- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Рэзка адчыніліся дзверы кабінета, і прама з парога мажны мужчына гадоў пад шэсцьдзясят выпаліў ва ўльтыматыўнай форме: – Вы павінны надрукаваць мой ліст! – А чаму такое катэгарычнае патрабаванне? – Таму, што такое пісьмо «Народная Воля» проста абавязана надрукаваць! – яшчэ з большым націскам на галасавыя звязкі паўтарыў госць. Чытаю… Ды такіх пісем на старонках «Народнай Волі» было незлічонае мноства. І змест усіх іх зводзіўся да аднаго: калі дзяржава, чорт пабяры, верне грошы, якія некалі згарэлі на рахунках у ашчадных касах? Па настойлівай просьбе шматлікіх аўтараў я, галоўны рэдактар газеты, папрасіў адказаць на гэтае, вядома ж, балючае пытанне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнку падчас так званай «Вялікай размовы». Што ён сказаў – усе чулі. Некалькі тыдняў чакалі, калі кіраўнік дзяржавы звернецца з чарговым Пасланнем да народа і парламента – магчыма, больш канкрэтна адкажа на пытанне, якое напярэдадні было мною агучана. На жаль, выступаючы ў Авальнай зале, Аляксандр Рыгоравіч ні словам, ні паўсловам не абмовіўся па закранутай мною тэме. І ніхто з дэпутатаў не звярнуў на гэта ўвагі. Але ж яна, праблема, не знікла і працягвае хваляваць многіх людзей. А значыць, «Народная Воля» не мае права выключаць яе са сваіх творчых планаў. Той, хто рэгулярна сочыць за публікацыямі, якія з’яўляюцца на тэматычнай паласе «Пошта», безумоўна, заўважыў некаторыя допісы з гэтай нагоды і ў апошні час.