Дзеяслоў

Літаратурна-мастацкі часопіс

11


Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну

Прадмова

Праца сучаснага амерыканскага гісторыка Тыматы Снайдэра[1] ўражвае тым, што навука ў ёй мяжуе з публі­цыстыкай, з мастацкім словам. Сюжэт будуецца на найноўшых здабытках заходняй гістарыяграфіі, у тым ліку польскай і летувіскай. Аўтар дэманструе нечаканыя ракурсы гісторыі, арыгінальныя інтэрпрэтацыі, незвычайныя ацэнкі і высновы. У цэнтры яго твору стаіць Летува, а дакладней – гісторыя выпрацоўкі і рэалізацыі летувіскай нацыянальнай ідэі, а калі яшчэ больш дакладна, – дык роля ў гэтым працэсе гістарычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, Вільні і суседніх дзяржаваў. Гаворка ідзе пра перамогу Летувы і ў той самы час пра страты Беларусі.

Беларускаму чытачу будзе карысным пазнаёміцца з развагамі незаангажаванага гісторыка аб тым, што такое летувіскі этнічны нацыяналізм, хто быў памочнікам Летувы ў спрэчцы за Вільню і чым матывавалася тая дапамога. Так крытычна летувіскую гістарычную канцэпцыю, здаецца, яшчэ ніхто не ацэньваў. У выніку своеасаблівай эксьпертызы, якую правёў Тыматы Снайдэр, выяўленыя вытокі шматлікіх гістарыяграфічных міфаў.

Цяпер, калі Летува ўлілася ў Еўразьвяз, яе падыходы да ўласнай гісторыі мусяць адпавядаць еўрапейскім стандартам. Еўрапейская традыцыя не змагаец­ца з міфамі – яна зьніжае іх статус, пазбаўляе арэолу выключнасьці, бяс­спрэчнасьці, абсалютнасьці і тым дае роўную магчымасьць для міфатворчасьці (а гэта – рэч непазьбежная) усім народам з агульнай гістарычнай спадчынай. Так, здабыткі Рымскай імперыі належаць усім заходнееўрапейскім краінам. “Прыватызоўваць” яе ніхто не спрабуе.

Беларускую гістарыяграфію амерыканскі гісторык, на жаль, ведае мала. Ва ўсякім разе, ён ня вельмі крытычна ставіцца да шмат якіх тэрмінаў і ацэнак мінулага Беларусі, запазычаных з працаў польскіх і летувіскіх гісторыкаў. Недасканалае веданьне беларускай гісторыі прымушае аўтара карыстацца аналогіямі і ўласнымі рэфлексійнымі мадэлямі, якія часам разыходзяцца з гістарычнай праўдай. Гэтая акалічнасьць запатрабавала шэрагу каментарыяў да тэксту. (Тым больш, што Т.Снайдэр перабольшвае культурныя этнічна польскія ўплывы на Беларусь і недаацэньвае небясьпеку і эфектыўнасьць русіфікацыйнай палітыкі ў Расейскай імперыі.)

Аднак важна іншае. Беларусь, мяркуючы па працы Снайдэра, паступова cтановіцца паўнавартасным суб’ектам міжнароднай гістарыяграфіі. Мінулае суверэннага еўрапейскага народу ўжо нельга замаўчаць.

Летува, безумоўна, дае гераічны прыклад нацыянальнага самасьцьвярджэньня. Але ці прыдаецца яе досьвед для Беларусі, якая здавён выбірала больш “шляхетны” шлях? Летувіская перамога – хутчэй трагічная. Летувіскі нацыя­нальны праект выбудаваны на скажэньні гісторыі. Цаной яго рэалізацыі сталася разбурэньне ўнікальнай культурнай прасторы з цэнтрам у Вільні. Ад таго пацярпела ня толькі Беларусь. Дык ці варта зайздросьціць летувісам? Такая думка міжволі прыходзіць пасьля прачытаньня тых разьдзелаў кнігі Тыматы Снайдэра, якія прысьвячаюцца праблемам нацыянальнага самасьцьвярджэньня народаў былога Вялікага Княства Літоўскага.

Уладзімер Арлоў, Захар Шыбека, доктар гістарычных навук.

Разьдзел 1. Вялікае Княства Літоўскае (1569–1863 гг.)

O Litwo! Ojczyzna moja…*
Адам Міцкевіч. “Пан Тадэвуш” (1834 г., Парыж)

У Сярэднявеччы Вялікае Княства Літоўскае было адной з наймагутнейшых дзяржаваў ва Усходняй Еўропе. У 1991 г. Летувіская Рэспубліка стала адной з невялікіх краінаў Балтыі. Яе сталіца – Вільня – у мінулым была сталіцай ВКЛ. Але за вонкавай пераемнасьцю хаваюцца велізарныя зьмены. Пяць стагодзьдзяў, што папярэднічалі 1991 г., летувіская мова ў Вільні ня толькі не была дзяржаўнай – большасьць жыхароў ёю не карысталася. Перад Другой сусьветнай вайной у кожнай трэцяй хаце гаварылі на ідышы, на вуліцы, у касьцёле і школе – па-польску, а там, дзе сканчаўся горад, – па-беларуску. У 1939 г., калі Савецкі Саюз адрэзаў Вільню ад Польшчы, амаль ніхто з месьцічаў не размаўляў па-летувіску. Як жа сталася, што “Літва” сёньня азначае тое, што азначае, – невялікую незалежную нацыянальную дзяржаву са сталіцай у Вільні? Як сучаснасьць зьвязаная з мінуўшчынай (і ці зьвязаная ўвогуле)?

Сучаснасьць вытлумачаецца як вынік няспраўджаньня іншых магчымасьцяў. З сярэдзіны XVI ст. і да сярэдзіны ХХ ст. Вільня была цэнтрам польскай і габрэйскай цывілізацыяў*. Перш чым ператварыцца сучасным летувіскім горадам, Вільня страціла сваю польскасьць і габрэйскасьць. Калісьці Вільня была сталіцай вялікай шматнацыянальнай дзяржавы. Каб яна зрабілася сталіцай невялікай краіны, мусілі не ажыцьцявіцца планы адрадзіць на новым этапе ў форме федэрацыі колішняе Вялікае Княства. Ня стаў горад ні расейскім, нягледзячы на амаль дзьвесьце гадоў панаваньня Масквы і Пецярбургу, ні беларускім, нягледзячы на значную колькасную перавагу ўсходніх славянаў сярод сялянства. У Вільні перамагла мадэрная** летувіская нацыянальная ідэя, што палягае на гістарычным і моўным чыньніках. (Аднак жа мы пабачым, што летувіскім нацыянальным дзеячам, якія марылі пра Вільню, мала чым маглі дапамагчы гісторыя і мова.) Як у такіх абставінах на пэўнай тэрыторыі замацоўваецца пэўная нацыянальная ідэя? І чаму тая, а ня іншая?

Навачасныя нацыянальныя ідэі паўсталі ў шчыльнай лучнасьці і ў жорсткай барацьбе са сваімі папярэдніцамі. “Гістарычная пераемнасьць”, “справядлівасьць”, усё тое, што складае падмурак нацыянальнай гісторыі ў дзяржаве, было калісьці зброяй у зацятым, з непрадказальнымі вынікамі, змаганьні. У наступных пяці разьдзелах лёс Вільні аналізуецца ня толькі ў сьвятле пасьпяхова ажыцьцёўленай літуані­зацыі, але і з гледзішча тых мэтаў і планаў, што зьвязвалі з горадам палякі, беларусы, расейцы, габрэі. Таму надалей Вільня будзе называцца тым імем, якім карысталіся яе насельнікі: для летувісаў гэта Vilnius, для палякаў – Wilno, для беларусаў – Вільня, для габрэяў – Vilne, для расейцаў – Вильно (затым – Вильна, пазьней – Вильнюс). Магчыма, гэтая размаітасьць назваў спачатку створыць нязручнасьць, але затое яна дазволіць убачыць сутнасьць некаторых палітычных спрэчак і змусіць з добрай доляй скепсісу паставіцца да “канчаткова вызначаных геаграфічных фактаў”. Такім чынам у барацьбе ідэяў, плыняў, дзяржаваў мы зможам разгледзець тое, чым яна была насамрэч, – этапы пераўтварэньня раньнемадэрнай нацыі*** эліты ў ВКЛ у новыя мадэрныя нацыі. Каб хада падзеяў не ўяўлялася непазьбежнай, перадвызначанай, мы засяродзімся на яе зьвівах ды крутых паваротах, на выпадковасьцях, непаразуменьнях, нечаканых наступствах. Зьвернем увагу і на перамогі, і на паразы.

У дачыненьнях паміж нацыянальнымі ідэямі і палітычнай уладай няма нічога простага. Розныя слаі грамадзтва па-рознаму вызначаюць сваю нацыянальную прыналежнасьць, што можа стаць перашкодай да паразуменьня ў лёсавызначальных пытаньнях. Нацыянальным ідэям уласьцівая пэўная моц, з якой могуць скарыстацца ў сваіх палітычных мэтах чужынцы, што дбаюць толькі пра сваю выгаду. Умовы, у якіх нараджаюцца нацыянальныя ідэі, адрозьніваюцца ад тых, у якіх яны набываюць уплыў. Гістарычна абгрунтаваныя – на практыцы аказваюцца недзея­здольнымі, новаствораныя – даволі каструбавата падганяюць пад сябе гісторыю дзеля “пераемнасьці традыцыі”. Самыя дзейсныя нацыянальныя ідэі зьвязаныя са скажэнь­нем мінулага. Каб зразумець, як ім удаецца неўпрыкмет зьмяняць даўніну, трэба ад­навіць гістарычную праўду. Мы ставім сабе на мэце ня выправіць нацыянальныя міфы, а выявіць грамадзка-палітычныя ўмовы, у якіх яны паўсталі й увабраліся ў моц. У гэтым і наступным разьдзелах мы акрэсьлім абрысы раньненавачаснай нацыі, што папярэднічала навачасным нацыянальным ідэям Летувы, Беларусі і Польшчы, – і такім чынам пабачым, наколькі нядаўна высьпелі апошнія. Каб разабрацца, якая спадчына дасталася нацыянальным дзеячам ХХ ст., неабходна вярнуцца да сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага і польска-літоўскай Рэчы Паспалітай у раньнім новым часе. Цяперашняя спрэчка за Vilnius паўстала на тле ранейшай нацыянальнай ідэі, што існавала на землях гістарычнае Літвы.

Вялікае Княства Літоўскае (1385–1795 гг.).

У XIII–XIV ст.ст. вялікія князі літоўскія былі аднымі з найвялікшых ваяроў у Еў­ропе. Яны захапілі велізарны абсяг – ад карэнных балцкіх земляў, праз усходне­славянскія тэрыторыі далей на поўдзень – да Чорнага мора. Зьбіраючы па кавалках тое, што засталося ад Кіеўскай Русі пасьля мангольскае навалы, паганская Літва ўвабрала ў сябе большую частку ўсходнеславянскага сьвету*. Праваслаўнае баярства Русі, звыклае да ўлады манголаў, бачыла ў Літве не заваёўніка, а хаўрусьніка. І між тым, як вайсковая моц Літвы пасоўвалася на поўдзень, цывілізацыя Русі – праваслаўе, царкоўнаславянская мова, сталая традыцыя права – пасоўвалася на поўнач, у Vilnius. Калі цэнтар праваслаўна-славянскай цывілізацыі пасунуўся з Кіе­ва ў Vilnius, на літоўскія землі сталі прэтэндаваць дзьве магутныя каталіцкія дзяржавы – Тэўтонскі Ордэн і Польскае каралеўства. Вялікія князі літоўскія, якія маліліся паганскім багам, хітрамудра намагаліся як найбольш атры­маць за свой хрост. Напрыканцы XIV ст. вялікі князь Ягайла выгандляваў за навяртаньне ў каталіцтва польскую карону. Польскія магнаты, якім вельмі не хацелася бачыць на троне Габсбурга, прапанавалі Ягайлу руку адзінаццацігадовай каралеўны Ядзьвігі, а таксама права спадкаемства на польскі трон. У 1385 г. у Крэве “вялікі князь літоўскі, уладар і дзедзіч рускі” (‘dux magnus Litvanorum Russiaeque dominus et haerus naturalis’) пагадзіўся на далучэньне сваіх земляў да Польшчы. У наступным годзе ён прыняў хрост і пад імем Уладзіслава Ягайлы быў абраны на польскага караля. Персанальная вунія захоўвалася паводле наступных пагадненьняў, якія аднаўлялі й падкрэсьлівалі самастойнасьць Літвы, а таксама аб’ядноўвалі польскую і ліцьвінскую шляхту. Дынастыя Ягелонаў уладарыла ў Польшчы і Літве амаль два стагодзьдзі – да 1572 г.

Яшчэ да Крэўскай вуніі 1385 г. з гледзішча рэлігіі й мовы Літва была хутчэй праваслаўна-славянскай**, чым паганска-балцкай краінай. Абяцаньне Ягайлы адносна навяртаньня ў каталіцтва датычыла асабіста яго ды ягоных падданых-паганцаў. Большасьць жыхароў падуладных яму земляў і шмат хто з ягонай радзі­ны ўжо бы­лі праваслаўнымі хрысьціянамі. Вынікам хрышчэньня Ягайлы сталася ня столькі хрысьціянізацыя паганскай краіны, колькі прыход рыма-каталіцтва на пераважна праваслаўныя тэрыторыі. Каталіцызм усталёўваў культурныя сувязі паміж Літвой і Еўропай і ствараў патэнцыял для польскага ўплыву. Хрост вялікага князя літоўскага ў каталіцкую веру азначаў, што Літва ня будзе праваслаўнай дзяржавай у тым сэньсе, што Масковія. Адначасова прыняцьце Ягайлам каталіцтва давала Масковіі магчымасьць выступаць абаронцай праваслаўя. На той час, як Літва далучыла да сябе Кіеў, праваслаўны мітрапаліт пераехаў ужо ва Уладзімір-на-Клязьме. Паколькі мітрапаліт жыў у Масковіі, Літве стала складаней даводзіць сваё права лічыцца спадкаеміцай Русі. У Ягайлы быў шанец залагодзіць сітуацыю – у 80-х гадох XIVст. ён мог выбіраць паміж каталіцкай Польшчай і праваслаўнай Масковіяй. У 1382 г. ён нават пагадзіўся ўзяць шлюб з дачкой Дзьмітрыя Данскога і прыняць праваслаўе. Аднак план меў дзьве заганы: па-першае, праваслаўе не абараніла б Літву ад тэўтонскіх рыцараў, якія ўважалі яго за ерась; па-другое, праваслаўе ў Літве стварыла б перавагу для славянскага баярства, ужо болей шматлікага, болей цывілізаванага ў параўнаньні з балцка-літоўскай радзінай Ягайлы. Польская карона і каталіцкі крыж лепш стасаваліся з інтарэсамі Ягайлы як у зьнешняй, гэтак і ва ўнутранай па­літыцы: яны выступалі надзейнай абаронай ад крыжакаў, стваралі грунтоўныя падставы для наступу далей на Усход і дадаткова вылучалі Ягайлу і ягоных нашчадкаў.

Калі адкласьці ў бок палітыку, у Сярэднявеччы Польшча і Літва мелі больш агульнага, чым можа падацца. Уяўляючы, як у 1385 г. ліцьвіны й палякі вялі перамовы пра вунію ці ў 1410 г. планавалі сумесны напад на тэўтонскіх рыцараў пад Грунвальдам, трэба памятаць, што яны маглі сумовіцца ня толькі на лаціне, але і на славянскіх мовах. Мясцовыя версіі царкоўнаславянскай мовы, прынесенай права­слаўнымі сьвятарамі з поўдня, заклалі аснову канцылярскай славянскай мовы*, якой карысталіся суды Вялікага Княства. З анексіяй Галіцыі (гэтыя землі былой Кіеў­скай Русі ў Польшчы называлі “ваяводзтва Рускае” – Województwo Ruskie) у Польшчы таксама зьявіліся праваслаўныя – сьвятары й перапісчыкі царкоўнаславянскіх тэкс­таў. Запанаваўшы ў колішняй Кіеўскай Русі, Польшча і Літва ўспрынялі і яе культурныя здабыткі. Палякаў і жыхароў ВКЛ не настолькі падзяляў моўны бар’ер, як, скажам, сучасных палякаў і немцаў. Пасьля 1386 г. судовае справаводзтва вялося на лаціне і дзьвюх асобных славянскіх мовах: польскай – у Польскім каралеўстве і канцылярскай славянскай – у Вялікім Княстве. Яшчэ стагодзьдзе летувіская заставалася гутарковай мовай вялікіх князёў літоўскіх і іхнага атачэньня, але ў палі­тыцы польска-літоўскай дзяржавы яна не адыгрывала колькі-небудзь значнай ролі1.

У наступным разьдзеле мы пабачым, што балцкая летувіская мова сталася падмуркам для фармаваньня навачаснай летувіскай нацыі. Тут жа мы a fortiori** за­сьведчым ейнае нязначнае становішча ў Вялікім Княстве Літоўскім раньняга Новага Часу. Апошнім вялікім князем, які ведаў летувіскую, быў, бадай што, Казімір IV (памёр у 1492 г.). У 1457 г. пацьверджаньне прывілеяў Літвы Казімір IV склаў па-лацінску і на канцылярскай славянскай, а звод законаў свайго гаспадарства ў 1468 г. – на канцылярскай славянскай. Пры Казіміры ў Польшчы зьявіўся друкарскі варштат: кракаўскія друкары выдавалі кнігі па-польску і па-царкоўнаславянску, але не па-летувіску. Каля 1517 г. першадрукар Вялікага Княства Літоўскага Францішак Скарына выдаў значную частку Бібліі ў беларускім варыяньце царкоўнаславянскай[2]. Можна знайсьці біблійныя пераклады пачатку XVI ст. на русінскую – мясцовы славянскі дыялект***, але не на летувіскую – мясцовы балцкі дыялект. Адрозна ад Скарынавага, гэтыя пераклады Старога Запавету рабіліся непасрэдна з габрэйскай. Відаць, іх выканалі літоўскія габрэі, якія ведалі габрэйскую і размаўлялі русінскай[3]. Паколькі за тым часам па-русінску гаварылі і мясцовыя хрысьціяне, і юдэі, пераклады маглі прызначацца або для хрысьціянаў, або для юдэяў, або для тых і другіх. Адно пацьверджаньне прывілеяў мясцовых габрэяў датавалася як году “семтисях двадцат второго”[4] – на ўказе караля польскага і вялікага князя літоўскага, напісаным канцылярскай славянскай, год пазначаны і паводле ўсходняй, і паводле заходняй традыцыі – 7022/1524 г. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. напісаны канцылярскай славянскай. У сваіх адказах ліцьвінскай шляхце ў Вільні ў 40-х гадох XVI ст. вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст вытлумачваў Статут на канцылярскай славянскай, мяшанай з польскай.

У Масковіі дзяржаўную мову ВКЛ, якую мы пайменавалі “канцылярскай славянскай”, называлі “ліцьвінскай” або “беларускай”. Хоць сучасныя расейскія гісторыкі часам называюць яе рускай, тагачасным кніжнікам-маскавітам даводзілася перакладаць літоўскія статуты на маскоўскі дыялект, каб імі можна было карыстацца[5]. Канцылярская славянская істотна адрозьнівалася ад польскай, але ў рэчышчы дынастычнай вуніі з Польшчай яна заклала падмурак для распаўсюду польскай мовы і польскага духу. Ужо з 1501 г. у юрыдычныя тэксты, пісаныя канцылярскай славянскай, пранікаюць польскія тэрміны і нават польская граматыка. У прадмове да Статуту ВКЛ 1566 г. адзначаецца, што на практыцы літоўская шляхта ўжо карысталася польскай[6]. Акт Люблінскай вуніі 1569 г., якім утваралася польска-літоўская Рэч Паспалітая, напісаны толькі па-польску. Польская мова набыла адпаведны статус у Літве ня ў выніку іміграцыі палякаў, а праз паступовае прыняцьце палі­тычнага ладу, што ўсталёўваўся ў Польшчы і з 1569 г. замацоўваўся ў польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. Што прычына тут была ў палітычнай культуры, а не ў асабістым паходжаньні, падкрэсьлівае і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., які надаваў шляхецкую годнасьць габрэям, навернутым у хрысьціянства. Праз Польшчу далей на Усход пашыраліся тэндэнцыі еўрапейскага права: калі сярэднявечныя перапрацоўкі рымскага права ніколі не даходзілі да Масковіі, то са Статутаў 1566 г. і 1588 г. відаць, як у Літве набываюць усё большую вагу рымскія (і германскія) узоры[7]. У эпоху Рэнесансу шмат што з прынесенага ў Польшчу з Італіі на лаціне прыйшло з Польшчы ў Літву па-польску.

Па меры таго як польскі дыялект узьняўся ў Польшчы да статусу літаратурнае мовы, у Літве ён падмяніў сабою канцылярскую славянскую і русінскі дыялект. У эпоху Адраджэньня польская і літоўская шляхта сталі карыстацца адною моваю, што паспрыяла стварэньню адзінай палітычнай нацыі раньняга Новага Часу. Аднак жа існуе істотная, знакавая розьніца паміж пераходам ад лаціны да польскай у Польшчы і ад канцылярскай славянскай да польскай у Літве. У Польскім каралеўстве мясцовы дыялект – польскі – разьвянчаў прынесеную звонку літаратурную мову – лаціну. Узвышэньне польскай да роўнасьці з лацінай адпавядала агульнай тэндэнцыі ў лацінамоўнай Еўропе – тэндэнцыі, пачатак якой паклала італійскае “моўнае пытаньне”[8]. У Вялікім жа Княстве Літоўскім прынесеная звонку мова – польская – выціснула з ужытку традыцыйную тутэйшую мову палітыкі і права – канцылярскую славянскую – і заступіла дарогу мясцоваму дыялекту – русінска­му, – не дала яму разьвіцца ў літаратурную мову*. Як мы ўжо бачылі, балцкая лету­віская мова даўно страціла сваё палітычнае значэньне. Літва па-свойму адказала на ўзьнятае Адраджэньнем моўнае пытаньне. У Італіі пасьля Дантэ, а затым і ва ўсёй хрысьціянскай Еўропе дыялекты ўзвышаліся да літаратурных дзяржаўных моваў. У ВКЛ адлегласьць паміж мовай культуры й палітыкі, з аднаго боку, і мясцовым дыялектам, з другога, павялічылася, а не паменшылася. Польская як агульная высокая мова добра адпавядала патрэбам дзяржаўных структураў і ідэалам раньненавачаснай Рэчы Паспалітай. Але яна не змагла даць рады зьяўленьню аднайменных новачасных нацыянальна-дэмакратычных ідэяў.

Раньнемадэрная і мадэрныя нацыі.

Выяўляючы пераемнасьць паміж раньнемадэрнай і мадэрнай палітыкай, трэба дакладна ўсьведамляць іх адрозьненьні. Польская нацыя раньняга Новага Часу, якую супольна стварала і літоўская шляхта, далёка не адпавядала знаёмаму нам навачаснаму канцэпту нацыі. Яна палягала на прынцыпе грамадзянства вялікай Рэчы Паспалітай, шляхта якой карысталася шырокімі заканадаўча замацаванымі правамі. Да пачатку XVI ст. польская шляхта гарантавала сябе ад адвольных дзеяньняў з боку караля, дамаглася ключавой ролі ў зьнешняй палітыцы і права адхіляць новыя законапраекты. Дзяржаўны лад Польшчы ўсё больш і больш абапіраўся на канстытуцыйны падмурак, таму ў яе склад маглі надоўга ўваходзіць адзінкі, якія мелі сваю асобную традыцыю мясцовага права, напрыклад, Прускае герцагства[9]. Польская сістэма таксама была ўзорам для шляхты ў суседніх краінах, бо тая імкнулася замацаваць і пашырыць уласныя прывілеі[10]. Прымаючы пастанову наконт канстытуцыйнай вуніі з Польшчай, літоўская шляхта хацела атрымаць такія ж правы, прывілеі і гарантыі. За часам дынастычнай вуніі з Польшчай Літва пера­тварылася ва ўсходнеславянскую краіну, дзе шляхта мела правы, сувымерныя з правамі суверэна. Паводле Люблінскай вуніі 1569 г., літоўская і польская шляхта ўваходзіла ў адзіны сойм, супольна абірала караля. Літва захоўвала ўласную назву, структуру кіраваньня, фінансавую сістэму, заканадаўства і войска. Такім чынам, Рэч Паспалітая ўзьнікла як шляхецкая рэспубліка, дзе міф пра сармацкае пахо­джаньне аб’ядноўваў шляхту розных нацыянальнасьцяў і рэлігіяў і адмяжоўваў яе ад усіх астатніх[11].

Пасьля 1569 г. літоўская шляхта пачала атаясамліваць сябе з пальшчызнай ня толькі палітычна, але і культурна. Часам гэта праяўлялася ў пераходзе на асьвечаны арэолам Рэнесансу польскі альфабэт, часам – у навяртаньні з праваслаўя ў рыма-каталіцызм. У ВКЛ Рэфармацыя і Контррэфармацыя разьвіваліся сваім асобным шляхам. Як і арыстакратыя Еўропы, шмат хто з ліцьвінскай шляхты ў 50-х–60-х гадох XVI ст. прыняў кальвінізм. Праваслаўных прываблівала ў пратэстанцтве ня толькі дагматыка, але і падабенства да ўсходняй царквы ў традыцыях і абрадах: дазвол на шлюб сьвятароў, ужываньне мясцовай мовы ў багаслужбах, прычасьце хлебам і віном для парафіянаў. Адрозна ад нямецкай і францускай арыстакратыі, якая зьмяняла адную заходнюю царкву на іншую, ліцьвінская шляхта, як правіла, далучалася да Рэфармацыі праз пераход з усходняга хрысьціянства ў заходняе [12]. У былых праваслаўных ліцьвінскіх сем’ях наступнае пакаленьне пасьля навернутых у пратэстанцтва зазвычай прымала рыма-каталіцкую веру. Гэтак у ВКЛ пратэстанцтва сталася міжвольным хаўрусьнікам каталіцызму. Прыняць заходняе хрысьціянства – спачатку ў выглядзе пратэстантызму, а потым і каталіцкай веры – права­слаўную ліцьвінскую шляхту падштурхнула не самое каталіцтва, а Рэфармацыя. Вядома, Контррэфармацыя ўзяла на ўзбраеньне тактыку сваіх супернікаў-пратэстантаў. Ужываньне каталікамі польскае мовы (хоць яны выдалі і некалькі кніг па-летувіску) умацоўвала прэстыж польскай культуры сярод ліцьвінскае шляхты, а празе­літызм наблізіў да ліцьвінскіх сялянаў польскую мову[13]. У 1579 г. езуіты адкрылі ў Wilno сваю акадэмію. Іх антыпратэстанцкая прапаганда спалучалася з заклікамі да праваслаўных прызнаць зьвершнасьць Рыму[14].

Хоць рыма-каталіцызм і называлі “верай польскай”, але яна зусім не была абавязковым складнікам “польскага” патрыятызму нават пасьля Контррэфармацыі. Гэта пазьней нацыяналісты, гледзячы назад, будуць бачыць у рэлігіі, як і ў мове, адзнаку нацыянальнай прыналежнасьці. Але на той час яшчэ не існавала міжканфесійнай барацьбы за тое, каб навязаць гэтым землям нямецкі прынцып cuius regio, eius religio* або францускі un roi, un foi, un loi**. Статут ВКЛ 1566 г. складала камісія з пяці праваслаўных і пяці каталікоў. Актыўны дзеяч контррэфармацыі ў Літве паляк Аўгустын Ратундус [Augustyn Rotundus] сябраваў з віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам Чорным (1515–1565 гг.) – галоўным прапагандыстам ідэяў Рэфармацыі (спачатку лютэранства, потым кальвінізму, нарэшце антытрынітарызму). Польскі католік Ратундус напісаў вялікую працу ў абарону літоўскага права, якую надрукаваў літоўскі пратэстант Радзівіл. Таксама Ратундус адрэдагаваў і пераклаў на лаціну Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. Ён быў згодны з Радзівілам, што Літва – “respublica bene ordinata”*[15]. Найзнакаміцейшы з польскіх езуітаў Пётр Скарга (1536–1612 гг.) прысьвяціў у 1577 г. выданьне сваёй галоўнай працы кіеўскаму ваяводзе праваслаўнаму князю Канстанціну Астроскаму. Праўда, у гэтым выпадку ідыліі не атрымалася: ганарлівы, амбітны Астроскі, які дабіваўся заключэньня царкоўнай вуніі на сваіх умовах, выкупіў і спаліў увесь наклад. Палітычны лад Рэчы Паспалітай засноўваўся на талерантнасьці ня толькі да розных формаў заходняга хрысьціянства, але і да ўсходняй царквы. Варшаўская канфедэрацыя 1573 г. замацавала рэлігійную талерантнасьць у дачыненьні да шляхты ўсіх хрысьціянскіх канфесіяў. Талерантнасьць толькі да хрысьціянства (хоць і ў розных формах) і толькі для аднаго вузкага кола ў грамадзтве можа падацца нам нецярпімасьцю, але на той час Варшаўская канфедэрацыя ня мела аналагаў у Еўропе.

Раньнемадэрная канцэпцыя польскай нацыі** была адначасова і больш абмежаваная, і шырэйшая за навачасныя нацыянальныя ідэі, што прыйшлі ёй на зьмену. Больш абмежаваная – таму што навачасны нацыяналізм ахоплівае ўсіх прадстаўнікоў меркаванае нацыі, між тым як польская нацыя раньняга новага часу ўлучала толькі надзеленую правам голасу палітычную сілу і выключала ніжэйшыя станы грамадзтва. Аднак раньнемадэрная нацыя не была эканамічным класам: усе магнаты належалі да шляхты, але сярод шляхты магнаты складалі непараўнальную меншасьць. Багатыя гараджане, ня ўзьведзеныя ў шляхецкую годнасьць, не маглі лічыцца грамадзянамі. Разам з тым, раньненавачасная канцэпцыя нацыі была шырэйшай за мадэрную, таму што апошняя вымагае цэнтралізаванай дзяржавы, між тым як у Рэчы Паспалітай захоўвалася асобнае заканадаўства, а таксама асобныя сістэмы кіраваньня ў Польшчы і Літве. Раньнемадэрная канцэпцыя нацыі была шырэйшай і з асабовага гледзішча, бо навачасная ідэя нацыянальнай прыналежнасьці мае на ўвазе адзінства культурных каранёў і адданасьці дзяржаве, між тым як раньнемадэрная польская ідэя дапускала, што шляхта можа належаць да адной культуры і іншай дзяржавы. У стаўленьні да мовы адлюстроўваецца абмежаванасьць і шырыня раньнемадэрнай канцэпцыі. Лічылася за норму, калі шляхціч карыстаўся адной мовай – польскай – у палітыцы і з роўнымі сабе і іншай – сёньня б мы назвалі яе беларускай ці летувіскай – у сваім доме і з прыгоннымі.

Шляхціч мог быць “літоўскага” паходжаньня, “польскай” дзяржавы і “рускай” (ці “грэцкай”) веры. Паколькі ў склад Літвы здавён уваходзілі пераважна права­слаўныя землі, у тым ліку ледзь ня ўся Кіеўская Русь, Літву называлі “рускім” ва­ладарствам. Далучаючы ў 1385 г. свае тэрыторыі да Польшчы, Ягайла дзейнічаў як “вялікі князь літоўскі, уладар і дзедзіч рускі”. У дамове 1449 г. паміж Польшчай-Літ­вою і Масковіяй першая памянёная “рускай” дзяржавай, другая – “маскоўскай”. Пасьля падзеньня Канстантынопалю ў 1453 г. Масковія пачала прэтэндаваць на палітычную і духоўную ролю апірышча праваслаўя, спадчыньніцы Візантыі й пераемніцы Кіеўскай Русі. Гэтак Масковія апраўдвала свае войны супраць суро­дзічаў – усходніх славянаў у Літве, вялікія князі якой ужо сто гадоў уважалі сябе пераемнікамі кіеўскіх князёў[16]. Насамрэч жаданьне Масковіі быць Русьсю падштурх­нула Літву да Польшчы. Распачаўшы ў 1558 г. Лівонскія войны, Іван ІV Жахлівы (на чале Маскоўскай дзяржавы з 1530-га па 1584-ы год, абвешчаны царом у 1547 г.) прысьпешыў польска-літоўскую вунію 1569 г. Вядома, у той час Польшча-Літва таксама прэтэндавала на назву “Русь”: вось як пералічваюцца тытулы Жыгімонта Аўгуста ў прывілеі 1569 г.: “Кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі і г.д. уладар і дзедзіч”. Абыходжаньне Івана Жахлівага з мяцежнымі бая­рамі таксама рэзка кантраставала з прывілеямі, нададзенымі шляхце ў тым жа годзе Жыгімонтам Аўгустам[17].

Хоць у XVII ст. Рэч Паспалітая атрымлівала вялікія перамогі ў войнах з Масковіяй, а ў 1683 г. кароль Ян Сабескі ўратаваў Вену ад туркаў, чым здабыў Польшчы славу, у XVIII ст. Рэч Паспалітая цярпела паразу за паразай. Як мы пабачым з шостага разьдзелу, паўстаньне на Украіне ў сярэдзіне XVII ст. нанесла Рэчы Паспалітай незагойную рану. Рэч Паспалітая ня здолела стварыць фінансавы і вайсковы падмурак сучаснай дзяржавы. Пасьля некалькіх першых удачаў выбары манархаў саслужылі благую службу дзяржаўным інтарэсам. Каралі, якія не маглі заснаваць дынастыі, менш дбалі пра дабрабыт Рэчы Паспалітай. Каралі-замежнікі менш імкнуліся заглыбляцца ва ўсе складанасьці польскай палі­тыкі. Шырокія правы польскай і літоўскай шляхты нават давалі Расейскай імперыі (назва Масковіі з 1721 г.) магчымасьць падрываць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Паколькі ў яе Сойме дзейнічала права liberum veto, каб заблакаваць любыя рэформы, было дастаткова аднаго хабару. Цар Пётр І (кіраваў ад 1682 г. да 1725 г.) атрымаў выхад да Балтыйскага мора і зрабіў усё магчымае, каб зьнясіліць Рэч Паспалітую. Маскоўская дэспатыя карысталася з польскай анархіі. Аднак чым болей занепадала ў XVIII ст. Рэч Паспалітая як дзяржава, чым болей размываліся гэтак шанаваныя прынцыпы талерантнасьці, тым болей Вялікае Княства Літоўскае апаноў­вала пальшчызна. Што калісьці было адзнакай шляхетнасьці, зрабілася адзнакай статусу. Такім чынам пальшчызна квітнела ў Літве праз усё XVIII ст. і яшчэ доўгі час пасьля таго, як ад Рэчы Паспалітай засталіся адныя згадкі[18]. Культура Рэчы Паспалітай працягвала разьвівацца, між тым як яе ўладныя ўстановы не змаглі эвалюцыянаваць, каб адпавядаць сучасным умовам. У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй. Апошняй спробай польска-літоўскай шляхты мадэрнізаваць сістэму дзяржаўнага кіраваньня ў Рэчы Паспалітай стала Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. Яна абвяшчала польска-літоўскую шляхту адзінай палітычнай нацыяй, скасоўвала права liberum veto і імкнулася ўсталяваць мадэрную цэнтралізаваную рэспубліку[19]. Аднак гэтыя рэформы падштурхнулі ў 1793 г. Прусію і Расею да другога падзелу. Пасьля паразы ў 1794 г. антырасей­скага паўстаньня Касьцюшкі ў 1795 г. адбыўся трэці – канчатковы – падзел. Рэч Паспалітую сьцерлі з палітычнае карты Еўропы.

За цараваньнем Кацярыны ІІ (1762–1796 гг.) Расейская імперыя паступова захапіла ледзь ня ўсё Вялікае Княства Літоўскае: у 1772 г. – Полацак, у 1793-м – Менск і нарэшце ў 1795-м – Вильно. Інкарпараваўшы Літву, Расея атрымала эліту, якая размаўляла па-польску, сялянства, якое ў большасьці карысталася, як бы мы сёньня сказалі, беларускай мовай, і гарады й мястэчкі, населеныя пераважна габрэя­мі. Зьнішчэньне Рэчы Паспалітай азначала зьнішчэньне дзяржаўнага ладу, што, ня­гледзячы на розныя мясцовыя прымхі, забясьпечваў талерантнасьць грамадзтва да габрэяў[20]. У адначасьсе большасьць габрэяў у сьвеце апынулася ў Расеі. Калі на Венскім кангрэсе 1815 г. Расея прырэзала да сябе яшчэ ладную частку былой Рэчы Паспалітай улучна з Варшавай, амаль што ўсе палякі таксама апынуліся ў Расейскай імперыі. Адное толькі ВКЛ, без уліку Украіны і ўтворанага на Кангрэсе Польскага Каралеўства, дало Расеі больш польскай шляхты*, чым было рускіх дваранаў ва ўсёй імперыі. На пачатку ХІХ ст. больш царскіх падданых ўмелі чытаць па-польску, чым па-расейску. Некаторыя польска-літоўскія магнаты, напрыклад, князь Адам Чартарыйскі, набылі надзвычайны ўплыў пры двары цара Аляксандра І (1801–1825 гг.). Так, Чартарыйскі спрычыніўся да прыняцьця ў Расейскай імперыі заканадаўчага акту аб юдэях[21].

Зьнішчэньне Рэчы Паспалітай і наступнае ўсталяваньне рысы аселасьці суправаджаліся спробамі ўнесьці радыкальныя зьмены ў юдаізм і ў лад жыцьця габрэйскай грамады. Мы вернемся да гэтага ў трэцім разьдзеле. Тут толькі адзначым, што перамены палягалі на панадтэрытарыяльных гістарычных міфах (дастаткова згадаць, напрыклад, хасідызм, які паўстаў на Украіне пасьля сьмерці ў 1760 г. Баала Шэм Това) ці на агульнаеўрапейскіх тэндэнцыях (як-то Хаскала – юдэйскае Асьветніцтва). Хоць гэтыя плыні й сыходзіліся ў Vilne, аднак яны розьніліся ад традыцыяў, прынятых у Вялікім Княстве Літоўскім. Штосьці накшталт сьвецкай габрэйскай палітыкі вымалявалася толькі напрыканцы ХІХ ст. Сярод царскіх падданых хрысьціянскае веры замест раньнемадэрнага канцэпту шляхецкай нацыі марудна, непасьлядоўна распаўсюджвалася навачасная ідэя нацыі як супольнасьці носьбітаў адной мовы. У ХІХ ст. вылучэньне асобных нацыяў хрысьціянскае веры ў Літве было доўгім, складаным працэсам, які ня ўштукоўваецца ў жорсткія схемы сучасных нацыяналістаў. “Прызма”, праз якую можна назіраць, як раньнемадэрны ліцьвінскі патрыятызм “раскладаецца” на асобныя “колеры” нацыянальных ідэяў, – паэма “Пан Тадэвуш”, завершаная выбітным паэтам-рамантыкам Адамам Міцкеві­чам у 1834 г.

Расейская імперыя і Літва-айчына.

Міцкевіч (1798–1855 гг.) нарадзіўся ў Сьвяты вечар праз тры гады пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай. У ягоным родным Наваградку гучалі дзьве мовы – польская і ідыш. Мясцовыя літоўскія татары толькі што збудавалі сабе новы мячэт. Побач былі летувіскія вёскі, аднак большасьць сялянаў размаўляла па-беларуску. Выхоўваўся Міцкевіч у годнай польскай шляхецкай сям’і, хоць ягоны бацька, верагодна, меў праваслаўныя карані, а маці – габрэйскія[22]. Будучы паэт атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віленскім універсітэце. Лёс гэтай навучальнай ўстановы выдатна ілюструе дылему, што паўстала перад непісьменнай імперыяй, у якой раптам апынулася багата пісьменных шляхецкіх сем’яў. На пачатку ХІХ ст. палітыка Расеі зводзілася да таго, каб захаваць дасягнутае польскамоўнай адукацыяй, а не праводзіць русіфікацыю падданых, якія ў будучыні маглі прынесьці вялі­кую карысьць імперыі. У 1803 г. Аляксандар І надаў Віленскай акадэміі, заснаванай езуітамі ў 1579 г., статус універсітэту. Мовай навучаньня ў ім была польская. Уні­версітэт і ўся Віленская навучальная акруга падпарадкоўваліся сябру, дарадцу і настаўніку цара Аляксандра князю Адаму Чартарыйскаму (1770–1861 гг.). Віленскі універсітэт – найбуйнейшы ў імперыі – дастаўся Расеі ад Рэчы Паспалітай. Ён умацоўваў цэлае пакаленьне мясцовай эліты, такой, як Міцкевіч, у веры, што мова культуры, мова палітыкі – польская. Выхаванцы універсітэту і іншых навучальных установаў краю рабілі здабыткам гісторыі, літаратуры, паэзіі спадчыну кагадзе зьнішчанага Вялікага Княства Літоўскага[23]. (Так здарылася, што некаторы час сакратаром Чартарыйскага і ягоным непасрэдным кіраўніком былі ўкраінцы. Напрыканцы XVIII ст., пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, палякі апынуліся пад уладай Расейскай імперыі. На стагодзьдзе раней, пасьля падзелу Украіны паводле Андрусаўскага замірэньня, тое самае адбылося з украінцамі.)

Немагчыма сабе ўявіць, як бы разьвіваўся паэтычны талент Міцкевіча, калі б той не атрымаў універсітэцкай адукацыі на сваёй роднай польскай мове ў сваёй роднай Літве. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пазнаёміцца з паэтавым шэдэўрам – паэмай “Пан Тадэвуш”, завершанай у парыскім выгнаньні ў 1834 г. Гісторыя варажнечы й каханьня паміж сем’ямі ліцьвінскае шляхты сканчаецца вясною 1812 г., калі войска Напалеона рушыць празь літоўскія землі на Маскву. У Міцкевіча ліцьвінская шляхта далучаецца да францускага войска. Так яно і было насамрэч – трынаццацігадовым хлопчыкам будучы паэт сам стаўся таму сьведкам. Сярод шляхты, якая ў 1812 г. ваявала на баку Напалеона, была траціна студэнтаў Віленскага ўніверсітэту. У вайне перамог цар Аляксандар. Атрымаўшы назад Літву, ён вырашыў не зачыняць Віленскага ўніверсітэту. У 1815 г. яго брама расчынілася і для Адама Міцкевіча. Студэнт, які будзе навучацца на дзяржаўную стыпендыю, запісваецца ва універсітэт пад імем Адам Напалеон Міцкевіч. Доўгацярплівасьць расейскага цара ў дачыненьні да універсітэту, дзе ўзгадоўвалася ліцьвінская шляхта, каб ваяваць супраць ягонай жа імперыі, дазволіла Міцкевічу атрымаць адукацыю па-польску. Пасталеўшы, паэт стварыў прасякнуты тугой па радзіме шэдэўр, у якім змаганьне супраць Расеі зьвязвалася з трагедыяй Польшчы[24].

Калі Міцкевіч навучаўся ва ўніверсітэце, польска-літоўская шляхта была ўпэўненая ў абавязковым адраджэньні Літвы, якое прывядзе да ўтварэньня новай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. На шляху да ажыцьцяўленьня гэтай ідэі стаялі не варожыя адно адному нацыянальныя рухі – на той час іх не існавала, – а расейская імперская дзяржава. Надзеі на адраджэньне натхнялі Міцкевіча і яго аднакашнікаў – сяброў таварыства філаматаў. Па заканчэньні універсітэту Міцкевіча выбавілі ад нуднай, цяжкай працы ў Ковенскай гімназіі арышт, турма і высылка ў Расею. Гады, праведзеныя ў высылцы ў Адэсе, Пецярбурзе, Маскве, а затым на эміграцыі ў Дрэздэне і Парыжы, сталіся неверагодна плённымі на самую лепшую з калі-небудзь напісанай польскай паэзіі. Міцкевіч ня ўдзельнічаў у антырасейскім паўстаньні 1830–1831 гг., з паразай якога распачалася эпоха рамантызму ў польскай палітычнай думцы. Пасьля паўстаньня ўлады зачынілі Віленскі універсітэт. Але жыцьцё ягоных студэнтаў працягвалася – у Літве, Польшчы, у Расеі, у Еўропе. Паэзія самога Міцкевіча гарманічна спалучала чалавечы й нацыянальны смутак. Рэч Паспалітую ўжо не аднавіць, паэту больш ня ўбачыць сваёй роднай Літвы. “Пан Тадэвуш” створаны ў 1832– 1834 гг., адразу пасьля паўстаньня. Сёньня кожны польскі і летувіскі школьнік ведае пачатак паэмы: O Litwo! Ojczyznа moja…[25]

Паколькі творы Міцкевіча на свой лад пераасэнсоўваліся наступнымі пакаленьнямі, неабходна разгледзець постаць Міцкевіча ў кантэксьце ягонага часу. Як і іншыя еўрапейскія рамантыкі, Міцкевіч марыў “стварыць новы сьвет на руінах старога”[26]. Для рамантыкаў Заходняй і Цэнтральнай Еўропы Француская рэвалюцыя і Напалеон зьнішчылі стары лад, і перад імі паўстала задача замацаваць новыя ідэі ў палітыцы й культуры. Для Міцкевіча і польскіх рамантыкаў падзелы Польшчы азначалі сьмерць старога ладу, а Француская рэвалюцыя і Напалеон кінулі жменю надзеі на яго аднаўленьне. Пасьля паразы Напалеона ў шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага не засталося іншых магчымых хаўрусьнікаў, апроч сялянаў, сярод якіх яна жыла. Рамантычныя творы Міцкевіча раскрывалі палітычную дылему. Калі рамантыкам іншых пазбаўленых дзяржаўнасьці нацыяў, як, напрыклад, італійцам і немцам, было адносна нескладана далучыць “просты народ” да новаўзьніклай “палітычнай нацыі”, то на абсягах былой гістарычнай Літвы ўсё выглядала значна складанейшым. Гердэрава ідэя пра тое, што кожны народ мае свой адметны дух, з цяжкасьцю дастасоўвалася да тэрыторыі, дзе доўгі час разнастайнасьць мясцовых звычаяў, моваў і веравызнаньняў не замінала адчуваць прыналежнасьць да адзінай палітычнай нацыі. Праблема палягала ня толькі ў культурнай размаітасьці, але і ў тым, што ў Літве яшчэ жыла памяць пра ўласную дзяржаўнасьць. У сярэ­дзіне ХІХ ст. ідэя аб’яднанай Нямеччыны або Італіі пакідала вялікую прастору для ўяўленьня, бо нічога падобнага раней не існавала. Ідэя адзінай Польшчы адразу ж абуджала прывід зусім нядаўна памёрлай Рэчы Паспалітай – тым болей, што літаральна перад сконам яна абвясьціла першую ў Еўропе Канстытуцыю. Міцкевіч бачыў Літву і як складнік гэтай дзяржаўнай традыцыі, і як калыску рамантычных каштоўнасьцяў – гармоніі, хараства, жыцьцёвай моцы, асалоды. Калі Гердэр верыў, што славяне прынясуць у Еўропу жыцьцёвую моц юнацтва, то Міцкевіч верыў, што Літва адродзіць усю Рэч Паспалітую[27].

Міцкевічава раньненавачасная ідэя “Літвы” як радзімы некалькіх народаў, якім, аднак, урэшце наканаваная польскасьць, прайшла праз супярэчнасьці, цалкам заканамерныя для стагодзьдзя, што карэнным чынам зьмяніла ўяўленьні пра нацыянальную прыналежнасьць. Хоць сам паэт ня быў польскім нацыяналістам “фальклёрнага” тыпу, а нага яго ніколі не ступала па вуліцах Варшавы ці Кракаву, пасьля сьмерці Міцкевіча ў 1855 г. ягоная цудоўная паэзія перакінула масток да “фальклёрнага” польскага нацыяналізму. Хоць ён ніколі не ўяўляў Літвы асобна ад Польшчы, ягоныя вобразы выкарыстоўваліся летувіскімі нацыянальнымі дзеячамі, надавалі ім яшчэ больш упэўненасьці ў іхнай адметнай этнічнай і нацыянальнай тоеснасьці. У канцы ХІХ ст. у паўночна-заходнім кутку колішняга Вялікага Княства Літоўскага летувіская мова сталася падставай, каб вылучыць асобную культурную супольнасьць, з чаго скарыстаюцца новыя нацыянальныя дзеячы “этнічнай Літвы”. Для гэтага ім трэба было зрабіць Міцкевіча летувіскім нацыянальным паэтам. Іронія лёсу ў тым, што паводле этнічнага вызначэньня нацыяў, што склаліся ў цэнтральнай Польшчы і паўночна-заходняй Літве, калі добрасумленна асьвятляць гістарычныя тэндэнцыі, Міцкевіч мусіў бы стаць не палякам і не летувісам, а беларусам. Урэшце, Міцкевіч нарадзіўся сярод усходнеславянскага сялянства, якое мы б сёньня назвалі беларускім. На гэтым жа фоне адбываецца і дзеяньне “Пана Тадэвуша”. Бадай, яшчэ большая іронія лёсу ў тым, што найбольш вернымі духу Міцкевіча выявіліся беларуская шляхта, беларускія пісьменьнікі: яны не ўхапіліся за свае “этнічныя” перавагі, каб давесьці сваё выключнае права на Міцкевіча як “свайго” нацыянальнага паэта. Этнічная навачасная нацыянальная ідэя, якая б ахоплівала Міцкевічаву Літву – колішняе Вялікае Княства – павінна была б засноўвацца на “мове” большасьці – дыялектах, якія мы сёньня назвалі б беларускімі. Аднак акурат гэтага і не адбылося. Этнічная нацыянальная ідэя – сіла палітычная, яе посьпех ці параза не залежаць ад памеру, як цяпер кажуць, “этнічных супольнасьцяў”. Як мы будзем даводзіць у наступным разьдзеле, палітыка адкрыла найшырэйшае поле для інтэрпрэтацыяў “Пана Тадэвуша” ў духу, найдалейшым ад першасных аўтарскіх памкненьняў – у духу летувіскага і польскага этнічнага нацыяналізму. І яна ж фактычна пакінула па-за ўвагай самае дакладнае адлюстраваньне ідэяў Міцкевіча ў палітыцы – беларускі і польскі федэралізм.

Выпрабаваньнем раньненавачаснай літоўскай нацыянальнай ідэі, прамоўленай Міцкевічам, сталася паўстаньне 1863 г. супраць расейскай улады. Знаходзіліся такія выключныя асобы, хто верыў, што Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую можна адрадзіць у хаўрусе польскамоўнай шляхты з летувіска- ці беларускамоўным сялянствам. У часе паміж паразай Расеі ў Крымскай вайне 1856 г. і адменай царом Аляксандрам ІІ прыгоннага права некаторыя прадстаўнікі літоўска-польскай шляхты дамаўляліся скасаваць прыгон на ўмовах, якія б задаволілі і землеўладальнікаў, і сялянаў[28]. Якуб Гейштар (1827–1897 гг.) агітаваў ліцьвінскіх шляхцічаў даць волю сялянам раней, чым гэта зробіць цар. У сваёй акрузе Гейштар дамогся посьпеху, але па ўсёй Літве шляхта ўпусьціла свой шанец – не паверыла ў непазьбежнае. Гейштар уважаў сябе польскім шляхцічам, які будуе хаўрус з польскім народам, – і пры гэтым кіраваў школай, дзе навучаньне вялося на летувіскай мове. Для яго тут не было ніякай супярэчнасьці[29]. Гейштар выступаў супраць таго, каб уздымаць антырасейскае паўстаньне, бо лічыў яго заўчасным. Але ў 1863 г. ён аб’яднаўся з радыкальна настроеным Кастусём Каліноўскім, які, абяцаючы сялянам зямлю, зьвяртаўся да іх на іхнай роднай мове – беларускай[30]. Хоць у постаці Антанаса Мацкявічуса сёньня бачаць проталетувіскага нацыяналіста, ён змагаўся за аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ў часовым задзіночаньні з Польшчай[31]. У 1863 г. кожны з трох намагаўся пераканаць сялянаў змагацца за сваю долю і ня надта даваў веры, што тых хоць крыху абыходзіць аднаўленьне рэспублікі. Яны і іншыя лідэры паўстаньня не былі ўжо патрыётамі раньнемадэрнага кшталту, апанаванымі ідэяй адрадзіць шляхецкую рэспубліку. Але яны не былі яшчэ навачаснымі нацыя­налістамі, гатовымі паставіць знак роўнасьці паміж нацыяй і народам. Іх спроба пазбавіцца ад расейскай улады, зьвярнуўшыся па дапамогу да народу, выявіла дзьве дылемы. Ужываньне іншых моваў, апрача польскай, сьведчыла за тое, што неўзабаве адбудзецца зварот да нацыянальнай палітыкі новага ўзору. Па-першае, калі сялянаў заклікаюць рызыкаваць жыцьцём на іхнай роднай мове, вядома, яны будуць разьлічваць, што на гэтай мове можна будзе размаўляць ды чытаць і ў спакайнейшыя часы. Па-другое, патрэба даць сялянам зямлю, каб дамагчыся іхняй падтрымкі, ставіла шляхту перад цяжкім выбарам паміж асабістай бясьпекай і нацыянальным вызваленьнем.

Пасьля паразы паўстаньня 1830 г. Міцкевіч смуткаваў па раньненавачаснай палітычнай нацыі. Пасьля паўстаньня 1863 г. сталі разьвівацца навачасныя нацыянальныя ідэі.

Працяг у наступным нумары.

Пераклад з ангельскай – Вольгі Калацкай

Рэдактар перакладу – Уладзімер Арлоў

Навуковы рэдактар – доктар гістарычных навук Захар Шыбека

1 Juliusz Bardach. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Ksiкstwa Litewskiego. Warsaw: PWN, 1970, 18-21; S.C. Rowell. Lithuania Ascending. Cambridge: Cambridge University Press, 1994, 296-299; Zigmas Zinkeviиius. The History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopediju leidykla, 1996, 71-76. Пра палякаў і немцаў – Paul Knoll. The Rise of the Polish Monarchy. Chicago: University of Chicago Press, 1971.

2 Перавыдадзеная як “Біблія: Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынаю ў 1517-1520 гадах”. Miнск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1990-91. Ягоная царкоўнаславянская нясе ў сабе каларыт гаворкі славянскай шляхты ВКЛ і ўплыў чэскай Бібліі, з якой Скарына працаваў у Празе. J. Sadouski, «A Linguistic Analysis of the Four Books of Kings Printed by Skaryna in 1518». Доктарская дысертацыя, University of London, 1967, 224-226. Прозу Скарыны на мясцовым дыялекце гл.: “Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны”. Miнск: Навука і тэхніка, 1991; гл. таксама Arnold McMillin. Die Literatur der Weissrussen. Giessen: Wilhelm Schmitz, 1977, 40—47.

3 Moshe Altbauer. The Five Biblical Scrolls in a Sixteenth-Century Jewish Translation into Belarusian (Vilnius Codex 626). Jerusalem: Dorot, 1992,13-37. Гл. таксама Paul Wexler. «The Reconstruction of Pre-Ashkenazic Jewish Settlements in the Slavic Lands in the Light of the Linguistic Sources» //Antony Polonsky (рэд.), From Shtetl to Socialism, London: Littman Library, 1993, 3-18.

4 Zbiуr praw litewskich od roku 1389 do roku 1529 tudzieї Rozprawy sejmowe o tychїe prawach od roku 1544 do roku 1563. Poznaс: Drukarnia na Garbarach 45,1841,112. Прывілеі надавалі габрэям права трымацца сваіх законаў і сваёй рэлігіі, мовы і традыцыяў у справах сваёй грамады, а таксама займацца гандлем, ня маючы гарадзкога грамадзянства. Гл. Jacob Goldberg. Jewish Privileges in the Polish Commonwealth. Jerusalem: Israel Academy of Sciences and Humanities, 1985,1-40.

5 Гэты подзьвіг паўтарылі ў наш час: у 1960 г. у Менску Статут 1529-га году пераклалі на расейскую, каб яго маглі вывучаць савецкія навукоўцы. Тады сьцьвярджалі, што мова Статуту (адназначна не расейская) – насамрэч беларуская.: пад рэд. K.I. Яблонскіса. Статут Великого Княжества Литовского 1529 года. Miнск: Aкадемия наук БССР, 1960, 3-12. Найслушней разглядаць канцылярскую славянскую як асобнае моўнае ўтварэньне. Гл. Jonas Ћmuidzinas. Commonwealth polьno-lithuanien ou l’Union de Lublin. Paris: Mouton, 1978, 79-82; Juliusz Bardach. «Od aktu w Krewiк do Zarкczenia Wzajemnego Obojga Narodуw» // Jerzy Kіoczowski і інш. (рэд.), Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Њrodkowowschodniej. Lublin: IESW, 1999,14-18; Stanislovas Lazutka. «Jeїyk Statutуw Litewskich i Metryki Litewskiej»// Lithuania, 1-2 (22-23), 1997, 26~33.

6 Уводзіны да Статуту 1566-га году, напісаныя каля 1576 г. Аўгустынам Ратундусам Мя­лескім, гл. Archiwum Komisji Prawniczej, том 7. Cracow: Polska Akademia Umiejкtnoњci, 1900, xx; гл. таксама Jurate Kiapene. «The Grand Duchy and the Grand Dukes in the Sixteenth Century» // Richard Butterworth (рэд.). The Polish-Lithuanian Monarchy in European Context. Houndmills: Palgrave, 2001, 86-87.

7 Галіна Дзербіна. “Права i сям’я ў Беларусі эпохі Рэнесансу”. Miнск: Tэхналёгія, 1997.

8 Harvey Goldblatt. «The Emergence of Slavic National Languages» // Aldo Scaglione. The Emergence of National Languages. Ravenna: Loggo Editore, 1984,125,165.

9 Karin Friedrich. The Other Prussia. Cambridge: Cambridge University Press, 2000.

10 Пра палітычную сістэму – гл. Andrzej Kamiсski, «The Szlachta of the Polish-Lithuanian Commonwealth» // Ivo Banac, Paul Bushkovitch (рэд.); The Nobility in Russia and Eastern Europe. New Haven, Conn. Yale Russian and East European Publications, 1983, 17-46; а таксама Mariusz Markiewicz. «The Functioning of the Monarchy During the Reign of the Electors of Saxony» // Butterwick. Polish-Lithuanian Monarchy, 172-192. Гл. таксама Daniel Stone. The Polish-Lithuanian State, 1386-1795. Seattle: University of Washington Press, 2001.

11 Кароткі агляд гістарыяграфіі Люблінскае вуніі падаюць Bardach. Studia z ustroju i prawa, 11-18, і Ћmuidzinas. Commonwealth polono-lithuanien, 143-151. Істотныя расейскія інтэрпрэтацыі вуніі 1569 г. – M.K. Любавский і И.И. Лаппо. Сутнасныя польскія, украінскія, беларускія і летувіскія ацэнкі выказваюць Яхім Лялевель, Міхайла Грушэўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі і Адольфас Шапока.

12 Паганскія ліцьвінскія сем’і пераважна прынялі каталіцкую веру ў 1387 г., але большасьць ліцьвінскіх баяраў вызнавалі праваслаўе і заставаліся праваслаўнымі яшчэ два стагодзьдзі. Калі пачалася Рэфармацыя, у Vilnius’е было нашмат больш праваслаўных цэркваў, чым каталіцкіх касьцёлаў.

13 Jerzy Ochmaсski. «The National Idea in Lithuania»// Ivo Banac, Frank Sysyn (рэд.) Concepts of Nationhood in Early Modern Europe. Cambridge, Mass.: Ukrainian Research Institute, 1986, 312-313.

14 Найлепшым сьведчаньнем – шматлікія публікацыі Пятра Скаргі пасьля 1577 г. пра пратэстантызм і праваслаўе. Pisma wszystkie, 5 тамоў. Warsaw: Ultima Thule, 1923-1930.

15 Rozmowa Polaka z Litwinem. Берасьце: Drukarnia Radziwiііowska, 1565; Maurycy Krupwicz (рэд.). Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединенных с ней владений, Vilnius: Zavadzkago, 1858, 38-39; Marja Baryczowa, «Augustyn Rotundus Mieleski, wуjt wileсski, pierwszy historyk i apologeta Litwy»// Ateneum Wileсskie, ІІ (1936), 144. Існуе некаторая доля верагоднасьці, што Ратундус лічыў сябе навукоўцам, здольным выказвацца „добра сфармуляванымі фразамі”, phrases bien arrondies. У класічнай лаціне слова «rotundus» магло азначаць «добра сфармуляваны». Напэўна, упершыню ў гэтым сэнсе яго выкарыстаў Цыцэрон у “Прамоўцы”, вядомым Ратундусу. Але ў XVIст. гэтая верагоднасьць была ня большай, чым сёньня: хутчэй за ўсё, наш Ратундус быў проста вельмі «добра ўкормлены». Каб зразумець розьніцу паміж нацыяй раньняга Новага Часу і Новага Часу, трэба адчуваць, калі сэнс слова зьмяняецца, а калі – не: «rotundus» у XVIст. і цяпер – адное і тое ж. Словы «польскі» або «літоўскі» – вядома, азначаюць цяпер зусім ня тое, што тады.

16 Paul Bushkovitch. «National Consciousness in Early Modern Russia»// Banac, Sysyn, Concepts of Nationhood, 356-357; Jarosіaw Pelenski. «The Origins of the Official Muscovite Claim to the “Kievan Inheritance»// Harvard Ukrainian Studies, І, І(1977), 48-50.

17 Andrzej Kaminski. Republic vs. Autocracy. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1993.

18 Гл. „Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею”, „Акты, издаваемые Aрхеографическою коммиссиею, высочайше учрежденною в Вильне” і “Акты, издаваемые Виленскою коммиссиею для разбора древних актов”.

19 Artыras Tereљkinas. «Reconsidering the Third of May Constitution and the Rhetoric of Polish-Lithuanian Reforms»// Journal of Baltic Studies, 27, 4 (1996), 300. Гл. таксама Andrzej Walicki. The Enlightenment and the Birth of Modern Nationhood. Notre Dame, Ind.: University of Notre Dame Press, 1989; Larry Wolff. Inventing Eastern Europe. Stanford: Stanford University Press, 195-283.

20 Гл. Gershon David Hundert. «Some Basic Characteristics of the Jewish Experience in Poland»// Polonsky. From Shtetlto Socialism, 19-25; M.J. Rosman. The Lords’ Jews. Cambridge, Mass.: Ukrainian Research Institute, 1990, 1-22.; а таксама Salo Wittmayer Baron. A Social and Religious History of the Jews, том. 16. New York: Columbia University Press, 1976.

21 Jacob Goldberg. «Privileges Granted to Jewish Communities As a Stabilizing Factor in Jewish Support» // Chimen Abramsky, Maciej Jachimczyk, Antony Polonsky (рэд.). The Jews in Poland. Oxford: Blackwell, 1986,31-54; Daniel Beauvois. «Polish-Jewish relations in Russian territory» ibid., 81; Artur Eisenbach. The Emancipation of the Jews in Poland, 1780–1870. Oxford: Basil Blackwell, 1991,126-127,158-160.

22 Сам Міцкевіч узяў за жонку жанчыну габрэйскага паходжаньня. Заблытаныя карані Міцкевіча – прыклад агульнае тэндэнцыі таго часу. Гісторык Яхім Лялевель (1786-1861 гг.) быў сынам нямецкага шляхціча. Для Міцкевіча панятак этнічнай нацыянальнасьці ня меў ніякага сэнсу, таму „раскрыўшы” паходжаньне ягоных дзядоў і бацькоў, нельга вызначыць, кім „насамрэч” быў Міцкевіч. Гл. Anne Applebaum. Between East and West. London: Macmillan, 1995, 114-122; Irena Grudziсska-Gross. «How Polish is Polishness?»// East European Politics and Societies, 14, i (2000), 5ff; Neal Ascherson. Black Sea. New York: Hill and Wang, 1996, I44ff. Пра татарскі мячэт гл. Jan Tyszkiewicz. Tatarzy na Litwie i w Polsce. Warsaw. PWN, 1989, 287. Фундаментальнае дасьледаваньне жыцьця й творчасьці Міцкевіча – Wiktor Weintraub. The Poetry of Adam Mickiewicz. The Hague: Mouton, 1954.

23 Пашырэньне польскамоўнай адукацыі ў Расейскай імперыі ніяк не закранула габрэяў. У Vilnius’е “вакно ў сьвет” для габрэяў стварыла расейская мова, а ня польская.

24 A. Bendzhius і інш. Istoriia Vil’niusskogo universitetа. Vilnius: Mokslas, 1979, 64-66; Daniel Beauvois. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich 1803-1832, vol. І. Lublin: KUL, 1991, 37-39, 273-275. Прыклад Міцкевіча – далёка не адзінкавы. Варта згадаць хаця б Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833 гг.). Ягоны паланэз „Разьвітаньне з Радзімай” у ля-міноры – самы знакаміты твор з польскае барочнае музыкі.

25 Параўнайце Міцкевічавыя радкі, прысьвечаныя страчанай Літве, з Пушкінскімі пра знойдзены Пецярбург: Природой здесь нам суждено//В Европу прорубить окно,//Ногою твердой стать при море. Міцкевіч сябраваў з Пушкіным. Гл. Jerzy Tomaszewski. «Kresy wschodnie w polskiej myњli politycznej»// Wojciech Wrzeziсski (рэд.) Miedzy Polsk№ etniczn№ i historyczn№. Wrocіaw: Ossolineum, 1988; 97ff.; а таксама И.И. Свирид. Между Петербургом, Варшавой и Вильно. Mасква: OGI, 1999.

26 Jacques Barzun. Classic, Romantic, and Modern. Garden City, N.Y.: Doubleday, 1961,14.

27 Nina Taylor. «Adam Mickiewicz et la Lithuanie» // Daniel Beauvois (рэд.). Les confins de l’ancienne Pologne. Lille: Presses Universitaires, 1988, 70.

28 Н.Н. Улащик. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. Mасква: Наука, 1965, 5-6.

29 Jakуb Gieysztor. Pamiкtniki, том І. Vilnius: Bibljoteka Pamiкtnikуw, 1913, 36, 61,136.

30 K. Kaлиновский. Из печатного и рукописного наследия. Miнск: Беларусь, 1988. Гл. таксама Piotr Јossowski, Zygmunt Mіynarski. Rosjanie, Biaіorusini, i Ukraiсcy w Powstaniu Styczniowym. Wrocіaw: Ossolineum, 1959, 166-186; John Stanley. «The Birth of a Nation»// Bйla Kirбly (рэд.). The Crucial Decade. New York: Brooklyn College Press, 110-119.

31 Egidijus Aleksandraviиius. «Political Goals of Lithuanians, 1883 -1918» // Journal of Baltic Studies, 23, 3 (1992), 230-231; Nerijus Udrenas «Book, Bread, Cross, and Whip: The Construction of Lithuanian Identity within Imperial Russia». Доктарская дысертацыя, Brandeis University, 2000.