be

Краўцэвіч Аляксандр

Краўцэвіч Аляксандр

Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне ў сям’і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэту.

Пад час навучання ва ўніверсітэце (1976 – 1981 г.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы – цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.

У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4-га калійнага заводу ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будову Байкала-Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатыры-пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.

Пасля заканчэння універсітэту ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з’явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу. Навучанне ў аспірантуры (1981 1984 г.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай прафесыйнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам з многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеявым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14 – 17 стст. (планіроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).

Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985 1987 г.), потым у Беларускім Рэстаўрацыйна-праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна-археалагічных даследаванняў, 1987 – 1990 г.), у архітэктурна-рэстаўрацыйным кааператыве “Арк” (загадчык аддзела археалогіі, 1991 – 1993 г.), на пасадзе намесніка Старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэту (1994 – 1995 г.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кнігаў.

У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне адыйшоў з пасады прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995 – 1998 г.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 – травень 1997 г., кіраўнік – прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 – пачатку 14 ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах”. Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны Старшынёй выканкама Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства. Ад 1998 г. распачаў і працягваю рэдагаваць выданне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”.

Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Бібліяграфія асноўных прац:

  1. А.К. Майстар наш продак. Мінск: Народная асвета, 1990. 88 с.
  2. Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14-18 стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск: Навука і тэхніка, 1991. 171 с.
  3. Краўцэвіч А.К., Якшук Г.М. Стары Мір. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. 85 с.
  4. Краўцэвіч А.К. Тэўтонскі ордэн ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. 46 с.
  5. Краўцэвіч А.К. Гродзенскі замак. Мінск: Юнацтва, 1993. 47 с.
  6. Здановіч Н.І., Краўцэвіч А.К., Трусаў А.А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка. Мінск: Навука і тэхніка, 1994. 152 с.
  7. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Беларуская навука, 1998 208 с.
  8. Краўцэвіч А.К. Вялікі князь Вітаўт. Мінск: Юнацтва, 1998. 48 с.
  9. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2-е выданне. Жэшаў, 2000. – 238 с.
  10. Krawcewicz Aleksander. Powstanie Wielkiego Księstwa Litewskiego. Białystok: Wydawnictwo Wyższej Szkoły Ekonomicznej w Białymstoku, 2003. – 191 s.
  11. Краўцэвіч А.К. Міндаўг-Mindauh: Пачатак гаспадарства: нарыс. Мінск: Мастацкая літаратура, 2005. – 163 с. іл.

Рэдагаванне:

Навуковы рэдактар:

  1. З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып. 1. Мн.: Навука і тэхніка, 1996 . 288 с., іл.
  2. З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып. 2. Навук. рэд. А.К.Краўцэвіч; Уклад. В.У.Шаблюк. Мн.: Беларуская навука, 1997. 240 с.: іл.
  3. Аляксееў Л.В. Гродна і помнікі Панямоння. Мн.: Беларуская навука, 1996. 191 с.: іл.

Рэдактар:

  1. Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Воспоминания детства. Гродно: КЛФ “Сталкер”, 1995. 176 с.: ил.
  2. Гістарычны Альманах: Навуковы гістарычны і краязнаўчы часопіс. 1998 – 2008. Т. 1 14.
  3. Biuletyn historii pogranicza. Białystok, 2000 2008. nr 1 8 – намеснік рэдактара.

Біяграфічныя звесткі змешчаныя:

  1. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 341.
  2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1997. Т. 4. С. 254.
  3. Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Гродна, 1999. С. 250.
  4. Пяткевіч А.М. Людзі культуры з Гарадзеншчыны. Гродна, 2000. С. 163.
  5. Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., БелЭн, 2006. С. 144.

Краўцэвіч Аляксандр. Выданьні

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў
Краўцэвіч Аляксандр

У пачатку ХХ стагоддзя Менск быў сапраўдным Вавілонам: тут жылі беларусы, расейцы, габрэі, палякі і прадстаўнікі іншых народаў. Патэнцыял, які яны мелі, зрэалізаваўся ў тых шматлікіх гадаванцах менскіх навучальных установаў, якія з розных прычынаў пакінулі горад назаўсёды, каб праславіцца за мяжою ды... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны
Краўцэвіч Аляксандр

Жыццё Анатоля Сыса (1959–2005) было кароткае. Але яму хапіла часу напісаць тое важнае, што абяссмерціла ягонае імя і паставіла ў адзін шэраг з беларускімі паэтамі першай велічыні. Росквіт ягоных творчых сілаў прыпаў на пералом 1980–1990-х гадоў, калі ў беларускім паветры веяў водар зменаў да лепшага.... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Гісторык, які абгрунтаваў права беларусаў на сваю дзяржаву
Краўцэвіч Аляксандр

Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867–1934) – адзіны беларускі гісторык, якому паставілі помнік у Беларусі. Гэты таленавіты навуковец і фінансіст да Парыжскай мірнай канферэнцыі напісаў брашуру, якая абгрунтавала права беларусаў на ўласную дзяржаву, а таксама арганізаваў Гандлёвую палату, што забяспечыла грашыма... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Яны спрабавалі стварыць новае ВКЛ на пачатку ХХ ст.
Краўцэвіч Аляксандр

На пераломе ХІХ–ХХ ст. аформілася адметная ідэалагічная, а пазней і палітычная плынь, прыхільнікі якой прагнулі аўтаноміі для зямель былога Вялікага Княства Літоўскага. Як яны ўяўлялі сабе гэткае дзяржаўнае ўтварэнне і чаму ў выніку нічога не атрымалася, глядзіце ў чарговым выданні «Загадак беларускай... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Пад знакам паравоза. Як нарадзіліся Баранавічы?
Краўцэвіч Аляксандр

Баранавічы сёння – другі паводле велічыні горад Берасцейскай вобласці, места з развітаю прамысловасцю і ўніверсітэтам. А яшчэ 150 гадоў таму тут была толькі маленькая вёсачка і шляхецкі фальварак. Што спрычынілася да хуткага развіцця Баранавічаў? Якую іншую назву мог атрымаць горад? Гісторыя Баранавічаў... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Сакрэт замку Іказнь на Браслаўшчыне
Краўцэвіч Аляксандр

Іказнь – ціхая мясціна, паўз якую можна праехаць па трасе, нічога асаблівага не заўважыўшы, акрамя макавак касцельных ды царкоўных вежаў. А тут калісьці стаяў грозны замак, які сцярог межы Вялікага Княства Літоўскага. У даўнія часы Іказнь была немалым мястэчкам: на пачатку XVII ст. тут жылі каля 600... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Гарошкаў пад Рэчыцай. Адсюль пайшлі славяне
Краўцэвіч Аляксандр

Існуе шмат гіпотэзаў наконт паходжання славянаў. Засталося толькі знайсці доказы, які пацвердзяць адну і абвергнуць іншыя. Менавіта дзеля гэтага ў Рэчыцкім раёне каля вёскі Гарошкаў вядуцца раскопкі Зарубінецкай археалагічнай культуры. Вёска Гарошкаў не толькі радзіма паэта Анатоля Сыса. Тут археолагі... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Хто прыдумаў бел-чырвона-белы сцяг?
Краўцэвіч Аляксандр

Распавядаем, як ствараўся беларускі нацыянальны сцяг і чаму былі абраныя менавіта такія колеры. У 1918-м – апошнім годзе Першай сусветнай вайны, калі развальваліся імперыі, паднявольныя народы пачалі дэклараваць свае незалежныя дзяржавы. Адпаведна, ствараліся і новыя дзяржаўныя сімвалы – гербы і сцягі.... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Магілёў у Расеі: акупацыя ці ўз’яднанне?
Краўцэвіч Аляксандр

У Магілёва былі складаныя адносіны з Маскоўскай дзяржавай, якая пазней пачала называцца Расеяй. З аднаго боку – выгодныя гандлёвыя сувязі, праз якія горад багацеў, і свядомасць аднаверства, бо Магілёў моцна трымаўся праваслаўя. З другога, – Магілёў ад XVI ст. акружаўся ўсё больш магутнымі абарончымі... Болей »

Загадкі беларускай гісторыі

Загадкі беларускай гісторыі

Опса: гісторыя мястэчка на Браслаўшчыне, якое кароль Панятоўскі падарыў італьянцу
Краўцэвіч Аляксандр

Опса – старажытнае мястэчка на Браслаўшчыне – азёрным краі, непадалёк мяжы з Літвой. Калі прытрымлівацца версіі пра балцкую этымалогію назвы Опса, то яна азначае ўзбярэжжа ці проста плыткае месца. Што не дзіўна, бо побач акурат знаходзіцца аднайменнае возера. Знойдзены побач курганны могільнік ІХ – першай... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org