- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне ў сям’і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэту.
Пад час навучання ва ўніверсітэце (1976 – 1981 г.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы – цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.
У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4-га калійнага заводу ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будову Байкала-Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатыры-пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.
Пасля заканчэння універсітэту ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з’явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу. Навучанне ў аспірантуры (1981 1984 г.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай прафесыйнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам з многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеявым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14 – 17 стст. (планіроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).
Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985 1987 г.), потым у Беларускім Рэстаўрацыйна-праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна-археалагічных даследаванняў, 1987 – 1990 г.), у архітэктурна-рэстаўрацыйным кааператыве “Арк” (загадчык аддзела археалогіі, 1991 – 1993 г.), на пасадзе намесніка Старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэту (1994 – 1995 г.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кнігаў.
У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне адыйшоў з пасады прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995 – 1998 г.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 – травень 1997 г., кіраўнік – прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 – пачатку 14 ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах”. Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны Старшынёй выканкама Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства. Ад 1998 г. распачаў і працягваю рэдагаваць выданне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”.
Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Бібліяграфія асноўных прац:
Рэдагаванне:
Навуковы рэдактар:
Рэдактар:
Біяграфічныя звесткі змешчаныя:
Францішак Скарына не мог абмінуць Вільні – сталіцы сваёй Айчыны. Бо ягоным пакліканнем было несці друкаванае слова людзям паспалітым на роднай мове. Ён заклаў першую друкарню ў Вільні, зарганізаваў яе працу, хоць яшчэ не меў магчымасці ператварыць кнігадрук у даходнае рамяство. Тое зрабілі ягоныя наступнікі... Болей »
Ордэн бернардынцаў узнік як адгалінаванне больш старажытнага ордэну францішканцаў. З самога пачатку дзейнасці асаблівую ўвагу і высілкі бернардынцы канцэнтравалі на Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, найперш на яе ўсходніх землях. Бо асаблівай іхнаю місіяй была праца сярод праваслаўных. У Горадні бернардынцы... Болей »
Мястэчка на Шчучыншчыне вядомае найперш тым, што з яго наваколля паходзіць Алаіза Пашкевіч. Пасіянарную беларуску і пахавалі непадалёк – у вёсцы Стары Двор. У Астрыне быў пастаўлены першы ў гісторыі помнік Цётцы, а пазней яго адмыслова перанеслі на падворак Астрынскай сярэдняй школы. Аднак у сённяшняй... Болей »
У Беларусі афіцыйна называюцца айчыннымі дзве расейскія вайны: з Францыяй у 1812-м і савецка-нямецкая 1941-45. Аднак, паводле даследаванняў беларускіх гісторыкаў, для нашага народу гэтыя войны ніяк нельга назваць айчыннымі. У 1812-м беларусы ваявалі з абодвух бакоў, прычым у Напалеона нашых добраахвотнікаў... Болей »
Мястэчка на Гарадзеншчыне ў даўняй кантактнай зоне паміж этнічнымі масівамі славянаў (беларусаў) і балтаў (яцвягаў). З канцэнтрацыяй г.зв. старакаталіцкага насельніцтва нашчадкаў язычнікаў – балтаў, якіх хрысціў яшчэ вялікі князь і кароль Ягайла ў 1387 г. Уладанне каралевы Боны, магнацкіх родаў беларускага... Болей »
Беларусь – адзіная краіна на постсавецкай прасторы, а магчыма і ў свеце, дзе пасля здабыцця незалежнасці нацыянальная мова не ўзмацніла свае пазіцыі, а наадварот, моцна страціла. Захаванне і развіццё беларускай мовы – справа свядомых грамадзянаў-патрыётаў, якія разумеюць яе важнасць як абарончай зброі... Болей »
Самы старажытны беларускі горад з узростам больш за 1100 гадоў, сталіца першай беларускай дзяржавы, шмат пацярпеў ад бясконцых войнаў, і асабліва ад камуністычнай улады. Аднак Полацк захаваў сваю гістарычную аўру і ў незалежнай Беларусі пачаў пераўтварацца ў горад музеяў і помнікаў. Гістарычнае асяроддзе... Болей »
Адная з самых важных з’яваў у беларускай гісторыі – змена цывілізацыйнай арыентацыі, пераход ад дамінацыі візантыйскае традыцыі да заходнееўрапейскае. Чаму пра яго не пішуць у беларускіх падручніках? Калі і як гэты цывілізацыйны паварот адбываўся? Хто з кім змагаўся? Якія былі наступствы? Якія матэрыяльныя... Болей »
Незвычайная навучальная ўстанова, закладзеная мецэнатам са знакамітага роду Тышкевічаў, за кароткі час існавання праславілася на ўвесь свет сваймі вучнямі, сярод якіх былі Віктар ды Кастусь Каліноўскія, Напалеон Орда і шмат іншых славутасцяў. Зрабілася непажаданаю для царскіх уладаў за вальнадумства... Болей »
Даўняе-прадаўняе паселішча над самым Нёмнам з назваю Лунна стагоддзямі наўпрост было звязанае з Еўропаю праз порт у Караляўцы. Калісьці тут была пераправа, цяпер мост на самай кароткай дарозе з Горадні да Ваўкавыску. Даўней мястэчка чамусьці мела дзве назвы, пра адную з якіх – Лунна-Воля – сёння амаль... Болей »