- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне ў сям’і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэту.
Пад час навучання ва ўніверсітэце (1976 – 1981 г.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы – цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.
У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4-га калійнага заводу ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будову Байкала-Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатыры-пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.
Пасля заканчэння універсітэту ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з’явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу. Навучанне ў аспірантуры (1981 1984 г.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай прафесыйнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам з многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеявым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14 – 17 стст. (планіроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).
Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985 1987 г.), потым у Беларускім Рэстаўрацыйна-праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна-археалагічных даследаванняў, 1987 – 1990 г.), у архітэктурна-рэстаўрацыйным кааператыве “Арк” (загадчык аддзела археалогіі, 1991 – 1993 г.), на пасадзе намесніка Старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэту (1994 – 1995 г.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кнігаў.
У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне адыйшоў з пасады прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995 – 1998 г.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 – травень 1997 г., кіраўнік – прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 – пачатку 14 ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах”. Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны Старшынёй выканкама Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства. Ад 1998 г. распачаў і працягваю рэдагаваць выданне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”.
Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Бібліяграфія асноўных прац:
Рэдагаванне:
Навуковы рэдактар:
Рэдактар:
Біяграфічныя звесткі змешчаныя:
Кожны народ мае сваіх знакамітых людзей. Сярод іх вучоныя, паэты, мастакі, падаромнікі, асветнікі, урачы, дзяржаўныя дзеячы. Яны сваім талентам і ўпартай працай здолелі прынесці вялікую карысць свайму народу і чалавецтву. Такія асобы ніколі не знікаюць з зямлі бясследна. Іхнія справы працягваюць жыць... Болей »
Гэтая праца--вынік шматгадовых археалагічных даследаванняу унікальнага сярэднявечнага паселішча, знакамітага праз свой замак. Горад і замак разглядаюцца як неадлучныя часткі аднаго комплексу. Разлічана на навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх аматараў гісторыі.... Болей »
Кніга гарадзенскага гісторыка Алеся Краўцэвіча распавядае пра заснаванне, існаванне і гістарычны шлях Тэўтонскага ордэна, які моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны Вялікага Княства Літоўскага з ордэнам пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за сто гадоў, да пачатку... Болей »
Гістарычны нарыс прысьвечаны сэрцу Гародні – Гарадзенскаму замку. Менавіта з гэтага месца пачалася слаўная гісторыя горада над Нёманам. Гісторык Алесь Краўцэвіч распавядае пра мінулае гарадзнскага замку і спрабуе наблізіць для маленькіх чытачоў велічную і драматычную гісторыю аднаго з заходніх вайсковых... Болей »
У кнізе на аснове архіўных пошукаў, натурных абследаванняў архітэктурных помнікаў і шматгадовых археалагічных раскопак ўзнаўляецца аб'ёмная карціна жыцця невялікага сярэднявечнага горада. Разлічана на гісторыкаў, архітэктараў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.... Болей »
На аснове матэрыялаў археалагічных раскопак аўтар разглядае праблемы і заканамернасці развіцця гістарычнай планіроўкі, фарміраванне культурнага сліяо гарадоў І мястэчак Беларускага Панямоння. Кніга ілюстравана. Разлічана на археолагаў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў, усіх, хто цікавіцца... Болей »
Кніга Алеся Краўцэвіча, гэта своеасаблівая гісторыя, расказаная звычайнымі прадметамі – археалагічнымі знаходкамі, сярод якіх старая падкова, пячная кафля, разбітая міска і вышчэрбленая талерка. Усе гэтыя рэчы былі створаныя чалавечымі рукамі 400-500 гадоў таму, і нягледзячы на свой стан здольныя распавесці... Болей »
Спэцыяльны выпуск гарадзенскага альманаху Горад Сьв. Губэрта прысьвечаны актуальнай сытуацыі ў Гародні, якая датычыць зьнішчэньян старога гораду. Гародня за часы савецкага панаваньня страціла вельмі шмат гісторыка культурных каштоўнасьцяў, будынкаў, якія неразрыўна зьвязаныя з гісторыяй Гародні і Беларусі.... Болей »
Матэрыялы зборніка прысвечаныя сацыяльным аспектам гісторыі Гародні ды іншых гарадоў Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны. Галоўным героем зборніка з’яўляецца гараджанін як суб’ект лакальнай гісторыі, а таксама гарадскі гісторыка-культурны асяродак. Кніга адрасаваная ўсім, каго цікавіць гістарычная ўрбаністыка... Болей »
Матэрыялы зборніка Гарадзенскі соцыум прысвечаныя пераважна палітычнай і сацыяльнай гісторыі Гародні ды іншых гарадоў Беларусі. Галоўным героем зборніка з’яўляецца гараджанін як суб’ект лакальнай гісторыі, а таксама гісторыка-культурнае асяроддзе, у якім праходзіла яго жыццё. Кніга адрасаваная ўсім... Болей »