Кацярына Пікірэня: Беларусам, якія выехалі за мяжу, трэба яднацца
2022-06-21 15:20
„Беларусам, якія выехалі за мяжу, трэба яднацца і ствараць свае супольнасьці”, – кажа былая дырэктарка легендарнай менскай кнігарні „Логвінаў” Кацярына Пікірэня, якая зараз жыве ў Чэхіі.
Некалькі гадоў таму кнігарня „Логвінаў” была ліквідавана, гэткі жа лёс нядаўна напаткаў кнігарню „Кнігаўка”.
„У замежжы апошнім часам апынулася шмат творчых беларусаў, у тым ліку і пісьменнікаў. Развіццё беларускай культуры можа адбывацца і па-за межамі Бацькаўшчыны”, – кажа Кацярына Пікірэня:
– Сумныя падзеі, сумная рэчаіснасць апошніх двух год, так бы мовіць, прывезлі Беларусь да мяне. Я ездзіла дахаты, каб убачыць кнігі, пагаварыць з сябрамі, калегамі, творцамі. Цяпер мне не трэба гэтага рабіць, я магу ездзіць з Прагі ў Варшаву, у Кракаў і Вільню ды бачыцца з людзьмі.
Кацярына Пікірэня не парывае сувязяў з беларускімі пісьменнікамі. Пасля набыцця ў замежжы дызайнерскай адукацыі, яна пачала афармляць кнігі сваіх любімых аўтараў. Сёлета ў яе арыгінальным афармленні выйшаў зборнік Вальжыны Морт „Песні для мёртвых і ўваскрэслых”. Кнігу выдала выдавецтва Андрэя Янушкевіча.
Беларускае Радыё Рацыя