- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. - 25.7.1984), бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954 - 1956), у Оршы (1956 - 1958). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнцкія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі "Матчына душа" (1958), "Вячэрнія ветразі" (1960), "Мая Іліяда" (1969), "Быў. Ёсць. Буду" (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне ("Машэка", "Паўлюк Багрым", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Беларуская песня", "Быў. Ёсць. Буду" і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент Караткевіча-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў "Блакіт і золата дня" (1961).
Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці "Цыганскі кароль" (1961) на прыкладзе цыганскага "каралеўства" 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці "Сівая легенда" (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У "Легендзе аб бедным д'ябле і аб адвакатах Сатаны" (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863 - 1864 ажыццёўлены толькі раман "Каласы пад сярпом тваім" (1965) - шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел. гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць "Зброя" (нап. 1964, апубл. 1981) - сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію1860-х г.
У героіка-рамант. драме "Кастусь Каліноўскі" (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1966, аднайм. кінафільм 1967) - філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае ў творах пра сучаснасць: аповесцях "У снягах драмае вясна" (1957, апубл. 1989), "Чазенія" (1967), "Лісце каштанаў" (1973), рамане "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць"; 1962; Літ. прэмія імя І.Мележа 1983), п'есах "Млын на Сініх Вірах" (паст. 1959), "Трошкі далей ад Месяца" (нап. 1959 - 1960). У сац.-псіхал. і філас. рамане "Чорны замак Альшанскі" (1979 - 1980; Дзярж.прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнута п'еса "Званы Віцебска" (паст. 1974). Сац.-гіст. драма "Каласка чатырох чараўніц" (паст 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя "Маці ўрагану (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743.
Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарыс "Зямля пад белымі крыламі" (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава ("Тысячу стагоддзяў табе", 1974; "Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён", 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф. Скарыне, Я. Купалу, М. Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей ("Казкі", 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франка, М. Карыма, Р. Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. "Галасы маіх сяброў", 1993). У творчай спадчыне Караткевіча захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў "Сведкі вечнасці" (1964), "Памяць" (1966), "Чырвоны агат" (1973) і інш. Па яго творах паст. маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы "Сівая легенда" (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і "Дзікае паляванне караля Стаха" (1989, кампазітар У. Солтан). Творы Караткевіча перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску Караткевічу пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей Караткевіча). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме - мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей Караткевіча.
Дарогу на поўнач ад горада кантралявалі інсургенты, ездзіць па ёй было небяспечна. Таму ганцам, каб трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся ўнаброд праз Друць або - гэтая дарога была карацейшая, але і больш небяспечная - праз Дняпро, каб адчуць сябе спакойна... Болей »
Яшчэ перад тым як падымаецца генеральная заслона, чуваць далёкія, жудасныя па сіле і журбе, гукі старадаўняй песні. Гэта “Дарота”... На саматканым чынаватым палатне заслоны скачуць адбіткі далёкага агню. I вось перад заслонай узнікае жанчына ў чорным. У яе журботнае аблічча з прадоннямі чорных вачэй.... Болей »
Апошнія вершнікі з крыкам і гартанным лямантам адхлынулі за дзюны і праваліліся, зніклі за імі, як жоўта-белая лава... Як вада... Не, як апошнія языкі самуму. Настала цішыня. Ён ляжаў на пяску, гэтай разагрэтай, нясцерпна гарачай патэльні. Ад дзюнаў яго аддаляла нізкая, у палову сажня вышынёй, паласа:... Болей »
Параходзік звярнуў з Прыпяці ў Стрынь і прайшоў яе звілістым рэчышчам аж дзесяць вёрст спецыяльна, каб высадзіць мяне ў Завід-Гарадку. Прайшоў - пад мат рулявога - дзеля аднаго мяне, а рака была, як змяя, што звіваецца, круціцца і штохвілінна спрабуе сама сябе ўкусіць за хвост. Такі "спецрэйс" не быў... Болей »
Кабінет старшыні гарвыканкома. Вялізны пакой, вельмі светлы, з двума квадратнымі вокнамі, за якімі панарама горада. Звычайнае кабінетнае абсталяванне: вялікі стол, крэслы. Двое дзвярэй: адны налева – выхад, другія направа – у зал. Карта на сцяне. Вельмі ціха і спакойна, але нешта не так, як заўсёды:... Болей »
У бэзавым прыцемку, які пачаў асядаць на зямлю, зноў таргануліся колы. Павольна паплыў перон. Цягнік, нервова здрыгануўшыся на першым стыку, сказаў: ”Так”. І паплыў, паплыў назад ужо не перон, а ўвесь Пінск з ціхімі вулачкамі, заінелымі вербамі, з прадаўнімі дзікімі вежамі званіц, што з чыгуннай суровасцю... Болей »