- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мудроў Вінцэсь (11.09.1953, Полацак), беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.
Дзяцінства і юнацтва М., сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасьці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых клясах сярэдняй школы № 2 Наваполацку ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасьці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешваньне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў передачаў «Голаса Амэрыкі», «Радыё Саабода» і іншых заходніх радыёстанцыяў. .
У пэрыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выданьня рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусьціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны М., зьмяшчаў ягоныя меркаваньні па праблеме беларускай мовы і яе пэрспэктываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна зьмяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў М. параўнаў беларусаў са зьніклым народам этрускаў. .
Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацку і Наваполацку дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на сьлед часопісу выйшаў КГБ. У вачох гэтае інстытуцыі ўяўляла грамадзкую небясьпеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаху, які выходзіў у «інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе», у якасьці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваныя. З М. і інш. выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся. .
У 1976 М. скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасьці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў. .
У другой палове 1970-1980-х М. актыўна займаўся капіяваньнем і распаўсюджваньнем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасьці, твораў М.Булгакава «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца». Асаблівае месца ў гэтай дзейнасьці займала нелегальнае распаўсюджваньне недаступных беларускаму чытачу навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка» В.Ластоўскага, беларускага часопіса «Крывіч»; антыкамуністычных вершаў і паэмаў вязьня ГУЛАГу паэткі Ларысы Геніюш. М. наведваў Л.Геніюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнічаў у пахаваньні паэткі, якое адбылося пад татальным кантролем КГБ. .
Працаваў на прадпрыемствах Наваполацку, а пасьля Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РСФСР. Пастаянна адчуваў увагу КГБ. У 1986 супрацоўнікі КГБ падчас чарговай «прафіляктычнай гутракі» пагражалі выслаць М. зь Ямала-Нянецкай акругі за антысавецкую дзейнасьць. .
У канцы 1980-х М. вярнуўся ў Беларусь і цяпер жыве ў Наваполацку. Ён займае актыўную грамадзкую пазыцыю: з 1990 - сябра Беларускага Народнага Фронту, удзельнічае ў акцыях дэмакратычнай апазыцыі. З 1995 - карэспандэнт «Радыё Свабода» па Полацкім рэгіёне. Вядомы таксама як аўтар некалькіх кнігаў мастацкае прозы і перакладчык з альбанскае і расейскае моваў. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру. (Уладзімір Арлоў) .
Крыніца: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік.
Больш за ўсё на свеце Ганна баялася падвойнага падбародка. Таму кожнага ранку, выкуліўшыся з пасцелі, ставала перад люстрам і, задзёршы галаву, праводзіла пальцамі па гладкай, як у дзіцяці, шыі. І хоць падвойны падбародак дагэтуль не праглядаўся, жанчына ўздыхала і скоса пазірала на швейную машынку.... Болей »
Базыль жыве ў хаце, што месціцца ў канцы вясковай вуліцы, і кожнай раніцы ходзіць лавіць мышэй на Дабранскую гару. Насамрэч гэта ніякая не гара, а парослы пустазеллем пагорак са старой ліпай на вершаку. Летам на пагорку стагуюць сена, таму там і развялося шмат палёвак. Апоўдні, змарыўшыся, кот узбіраецца... Болей »
Сто гадоў ніхто не пісаў, а вось учора атрымаў е-мэйл. Нейкая студэнтка прапанавала напісаць — як я стаў пісьменнікам. Дзяўчына паведаміла, што колькі празаікаў ужо адказалі на гэтае пытанне, і неўзабаве адказы пабачыць свет. Я, вядома, адмовіўся ад такой прапановы. Выпінаць запалую грудзіну, закідваючы... Болей »
На прафсаюзным сходзе Мішку Зябліка, хаця ён і рабіў самаадвод, абралі ў мясцовы камітэт. Мішка было засмуціўся, але калі яго паляпалі па плячы, маўляў, не перажывай ужо так, перавёў дых. Напачатку грамадская праца не надта турбавала. Даводзілася, праўда, хадзіць на розныя паседжанні, наведаць у складзе... Болей »
На дварэ панаваў красавік, самы яго пачатак. Снег кагадзе сышоў, пазначыўшы ходнікі зыркімі люстрамі лужын. У лужынах мыліся і адчайдушна цвыркалі вераб’і, на пачарнелых шкілетах дрэваў, якія стаялі ўздоўж вуліцы, гракалі вароны, падставіўшы пукатыя грудзіны зыркаму сонцу, і грай гэты сведчыў аб набліжэнні... Болей »
Падхоплены гаманкім натоўпам, Юрка рушыў па платформе. Пасля вагоннай задухі людзі цяжка дыхалі, зморана аддзімаліся, хтосьці керхаў над самым ягоным вухам і ціха мацюкаўся. Усё пнуліся хутчэй вырвацца на прастор, а таму шыбавалі шырокім крокам, кранаючыся плечукамі і стукаючы мыскамі чаравікаў па пятках... Болей »
Вадзім паскроб патыліцу, падхапіў бутэльку. «Сапраўды, чорт яго ведае… можа і адмоўнае штосьці напісаць. А то і наогул скажа, што ноч на двары, раніцай прыходзь», — апанаваны такімі думкамі, пляменнік пхнуў бутэльмент у палатняную торбу. Вадзім быў студэнтам 5-га курса політэхнічнага інстытута, але не... Болей »
Саракагадовы Вася Кныш ішоў па галоўнай вуліцы пасёлка, з задавальненнем грукаючы па тонкім лядку разбітымі кірзачамі. Учора пад нагамі чвякала брудная слата, а мінулай ночы падмарозіла, выпаў завірушлівы снег, які намёў апраметнай чысціні гурбы. Але не толькі снег лагодзіў Васьчыну душу. Лагодзіла душу... Болей »
Прамень сонца, што вырваўся з палону ружовай смугі, зрабіў снег невыносна бліскучым. Глядзець пад ногі не было як, таму ён прымружыўся, прыкрыў твар рукавіцай. Уваччу паплылі шэрыя плямы, а разам з імі паплыў, гнаны халоднымі слязьмі, размыты відарыс трактара. Трактар стаяў на ўзлеску, і там таксама... Болей »
Лёшку Казарэза, маладога інжынера-электрыка, выклікалі ў аддзел кадраў і загадалі ехаць на курсы падвышэння кваліфікацыі. Ехаць не было ахвоты, а тут яшчэ перціся даводзілася ў далёкую і нязнаную Уфу. І вось бліжэйшай суботай адстаяўшы тры гадзіны ў авіякасе, Лёшка ўзяў квіт да Уфы, а па дарозе да хаты... Болей »