- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Навуменка Іван (16 лютага 1925, Васілевічы, Рэчыцкі павет, Гомельская губерня — 17 снежня 2006, Мінск) — беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук (1969), акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1980). Народны пісьменнік Беларусі (1995).
Нарадзіўся 16 лютага 1925 года у вёсцы Васілевічы Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер — горад у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці) у сям’і чыгуначніка.
У Другую сусветную вайну, са студзеня 1942 года ўдзельнічае ў камсамольскім падполлі, пасля — савецкі партызан, удзельнічаў у вызваленні Васілевічаў. У снежні 1943 года прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах.
Пасля дэмабілізацыі ў снежні 1945 года, у 1946—1951 гадах карэспандэнт мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», у 1951—1952 гадах рэдактар газеты Звязда». У 1950 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ, у 1954 годзе аспірантуру пры БДУ. Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць» у 1953—1958 гадах. У 1958—1969 гадах старшы выкладчык, дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ, пасля абароны доктарскай дысертацыі ў 1969 годзе — прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры ў 1969—1972 гадах. У 1972 годзе абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, з 1980 года акадэмік Акадэміі навук БССР.
У 1973—1982 гадах — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1982 года — віцэ-прэзідэнт АН БССР. Дэпутат і старшыня Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання (1985—1990). З 1992 года саветнік пры прэзідыуме Акадэміі навук БССР. У 2005 годзе не падтрымаў стварэнне прарэжымнага Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом.
Памёр 17 снежня 2006 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.
Псеўданімы: Кляшторны С.; Кляшторны Сідар; Цыбук Яўхім; Якаўлеў Н.
Першыя творы Івана Навуменкі былі надрукаваны яшчэ да Другой сусветнай вайны. У 1946 годзе ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях змяшчаліся нарысы, фельетоны, вершы маладога аўтара. Першыя апавяданні з’явіліся ў 1955 годзе (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Сямнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971), «Падарожжа ў юнацтва» (выбранае, 1972), «Замець жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» 1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989), раманаў «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974), «Смутак белых начэй» (раман, аповесць, апавяданні, 1980), «Летуценнік. Смутак белых начэй» (1985), «Асеннія мелодыі» (раман, апавяданні, 1987), аповесці для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959), «Капитан Степь идет в разведку» (з В. Мамантавым, 1982), п’есы «Птушкі між маланак» (1982). Выйшаў Збор твораў у 6 тамах (1981—1984).
Выдаў літаратуразнаўчыя працы «З глыбінь жыцця: Крытычныя эцюды аб творчасці Якуба Коласа» (1960), «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967), «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968), «Гуманизм и народность» (Масква, 1972), «Кніга адкрывае свет» (1978), «Из глубин народной жизни» (1981), «Якуб Колас» (1982), «Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці» (1982), «Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа» (1988), даклады на VIII і IX Міжнародных з’ездах славістаў «Праблемы развіцця літаратуры ў эпоху сучаснага навукова-тэхнічнага прагрэсу» (1978) і «Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў кантэксце славянскіх літаратур» (1983).
Крыніца: be.wikipedia.org
* Басава Ганна, Прыгодзіч Мікалай, Аўтарскія неалагізмы (слоўнік) * Бельскі Алесь, «Гарыць зямля ад фарбаў летніх...»: Лета ў беларускай паэзіі * Бугаёў Дзмітрый, Выпушчаныя на свабоду: Пра публікацыю брылёўскіх мініяцюр * Верабей Анатоль, Радавод Уладзіміра Караткевіча і крыху разваг... Болей »
Часопіс «Полымя» з’яўляецца старэйшым беларускім літаратурна-мастацкім выданнем. У яго стварэнні прымалі непасрэдны ўдзел народныя песняры Янка Купала і Якуб Колас. Гісторыя выдання — гісторыя беларускай літаратуры, яе лепшых узораў. Менавіта ў «Полымі» друкавалі свае знакамітыя творы Платон Галавач... Болей »
Часопіс «Полымя» з’яўляецца старэйшым беларускім літаратурна-мастацкім выданнем. У яго стварэнні прымалі непасрэдны ўдзел народныя песняры Янка Купала і Якуб Колас. Гісторыя выдання — гісторыя беларускай літаратуры, яе лепшых узораў. Менавіта ў «Полымі» друкавалі свае знакамітыя творы Платон Галавач... Болей »