З Днём народзінаў, Валянцін!
2021-10-14 14:35
Сёння намеснік старшыні ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч адзначае свой 49-ы Дзень народзінаў.
На жаль, наш калега не зможа сустрэць яго ў коле сям’і ды сяброў, а вымушана знаходзіцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць.
Прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый віншуюць Валянціна Стэфановіча са святам і дасылаюць прамяні падтрымкі з розных куткоў свету.
Прэзідэнтка FIDH Аліс Магвэ накіравала праваабаронцу віншаванні і адзначыла:
“Вы заўсёды ў нашых думках і асабліва сёння, 14 кастрычніка, у ваш дзень нараджэння, мы думаем пра Вас”.
Дэпутат нямецкага Бундэстага Антон Хофрайтэр, які з’яўляецца сімвалічным "хросным" Стэфановіча ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandByYou ад Libereco – партнёрства за правы чалавека, запісаў відэазварот (з субтытрамі) для Валянціна да Дня народзінаў.
“Я вельмі паважаю вашу мужнасць. Перш за ўсё, за тое, што вы не маўчыце ў абарону правоў чалавека, дэмакратыі і свабодных выбараў - хоць вы і занадта добра ведаеце наступствы дыктатуры.
У ваш Дзень нараджэння я хацеў бы сказаць вам - мы побач з вамі!”, - сказаў Антон Хофрайтэр.
Старшыня Östgruppen - Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Марцін Угла напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку віншаванні Валянціну:
"Дарагi Валiк! Вiншую з Днём нараджэння! Ты самы круты праваабаронца, якога я ведаю! Чакаю на волi!"
Дасылайце віншаванні Валянціну:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу