- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Звераватую панурасць Лявону Бушмару перадаў бацька - княжацкі дробны арандатар. Памёр ён тады, калі Расея ваявала з немцамі. Акрай таго лесу, які ўсё жыццё сваё вартаваў яго бацька, арандаваў ён ад князя добрую дзялянку зямлі. Калі ажаніўся і аддзяліўся ад бацькі - забудаваўся на арэндзе, усё ў лік арэндных выплатак князю. Гэта быў стары моцны, як дуб, пражыў ён на свеце год, мусіць, з дзевяноста і рабіў усё да самых апошніх дзён сваіх. Нават казалі, што гадзін за дзве да смерці з'еў яшчэ пару цвёрдых антонавак - гэтак сканаў у памяці і без думак пра смерць; доктара пры ім не было ніколі, ад самых малых дзён і аж да сканання. Не любіў ён дакторскіх лекаў, зваў гэта прымхаю, панскаю выдумкаю, хоць паноў сам не цураўся. Не верачы ў дактароў, ён гаварыў, што чалавек павінен як мае быць працаваць, колькі трэба выспацца, у меру, смачна з'есці - і тады будзе здароў. Калі прыязджаў, бывала, у свае лясы князь, ён, разам з іншымі княжацкімі дзедзічамі і гэтакімі, як сам, дробнымі арандатарамі, заўсёды з'яўляўся ў маёнтак - стаяў там з усімі перад ганкам па гадзіны дзве без шапкі, пакуль выйдзе павітацца з імі князь. Тады цалаваў князю ў калена (у руку цалавалі толькі самыя буйныя дзедзічы і маёнтаўскія фундатары) і ішоў адразу дадому, ніколі не застаючыся пагаварыць з людзьмі. (фрагмент)