыкану,
застаўся шматкалёрнасьцю, ключом якое «вобраз і падабенства».
I ключ гэты ўдзячна нябачнае адмыкае, робячы яго бачным.
Таемства найсамае.
3. Найсамае таемства
Хто Ён? Невыказны. Самотнае існаваньне. Адзіны.
Творца ўсягуткага.
Адначасова Спалука Асобаў.
У гэтай Спалуцы ўзаемнае абдарэньне поўняю праўды,
дабра й хараства.
Аднак над усім — невыказны.
А ўсё ж нам сказаў пра Сябе.
Сказаў таксама, ствараючы чалавека на свой вобраз і падабенства.
У сыкстынскае шматкалёрнасьці Творца мае людскую паставу.
I паўстае Ўсемагутным Старцам — Чалавекам падобным
да створанага Адама.
А яны?
«Мужчынам і нарачонкай стварыў іх».
Застаўся ім Богам дадзены дар.
Узялі ў сябе назусім — па меры людзкой — аддзячаньне
ўзаемнае гэтае,
якое цяплее ў ім.
Абое галюткія...
Сораму не адчувалі, пакуль дар трываў
дадзены ім ня сьпехам —
Сорам прыйдзе ўжо разам з грэхам,
а зараз трымціць парыў. Жывуць усьведамляючы дар,
хоць можа нават ня ўмеюць гэта назваць.
Але тым жывуць. Чысьцюткія.
Сasta placent superis; para cum veste venite,
Et manilus paris sumite fontis aguam*
Словы гэтыя чытаў штодня праз восем гадоў у павазе,
заходзячы ў браму вадовіцкае гімназіі.
Найсама таемства — бачны сутнасьцю знак спрадвечнае Мілаты.
А калі стануць «целам адным»
— дзівоснае паяднаньне —
за даляглядам ягоным адкрыецца на адхланьне
бацькоўства ды мацярыства.
— Дападуць тады да крыніцаў жыцьця, якія ў іх ёсьць.
— Дападуць да Пачатку.
— Адам пазнаў жаонку сваю,
а яна зачала й нарадзіла.
Рупіла на пытаньне спрадвечнае адказ знайсьці.
Ведалі, што пераступілі парог
найвялікшай адказнасьці!
чыста апранутыя й рукамі чыстымі чарэпайце воды крынічныя.
Зьдзяйсьненьне — Апакаліпсіс
Канец такі ж небясьпечны, як і пачатак.
Сусьвет са Слова паўстаў і вяртаецца да Слова таксама.
У самым цэнтры Сыкстыны гэты нябачны мастак
адлюстраваў канец
у выяўнае драме Суду —
I гэты нябачны канец стаўся бачным, быццам
празрыстасьці шчыт:
Omnia nuda et aperta ante oculis Eins!
Словы запісаныя ў Мацея, тут замененыя ў мастакоўскай выяве:
«Прыйдзіце дабраславёныя... Сыйдзіце праклятыя»...
I так пакаленьні праходзяць —
Галюткія прыходзяць на сьвет і галюткія вяртаюцца зноў
у зямлю, з якое калісьці ўзяліся.
З праху паўстаў і ў прах ператворышся».
Што форму трымала, нязграбным стала.
Што жывое было — мёртвае зараз.
Што гожым было — зараз брыдота спустошаная.
Але ня ўсё памірае,
гэта тое, што ўва мне трывае невынішчальна!
4. Суд
У Капліцы Сыкстынскай мастак пасяліў Суд.
У грудзёх капліцы Суд над усім пануе.
Тут нябачны канец стаўся пранізьліва бачным.
Канец і адначасна празрыстасьці шчыт трапяткі. —
Вечны шлях пакаленьняў такі.
Non omnis moriar*.
Гэтае, што ня вынішчыць ува мне
стаіць зараз твар у твар з Гэтым,які тут ня госьць, Ён Ёсьць!
Так засялілаcя цэнтральная сьцяна сыкстынскае шматкалёрнасьці.
Памятаеш, Адаме? Ён на пачатку пытаўся ў цябе «дзе ты ёсьць?»
А ты адрокся: «Ад Цябе ўтаіўся, бо я галюткі».
«Хто ж сказаў табе, што галюткі?..»
«Нарачонка, якую мне даў», нявінна мне падала садавіну...
Ці ўсе, што засяляюць сьцяну цэнтральную
сыкстынскае шматкалёрнасьці,
Нясуць у сабе, як свае гады, спадчыну твайго адказу тады! Пытаньня важнага й адказу важкага!
Такі канец шляху вашага.
Пасьляслоўе
I тут мяноўна ў нагах гэтай дзівоснай сыкстынскае шматкалёрнасьці
зьбіраюцца кардыналы —
супольнасьць адказная за спадчыну ключоў Каралеўства.
Сыходзяцца мяноўна тут.
I Міхал Анёл зноў апаноўвае іх бачаньнем.
«У ім жывем, рухаемся й ёсьць мы...»
Хто Ён?
Вось стваральная даланя Ўсемагутнага Старца,
скіраваная ў бок Адама...
Напачатку стварыў Бог...
Ён усёвідушчы...
Сыкстынская шматкалёрнасьць прамовіла тады Словам Госпада:
Tu est Petrus** — пачуў Сымон сын Ёны.
«Табе дам ключы Каралеўства.»
Людзі, якім клопат спадчыннасьці ключоў давераны,
зьбіраюцца тут, дазваляюць апанаваць іх
сыкстынскай шматкалёрнасьці,
выявам, якія пакінуў Міхал Анёл —
Так было ў жнівені,
а потым у кастрычніку памянёнага году двух канклаваў,
і так будзе зноў, як стане патрэба,
па сьмерці маёй.
Трэба, каб прамаўляла да іх выява Міхала Анёла.
«Соn-clave»*: «агульны клопат пра спадчыну ключоў,
ключоў Каралеўства.
Вось бачу сябе спаміж Пачаткам і між Канцом,
спаміж Днём Стварэньня й Днём Суду...
Наканавана чалавеку пасьля зямных пакут раз памерці,
а потым на Суд!
Канчатковая празрыстасьць і сьвятло.
Празрыстасьць гісторыяў —
Празрыстасьць сумленьняў —
Патрэба, абы ў часе канклаву Міхал Анёл людзей
давёў да сьвядомасьці —
Не забывайцеся: Omnia nuda et aperta ante oculis Eins!
Ты, які скрозь пранікаеш, ня ведаючы мяжы, — пакажы!
Ён пакажа...
III
Пагорак
у краіне Морыя
I.Урый на зямлі халдзейскае
I часіны былі, калі
людзі без перапыну пачалі вандраваць
Акружаныя чародамі вялікімі йшлі туды,
куды ўраджай іх клікаў:
там, дзе зямля, як пладаносная матка,
здольная была пракарміць жывіну,
там і чалавек напінаў шатры
дый пачынаў хыць.
Чаму шукаема сёньня
гэтае мейсца ў халдзейскай зямлі,
адкуль рушыў Абрам Тэрахаў сын зьнячэўна
з гурмой сабепадобных качэўнікаў?
Думаў магчыма: чаму адсюль адыходзіць маю?
Ці думалася яму так? Ці адчуваў ён ростані смутак?
Ці азіраўся назад?
Ня ведаем. Ведаем толькі, што голас чуў,
які сказау яму аднакроць: Выходзь!
Абрам пастанавіў ісьці за Голасам.
Голас сьветлаю сілай валодаў, Голас казаў:
«Будзеш бацькам багата якіх народаў,
патомства тваё ня зьлічыць ні бессань, ні змора,
будзе яго, як пяску на беразе мора».
Як жа зьдзейсніцца гэтае абяцаньне — думаў Абрам паныла, —
калі прырода мяне абдзяліла дарам бацькоўства?
Жонка, якую ўкахаў ад маладосьці,
сына мне не дала як на тое. Таму й пакутуема абое.
Голас сьветлаю сілай валодаў, Голас казаў:
«Будзеш бацькам багата якіх народаў.
Патомства тваё ня зьлічаць ні бессань, ні змора,
будзе яго, як пяску на беразе мора».
2. Tres vidit et unum adoravit*
Хто мог так наклікаць прышласьць
далёкую й блізкую?
Без-Мяноўны гэты, хто Ён такі,
які зьявіцца схацеў у голасе?
Які Абраму так схлямяжа казаў,
як чалавек чалавеку кажа?
Быў іншы. Да ўсяго непадобны,
што мог падумаць чалавек пра Яго.
Казаў — значыць чакаў адказу...
Раз адразу прыйшоў да Абрама ў госьці.
Трох Прыбышоў было, які прымаў
у вялікай шаносьці.
Абрам жа бачыў, што гэта Ён.
Ён адзін.
Распазнаў Голас. Распазнаў абяцаньне.
Годам пазьней нявінна цешыліся з Сарай абое
народзінамі сына,
хоць веку немаладога былі.
Сын — гэта значыць: бацькоўства й мацярынства.
Будзеш бацькам, Абраме, будзеш бацькам багата якіх народаў.
З гэтага часу будзе ўжо ймя тваё «Абрахам».
У гэтым імю дабраслаўляю цябе.
У гэтым імю патомства тваё размножыцца
аж да самых далёкіх канцоў зямлі.
Імя азначае: «Гэты, які насупор надзеі паверыў».
Наўкола людзі й чалавекі багоў тварылі сабе самім
(так Егіпет, так Элада, так Рым.
Ён, Абрахам, паверыў Таму, хто Ёсьць,
з Кім размаўляў, калі йшоў за Голасам,
перад Кім насьцежыў дзьверы свайго шатра,
ў госьці Яго запрашаў,
з ім расцалаваўся.
Мы сёньня мяноўна да гэтых мясьцінаў вяртаемся,
бо гэтай дарогай калісьці Бог да Абрахама прыйшоў.
Да Абрахама, які паверыў, прыйшоў Бог.
Калі людзі й чалавекі багоў тварылі сабе самім,
прыйшоў Гэты, хто Ёсьць.
У гісторыю чалавека ўвайшоў назусім
і выявіў яму затоеную Таямніцу
ад заснаваньня сьвету.
3. Размова бацькі з сынам у краіне Морыя
Так ішлі й размаўлялі ўжо трэйці дзень:
Вось пагорак, на якім маю Богу злажыць ахвяру маю —
бацька сказаў. Сын маўчаў, не асьмельваўся пытаць:
Дзе ахвяра? маем агонь, дровы й ахвярны нож,
адно ж дзе ахвяра?
Бог сам сабе ўзнойдзе ахвяру гэтую —
так сказаў, не асьмеліўся ўголас
выказаць суровыя словы: ахвяраю, сыне мой, будзеш ты —
ды словы ня выпусьціў з нематы.
Гэтым маўчаньнем зноў праваліўся ў глухія нетры.
Чуў Голас, які яго вёў.
Голас змоўк гэтым часам.
Застаўся сам-насам зь імем сваім
Абрахам: Гэты, які насупор надзеі паверыў.
Праз хвіліну вогнішча ахвярнае раскладзе,
разбудзіць агонь, зьвяжа Ісааку рукі —
і тады — што? застогнецца вогнішчу...
Бачыць сябе ўжо бацькам мёртвага сына,
якога Голас даў яму, як напавер, а цяпер у яго адбірае?
О Абрахаме, каторы ўзыходзіш на гэты пагорак у краіне Морыя,
ёсьць такая мяжа бацькоўства, парог такі, які ты не пераступіш.
Іншы бацька тут прыме ахвяру Сына свайго.
Абрахаме, ня бойся, йдзі далей перад сабою
і рабі, што маеш рабіць.
Ты будзеш бацькам багата якіх народаў, рабі,
што маеш рабіць, да канца.
Ён сам затрымае тваю руку,
калі нанесьці гатовая будзе той ахвярны ўдар...
Ён сам не дапусьціць, каб рука твая спраўдзіла
гэта, што спраўдзілася ўжо ў сэрцы тваім.
Так — завісьне ў паветры твая рука, як нямая.
Ён сам яе затрымае.
I з гэтага часу пагорак у краіне Морыя стане чаканьнем,
бо на ім мае спраўдзіцца таямніца.
4. Бог прымірэньня
О Абрахаме — Гэты, які ўвайшоў у гісторыю чалавека
прагне праз цябе адхінуць таямніцу гэтую
затоеную ад заснаваньня сьвету,
таямніцу даўнейшую чымся сьвет!
Калі сёньня вандруем да гэтых мясьцінаў,
з якіх калісьці пачаў Абрахам вандраваньне,
дзе Голас пачуў, дзе абяцаньне зьдзейсьнілася,
дык таму,
каб стаць на парозе,
каб дапасьці да пачатку, да карэньня вешчага Прымірэньня.
Бо апавясьціў Бог Абрахаму,
што для бацькі ахвяра ўласнага сына — ахвярная сьмерць.
0 Абрахаме — бо так Бог сьвет узьлюбіў,
што сына свайго аддаў, каб кожны, хто паверыў у Яго,
жыцьцё вечнае меў.
— Затрымайся —
Я нашу ў сабе ймя тваё,
імя гэтае — знак Прымірэньня,
якое заключыла з табою Спаконвечнае Слова
раней чымся быў створаны сьвет.
Запомні гэтае мейсца, калі пойдзеш адгэтуль,
яно чакацьме свой дзень.
Пераклад з польскай — Рыгора Барадуліна