- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне ў сям’і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэту.
Пад час навучання ва ўніверсітэце (1976 – 1981 г.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы – цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.
У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4-га калійнага заводу ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будову Байкала-Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатыры-пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.
Пасля заканчэння універсітэту ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з’явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу. Навучанне ў аспірантуры (1981 1984 г.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай прафесыйнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам з многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеявым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14 – 17 стст. (планіроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).
Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985 1987 г.), потым у Беларускім Рэстаўрацыйна-праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна-археалагічных даследаванняў, 1987 – 1990 г.), у архітэктурна-рэстаўрацыйным кааператыве “Арк” (загадчык аддзела археалогіі, 1991 – 1993 г.), на пасадзе намесніка Старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэту (1994 – 1995 г.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кнігаў.
У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне адыйшоў з пасады прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995 – 1998 г.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 – травень 1997 г., кіраўнік – прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 – пачатку 14 ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах”. Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны Старшынёй выканкама Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства. Ад 1998 г. распачаў і працягваю рэдагаваць выданне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”.
Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Бібліяграфія асноўных прац:
Рэдагаванне:
Навуковы рэдактар:
Рэдактар:
Біяграфічныя звесткі змешчаныя:
Незвычайная гісторыя беларускае гімназіі ў міжваеннай Польшчы, сярэдняе беларускае школы, якая здолела пратрымацца 20 гадоў, не зважаючы на неспрыяльную палітыку ўладаў. Утрымалася адная з шасці, што існавалі ў Заходняй Беларусі. Амаль штодзённае змаганне за выжыванне, збіранне грошай усёю беларускаю... Болей »
З-за блізкасці да мяжы з БССР улады міжваеннай Польшчы перанеслі цэнтр Дзісненскага павета ў буйное мястэчка Глыбокае. Атрымаўшы добры імпульс да развіцця, Глыбокае даволі хутка пераўтварылася ў горад. А польская ўлада распачала тут саліднае будаўніцтва: для чыноўнікаў, якія прыбылі з Польшчы, узводзіліся... Болей »
Адметны еўрапейскі рэгіён, да якога належыць таксама Беларусь, фармаваўся цягам стагоддзяў як самая ўсходняя частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. Складаўся з даўніх каралеўстваў – чэшскага, вугорскага, польскага – і Вялікага Княства Літоўскага. Цягам XVII–XVIII стст. быў паглынуты трыма вялікімі дзяржавамі... Болей »
Асаблівая форма гарадскога самакіравання, створаная ў саксонскім горадзе Магдэбург, з невядомых прычынаў зрабілася вельмі папулярная ў краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Яна рэгулявала ўсе праявы гарадскога жыцця – ад органаў кіравання да маёмасных справаў і крымінальных злачынстваў. У Беларусь пранікла... Болей »
Калекцыі Беларускага музею пачалі збірацца каля 1906 г. найперш Іванам Луцкевічам. Але да адкрыцця ў 1921-м ён не дажыў. У музеі захоўваліся ўнікальныя экспанаты, якіх няма ў сучасных беларускіх музеях, напрыклад кнігі Францыска Скарыны. Усё міжваеннае дваццацігоддзе Беларускі музей заставаўся цэнтрам... Болей »
Сістэмная русіфікацыя беларусаў мае даўнюю традыцыю ад Расейскай імперыі, Савецкага Саюзу і сёння перанятая ды працягнутая прарасейскім рэжымам. Прымала і прымае сёння разнастайныя формы – ад забароны ўжывання назвы краіны, фізічнай ліквідацыі творцаў нацыянальнае культуры, масавай міграцыі расейцаў... Болей »
Будоўлю святыняў у старадаўнім беларускім мястэчку інспіравалі і фундавалі яго ўладальнікі, найперш – знакаміты Язэп Корчак у першай палове XVII ст. Менавіта гэты магнат ажывіў будоўлю цэркваў ды касцёлаў у Глыбокім праз багатыя зямельныя дараванні ўніяцкім манахам-базылянам і каталіцкім босым кармелітам.... Болей »
Царскія ўлады, напалоханыя выбухам рэвалюцыі 1905 г., пайшлі на паслабленне самадзяржаўнага рэжыму. Між іншага дазволілі нацыянальны друк, чым не прамінулі скарыстацца беларусы, стварыўшы першыя перыядычныя выданні на роднай мове – газеты «Наша доля» і «Наша Ніва». Абуджалі беларусаў да нацыянальнага... Болей »
На перадпраглядзе: Антоні Тызенгауз (1733-1785) на фоне Горадні з ілюстрацыі 1860-х гадоў аўтарства Напалеона Орды. Калаж з выкарыстаннем выяваў з wikipedia.org Цэласны архітэктурны ансамбль калісьці на ўскраіне, а сёння ў цэнтры Горадні матэрыяльнае ўвасабленне буйнога гаспадарчага эксперыменту XVIII... Болей »
Раённы цэнтр Віцебскай вобласці, горад, які пераняў ролю галоўнага гораду павету ад старажытнае Дзісны. Даўняе прыватнае мястэчка, падзеленае паміж двума ўладальнікамі, сёння мае два гістарычныя цэнтры. Адметнасці Глыбокага – гораду над азёрамі – не толькі прыродныя, але і архітэктурныя: у помніках віленскага... Болей »