Някляеў пра паразу рэвалюцыі: «У адну руку трэба ўзяць бел-чырвона-белы сьцяг, а ў другую — афіцыйны»
2021-10-14 13:17
Пісьменьнік і палітык Уладзімер Някляеў параўнаў выбары 2010 году, калі ён быў адным з галоўных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, і прэзыдэнцкую кампанію 2020 году, у якой рэй вялі прадстаўнікі «новай апазыцыі».
З нашага відэа вы даведаецеся:
Чаму ў 2010 годзе спадзевы апазыцыі на падтрымку Масквы былі апраўданыя, а ў 2020 — не.
Як Лукашэнка мог «перагарнуць старонку» ў 2020 годзе і застацца на высокай пасадзе ва ўладзе.
Якой была роля кветак і стужак у падзеях мінулага году.
Чаму Ціханоўская «ні ў чым не вінаватая, апроч таго, што яна хатняя гаспадыня».
У чым памыляюцца многія, ацэньваючы трагедыю, якая разгарнулася ў кватэры менскага айцішніка Андрэя Зельцара.
Чаму зьнішчэньне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пачалося яшчэ ў 1998 годзе і што значыць яго афіцыйная ліквідацыя сёньня.
Як Някляеў уяўляў Беларусь 30 гадоў таму і чаму яго не цікавяць эканоміка і палітыка.
Як так сталася, што і Лукашэнка, і яго апанэнты — «незалежнікі».
Чаму Някляеў выйшаў з палітыкі і пры чым тут Мэркель.
Чаму паэты Еўтушэнка і Шклярэўскі тэлефанавалі Някляеву па начах.
Хто павінен у адну руку ўзяць афіцыйны сьцяг, а ў другую — БЧБ, і як гэта дапаможа Беларусі.
Сьцісла пра Ўладзімера Някляева
Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году. Беларускі паэт, пісьменьнік, грамадзка-палітычны дзеяч.
З 1998 па 2001 гады — старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. З 2005 па 2009 год — старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру.
За свой раман «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» Уладзімер Някляеў стаў ляўрэатам першай прэміі імя Ежы Гедройця (2012).
Ляўрэат шэрагу прафэсійных і дзяржаўных узнагародаў за літаратурную дзейнасьць. Намінант на Нобэлеўскую прэмію (2011).
У 2010 годзе стаў ініцыятарам і кіраўніком грамадзкай кампаніі «Гавары праўду». Быў кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году.
У дзень выбараў на яго напалі сілавікі, моцна зьбілі. Са шпіталя яго забралі ў СІЗА КДБ, абвінавацілі паводле артыкула «Масавыя беспарадкі». Пакараны 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
Amnesty International прызнала Някляева вязьнем сумленьня.