be

Грахоўскі Сяргей

Грахоўскі Сяргей

Нарадзіўся 25 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер Зарэчнянскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям'і. У 1914г. разам з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілеўшчыне. У 1930г. пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931—1932 гг. працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце «Чырвоная змена». Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ.

Арыштаваны ў 1936 г. у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС у 1936г. як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ва Унжэнскім канцлагеры НКУС Горкаўскай вобласці (ст. Сухабязводная). Вызвалены ў 1946 г.

Пасля вызвалення выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе Слуцкага р-на (1946-1949). У 1947 г. з С.І. Грахоўскага знята судзімасць, але ў 1949 г. ён быў паўторна арыштаваны. Асуджаны асобай нарадай МДБ СССР за прыналежнасць да “антысавецкай нацыяналістычнай групы” на пасяленне ў Новасібірскай вобласці, дзе працаваў настаўнікам. Рэабілітаваны ў 1955 г.

У 1956—1973 гг. працаваў на радыё, у часопісах «Бярозка» — загадчык аддзела рэдакцыі (1957-1959), «Вясёлка» (1960-1973); літкансультантам СП БССР (1959-1960). У 1973—1974 гг. адказны сакратар Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Член СП СССР з 1956.

З 1974 на пенсіі і актыўна займаўся літаратурнай і грамадскай працай літаральна да апошніх дзён жыцця. Больш за поўвека актыўна супрацоўнічаў з радыё і тэлебачаннем. У 80-ых гадах вёў рэгулярную літаратурна-адукацыйную тэлеперадачу “Літаратурная Беларусь”.

Дэбютаваў вершам у 1926 годзе, але першы зборнік “Дзень нараджэння” выйшаў у 1958 годзе. З тае пары выдадзена каля шасцідзесяці кніг С. Грахоўскага – паэзія, проза, публіцыстыка успаміны, эсэ, пераклады, кнігі для дзяцей. Найбольш поўна творчасць пісьменніка прадстаўлена ў 2-х томніках 1973, 1983 і 1994 гадоў і ў выданні “Выбраныя творы” (выд. “Кнігазбор”, 2007г.)

Успаміны пра вядомых і дачасна загінуўшых літаратараў змясціліся ў кнізе “Так і было”.

Па дакументальнай аповесці «Рудабельская рэспубліка» пастаўлены спектаклі тэатрамі імя Я. Купалы і Гомельскім абласным драматычным у 1968г.; у 1972г. створаны аднайменны кінафільм.

Аўтар аўтабіяграфічнай трылогіі пра перыяд рэпрэсій : «Такія сінія снягі», 1988; «Зона маўчання», 1990; «З воўчым білетам», 1991.

Пераклаў на беларускую мову «80 000 кіламетраў пад вадой» Ж. Верна (1937, з Ю. Лявонным), аповесць «Ваенная тайна» А. Гайдара (1936), раман «Крушэнне» Р. Тагора (1958), «Выбраныя вершы і паэмы» А. Блока (1980), кнігу лірыкі М. Дудзіна «Пасля спаткання» (1984), асобныя творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, Я. Райніса, С. Ясеніна, Лесі Украінкі, П. Варанько, М. Забалоцкага, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Ісакоўскага, Р. Гамзатава, А. Венцловы, Т. Масэнкі, М. Нагнібеды, У. Сасюры, Я. Судрабкална і інш. паэтаў.

Памёр 11 снежня 2002.

У г.п. Глуск (Маг. вобласці), на радзіме пісьменніка, устаноўлены помнік, у цэнтры горада бульвар і школа №1 носяць яго імя.

Грахоўскі Сяргей. Выданьні

Выбраныя творы ў двух тамах
pdf

Выбраныя творы ў двух тамах

Том 1 Вершы 1929-1977
Грахоўскі Сяргей

Бо як бы ні гаварыў паэт сам пра сябе і нават як бы ні хвалілі або ні лаялі яго крытыкі, ён уваходзіць у памяць, у пачуцці людскія творамі — няхай некалькімі вершамі, няхай адной песняй, нават адным радком, калі гэта ўласнае, вынашанае, выбалелае, запаветнае — вось яго пашпарт і візітная картка, па якой... Болей »

Асеннія гнёзды
pdf

Асеннія гнёзды

Кніга новых вершаў
Грахоўскі Сяргей

Новая кніга вершаў Сяргея Грахоўскага— своеасаблівы лірычны дзённік роздумаў, хваляванняў, радасцей і трывог апошняй пары. У вершах жыве памяць рамантычнай і суровай маладосці, непарыўная сувязь з зямлёю бацькоў, сцвярджаюцца прынцыпы маральнай годнасці і чысціні, чуцён пульс нашага часу. Паэма «Ростань... Болей »

Мінск = Минск = Minsk

Мінск = Минск = Minsk


Грахоўскі Сяргей - тэкст, Ліхтаровіч Георгій- фота

Вы ўжо, напэўна, пагарталі старонкі альбома. Зірнулі на Мінск з вышыні, палюбаваліся яго шырокімі імклівымі праспектамі, новымі раёнамі, паркамі і скверамі, помнікамі далёкай і блізкай гісторыі. На світанні мой горад плыве ў ружаватай смузе, ажывае, становіцца людным — спяшаецца на заводы і будоўлі... Болей »

Дзве аповесці
pdf epub

Дзве аповесці

Ранні снег. Рудабельская рэспубліка
Грахоўскі Сяргей

Змест кнігі складаюць аповесці «Ранні снег» i «Рудабельская рэспубліка». У першай раскрываецца лёс інтэлігента, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, а другая — праўдзівы расказ пра гераічнае мінулае палескай вёскі Рудабелкі, яе людзей.... Болей »

Зачараванасць
pdf

Зачараванасць

Вершы і паэмы
Грахоўскі Сяргей

Аўтар гэтай кнігі зачараваны прыгажосцю роднай зямлі, мужнасцю і дабрынёю сваіх сучаснікаў і папярэднікаў, тры¬вожыцца за лёс усяго прыгожага і жывога на зямлі. Але вершы нельга пераказаць. Іх трэба чытаць. Кнігу завяршаюць паэмы «Бяссмертнік!», «Спаленыя масты» і «Трывожны маналог зямлі».... Болей »

Суровая дабрата
epub pdf

Суровая дабрата

Дакументальная аповесць
Грахоўскі Сяргей

У аповесці расказваецца пра жыццё Героя Савецкага Саюза Васіля Захаравіча Каржа — партызана часоў грамадзянскай вайны, удзельніка баёў з фашыстамі ў Іспаніі, камандзіра Пінскага партызанскага злучэння ў гады Вялікай Айчыннай вайны.... Болей »

Ранні снег
epub pdf

Ранні снег

Аповесць
Грахоўскі Сяргей

Часам ранні снег кладзецца на скроні i на душу па віне паклёпніка або зайздросніка. Непаразуменні прынеслі шмат непрыемнасцей герою аповесці Аляксею Буевічу. У складаных абставінах узнікла i загартавалася шчырае i чыстае каханне да маладой настаўніцы Веры. Пасля мнoгix выпрабаванняў праўда i людская... Болей »

Выбраныя творы ў двух тамах
pdf epub

Выбраныя творы ў двух тамах

Том ІІ. Апавяданні і аповесць
Грахоўскі Сяргей

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».... Болей »

Рудабельская рэспубліка
epub pdf

Рудабельская рэспубліка

Дакументальная аповесць
Грахоўскі Сяргей

Дакументальная аповесць рарказвае пра гераічныя падзеі першых дзён савецкай улады на Палессі, барацьбу рудабельскіх партызан з нямецкімі i белапольскімі акупантамі, разгром контррэвалюцыйных банд. У цэнтры аповесці — Аляксандр Салавей, бальшавік, арганізатар партызанскіх атрадаў, таленавіты камандзір... Болей »

Тры вымярэнні
epub pdf

Тры вымярэнні

Выбраная лірыка
Грахоўскі Сяргей

Многа i плённа працуе ў беларускай паэзіі Сяргей Грахоўскі. У свой час наш чытач прыязна сустрэў яго зборнікі вершаў «Дзень нараджэння» (1957 г.), «Чаканне» (1960 г.), «Табе зайздросціць сонца» (1963 г.), «Памяць» (1965 г.). Творчасць паэта адметная тэматычнай шырынёй, разнастайнасцю паэтычных фарбаў... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org