be

Кіпель Вітаўт

Кіпель Вітаўт

Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 травеня 1927 году ў Менску ў сям’і Яўхіма Кіпеля і Марыі Зубкоўскай (прозьвішчам маці ён часам карыстаўся як псэўданімам, падпісваючы газэтныя публікацыі ды скрыпты на Радыё Свабода).

Сп. Кіпель – адзін з найвядомейшых беларусістаў сьвету – толькі восем год жыў у Беларусі: першыя шэсьць год ад нараджэньня і потым два гады за нямецкай акупацыяй. У 1933 годзе Марыя Кіпель з шасьцігадовым сынам выехалі ў Расею, дзе адбываў пакараньне бацька. Вярнулася сям’я толькі ў 1942 годзе.

У 1944 годзе сям’я Кіпеляў выехала на Захад. Пасьля таго, як Яўхім Кіпель у час нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з газэтай “Голас вёскі”, працаваў над падрыхтоўкай школьных падручнікаў і праграмаў ды старшынстваваў на Другім Усебеларускім Кангрэсе, не выпадала думаць, што бальшавікі не крануць сям’і. “Нас чакала альбо сьмерць, альбо Сібір”, – кажа сп. Кіпель. Выбар аказаўся слушным.

У паваеннай Нямеччыне Вітаўт Кіпель далучыўся да актыўнае грамадзкае працы. І таму сёлета мы адзначаем ня толькі 80-годзьдзе гэтага чалавека, але і 60 год ягонай грамадзкай працы. Разам з Алесем Бутам і Алесем Марговічам скаўт Вітаўт Кіпель выдаваў “Інфармацыйны лісток штандару “Баварыя” пад назваю “Ганец”. Першы нумар выйшаў 14 красавіка 1947 году.

“Нялёгкая справа: гуртуй беларусаў – шмат каму зь іх трэба было ўсьведамляць – і вядзі прапагандысцкую працу навонкі,”— згадваў Вітаўт Кіпель пра тыя часы.

Потым быў пераезд у Бэльгію, сканчэньне Лювэнскага ўнівэрсытэту. Але папрацаваць па спэцыяльнасьці “геалёгія” шмат не атрымалася. У хуткім часе Вітаўт Кіпель стаў супрацоўнікам Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі.

Адначасова з працай у бібліятэцы Вітаўт Кіпель супрацоўнічаў зь беларускай службай Радыё Свабода, браў удзел у выданьні квартальніка “Беларуская моладзь”, потым — газэты “Беларус”. Браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці беларусаў ЗША, а таксама быў кіраўніком Фэдэрацыі рэспубліканскіх клюбаў.

У 1976—1979 гг. пад старшынствам Вітаўта Кіпеля ладзіліся Беларускія фэстывалі, якія зьбіралі па некалькі тысяч чалавек і прыцягвалі ўвагу амэрыканскіх палітыкаў. Прыкладам, першы такі фэстываль прывітаў тэлеграмай прэзыдэнт Джэральд Форд. Мэр Кліўленду Джордж Вайновіч надаў сп. Кіпелю званьне Ганаровага грамадзяніна горада.

У 1982 годзе Вітаўт Кіпель узначаліў Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Вітаўта – Тумаша. Плённая праца ў якасьці кіраўніка гэтай ўстановы працягваецца і да сёньня. Колькасьць выдадзеных кніг за дырэктарствам Кіпеля вырасла ў некалькі разоў. Адбываецца гэта, у тым ліку, дзякуючы і мэнэджарскім здольнасьцям кіраўніка, які выдатна разумее, што праца над кнігай не сканчаецца пасьля таго, як яе забралі з друкарні. Трэба, каб кніга трапляла да чытача, а значыць яе трэба распаўсюджваць дзе толькі магчыма, каб атрыманыя сродкі пайшлі на наступную кнігу.

“Усюды, — пісаў Янка Запруднік, — дзе адбываліся якія-небудзь грамадзкія падзеі – фэстывалі, пікнікі, юбілеі, большыя ці меншыя ўрачыстасьці, рэлігійныя сьвяты, — дзе толькі зьбіралася грамада суродзічаў, можна было пабачыць Вітаўта з раскладзенымі на стале кнігамі. Гэта пашыральніцкая сыстэматычнасьць ідзе ад падвойнага разуменьня: 1) беларуская кніга патрэбная беларускаму чалавеку, бо ў ёй закладзена любасьць да свайго роднага, і 2) беларус павінен падтрымоўваць сваё выдавецтва, бо беларуская кніжка – гэта паказьнік нашай нацыянальнай жывучасьці”.

І сёньня дзясяткі бібліятэк у Беларусі маюць у фондах эміграцыйныя калекцыі дзякуючы таму, што Вітаўт Кіпель сам асабіста іх туды перадаваў ці дасылаў, часта за свае ўласныя грошы. А колькі кніжак у Беларусі выйшла, дзякуючы фінансаваньню сям’і Кіпеляў і БІНІМу!

Сын Юрка Кіпель казаў: “тата займаецца рознымі грамадзкімі справамі, але лічыць, што найбольш трывалым помнікам жыцьця й працы зьяўляецца кніга”. Дзеля новай кнігі Вітаўт Кіпель гатовы праехаць некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Говарту, дзе жыве, да Нью-Ёрку.

Плённай працы доўгія гады спрыяла верная спадарожніца — жонка Зора. Гэтая пара сталася, напэўна, самым пасьпяховым беларускім творчым тандэмам на эміграцыі. Зора і Вітаўт Кіпелі шмат зрабілі для зьбіраньня эміграцыйных беларускіх пэрыёдыкаў і друкаў. Найбагацейшая калекцыя, якую яны стваралі цягам паўстагодзьдзя, склала 171 скрыню і была аддадзеная на захаваньне ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай унікальнай і фундамэнтальнай працы “Беларускі друк на Захадзе: Бібліяграфія”. Бібліяграфія вытрымала два выданьні: у 2003 годзе яна выйшла ў двух кнігах: асобна пэрыёдыкі, асобна – кнігі. Праз чатыры гады, дапрацаваная, ужо пад адной вокладкай. “Беларускі друк на Захадзе” стаў настольнай кнігай для дасьледчыкаў эміграцыі, як, дарэчы, і ранейшая хрэстаматыйная кніга Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША” (1993, у 1999 годзе кніга выйшла дапрацаваным выданьнем па-ангельску).

Былі і іншыя кнігі: “Byelorussian-Americans and Their Community in Cleveland” (1982), у суаўтарстве з З. Кіпель: “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе. Бібліяграфія” (1985), “Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography” (1988), “Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі” (2002).

Два гады таму выйшаў № 28 “Запісаў БІНІМ”, прысьвечаны Вітаўту Кіпелю. У вітальным слове гісторык Захар Шыбека напісаў: “Ён (Вітаўт Кіпель) належыць да тых, хто радуецца посьпехам іншых. І многія з нас тут, на Бацькаўшчыне, зразумелі, што нечага вартыя, дзякуючы яго здольнасьці радавацца нашым дасягненьням. Ён не будуе ўласнага дабрабыту, ён разбудоўвае беларускасьць. А яна дагэтуль усё яшчэ трымаецца на дабрачыннасьці такіх людзей, як Кіпелі. Цяжка пералічыць тых, хто меў ласку ад сям’і Кіпеляў”.

Дык няхай сп. Вітаўт яшчэ колькі дзясяткаў год радуецца посьпехам іншых ... ды сваім посьпехам!

Крыніца: Алег Гардзіенка, Вітаўту Кіпелю - 80 гадоў, Беларус 533

Вітаўт Кіпель памёр 3 снежня 2022 г.

Кіпель Вітаўт. Выданьні

Запісы 36
pdf

Запісы 36

Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва

“Запісы” — навукова-папулярны альманах, прысьвечаны гісторыі й сучаснасьці беларускага замежжа, выданьне Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Выдаецца ад 1952 году. Першыя 6 тамоў у 1952—1954 гг. выйшлi ў Нью-Ёрку; 5 наступных — у 1962—1970 гг. друкавалiся ў Мюнхэне. З 12-га (1974) да 24-га (1999)... Болей »

Запісы 35
djvu pdf

Запісы 35

Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва

“Запісы” — навукова-папулярны альманах, прысьвечаны гісторыі й сучаснасьці беларускага замежжа, выданьне Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Выдаецца ад 1952 году. Першыя 6 тамоў у 1952—1954 гг. выйшлi ў Нью-Ёрку; 5 наступных — у 1962—1970 гг. друкавалiся ў Мюнхэне. З 12-га (1974) да 24-га (1999)... Болей »

Запісы 34
pdf

Запісы 34

Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва

“Запісы” — навукова-папулярны альманах, прысьвечаны гісторыі й сучаснасьці беларускага замежжа, выданьне Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Выдаецца ад 1952 году. Першыя 6 тамоў у 1952—1954 гг. выйшлi ў Нью-Ёрку; 5 наступных — у 1962—1970 гг. друкавалiся ў Мюнхэне. З 12-га (1974) да 24-га (1999)... Болей »

Запісы 31
pdf

Запісы 31

Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва

“Запісы” — навукова-папулярны альманах, прысьвечаны гісторыі й сучаснасьці беларускага замежжа, выданьне Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Выдаецца ад 1952 году. Першыя 6 тамоў у 1952—1954 гг. выйшлi ў Нью-Ёрку; 5 наступных — у 1962—1970 гг. друкавалiся ў Мюнхэне. З 12-га (1974) да 24-га (1999)... Болей »

ARCHE 03(32)2004
pdf

ARCHE 03(32)2004

аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

Тэма нумара — Полацак. Яго цэнтральная — паэтычная анталёгія "Полацак і палачане ў беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя". Таксама сярод аўтараў нумару — Алег Латышонак "Доўгае вяртаньне ў Полацак", Вітаўт Кіпель "Полацак у фармаваньні беларускага нацыянальнага сьветагляду", Сяргей Шыдлоўскі "Зьбіраньне Полацку... Болей »

Беларускі Гістарычны Агляд Том 3 Сшытак 1

Беларускі Гістарычны Агляд Том 3 Сшытак 1

навуковы часопіс

* З гістарыяграфічнай спадчыны (артыкулы, рэцэнзіі, водгукі) * Першы Літоўскі Статут (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння). С. 7-27 * Заўвагі на некаторыя раздзелы рукапісу «Белоруссия в XIII — середине XVI в.». С. 28-41 Заўвагі (вельмі кароткія) на рукапіс «Белоруссия в XIII — середине XVI... Болей »

Наша Ніва 2/1991
pdf djvu

Наша Ніва 2/1991

беларуская газэта

Газэта «Наша Ніва» была ўтвораная ў 1906 годзе, і спачатку фактычна была органам Беларускае Сацыялістычнае грамады. У 1991 годзе «Наша Ніва» была адроджаная ў Вільні, галоўным рэдактарам стаў Сяргей Дубавец. Адроджаная газэта зноў стала галоўным выданьнем нацыянальнай інтэлігенцыі, побач з навінамі публікуючы... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org