- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Уладзімір Някляеў — беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч, лаўрэат шэрагу прафесійных і дзяржаўных узнагарод за літаратурную дзейнасць. Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).
Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Бацька — Някляеў Пракоп Мікалаевіч, рускі, па прафесіі механік. Маці — Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пракоп Някляеў, ураджэнец Сібіры, па сканчэнні вайны быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь ствараць калгас у Смаргонскім раёне. Там ён пазнаёміўся з маці Уладзіміра і пабраўся з ёю шлюбам. Працаваў старшынёй сельсавету ў вёсцы Крэва.
Дзіцячыя гады пражыў у Крэве. У 1962—1966 г. вучыўся ў Мінскім тэхнікуме сувязі. Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). У 1972—1975 — літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Знамя юности», у 1975—1978 — рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск». З 1978 — старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 — галоўны рэдактар часопіса «Крыніца» («Родник»), штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1978). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). З 1998 па 2001 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1999 г. выехаў у Польшчу.
З 2010 г. узначальвае грамадзянскую кампанію «Гавары праўду». 18 мая 2010 г. адбыліся обшукі ў актывістаў кампаніі «Гавары праўду» па ўсёй Беларусі, Уладзімір Някляеў затрыманы.
Дэбютаваў вершамі ў 1970 г. Аўтар кніг паэзіі «Адкрыццё» (Мн., 1976), «Вынаходцы вятроў» (Мн., 1979), «Знак аховы» (Мн., 1983), «Местное время» (М., 1983), «Наскрозь» (вершы і паэмы, 1985), «Дерево боли» (М., 1986), «Галубіная пошта» (Мн., 1987), «Вежа» (Мн., 1989), «Прошча» (Мн., 1996), «Выбранае» (Мн., 1998), «Так» (Мн., 2004). Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні «Хайбах», «Чмель і вандроўнік», «Меў Марык бомбу», аповесці «Прага», «Няхай жыве 1 Мая» і інш.). Аўтар раману «Лабух» (Мн., 2003).
У перыядычным друку выступае з празаічнымі творамі (паводле аповесці «Вежа», часопіс «Полымя», 1988, А. Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя «Вавілон», пастаўленая Мікалаем Мацкевічам у 1990), літаратурнымі эсэ, крытычнымі артыкуламі.
Крыніца: www.be.wikipedia.org
Пра Тайшэт я ўпершыню пачуў з песні. «От Тайшета к Абакану не кончаются туманы, по туманам до Тайшета тянем мы дорогу эту». Там яшчэ было нешта незразумелае: «Мы не турки и не янки, просто каски белые…» — але гэта, мусібыць, не мела адносінаў да трасы мужнасці, як называлі дарогу праз Краснаярскі край... Болей »
— Ты на Байкале быў? — спытаў Срабрэц. — На баркасе плаваў?.. Яны пілі гарэлку «Руслан» і запівалі падобным на кока-колу і на колішняе савецкае сітро газаваным напоем «Байкал», таму Срабрэц і спытаў: «Ты на Байкале быў?..» Перад тым яны сядзелі і гаварылі пра жыццё. Яны й сышліся, каб пасядзець і пагаварыць... Болей »
Што ж, сапраўды, яно не магло ў мяне выйсці, бо яно не маё. Тое, што не тваё, выйсці ў цябе не можа. Гэта зразумела кожнаму ад пачатку. Але ад пачатку зразумела кожнаму і многае іншае. Напрыклад, тое, што ён памрэ, і ёсць, хоць і няпэўная, верагоднасць, што паўстане па смерці перад Боскім судом. І што?... Болей »
У майго стрыечніка рак знайшлі, а ён, стрыечнік, нібыта вернік, дык кажа: «Мне не страшна паміраць, мяне Бог прыме». Я пытаю: «Ты хоць ведаеш, калі ў Бога прыёмныя дні?» Ён давай хрысціцца: «Не кажы так, бо з мёртвых не ўваскрэснеш». А чаго мне ўваскрасаць, калі я жывы? Памру — пабачым. Я не прыкідваюся... Болей »
Сонца над Ярылавай гарой узыходзіла вясёлае — зусім не па настроі Ціта. Але што зробіш з сонцам? З Ярылам? Тут з самім сабой не зробіш нічога, а не тое што з богам… Апошнімі гадамі Ярыла неўзлюбіў за нешта Нальшу. Вось і ў гэтым годзе яшчэ напачатку лета спаліў збажыну. Чаму ён бяду наслаў, на каго... Болей »
Лапік зямлі, на якім Тодар Цыркун зляпіў з аполкаў ды фанеры сваё лецішча, дастаўся яму выпадкова. Яшчэ за савецкім часам у міністэрстве фінансаў, дзе ён працаваў рэвізорам, стварыўся дачны кааператыў «Фінансіст», у які Тодар не збіраўся ўступаць, бо лецішча яму без патрэбы было, а Салівей, швагер ягоны... Болей »
«Ой, хлопцы, вы мне болей не налівайце, я ўжо такая, якая вам трэба!..» — казала яна, і ўсе смяяліся. Потым яны згвалцілі яе. Лявон нават не помніў, ці ўдзельнічаў у гэтым. Такі быў п’яны. Але заяву ў міліцыю Надзея, гэтак яе звалі, напісала на ўсіх чатырох — і ён адсядзеў чатыры гады. Калі выйшаў, сустрэў... Болей »
Вецер дзьмуў з дажджом і лятучым лісцем, удоўж і ўпоперак дарогі, пранізліва няўтульны, такі, які звычайна дзьме, віхруе ў гэтых краях позняй восенню. Але калі пачаліся лугавыя лагчыны ды ляшчынавыя пагоркі Нальшанскай зямлі, вецер стаў сціхаць, далягляд праясняцца, як праясняўся ён амаль заўсёды, колькі... Болей »
Брат ёсць брат, няхай нават ён мышэй не ловіць. У пераносным сэнсе не ловіць мышэй. Не ўсё, значыць, цяміць, нечага не разумее. Ну, да прыкладу, кажаш яму: «Вунь там, бачыш, грошы ляжаць, ідзі вазьмі сабе, колькі хочаш», — а ён пытае: «Колькі?..» У нас кот быў, Багрым, дык той у пераносным сэнсе мышэй... Болей »
Аляксей Сяўко працаваў некалі з Вадзімам Кашыным у адным праектным інстытуце, дзе абодва яны масты праектавалі і абодва пазнаёміліся са сваімі жонкамі, Любай ды Алёнай, у той час яшчэ нявестамі. І вось днямі Алёна, жонка Сяўко, пачула ад Любы, жонкі Кашына, што той доўга і цяжка хварэў, ляжаў у шпіталі... Болей »